Царства Грыбное

Здаецца, на гэтым “матэрыяле” праглядваецца штосьці празаічнае – сваеасаблівы каментар: грыбы з “харатарамі” людскімі, грыбнікі таксама?.. Нават штосьці “афарыстычнае”: “Грыбы не любяць злых, грыбы ад злых хаваюцца…” Момантам сур’ёзна, момантам весела

УЗГОРКІ ЛЕДНІКОВЫЯ

Дарога прагінаецца –

Бяжыць то ўверх, то ўніз,

То ўвіліста ўхіляецца –

Зусім як твой капрыз:

Якую ўзяць правізію

І кошыкі з сабой,

Як выйграць у дывізіі

Грыбной няроўны бой.

Ды клопат лёгкай хмаркаю

Развеяў гор абрыс –

Дарогаю швейцарскаю –

Палёт: то ўверх, то ўніз.

Матор грыбною зонаю

Наўскач ірве аброць.

–Зялёнае? –Зялёнае! –

Прыехалі, выходзь!..

О не-е – мы ў лысагорскае

Паселішча ў садах,

Дзе дождж у кронах порскае,

Цвікамі б’ецца ў дах…

А нам, дальбог, вось гэтае

І налюбкі якраз:

З грыбамі так адлетаваць,

Каб быў зіме запас.

Вязьмо баравіковае

І ў слоіках грузды…

Узгоркі ледніковыя,

Вы ў памяці, як дым…

Было… Грыбныя нерушы,

Цяпельца ля ракі,

Дзе нас, ужо цяперашніх,

Гукаюць грыбнікі.

Туды, туды ў былое,

Да нетраў баравых…

А тыя, тыя двое

Зусім не чуюць іх…

“ГРЫБНОЕ”

Бог лясны на карту ўзяў

Царства – і абнове

Ён па-царску назву даў:

“Царскае Грыбное”.

А вось дзе яна стаіць

Цуда-кропка тая,

Бог наважыў утаіць:

“Кожны Сам шукае!..”

Грыбніку – бестэрмінова:

ад першага грыба – і назаўжды…


КАЛІ ЗАШЭПЧУЦЦА ПАЛЕТКІ…


Калі зашэпчуцца палеткі,

Кашы рыхтуйце, грыбнікі:

Удачай рэдкай на разведку

Выходзяць каласавікі.

Сам генерал грыбнога войска

Яшчэ сядзіць у бліндажы,

А ім: выходзь – і па-геройску

Сваё геройства дакажы.

Вылазь на сонечныя ўзлескі,

Што праглядаюцца наскрозь,

І ў штаб грыбны грыбныя звесткі

Штодня разведай і данось:

Якія ў грыбнікоў намеры?

Ці летнія дажджы ідуць?

І баявы загад: яшчэ раз –

Уласнай галавой праверыць:

Якія там грыбы ядуць…

ЧАКАННЕ


Усё знямела: грыбнікоў

Ні гоману, ні галасу:

Схапілі каласавікоў –

І сцежкі пагубляліся;

І салавей асалавеў;

І сойка стала сонькаю;

І дзік – хоць заганяй у хлеў:

Рахманіцца пад сонейкам;

Рыхтуе ўпотай пчолам збор

Палянка верасовая;

Чырвоны лыч свой мухамор

На людзі не высоўвае;

Мурашнік, нібы вар, кіпіць

І талакуе стоена;

І кнігаўка не просіць піць –

Маўчыць сухмень застольная;

Крумкач, хоць пры карцах радня,

Глякі не адкаркоўвае, –

Такая ў лесе цішыня

Перадбаравіковая…

ЯК ЗНАХОДЗЯЦЬ ГРЫБЫ

Сінявой дыміцца

Буйства верасовае.

Баравік ігліцу

Галавой рассоўвае.

Аж сапе зацята,

Плечукамі торгае:

Чым такая хата —

Лепш па свеце з торбаю!

Ні дзвярэй, ні вокан,

Нават з бітай шыбаю...—

Высядае бокам

Грыбалюбства грыбава.

А па лесе — зыкі,

А па лесе — гойканне.

- Вось бы стаць вялікім

Ды зірнуць з пагорка мне!..

Самая нагода

Пахадзіць па вуліцы:

I чаго народу

Столькі там пяклуецца?

Паднатужыў сілы,

Цягнецца на дыбачкі...

