Прамень расстайны... : вершы і самотныя строфы (2021–2024)
Васіль Зуёнак
ПРАМЕНЬ РАССТАЙНЫ…
Вершы і самотныя строфы
2021
БЫЦЬ ПАЭТАМ…
Марна пешчу намер патайны –
Самасуд з пажыццёвым стажам:
Задаю такія пытанні,
На якія ніхто не адкажа…
КАЛІ РОБАТ СЯБЕ ЎСВЯДОМІЦЬ…
А скажыце: хіба не паўстане –
Ну, аднойчы! – такое пытанне:
Ці маліцца бяздушным багам,
Ці вяртацца ў разбураны храм,
Ці ў міжзор’і плаваць бяздомна,
Дно шукаючы ў чорным бяздонні, –
Што ж яшчэ застанецца нам,
Формул зваблівых гаспадарам,
Калі робат сябе ўсвядоміць
І стваральнікаў згорне ў абдоймы?..
КАБ…
Каб так: на сумленні –
Ні парушынкі,
Каб для малення –
Ані грашынкі,
Каб на нябёсах –
Ані хмурынкі,
Каб вырак лёсу –
Ані слязінкі…
Тады й спытаю
Ў сябе самога:
А ці бывае,
Каб – анічога?..
Каб ні з парога,
Калі не ў грыме…
А Бог такога,
Кругом святога,
Глядзь, і не прыме!..
МЕНЮ
Адно і ў шлунках, і ў галаве,
І клопат штодня вялікі:
Тым і харчуецца, тым і жыве,
Што шэфу вылізвае чаравікі…
ПРАМЕНЬ РАССТАЙНЫ…
Што схіляешся, сонца, за лесам,
Дню наўслед, без мяне, адзінока, –
Ані слова, маўчком?
І якія ўжо там інтарэсы,
Каб вось гэтак, нічком, –
Быццам штосьці не бачыш звысоку?..
Застаецца са мною тайнай
Твой апошні прамень расстайны, –
Хоць і кажа, што ноч міне,
А ці вернешся ты да мяне…
ДЫПЦІХ ПРАБАЧЭННЯ
1.
Прабач /само сабе/,
Жыццё смяротнае,
За мой дакор табе, –
За незваротнае.
За незваротнае,
Бо неспатканае,
Дзе па-смяротнаму
Ўсе закаханыя.
Што не часовы госць –
Хвала бясспрэчнаму! –
Бо дзесьці ж там і ёсць –
Каханне вечнае!..
Каму ж ты аддало –
Адно-аднейшае,
Каб за маё было
Мне даражэйшае?..
2.
Прабач мне, лецейка,
Прабач мне, светлае, –
Твае адмецінкі
Як запаветныя;
Прабач мне, лецейка,
Прабач мне, цёплае, –
Твае прыквецінкі –
З ільдзінак кроплямі;
Прабач мне, лецейка,
Прабач мне, жніўнае, –
Твае сакрэцінкі
На кон тужлівыя…
Тваіх вачэй пагляд
Асенне свеціцца,
Таму й прашу не ў лад:
Прабач мне, лецейка…
НА ВОГНІШЧЫ КАСМІЧНЫМ…
Ніхто ў сусветнай гонцы
Нікому не сучаснік.
Не верыцца, што сонца
Калі-небудзь пагасне.
Хвала табе, вучонасць,
Ды я паверу хіба,
Што прыйдзе змрок той чорны
І да маёй Сялібы.
Што, па касмічных мерках,
Той дзень ужо так блізка, –
Не вер таму люстэрку,
Зямля, мая калыска.
Не траць надзей і ведай:
Ты зоркам даспадобы.
І на сясцёр-суседак
Не пазірай з жалобай.
Хай маюць на прыкмеце –
Няўжо ўсё выпадкова:
Садоў вясновых квецень
І песня жаўрукова.
А салаўі ў чаромсе!
А Начы рыбны нераст!
А пушчы-хмарачосы!
А з нерушамі верас!..
Якая ж ты старая –
Ты юная абліччам!
Не вер, што ты згараеш
На вогнішчы касмічным!..
РАДАСЛОЎНАЯ
Такая яна скупая,
Такая яна сляпая,
Такая яна няпоўная,–
Мая радаслоўная.
Гукаю – не адгукаецца…
Такі ланцужок маёй памяці
Кароткі:
“Прапрадзед Аўлас…” –
І як не было раней нас…
Маўчанне ў адказ безыменнае.
А мы ж ім ішлі на змену.
А мы ж і тады нараджаліся –
Жылі і з вякамі спрачаліся.
Сахою і плугам у часе
Мой род на зямлі адзначаўся.
І выракам лёсу, казкай
Стаў жыццяпіс наш сялянскі.
Ані магілаў, ні помнікаў, –
Усё, як на ніве: роўненька…
Усё зямля пахавала,
Каб памяць мая сумавала.
Каб я з радаслоўнай кароткай
Шукаў апраўданне продкам.
Шукаў – і адно знаходзіў:
Мае карані – у народзе.
І цемра вякоў не аспрэчыць
Маю радаслоўную вечнасць.
2022
х х х
Адзінае…–
і не буду больш дакучаць,–
прашу:
пад святою апекай
не дай са словам тваім забаўляцца.
Дай, Божа,
і прамаўляць, і маўчаць
не мовай паэта, а чалавека,
і на д’ябла не спадзявацца.
ПЕРАСЦЯРОГА
Калі я зямны палон пакіну, –
Выбачайце, што патурбаваў, –
Уявіце, хоць бы на хвіліну:
Гэта я ўсяго пажартаваў.
Ды, аднак, усё ўсур’ёз прымайце, –
На зямлі не двойчы паміраць.
І перасцярогу ўсё ж на ўвазе майце:
З мёртвымі не раю жартаваць…
х х х
Хай сусвет вякі вякоў гайдае –
Той мяжы не перакрэсліць весняй.
Гэтак Бог расстайным спагадае:
Ці са мной у пекла, ці ўваскрэснеш,
Але застанешся толькі тая –
Вечная і вечна маладая.
ЯК ДА МАЦІ…
…я да зямлі, як да маці…
Марыя Вайцяшонак
Да зямлі, як да маці:
І ў святлынь, і са скрухай,–
Як з паклонам, схіляцца,
Каб травінку паслухаць.
Каб у кветках прадоўжыць
Лёс падступны, Марыя
І замовіць ім дожджык,
І ад сцюжы закрые.
Водгук сонечнай раніцы
І вячэрняга роздуму
Свету ўслых прамаўляецца
Чуйным вершам і прозаю.
І адкуль ты, Бог знае,
З гэткай тайнаю песняю:
І такая зямная,
І такая нябесная?..
НЕ СКАЖУ…
Цёплы дожджык-грыбасей
Поўны кош грыбоў нясе.
А спытаеце: “Каму?” –
Не скажу я. А чаму?
Бо тады пачнуць пытацца:
Дзе той лес, і як дабрацца?
На машыне? Пехатой?
Дзе той мох і неруш той?
Дзе спаткацца з грыбасеем,
І паганкі ці нясе ён?..
Ці вялізны ў яго кош?
І ці ходзіць басанож?...
Так да саменькага рання
Набярэцца кош пытанняў,
Поўны кош размоў пустых,–
Ды і клопатаў маіх.
Бо мне трэба – помню ўсё ж:
Грыбасею несці кош
Незагружаны, парожні…
Дык хіба адказваць можна?!.
ТВОРЧЫМ ДУЭТАМ…
П’юць натхнёна з нябеснага каўша
Па-зямному –
Неўпатольныя:
Цела ўпойнае і вольная душа.
І ўпіваюцца абое
Па-застольнаму…
АПОШНЯЕ ФЕНІМІСТЫЧНАЕ
ЯК:
Не быў бы сабака сабакам,
Калі б не сабачы брэх…
ТАК І:
Не меў бы мужчына і знаку,
Калі б не ў штанах прарэх…
“ПА-ДАРВІНУ”…
Не ў крыўду Адаму з Еваю
Ён з малпай радство шукаў, –
І што ж у тым неспадзеўнага:
Усё ў адзіных руках.
Як маем жыццё то бяздарнае,
То малпападобнае ўшчэнт, –
Дык, можа, якраз што “па-Дарвіну”
Быў боскі эксперымент?..
ШТО Ж, ПАБАЧЫМ…
Адыходжу. Цемра ночы
Будзе ззяннем прамянець…
А жыццё наўслед прарочыць:
–Во дзе ўспомніш пра мяне!..
Што ж, пабачым. Шкадаванне,
Можа й праўда, скалане?
То ці ж след з такім стараннем
Забіваць цвікі ў труне?!.
ПАД ЗАВІРУХУ…
І ноч гавею,
І дзень быў посны, –
Не разумею,
Невыносна!
Бяссонню ў вочы,
Маўчанню ў вуха
Завыць па-воўчы б
Пад завіруху…
ЗНОЎ ВЯСНА…
Маёй бярозе пад акном
Зноў вясна, зноў чаканне:
Што там вырай нясе?
