Шляхам Белага каменя: вершы сустрэчных дзён (2007–2021)


ВАСІЛЬ ЗУЁНАК

ШЛЯХАМ БЕЛАГА КАМЕНЯ

Вершы сустрэчных дзён

…белым каменем адзначу…

Катул

/паводле Максіма Багдановіча/

…з белага камення – сіняе пламенне…

Анатоль Вялюгін

…із-пад каменя, із-пад белага

цячэ рэчанька, рэчка быстрая…

Народная песня з рэпертуару Валянціны

Пархоменка, заслужанай артысткі Беларусі,

якая свой выдатны голас з гэтаю песняй зве-

зла ў Злучаныя Штаты Амерыкі…

У ціхай вёсцы Белы Камень

Выпаў белы-белы снег…

Алесь Пісьмянкоў – з кнігі “Белы Камень”

Ён праз вякі і над вякамі

Аднойчы ў сэрца зазірне, –

І мне дазвольце побач з вамі:

Ёсць Белы камень і ў мяне!..

Апраўданне назвы…

2007

СУСВЕТ ЗЯЛЁНЫ...

Сусвет зялёны вербалозы

Гайдаецца над Талінкай,

І сінявокія стракозы –

Сто сонцаў у крышталіках!

Паспець, паспець! – таму й вачыста

Красу хапаюць летнюю,–

Вось-вось скасуе дзень імглісты

Сеансы безбілетныя.

І не прадоўжыш хуткацечнасць

Ніякімі прашэннямі,–

Адно імгненне тут, як вечнасць,

Па формуле Энштэйнавай…

х х х

З народам сваім, як з лёсам сваім,

Стаю на вякоў скрыжаванні.

Як ён ува мне, так і я – у ім,–

Над безданню выжывання…

Калі гляджу на прасторы нябёс

З палётам мар-аблачынак,

Ці згадваю Начы разлівісты плёс

З нерастам шчупачыным,

Калі чытаю старонкі палёў,

Ці думаю думы лясныя,

Ці слухаю памяць сівых камянёў,–

Як сэрца балюча ные:

Зямля мая, маці мая, няўжо,

Мы лёс такі заслужылі,

Што будзем думаць на мове чужой

І песні складаць чужыя?..

ВЕЛІЧ

Руіны рэк і выдмішчы палёў,

Хімічны дождж і пнёў арда лясная…–

Я велічы сваёй вянок даплёў,

А што рабіць з нікчэмнасцю – не знаю…

х х х

Не шукай у шакала ільвінай шкалы,

Ідучы з грахамі на споведзь.

Не выпрошвай у ворага пахвалы –

Ён яе над труною прамовіць.

х х х

На абрыў да пеністай быстры

Падышла з паглядам не-сястры.

Толькі кладка вузкая была –

На мой бераг не перавяла…

Не-сястра з дыханнем медуніц,–

А быстра сцюдзёная з крыніц:

Толькі сінява чужых вачэй

Да мяне плыла цераз ручэй…

ІНТЭР’ЕР

Калі і як у святасці паграз –

Сам Бог не разбярэцца ў гэтым пекле:

Святы Мікола і ахоўнік Спас –

Зламыснікам з парога шлях адсеклі.

Направа і налева – абразы,

З усіх бакоў – і шчыт, і абарона:

Калі грашыць – грашы без драбязы,–

Інакш навошта гэткая заслона!?.

Служы як след, святая грамада!..

А ён – ужо й рашыць ніяк не можа:

Якой грахоўнасцю ўсё гэта апраўдаць,–

Дапамажы рабу, Вялікі Божа!..

З-ПАД ЗЯМНОЙ БЯРОЗЫ…

Гэта я…– ці не пазналі, зоры? –

З-пад зямной бярозы гавару, –

Вечнасцю закінуты ў прастору

На паслугі часу-ліхвяру.

Не, яна яшчэ не над магілай –

Вецце нахінае над страхой

Сноў маіх і думак берагіняй,

Патаемкай у журбе ліхой.

Гэта яшчэ толькі іх сяброўка,

Тых бяроз, над смуткам векавым,

І мой голас толькі трэніроўка,

Тэст: ці пагаворыце з жывым?

Ці не прыадчынеце заслону:

Як я з вамі буду побач жыць –

Па нябесных ці зямных законах

Тую службу вечнасці служыць?..

Ці яе – без часу і прасторы –

Можа, і няма, і не было,–

І дарма на роспыты й на зборы

Дзівака зямнога павяло?..

Бо якая ж вечнасць без бярозы,

Без шпака і, зрэшты, без мяне,–

А такая ёсць усё ж пагроза:

Я не я, як песня абміне…

Што і як у вас цяпер? А потым,

Калі я прыйду,– што будзе там?

Ці паўсюль – маўклівыя пустоты?

Ці паўсюль – усесусветны храм?..

Ці прастора часу ў вас не мае,

Ці ў прасторы час згубіў сляды?..

Маўчыцё… Ну што ж, я пачакаю…

Ды й спяшацца мне няма куды…

х х х

Калі на ўбытак месяц пахіляўся,

Штораз скрылёк танюткі ў цень хаваўся.

Так поўні і маёй наканавана

У цень сыходзіць з сонечных экранаў,–

Пакуль не застанецца горкі ветах –

Як развітанне з незваротным светам.

Сярпом тупым ён век мой дажынае,

І горш за ўсё, што я ўсё гэта знаю.

Бо маладзік у месяца настане,

А мой – не ўзнае новага вяртання.

Таму й гляджу самотліва на поўню

І ў светлы маладзік пра ветах помню…

х х х

Маска, я цябе знаю!–

І люблю, і кляну –

Не развеешся снамі,

Не збяжыш у труну.

Як сябе ні выкручвай –

Знак гарыць на ілбе.

Як табе ні балюча –

Знаю ўсё пра цябе.

Чым жывеш і чым грэшная,

Дзе нявінных судзіла,

І хвалою пацешнаю

Каму дагадзіла…

Дзе на продаж схіляеш

Гонар свой ліхвяру…–

Маска, я цябе знаю…–

Сам сабе гавару…

х х х

Калі ўсё тое здарыцца –

О, каб жа ды знаццё!..–

Я б з кожным з вас па чарачцы

Узняў за небыццё –

За ўласнае, за вечнае,–

Не ўнікнеш жа яго,–

Каб не чапляць на плечы вам

Груз адбыцця свайго.

