ХЛОПЧЫКУ, ЯКОМУ СПОЎНІЛАСЯ ТРЫ ГАДЫ

 

Твая душа святая –

Смяешся ты ці плачаш –

Прыносіць вестку рая

Нам, грэшным і лядачым.

 

Прыносіць нам збавенне

Ад помыслаў бязбожных

Твой дух – як дзень тварэння, –

Ахоўны і трывожны.

 

І сэрца маладзее

На нейкую хвіліну,

Якую безнадзейным

Твой добры Бог пакінуў.

 

1992


 

БЛАСЛАВЕННЕ

Васю

 

У дзень Багародзіцы, Боскае Маці,

І ты свой прыход абвясціў –

Не ў роднай, а ў зводнай, радзільнай хаце

З маім блаславеннем:

– Расці!.. –

 

Галінкай нябеснай прапрашчураў-продкаў –

Як вечны іх позірк і слых,

Праменьчыкам светлым праз век мой кароткі –

У вечнасць нашчадкаў зямных.

 

У дзень Багародзіцы думы сыходзяцца

Над лёсам маім і тваім:

З грэхам агульным кожны народзіцца,

А пойдзе з жыцця са сваім .

 

Хай сцежак-дарог тваіх д’ябал не топча,

Не зманьвае шляхам чужым .

Няхай цябе Маці Прачыстая, хлопчык,

Ахінае Пакровам сваім .

 

Нямала раскідана ў свеце спакусаў –

Не бяжы на салодкі дым:

Нарадзіўся, жыві, будзь беларусам –

Як прадзеды і дзяды…

 

Табой прарастаючы ў родным народзе,

Буду слухаць з-пад каранёў,

Як на дрэве лістота юна ўзыходзіць,

Небыццё абвяргае маё.

 

1994

 

 

ДЗЯДУЛЕВА КАЛЫХАНКА

 

Месячык свеціць,

І зоркі спяваюць:

Спаць трэба, дзеці,

Баенькі-баю…

 

Баенькі-баю, –

І я падпяваю,

А ў Васілёчка

Сон ані ў вочка…

 

Баенькі-баю, –

А Васілёчак

Не засыпае,

Зорачку сочыць –

 

Што прылятае

Кропелькай сонца

І пазірае

Ў наша аконца…

 

Баенькі-баю, –

Пройдуць гадочкі,

Зорка заззяе

І ў Васілёчка .

 

Баенькі-баю, –

Зорка зямная,

Што зачаруе

І заспявае:

 

А з Васілёчкам

Кароткія ночкі,

І дня не хапае,

І мама гукае…

 

Баенькі-баю…

 

1994

 

 

х х х

Васю – верш навыраст

 

Знай: калі з’явіўся ты на свеце,

Значыць, хтосьці думаў пра цябе, –

Космасу, Прыроды, Бога дзеці –

Мы заслон Хаосу, што ў гульбе

Дзікага, сляпога беспрасвецця

Без душы і розуму гібеў.

 

Знай: усё асвечана ў Прыродзе –

Кожны мае свой высокі знак.

Вольны быць пад сонцам на выгодзе

Чалавек і дробненькі чарвяк,

То жыві і ты з усімі ў згодзе,

Злу не патакаючы аднак…

 

Кожнаму сваё ёсць прызначэнне, –

Помні, што жыццё ёсць дар з дароў.

Не тушы святло ў душы вячэрняй

І ў світальнай распалі наноў.

Ворагу даруй замарачэнне

І бяздумна не губляй сяброў.

 

Не мінай бяседы гаманкія,

Што дзядзькі за чаркаю вядуць,

Ды ад п’янкі адбівайся кіем.

А спаткаеш гора і бяду,

Знай, што ёсць нагоды і такія, –

Бог не кіне –

Свінні не з’ядуць.

 

1994

 

 

РАДУЙСЯ

 

Радуйся, радуйся,

Мой маленькі хлопчык:

Засмяешся з раніцы –

Дзень не затопча.

 

Радуйся сонцу,

Радуйся ягадам,

Што з рукі маёй бярэш,

Як птушаняці.

Дзе ўпадзеш,

Саломкі падсцялю загадзя, –

Радуйся ў людзях

І ў сваёй хаце.

 

Радуйся, радуйся, –

Радасць ад парога

Мячыкам хай скача

Наабгон са смехам.