Ці з душы здыме камень
І крылом растрасе,
Ці пакіне да лета,
Каб маланкай спаліць?..
У вясны шмат сакрэтаў,
І кожны баліць…
А бяроза, як прошча,
Ды маўчаць каташкі…
Зноў – вясны даўняй роспач
І надзеі шматкі…
ЯК ПРЫСУД…
Кожны дзень вясна ў фарысеяў:
Зерне слоў няўсходжае сеюць.
Потым лету дань аддаюць:
Што ўзрасло з таго зерня, жнуць.
Тут жа й восеньскі клопат турбуе –
І малоцяць штодня на трыбуне.
Разам мелюць, і квасяць, і месяць, –
Во дзе важна язык падвесіць!..
Не злічыць, колькі захадаў трэба,
Каб, нарэшце, дабрацца да хлеба,
Ды яшчэ ж каб да свята спячы
Караваі і калачы!..
Ох…
Даў жа Бог!..
Так штодня – і за годам год, –
Як прысуд: “Накарміць народ!..”
КАСАЦЫЯ
А як жа грэшніку таму
Пакутаваць у пекле,
Каму жывую галаву
Яшчэ ў жыцці адсеклі?..
ПЛЫВЕ ЧОВЕН… –2
Плыве човен, вады повен,
На бок пахіліўся, –
Дзе вы, хлопцы, дзе, панове,
Гэтак напіліся?
На чыім змаглі вяселлі
Так начаставацца,
Што ў дзіравы човен селі,
Каб з Дняпром змагацца?..
А была адна на ўсіх нас
Гэткая прычына,
Што кахалі, як на ліха,
Мы адну дзяўчыну.
А яна была адзінай
Аднаму другому, –
Дзе гулялі, дзе хадзілі,
Толькі ім вядома.
Нам адно і засталося:
Замуж аддавалі.
Як збылося, так збылося:
Гора запівалі…
Як адна на ўсіх прычына –
Ніхто не віновен.
А пасаджаны дзяўчынай
Мы ў дзіравы човен…
НАЎЗДАГОН ПАЭТЫЧНАМУ САЙТУ…
А вершы з лёсам амаль чалавечым:
Вечна маўчалі – і раптам пачуліся,
Як з небыцця, да мяне адгукнуліся.
Ды Інтэрнэт зноў палоніць у вечнасць:
Адкуль прыйшлі, туды і вярнуліся…
х х х
Так Бог звязаў –
На вечны час:
Твая сляза
Ў маіх вачах…
ДУБУ Ў ТРЫ АБХВАТЫ
Вянец лясной раскошы
І вечны вартавы –
Мне сам, хоць я не ўпрошваў,
На дружбу даў правы.
Мне вам насустрач выйшаў:
З пушчанскай глыбіні
Ўзнялі – за неба вышай –
Зямныя карані.
Пад кронай вузлаватай
Я ў захапленні стаў,
Знаёмства ў тры абхваты
Абдымкам змацаваў.
З таго і пачалося:
Упоруч нас вялі
Грыбныя лета й восень.
І ў лад грамы гулі.
І дождж – грамоў страсеннік –
Праходзіў басанож
І нерушы падсейваў
Нам шчодрыя.
Ды ўсё ж…
Усё ж – прасі-выпрошвай:
Не ўгледзелі, калі
Да нерушаў апошніх
Нас сцежкі прывялі…
Адно цяпер – гукнуся
З ім пад грыбныя сны:
–Жыві і раскашуйся,
Мой пабрацім лясны!..
Не верачы ў вяртанні,
Хацеў бы толькі ўзнаць:
Калі мяне не стане,
З кім будзеш сябраваць?..
ПАЛОНЕНЫ…
Слоў неспадзеўных
Нябесны прылёт,
Як дожджык засеўны
На мой агарод.
Замоўлю ад церній,
Унікну акрас:
І ў слове, і ў зерні –
Пытанне й адказ.
Палоняць: і допыт
Нябесных гасцей,
І сейбіта клопат:
А вось ды ўзрасце!..
ЗА ЎСМЕШКУ…
Перад гэтай сустрэчай
Галаву не схіляю:
”Добры дзень!”, “Добры вечар!”–
Як ва ўсмешцы Някляеў.
Перад ёй – без ахвоты
Адступаюць згрызоты,
Грэх – да чорта ў балота,
І самота – на потым.
Лёгка з ёй і прыветна,
І не думай пры гэтым:
“А Някляева ўсмешка –
Ці аванс? ці пацешка?..”
Што хацеў бы аспрэчыць,
Ён за ўсмешку хавае:
Штосьці знае аб нечым…
Не сказаў – але знае.
Ад яе не ўхіліцца,
Не ўцячы, не схавацца –
І адным бараніцца:
Ёй сустрэчна ўсміхацца.
ВЯРТАННЕ
Нараджэнне й смерць у тым прысудзе.
А прысуд – імгненнае жыццё.
Не было мяне, як і не будзе.
З небыцця вяртанне ў небыццё.
ТВОРЧЫ РОСТ
Кляшчом у рыфмы на хвасце
Раскашаваўся і тлусцеў.
СЛАВА
Славу браў ён на прыцэл –
Вось, здаецца, грымне стрэл!
Толькі стрэлу не было:
Славу, як мятлой, змяло.
УЗАЕМНАСЦЬ
Геній! Геній!! Геній!!!
Са ўзаемаацэнак
Муза шчодрай жменяю
Сыпле рыфмы генію,
Бо ў таго цяпер наўме:
“Тройчы сып – і тройчы мне!” –
Рыфмаваць пахвальнасці –
Клопат геніяльнасці.
КАТАРАКТА
Пра грыбную згубу –
у дзень аперацыі 29.09.22.
Лес і пералескі
Зналі без абвесткі,
Як спяшаў я з хаты
На грыбное свята.
Неруш з бору й пушчы
Мне ішоў насустрач.
Ну а хто намерыўся
Затаіцца ў верасе,
Я для гэткіх докаў
Меў грыбное вока.
Дык жа нейкі грыб паганы
Прычыніў на вока рану:
Заманіў мяне ў гушчар
І галінкай шлёгнуў твар…
Хоць укол нязначны быў,
Ды крышталік не забыў
І з гадамі – а не раптам –
Пераймаўся ў катаракту.
А замест сябе навучна
Воку ўвёў крышталік штучны.
Дзякуй медыкам! – Але
Папярэдзілі мяне,
Каб за цяжкі груз не браўся,
Каб у працы не схіляўся
Дужа нізка галавою…
Ну а як тады “Грыбное”?!.
Як пад лапнік зазірнуць,
Як падмошнік разгарнуць,
Ды, дзе неруш весяліцца,
Як грыбам мне пакланіцца,
І цару “Грыбнога”
Як упасці ў ногі?..
Пра грыбную згубу
Вестку дам я дубу:
“Дубе-браце, выручай:
У мяне грыбны адчай!..”
Можа дуб мой “ў тры абхваты”
Спыніць медыкаў дэбаты:
“Кош бяры – і ў лес гайда:
Сам грыбы табе аддам!..”
“ГРЫБНОЕ”
Напамін,–
Бог лясны на карту ўзяў
Царства – і абнове
Ён па-царску назву даў:
“Царскае Грыбное”.
А вось дзе яна стаіць
Цуда-кропка тая,
Бог наважыў утаіць:
“Кожны Сам шукае!..”
грыбніку – бестэрмінова:
ад першага грыба –
і назаўжды…
ЯК ЗНАЎ…
Адпрэчваў Хрыстос злога д’ябла гайню,
Каб ад шаленства пазбавіць народ.
А д’ябал пішчом усяліўся ў свінню, –
Як знаў, што ўсіх дзеліць на “захад” і “ўсход”…
Вось так і паставіў пытанне рабром:
Хто ж пашкадуе ахвярных свінней?
І не канчаецца спрэчка дабром:
“Захад” –
Есць сала,
“Усход” –
Кляне.
ПРАСМОЛЕНЫ
Наіўнасць ліпнецца смалой:
Як ад расправы злодзей,
Хаваюся ад бабы злой
І веру, што не знойдзе…
ВЫБАР
Прапануе анкета
Ў паэтычнай чакальні:
Быць сапраўдным паэтам
Ці слыць геніяльным…
СПЫТАЮСЯ…
Нанізваю думы па слоўцу.
Калі ж абарвецца ніць,
Спытаюся ў сябра-ядлоўца:
–Табе цішыня не баліць?..
СХОДНІ
Дзень турбаванняў неадменных
За даляглядам часу знік.
Ноч падключае дню на змену
Ўспамінаў вечны рухавік…
ПРАЧНУЎШЫСЯ…
У пяць нуль пяць вярнуўся з раю –
Каго шукаў там, не знайшоў.
Сноў бесканфліктных не бывае –
Прыходзіў Бог, ды не зайшоў…
х х х
І было заўжды, і будзе
Толькі грэшнае каханне.
Дзве віны і двое суддзяў –
Тут сам Бог караць не ў стане.
КРУМКАЧ
Ён чорны, як Малевіча квадрат,
І лётае, бо ўсім крылатым брат.