І словы ўсе апошнія

Я, пэўна б, сам сказаў,–

Няйнакш, як зняў бы пошліну,

Што сам жа й навязаў…

Ну, і яшчэ па поўненькай –

За грэшную душу –

Усіх з маім ахоўнікам –

Па поўненькай! – прашу!..

Дальбог, пакуль не пляснула

Жалобнай хвалі медзь,

Як вып’е Юда ўласны мой

Цікава паглядзець!..

А што не ўспеў патрэбныя

Ён выведкі прадаць –

Я маю трыццаць срэбнікаў,

Каб зажыва аддаць.

НАЧЛЕГ У ПАРКАВЫХ АЛЕЯХ

Зіма – а ні сняжынкі:

Каляды ручаямі

Збягаюць па сцяжынках,–

Куды – не знаюць самі…

Алей мяхі-прагалы

Насыпаў вечар з верхам:

Гракоў, варон і галак

Таўчэцца чорны вэрхал.

Ля каранёў – пасуцца,

Шукаючы спажыву,

У кронах – спаць кладуцца

На гойданках спружынных.

Зляцеліся са свету

Да гарадскіх прычалаў,

Як дзеці да загнета,

Дзе маці смажыць сала.

Рыхтуе шчодры вечар

Бліны, да іх – каўбаску…

А на двары – макрэча,

Слата зімы нянаскай…

І ў парку, як на выспе

Калядаў шчодрадайных,

Начлег птушыны выспеў

Экзотыкі пладамі.

АБ’ЯВА

Хлопцы, падайце паэту:

Не з беднасці – іменем Музы,–

Гэта яна, па-сакрэту,

Шапнула: “Не бойся канфузу,–

Бо тут якраз і праверыш,

Ці ты яшчэ варты чагосьці,

Ці ўжо: не грукайся ў дзверы –

Ляжы на парнаскім пагосце…”

Не пабяднееце – скіньце

Ўсяго па дзесяць даляраў,–

Няхай збярэцца ў той скрынцы

Не міласціна і не ахвяра,

Няхай збярэцца не беднасць,

Не пыха з манетаю звонкай,

А пабрацімская еднасць –

На кнігу паэта Зуёнка.

ПЕШАХОДНАЯ СКАРГА

“Мерсы”, “вольвы”… Сучасныя фуры…

І грымяць, і ўваччу мільгацяць:

Бізнесмены пруцца, і фурыі –

Нібы ведзьмы на мётлах – ляцяць.

Насланнё гарадскога пейзажу,–

Гэтак вылузаўся пралетар:

Сам сябе падсмажвае зажыва –

Сам сабе і гандляр і тавар.

Крута верыць: да неба з грашыма

Дабярэцца – адразу ў рай.

Пазванкі – шарнірамі шыйнымі,

І абліччаў, і рук – як у Шывы:

Па чатыры,– хапай і знікай!

Сэнс п’янючы: хай беднаму блісне –

Хоць аднойчы – удача з удач.

Ды навошта іменем бізнеса

Аўтатачкі ганяць наўскач?

Спрэс – маторы, маторы, маторы,

І – як чорт – чалавек-матор –

Ні пярэчанняў, ні мараторыяў –

Абганяе маторны затор.

Дзе дарога шырэй, там пырскі,

Дзе вузей – пешаходы ўразлёт.

А жазло паласатай пыскаю

Паставому фіксуе ўмалот.

Адкупіцца – понту вяршыня

Прыдалярнаму смаркачу.

Ну а я – у брудзе з-пад шынаў,–

Я за ўвагу каму заплачу?..

х х х

Млечны Шлях, дарога скразная, –

Ні канца не відно, ні пачатку:

І адкуль, і куды ён – не знаю,

Толькі тайную маю здагадку.

Гэта ён падказаць, пэўна, хоча

Мне – смяротнаму чалавеку:

“Не насільвайся рыфмай прарочыць,

Прамаўляй для сябе – не для веку.

Сам з сабою ідзі на споведзь.

Гэта звабна – агучваць зоры,

Ды з табой мы – імгненная повязь,

І няма ў ёй ні заўтра, ні ўчора.

Што зямны твой наіўны наступ! –

Сам пазнаць я не блаславёны

Зор маіх усясветны насып,–

Сам не ведаю іх імёнаў.

Адкрывай сябе даастатку –

Тым бліжэй да майго парога.

Абыякавасць зор – не загадка,–

Гэта дум незямных дарога…”

ГРЭХ

Баладны матыў

Хмары слепяць скрухаю

Сонца невысокае.

Конік ціха трухае,

Селязёнка ёкае.

Стылы след ад полаза

Замятае дуйкаю.

Нокаю раз-поразу

З насцярожнай думкаю –

Каб ваўку не ўчулася,

Што ў хмызах туляецца…

Еду, а Мачулішча

Быццам аддаляецца.

Капачэўка, Кладачкі

Ды Яршоўка з Начаю…

“Едзь адно парадачкам,–

Мне маршрут пазначылі,–

То й даедзеш зажыва.–

Рагатнулі весела:

–Кляча нехлямяжая,

Што ты глюгу звесіла?..”

Хай сабе! А нам якраз

Гэта й трэба з конікам:

Як прыстаў – вярнулі нас,–

Самі зніклі ў хвойніку.

Так дамоўлена было:

Як малы падводчыкам,

Дык і вернецца ў сяло,–

Хто ўпадозрыць хлопчыка…

Давідна вось гэтак я

Ехаў з партызанамі…

А вярнуся – і каня

Як набудзем занава..

Стомленай запрэжкаю

Паратунак посціцца –

Дзе ваўчынай сцежкаю,

Дзе дарогай помснікаў.

І фашысцкі гарнізон,

Пэўна б, зяпу вызверыў

На каня, каб знаў, што ён

Вёз у лес правізію.

А “правізія” была

Не для ўсіх ядомая:

Цераз тыдзень размяла

Прошчу ўсім вядомую.

