Біяграфія

Днём нараджэння пісьменніка лічыцца 3 чэрвеня 1935 года. Аднак на самой справе сялянская сям’я Васіля Захаравіча і Куліны Канстанцінаўны з вёскі Мачулішча Халопеніцкага (па тым часе) раёна Мінскай вобласці парадавалася свайму працягу – сыну – 3 ліпеня. Іншая дата – вынік звычайнай для пасляваенных год блытаніны з аднаўленнем дакументаў, знішчаных у нямецкую акупацыю. Пасля вызвалення, у 1944 годзе, Васіль ідзе ў Мачулінскую пачатковую школу. Грамату асвойвае паспяхова і хутка: з першага класа пераходзіць адразу ў трэці і неўзабаве становіцца вучнем Узнацкай сямігодкі. Сталая цяга да вершаскладання абудзілася менавіта ў час школьнага юнацтва – да 1949 года назбіраўся першы “збор твораў”, два сшыткі вершаў. Некаторыя з іх былі дасланы ў газету “Літаратура і мастацтва”, адкуль прыйшоў ліст з парадай “яшчэ шмат павучыцца”. Можа, гэтыя словы і вызначылі лёс Васіля Зуёнка: прачытаўшы пісьмо з рэдакцыі, бацька выправіў сына ў Барысаўскае педагагічнае вучылішча.

“Барысаўскі перыяд” (1950– 1954) змяніўся вучобай на аддзяленні журналістыкі філфака БДУ, куды, маючы дыплом выдатніка, В. Зуёнак быў залічаны без іспытаў. Студэнцкія гады праходзілі ва унікальнай атмасферы, у таленавітым асяродку: у другой палове 1950-х гуманітарныя навукі побач з Васілём Зуёнкам штудзіравалі Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Міхась Стральцоў, Янка Сіпакоў, Іван Чыгрынаў, Вячаслаў Адамчык, Кастусь Цвірка, Барыс Сачанка… Потым іх, амаль равеснікаў ці аднагодкаў, даследчыкі назавуць філалагічным пакаленнем. Пры пэўным падабенстве біяграфій (вясковае паходжанне, абпаленае вайной маленства) кожнаму быў наканаваны свой мастакоўскі лёс. В. Зуёнак, надзвычай строгі і патрабавальны да сябе, не спяшаўся выносіць на суд чытачоў плѐн уласных творчых пошукаў: ад паэтычнага дэбюту ў “Чырвонай змене” ў 1954 годзе (яшчэ раней вершы друкаваліся ў барысаўскай раённай газеце) да першай кнігі пройдзе больш за дзесяцігоддзе.

Выпускнік аддзялення журналістыкі (1959), Васіль Зуёнак назапашвае жыццёвы вопыт, збірае духоўна-эмацыйны багаж – без чаго не магчыма сапраўдная паэзія, – працуючы ў перыядычных выданнях Мінска: у шматтыражнай газеце “Рабочае юнацтва”, у “Піянеры Беларусі”. Журналісцкае судакрананне са светам дзяцінства і юнацтва, відавочна, паспрыяла станаўленню Васіля Зуёнка як дзіцячага пісьменніка. Выдадзены ў 1965 годзе зборнік вершаў для дзяцей “Вясёлы калаўрот” стаў прадвесцем прыходу ў “дарослую” літаратуру яркага, самабытнага аўтара. (Варта падкрэсліць, што і дасягнуўшы вяршыняў паэтычнага Алімпа, творца не пакіне па-за ўвагай маленькіх чытачоў.) Дарэшты ж разбурыла сцяну пакутлівага маўчання і адразу вывела В. Зуёнка на авансцэну тагачаснай беларускай паэзіі кніга лірыкі “Крэсіва” (1966). Яе прыхільна сустрэлі і крытыкі, і літаратурныя паплечнікі, прынамсі, шчыра парадаваўся за аўтара зборніка У. Караткевіч: “Перад намі паэт. Паэт адметны, свежы, паэт са сваім зрокам, са сваім адкрытым гукам жыцця слыхам і адкрытым болю і любві сэрцам”. Нягледзячы на невялікі аб’ём, кніга атрымалася канцэптуальна завершанай, цэласнай. Сёння яе можна разглядаць як разгорнуты паэтычны анонс усёй далейшай творчасці Васіля Зуёнка. “Крэсіва” беспамылкова “высвеціла”, падказала праблемна-тэматычныя абсягі мастакоўскага шляху: ад вясковай хаты – да касмічных вышыняў, ад побыту звычайнага чалавека – да лёсу нацыі, ад маленькай былінкі – да “галактычных” філасофскіх праблем, ад гістарычных глыбіняў – да праекцый у будучыню. Контурна абазначаныя ў першай кнізе пытанні жыцця і смерці, маральнай чысціні асобы, узаемаадносін чалавека з прыродай, захавання нацыянальнай самабытнасці народа надалей будуць паспяхова даследавацца пісьменнікам, атрымаюць ідэйна-сэнсавую аб’ёмнасць, шматграннасць і глыбіню.