Адно пытанне крумкачу карціць:
Чаму, як ён, квадрат не паляціць?..
ЛАПАЦЬ
Як безнадзейныя
з мінулым перазовы,
Жыве музейна
лапаць мой лазовы…
ВАЛТОРНА
З музычнага лёсу Адама Русака
І знаць не знаў калісьці аб валторне:
І хто яна такая, і адкуль…
А зараз чуйна да грудзей прыгорнеш –
І пацалунак вуснамі смакуй.
На ленінградскіх сцежках не святыя,
З кансерваторскіх цвелячы азоў,
Яна табе пра Моцарта, а ты ёй
Пра песенны з Пясочным перазоў.
–Ты не знаеш, валторна,
Як там вольна і зорна…
І чуеш, як пытае арфа ў флейты:
“Спытаць бы ў дырыжора: што за знак –
Ці гэта ў сімфанічны лад куплеты,
Ці скрыпцы здрадзіў ён, Адам Русак?..”
О не! Ёй вернасць не згубіў маэстра,
Яны ад нараджэння спарышы.
Валторна горне толькі да аркестра,
А скрыпка ў роднай хаце для душы.
– Салаўём там у садзе
Валтарніст-ленінградзец…
х х х
Як з будучыняй былое,
Як вечнасць – вякоў вякі,–
З бязмоўнаю маці-зямлёю
Зраўняліся два грудкі.
І ў памяці ўсё замяло:
Чыесьці – дзядуля, бабуля?.. –
Як быццам іх і не было,
Як быццам аб іх і не чулі…
І толькі да неба лазейку
Яшчэ зберагае для іх
Ядлоўцавы куст-самасейка –
Як лёс, адзін на дваіх.
СПАЧАТКУ…
А будзе ж яна, бясконцасць,
Без сонца, як і да сонца.
А я, хто сёння жывы, –
Якія ў мяне правы,
Якія наканаванні,
Быць, як мяне не стане?..
Пакінем жывым загадку.
Але – пажывём спачатку!..
х х х
Зямны азіраю шар
З падступнай думай балеснаю:
Беларусь… – ці ты Божы дар,
Ці ўпала сляза нябесная?..
2023
ВЯСЁЛКА
Крышталь акрыленай вады
І сонечны прамень – сышліся,
Каб свет стары, як малады,
Заззяў у паднябесных высях.
Так выпадае на дваіх –
Як цуд зямны – адна сустрэча:
Лёс ці выпадак – толькі міг,
Вясёлка ў небе чалавечым.
І тыя, што сышлі ў нябыт,
І хто яшчэ не нарадзіўся, –
Жыцця імгненнага іспыт
Сямікалёрнае адзінства.
З’ЯЎЛЕННЕ…
З нябёсаў – ліпеньскі лівень,
А з ім – з сакрэтаў сакрэт, –
Кропелька явы бурлівай:
Маё з’яўленне на свет.
Слязінка шчаслівая ў мамы,
І тата – богам з багоў…
І водгуллем сэрца майго –
Маланкі кардыяграма…
ФРАГМЕНТ ДЫЯЛОГУ З МАКСІМАМ
…І жыцця ўжо апошнія гоні,
А Радзіма ў сэрцы баліць,
І сыноўніх дум у Пагоні –
Не спыніць, не спыніць, не спыніць!..
НАЧНОЕ…
Як пытанне над маёю доляй
Месяц, ненавіснік сноў начных:
–Ці не час ужо табе адолець
Прыцягненне клопатаў зямных?
Ці не лепш хіба ў сусветнай хаце? –
Толькі ў неба перайсці мяжу…
–Што ж ты так раздобрыўся, мой браце?!.
Прычакаю сонца – і скажу.
ЗМЯРКАННЕ
Як певень, захад –
чырвоны грэбень –
хмурынкі-крылы
ўразлёт ускінуў,
чакае: хто ж
на падворку-небе
сыпне зярнятак…–
хоць бы й з мякінай…
Не дачакаўся – не ўгледзеў:
поўня
на двор выносіць,
як гаспадыня,
зярняты-зоркі
сяўнёю поўнай, –
а ён знікае
за лесам сінім…
х х х
Ноч схіляецца ў цёмным паглядзе –
Ні прыспаць яго, ні загушкаць.
На рахунак савы – час крывы,
Час улукаткі. І не прыладзіць
Ні галаву да падушкі,
Ні падушку да галавы…
Што пытаешся?.. –
Хопіць пытанняў! –
Ноч, давай заключым саюз:
Ты прыходзь, каб прынесці адхланне, –
Без цябе ў пытаннях пагруз…
Знаем: хто і калі адкажа, –
Але сон маўчаннем уважым…
АДНЫ КАРАНІ…
Бяззубая мякаць начной цішыні
І хрумсткага яблыка крохкая памяць, –
У вас з адзінотай адны карані,
А шчодрую глебу знаходзіце самі...
х х х
А што такое Сусвет,
Калі ні ў межах, ні ў часе?
І як разгадваць сакрэт,
Калі й адказ не зачаўся:
Не знае й Сусвет, што яго
Няма.
Не было і не будзе…
Дык не турбуйцеся, людзі,
І меней стварайце багоў.
Інакш немінуча паўстане
“А што за Сусветам?” пытанне…
х х х
Табе і лёс – табе і воля, –
Дарогу славай не зняслаў.
Калі ўзлятаеш, не вымольвай,
Каб Бог саломкі падаслаў.
Калі няўправіца – гартуйся, –
І з крыўдаў плот не гарадзі.
Калі ў жыццё прыйшоў – гуртуйся,
А паміраеш – будзь адзін.
СПЕЛАСЦЬ…
Ёсць злое хрышчэнне:
“спелы лес”, –
То бок, гатоў
пад пілу і сякеру.
Такі ж і ў вайны
“лясны” інтарэс:
Паспеў чалавек, –
і ў самую меру…
ВОЎК
Хоць сон змарыў, а ў чарадзе
Ваўку баранчык сніцца:
На паляванне воўк ідзе –
Ваўку і ў сне ваўчыцца.
КЛОПАТ
На диком бреге Иртыша
Сидел Ермак, объятый думой…
Своё мы дело совершили:
Сибирь царю покорена…
Кандрат Рылееў.
1821.
А гэта ж ён, нагадаем, будзе адным з пяці
пакараных смерцю кіраўнікоў снежаньскага
1825 года паўстання /”восстание
декабристов”/ супраць царскага рэжыму.
Такія вось“неспадзеўкі” гісторыі і лёсаў.
Краіна вялікая:
Прайсці з краю ў край –
Не здыхацца.
А як жа было – някліканым –
Данесці ўдалеч
Свой рай,
З-за свету амаль што
Выхадцам.
Ды як жа іначай!
Яно і належыць
“Объятым думой” рылееўскай
Святое пакліканне: растаежыць
Тубыльцаў, што ў лёдзе прыгрэліся…
І пайшлі “ермакоўцы” – за раццю раць –
Адольваць бязмежжа таежнае,
Прыносячы клопат царам цараваць
І стрэмку Кітаю сумежнаму…
КАЛІ КАР’ЕРА ПЕТУШЫЦЦА…
Калі кар’ера петушыцца грэбнем,
Каб кукарэкнуць: не злічыць удач! –
Адно і бачыш: не жыццё, а рэгбі,
Дзе лёс нясуць, як каркаломны мяч.
А ўзвязку з грэбнем папугаіць гальштук:
Выява – хоць у Афрыку ляці –
Цераз валлё, да дзягі
І амаль што
Да…
Адно бяда –
Карціць:
Што тояць рабацягі?
Ці дойме ёрш “чакушачніка” з фальшам?
Ці?..
ЧАТЫРЫ СЦЯНЫ…
Чатыры сцяны, – няйначай
У будцы сяджу:
З ціхаю думай сабачай
На волю гляджу.
Не спачуваю сабаку –
Зайздрасць бярэ:
Зайздрошчу яму, небараку,
У золь на дварэ.
Ды не мая завіруха,
І не мая
З ёй весяліцца скруха,
А разам з імі і я.
І вецер мне не даступны –
Злы, нізавы…
О вецер, не шастай тупа,
А за мяне завый!..
УРОК
Апоўначы, калі згусцелы змрок
Не пранізаць ні позіркам, ні думкай,
Мне вечнасць паўтарае той урок,
Што ўсім дае жыццё для паратунку:
“Не смерці бойцеся, а бойцеся мяне, –
Так дакляруе ўсім яно дарогу.–
Усё скасуе смерць: як абміне.
Я ж не прабачу: і нікому, і нічога…”
х х х
Што ж, і ў вечнасці
пэўныя ёсць агрэхі, –
Ці можа. чагосці
век мой зямны не спасціг?
О смерць, няўжо ты стварыла жыццё
для ўласнай пацехі,
Каб не сумна адной
былося табе ў небыцці?..
А ВЕРША ШКАДА…
Усё было, як бывае ў сне, –
Губляеш тое, што не знайшоў.
Было нас трое: апроч мяне
Былі Законнікаў і Куляшоў.
