Апраўданне Лысай гары

…бярозавае

…прыгорнае

…грыбное

…лясное

…нябеснае

…асенняе

…пакліканае


“Апраўданне” – гэта як бы дыялог (у працяг) з тымі насмешлівымі і трапнымі “атэстацыямі” Ведзьмака Лысагорскага. А сама “Лысая гара” (афіцыйна: “Узгор’е -1”; “Узгор’е-2” створана пазней) гэта ўжо зараз далёкая гісторыя. Творчыя ж людзі тут жылі і не маглі не займацца наканаванай талентам і здольнасцямі, творчай працай. Вось тут пададзена і “часцінка” такой працы (праўда, у “шэрагах” лысагорцаў аўтар з’явіўся пазней часу, калі тварыў Вядзьмак Лысагорскі, – магчыма таму і не трапіў у паэму)… А “часцінка” – толькі з таго, што непасрэдна падказвалася Лысай Гарою, бо апроч гэтага выступае шмат іншага, – “Маўчанне травы”, прыкладам, або кніжка для дзяцей пра беларускія грыбы “Па ельнічку, па бярэзнічку”, дзе “дзед з унукам Васілі, знатакі грыбныя, скалясілі, абышлі сцежкі ўсе лясныя”… Ну, і г.д.


СЫШЛА ВЯСНА НА СТАНЦЫІ ЗЯЛЁНАЕ…

Восьмага траўня. Зялёнае. Ластаўкі:

Промні двухкрылыя позняй вясны –

Вёрткім “віць-віць” перакрылі ўсе застаўкі

Стылым вятрам і снягам навясным.

Гэтак зіма неадступна трымалася,

А перад кволенькім вострым крылом

Нешта ў душы зледзянелай зламалася,

І захліснулася,

І задыхнулася

Траўным цяплом.

З-ПАД ЗЯМНОЙ БЯРОЗЫ…

Гэта я…– ці не пазналі, зоры? –

З-пад зямной бярозы гавару, –

Вечнасцю закінуты ў прастору

На паслугі часу-ліхвяру.

Не, яна яшчэ не над магілай –

Вецце нахінае над страхой

Сноў маіх і думак берагіняй,

Патаемкай у журбе ліхой.

Гэта яшчэ толькі іх сяброўка,

Тых бяроз, над смуткам векавым,

І мой голас толькі трэніроўка,

Тэст: ці пагаворыце з жывым?

Ці не прыадчынеце заслону:

Як я з вамі буду побач жыць –

Па нябесных ці зямных законах

Тую службу вечнасці служыць?..

Ці яе – без часу і прасторы –

Можа, і няма, і не было,–

І дарма на роспыты й на зборы

Дзівака зямнога павяло?..

Бо якая ж вечнасць без бярозы,

Без шпака і, зрэшты, без мяне,–

А такая ёсць усё ж пагроза:

Я не я, як песня абміне…

Што і як у вас цяпер? А потым,

Калі я прыйду,– што будзе там?

Ці паўсюль – маўклівыя пустоты?

Ці паўсюль – усесусветны храм?..

Ці прастора часу ў вас не мае,

Ці ў прасторы час згубіў сляды?..

Маўчыцё… Ну што ж, я пачакаю…

Ды й спяшацца мне няма куды…

х х х

Як з бярозы, якой не стала

Ў апусцелым навек паднябессі,

З майго сэрца птушка ўзлятала

Ды гукала знямоглую песню…

х х х

Бяроза ў заснежанай стыні,

Ні руху, ні гуку наўкол.

І я тут, нібыта ў пустыні, –

Сініцам наладжваю стол.

Шпакоўня, самотная хата,

Гайдае ўспамін, як у сне…

Сямейка, шпакі-шпачаняты, –

Ці помніце вы пра мяне?..

х х х

На першы ліст маёй бярозкі,

На ліст прачысты і святы,

Ляцяць – як снежня адгалоскі –

Сняжынкі майскае слаты.

Галінкі хіляцца азябла,

А ў каранях бушуе сок,

І ў рост ідзе нябёсаў сябра –

З-пад белай смерці – кветка-сон.

Гляджу на колер, сэрцу мілы,

Як з небыцця, адтуль, здалёк:

Як быццам на маю магілу

Прыбег пагрэцца васілёк…

х х х

Бяроза на фоне аблокаў,

Нябесная госця амаль, –

Я нізка, а ты высока –

Імкнёмся ў бязмежную даль.

У тую далёкую далеч,

У далячынь з журбой,

Якую не разгадалі

Ні людзі, ні мы з табой…

І кемнасць маем, і крылы, –

Вось толькі ўзмахнуць бы як след!..

Дык што? – не хапае сілы?

