Рыхтавалася для зборніка, задуманага
крупчанамі, якое не было здзейснена.
Васіль Зуёнак
ПРЫСВЯЧЭННЕ
У гурт сабраліся радкі
З наробку адмыслова:
Каб вы, крупчане-землякі,
Пра вас пачулі слова...
Аўтар
13 чэрвеня 2009 г.
х х х
Пяцірэчча...
Пяць рэчак з крыніцы маёй:
Талінка –
Нача –
Бабёр –
Бярэзіна –
Бацька-Дняпро сінякрылы,–
Пяцірэчча,
дзе продак выходзіў на ляда
з лубянкай-сяўнёй,
Дзе калісьці на Рэпішчы
рэпа салодка радзіла.
Пяцірэчча...
Пяць рэчак
бяссоння майго і крыві:
Ад капіляраў да сэрца –
ад сэрца да капіляраў.
Пяцірэчча,
з-пад Рэпішча ў свет незнаёмы плыві,–
Млечны Шлях,
Вечны Шлях
з беларускай куп’істай імшары.
1982
х х х
Ніхто не пачуў:
Яблык упаў дасвеццем –
Ля Халопеніч,
на Беларусі.
Ніхто не пачуў –
Ні людзі,
ні травы,
ні вецер...
Ніхто.
А шар зямны
Здрыгануўся...
1963
ЧАКАЕ МАЦІ…
Суседкі дачакаліся сыноў
І выглядалі-радзілі нявестак.
А сын яе дадому не прыйшоў.
Прыйшло кароткае:
“Прапаў без вестак...”
Сябры пасмуткавалі, землякі,
Слязу змахнула ўпотайкі дзяўчына:
Не вернецца... Знаць, лёс яе такі...
Ды толькі сын для маці не загінуў.
Знаходзіць маці тысячы прычын,
Чаму так доўга сын яе ў дарозе,
Чаму не йдзе разгладзіць ёй маршчын
І высушыць на родным твары слёзы.
Яна між рэчаў самых дарагіх
Кашулі сына беражна хавае,
Святочным днём падоўгу каля іх
Стаіць,
гамоніць з імі,
плача і ўздыхае...
І ёй успамінаецца тады,
Як сын казаў: “Вярнуся, не загіну,
Чакай мяне... Чакай!..”
Ідуць гады,
І кожны дзень чакае маці сына.
1955
УСПАМІН
Мачулішча...
Відаць, і пры Ярыле
Ільны ў нас сеялі,
Вымочвалі ў Мачыле.
Бель-кужаль пралі, ткалі, вышывалі,
Кашулі ў кайстры
Напамінкам клалі.
...Спадаюць ручаінкі –
Дзве дарожкі:
Блакітны лён і васількі-валошкі –
Узор няхітры,
Вышыты табою,
Што дзень і ноч не ведала спакою...
Завіхалася ды шчыравала,
Абдымала ды мілавала...
О рукі,
Рукі ў ільняной старонцы, –
Духмянасць поля і гарачнасць сонца.
Мачулішча –
блакіт палёў –
Нябёс –
Блакіт вачэй – блакіт туманны
Слёз.
1962
ЖАЎРАНКІ
Амаль балада
Той шнур у полі быў як на пацеху:
Па ярыне – агрэх каля агрэха.
Смяяліся з Данілы нават дзеці:
То плеш, то грыва на зялёнай шчэці.
Як быццам не саха ішла загонам,
А вепрукі ўзаралі шнур ягоны.
Ды не зважаў на кепікі Даніла:
А што – калі з ім неба гаманіла?
І што – хіба не любіць ён парадак?
Зусім, брат, не, – тут проста быў выпадак...
Выпадак, – хоць зусім не выпадковы:
Нарог жытло аб’ехаў жаўрукова.
Гняздзечка з яйкамі пашкадаваў Даніла.
А цераз год такое прываліла,
Што хоць на поле не выходзь з сахою:
Ад жаўранкаў аж не было адбою.
Усе Данілаў шнур аблюбавалі
І гнёзды – ад праталін зладзьбавалі.
“Агрэх – не грэх, – зноў разважаў араты. –
Няхай смяюцца – я не вінаваты...”
І зерне ў глебу кідаў ля наседак...
А песня – напярэймы, песня – следам,
А песня – побач, з-пад мяжы і з неба...