І верш Куляшова хваліў Сяргей,
Напамяць сыпаў цытаты.
І самы, здаецца, быў апагей,
Ды класік сказаў вінавата:
–Прабачце, хлопцы, – усім свой час…–
І знік, і сон абарваўся.
А верш? Няўжо, і ён зляцеў ад нас
І ў небыцці застаўся?..
Я тут жа Сяргею тэлефанаваў, –
Даводжу, прыгода якая:
–Ды ты ж там напамяць верш цытаваў…–
А ён аб тым знаць не знае!..
Яшчэ па-законніцку пажартаваў,
Такой абышоўся парадай:
–А ты не смуткуй – не маўчыць трава:
Твой сон і твой верш, – сам і згадвай.
Ды я нічагуткі не прыгадаў.
Сяргей не памог, і бяда ўся –
Няма Куляшова… А верша шкада, –
Магчыма б і мне прыдаўся.
СПОСАБ
Ходзяць розныя дзейкі,
Дайшлі й да мяне:
След касмічна-індзейскі
Перад новым змарнеў.
Той паданнямі сведчыў
Аб прылёце гасцей
З іншасвету, што вечнай
Нам загадкай карцеў.
Ды не зладзілі мовай,
Не пайшло й наўздагад, –
Толькі плюнулі моўчкі
І зляцелі назад.
Аж да сёння зямляне
Трацяць попусту час:
Як на тое пасланне
Даць, нарэшце, адказ.
Не памогуць тут словы, –
А такіх і няма!..
Ды адзін адмысловец
Адшукаўся: “Дарма
Вы мазгі не мазольце, –
Спосаб ёсць! Не ўстарэў:
Для кантакту дазвольце
Мне адправіць гарэм!..”
НЕ РУШ…
Не руш, не чапай,
якая табе справа!..
Прыгаворка.
І пэўны лес, што я вярнуся,
І знаюць нерушы мае,
Што звыкла зноў перагукнуся,
Як дзень сустрэчы настае.
І вось – бярэцікам з-пад моху –
ЁН!.. –
Нібы ўсіх узварушыў:
Кульнуўся жук з перапалоху,
Бягуць здзівіцца мурашы.
А я схіліўся ў захапленні! –
Зваліўся долу капялюш.
Сам кій укленчыў паралельна!..
–Вось вам і нЕруш! І не рУш!..
Было: 11 жніўня, 2023.
ДЛЯ ГІСТОРЫКА…
Уладзіміру Арлову, –
25.08.2023.
Што эпохі, вякоў гады –
З імі ён заўжды малады!
Для гісторыка сем дзесяткаў –
Як разгон на пачатак пачаткаў!
VITA!
Якім народам і які
Наканаваны Боскі суд –
Між неаспрэчных ёсць такі:
Цераз пакуты і вякі
Жыць будзе Беларускі Цуд.
МЯДЗВЕДЗЮ-2023 /па-сяброўску/
Паветра густое, як мёд,
Завісла ў пчаліным гудзе.
Мядзведзі “пайшлі ў народ”,–
Міхал гараджанінам будзе.
Лавіна навінаў з газеет
І здымкаў у Інтэрнэце,–
Мядзведжае тэмы сакрэт
Ва ўсіх як ёсць на прыкмеце.
Што з лесу завабіла іх
На наш індустрыйны волак? –
Загадку смакуе, як жмых,
Дысертацыйны заолаг…
І я разгубіўся амаль:
Ці жыць ты ў лесе не згодны,
Ці ў вас тут які фестываль
Мяркуецца прынародна?
Скажы мне, браце мядзведзь,
Нашчадку Зялёнай пушчы:
Як мне цябе зразумець:
Я ў лес – а ты мне насустрач.
Міхаська! Пільней выбірай!
Развага й мядзведзю не шкодзіць.
Не думай, што тут у нас рай
І ўсё захлынаецца ў мёдзе.
Адразу з прапіскай на ўлік
Прыдбаеш хамут канкурэнцый,
А потым – зламаеш язык! –
Сімпозіумаў ды канферэнцый.
Паставіць у межы закон –
Адпомстка пушчанскай здрадзе, –
Патрапіш у вольны загон,
Яшчэ й на ланцуг пасадзяць…
Мяне мае сцежкі вядуць
У лес ад звягі і тлуму.
А ты – на якую бяду
Пакінуць прыволле надумаў?
Калі пажывіцца, яно
З такімі і ў нас завозна.
А жыць… Не гуляй у кіно!
Вяртайся, пакуль не позна!..
х х х
А вас не палохае, што экран –
Камп’ютарны – на калені,
Як улюбёна-бяздушны тыран,
Ставіць бязкніжнікаў пакаленне?
Вучыць, як невуцтва перамагчы,
І ён на парозе ўжо – век той:
Знаць аб усім і ні аб чым, –
Плод інтэрнэтаўскага інтэлекту.
х х х
На тое ў прыроды
боскае права –
Быць вечным жнівам
у вечнай сяўбе:
Травінка і камень –
жывыя праявы,
Душа, затоеная
ў самой сабе.
ТЭМА
Гукаю дальнія планеты,
Пра іх людзей
Дапытваюся ў Інтэрнэта…
А водгук дзе?
Маўчыць камп’ютар, як пытае:
–А ты пра што?..
Сусвет пра водгук знаць- не-знае
І нават рэхам не вяртае, –
Няма мастоў.
І хто мой голас прывітае? –
Бадай, ніхто…
х х х
Абразаць камунізму пэйсы,
Як шукаць у бяссэнсіцы сэнсы.
х х х
Бюракрата ад крэсла адпрэчыць,
Як шлагбаўму ілбом запярэчыць.
х х х
Што здзейсніў лёс і што не змог,
Што не паспеў, хоць абяцаў, –
Дае ўсяму замену Бог:
Свет без пачатку і канца.
ЛЕС
Як падступіцца, каб сакрэт
Спрадвечны разгадаць,
Мне лес заўсёды неўпрыкмет
Патрапіць падказаць:
Знай, што карэніцца палёт, –
Шляхоў няма прасцей…
Як лес дрымучы, спіць народ,
Але расце. Расце!
ЗЯМНОЕ НЕБУ…
Люблю – лясоў і ніў адданец –
Нябёсаў зорных вышыню.
Каб грэх зямны не закайданіў,
Малюся зорнаму агню.
Калі бушуюць зарапады,
Зямлі не чую пад сабой, –
І толькі небу падуладны
Мая душа і смутак мой.
ЗАПАС
Просьба да Міхася Скоблы
Я словам сваім з васільком
Са сцежкі жытнёвай збочыў:
Максім Багдановіч “Вянком”
Мяне прысуседзіў аднойчы.
Хоць я не Кухта Марцін,
Ды з выдавецтвам спазнаўся,
І мой васілёк адзін
Для кніжкі-малюткі прыдаўся.
Мой сказ залучыўся ў “Вянок”
Да кветак цудоўных Максіма.
А кніжачка – радасці ўток:
Для падарункаў магчымых.
І мне пра Максімаў сакрэт
Шаптала сяброўкаю вернай,
Ды знікла яна неўпрыкмет –
У пераездах кватэрных…
Між кніжных лаўцоў не шкаляр,
Міхась, кнігалюб падкуты,
У сховах друкарскіх ахвяр
Знайдзі мне бяглянку-малютку!..
Знайшоў! А вялі сляды
Якраз у яго гнігасховішча:
–Запас не чыніць бяды! –
Запас выпраўляе становішча.
ЯК ДА СВЕТЛАЙ КРЫНІЦЫ…
Сястры
Зінаідзе Васілеўне – на 100-годдзе
Зінаіда, Зіна, сястрыца…
Да цябе, як да светлай крыніцы, –
І да слова твайго, і да голаса,
Што ўспамінам – “было-не-збылося” –
То вясновую песню прыносіць,
То зімуе нязжатым коласам, –
Зінаіда, сятрыца, Зіна –
Мой праменьчык апошні з радзіны,
Дзён Сялібы куточак адзіны,
Дзе душой неспатольна грэюся, –
Свята ў ёй, як з табою сустрэнемся, –
Да цябе прыпадаю ніцма,
Каб вадзіцы жывой напіцца,
І схіляюся ў нізкім паклоне:
Хай цябе Усявышні бароніць
І спагадліва. і ўсяісна
ДНЕСЬ і ПРЫСНА.
АЛЕ…
Лёгка сонца на небе ўзыходзіць,
Лёгкі хлеб гарадскі на стале,
Лёгка жыць пры сваім народзе, –
Лёгка ўсё з Божай ласкі.
Але…
ЗАГАДКА
Як устане,
Дык і неба дастане, –
Вось такая зямная дарога
Да Бога.
НАВІНА
Цёплы вецер прыляцеў
З навіною на хвасце,
З пахвалой у барадзе:
–Вунь за мною дождж ідзе!..
Дождж вясёлы –
Туп і хліп:
–А за мной выходзіць
Грыб!..
Я – за кошык:
–Як? і дзе?!.
–Далей лесу грыб не йдзе! –
То азваўся баравік:
Голас даў – і ў нетрах знік.