Люд здавён дары ёй нёс,

Як святыні верачы:

Чары зняць, злагодзіць лёс

Ці пазбыцца немачы…

А цяпер свяцілішча

На граніцы з зонаю

Сталася апірышчам

Варты гарнізоннае.

І рашылі ваяры

Паквітацца з фрыцамі:

Шухнулі ў тартарары

Камень той з капліцаю…

Невядома, што пляла

Баявая хроніка,

Толькі мама не магла

Прымірыцца з конікам:

З той пары, як зойдзе ў хлеў,

Дык бяду суцешвае,–

Выбадзяе, ды не ў гнеў –

Спачувае грэшнаму.

Конь вушамі ў тон стрыжэ,

Вочы смуткам поўняцца,

Ну а мне яшчэ цяжэй:

Грэх жа ў нас пароўніцы.

Заіржэ, бывала, так,

Быццам выбачаецца…

І па-сёння з тым бядак

Да мяне звяртаецца…

Хоць сплылі гадоў віры –

Чую тое ж самае,

Як спынюся на гары

Над зарослай ямаю…

О , ЯК БЫ…

О, як бы верш мне напісаць

Аб вечным шчасці

І па крывіначцы раздаць,

Як на прычасці,–

На ўтыль адразу б рыфмы здаў,

Сціло – тым болей:

Няхай бы іншы спавядаў,

А мне – даволі!..

ДУША

Ні слоў, ні плачаў развітальных,

Жалобу справіла імша, –

І ўжо ў маўклівасці астральнай

Ляціць самотная душа.

Нябёсы з дараваннем боскім

Яе вітаюць, промні шлюць,

І райскіх песень адгалоскі

На крылах вечнасці нясуць.

Анёлы весела віюцца,

Зіхцяць палацы з хрусталю…

А ёй так хочацца вярнуцца

Туды – на грэшную зямлю…

х х х

Бяроза ў заснежанай стыні,

Ні руху, ні гуку наўкол.

І я тут, нібыта ў пустыні, –

Сініцам наладжваю стол.

Шпакоўня, самотная хата,

Гайдае ўспамін, як у сне…

Сямейка, шпакі-шпачаняты, –

Ці помніце вы пра мяне?..

х х х

Калі я выплыў з вады

На бераг, каб стаць земнаводным, –

“Злічы да пясчынкі, тады

Абыдзеш грэх першародны…”

Калі я не стаў лічыць,

Змяняў плаўнікі на крылы, –

“Грэх здымеш, злічыўшы ўначы

Зоры на ўсіх небасхілах…”

Лічу, лічу і лічу –

Па боскаму запавету, –

І грэшным каханнем плачу,

І дзякую Богу за гэта.

І сам Усявышні знямог,

І з грэхам маім змірыўся:

“Натое ж і ёсць я Бог,

Натое ж і ты тварыўся!..”

БЯСЧАССЕ

Дзень за днём у труну

Кладуцца з пустымі вачамі…

Келіх жыцця глыну –

І закушу адчаем…

х х х

Сцежкі, сцежкі – усцяж магіл,

Нібы на далоні лініі лёсу.

Як глянеш – то ўзгоркі наўкол, то лагі,

Як ляжаш – з зямлёю зліюцца нябёсы…

І толькі па лініях – крокі жывых:

Яны яшчэ вераць, што гэта сцежкі,

Што можна вярнуцца ці збочыць з іх…

А вечнасці вочы глядзяць з усмешкай…

х х х

Смерць – гэта і ёсць вечнасць,

Вечнасць – гэта і ёсць смерць… –

Прычапілася – як недарэчнасць –

Таўталогіі крутаверць.

Кола – perpetuum mobile,

Ляціш – з нябыту ў нябыт:

Лягчэй, калі не ўвасоблены,

А горш – калі “вечны жыд”…

Ці гэта шлях запаветны, –

Бяконцасці каляя?

Ці ў калаўроце сусветным

Прадзецца нітка мая?..

Калі ж яна абарвецца?

Здагадка ёсць у мяне:

Такога

не будзе, здаецца, –

У Бога –

круг у цане.

БУДУЧЫНЯ

Гісторыкі сцвярджаюць:

Спазніўся мой народ

Здзяржавіць на скрыжалях

Свой шлях і радавод.

А я гляджу іначай:

А што, хіба крывіч

Нам крэўнасць не пазначыў

У храмах на крыві?

Ці не крышыў радзіміч

Прышэльцаў на жарству,

Не шанаваў Радзіму,

Не мацаваў Літву?

Ці дрыгавіч-балотнік

Лёс у дрыгве праспаў?..

Не! – край мой не гаротнік –

Мой край з вякоў паўстаў.

Народ мой старажытны –

І волат, і ратай, –

І з ворагам быў квіты,

І давяраў братам.

Ні ў кога, апроч нівы,

Ён хлеба не прасіў…

Ды юную наіўнасць

Заўжды ў душы насіў.

Па славу на скрыжалях

Не шастаў да багоў, –

Таму й параскрадалі

Гісторыю ў яго.

Цяпер – цяпер з братамі

Мужуе пакрысе –

Гісторыю вяртае,

Ды аддаюць не ўсе…

Ну што ж, мы не з драпежных,

Але зважай, сусед,

Што нас да ўласных сцежак

Вяртае запавет.

Яшчэ не вечарэе –

Узвесняцца грамы! –

Бо памяць не старэе,

А разам з ёй і мы.

І не ў чарзе па труны

Мы ў вечнасці стаім:

Народ мой самы юны,

І – будучыня з ім!..

РАДОК

/З мастацкага салона/

Мастакі карціны прадаюць

І саступкі анікому не даюць.

Можа й я хацеў бы што купіць,

Ды лягчэй, дальбожанька, прапіць –

Бо якраз той па грашах маіх тавар…

А як быў бы не паэт я, а ліхвяр,

То і гандаль бы па-іншаму пайшоў.

Пажадаў бы тут і я быць з барышом,

І патроіўшы расцэнкі за мазок,

Тройчы б выпіў. І за вас яшчэ разок!..

І звінела б чарка, як лядок... –

Мастакі, купіце хоць радок!..