“Ат, і было б там з гэтых латак хлеба...”–
І пасміхаўся: слухаюць суседзі,
Хоць кожны з кпінамі агрэхі ўжо агледзеў...
Стаяў пад небам прадзед мой Даніла –
І за спіною прарасталі крылы.
І цешыўся: “Не пад’ясі ніколі, –
А песня во для ўсіх, над цэлым полем!”
1984
ГОЛАС ПАГУЛЯНКІ
З паэмы “Сяліба” /1965—1970/
–Шчаўры, Сяліба і Узнацк –
Кавалак ласы,
знала знаць:
З вясны да снегу шлях кішэў
І туга набіваў кішэнь...
Ды й люд мазольны раз у год –
Калі не ціснуў недарод –
Душу адводзіў у гульбе,
Быў першым панам – сам сабе.
У спелай вішні – спелы сок:
На абручы рабіў наскок.
У бражцы бражыўся ячмень,
Шумеў, як ачумелы чмель,–
Сярдзіта трэсла піва
У бочках рыжай грывай.
Калі ж прасілася ў каўшы
І зморана цішэла –
Ганцы ляцелі да Ушы,
Да Лепля, Багушэва...
Усцяж да Полацка –
радня,
Сваты, швагры
і проста
Знаёмы люд, які штодня
Трапляў на гэту ростань:
Нёс з Лукам’я рыбак вугроў,
Падсмяглых на чарэні,
Ішлі музыкі з Дудароў,
Шаптухі з-пад Чарэі...
У добрай бочцы – добры клёк,
І знала ўся акруга –
Праверыць посуд свой
здалёк
Прыбудзе сам Вялюга:
Ці так збандарыў ён чаны
І чым напоўнены яны?..
...Да вечара –
ад ранку
Гуляе Пагулянка...
Калі ж уходзяцца каўшы,
Калі галовы кругам –
Павольна просекай спяшыць,
Як бог Вялес, – Вялюга.
Няблізкі шлях,
ды ў самы час.
Гнядзька – да канавязі,
Сярмягу скінуўшы з пляча,
За стол сядае князем.
“А калі ты бондар,
Дык зрабі мне бочку,
А я ж табе заплачу
На печы ў куточку!..”
Ад вечара –
да ранку
Гуляе Пагулянка.
х х х
–На Начы?
–На Начы.
–З паўпуда?
–Няйначай!..
...Сяджу і рыбачу...
То клюне,
То плюне
Ды ўглыб нырне
І плёткі між рыб
Пляце пра мяне...
Над Начай,
над Начай
Гайдаецца кладка.
–Дзень добры!
–Дзень добры...
–Не ловіцца?
–Гладка...
А слова
да слова –
Гатова
размова...
Гуляе улоў мой,
Цікуе і судзіць...
І клёву сягоння
Няма
І не будзе.
Вісяць над вадою,
Сумуюць вудоўі...
1964
х х х
Нібы за стол бяседны –
дзверы напята
Ў бярозавае ўзлессе за ракой:
Без стуку – цецярук,
сарока – напытам,
Гракі-манахі – чорнай талакой.
І я – туды.
Нясу няхітры клопат свой –
Пабачыць, як зялёнай навіной
Пад промнем-скальпелем
пупышка ціха лопнецца,
Як дзед-лясун
унаглядкі за мной
Крадзецца ды цікуе, каб не ўзбіўся я
На трон яго ў Мачулінскім бары.
Смяюся:
–Задаволена камісія!
Лесавікуй да пенсіі, стары.
Ідзе парадкам культвяснакампанія:
Пазапаліла лотаць ліхтары,
Сон-снегавік званкі наладзіў раннія,
Дразды – свісткі з лазовае кары,
З балота лезе песня камарыная,
На леснічоўцы
певень задурыў:
Махнуў крылом на слепату курыную –
Тры ночы не начуе у двары,
Шчупак на нерасце
бузуе сінь бясхмарную,
І лектары лясныя –
салаўі
Дачытваюць брашуркі папулярныя
Аб дружбе, аб казанні, аб сям’і.
1968
х х х
Чорны хлеб спрыяе ўзнікненню ракавай
пухліны страўніка....
З выступлення навукоўца
На сэрцы – неспакою камень:
А раптам я паміж сяброў
Хаджу – апошні магіканін,
Ахвярнік прашчурскіх бароў...
Касіць? Давай. Араць? Будзь ласкаў:
Трымала плуг рука мая...
У пяць цапоў – не ў ладкі – пляскаў
У тым, сорак чацвёртым, я.