Перажытая па-за кніжкай “пара літаратурнай маладосці, пара вучнёўства” (Г. Бураўкін) прадвызначыла высокі мастацкі ўзровень наступных зборнікаў: “Крутаяр” (1969), “Сяліба” (1973), “Качан на п’едэстале” (1973), “Нача” (1975), “Маўчанне травы” (1980), “Світальныя птушкі” (1982), “Лукам’е” (1984), “Вызначэнне” (1987), “Лета трывожных дажджоў” (1990), “Чорная лесвіца” (1992), “Пісьмы з гэтага свету” (1995). Не дзіўна, што многія творы аднаго з лідараў літаратурнага працэсу перавыдаваліся: так, пабачылі свет кнігі выбраных вершаў “Час вяртання” (1981), вершаў і паэм “Жніўны дзень” (1985), "Выбраныя творы" (2010), "Азірнуўшыся, не скамянець" (2013), двухтомнік выбранага, першы том якога – “Гронка цішыні” (1996) – склала лірыка, другі – “Пяцірэчча” (1998) – аднайменная ліра-эпічная пенталогія.

Аўтар кніг замалёвак і нарысаў “Любіць прыроду – любіць Радзіму”, “Працай славіцца чалавек”, літаратурнай крытыкі “Лінія высокага напружання”, шматлікіх зборнікаў вершаў для дзіцячай аўдыторыі.

З канца 1990-х Васіль Зуёнак выступае ў друку з лірычнай прозай – “элегіямі” і эцюдамі. Аўтар кнігі літаратурна-лінгвістычных эсэ, эцюдаў, падарожных нататак "Паміж небам і зямлёю" (2009), зборніка празаічных элегій "Паўстанак з літарай "Л" (2021).

Аматар і знаўца паэзіі розных народаў, Васіль Зуёнак імкнецца падзяліцца яе хараством з суайчыннікамі. Дзякуючы яго перакладам, лепшыя ўзоры рускай, польскай, украінскай, балгарскай, латышскай, літоўскай і іншых літаратур сталі даступнымі і зразумелымі беларускаму чытачу. Выбраныя пераклады склалі кніжку “Знічкі сямі нябёс” (1992).

…Паралельна з няспыннай творчасцю Васіль Зуёнак працуе ў літаратурна-мастацкіх выданнях – намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Маладосць” (1966–1972), галоўным рэдактарам часопісаў “Бярозка” (1972–78) і “Маладосць” (1978–82), – займаецца навуковай і грамадскай дзейнасцю. Без адрыву ад вытворчасці скончыў аспірантуру пры БДУ (1970) і ў 1973 годзе паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1966 года. У 1982-м пачаў выконваць абавязкі сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, а пасля ўзначаліў гэтую мастакоўскую супольнасць (1990–1998). Васілю Зуёнку давялося прыняць удзел і ў працы міжнародных арганізацый – у 1985 годзе ў складзе беларускай дэлегацыі пабываць на 40-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН...

Плённа займаецца творчай працай. Жыве ў Мінску.