Ды не! – ёсць маленькі сакрэт:

А хто ці што нам заменіць

Зямлю, на якой стаім?..

Гадаем – і ўсё разумеем:

Нікуды мы не паляцім…

х х х

У бярозы крона неўспадзеў

Пасмы апусціла жаўталіста.

Да жанчын ці пераспелых дзеў

Гэтак сівізна ідзе імгліста.

Трапяткі і горасны спалох

На душу асенне ападае…

А бярозу, знаць, ратуе бог:

Тых трывог яна зусім не знае.

Бачыць яна новую вясну,

А таму й глядзіцца так прыгожа,

Што сваю – пры людзях – жаўцізну

Не хавае… Ці схаваць не можа?..

ЗЯЛЁНЫ ШУМ

Выслушав весной первый зеленый шум

у березы, я говорю: “Чтобы так прошу-

меть, ведь она полвека росла!”

Міхаіл Прышвін, – запіс у дзённіку

1

Сказаць вам, як бярозы паміраюць?

Не чулі і не бачылі? Тады

Скажу найперш: я не зусім старая –

У самым росквіце шумяць мае гады.

Расту!.. Ды, зразумела ж, напачатку

Любое дрэўца трэба пасадзіць:

Мяне прынеслі з лесу немаўляткам –

Яшчэ не ўмела я сама хадзіць…

Як і не ўмею. А калі б і ўмела,

Адгэтуль бы нікуды не пайшла:

Я тут цяпер душою прыкіпела,

Не толькі каранямі прырасла.

Адным жыву – як гаспадыня з сынам,

Малым і летуценным, мне далі

Паруку: я аберагаць павінна

І ахінаць іх лёсы на зямлі.

Яшчэ во й шпак вясной з такім наказам,

Як я ўзрасла, вясною прыляцеў.

Яго я не пакрыўдзіла ні разу:

Прытулак меў і пеў – калі хацеў…

Не хвалячыся, знаю: ў наваколлі

Мяне Зуёнкавай бярозай звалі ўсе.

Ды выпала брыда й на нашу долю:

Сусед-сквалыга звяганнем насеў.

То з град яго падкормкі дарагія

На ўсё карэнне я смакчу ўзасос,

То правакую жонцы алергію

/Хоць побач сотня гэткіх жа бяроз!/;

То цень яму на агарод наводжу

(Хоць сонца свеціць з іншай стараны!);

То па начах з вятрамі верхаводжу,

Вярэдзячы ў кашмарных зданях сны,

Бо нораў той гульбы непрадказальны:

Вазьму ды раптам храснуся на дол!

(Хана – і тром паверхам і дызайну:

Па іх, як быццам, мой цаляе ствол)…

Канешне – не хляўчук, не леснічоўка,

А я – усю гармонію псую.

Хоць ты завый, хоць ты зубамі шчоўкай,

А я ўваччу стаю сабе й стаю!..

А самы ўедны вораг – ліставеі

(З газона сметнік утвараюць, блін!), –

Сабраў бы, змёў у груд – ды зноў прыклеіў

Лісцё паштучна да маіх галін!..

Вось гэтак “катаджанін” крыміналу

Нашкроб – і на мяне ўчыніў данос.

І прысудзілі да лесапавалу

Мяне як найшкаднейшую з бяроз…

Ну што ж, пілуйце… Толькі ці ўлічылі,

Як весніла я злыбедныя дні,

Як ціхім шэптам ад згрызот лячыла,

Як дзетак выпраўляла ў свет шпачыных,

А песень, песень колькі!.. – не злічыла…

Наўслед пагрэйцеся, як я згару ў агні…

І ты, паэт, згадай: а колькі рыфмаў

Пад кронаю выкрэсвала сціло.

Хай не заўжды радок сугучна ўспыхваў,

Ды “слёзы” – і – “бярозы” – не было.

2

11.04.2011:

І ўсё ж, і ўсё ж (пры гэткім крымінале!)

І пільшчыкі здароўе бераглі:

Каб не зляцець, чупрыну падкарналі,

А верхавіну ўходаць не змаглі.

Цыгаркі дакурылі й разышліся:

Зваліць мяне ў іх спосабу няма.

Тады “рубакі” з тэхнікай знайшліся…

Зялёны шум, не прылятай дарма!..

Шляхі твае не ўвесняцца з бярозай,

Як і паэтавы: няма бярозы ў вас…

А той, каму ўяўляла я пагрозу,

Яшчэ са мной сустрэнецца не раз.

Хай знае: не ўратуе й дзень расстайны,

Як выйдзе на апошнюю вярсту:

Яго спакой я моўчкі расхістаю

І ў памяці бяскрылай прарасту.