Тут гукай ці не гукай –
Сэнс адзін: ідзі шукай!..
І – звідна і дацямна
Водзіць лесам навіна…
ПА-ЛЮДСКУ
То мільгом, то нехаць
Дні і ночы йдуць, –
На чыю пацеху,
На чыю бяду?
Дзеліць час не сквапна, –
Дык жа – хэнці раб –
Той ціхенька хапне,
Той бярэ ўнахрап.
Ад такіх узбоччаў
Маю абярог:
І душа не хоча,
І не раіць Бог.
Мне па-людску будзе
Ўдосталь аднаго:
Мець, што маюць людзі, –
Толькі і ўсяго.
ЧАС
Если я обращу человечество в часы…
Велімір Хлебнікаў.
Хто сказаў, што часу ў абрэз?
Ён паўсюль – усяісна і спрэс!
Толькі Бог адпусціў для нас
З вечных сфер чалавечы час.
З гэтым часам нам суджана жыць, –
О, як трэба ім даражыць!..
Ён і ёсць і няма. Ён час:
Не набярэш у запас.
Яго ні купіць, ні прадаць,
Ні ў спадчыну перадаць.
Як былога нельга вярнуць,
Так і ў будучы зазірнуць.
Час згадак і летуценняў
Не час – толькі часу цені.
Час адзіны – і толькі мой:
Тчэ па мерцы жыцця сувой.
І па-боску будзе якраз:
Раз’яднае і злучыць час.
А не будзе нас – і тады
Час не спыніць сваёй хады.
Па-за часам заўсёды час –
Сам сабе пытанне й адказ.
А пакуль што ні страху ў мяне,
Ні турбот аб яго цане,
І наўздзіў паэзіі “смехачу”
Сам насустрач часу лячу.
Дзякуй, Хлебнікаў Велімір:
Твой час для майго – паэтычны кумір.
І смяхач, і “Часу ўладар”, –
Паважаю твой боскі дар,
А сустрэнемся – прамаўчу:
Не заплачу і не заплачу.
KTÓRA GODZINA
Перакладаючы ноччу Адама Міцкевіча
Над соннаю Віслай
Агнямі навісла,
Схілілася нізка
Ў спакоі Варшава, –
Да сну запрашае…
А голасам Мінска
Гукаецца Свіслач:
–Дзень добры, сястрыца!
Як хваля бруіцца?.. –
І чуе на дзіва:
–A która godzina?!.
–О пані Варшава!
Няўжо разбудзіла?!.
Я перапрашаю!..
О пані Вршава,
А ў нас ужо ранак:
Амаль залачае… –
І ледзь не з адчаем,
Са сном адабраным:
–Дабранач! Дабранач…
СТОМА
Пад няголеную шчаку –
Замазоленую руку, –
Сон, сон, сон… –
У неба з зямлі –
Саломку сцялі! –
Падаю… Ці лячу?
Сон, сон… –
Уратавацца хачу:
Як парашут, парасон…
Сон…
НА ЗІМНЯЕ СОНЦАСТАЯННЕ
Ноч нетаропка брыдзе,
І самы кароткі дзень
Сонцу “Ратуй!” крычыць.
Як табе, дзень, памагчы?
Мне б ды рыштунак які:
Хітрыя ў года замкі.
Як жа з іх той адамкнуць:
Сонца на лета вярнуць?
Ад кожнага дня ключы –
Трыста шэсцьдзесят пяць! –
Я перабраў…
Маўчаць,
Не паддаюцца замкі, –
З календаром тупікі…
А на душы халады…
І застаецца мне
Сонца ў зімнім акне –
І то зрэдзьчас, не заўжды…
Што ж, і такое прашу:
–Сонца, сагрэй душу.
І чую:
–На гэтым прыгрэйся,
А потым – чартарным рэйсам –
Да вечнага сонца шлях.
Там ад яго не збочыш:
Сонца наяве і ў снах, –
Ні дня табе там, ні ночы…
О не! Я зусім не ахвочы
Пайсці на абмен такі.
Як сонца вякоў вякі
Свяціла – няхай і свеціць, –
Не важна зусім – калі,
Але каб тут, на зямлі:
Па-летняму шчодра – у леце,
Па-зімняму крышку – зімой, –
Жывому ўсяму на свеце,
І – на рахунак мой...
ПЫТАННЕ І АДКАЗ
Пярэчу і жартую вершам,
І лёс прарочу, як шаман…
Няўжо і ты таксама верыш
У паэтычны мой абман?
Ці веру? Не хачу даводзіць,
Ды будзеш сам таму не рад,
Як твой абман са мной у згодзе
І стане праўдай акурат.
НІТКА
Ёсць нітка часу і ў мяне –
Час і мяне не абміне.
Цяжэй смяротнаму ўявіць,
Што апроч часу ёсць і ніць.
Ніць – а не нітка, што ў краўца.
Ніць – без пачатку і канца.
Як іх злучыць, не скажа Бог,
Каб чалавек злучыць не змог.
ВАСІЛЬКОВЫЯ БАРЫШЫ
Не сею, не жну, не кашу,
А ў Бога паслабкі прашу:
На хлебаробаў харчы
Прашу і мяне залічыць.
–Ці помніш: калісьці ж былі
І ў мяне на руках мазалі?
І было, як у добрых людзей,
З працы ўсё і з ціхіх надзей.
Выжываў мяне з вёскі не голад –
Запрашаў па навуку горад.
І ў далёкі бок павяло
Ад касы-літоўкі сціло.
Не заўважыў нават, калі
З рук пазгладзіліся мазалі.
Бо цяпер я не жну, не кашу:
Я на хлебную пайку пішу.
Толькі гэта “пішу-не-пішу”
Ўсёадно як без працы грашу…
Усміхнуўся Бог:
–Пачакай,
На грахі свае не наракай.
І давай пачнём не здалёк –
З поля гэтага, дзе васілёк
Прыгажосцю вітае нябеснай.
Дык жа словам яму і песняй
Адгукніся, – твой лёс такі:
Несці ў душы людзей васількі.
Гэты кветкі і я люблю.
Як скірую пагляд на зямлю,
Дык, паверыш, раблюся зусім
Я нібы Багдановіч Максім,–
І гатовы за ім паўтарыць:
Васільком я шчаслівы быць.
Ды і слову хвала мая,
Бо з яго й пачынаўся я.
Вось таму і кажу: “Далібог,
Можа б я табе й дапамог
І пусціў бы зямельку араць,
Калі б сам умеў рыфмаваць.
А таму – што паробіш! –пішы:
Васільковыя ў нас барышы.”
НА ГОЛАС…
27.12.2023.
100 год з дня нараджэння
Анатоля Вялюгіна.
Вёсны адкасіла,
Луг сышоўся клінам, –
Вусны закусіла
Над ракой каліна…
НЯБЁС НАБЛІЖЭННЕ…
Валянціне Мацвееўне Зуёнак:
перад Вечнасцю…
Хвіліны зямныя,
Нябёс набліжэнне…
Як сэрца заные,
Як думы цяжэюць…
*
Мужна змагалася з болем пакутным
І спачування ў жыцця не прасіла.
Але пачуў усё Бог літасцівы:
Сном адышла непрабудна й нячутна…
*
Вечным расстаннем усё спасцігаю:
Як і паветрам была ты і сонцам,
Як ад нягодаў была абаронцам,
Як непрыкметна была дарагая…
*
Памяццю дыхае кожная дробязь –
Не замяніць і не перайначыць:
Іншыя рукі гэтак не зробяць,
Іншыя вочы так не пабачаць…
*
Што ж бязмоўна іх так спыніла, –
Хіба ж ты адпачынку прасіла?..
А яны ж не стамляліся, рукі, –
Праца ў радасць была, без прынукі;
А яны ж не падводзілі, ногі, –
Не шукалі лягчэйшай дарогі;
А яны ж былі зоркія, вочы, –
Бачыць тых, хто схібіў, ці збочыў;
А былі ж яны, вусны, са словам, –
І з усмешкай, і з ласкай вясновай…
Дык якая ж скавала іх сіла, –
Хіба ж ты адпачынку прасіла?..
*
А што яна параіць,
Ці падказаць захоча? –
Знячэўку зазіраю
Ў самотны твой куточак…
Ды мігам абарвецца
Памкненне на паўкроку:
А хто ж мне адгукнецца
Здалёку і звысоку?..
Пакутнае маўчанне
Надыханых шпалераў,
Замкнёныя адчаем
У будучыню дзверы…
*
Ты пайшла
З наканаваннем,
Што не будзе ніколі
Вяртання.
І не будзе ніколі
Сустрэчы…
Ніколі,
Ніколі,
Ніколі…
Не аспрэчыць,
Не запярэчыць –
І пазнаць:
Што такое
Пустэча…
*
Гэта страшнае слова – “ніколі” –
І захопіць усё, і зняволіць,
І скасуе ў няўмольным прысудзе
Ўсё, што значыцца словам “будзе”.
