Слова пра паэта


Максім Танк

13.02.1982 г. Званіў Н. Гілевіч. На пленуме – казаў – сакратаром СП зацвердзілі В. В. Зуёнка. Харошы ён і паэт, і чалавек.


27.04.1994 г. Быў на сваім апошнім – дванаццатым з’ездзе СП Беларусі. Нат адкрыў яго няўдалай прамовай, бо зусім не рыхтаваўся. Накідаў яе перад самым выступленнем і чытаў з рукапісу ды яшчэ праз свае падслепаватыя акуляры. Ну ды ліха з ім. З’езд – як з’езд. <…>

Не ведаю, што было далей, бо ў перапынку нейкім спадарожным транспартам ледзь жывы вярнуўся дамоў. Добра, што – аб чым даведаўся праз пару дзён, бо так зацягнулася галасаванне – на пасадзе старшыні СПБ пакінулі Васіля Васільевіча Зуёнка – сціплага, сумленнага Чалавека і сапраўднага Паэта.

Том 10 Збору твораў у 13 тамах

Ніл Гілевіч

27 красавіка 1978 г. Учора Зуёнак прывёз Вялюгіну сваю паэму “Маўчанне травы” – на 7 тысяч з гакам радкоў (!). І ўжо вечарам Вялюгін хваліўся, што прачытаў і што – здорава: ніводнай рыфмы сонца–бясконца, ёсць характары, і новая тэма – такога аб вайне яшчэ не было. Калі і сапраўды гэта вялікая ўдача Васіля – то на вуліцы беларускай паэзіі свята! Дай жа божа!


22 мая 1983 г. Прачытаў урывак з паэмы Зуёнка “Лукам’е”: цікава, таленавіта і – нечакана для мяне – смела! Значыць, яшчэ хлопцы нашы не да канца раскрыліся. Яшчэ здольныя паказаць сябе. Аж зайздросна, як ён удала выбраў тэму!..

Том 21 Збору твораў у 23 тамах

Першы запіс зроблены ў Доме творчасці “Каралішчавічы”

Вытрымкі з Дзённікаў Максіма Танка і Ніла Гілевіча даслала літаратуразнавец,

кандыдат філалагічных навук Тамара Нуждзіна

Уладзімір Караткевіч

Перад намі паэт. Паэт адметны, свежы, паэт са сваім зрокам, са сваім адкрытым гукам жыцця слыхам і адкрытым болю і любві сэрцам.

З рэцэнзіі "Крэсіва. Іскры. Агонь" на першую кнігу В. Зуёнка "Крэсіва" (Маладосць. 1966. № 8. – С. 129–132)


Генадзь Бураўкін

Гэта кніжка паэта. Не “пачынаючага”, не “здольнага”, а – паэта. <…> Гэта паэт са сваім голасам, з высокай культурай радка. Ён па-за кніжкай перажыў пару літаратурнай маладосці, пару вучнёўства. Да сваёй першай (па ліку) кніжкі ён прыйшоў у поўным узбраенні, добра ведаючы высокія сённяшнія патрабаванні да паэзіі і не баючыся іх… <…> Радуе цэласнасць і шырыня яго светаўспрымання, ашчаднае стаўленне да роднага слова. Радуе яго непаспешлівасць і патрабавальнасць. <…> В. Зуёнак не дапусціў у кніжку старых, вучнёўскіх вершаў, якія калісьці друкаваліся ў газетах і, дарэчы, былі не горшымі сярод сваіх “братоў.


З рэцэнзіі "Выспелена ў сэрцы" на першую кнігу В. Зуёнка "Крэсіва" (Літ. і мастацтва. – 1966. – 10 чэрв. – С. 3)

Рыгор Бярозкін

У В. Зуёнка своеасаблівы – вынаходлівы, тонкі, лірычны – падыход да прыроды. Ён ведае сапраўдную цану чалавечай працы і ўмее расказаць пра гэта, не паўтараючы іншых. У Зуёнка – жывое адчуванне пераемнасці часу. <…> Зуёнак свабодна валодае словам, і слова яго слухаецца.


З рэкамендацыі В. Зуёнку ў члены Саюза пісьменнікаў

Рыгор Барадулін

Такі ён і ў паўсядзённым жыцці, і ў паэзіі – грунтоўны і замроена-дзёрзкі, глыбінны на думку і шчодры на спелае, як густы верасовы мёд, слова.


З прадмовы “Як маланка, нечаканы” (Жніўны дзень : выбранае / В. Зуёнак. – Мінск, 1985. – С. 3–9)

Міхась Стральцоў

У Зуёнка своеасаблівая лексіка, ён часта аддае перавагу слову сакавітаму, шурпатаму, фанетычна багатаму, слову, у якім найбольш поўна выяўляюцца асаблівасці менавіта беларускай семантыкі і фанетыкі.

З артыкула “Зямное прыцягненне”

(Пячатка майстра : літ.-крытыч. артыкулы, эсэ / М. Стральцоў. – Мінск, 1986. – С. 136–143)

Янка Брыль

Добрая мова ў паэме Зуёнка “Маўчанне травы”. Словы, абароты новыя для мяне, нязвычна прыемныя.

з кнігі “Сёння і памяць", с. 237

Анатоль Кудравец

…калі ўспомніць паэму лёсу “Маўчанне травы”? А калі перачытаць і перадумаць “Сялібу”?..

Зуёнак ніколі не быў паэтам верша, ён быў паэтам рамана, паэмы, паэтам вялікай дарогі. <…>

У яго – перш за ўсё слова. І вельмі часта слова, прыцярушанае мякінай няўважлівасці і забыцця. <…> Узнятае з глыбокіх спратаў і прасвечанае промнямі жывога дзённага святла, упраўленае ў рамку слоў-суседзяў, яно яўляе не толькі музычную, а перш за ўсё жыццёва-гістарычную сілу. Тут ужо слова – быт, быт – гісторыя, быт – задача. Урэшце, быт – лёс.

З уступнага слова да першай публікацыі элегій В. Зуёнка (Полымя. – 1999. – № 6. – С. 5–6)

Сцяпан Гаўрусёў

Нача… <…>

Маленькая артэрыя на карце нашай неабсяжнай краіны. <…>

Няхай і не на кожнай карце заўважыш гэту блакітную рыску, але ў сэрцы паэта яна пульсуе неўтаймоўна і паўнагучна… <…>

“Атрымаў томік вершаў на “Прагрэсе” на сваёй роднай беларускай мове… І назва “Нача” – родная. Гэта рачулка, якая цячэ непадалёк ад нас. Невялікая, але вельмі маляўнічая”. Ёсць свед-чанне, што Кавалёнак чытаў вершы свайму нябеснаму пабраціму Іванчэнкаву, перакладаючы незразумелыя словы.

Космас і паэзія! Якая арганічная еднасць!

З артыкула “Сэрцабіццё слова” – у 2-м томе Збору твораў