Не сыдзе (Бог не дасць!) супакаенне

На дрэвавынішчальную душу:

Ідзе бярозак юных пакаленне

І велічна гудзе Зялёны шум!

Хай хцівец злою злосцю абрастае,

А я лясны наказ усім даю:

Вучыцеся, каб буры не хісталі,

Трымацца каранямі за зямлю.

КАЛІ НЕ ЎРАТАВАЎ…

А шпак прыляціць –

Ні бярозы, ні хаткі,

А песня карціць –

Ды не мае пачатку.

А вецер шукаць

Між аблок будзе крону, –

Хіба яму знаць

Аб смерці зялёнай?

А вечар ля пня

Будзе моўчкі таптацца:

З кім з горыччу дня

Пра мяне пашаптацца?

А мне гэты дзень

Хто з памяці здыме?

Ад полымя цень

Гайдаецца ў дыме.

Адпаўзае трава

Ад спякоты пагрознай:

Грэйся сам пры дравах,

Вытры дымныя слёзы,

Калі не ўратаваў

Ад пагубы бярозу…

х х х

Выпадак рэдкі: пеўчы дрозд,

Жыхар лясоў карэнны,

Прыняў, напэўна, новы хрост:

Стаў мне амаль што крэўны.

Прыжыўся – над вакном якраз,

У вінаградным вецці

Гняздо зрабіў.

Дзве хаты ў нас,

Але адны ў нас дзеці.

Жывём вясёлаю сям’ёй,

Ідзе ўсё ў хатах ладам, –

Тады і радасць у маёй,

Калі ў драздовай радасць.

Дзве хаты нашы, два гнязды,

З вясною дзён не лічаць.

Шчыруюць раннія дразды,

А мы – удачы зычым.

Ды як жа хутка, неўпрыкмет

Лес клікнуў драздзянятак!..

Самотна пазіралі ўслед

Я, і гняздо, і хата…

Яно па-боску ўсё, калі

Крылатыя ўзляцелі,

Але ж – сады яшчэ цвілі,

А гнёзды апусцелі…

НАСТАЛЬГІЧНЫ МАТЫЎ

Валі

“Купіце фіялкі!

Купіце фіялкі!” –

Спяваў патэфон.

А ў памяці даўкай,

А ў памяці даўкай

Той голас, як сон.

Заела пласцінку,

Заела пласцінку, –

Збіваецца круг.

А голас – націнкай,

А голас – націнкай:

Амаль што заглух…

Ды сонечным раннем –

Як выклік паданням –

На Лысай гары

З-пад рук тваіх дбайных

Зляцела з гайданнем

Сто кропель зары.

Як неба прыветнік,

Размаіўся кветнік:

Цюльпаны цвітуць!

Праз вёсны і леты

З пласцінкі тандэтнай

Той голас нясуць.

“Купіце фіялкі!..”

А сонечны ранак

Ідзе нагадаць:

Не ўсё адспявана –

Квітнеюць цюльпаны, –

Навошта купляць!..

НЕБА ПАСЕЮ…

Выйшаў сейбіт сеяць…

Евангелле ад Лукі, 8:5

Каб градка не аблысела,

Не стала пясчанаю выспай,

На градцы неба пасею,

Што ў снах васільковых высніў:

Вядзіце ў жытнёвае поле,

Дзе нашы блукалі сцяжынкі,

Дзе мы ўжо не будзем ніколі, –

О васількі-валянцінкі…

МОЙ ЗАЯЦ

Лысагорскае спачуванне – сабе і Сержуку Сысу

Кажуць, заяц варыць піва,

Каб зімой пагрэцца.

А майму з вясны спажыва

Задарма даецца.

Толькі выведай спачатку,

Дзе і што расце на градках, –

І начное частаванне

Забяспечана да рання.

Мае заяц харч па густу –

Без турбот і ўволю:

У суседа з’еў капусту,

А ў мяне – фасолю…

ПРА ШТО ПАДУМАЛАСЯ

Ў ЭЛЕКТРЫЧЦЫ “ЗЯЛЁНАЕ – МІНСК”

5 ЖНІЎНЯ 2017 г.

Чыгунка й тая кеміць, што і як:

Даўно ўжо не ганяе паражняк.

А мы з душой, далёка не чыгуннай,

Пустапарожніх слоў стагі стагуем.

На сенакосе аж пупы ірвуцца.

Стагі ў нас тыя кнігамі завуцца.

Тамы пластуюцца, нібыта ў сенавалах,

Каб жыўнасць без харчоў не зімавала, –

Каровы сена малаком вяртаюць.