Гэта слова глухое – “ніколі”, –
Як жа жаўранка ўчуеш над полем;
Як жа ўстанеш, калі на золку
“Жаць-палоць” пазаве перапёлка;
Пасля дожджыку як жа праверыш ты
Баравіны грыбныя і нерушы…
І чакаюць цябе, і гукаюць –
Ды “ніколі” не адпускае…
*
Твой талент быў сонечна-рэдкі,
І зналі пра гэта ўсе кветкі.
Збіраліся юнай сям’ёю
Да нас лысагорскай вясною.
Ты іх па-сяброўску вітала,
Жывою вадой палівала:
Расціце дружней і квітнейце –
Вясною і ў спелым леце.
А зараз праз снежную замець
Сабрала іх светлая памяць.
Чародкаю сумнай пасталі
У снежань твой развітальны.
І быццам хочуць спытацца,
Як зноў вясной вам сабрацца.
Маўчыш, параднёная з кожнай, –
І што адказаць ім ты можаш?..
Не будзьце, кветкі, у крыўдзе –
Яна да вас больш не прыйдзе,
Каб цешыцца ў вашым гурце…
Даруйце, кветкі, даруйце…
*
Куды адыходзяць душы?
Якою дарогай нямой, –
Ці тою, што вечнасцю глушыць,
Ці трошкі яшчэ зямной?
Калі б адпушчэнні сышліся,
Хоць гэтага мне не спазнаць,
Прашу: хоць разок азірніся,
Каб моўчкі аб вечным сказаць.
*
І няўжо так бывае:
Навечна шляхі разышліся,
І наш бор:
З годам год нападбор –
Быў з жывейшых жывы,
Ды стаміўся.
Кольцаў шлях гадавы
Спыніўся.
І не ўзор,
А дакор
З верасоў
Узбуйніўся, –
Быццам бор
Памыліўся...
Высмяг бор, –
А мне засталіся
Без выносістых сосен высі,
Незваротныя высі
З вачыма заснежаных зор…
*
Злая воля паклікала ў поле,
Што маркоціцца ў стынь па сяўбе.
Там, дзе лета буяла ў раздоллі,
Ўсё заснула ў пакутнай журбе.
Вецер снежную ніву скубе…
І якая воля ў тым полі,
Калі ты тут не пройдзеш ніколі.
Ды і я не прайду без цябе…
*
Адлік вядзе адмоўны час, –
Ці ён канец, ці ён зачын?
Ці хоча ў вечнасці злучыць,
Ці раз’яднаць навечна нас?..
*
Застаўся я тут – і наколькі? –
Каб тайны ў нябёсаў пытаць.
А ты ўжо ўсё знаеш, ды толькі –
Не можаш?.. не хочаш?.. – сказаць…
Ці там і пытанняў няма?
Ці ўрок: не спяшайся дарма…
*
Даў нам Бог спатканне і дарогу,
Даў на лёс сумесны нам талан.
Як сустрэнеш – пакланіся Богу
За наш век, што зведаў шмат зямнога,
Але небу не ўчыняў падман…
*
Вясковай выкрайкі пальцечка –
Гуллівы ветрык на падбой,
І на дваіх адна сустрэча:
Цябе са мной, мяне з табой.
І на дваіх у парку снежным
Адна сцяжынка – след у след,
Адно наперадзе бязмежжа,
І дзве душы – адзін сусвет…
…Як праляцела ўсё імкліва…
З вышынь самотных паглядзі:
Маўчыць сцяжынка сіратліва, –
Адна. І я на ёй адзін…
Загадка смерці немінучай
Мне засталася аднаму
І дзень той, двойчы неўміручы,
Бо двое верылі яму.
А смутак – за дваіх – агорне
І не развеецца як дым:
Наш скарб адзіны, непаўторны,
Забрала вечнасць назаўжды.
Адно і засталося: згадваць
Мне ў раз’яднанасці зямной,
Як на дваіх дзялілі радасць –
І я з табой, і ты са мной…
*
Не знаю, як гэта звязаць
З самотнай зямною бессанню,
А бачу: штосьці сказаць
Мне хоча зорка нябесная…
*
Такою, як прыйшла ў жыццё,
І пойдзеш, не іначай.
Якое ўжо там небыццё! –
Жывой нязменна бачу:
Там, дзе адвечнаю сцяной
Спакой аберагае,
Душа руплівіцы зямной
Без працы знемагае.
*
Ад несустрэчы –
Боскае збавенне:
Твая ўся вечнасць
І маё імгненне.
*
Над фотаздымкам…
Маўчаць нябёсы, і спытаць
Зямных не маю праў:
Хто прыгажосць мог шчодра даць
І хто яе забраў, –
Такую несмяротную,
Такую незваротную…
*
Усё за нябесным парогам.
І навечна яна такая –
Не вымаліш іншай дарогі:
Паўсюль адзінота чакае.
І не дагукацца нікога,
І мяне ніхто не гукае…
*
Як была ты побач, здавалася,
Што была ты, наогул, вечна.
А пайшла – і з табой абарвалася
Нітка часу, – жыццю супярэчна.
І адкрылася мне неаспрэчнае,
Што цябе не было калісьці,
Што й майму з’яўленню сустрэчнаму
З небыцця было суджана выйсці.
Так спаткаліся, так кахаліся,
Праў у вечнасці не пыталіся, –
Бо была яна наша і з намі,
І былі мы вечнасцю самі.
*
І няўжо зямному раздоллю
Зноў вярнуцца ў зямное нікуды:
І цябе зноў не будзе ніколі,
Як і я больш ніколі не буду?..
*
Здаецца, як учора ўсё было:
Над намі неба зорнае цвіло.
Цяпер адзін я перад ім стаю,
Між зорак выглядаючы тваю.
Цяпер мне неба двойчы даражэй, –
І з кожным днём становіцца бліжэй.
*
15.12.2023.
Сорак дзён я маліў балесна,
Зноў, праз год малітвы, прашу:
Божа, ласкай сагрэй нябеснай
Гэту шчыра зямную душу.
Будзь спагадны, Пётра-апостал,
І прыдзірліва не выбірай –
Пэўны будзь, – я то знаю наўпроста:
Гэткім душам і створаны рай.
*
Нябеснае – табе, а мне – зямное, –
Час вызначае раздзялення знак,
А я не зразумею ўсё ніяк,
Што побач больш цябе няма са мною,
А я ўсё ўспамінаю, дзе і як
Твой боль зямны маёю быў віною…
2022, 2023
88-годдзе
Дзве бясконцасці – дзве васьмёркі,
Лічбаў знак, што павернут не мной*…
“Дзве…– каму?” – адкажыце, зоркі,–
Мне даволі ўдосталь адной.
Ці пачулася, ці здалося:
“Што ж, твая цябе не міне:
Па бясконцасці ўсім далося;
А другая – ляцець да мяне…”
–––––––-
*Матэматычны сімвал бясконцасці адпавядае знаку лічбы 8, павернутаму гарызантальна
2024
ВАСІЛІ
14 студзеня – Дзень святога Васіля,
Васілле
–Прывітанне, Васілі,
Імяніннікі!
А ці ўсім налілі,
Гаспадынейкі?
–Налілі, налілі! –
Бо не першы год пілі
З Васілямі Васілі,
Ды й шчадрэў з усімі
Келіх на Васілле.
На здароўе ж, Васілі! –
Так, каб ногі вялі
Не па моры да калень,
А сцяжынкай гладкай, –
Наліваем – каму ўсклень,
А каму ўпрыглядку!..
У ХВАЛІ СПЫТАЮСЯ…
У віра вірлівыя вочы –
Мой позірк панура вяртае.
А сам – што пабачыць ён хоча? –
Маўчыць глыбіня крутая.
Не клеіцца ў нас гамонка –
Свідруецца ў цемрыве цесным,
І што яму да Зуёнка
З яго летуценнем нябесным…
Пайду я на вольныя плёсы,
Дзе ветрык лагодзіцца босы,
Дзе зайчыкі скачуць па хвалях,
Што з вечных кругоў паўцякалі.
Пайду – і ў хвалі спытаюся,
З якой яны тайнай спазналіся
У тых віратлівых жорнах,
Цаною якой пакоры…
…Ды хваля апошнім дыханнем
Была мне сустрэчным пытаннем.
“А ты азірніся, шаптала,
Жыццю паглядзі свайму ў вочы…–“
І знікла, нібыта спытала:
“Ты сам вярнуцца ці хочаш?..”
Так хваля пытаннем стала, –
І тут жа бясследна знікала.
Бясследна і назаўжды.
І гэта быў голас вады.
ПЕРАСЦЯРОГА
Ці хваласпеўнасць авацый,
Ці лізамісавасць “бісаў”, –
З падзякай не лезь цалавацца:
Не памыліся!..
Арэлі спакусы не гушкай
З перасцярогай адною:
Аховай за Пушкіным – Пушкін, –
А за тваёй спіною?..
ДЗЕНЬ
Жыццё імжыць,
І вечнасць не спасціг.
А дзень пражыць –
Не поле перайсці…
ЗІМОВЫ ПЕЙЗАЖ
Якая голая зямля,
І люты, як разуты,
Між чарназолля-бадылля
Выдыбвае спаткнута.