х х х

Я спакойны ўжо, калі шуміць

Нада мной магільная бяроза:

Слёз не будзе, некаму ўжо ліць

Над маім грудком самотным слёзы.

Мама, ты адплакала сваё,

Перад Богам гэтага даволі…

І даруй: заступніцтва тваё

Я слязьмі не выплачу ніколі…

ТАЙНА

Над магілай забытай рабіна

Чырванее, не знаючы, хто

Пахаваў тут – ці бацьку, ці сына,

Ці прыблуду з нязнаных кутоў…

Нахіляе ўраджайныя гронкі,

І чаму, – у каго б ёй спытаць? –

Да яе не злятаюцца звонка

Птушкі – ягад хоць раз паспытаць?..

х х х

Зоркі, міліцэйскія “мігалкі”,

Вызначаюць курс на Млечны шлях

Душам, каб пакінуўшы магілкі,

Не блукалі марна па начах.

Не шукалі сцежак абарваных,

Не гукалі незваротны лёс,

Зналі, што сусветная нірвана

Ні зямлі не мае, ні нябёс…

Толькі шлях – нікому не вядомы…

Супачні, стамлёная душа:

Ты нідзе, і ты заўсёды дома…

Толькі здрадліва мяне пакінь спярша…

х х х

А лета бабіна не ўсім

Дыктуе сумны вырак, –

Вясна – красна, і назусім

Не адлятае ў вырай.

Хоць час няўмольны, ды крадком

Абудзіцца надзея:

Як першым восеньскім зябком –

Брусніцы саладзеюць…

НАД СВЕЖАЙ МАГІЛАЙ…

Над свежай магілай з адвечнай загадкай,

Зямныя прышэльцы, стаім:

“А можа, сусвет наш – пачатак пачаткаў,

І што там – хто скажа – за ім?..”

х х х

Як добра, калі ападае раса

На цёплыя дрэвы і травы,

Як цёпла, калі залатая каса

На цябе заваёўвае права.

Тады аддавай свае ўсе правы

Яму аднаму – каханню,

І ўспамінай, покуль будзеш жывы,

Што быў ты боскі абраннік…

х х х

Чытаю вершы Зянона,

Як музыку фартап’янную,

Слухаю слова, натхнёнае

Радзімаю адабранай.

Ляцяць Пагоняй агністаю

Эцюды – прысуды прыблудам,–

Як “Развітанне…” Агінскага,

Як “Быў. Ёсць. Буду.”

х х х

Балоты, балоты… Балты…

Адно ў адным – як замес…

Тысячагоддзяў гвалты –

А балт – не памёр, не ўваскрэс, –

А балт жывы, неўміручы,

Сам Бог так сказаў: “Жыві!..”

Тым беларус і жывучы –

Кропелька балцкай крыві!..

АСУШЭННЕ

Стаю наўскрай канавы марсіянскай –

Тут, на маёй знявечанай зямлі,

Дзе з вечнаю спажываю паганскай

Балоты журавінныя жылі…

А неба чырванее аблачынна,

Нібы агнём займаецца Сусвет:

Лятуць, лятуць у вырай журавіны,

А журавы – глядзяць самотна ўслед…

х х х

Начное неба: стынь і прыгажосць,–

Няўжо ўсё гэта створана бязмэтна?

Ці толькі для таго, каб сцвердзіць: ёсць –

Ёсць Бог, – адзіны, неспазнаны, усясветны?..

Ён, толькі Ён,– як вечнасць у труне:

Сам для сябе, і вечна непаўторны…

А хто ж тут я? Што застаецца мне?

Што будзе там, за тым парогам зорным?

У Ім усё: і ява й небыццё,

Ён і тварэц, Ён і само знікненне.

А я? А я ў Ягонае жыццё

Зямное – і наіўнае – памкненне.

х х х

Камп’ютара мёртвыя формы,

Хароны жывога агню…

Знікаю – жывы, непаўторны,–

А што ў небыцці даганю?..

Якія там знойдуцца словы?

А пэўна ж, гаворыць яно

Сваёю нязбытнаю мовай,

Што з намі яно заадно.

Камп’ютарнай вечнасці тайна

Ў сусвеце на саменькім дне,

І гэта яшчэ пытанне:

Я сёння – жыву ці не?..

х х х

Збівае Пегас капыты,

Падрэзаны крылы Ікаравы:

Былое – сон залаты,

Цяперашняе – бяздарнае.

Ёсць лінія генеральная,

Ды ў немачы час заграз…

А будучае? Геніяльнае.

Шкада, яно будзе без нас.

ХАРАКТАР

Угодлівыя ці талерантныя?—

Тасуе гісторыя рысы:

Ці выжывання гарантыя,

Ці пасіянарнасці прысак?

Абачлівасць ці непарушнасць,

Улежнасць ці абярэжнасць?

Ці час: “на вярбе ігрушы” –

Салодка надзею кунежыць?..

Ці сэнс: “Ат, было б што ў місе”,

Ці ўсё ў душы адгарэла?

Змарыўся народ? Ці змірыўся

З дзяцінствам сваім састарэлым?..

х х х

Як развітанне з небасхілам

Маіх, адлётных, журавоў,–

Адкуль ты, незямная сіла,

Мяне трывожыш зноў і зноў?..

Я ўсё спазнаў: і зло, і ласку,–

Я на жыццё не кіну цень,

Але якой аздобіць казкай

Свой вольны грэх – твой кожны дзень?..

З табой, мая бяда і доля,

У небыццё – не ў забыццё

Ляціць абманлівая воля,

Як стылай восені лісцё…

Халодным позіркам планета

З-пад жураўлінага крыла

Вясну крыжуе над сусветам,

Што ў судны дзень мяне знайшла,

Навек зняволіўшы сакрэтам:

“За што, за што мне радасць гэта

Ўсявышнім дадзена была?..”

х х х

Самазванцы дваццаць першага стагоддзя,–

Вы адкуль і вы чые сыны?

Прарастаюць з семені бязроддзя

На здзічэлым полі палыны.

Самародцы дваццаць першага стагоддзя,

Прыкарытнай велічы чыны,–

Ля карыта свой свайго і плодзіць:

Лыч у лыч – з калыскі да труны.