Але ж каровы кніжак не чытаюць…

УЗГОРКІ ЛЕДНІКОВЫЯ

Дарога прагінаецца –

Бяжыць то ўверх, то ўніз,

То ўвіліста ўхіляецца –

Зусім як твой капрыз:

Якую ўзяць правізію

І кошыкі з сабой,

Як выйграць у дывізіі

Грыбной няроўны бой.

Ды клопат лёгкай хмаркаю

Развеяў гор абрыс –

Дарогаю швейцарскаю –

Палёт: то ўверх, то ўніз.

Матор грыбною зонаю

Наўскач ірве аброць.

–Зялёнае? –Зялёнае! –

Прыехалі, выходзь!..

О не-е – мы ў лысагорскае

Паселішча ў садах,

Дзе дождж у кронах порскае,

Цвікамі б’ецца ў дах…

А нам, дальбог, вось гэтае

І налюбкі якраз:

З грыбамі так адлетаваць,

Каб быў зіме запас.

Вязьмо баравіковае

І ў слоіках грузды…

Узгоркі ледніковыя,

Вы ў памяці, як дым…

Было… Грыбныя нерушы,

Цяпельца ля ракі,

Дзе нас, ужо цяперашніх,

Гукаюць грыбнікі.

Туды, туды ў былое,

Да нетраў баравых…

А тыя, тыя двое

Зусім не чуюць іх…



“ГРЫБНОЕ”

Напамін

Бог лясны на карту ўзяў

Царства – і абнове

Ён па-царску назву даў:

“Царскае Грыбное”.

А вось дзе яна стаіць

Цуда-кропка тая,

Бог наважыў утаіць:

“Кожны Сам шукае!..”


Грыбніку – бестэрмінова:

ад першага грыба – і назаўжды…




НІБЫ Ў ХОВАНКІ ГУЛЯЕМ…

А здзіўляцца вам не раю:

І грыбы, і грыбнікі

Па сабе ўсё выбіраюць –

Хто дубняк, хто саснякі.

Так і ў нас: хаджу, таўкуся –

І ў абход, і напрасткі, –

Дзе ж грыбы мае? – злуюся,

Дзе вы, дзе, баравікі?!

Можна ж так і лес з прылессем,

Вас шукючы, прайсці.

А наўкол – як цуд, як песня –

Столькі зваблівых мясцін!

Ну, няўжо не даспадобы

Гэты верас вам і мох?

Ці ў вас густ які асобы,

Пра які я ўзнаць не змог?

Нібы ў хованкі гуляем:

Знойдзе хто ці ашукае?..

Толькі хто каго шукае?

Хто каго і дзе чакае?..

Ці на жарт крывое люстра

Нам падсунуў лесавік,

Каб дзе густа, а дзе пуста,

Зрок адводзіў баравік?..

Ну скажыце, дзе маглі б вы

Месца лепшае знайсці?

Хоць вазьмі ды замест грыба

Сам садзіся і расці!..

Як пачуў пра кут лацвейшы

І што я займу яго,

Раптам крыкнуў Цар Святлейшы –

Баравік: –Не дам свайго!

І адкуль ён толькі ўзяўся?

І са схованкі якой

На мяне паход узняўся

Ўсёй грыбною талакой?

От і дзякуй, абаронцы!

Падыходзь! На ўлік бяром!..

Меў мой кош пустое донца –

Зараз – поўны, з каптуром!..

САКРЭТ

Сакрэты ў грыбнікоў

Бываюць адмысловыя:

Як вызнаць хітры схоў

І звычкі верасовыя;

Як вызначыць маршрут:

Ці нетрамі, ці ўзлескамі;

Як адшукаць той кут,

Дзе ўдачу неруш пестуе;

І як вайстрыць свой зрок

І ўвагу выштукоўваць… –

Ды ёсць галоўны ўрок

Сям’і баравіковай.

Хоць і ў сляпога кош

Напоўніцца да вечара,–

Але – сакрэт усё ж

Грыбны той рассакрэчваю.

Зважай на зрок, на слых –

Ды сутнасць не мяняецца:

Грыбы не любяць злых,

Грыбы ад злых хаваюцца.

РЫЖЫКІ

Рыжыкі, рыжыкі:

І без чаркі – дрыжыкі!

А калі за чаркаю –

Чарка лёгкай хмаркаю

Летуценна сцелецца

Над бяседнай спеліцай.

Рыжыкі салёныя,

Лесам блаславёныя,

Каб каляднай поўняю

Пра яго мы ўспомнілі.

Помнім! Прычашчаемся,

З дабаўкай не спрачаемся.

Не марнеў ніколі

Рыжык у застоллі:

З чаркай ці без чаркі ён –

Частаванне царскае.

Роўніцы не знае

Смаката лясная.

