Ніл Гілевіч
Дарагі Васіль!
Прачытаўшы тваю апошнюю падборку ў “Полымі”, хацеў спачатку пазваніць, каб сказаць сваё звыклае: “Во малайчына!”, але паглядзеў на гадзіннік – 23, позна, пазваню заўтра, а заўтра… Так і засталося. Успомніў вось і рашыў: званіць не буду, а напішу гэтае самае “во малайчына!”, хоць на ліставанне я страшэнна лянотны. Напішу, дык і сямейнікі твае ўбачаць, што я сапраўды ў захапленні ад таго, што выходзіць з-пад залатога пяра Васіля Зуёнка – і ў вершах і ў прозе, а па тэлефоне пачуў бы толькі ты адзін… Бачыш, мне ўжо трэба, каб і сведкі былі.
Зрэшты, гэта “юмер”, а сур’ёзна – сур’ёзна, і вусна і пісьмова, гэта самае: в о м а л а й ч ы н а !
Пішы, браток, і далей гэтак жа спраўна, як усе апошнія гады, калі ты ў такой цудоўнай творчай форме (апошнія – гэта ўжо гадоў 35).
Абдымаю сардэчна –
Ніл Гілевіч.
24.9.2000.
Генaдзь Бурaўкін
Дарагі Васіль!
Атрымаў 28 “Дзеяслоў”. Адразу ўхапіўся за твае вершы. Малайчына, дружа! Выдатна! Даўно ўжо не чытаў такой цэльнай, мудрай і паэтычнай нізкі. Па-мойму, гэта адна з лепшых тваіх публікацый апошніх гадоў – усё дакладна, натуральна, выпакутвана.
Радуюся шчыра.
Кінуўся тэлефанаваць, але ж ты на Лысай гары, а мабільніка твайго (калі ён ёсць) у мяне няма. Таму пішу.
Дзякуй, браце! Так трымаць!
Абдымаю.
Генадзь.
26.VI.2007.
Анатоль Вялюгін
Дарагі Васіль!
З лесавога Мачулішча,
дзе моклі бацькавы каноплі ды лён, –
ручнікова-бялюткі пошуг тваіх вершаў
і канатная трываласць паэм.
Помні пра гэта заўсёды. І на шостым дзесятку не забывай,
браце, наказ Аляксандра Блока:
“Поэту нужна судьба, а не карьера”.
Абдымаю, Анатоль Вялюгін.
Пімен Панчанка
Дарагі Васіль Васільевіч!
Сардэчна віншую Вас з Днём нараджэння, са слаўным 50-годдзем.
Ваш талент услаўляе радасць нашага жыцця, вышыні космасу, але і глыбока пранікае ў чалавечую памяць, у гістарычныя падзеі, у маўчанне травы. Я даўні прыхільнік Вашай паэзіі, якая блізкая мне і па гуку, і па колеру, і па слову, і па прыродзе. Жадаю Вам добрага здароўя, шчасця, творчай радасці! Паклон ад Зоі Кірылаўны і шчырае віншаванне з юбілеем!
Абдымаю – Ваш Пімен Панчанка.
30.V.85.
Сяргей Грахоўскі
Дарагі Васіль Васільевіч!
Спадзяюся, віншавальная плынь ужо схлынула і ў Вас знойдзецца хвіліна прыняць і мае самыя сардэчныя віншаванні з юбілеем! Няўжо так хутка прамінула паўвека?! Памятаю Васю Зуёнка ў “піянер-беларускім” узросце. Радаваўся Вашай удумлівай і немітуслівай працы, радуюся і цяпер кожнай сустрэчы ў друку, у лесе, на вуліцы, у Саюзе. Зайздрошчу Вашай мудрай дабраце і шчырасці. Няхай будзе так і на наступнае пяцідзесяцігоддзе!
Абдымаю Вас! Сяргей Грахоўскі.
Янка Брыль
Дарагі Васіль Васільевіч!
Рад нагодзе сказаць Вам пра сваю шчырую павагу і сімпатыю да Вас – чалавека і паэта. Няхай Вам добра здаровіцца і пішацца! Шчасця ўсёй Вашай сям’і!
Янка Брыль.
3.VI.85.