Самахвальцы дваццаць першага стагоддзя,

Казак дзіўных тэлебаюны,–

Ды чамусьці моўчкі абыходзіць

Будучыня вашыя званы…

Самаўладцы дваццаць першага стагоддзя,

Шулы вертыкальнае сцяны,–

Хто душу народа адгародзіць

Ад уладнай шулерскай маны?..

х х х

Здаецца ж, усё было, як было,

І засталося ў той меры.

Адкуль падступіла, адкуль наплыло,–

І сам сабе ўжо не верыш.

Травой-муравой зашаптаў тратуар,

Вясною дыхнула ўвосень,

І вечнасць назад павярнуў каляндар,–

Як быццам раней не жылося.

І ногі гатовыя да “казачка”,

І просіцца песня на вусны,

І ўспомніла стан трапяткі рука,

І ў зрэнках праменьчык хруснуў.

І на мяне паглядзеўшы: –Ага!..–

Грак вынес прысуд грачыны.

А што тут “агакаць”? – Бог памагаў:

Насустрач прайшла жанчына!..

ПРАБАЧЭННЕ

Дарог на свеце многа,

А дорага адна:

Да роднага парога

Вядзе заўжды яна.

Калі б дарогу тую

Ды ў нітку распрастаць,

Напэўна б, і святую

Зямлю ты мог дастаць.

Якія даляглды,

Высокасны прастор!—

Ідзі, ідзі – не падай:

Дарога аж да зор!

Але ж яна – зямная

І ў рай прамых шляхоў

Не мела і не мае,–

Не абмінеш грахоў…

Дарога – не сяброўка:

Не скажаш: “Адпусці…”,–

Няма такой, каб зноўку

Сваё жыццё прайсці…

І я такой не маю…

Жарсцвяніць каляя,

Крутая, не прамая,

Але яна – мая…

Я ў свет выходзіў з Богам

З-пад роднае страхі,–

Прабач, прабач, дарога,

За ўсе мае грахі…

ПАМЯЦІ ПАЭТА

Жыццё мінула прывакзальна,

Цягнік у вечнасць звёз вясну,

І лёс, як палец указальны,

На лаўцы ў скверыку заснуў.

Схіліўся, як над братам Каін:

Каго забіў, каго згубіў?!.

І верш, як метэорны камень,

З касмічных падае глыбінь…

х х х

Усё зямное мне ўсявышняй сілай

Дарована, каб жыў я па-зямному,

Каб небыццё не страшыла магілай,

Каб лёс мой роўны быў сабе самому.

Каб у бядзе памог не пахіснуцца,

А ў радасці не гойсаць ачмурэла…

Адно б – з самім сабой не размінуцца

І верыць, што яшчэ не звечарэла.

Пылінка ў чалавечым акіяне,–

Ды хто мой дух зняволіць у аброці?!.

І толькі перад Богам пакаянне

Прыму ў сваёй грахоўнай адзіноце.

х х х

Ужо птушыная капэла

Замор’е дзесьці весяліць;

Ужо бяроза пашклянела:

Галінкай кожнаю звініць;

Ужо аздоблены пушыста

Заечы шэры кажушок

І з беленькіх парашутыстаў

Сумёт узняўся на вяршок, –

А мне нястомна цешыць вока

Забыты ў полі васілёк:

“А да вясны так недалёка:

Адзін, як і да смерці, крок…”

З БАРЫШОМ

Я добры тым, што добры не зусім,

І сам сябе падхвальваю, што ў модлах

Ніколі ў д’ябла грыму не прасіў,

Каб выгляд мець напышлівы і модны.

Узорны зорны – гэта не пра нас.

Грахі прасейваць не прыдбаў я сіта,

Не ныў, адпрасаваны напаказ,

На свяце задаволеных і сытых.

Душой, як загудроненай шашой,

Пад колы ўлады слугаваць не клаўся,

Кахання, як манах, не абышоў,

І чарку прыгарнуць – амаль што класік…

Як хораша, што я жывы жыву,

Што я жыўцом у бронзе не адліты,

Даўжнік жыцця, – вось гэтым і слыву,

І гэтым, сціпла скажам, знакаміты.

Даўжнік!.. –Таму й спяшаю абвясціць,

Бо час ляціць, і пяць не маю жыццяў:

Каму за гэту радасць заплаціць? –

Ды з барышом наверх! – Хутчэй скажыце!..

ДЗЕНЬ ЗАБІТЫХ ДЗВЯРЭЙ

Дзверы ў свет, дзе да клямкі ледзь-ледзь даставаў –

Той, якую ў мароз траскучы

Па “навуцы” старэйшых лізнуць спрабаваў

І язык прымарожваў балюча…

Дзверы ў госці, дзе й ноччу на клямку рука

Патрапляла па-гаспадарску,

Дзверы, дзе з вандраванняў парог чакаў

Маіх крокаў, далёка не царскіх…

Гэта свята было – дзень жаданых сустрэч:

Хата дзверы трымала насцеж,

Смажыць, скварыць, варыць не стамлялася печ,

Стол гайдаў у кілішках прычасце…

Апусцела гняздо, разляцеліся ўсе:

Хто – у горад, а хто – на пагосце…

Нелюдзеюць дзвярэй вушакі пакрысе,

А ўжо я тут – не знаюся й госцем…

Сёння іншае свята – старэй-не-старэй,

А дарога мая прычакала:

Дзень забітых дзвярэй, дзень забытых дзвярэй, –

На цвіках, на замках, на завалах…

СПЫТАЙЦЕ ЦАГЛІНУ…

Якая ўважная ў нас міліцыя,

А самы ўважны, бадай, АМАП:

Уважаць усіх – і тых, хто на мыліцах,

І юных, – адно пад дубінку патрап…

А майце за ўдачу, калі вы патрапілі

Пад апеку тых, хто за гонар свой

Уважаюць берэт нахлабучыць крапавы

І цагліны зразмаху б’юць галавой.

Гэтыя й вам адшукаюць прычыну

Пасмакаваць, чым служба жыве,

Бо якая розніца: галавой аб цагліну

Ці цаглінаю па галаве?..