Рыжык рыжачубы,

Рыжык ганаровы,

Рыжык – туз бубновы

Царства грыбнога:

Рыжык ломіць зубы,

Рыжык зводзіць бровы!..–

Ах!.. –

Лес мой, дружа любы,

Будзь жа здаровы!

ЯШЧЭ І ЯШЧЭ РАЗ –

“ЦАРСТВА ГРЫБНОЕ”

Калі дажджы, нібы шаўкі,

Зашэпчуць, навясныя,

Схоў пакідаюць маслякі,

Разведчыкі лясныя.

Выходзяць, прыглядаюцца,

Па ўзгорках пракрадаюцца…

А ўслед за імі – штрафнікі,

Казлы ахвяры, казлякі.

Хоць на прарыў кідаюцца,

Ды ўжо ў адсутных маюцца…

А грыб рагаты, грыб “баран”

Ім б’е натхняльна ў барабан…

А там – за ротай рота –

Грыбная йдзе пяхота:

І падасінавік, і грузд,

І з рыжыкам зрыжэлым

Валуй, нібы на лобе гуз,

На ўзлобку затравелым,

І падбярозавікаў строй,

І махавік плячысты,

І гурт лісічак – хто сястрой,

Хто баявой радысткай…

Калі ж адбухаюць грамы,

Развеецца куродым,

Тут самы час – “А от і мы!”–

Дзяліць узнагароды:

Тылавікі-баравікі,

Паголеныя, сытыя,

І мухаморы-штабнікі,

Нікчэмна-знакамітыя…

Выходзяць моўчкі з бліндажоў,

Каму за прадзеда Яжоў,

Каб выставіць адзнаку,

Хто як трымаў атаку:

Ці пад агонь ірваўся,

Ці бег і азіраўся…

Службіст! Ды стан ягоны

Не выдаюць пагоны:

То ён казляк, то шампіньён,

То выйдзе за апеньку ён…

Але салдат вучоны:

Пазнае й без пагонаў!..

Ды гэта потым. А пакуль

Вунь і адгэтуль і адтуль

Ідзе, ідзе грыбная раць, –

Камусьці ж трэба паміраць…

Стаю на беразе вайны,

І ў тым няма маёй віны,

Што армію ўсю тую

Нічым я не ўратую…

х х х

Прыходжу да свяцілішча ляснога,

Нібы пад усявышнія пакровы,–

Шукаць паразуменне і падмогу,

Апірышча, спагаду і ахову.

Як час раўнуе ўзлёты і падзенні,

Так лес руйнуе першабытным гудам

З сусветам і жыццём несупадзенні,–

Сябры сышлі, а ворагаў – забуду…

х х х

Калі маўчаць дрэвы –

Гэта не цішыня:

Гэта іх антыспевы

На адыходзе дня.

А мне напамін, тым часам,

Зямны скасаваць настрой:

Застацца з сабою сам-насам –

І ў антысвет з галавой…

Ад гэтай лухты несусветнай,

Ад несусветнай маны,

Ад велічы гэтай ракетнай

І ад “чыноўнай” шпаны…

Ад крымінальных мільёншчыкаў,

Ад кар’ерысцкіх свярбін,

Ад барабаннага пошчаку

Ўладаахоўных дубін…

Вось толькі зашчэпка ў сакрэце:

А што антысвет за цуд –

Ці ён сапраўды ў антысвеце,

Ці ён, выбачайце, – тут?..

Закладнік жыцця зямнога,

У вечнасці дзён не малю,

Хоць іх, як заўжды, не замнога,–

О лес мой, вяртай на зямлю…

Не збегчы ад боскага гневу,

Нікога прысуд не міне…

Я чую, я чую вас, дрэвы!

Ці чуеце вы мяне?..

ЯДЛОВЕЦ

Я абыходзіў лугавінай, нізам,

Пустэльны той, пясчаны той пагорак,

Адкуль вітаў мяне ядловец шызы –

Палёў выгнаннік і прадвесце бору.

Глядзеў мне ўслед ядловец вінавата:

Няма ў яго ні мурагу, ні кветак,

І толькі дол з каменнем васпаватым

Маўчаў, нібы пасланне з іншых светаў.

Яго ты прачытаў, мудрэц калючы:

Той свет – зямны, і ты – яго абраннік.

Таму і корань твой такі жывучы,

Што ты ў жыцця на самай вострай грані.

Ты як разведчык у яго: на пустках

Зацята ставіш першародства вехі.

Як пра цябе меў думку Заратустра:

Надзею беражы не для пацехі.

