Прикоснись к подвигу сердцем

ГАЛИНА ЦЫГАНКОВА

Размова з сынам

Сын глядзіць ваенны фільм

І гаворыць мне:

— Мама, я б хацеў таксама

Быць на той вайне,

На магутным танку хутка

Праз агонь імчаць

І з гарматы, з кулямёту

Ворагаў страляць.

Я б тады фашыстам-немцам

Гэтак бы задаў!..

Мне прысеўшы на калені,

Сын распавядаў.

Я прыціснула сыночка

Моцна да грудзей,

І кажу:

— Нядобра, сынку,

Цэліць у людзей.

Зразумей, хлапчо: не жарты,

Не гульня вайна.

Колькі гора, колькі жахаў

Ўсім нясе яна!

Чуеш, як ірвуцца бомбы,

Страшна танк раве?

Бачыш — чорны дым пажару

Над зямлёй плыве,

І савецкія салдаты

Мёртвыя ляжаць?

Іх чакаюць недзе маці

І начэй не спяць.

Іх чакаюць недзе жонкі,

Дзеткі клічуць тат.

Але толькі пахаронкі

Вернуцца назад.

Не, мой любенькі, не трэба

Нам тае вайны.

Хай растуць бацькам на радасць

Волаты-сыны,

Свеціць ветлівае сонца,

Дождж свінцом не лье,

І не кулі злыя свішчуць —

Салавей пяе.

Ты вялікі ўжо — у школу

Пойдзеш праз гадок.

Хай жа чыстым будзе неба

Над табой, сынок!