Навошта і куды брыдзе
І за сабой мяне вядзе?..
НАСТАЛЬГІЯ ПА ЧЫТАЧАХ
Рыфмуем, больш у роспачы –
Бядуем, плачам, молімся:
–Дзе чытачы?!. Дарослыя,
А разам з імі школьнікі?..
Хай ужо ў нас – “бязмоўныя”,–
Дык жа паўсюль – няўлоўныя!..
Спытайце ў русафілага:
“Хто з вас чытае Пушкіна?”–
Пытанне, як да філіна:
А што чытае ў пушчы ён?..
ДАГАРАЕ КУПАЛЛЕ…
Туман ярам бліжэе –
На купальскі агонь.
Заціскаецца ў жменю
Кастрышча далонь.
Абсыпаецца ў немач
Попел жарсці начной,
Адсыпаецца неба
Ад гулянкі зямной.
х х х
Што ты значыш, душа мая?
Хто ты ёсць мне, зорны сувой?
Ці нікчэмная кропелька я,
Ці мы ў велічы разам з табой?
І абдымкаў нам не расцяць:
Мы адзіны сусветны палон,
І сузор’і нябачна ляцяць –
Мне насустрач ці мне наўздагон?..
х х х
Думы мае, думы…
Тарас Шаўчэнка
А вершы? А вершы, як неслухі-дзеці:
Насваволілі і паразбегліся з бруку.
Іншыя ў лесе схаваліся дзесьці, –
Ды так, хоць наноў іх рыфмай выгуквай.
Што тут папішаш – вольнаму воля.
Хай слухаюць – птушкі, звяры і дрэвы.
Песень для іх не шкадобіў ніколі –
У нас узаемны абмен на спевы.
Ды, калі шчыра, яшчэ і ў запасе
Ёсць тое-сёе,– вось толькі спроба
Пакуль што ніводная не ўдалася,
Каб кніжку агораць уласнай асобай.
З клопатам гэтым да неслухмянцаў
Ці не падацца мне – спробы памножыць?
Дружбы лясной скарыстаюся шанцам:
Можа, якраз “Лесвыдат” дапаможа?!.
х х х
Калі сусветную мяжу
Душой пералячу я,
Каму аб зведаным скажу,
І хто мяне пачуе?
–А так і дадзена: спазнаць,
Каб не вярнуўся расказаць…
ДЗІВАК
Я, напэўна, дзівак найпершы:
Ні паліндромаў, ні акравершаў…
–Не бядуй! З паэзіяй так:
Не паэт – бо не дзівак.
ПРАДЗІВА
Бязмоўны час… На ўсё адказ,
Як ніткаю з кудзелі
Пад верацённы выкрутас,
Бязмоўна мне прадзе ён.
Уяўны час… Ён мой – як цень…
Прадзе – а нітка тая
Не знае пра апошні дзень.
Ды й час таго не знае…
ДЗВЕ КРОПЛІ
Як жывым не хапае імгненняў зямных!
І жывыя жывых суцяшаюць нябесным спатканнем.
А ці хочуць сустрэцца,– тым часам спытайцеся ў іх,–
Толькі так: як дзве кроплі дажджу ў акіяне?..
ПА МАЛІНЫ…
Гайдаюцца хвалі, як лямпы, –
Ды поўню не патушыць!
Кладуцца мядзведзю пад лапы
Коўзкія гладышы.
А ён – у брод! – не зважае:
Туды – у гасподу малін!
Каб ранак сустрэць з ураджаем –
Салодкім – адзін на адзін.
Ніхто яго не апярэдзіць!..
Назаўтра ж я – басанож –
Па той пераправе мядзведзя
Дапяў да малінніка ўсё ж.
І бачу: свой касалапны
Пакінуў ён сведчанне-след.
Ну, думаю, ці ўжо ты сквапны
Настолькі, пушчанскі сусед?..
І нерушу я не здзівіўся –
І як тут не зразумець:
Ласункам са мной падзяліўся –
Зусім па-сяброўску – мядзведзь.
Прыходзь жа, Міхась, і па поўнай
Прапусцім, з паўторам… чайку.
Закусім варэннем і ўспомнім
Малінавы брод і раку.
ПАКЛІКАНАЕ
Мне слова, як жывой вады глыток
З крыніцы затаемлена-падгорнай, –
Зямных, будзённых, помыслаў выток
І летуценны покліч высяў зорных.
Выводжу слова з чуйнай нематы
Не для таго, каб цешыць і пялегваць,
Каб грэшнік пачуваўся, як святы, –
Вердыкт у славаслоўя: процілегласць.
Ва ўсім змаганне – непазбежны шлях, –
Прырода й тут свій промысел яўляе:
На сэнс вялікі тоячы замах,
Імкнецца нават літарка малая.
Мне слова мудра ставіць рубяжы
І тут жа іх бязлітасна руйнуе, –
Дзве супярэчнасці яднае на крыжы,
Як дзве душы: нябесную й зямную.
х х х
Дарог не вымольваю роўненькіх:
З іх водгуку не чуваць.
Не варта й нагам спачуваць.
Прабачце адно: не ў сумоўнікі –
А ў сэрца словам-вандроўнікам
Прашуся пераначаваць.
ЖЫЦЦЁ
Яно – прасі-перапрашай –
Свайго не ўступіць ні імгнення:
Ад “увасобіцца душа” –
Да “знічкі разувасаблення”.
ЗА ГЭТЫ ДАР…
За гэты дар надрэчнай песні –
Мая малітва салаўю, –
Табе, маленькі мой наперснік,
Сваё бяссмерце аддаю.
х х х
Люблю грозу в начале мая…
Ф. Цютчаў
Восень: у дзень дзеятнаццаты мая.
Імем вясны надвор’е суджу.
А думкі адольвае скруха тупая:
У майскую стынь, як у бездань, гляджу,
І на душу раўнадушна ступаюць
Зябкія лапы дажджу…
СА МНОЙ…
Дыхае вечным дыханнем зямля,
Ціха ўзнімаючы грудзі.
І ў гэтым дыханні часцінка мая
Нязменна і вашай будзе.
Наканаваны нязбытны шлях –
Усім. Ды не мне прыгавор той:
Хто пахаваны ў маіх грудзях,
Таму не бываць у мёртвых.
ДНЕЕ…
Сонца шчодрыцца золатам росаў у россып:
Без крэдытных умоў, – багацей, хто ахвоч!
Дзень да ночы маёй падступаецца ў роспыт:
“Што ты думала, ноч, усю ноч?..”
Вось і мне яна сёння за ноч намаўчала, –
Ад цябе нават, браце мой дзень, утаю…
Вунь і хмарка ўсплыла з-за ляснога прычала –
Непамыснасць разважыць маю…
Днее…Вылет стрыжоў востракрыла накрэсліў,
Што чатыры – не двойчы два,
І не знаю яшчэ: буду з плачам ці з песняй,
І што скажа мне сёння па сакрэту трава…
КАКТУСУ НА МАІМ АКНЕ…
Радзіма яго – мізэрны /некалькі квадратых кіламетраў/ кавалачак зямлі ў гарах Мексікі, – адзіны ў свеце.
Быў затоплены пры будаўніцтве дамбы. Від ацалеў толькі ў калекцыях… Гэты – адзін з ацалелых…
Сяргей Зуёнак.
Я жыццястойкасці тваёй у плоці
Зайздросціў бы, калі б не знаў, як ты
Самаахвярна на ўзамен лістоце
Прыняў, як дар, калючкі нематы.
Ты жыць застаўся – выклікам стыхіі,
Наканаваны кронай не гайдаць, –
Каб холад горны і вятры сухія
Не здолелі з шыпамі саўладаць.
Вандроўнікам ты прыблукаў з чужыны
І мог у нас набыць зялёны шум,
А ты сухмень трымаеш ва ўспамінах –
Зямлі сваёй і воблік, і душу.
Не зайздрасцю маёй, а захапленнем
Трывайся, непрыкметны, на акне,
Каб выбухнуць аднойчы тым квітненнем,
Што здзівіць свет і ўзрадуе мяне.
ЦЕНІ
То ў пошуме, то ў задуменні,
Хілячы галаву,
Кладуць ля падножжа цені
На сонечную траву, –
То ўбачыць сваю паставу
Адзіны спосаб у дрэў,
Аднак напачатку з кустамі
Лясны узгадніўшы сугрэў.
Любуюцца, нібы ў люстэрка,
Адбіткам-ценем сваім,
Перад травой паняверку
Змахнуўшы: –Прыгожа стаім!..
Ды як заўжды, на змярканні
Нагадвае конік з травы:
–А сонцу за адлюстраванні
Хоць дзякуй сказалі вы?
Цені, цені, цені…
Крылаў зямных летуценні…
А былі б летуценні не цені –
Хіба дрэвы б ад нас паляцелі?..
ПА-СЯБРОЎСКУ…
На зямлі няма ў яго лішніх,
Ён для ўсіх і Айцец, і Ўсявышні.
Выпраўляюць у людзі: “З Богам!..”
