Юлія Сахарава

Сахарава Юлія Сяргееўна, настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа №1 г. Жыткавічы імя Р. М. Тураўца "

Край мой...

Там, дзе неба цалуе вяршыні дубоў,

Дзе гарбатай паветра напоена шчодра,

Дзе на золку з таемных сівых туманоў

Над галовамі хат рассцілаецца коўдра,

Дзе ў лесе вятры ткуць замовы на лад,

Дзе аблашчаны сонцам зярняты ў полі,

Дзе пчалінымі песнямі поўніцца сад –

Там радзімы маёй залатое раздолле!

І здаецца, што ў свеце няма прыгажэй

Тых квяцістых лугоў у дыяментах расяных,

Ціхіх казак, што ў засені шэпча ручэй,

Несучы прахалоду ялінам крамяным.

Там зязюлі па-іншаму лічаць гады,

Адмяраючы век у стагоддзях, на дзіва.

Там бацькі і суседзі, сябры і браты

Успаміны агульныя песцяць маўкліва.

За ўсё гэта малюся я, край мой, калі

Дождж вясновы грымотамі вёскі пужае,

Ці завеі хаваюць пад снегам палі,

Ці лістотай асенняй шляхі замятае…

З дня ў дзень, з году ў год ты ў думках маіх!

І спакою не ведае сэрца ніколі!

Былі б згода і мір у сціплых хатах тваіх!

Вось тады і жадаць не бало б чаго болей!


Мой родны анёл

Ранак сонечны, пах сырадою,

Нешта гучна шкварчыць на патэльні,

На акенцы шклянка з настоем

Водар носіць па хаце кісельны.

Крокі чуюцца, скрып палавіцы,

Нешта дзынькнула, потым - ціха…

Аглядзелася… Мне гэта сніцца?..

Я ў бабулі?.. Баюся дыхаць…

З ложка босыя ногі спусціла.

Крок… Яшчэ… Адчыняю дзверы…

- Спі, чаго ты ўжо ўскачыла? -

Чую я і вушам не веру.

Трэба мне адсунуць фіранкі…

І тады я яе пабачу…

Не… Няма… Чую крокі на ганку…

Я спяшаюся… Ледзь не плачу…

- Не хадзі басанож – захварэеш, -

Зноўку голас родны ля печы.

- Не баюся! Мяне ты сагрэеш!

Абдымі, як калісьці, за плечы!

Не паспела закончыць фразу -

Цеплынёю мяне апаліла.

Стала хораша так адразу…

- Толькі б мне не прачнуцца, - маліла.

- Як цябе мне падчас не хапае!

- Я ж во побач, - бабуля кажа, -

Хіба нас, мая дарагая,

Нехта проста вось так развяжа?..

Тыя словы гучалі рэхам.

Дзіўны сон выціскаў з абдымкаў.

Мне б адною было ўцехай -

Зноў вярнуцца туды на хвілінку.

Я адкінула цёплую коўдру,

Запаліла ўрачыста свечы.

Веру: усё ў мяне будзе добра,

Бо бабуля трымае за плечы…


Лепшая

- У свеце многа ёсць краін,-

Аднойчы кажа мне малая,

- Лічыць мне іх не хопіць сіл!

А назвы! Нават не ўзгадаю!


- Табе не трэба ведаць усе.

Кладзіся лепей спаць, дачушка.

Ты ўсё спазнаеш пакрысе,

А зараз - ручкі пад падушку…

- Ну, калі ласка, пачакай!

Паспееш мне сказаць “дабранач”!

Ты лепей, мама, прыгадай

Мне хоць адну краіну нанач!

- А як ты паглядзіш, калі

Прыдумаем яе мы самі?

І гэта месца на зямлі

Найлепшым у цэлым свеце стане!

- Няхай тады пад чыстым небам,

Нібы дзіця ў сваіх далоньках,

Зямля трымае сінь азёрную,

Звініць птушыным спевам звонкім!

- Няхай рачушкі гаманлівыя

Дзівоснай казкай лес баюкаюць …

Вятры, ласкавыя, смяшлівыя,

Галінкі дрэў вячыстых гушкаюць!

- А краскі, колераў вясёлкавых,

Арнаментам прыгожым сцеляцца!

Няхай звяры і птушкі розныя

Дзе хочацца ім, там і селяцца!

- Там людзі хай жывуць прыгожыя,

Блакітнавокія, светлавалосыя.

Няхай заўсёды будуць добрымі,

Гасціннымі, хай будуць простымі!


- Няхай яны гавораць моваю,

Такою спеўнаю, найпрыгажэйшаю.

Хай будзе лад жыцця асноваю

І завядзёнкаю даўнейшаю!

… І раптам сціхла, разважаючы.

… Я слова вымавіць баюсь…

- Матуля! Зразумела! Лепшая

У цэлым свеце – БЕЛАРУСЬ!

Сны нядобрыя сніла маці

Сны нядобрыя сніла маці,

Быццам чорныя пацукі

Развяліся паўсюдна ў хаце,

Паланілі ўсе куткі.

Жаўтазубыя зяпы скаляць,

Стыне кроў ад такіх “гасцей”,

Па іконах нахабна лазяць,

Падбіраюцца да … дзяцей!

– Не чапай! – і прачнулася ўмомант…

Дзеткі ў ложках ціхенька спяць.

За акном – сакавік, птушак гоман…

Спраў багата, трэба ўставаць.

Муж на фронце, адна гаспадыня

Даглядае двор ды малых.

Ёсць суседзі… І ў роднай Хатыні

Ў кожнай хаце заступнікі ў іх.

Так было… Толькі поўдзень мінае…

Цішыню праразае стрэл!

Гвалтам у хаты ўрываюцца зграі!

Уратавацца ніхто не паспеў.

Плачуць дзеці, старыя галосяць!

Незнаёмаю моваю кат

Ёй, суседзям прысуд выносіць!

Нехта кідаецца назад…

Кулямётнай чаргою скошаны

На зямлі хлапчанё ляжыць…

У крыві каптанок паношаны…

З крыкам роспачным баба бяжыць…

Ды праклёны спыняюцца стрэламі!

Людзі ціснуцца да людзей.

Маці, з жудасці анямелая,

Туліць дзетачак да грудзей.

– Гады вы, крумкачы праклятыя!

Як вас толькі трымае зямля…

У натоўпе, гнаная катамі,

Ідзе хатынскіх людзей сям’я.

Ля гумна запынілі. Здагадкамі

Маці голаву апякло!

– Вось ён, сон з пацукамі гадкімі…

Усё, што сніла, прарочым было…

Сцены ўспыхнулі! Нясе полымя

Да аблокаў дзіцячы плач!

– Мама, страшна мне! Мама, горача!

– Я з табою, сынок… Прабач…

Спеваў ужо не чуваць птушыных.

Сонца згінула назаўжды.

Днём вясеннім у лапах звярыных

Не чакалі хатынцы бяды.

Сёння звон немату разрывае,

Быццам хоча ўсім сказаць:

Каб мы мір на зямлі захавалі,

Трэба памяць сваю захаваць!