Жывеш-трываеш разам з сухацветам –

Бяссмертнікам – жвір абжываеш прагна,

І ўзнагарода ад жыцця за гэта –

Прагорклая смалою жменька ягад…

Ні бляску, ні шыкоўнасці не знаеш, –

Затое ёсць характар, ёсць дастойнасць:

Жывеш не тым, што іншых выжываеш, –

Сам выжываеш, каб жыццё адстойваць.

х х х

Дуб у тры абхваты,

Крона ў сем ствалоў, –

Вогненна-вусаты

Гром не раз-малоў.

Сыпаліся жорны

Іскрамі з-пад хмар,

І рабіўся чорным –

З белага – млынар…

На мяжы пушчанскай

Зелянее гмах, –

Вечнасці сучаснік,

Мой ахоўны дах.

Моўчкі пагамонім

З існым і былым –

І ляцім пагоняй

Над бясчассем злым.

Мудрыя стагоддзі

Ў снах не адгулі, –

З небам на выгодзе,

З прагай да зямлі…

ШУМЕЛІ СОСНЫ…

Шумелі сосны на вятры,

Шапталі словы, –

Навук лясных прафесары,

Адкрыйце мову…

Хачу з табой пагаварыць,

Мой бор спрадвечны, –

Як гэта немата баліць

Па-чалавечы…

З такой загадкай, як і ты,

Сказаць бяруся

На мове, што завуць “латынь

Ад беларуса”…

Зайздросціў Грыша Ходжар мне,

Нанайскі класік:

“Тебя ещё в твоей стране

Читают, Вася…

А я, – і Грыша загінаў

Па-руску матам, –

Перевожу оригинал

Родному брату…”

Я разумею – згарача

Зайздросціў Грыша:

Мярцвее мова на вачах,

А мы ўсё пішам…

О бор, мой лёс, як і ў цябе,

І з гэткай воляй,

Дзе разумею сам сябе, –

І ўсё. Не болей…

…Шумелі сосны на вятры –

Прастор гайдаўся.

Аб чымсьці думаў бор стары,

Ды не прызнаўся…

МАЙГО ЮНАЦТВА СЁСТРЫ…

Гамоняць з ветрам сосны,

Майго юнацтва сёстры,

Аб днях, у вечнасць зніклых,

Калі я быў вялікі,

Стаяў між іх, сасёнак,

Што выраслі з пялёнак,

Ды ў кволым пакаленні

Былі мне па калені…

А сёння перад імі

Хто я – пры іх уздыме?!.

Бор неба падпірае,

Паглядам вымярае

Мяне: няўжо той самы? –

І з ветрам вытрасае

Мне юныя ўспаміны

І, пэўна, прыпасае

Сасну на дамавіну…

РАТУЮСЯ…

Маўчыць непрыступны Парнас,

А творцы з уласных “парнасікаў” –

Хто свой! – прапануюць абраз…

Ратуюся лесам і класікай.

НЯБЕСНАЕ ЛЕТА

...зоркі Геркулеса...

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля...

Максім Багдановіч

Нябеснае лета шматзорнае,

Загадкі блуканяў начных,

І меч Геркулеса – паўтораны

Антычных шляхоў ускалых.

Сузор’е не з самых прыкметных,

А нам дарагое яно,

Бо першаю зорка ўсё лета

Да нас зазірала ў акно.

Ці наша з унукам абранніца,

Ці ў зоркі абраннікі мы,

А з намі ўсе ночы да раніцы

Яна ад вясны да зімы.

Святлінкаю ціхай і шчыраю

І мроі прыносіць, і сны,

Як песня, вярнуўшыся з выраю

На крылах шпачынай вясны.

І мудрую казку расказвае,

І велічнасць зорных былін

Даносіць, і тайны развязвае,

Калі з ёй адзін-на-адзін.

Адно толькі трэба даверыцца

Сусветнай яе глыбіні.

Насустрач адкрытаму сэрцу

Ляціць яна, – бачыш? – зірні!..

Даўно мы вось гэтак сябруем...

Ва ўнука ўжо свой інтарэс,

А я ўсё сустрэчы святкую

Штоночы з табой, Геркулес.

Табе мая ўдзячнасць зямная,

Што ў зорны бярэш мяне круг,–

Тым больш: наша зорка – двайная,

Пароўну з унукам на двух.

Прамудрасцю энцыклапедыі

Я досведны ўзброіў запас,

А так бы жылі і не ведалі,

Якая абранніца ў нас!..

Ды толькі штогод з катастрофай

Касмічнаю знаюся я,

Якую ўчыняю самохаць, –

І ў тым і бяда ўся мая.

Кватэра абжытай планетаю

Бяззорнае дорыць акно:

Нябеснае лета адлетаваў –

А ў горадзе зор не відно...

