Жалейка – сястра дудкі. Такая ж трубка, толькі звычайна з раструбам – расшырэннем на канцы. Мае бакавыя галасавыя адтуліны і язычок-пішчык, наразны ці прывязаны: падз’меш – і язычок ажывае, заспявае. Рабілі язычок з трысняговай пласцінкі,а раструб – з бяросты або з каровінага рога.
Майстравалі жалейкі з дрэва, з рога, а больш прымітыўныя – з гусінага пяра, чараціны ці саломіны. На іх ігралі музыкі-прафесіяналы, пастухі, дзеці.
Голас у жалейкі мацнейшы і больш рэзкі, чым у дудкі. Жалейка хораша гучала і адна, дзе-небудзь у лузе, і не гублялася ў прэстыжнай музычнай кампаніі, побач са скрыпкаю, гармонікам, цымбаламі. Далучаўся да іх, бывала, і барабан са сваім басам. Якраз дарэчы і загадка: “Сам пусты, голас густы, дроб выбівае, людзей збірае”.
Некалі па вёсках езділі дзязькі, якія збіралі анучы. За іх давалі розныя рэчы, патрэбныя ў гаспадарцы: нажы, грабяні, ніткі, іголкі, гузікі, каляровыя стужкі, дзіцячыя свісцёлкі.
Жорны
У нашым доме, у сенцах стаялі жорны. Круцілі іх і мае бацькі, і сваякі, і суседзі. Малолі муку мяккага памолу, для сябе – на хлеб і аладкі, на верашчаку і зацірку. І для жывёлы малолі - муку простага памолу.
Жорны – гэта ручны млын. Галоўнае ў іх – пастаў: два камяні, плоскія і круглыя, уладкаваныя ў скрыні на высокіх ножках. Верхні камень, лягчэйшы, круціўся на металічным шпяні, замацаваным у цэнтры нерухомага ніжняга каменя. Каб зерне лепш малолася, камяні на стыку былі шурпатыя – насякаліся спецыяльным малатком.
Жорны прыводзіліся ў рух драўлянаю ручкай – млёнам. Верхні канец млёна ўстаўляўся ў бэльку ці ў тоўстую перакладзіну над скрыняю, а ніжні – у жалезную скабу на краі верхняга каменя. Гэты камень меў круглую адтуліну, куды засыпалася збожжа. Мука збіралася ў скрыні, адтуль яе ссыпалі ў мяшок.
Як жа рабіліся жорны? Я не раз бачыў, як рабіў пастаў наш вясковы каваль. Ён выбіраў у полі прыдатны камень-валун. Малатком, клінамі і зубілам выцсякаў-вычэсваў з яго жарон – так называў ён круглы камень пастава. Работа гэта патрабавала часу, майстэрства, цярпення і крыху ўдачы. Здаралася, амаль гатовы жарон трэскаўся, развальваўся на кавалкі. І ўсё прыходзілася пачынаць спачатку.
Батавалі і драўляныя жорны, з дубовых калодак. Кавалачкі далеза, набітыя на іх, як зубы, пераціралі зерне на муку. Такія жорны круціліся там, дзе не было валуноў, каб зрабіць каменны пастаў.
З дзяцінства люблю я казку пра чароўныя жаронцы, якія самі малолі муку. Сёння мне, пасівеламу, такім жа цудам здаюцца і жорны ў родных сенцах: круглы год кармілі яны некалі нашу сям’ю – бацькоў і мяне з братам.