Тут і падкасіла:

- Ах ты, мая рыбачка!

Ах, які мурлацік! —

I пад корань ножыкам...

Шыбаваў па свяце

Баравік у кошыку.

НІБЫ Ў ХОВАНКІ ГУЛЯЕМ…

А здзіўляцца вам не раю:

І грыбы, і грыбнікі

Па сабе ўсё выбіраюць –

Хто дубняк, хто саснякі.

Так і ў нас: хаджу, таўкуся –

І ў абход, і напрасткі, –

Дзе ж грыбы мае? – злуюся,

Дзе вы, дзе, баравікі?!

Можна ж так і лес з прылессем,

Вас шукючы, прайсці.

А наўкол – як цуд, як песня –

Столькі зваблівых мясцін!

Ну, няўжо не даспадобы

Гэты верас вам і мох?

Ці ў вас густ які асобы,

Пра які я ўзнаць не змог?

Нібы ў хованкі гуляем:

Знойдзе хто ці ашукае?..

Толькі хто каго шукае?

Хто каго і дзе чакае?..

Ці на жарт крывое люстра

Нам падсунуў лесавік,

Каб дзе густа, а дзе пуста,

Зрок адводзіў баравік?..

Ну скажыце, дзе маглі б вы

Месца лепшае знайсці?

Хоць вазьмі ды замест грыба

Сам садзіся і расці!..

Як пачуў пра кут лацвейшы

І што я займу яго,

Раптам крыкнуў Цар Святлейшы –

Баравік: –Не дам свайго!

І адкуль ён толькі ўзяўся?

І са схованкі якой

На мяне паход узняўся

Ўсёй грыбною талакой?

От і дзякуй, абаронцы!

Падыходзь! На ўлік бяром!..

Меў мой кош пустое донца –

Зараз – поўны, з каптуром!..

МАГНАТЫ ПУШЧАНСКІХ ЗАМКАЎ…

Магнаты пушчанскіх замкаў,

Магніты блуканняў маіх,

Гукальных, шукальных ранкаў

Па нетрах, дзе неруш прыціх…

Згінаюцца спіны, як дугі:

Да вас з паклонам любы, –

Мы вашы лясныя слугі,

Мы вашы рабы, грыбы!..

Мы вас на руках носім –

Каму яшчэ гонар такі?!–

Сядайце ў кошыкі –

Просім! –

Магнаты-баравікі!..

ПРА ЎДАЧУ

Грыбы шукаць, як і вершы складаць:

Не знаеш, дзе ўдача прыхіліцца…

І ўсё ж удача з удач, відаць,

Чакае, калі гукальшчыкаў раць

Не дыхае ў твар і ў патыліцу…

ЯШЧЭ І ЯШЧЭ РАЗ –

“ЦАРСТВА ГРЫБНОЕ”

Калі дажджы, нібы шаўкі,

Зашэпчуць, навясныя,

Схоў пакідаюць маслякі,

Разведчыкі лясныя.

Выходзяць, прыглядаюцца,

Па ўзгорках пракрадаюцца…

А ўслед за імі – штрафнікі,

Казлы ахвяры, казлякі.

Хоць на прарыў кідаюцца,

Ды ўжо ў адсутных маюцца…

А грыб рагаты, грыб “баран”

Ім б’е натхняльна ў барабан…

А там – за ротай рота –

Грыбная йдзе пяхота:

І падасінавік, і грузд,

І з рыжыкам зрыжэлым

Валуй, нібы на лобе гуз,

На ўзлобку затравелым,

І падбярозавікаў строй,

І махавік плячысты,

І гурт лісічак – хто сястрой,

Хто баявой радысткай…

Калі ж адбухаюць грамы,

Развеецца куродым,

Тут самы час – “А от і мы!”–

Дзяліць узнагароды:

Тылавікі-баравікі,

Паголеныя, сытыя,

І мухаморы-штабнікі,

Нікчэмна-знакамітыя…

Выходзяць моўчкі з бліндажоў,

Каму за прадзеда Яжоў,

Каб выставіць адзнаку,

Хто як трымаў атаку:

Ці пад агонь ірваўся,

Ці бег і азіраўся…

Службіст! Ды стан ягоны

Не выдаюць пагоны:

То ён казляк, то шампіньён,

То выйдзе за апеньку ён…

Але салдат вучоны:

Пазнае й без пагонаў!..