Мне лёс мой сцвердзіў:
працай чорнай
За стромай год, даўным-даўно
Два словы цвёрда заручоны –
Жыццё і жыта – як адно.
Я знаю хлеб.
Было ладункаў! –
З сурэпкай, з конскім шчаўлюком,
З карой, з чырвонаю мядункай
Ды з жалудовым крупчаком.
І раптам чую:
акадэмік,
Каб чалавецтву памагчы,
Ў шпіёны чорных эпідэмій
Мой хлеб надзённы залічыў.
Для рака ход, маўляў, падточвае...
Вы дапускаеце?
А я
Гады, нібы мяшкі, варочаю:
Хлеб за мяне гарой стаяў –
З сухой скарынкаю ваеннай,
Што, як шынелік той, – лубком,
З бензінным духам пасля змены,
З вясельным сонечным хмяльком...
Пракіслы, ёлісты, гаркавы –
За ўсё на свеце саладзей
Здаваўся шчасця цёплы кавал...
Я веру ў хлеб, як у людзей.
Не веру ў сейбіта такога,
Што не малоціць, не арэ,
Не сее, а ляжыць, нябога,
Ды смокча з цюбікаў пюрэ.
Хвала прамудрасцям гіпотэз,
Але –
табою я сагрэт,
Здабыты мазалём і потам
Прапрашчураўскі запавет.
Мой дзень,
малю цябе прад небам:
На тым, апошнім, рубяжы
Спрадвечны цуд зямнога хлеба
Наступнікам перакажы!
1967
х х х
Узнацкі шлях –
Чатыры кіламетры –
Мае сябры,
Мае дажджы і ветры.
Чатыры знакі
Над маім сусветам...
Шляхі, шляхі,–
Пазначаны вы ўсе тут.
Вось гэты –
Самы юны і кароткі –
Да веснічак драўляных
Сямігодкі.
А ля яго –
Як чорны шнур:
Па гэтым
Вайну прынёс
Дзяжурны з сельсавета.
Яшчэ адзін...
Маўклівы і зацяты –
Бясконцы шлях
Да развітання з татам.
А ўпобачкі –
Вясёлкаю іскрыцца:
Унук да бабкі
Едзе са сталіцы...
Узнацкі шлях:
Мой шлях да маладосці
І новы шлях –
Да маладосці ў госці.
Узнацкі шлях:
Вязьмо маіх дарог,
Вязьмо надзей,
Чаканняў і трывог...
Іх сотні сот
На гэтых каляінах:
Удосталь мне
І ўдосталь будзе сыну.
Іх круцяць крута
Часу лемяхі,
Каб прарасталі
Новыя шляхі.
1974
ПРЫЦЯГНЕННЕ
З паэмы /1978 – 1979/ ,
прысвечанай земляку,
лётчыку-касманаўту У.В.Кавалёнку
...Атрымаў томік вершаў на “Прагрэсе” на сваёй роднай беларускай мове... І назва “Нача” – родная. Гэта рачулка, якая цячэ непадалёк ад нас. Невялікая, але вельмі маляўнічая.
З касмічнага рэпартажу Ул.Кавалёнка
Я ляцеў кавалачкам Радзімы,
Я ляцеў лістком Зялёнай Пушчы.
Я ляцеў – бязмежнай і адзінай
Сіняй памяццю крыніц відушчых.
Памяццю, што плыткую бязважкасць
Узрывае сілай мегатоннай.
Я ляцеў, каб па–зямному цяжка
Сніўся сон бязважкаму Фатону*.
Я ляцеў: і слова, і травінка,
Што ў касмічнай стыні прарастае.
Я ляцеў – як подых той галінкі,
Што сусветаў рубяжы хістае.
Я ляцеў у зорнае імгненне –
Як пылінка з палявога тракту,
Што трымае ў полі прыцягнення
Сорак тысяч вогненных галактык.
Я ляцеў, каб з роднаю зямлёю
Нітаваўся вырай твой высокі.
“Вось яна – не расставайся з ёю”—
І крылом я расхінаў аблокі.
Бачыш – небам засінеў бульбоўнік –
Цвет далёкай радасці дзяцінства,
І сланечнік агароднай поўняй
За штыкет вячэрні закаціўся.
Бачыш – маці з цёплага падворку
Стоена ўглядаецца да неба:
Каб жа хто не ўрочыў тую зорку,
На якой табе вяртацца трэба...