А калі й заплачаш –

Толькі на пацеху.

Радуйся, радуйся, –

Радасць ад Бога.

 

1994

 

 

“ГАЛАСЛІВАЯ ПРЫПЯЦЬ…”

 

– Галаслівая Прыпяць!.. –

Вася-ўнук захапляўся: –

Воды – мору не выпіць,

Я ж – у песнях купаўся…

 

Гаварыў без ілюзій,

Пабываўшы ў “турыстах”

Там, дзе ў “Тураўскім лузе”

Птушак рай галасісты…

 

Аж да Чорнага мора

Разам з прыпяцкай песняй

Ён сваім наватворам

Плыў пад ветразем веснім…

 

Называў галаслівай

Галасістую Прыпяць, –

Мне ж на сэрца шчымліва

Попел ядзерны сыпаў…

 

Слова з гэтакім лёсам,

Пэўна, й знаць ён не знае:

Галаслівы – галосіць,

Галасісты – спявае.

 

Ды, шануючы радасць,

Юны мой арнітолаг,

Перад светлым паглядам

Не ўзніму чорны полаг…

 

Прыпяць хай толькі й знае:

Галасістай аздобаю

Рай птушыны спявае,

А галосіць – Чарнобылем…

 

2000

 

 

СВЕЧКА Ў КОСМАСЕ

 

Знячэўку школьнае мне

Падкінуў унук пытанне:

Ці можа свечка ці не

Гарэць у бязважкім стане.

 

У космасе, у караблі

/Што ў сне толькі можа прысніцца/

Ці змог бы, як на зямлі,

Пры свечцы я памаліцца…

 

Падручніка хітры клёк

Я пахваліў, а між намі,

Пакінем адказ, Васілёк,

За мудрымі святарамі.

 

Харалы і свечак агні

Як водгук ахвярных спаленняў

Прыйшоў у нашыя дні

Праз тысячы пакаленняў.

 

Маленькая свечка трымціць

З надзеяй, што боская ласка

Сагрэе нас пры жыцці:

Агеньчык той – Богу падказка.

 

Але ці патрэбны яму

Той напамін бядачы?

Дык і ў сусвеце таму

Свечка агнём не заплача.

 

Мы той агонь здабылі,

Не Бога і грэць ён будзе.

Свечкі гараць на зямлі,

Свечку прыдумалі людзі…

 

2003



НЯБЕСНАЕ ЛЕТА

 

...зоркі Геркулеса...

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля...

Максім Багдановіч

 

Нябеснае лета шматзорнае,

Загадкі блуканяў начных,

І меч Геркулеса – паўтораны

Антычных шляхоў ускалых.

 

Сузор’е не з самых прыкметных,

А нам дарагое яно,

Бо першаю зорка ўсё лета

Да нас зазірала ў акно.

 

Ці наша з унукам абранніца,

Ці ў зоркі абраннікі мы,

А з намі ўсе ночы да раніцы

Яна ад вясны да зімы.

 

Святлінкаю ціхай і шчыраю

І мроі прыносіць, і сны,

Як песня, вярнуўшыся з выраю

На крылах шпачынай вясны.

 

І мудрую казку расказвае,

І велічнасць зорных былін

Даносіць, і тайны развязвае,

Калі з ёй адзін-на-адзін.

 

Адно толькі трэба даверыцца

Сусветнай яе глыбіні.

Насустрач адкрытаму сэрцу

Ляціць яна, – бачыш? – зірні!..

 

Даўно мы вось гэтак сябруем...

Ва ўнука ўжо свой інтарэс,

А я ўсё сустрэчы святкую

Штоночы з табой, Геркулес.

 

Табе мая ўдзячнасць зямная,

Што ў зорны бярэш мяне круг,–

Тым больш: наша зорка – двайная,

Пароўну з унукам на двух.

 

Прамудрасцю энцыклапедыі

Я досведны ўзброіў запас,

А так бы жылі і не ведалі,

Якая абранніца ў нас!..

 

Ды толькі штогод з катастрофай

Касмічнаю знаюся я,

Якую ўчыняю самохаць, –

І ў тым і бяда ўся мая.

 

Кватэра абжытай планетаю

Бяззорнае дорыць акно:

Нябеснае лета адлетаваў –

А ў горадзе зор не відно...

 

2014