ВЕРАСЕНЬ З ЮПІТЭРАМ

Юпітэр можна бачыць як самы яркі аб’ект

у сузор’і Вадаліва..

Даведка з Календара-2009

“Планеты ў верасні”

Цягам верасня ты

Быў са мною, Юпітэр,

Твой пагляд залаты

Быў па-брацку адкрыты.

Перамоўлена шмат,

Недамоўлена болей.

Верыў я: акурат

Маю зорную долю.

Ды надзея мая

Засталася надзеяй.

Хто ім свой: ты ці я –

Пільна зоркі глядзелі.

Мы абодва былі

Перад імі як дзеці:

Я вось тут, на зямлі,

Ты ў касмічным сусвеце.

Разумелі яны:

Мы ад сонца святлімся, –

Не такія чыны

Ім па гонару ўвысях.

Ды не ў сорам было

Нам, што сонца люструем:

Гэта наша святло, –

Свецім – і не хітруем!

Першым ноччу заўжды

Сведчыў ты сямізорна,

Што ў нябёсах брады

Не знаходзяць паўторна.

Паўтараецца ўсё

Па-зямному зямное:

Дух да Бога ўзнясём,

Прах зарыюць з труною.

Ды не скончыцца шлях:

Хай не я – ты, Юпітэр,

На паўторных палях

Сееш вечнасці жыта.

У КАСМІЧНЫМ МІЖЗОР’І…

У касмічным міжзор’і –

Ні памежжаў, ні дат,

І ніхто не прыгорне

І не верне назад.

Ва ўсясветным рэжыме

Кропляй духу ляцім…

Для каго мы чужыя

І хто нам пабрацім –

Знаць-не-знаем, і, пэўна,

Знаць не дадзена нам, –

Бог зямную даў крэўнасць

Чалавечым сынам.

Што ж яе мы дратуем

Варажнечай і злом,

І суладнасць святую

Асуджаем на злом?..

Маем Боскую ласку,

То не здрадзім жыллю:

Неба – толькі падказка,

Каб не страціць зямлю.

Будзем шчыра маліцца

Свету, людзям, сябрам,

І маўклівай травінцы,

І шумлівым барам…

А ці песні, ці плач там –

Гэта нашы, яны:

Карабельная мачта

І сасна для труны…

АСТРЫ

Цвітуць перадзімнія астры –

Па-восеньску сарамліва,

А з неба космас вачасты

За астрамі сочыць раўніва:

“Таксама мне зоркі знайшліся! –

А зорнасці ж – ані долькі…”

Не чуюць астры тых высяў, –

Цвітуць на зямлі. І толькі.

ПРАМЕНЬ РАССТАЙНЫ…

Што схіляешся, сонца, за лесам,

Дню наўслед, без мяне, адзінока, –

Ані слова, маўчком?

І якія ўжо там інтарэсы,

Каб вось гэтак, нічком, –

Быццам штосьці не бачыш звысоку?..

Застаецца са мною тайнай

Твой апошні прамень расстайны, –

Хоць і кажа, што ноч міне,

А ці вернешся ты да мяне…

ДВОЕ Ў ЛЮСТЭРКУ ВОСЕНІ

Нібы з далечы зорнай, прыходзіць Чайкоўскі:

Фартап’яннай асенняю песняй…

Акорд

Абрываецца ў струнах усплёскам-

Успамінам мелодыі весняй –

Ды вяртаецца зноў – зноў: самотай пакроўскай,

І настрой адзіноты б’е сусветны рэкорд.

І толькі ты, мой нязменны хаўруснік,

Мой стары, з пасівелаю шчэццю

Дажджу, –

Ты, нібыта ў люстэрка восені, мусіш –

Сябра ўсё ж! – зазірнуць у вакно…

О мой вецер,

Як і ты на мяне, у скрусе

Я ў вочы твае

Гляджу…

х х х

Сёння ляцелі першыя гусі –

Адрывалі душу ад лета…

А дзе ж я ім столькі душ набяруся,

Калі адляціць і гэта?..

Як утрымаць яе, чым суцешыць?

Крылаты вырай знікае.

А я – па зямлі і па водах, – пешшу:

Бягу – і душу гукаю…

24.09.97.

х х х

Стаю адзін, як бусел, на жніўі –

Раз’ехаліся ўсе і разляцеліся…

Ну вось і ўсё – і лета пражылі,

І павуцінне сцелецца мяцеліцай…

Адзін – на ўсе абшары і вякі:

Ні цёзкі-ўнука, ні суседа-жаўранка…

Клён дагарае, і крычаць гракі,

Счарнелыя ў куродыме пажарнікі.

А ельнік пасінеў, нібы азяб

На Лысагорскай выспе ветрагоністай.