Чуеш – вецер у дубах зашастаў,
Чуеш – хваляй б’ецца ў бераг Нача,
Чуеш – камень уздыхнуў мышасты:
Метэорны сон, відаць, пабачыў...
БЯРОЗКІ НА ЧАЦВЁРТАЙ АВЕНЮ
З амерыканскага блакнота /1985/
Бярозкі на Чацвёртай авеню,
З якога вы павыбеглі агню?
Адкуль уратаваліся і ўсе,
Бяздомныя, паселі на страсе?..
І чую, як бярозкі з вышыні
Мне шэпчуць: “Ты на нас, браток, зірні:
Ад гары мы ўжо дыхаем ледзь-ледзь,
Не тое, каб шумець ды зелянець...
Лісцінкі – як на пальцах палічыць,
Сціскаюць стан бетонныя лычы.
Каб не яны, даўно б цераз карніз
Зляцелі ад жыцця такога ўніз...”
Хто ж домаўласнік той ці домаўпраў,
Што вас зняволіў і на дах загнаў?
“А вось ён, у басейне, як мядзведзь,
А мы над ім павінны тут шумець, –
Зацеяў на страсе дамашні рай
І зацягнуў з пяці бярозак гай...”
Што ж, ясна мне: машэннік альбо туз
З прыродаю наладжвае саюз,
Здароўе папраўляе, што ад спраў
І чорных махінацый падарваў...
Эх, каб не чортаў суверэнітэт,
Цябе я спёр бы з неба, прайдзісвет!..
Шкада, што не магу... Таму крычу
Бярозкам: “Плюньце ў твар свайму хрычу,–
Злязайце да мяне! Змяцём брыду –
Я вас у гай над Начай завяду.
Там з вамі я перазнаёмлю ўсіх –
Ад мурашоў да зайцаў і ласіх.
А з дрэвамі вы самі ў добры час
Шаптаць пачнеце – зразумеюць вас.
Грыбы і ягады пачнеце гадаваць,
Каб і мяне калі пачаставаць...”
...Ідуць за мной бярозкі – след у след...
Калі паедзем? Гэта наш сакрэт.
Заставы ўсе, таможні абагнём...
Сюды ж – і фота нават не прышлём!
х х х
Акадэміку А.М.Ганчарэнку
Помню круг, палёт рукі,
Помню позірк пільны,
Бо спрадвек у нас гаршкі
Не багі ляпілі.
Бацькаў сябар ганчаром
Быў на ўсю акругу.
Бегаў за “расці здароў”
Я пры ім абслугай.
То, бывала, паднясеш
Дровы для апалу,
То, як бохан, – рэж ды еш –
Гліны цёплы кавал.
То, як самы важны гляк,
Едзеш на фурманцы...—
Збыць пасуду не за так
Дай нам, Божа, шанцы.
Мы з табой амаль радня:
Ты зляпіў Адама,
Ну і нам ляпіць штодня
Выпала таксама –
Ёсць макотры, гладышы,
Кварты і гарнушкі,
Гарлачы і спарышы
І свістулькі-птушкі...
Пагулянкай, ад Шчаўроў,
Тонуць колы ў верасе:
Наша слава ганчароў
Едзе каля Версанкі.
Налятай, гаспадары,
Просім, гаспадыні!..
...Толькі тут свае майстры
Выраслі на гліне.
Шматпатомныя, як час, –
Родам Ганчарэнкі...
Разбягаюцца і ў нас
Ад здзіўлення зрэнкі:
Як званы, вісяць збаны
На тыніне кожнай...
“Не дадуць і паўцаны”, –
Думаем трывожна...
Толькі дзядзька мой Ганчар
Раптам засмяяўся:
– Не загіне наш тавар!
Дзьмі ў свісцёлку, Вася!..
Свіснуў сам, і я за ім –
Весела іграем,
Каля Версанкі стаім
І купцоў чакаем.
Першай бабка падышла,
Потым дзед старэнькі,
А за імі – паўсяла:
Дзеці-Ганчарэнкі!
Вытылікваў я, дудзеў,
Выцінаў жалейкай...
А хлапчук адзін глядзеў
У задуме нейкай.
Дзесьці ў небе калясіў:
Як ямчэй прыстаць там...
Ці не верыў ён зусім
У маё мастацтва?
Ці пакрыўдзілі сябры?
Ці не меў капеек ён?..