ВУЗЯЛКІ ДЗЕЛЯ ПАМЯЦІ

Каса, як вуда,

Ды рэжа худа:

Каса без клёпу –

Язык без клёку.

Знясуць з узлоб’я

Ў кювет калёсы,

Як пры аглоблях

Няма атосаў.

Няма бяседы

Без лішняй чаркі,–

А з ёю – беды,

Грызня ды сваркі.

Пішчом не годна

На неба лезці,

Усенародна

Спраўляць ушэсце.

Хай канкурэнты

Грабуць дашчэнту:

Стрыгуць працэнты

З апладысментаў.

Бяссмерця тайне,

Як Богу, верце:

Жыцця не стане –

Не будзе й смерці.

БЯССОННЕ

Дзе той век: “Вясна ў цэлым свеце!..” ?

Шлях снягамі жыццё замяло…

Праляцела – і не прыкмеціў:

Адцвіло, адгуло, адбыло…

Дзе той час: “Матыльком над лугам!..” ?

На нагах – камянёў пуды…

А падлога – рыпіць, падлюга,–

Як смяецца з маёй хады…

НА СТРЭЛКАХ ЧАСУ…

На стрэлках часу толькі “зараз”

Век адзначае малады.

А час ідзе – і ўжо напару

Два словы: “зараз” і “тады”…

Хусцінкай лёгкаю штовечар

Ружовіў захад твар зямлі.

І развітанні – як сустрэчы:

З надзеяй светлаю былі…

Прыйшло – прагнозаў абяцанні

Гнятуць: адны “цяжкія дні”…

Сустрэчы – нібы развітанні

Ў перадсусветнай цішыні…

О стрэлкі часу,

Стрэмкі часу…

х х х

Нявольніца лёсу, душа,

Рабыня зямных жаданняў,

Скажы: ты небу спярша

Ці мне слугуеш адданнем?..

Дарэшты сябе аддаеш

Спакусам імгнення зямнога,

Нясеш мне дарункі, але ж –

Пытаюся: ці не замнога?..

Душа, пераксці свой шал,

Схіліўшыся да аналоя,

І помні: зямлі падвал –

Пекла – бушуе смалою…

х х х

Магдаліна мужчынскага роду,–

Колькі высмягла ў гэтай душы,

Колькі тут патапталася зброду,

Колькі чэсных тут лёс парашыў…

Ты шукаў за ахвярай ахвяру,–

Звабна ў пастку лавіў і ў сіло.

Ды прысмерклі спакусныя чары,

Азірнуўся – а сонца зайшло…

На паслугу юрлівай даніне

Ты пажадна жыццё распластаў,–

Самы раз бы, як той Магдаліне,

Папрасіць паратунку ў Хрыста.

Толькі д’ябал душу не вяртае,–

Ды й каму яе, зрэшты, вяртаць?...

–Я – вазьму! – голас быў…– бо – я тая,

Сама першая, хоць не святая, –

Я – малітвай не ўстрашуся стаць…

х х х

Зусім жа не райскі сад,

А гэткая квецень бушуе,

Што яблычны зорапад

Галінкаю кожнай вяшчуе.

Шторання пчалінай сям’ёй

Абвейваюцца пялёсткі,

Ляцяць над вясновай зямлёй

Мядзвяныя адгалоскі.

Як райскіх надзей ускалых –

Сцвярджае кожнае дрэва

Сябе ў нашчадках прамых

Таго – спакушальніка Евы…

ЛЕТНІ БЕРАГ

Нахіляюць вербалозы

Вецце над затокаю,

Узіраюцца стракозы –

У віры глыбокія.

Рыб гарлачыкі схавалі

Пад лістамі-дахамі,

Поўдзень пырскі лёгкай хвалі

З твару хмаркай змахвае.

А на поплаве – няйначай,

Свята жабянячае:

Дзеткі квакаюць і скачуць,

Як на “Еўрабачанні”.

САКРЭТ

Сакрэты ў грыбнікоў

Бываюць адмысловыя:

Як вызнаць хітры схоў

І звычкі верасовыя;

Як вызначыць маршрут:

Ці нетрамі, ці ўзлескамі;

Як адшукаць той кут,

Дзе ўдачу неруш пестуе;

І як вайстрыць свой зрок

І ўвагу выштукоўваць… –

Ды ёсць галоўны ўрок

Сям’і баравіковай.

Хоць і ў сляпога кош

Напоўніцца да вечара,–

Але – сакрэт усё ж

Грыбны той рассакрэчваю.

Зважай на зрок, на слых –

Ды сутнасць не мяняецца:

Грыбы не любяць злых,

Грыбы ад злых хаваюцца.

х х х

І прыйдуць новыя людзі –

Зусім не такія, іншыя,–

І новае неба ў іх будзе,

А наша – залічаць у лішнія.

А наша з рахункаў сусвету

Спішуць за непатрэбаю,–

І пасмяюцца пры гэтым,

Нібы з кашулі зрэбнае.

Забудуць аб нашых зорах,

Аб нашым высокім цудзе…

Неба не знае паўтораў.

Неба ствараюць людзі.

х х х

Хто глядзіць з далёкіх зор

Проста мне ў душу?

Смутак чый альбо дакор

Ноч усю нашу?

Знаю: ты ў сусвеце ёсць,

Паралельны свет, –

Толькі я ў цябе не госць,

Нават не сусед.

Што ж у позірку тваім –

Каб жа ды знаццё! –

Промнем падае – а ў ім:

Смерць альбо жыццё?..

Адказаў бы, пэўна, ты,

Мой пакутны цень…

Толькі россып нематы

Замятае дзень…

Сонца вызначыць мяжу,

Што маўчанню знаць.