І сонца – летняй талакі прараб –

У лістападнай жальбіцца агоніі.

І хтосьці ўжо займае небакрай

І шэпча, непадступны і вялікасны:

“Ты болей непатрэбен тут, – бывай, –

Ты знаеш сам, што мы цябе не клікалі…”

х х х

Кастрычнік. Іржэўем зрыжэлым

Бяздумна гуляюць вятры.

У рэчцы вада пацяжэла,

Свінцовыя стынуць віры.

Кастрычнік, злыселы травень,

Занудным дажджом укурыў.

Асеннія ўлазіны правіць

Ліса ў барсуковай нары.

Апошняя ў садзе вяргіня

Зіме давярае свой лёс…

Кастрычнік, ільноў настальгія

Па крэўным блакіце нябёс…

х х х

Асірацела Лысая гара:

Шпакоў няма, і сітаўкі зляцелі, –

А гэта значыць, што і мне пара

Ў не-вырай райскай гарадской пасцелі…

Вятры гудуць, што некага чакаць,

Што толькі з імі можна пабратацца… –

Прабачце, – хто вы? Як вас велічаць?

Адкуль вы? – скандынавы ці брытанцы?..

Я паважаю ваш паўночны ранг

І ваш туманны подых альбіёна…

Але я помню: там, дзе Інд і Ганг, –

Быў мой пачатак, Богам блаславёны.

Мой там пракорань, як, напэўна, й ваш:

Адам адтуль пусціўся ў свет грахоўны,

І ззянне поўначы, халодны ваш міраж,

Маю душу цяплынню не напоўніць…

Дзе ж вы, мае крылатыя сябры?

Няўжо, не помніце, як я вясной вітаў вас?..

А заўтра будуць – мінскія муры,

І скруха, і на сэрцы ледаставы…

Таму й гадаю: прыляцяць ці не?

Таму й сяджу маўкліва і чакаю:

Калі і хто з нябёс крылом махне,

Калі з сабой у вырай пагукае?..

ДУБУ Ў ТРЫ АБХВАТЫ

Вянец лясной раскошы

І вечны вартавы –

Мне сам, хоць я не ўпрошваў,

На дружбу даў правы.

Мне сам насустрач выйшаў:

З пушчанскай глыбіні

Ўзнялі – за неба вышай –

Зямныя карані.

Пад кронай вузлаватай

Я ў захапленні стаў,

Знаёмства ў тры абхваты

Абдымкам змацаваў.

З таго і пачалося:

Упоруч нас вялі

Грыбныя лета й восень.

І ў лад грамы гулі.

І дождж – грамоў страсеннік –

Праходзіў басанож

І нерушы падсейваў

Нам шчодрыя.

Ды ўсё ж…

Усё ж – прасі-выпрошвай:

Не ўгледзелі, калі

Да нерушаў апошніх

Нас сцежкі прывялі…

Адно цяпер – гукнуся

З ім пад грыбныя сны:

–Жыві і раскашуйся,

Мой пабрацім лясны!..

Не верачы ў вяртанні,

Хацеў бы толькі ўзнаць:

Калі мяне не стане,

З кім будзеш сябраваць?..

КАТАРАКТА


Пра грыбную згубу –

у дзень аперацыі 29.09.22.

Лес і пералескі

Зналі без абвесткі,

Як спяшаў я з хаты

На грыбное свята.


Неруш з бору й пушчы

Мне ішоў насустрач.


Ну а хто намерыўся

Затаіцца ў верасе,

Я для гэткіх докаў

Меў грыбное вока.


Дык жа нейкі грыб паганы

Прычыніў на вока рану:

Заманіў мяне ў гушчар

І галінкай шлёгнуў твар…


Хоць укол нязначны быў,

Ды крышталік не забыў

І з гадамі – а не раптам –

Пераймаўся ў катаракту.

А замест сябе навучна

Воку ўвёў крышталік штучны.


Дзякуй медыкам! – Але

Папярэдзілі мяне,

Каб за цяжкі груз не браўся,

Каб у працы не схіляўся

Дужа нізка галавою…


Ну а як тады “Грыбное”?!.


Як пад лапнік зазірнуць,

Як падмошнік разгарнуць,

Ды, дзе неруш весяліцца,

Як грыбам мне пакланіцца,

І цару “Грыбнога”

Як упасці ў ногі?..


Пра грыбную згубу

Вестку дам я дубу:

“Дубе-браце, выручай:

У мяне грыбны адчай!..”


Можа дуб мой “ў тры абхваты”

Спыніць медыкаў дэбаты:


“Кош бяры – і ў лес гайда:

Сам грыбы табе аддам!..”