Ды гэта потым. А пакуль

Вунь і адгэтуль і адтуль

Ідзе, ідзе грыбная раць, –

Камусьці ж трэба паміраць…

Стаю на беразе вайны,

І ў тым няма маёй віны,

Што армію ўсю тую

Нічым я не ўратую…

АСЕННЯЯ ГРУБКА

Весела вуркоча грубка:

Цяга ў неба – быццам змей.

Па імшарах ходзіць з лубкай

Дождж асенні – грыбасей.

Будзе ноч, і грубцы будзе

Сніцца летні санцапёк.

Гэты сон яна і людзям

Пакладзе пад цёплы бок.

Спіце, людцы… Ну а тыя –

Залачаць пачне ледзь-ледзь –

Паўцякаюць, залатыя

Сны пакінуўшы калець…

Пабягуць – хто да імшары,

Хто да ўзлеску нацянькі.

І гамоніць грубка з хмарай:

“Ці ж то людзі? – грыбнікі…”

х х х

Калі думы немач грызе

І на сэрца апала скруха,

Кош, што вырас калісьці ў лазе,

Я ў руку – і да лесу трухам.

У бярэзніку сцішу крок,

Азірнуся: ці даганяюць? –

Тыя скруха з грызнёй, – і замок

На вароты лясныя чапляю.

Буду доўга – і вольна – блукаць, –

Хай сабе не патраплю на неруш –

Буду добрае слова шукаць,

Што ўзляціць, нібы дрозд-аперыш.

Як жар-птушка ўваччу мільгане

Той падлётак, яшчэ й прашчабеча

І на дзень абнадзеіць мяне –

Нібы горб які скінуць плечы!..

Адмыкаю лясны заслон:

Гэй, зламыснікі, не іржыце!..

Лесу дзякуй, грыбам паклон! –

Я жывы, я жыву – і жыцьму!..

Заімглёны туманам сум

Пераходжу ўброд па пакошы

І, стамлёны, з лесу нясу

Не грыбоў, а бадзёрасці кошык.

ГРОМ ВЕРАСНЁЎСКІ…

Тры адгалоскі

Аб страчаным свеце:

Гром вераснёўскі

Ў бабіным леце.

Тройчы ў Зялёным

Грымнуў нясмела –

Буркнуў здзіўлёна:

–А так зелянела!..

–“Так зелянела” –

І спрэс пажоўкла, –

Гуў загрыбелы

“Экспрэс—Крыжоўка”.

–“Так зелянела”… –

Ды я не плакаў:

З вядзерцам белых

У такт падтакваў

Мой бор блаславёны,

Баравіковы,

Мой бор – зялёнай

Звінеў падковай.

І што нам восень

За гаспадыня?!

Хоць і не просім,

У зеляніне,

Як павялося,

Навек пакіне!

Вечназялёны –

Ці гром, ці замець…

Кашы ў вагонах –

Грыбы вазамі.

Ці то ў Зялёным,

Ці то ў Крыжоўцы

Ты сеў стамлёны, –

Раскажаш жонцы.

Каго ж пабачыў

На тым паўстанку –

Няхай адзначыць

Душа-баравянка:

Якая лісічка,

А ці сыраежка

Да электрычкі

Паблытала сцежкі…

А гром вераснёўскі

Ў бабіным леце –

Як тры адгалоскі

Аб страчаным свеце…

САКРЭТ

Сакрэты ў грыбнікоў

Бываюць адмысловыя:

Як вызнаць хітры схоў

І звычкі верасовыя;

Як вызначыць маршрут:

Ці нетрамі, ці ўзлескамі;

Як адшукаць той кут,

Дзе ўдачу неруш пестуе;

І як вайстрыць свой зрок

І ўвагу выштукоўваць… –

Ды ёсць галоўны ўрок

Сям’і баравіковай.

Хоць і ў сляпога кош

Напоўніцца да вечара,–

Але – сакрэт усё ж

Грыбны той рассакрэчваю.

Зважай на зрок, на слых –

Ды сутнасць не мяняецца:

Грыбы не любяць злых,

Грыбы ад злых хаваюцца.

РЫЖЫКІ

Рыжыкі, рыжыкі:

І без чаркі – дрыжыкі!

А калі за чаркаю –

Чарка лёгкай хмаркаю

Летуценна сцелецца

Над бяседнай спеліцай.