Я таксама не скажу –

Некаму сказаць…

Непазбежнасці прысуд,

Лёс зямных людзей:

Смерць не ведае пакут,

А жыццё – надзей…

УЖО ТАДЫ…

Калі яшчэ вада і суша

Сябе не зналі, і хаос

Яшчэ з арбіт планеты зрушваў –

Куды хацеў, туды і нёс;

Калі жывога ані кроплі

Яшчэ не знаў стары сусвет,

А да зямлі яшчэ, дзе тропік,

Дзе полюс – не дайшоў сакрэт;

Калі снягі ў Егіпце стылі

/Ды і Егіпта не было!../,

Калі палярнае ў пустыні

Бязмежжа ў сто вятроў гуло, –

Ужо тады Тварэц прароча

Мой дух адзначыў: “Васілю…”,

І ўжо глядзелі зорак вочы

Маім паглядам на зямлю.

х х х

Сны бесцялесныя: кветкі і дрэвы,

Людзі і птушкі, дарогі, палі…–

Раптам няўцямна прахопішся:

–Дзе вы?! –

Кінешся ў роспач:

– Былі – і сышлі!..

І не пакінулі весткі, адкуль вы

Сцежку знаходзіце ў хату маю.

Хай бы і мне, покуль век тут звякую,

Шлях падказалі ў краіну сваю.

Хоць бы маленькую брамку адкрылі, –

Я не такі надакучлівы госць…

Вось жа былі вы, са мной гаманілі, –

Як жа не верыць, што недзе вы ёсць!?

Я не надоўга б да вас – яшчэ трэба

Тут мне нямала чаго ўладкаваць…

Ды ці адступіцца вашае неба –

Згодай – вяртанне адсвяткаваць?..

А па вяртанні – зноў будзеце сніцца,

Родных абліччы, палёў васількі –

Як прадчуванне, што прыйдзе, каб збыцца:

Сон – на вякі, на вякі, на вякі…

НЕБА

Блакіту райская глеба

І зор ураджай залаты...–

Ты ўсё называеш небам

І забываеш пры тым:

Што мае твой зрок на прыкмеце –

Не доказ, не ява зусім,

Што неба няма ў Сусвеце:

Неба – у сэрцы тваім.

BIBLIA

Сябры мае, сяброўкі-кнігі,

Я чую голас, чую звон:

Багоў наказ, вякоў вярыгі

І хваласпеў не лепшых дзён...

У мною скліканым хаўрусе –

Імёны мудрых і гуляк

За шклом, ды не ў маўклівай скрусе:

Маўчанне кніг – прарочы знак!

Яны астральна загавораць,

Калі зямны пакліча час.

Яны не ведаюць учора –

Ёсць сёння і эпох запас.

Сябры мае, да вас прыкуты

Мой лёс пры кніжным стэлажы.

Я адыду... Ды горкі смутак

На сэрцы каменем ляжыць.

Таму багам на сконе веку

Гукаю – кніжнасці манах:

– А там ці ёсць бібліятэка

І класікі ў святых тамах?!.

ПАПРАЎКА

“Будзь роўны прыродзе, мастак”, –

Тастамент нябёсы пішуць.

Быць роўным?! О як бы не так!

– Будзь вышай!..

МАЎЧАННЕ

Я здзівіўся раптам... – не! якое ж

Тут здзіўленне – гэта Боскі знак:

Неба Усявышняю рукою

Супыніла: “Замаўчы, мастак!..”

Год семнаццаты, дваццатае стагоддзе...

Хоць бы верш – ці хоць адзін радок...

Аніводнага не створыць, не народзіць –

Прамаўчыць паэт, вялікі Блок...

Што ён чуў у тым натоўпным гуле

З водбліскам вар’яцкім у вачах?

Пэўна, што смяротныя не чулі, –

Ён пачуў – і ў жаху замаўчаў...

Гэтак жа маўкліва ўсіх дванаццаць

/Вецер, вецер замятаў сляды.../

Сам Хрыстос рэвалюцыйным пляцам

Вёў “апосталаў дзяржаўных”, – а куды?..

Год семнаццаты – і Богу невядома:

Гэта прадчуванне? ці – урок?

Адкажы, крывавы трыццаць сёмы!..

Не адказвае... Маўчыць смяротна Блок...

х х х

Пакуль шкада сінічкі гэтай

З марознай песняй за вакном,

Пакуль, дыханнем не сагрэты,

Праменьчык б’ецца ў шкло крылом;

Пакуль слязінкай зледзянелай

Звініць пупышка на вярбе

І аб вясне душой збалелай

З табою мроіць у журбе;

Пакуль, як сірата ў нядзелю,

Крынічка цепліцца ў трысці, –

Не ўсё пагасла безнадзейна,

Не ўсё пакончана ў жыцці...

СЦЕЖКА

Іду – а восеньскя сцежка,

Як мышка, шмыгае ў траве,

Бяжыць – не знаючы, куды...

То адшукае сыраежку,

То з павуцінкай праплыве...

То пералесак верасовы

Вядзе з чашчобы на сугрэў,

То абміне машын сляды, –

А дачы ўзбоч глядзяць, як совы,

Пустымі вокнамі з-за дрэў...

То з плугам выверне на поле,

Дзе мякка зябліва ляжыць,

Дзе клін пасеву малады

Нясе азіміну ў прыполе, –

А жыта ёсць – то будзем жыць!..

То пакіруецца ў бярэзнік

Да мітуслівага сяйва –

Каб лістападам збіць з хады:

Хай ты з цвярэзнікаў цвярэзнік –

А пойдзе кругам галава...

Палоніць царства залатое

І вочы сонечна крадзе –

І верыш верасню тады:

Не ты праходзіш сцежкай тою –

А сцежка праз цябе ідзе.

х х х

Чеченская пуля верна...

А.Блок

Паўночныя схілы Каўказа,

Браты рукатворных муроў, –

Тут не даравалі абразы,

Тут славілі вернасць сяброў.

Кайданны тут помніцца ляскат –

Злачынны заробак вякоў.

Ды бліжай натуры каўказкай

Быў цокат гасцінны падкоў.

Тут праўды не знаюць махлярскай,

Ілжы пры святочных сталах,

Тут ворагу па-гаспадарску

Хадзіць не дазволіў Алах...

Калі ж абступаюць нягоды,

І выпіта крыўда да дна –

Каўказ не гандлюе свабодай:

Чеченская пуля верна!..

Д’ЯБАЛЬСКАЕ ПЫТАННЕ

Не суджана змовіцца двум прарокам,

Адзінства – не іх узаемны дар.