І сказаў ганчар стары:
–На, бяры во пеўніка...
Свіснуў раз ён і другі,
І закукарэкаў! –
Вось, выходзіць, як багі
Лепяць чалавека...
Паталаніла, відаць,
А хутчэй – свістулькі
Паспрыялі ўсё прадаць
Нам да чарапулькі!..
Ганчарэнкі, ганчары...
Час не перайначыш...
Шмат вады з тае пары
Збегла ў нашай Начы.
І прыходзяць толькі ў сон
Версанка з Мачулішчам...
Я ў свістульку дзьму. А ён –
Той хлапец – як чуецца?
Не сцвярджаю ад дзвярэй,
Але маю версію:
Акадэмік ёсць – Андрэй
Ганчарэнка. З Версанкі...
Вы ўжо скемілі? Вось-вось...
Толькі ўсё ж адразу
Не праводзьце гэту вось:
“Круг ганчарны – лазер”.
Не такая да святла
Простая дарога.
Ды акружнасць надала
Ўсім арбітам строгасць.
Электронныя пучкі
Сутнасць асвяцілі,
Што спрадвек у нас гаршкі
Не багі ляпілі!
1987
ЕХАЎ ДЗЕД ДАДОМУ...
Пэўна, вас не ўражу:
Дзед мой проста дзед.
Пры вусах паважных
І пры барадзе.
Да навукі прыткі,
З тэхнікай дружыў.
Толькі перажытку
Ў транспарце не зжыў, –
Ні табе аўтобус,
Ні табе цягнік:
Дзед сваёй асобай
На кані прывык.
Клічуць на вяселле? –
Дружкі ды радня
На машыну селі...
Дзед запрог каня.
Гэтак і дадому
Пакацілі ўсе.
Ну, а дзед, вядома,
У развалкі сеў.
Лейцы напружыніў,
Глядзь – бяжыць дружбак:
У палку служылі
Разам як-ніяк!
–Ды заехаў вось бы
На хвілінак пяць...
Дзед уважыў просьбу:
Трэба начаваць...
Потым клікнуў цёзка,
Потым кум ды сват...
Ехаў дзед праз вёску
Тыдзень акурат.
Тут і перазовы
Падаспелі ўслед.
–Эх, гуляй, кірзовы! –
Тупнуў ботам дзед.
Бабцы, нібы з раю,
Тэлеграфаваў:
“Выехаць няма як:
Пугу нехта ўкраў...”
1970
ЯК ЛЁСУ ЗНАК...
Як лёсу знак ёсць на зямлі трохкутнік:
Мачулішча – Халопенічы – Крупкі, –
Зняможанаму – ля дарог трыпутнік,
Зняверанаму – Нача-адналюбка.
Рачная хваля, што з маім дзяцінствам
Даўно сплыла ў сусвету акіяны,
Пакінула мне крэўнае адзінства
З табою, край мой, Богам абяцаны.
Як Нача, нораў твой, крынічна-ціхі,
Жыццё не напаказ загартавала:
Няхай няма ў ім пышнасці і пыхі,
Затое ёсць надзейная трываласць.
Зямля мая, з табою, дзе б ні быў я,
І ў чорны дзень на сэрцы залачае, –
Лягчэй адольваць цяжкасці любыя,
Калі вы поплеч, землякі-крупчане!
У хаце лад – багацце над багаццем,
Сябрына, а не грошы выручаюць.
І не з людзьмі, а за людзей змагацца
Мяне вучылі мудрыя крупчане.
Зямля дала мне для палёту крылы
І ўпэўненасць, што маю дзе прычаліць;
Зямля дае мне для работы сілы –
Ніколі ў лежнях не былі крупчане!
Зямля шануе запавет герояў:
Ні роспачы не ведаць, ні адчаю,
Не гнуцца ў крук перад ліхой бядою, –
Не пазычалі мужнасці крупчане!
Ігрушка, Клён, Альшанікі, Лазоўка,
Бярозаўка, Асінаўка, Дуброўка,
Ігрышча, Шынкі, Дудары, Скакоўка,
Бабёр, Сялява, Выдрыца, Яршоўка,
Лісічына, Стральцы і Барсукі… –
Сусвет мой Крупскі, слоўнік гаманкі!..
З усіх шляхоў – галоўны да Радзімы,
А з песень – што Радзіме прысвячаю.
І шчасце ў тым, што лёс у нас адзіны,
Зямля мая і землякі-крупчане.
2005