І: “Без Бога ні да парога…”
І з малітвай, і з просьбай няўцешнай
Да яго – і святы, і грэшны.
“Бог пакрыўдзіў”, “Бог пакараў”,
“У людзей, як у Бога, украў…”
Яшчэ кажуць, што “Бог не цяля
І пабачыць ён круцяля…”
А таму: “Пабойцеся Бога”, –
Ад вялікага да малога.
Хоць і строгі ён, ды літасцівы, –
Вось і кленчаць – і злодзей, і хцівы…
А паэт – па-сяброўску з Богам.
Што паэту за гэта? Нічога!
Бог сяброўства не адхіляе,
Па-сяброўску паэта вітае.
РАНІЦА, РАНІЦА…
Яшчэ сонейка за гаем,
А ўжо раніцу гукае:
–Раніца,
Раніца,
Не заспі, старанніца.
Раніца,
Раніца
Сонейку ўсміхаецца:
–Сонейка,
Сонейка,
Не была я соняю.
Каб я доўга спала,
Дык і ты б не ўстала.
Раніца,
Раніца
Молада румяніцца, –
Бо візіт чакаецца:
З днём сустракаецца!
Раніца,
Раніца –
Сэрцам дзень параніцца!..
Як спаткаў – любавіцца:
“Ой ты любка-раніца!..”
Раніца,
Раніца –
Шчырая вітальніца:
З птушкамі, звярамі,
Нават з камарамі!..
Кожнага заўважыць,
Па-сяброўску ўважыць.
А найперш вітае
Чалавека кожнага
Ды яшчэ спытае:
“Як жывецца-можацца?..”
І шапне пры гэтым, –
Нібы промнем павядзе:
“Як праспіш мяне ты,
То, глядзі, праспіш і дзень, –
Ды праспіш і лета!..”
Свет увесь здзіўляецца –
Цуд, а не раніца:
Кемніца, дбайніца…
Раніца,
Раніца, –
Дня майго
Абранніца.
СПРЫНТ
На Алімпійскіх гульнях 2024 года залаты медаль /дыстанцыя 100 м/
атрымаў амерыканец Лайлз, – вынік 9,79 сек. Срэбны медаль у ямайца
Томпсана. Вынік аналагічны – 9,79. Лёс вырашыў фотафініш:
перавага Лайзла – пяць тысячных долі секунды /!/…
Апярэдзіў бы час
Бягун, ды –
Шыпоўкамі ў грунт не прыколаты –
Спатыкнуўся на тым якраз,
Што мізэрная доля секунды
На вагу медалёвага золата…
ГАВАРЫЛА ДУША…
Не тоячы хітрых сакрэтаў, –
Словам простым, святым
Гаварыла душа са светам –
І гэтым, і тым…
АДКУЛЬ ГЭТЫ СЛОВЫ…
Адкуль гэты словы ў радкі
І строфы ў снаповыя звязкі?
Ці ўсё яно з боскай рукі,
Ці, можа, з ягонае ласкі
Шчыруе ў мяне талака –
Здаецца ж, ніхто і не просіць:
І поле, і лес, і рака, –
Усе мне па вершу прыносяць.
Лірычны настрой матылькі
У лузе на кветках гайдаюць,
І нават пануры-гракі
Таемна па вершу складаюць.
У небе жаўрук салаўю
Для рыфмы шукае сугуччы,
Зязюля завочна сям’ю
Без слоўніка рытміцы вучыць.
Наўслед двухскладовым “ку-ку”
Па слоўцу шапочуць травінкі.
І кропкі на чыставіку
Па кроплі стаўляюць дажджынкі…
…………………………………….
Ні звад: хто апошні, хто першы,
Які ганарар і хто мае…
Вось так і з’яўляюцца вершы.
А я аб тым знаць не знаю.
ПАРАДНЁНАСЦЬ
Як быць кроне ў красе адмысловай,
Знаюць ісціну карані.
Парадні мяне, Божа, са словам,
Ад шматслоўя абарані.
БЫЛА САСНА…
Быў лес. Пагорак быў сасновы.
Была сасна крутая…
…Зіма. Смалою плачуць дровы
І полымя гартаюць.
Старонкі летніх успамінаў
Агонь чытае суха, –
І ў бор, што стрыжнем ён пакінуў,
Вяртае завіруха:
Хай кронай дыму, без асновы,
Да неба вырастае…
…Быў лес. Пагорак быў сасновы.
Была сасна крутая…
ЯК НІ ГЛЯДЗІ…
І верх адзін,
І дно адно –
Адным фасонам выліты, –
Як ні глядзі,
А ўсё відно:
Ці нелюдзі – ці вылюдкі…
ПРАГНОЗ
30 ліпеня 2024 года – надвор’е: аранжавая небяспека
Бураломы ды градабоі…
Над разрухай грамы гудуць…
Што ты творыш, свет, сам з сабою,
Што бяздумна чыніш бяду?
Ці сваіх дзяцей ушчуваеш?
Ці ты сам сабе не ўзлюбеў?
Што ты з хаты зямной дах зрываеш?
Што на помыслах у цябе?
Небяспекі аранжавы колер
Аб’яўляецца ледзь не штодзень.
Ці ты сам ці па нечай волі,
Як на допыт, стаўляеш людзей?
Ці то Марс з алімпійскім правам
Так рыхтуе сусветны круіз,
І прагнозу колер крывавы
Над зямлёю злавесна навіс?..
ЯК ГОД … І ЯШЧЭ ТРОХІ…
А ўсё так проста быць паэтам:
Мець пры сабе вясну і лета;
Дый каб зіма была і восень,–
Але тады, калі запросіш.
Як дням у годзе, ёсць мяжа
І ў мрояў. Але ўсё ж зважай,
Каб пустадзённа не кружыць –
Душа ў душу з сабою жыць.
Каб на бяседзе і ў бядзе
Не чужаком быць між людзей.
Каб госць у хаце быў жаданы
Заўжды, – і званы, і нязваны.
Багатым будзь заўжды, у сцельку:
Няма рубля – аддай капейку.
Баронься пахвалы сябрыннай:
Яна і моцнага абрыне.
Не забывайся ў той гульбе,
Што ёсць Вышэйшы за цябе.
Ды не прасі ў Яго паслабак –
Маліся Слову, а не д’яблу.
/А д’ябал той – зямны наш звычай –
Хто сам сябе за бога лічыць/…
Маліцца ж ёсць з асноў аснова:
Знаць, што ўсяму пачаткам Слова
Было. І Слова тое Бог…
З усіх пачаткаў і дарог
Да скону мерыць па выросту –
Па тым, як быць паэтам проста:
Не мець улады, а пры гэтым
Мець Боскі дар – валодаць светам!..
МАЎЧАННЕ
Пяць імпрэсій
УЯЎЛЕННЕ
У часе мінулым цябе берагу.
Час новы маўклівасцю судзіць.
Даць веры яму? А ўявіць не магу:
Была і – няма і не будзе…
2. АДЛЮСТРАВАННЕ
Люстэрка ў люстэрка таемна ўзіраюцца.
Аб чым яны думаюць, аб чым яны раяцца?..
Нічога не скажа шкляное маўчанне,
Пакуль паміж імі, жывая, не станеш…
3. АБ ВЕЧНАСЦІ…
Аб вечнасці неба пытаеш
З цікаўнасцю чалавечай
І па-чалавечы не знаеш:
Душа твая – з вечнасці вечнасць.
4. МАБІЛЬНАЕ
Мабільніку,
Гукаў магільніку,
У вуха крычу я –
Не чуе! –
Як мне звязацца:
Не з гэтым –
З ТЫМ – светам.
Жавіннем
Сугуччаў сумесь:
З жывымі
Мабільная сувязь.
Зямную душу
З адчаем
Да сувязі падключаю…
Маўчанне…
І што яно азначае?
Няўжо гэта
Вечнасць маўчання?
Няўжо яно не абарвецца
І вечнасць не адгукнецца?..
5. МАЎЧАННЕ
І доле цесна,
І неба замкнёнае…
І песня песняў –
Вярба нахілёная…
З ПЕРШАЙ МІНУТАЙ…
З першай мінутай
Даецца ўласнасць:
Жыцця пакуты
І смерці яснасць.
САМ САБЕ…
Сам сабе:
Пытаю – як адказваю.
Бясконццасць? –
Гэта Сусвет?
Вечнасць?
Таксама Сусвет?
А іх адзінства? –
Адказваю:
– Бог.
Жыццё – наканаванне,
Смерць – накірунак.
Іду да Бога –
Не крыўдаваць,
А спытацца…
ТЭЛЕВІЗАР
Не жабрак: не па міласць іду – а зрэшты,
Сам свой скарб з хаты ў хату па свеце
Шчодра нясу: як ваду у рэшаце,
Як у торбе дзіравай вецер.
ПА-БІБЛЕЙСКУ…
Б’юць па шчацэ –
Трываю,
Другую шчаку
Падстаўляю.
Падставіў –
Зусім дарма:
На ўдар мацнейшы,
З адмецінай,
Падставіць бы й трэцюю, –
Ды – няма.