Рыжыкі салёныя,

Лесам блаславёныя,

Каб каляднай поўняю

Пра яго мы ўспомнілі.

Помнім! Прычашчаемся,

З дабаўкай не спрачаемся.

Не марнеў ніколі

Рыжык у застоллі:

З чаркай ці без чаркі ён –

Частаванне царскае.

Роўніцы не знае

Смаката лясная.

Рыжык рыжачубы,

Рыжык ганаровы,

Рыжык – туз бубновы

Царства грыбнога:

Рыжык ломіць зубы,

Рыжык зводзіць бровы!..–

Ах!.. –

Лес мой, дружа любы,

Будзь жа здаровы!

ххх

У кожнае сасны баравікоў,

Як прад вайной сыноў у мацярок,

I памяць – звон маланкавых падкоў,

I цішыня – узведзены курок.

Нясу па баравінах, па імшках

I радасць, i трывогу за сяйво:

Сядзяць прыгажуны – на паўгаршка! –

Надозімкам, як быццам у жніво.

О шчодрасць неабдумная, няўжо

Вяшчуеш ты бясплённасці бяду?..

...Глядзіць сумненне хітранькім вужом,

A ўсцяж – падлескі молада гудуць.

ххх

Помніце, як птушкі грыбнікам высвіствалі

І пра неруш песні на прамень нанізвалі?..

А як пруцца – бачылі – напралом з транзістарам,

А калі пры сіле – нават з тэлевізарам?..

Ці музычны момант? Ці музычны молат?

Ці то землятрусы музыкі бушуюць?

Хто тут разбярэцца, як займае мову...

А пачнеш гукацца – сам сябе не чуеш...

Вось дзе ў лесе радасці – і звярам, і птушкам!

Гнуцца лозы долу, і сасну хістае.

Дуб, хоць глухаваты, а прасіў заглушкі

Дзятла на ўсе вушы да зімы паставіць.

Аб грыбным сезоне ў прыгараднай зоне

Завываюць трубы і трамбоны гаўкаюць...

З гаю выбягаюць: «Дзе схавацца сёння?!»

Нават мухаморы з бледнымі паганкамі.

Д'ябальскай арцеллю ВІА вар'яцее,

Аб камлі магутныя б'ецца какафонія,

У травінкі кожнай – дрыжыкі па целе,

Гоніць зайца ў вёску дзікая агонія.

Можа, тут прытуліцца,

Можа, тут схаваецца,–

Пасядзіць на вуліцы

З дзедам на завалінцы?..

АРГУМЕНТ

Да спрэчкі аб тым, дзе шукаць “Цэнтр Еўропы”

–І куды я залез?! –

Пытаецца бот мой атопак: –

Гэта ж не лес,

А натоўпы!

–І куды я зайшоў? –

Бота свайго

Паўтараю. –

Дзесяць кашоў

Аднаго

Грыба

Збіраюць!..

Там, дзе быў неруш,

Спрэс

Машыны патопам.

Цяпер і паверыш:

Наш лес –

Цэнтр Еўропы!

ВЕТЭРАНЫ

Кругаля і нацянькі

Ў згодзе з кіламетрамі

Грыбнікі, як чаўнакі,

Ходзяць-шныраць нетрамі.

І між слынных знатакоў

Нерушаў і порушаў

Там і тут адстаўнікоў

Свецяцца аколышы:

З тэхнароў — як баравік,

З пяхоты — падасінавік,—

На грыбны ідуць улік

Сцежкамі ласінымі.

Тут папружку паднатуж,

Чэсць аддай па правілах,—

I грыбы пад капялюш

Цягнуць рукі правыя.

Хто цывільны ці з жанок —

Дзве ўзнімаюць спраўненька:

Як пяцёрачнікі ўрок

Адказаць настаўніку.

Напаўняюцца кашы,

Ногі падбіваюцца —

Ёсць НЗ, і для душы,

Пэўна, трошкі маецца...

Як згукнуцца ўтрох ці ўдвух —

Абжывуць паляначку,

I запусціцца на круг

Франтавая шкляначка.

Праўда, смак зусім не той,

Бо не з гільзы-конаўкі,

А з фігулькі залатой

Дзеляць па наркомаўскай.

Ды не ў гэтым сэнс і лад —

Ліць на дно ці з поверхам...

Сэнс у тым, што дужа, брат,

Зноўку пахне порахам...

I мужуюць грыбнікі,

Як на знатным форуме,

Грыбнікі-адстаўнікі

З неразлучнай формаю.

Пасівелыя — аднак

З мужнымі абрысамі:

Не ў адной фуражцы знак —

Лёсам гарт прапісаны...

Прыдрамнуць — як ваяры,

Што зламалі рыцараў.

Плечы лёгка — без пярын —

Дыхаюць ігліцаю.

Чуюць: дзесьці ў цішыні

Зернейка прабілася,

А зямля за карані

Роспачна ўхапілася...

НА ДЗЕНЬ АД’ЕЗДУ

Я ў лес на развітанне не пайшоў:

Хор адгавораў ледзьве не ахрып,

Дый сам надоены пытаўся ў мурашоў:

«Чаму пад шыгаллем там засядзеўся грыб?..»

Я но пайшоў... А ўчора дожджык быў,

Няхай сабе і кволенькі зусім,—

Мабыць, на дзень ад'езду мне грыбы

Па родных баравінах церусіў...

Я не пайшоў. А з раніцы ўваччу:

Чырвона падасінавік гарыць,

Як светафор — спыніцца і адчуць:

«Куды ты едзеш, дурань, без пары...»

Вунь з-пад лісця лісічак ланцужок

Гатовы напярэймы сігануць,

А ў верасовы глянеш беражок —

Таўстушкі там — на зайздрасць сагану.

З імхоў вылазяць на паўгалавы,

Ільсняцца, нібы тыя кумпякі,

Правэнджаныя духам баравым,

Чарнявыя, як смоль, баравікі...

Я ў лес на развітанне не найшоў —

З надзеяй, што ўзрасце ён у цане:

Няхай сваёй удачы не знайшоў —

Грыбная казка застанецца мне.

ДУБУ Ў ТРЫ АБХВАТЫ

Вянец лясной раскошы

І вечны вартавы –

Мне сам, хоць я не ўпрошваў,

На дружбу даў правы.

Мне сам насустрач выйшаў:

З пушчанскай глыбіні

Ўзнялі – за неба вышай –

Зямныя карані.

Пад кронай вузлаватай

Я ў захапленні стаў,

Знаёмства ў тры абхваты

Абдымкам змацаваў.

З таго і пачалося:

Упоруч нас вялі

Грыбныя лета й восень.

І ў лад грамы гулі.

І дождж – грамоў страсеннік –

Праходзіў басанож

І нерушы падсейваў

Нам шчодрыя.

Ды ўсё ж…

Усё ж – прасі-выпрошвай:

Не ўгледзелі, калі

Да нерушаў апошніх

Нас сцежкі прывялі…

Адно цяпер – гукнуся

З ім пад грыбныя сны:

–Жыві і раскашуйся,

Мой пабрацім лясны!..

Не верачы ў вяртанні,

Хацеў бы толькі ўзнаць:

Калі мяне не стане,

З кім будзеш сябраваць?..

КАТАРАКТА


Пра грыбную згубу –

у дзень аперацыі 29.09.22.


Лес і пералескі

Зналі без абвесткі,

Як спяшаў я з хаты

На грыбное свята.


Неруш з бору й пушчы

Мне ішоў насустрач.


Ну а хто намерыўся

Затаіцца ў верасе,

Я для гэткіх докаў

Меў грыбное вока.


Дык жа нейкі грыб паганы

Прычыніў на вока рану:

Заманіў мяне ў гушчар

І галінкай шлёгнуў твар…


Хоць укол нязначны быў,

Ды крышталік не забыў

І з гадамі – а не раптам –

Пераймаўся ў катаракту.

А замест сябе навучна

Воку ўвёў крышталік штучны.


Дзякуй медыкам! – Але

Папярэдзілі мяне,

Каб за цяжкі груз не браўся,

Каб у працы не схіляўся

Дужа нізка галавою…


Ну а як тады “Грыбное”?!.


Як пад лапнік зазірнуць,

Як падмошнік разгарнуць,

Ды, дзе неруш весяліцца,

Як грыбам мне пакланіцца,

І цару “Грыбнога”

Як упасці ў ногі?..


Пра грыбную згубу

Вестку дам я дубу:

“Дубе-браце, выручай:

У мяне грыбны адчай!..”


Можа дуб мой “ў тры абхваты”

Спыніць медыкаў дэбаты:


“Кош бяры – і ў лес гайда:

Сам грыбы табе аддам!..”