Прарок – як гэты свет – адзінокі.

Ён толькі сам над сабой валадар.

Прарокі ж самі і навучылі –

Несумяшчальнасцю ў мудрых тамах:

Няма прарока ў сваёй Айчыне...

– А можа, Айчыны ў прарока няма?..

31.12.2007.

21 гадз. 30 хв.

2008

х х х

Нас двое на свеце:

Паэт і чытач.

Як родныя дзеці,

І смех наш і плач.

І хто з нас падсудны,

І хто з нас судзя, –

Не ўсочыць аблудны

Крытычны бадзяк.

А што ўзварушылі

Жыццю напаказ

Святыя вышыні –

То толькі для нас.

Ніхто тут чынамі

Таптацца не змог.

І трэці між намі

Адзін толькі Бог.

х х х

Вось так і жыццё адмыкаецца:

Бягуць з-пад снягоў раўчукі,

І ў чысціку – смутку ні каліўца:

Такуюць цецерукі;

Юрлівы шчупак на нерасце

Гайдае хвастом берагі,

І сакавік намерыўся

Выводзіць у поле плугі;

І чуе зямля цяжарная

З усіх вясновых дарог:

У небе высокім – жаўранак,

А над жаўранкам – толькі Бог.

х х х

Як знічка па небе – вогненнай крэскай, –

Пункт прызначэння – “ікс”...

Куды ён цябе, касмічны кур’ерскі,

Незваротны, як рэчка Сцікс?..

Толькі й шчсця, што час той не знаеш, –

Хоць і знаеш, чыя рука, –

На нейкім паўстанку разгон стрымае

І зніме цябе з цягніка...

ПЕРШАЯ І АПОШНЯЯ

Жадана галубіцца

З бяседаю першая чарка,

Апошняя – чубіцца,

Апошняя – цягне на сварку...

х х х

Не вяршыня нябёсы прашыла

Над бяскрыласцю гор сваіх, –

Гэта горы ўзносяць вяршыню,

Каб яна велічала іх.

х х х

Зорныя Мядзведзіцы сярпамі

Дажынаюць постаць на юры.

Складваю снапы гадоў тарпамі –

А жыццё не вывучыў напамяць...

Божачка, урок мне паўтары!..

х х х

Пачынаўся сёння клопатна мой дзень:

Нешта твары засмучоныя ў людзей,

Нешта вочы ападаюць да зямлі, –

Як бы з пылам іх вятры не замялі...

Здагадаўся я, што ўсё гэта не так:

Сёння ўхмурылася ў неба чарната.

Як жа вочы ўзняць і як яго любіць?..—

Нешта трэба, нешта трэба мне рабіць!..

Сёння дзень мяне паціху пахваліў:

Сёння з раніцы аблокі я бяліў.

х х х

З цішынёю сусветнаю ў полі

Паядналіся ўсе галасы.

Па-дзіцячы ў жытнёвым прыполе,

Залюляныя, спяць каласы.

Што ім сніцца, якія турботы?..

Я над полем жытнёвым лячу,

Каласы ахінаю пяшчотай,

“Не турбуйцеся, спіце...” – шапчу...

Прыйдзе спеласць – дзень пастараецца,

Сонца шчодрае не абміне!..

А пакуль што – спіце да раніцы:

Кажуць, дзеці растуць у сне.

Набіраюць зярняты сілу –

Будзе хлебна святочным сталам!..

...Перапёлка –як бохан – дзяліла

Ночку летнюю папалам...

“НЕ ЗАБЛУКАЙ...”

P.S. – пастскрыптум да апавядання

Юрыя Казакова “Никишкины тайны”

Бадзяжы дух – ні сцежак, ні слядоў, –

І толькі сэрца на крыжы выводзіў.

На поўначы шукаў свой лёс і дом –

А слова – матчына, смаленскае, знаходзіў...

А слова сведчыла, што гэта крывічы

Гукаюць крэўна – праз вякі – нашчадка...

Паслухай – і ў здзіўленні памаўчы:

Чыя зямля тут і чые пачаткі!..

І ты пачуў – і адгукнуўся край

Табе ў апавяданні адмысловым,

Дзе хлопчыку: “Сынок, не заблукай...”–

Сказала маці беларускім словам.

Я прачытаў – і нібы земляка

Сустрэў знячэўку на шляхах далёкіх, –

І з прывітаннем цягнецца рука,

І ў слове чую беларуса крокі!..

х х х

У каго

і якія

клопаты:

самапатоля

ці самадопыты?

У каго

і якія

таланы:

самаданосы

ці самаабманы?

У каго

і якія

памкненні:

самаўхваленне

ці самаспаленне?

У каго

і якія

сімпатыі:

самараспяцце

ці з веліччу сватанні?

У каго

і якія

яны –

гэткай

будзе

і ён

цаны.

ВІТАННЕ

Сціх крыгалому трэскат,

Рака пайшла ў разліў;

Бор сонечна пралескі

Па ўзгорках рассяліў;

Сабрала снег апошні

На панізоўях таль, –

І з жаўруковай поштай

Вясну вітаў ратай!..

НА ВОЛМЕ

У каго Волга,

а ў мяне – Волма.

А ў мяне – вольна,

а ў мяне – прыкольна

не Сцяпану Разіну

з дачкою князевай,

а на дне карасіку,

мысляру-класіку.

З-пад зялёнай раскі

ён мне шэпча казкі –

лёгкай чарацінкай,

вясёлай асачынкай,

ценем лазняковым

над заваддзю-падковай,

хвосцікам аб камень,

луской і плаўнікамі...

Кінуў я рыбачыць,

бо ў яго на Начы,

кажа, ёсць сваякі, –

значыць, мы землякі.

Дык хіба ж земляку

трапыхацца на кручку?!.

Я паверыў цуду,

я паверыў казцы –

аб калена вуду!–

хай яе трасца...

РУБЛЁЎСКАЯ ШАША

реют мотороллеры.

За рулем – влюбленные –

как ангелы рублевские.

Фреской Благовещенья,

резкой белизной

за ними блещут женщины,

как крылья за спиной!..

Андрэй Вазнясенскі –

“РУБЛЕВСКОЕ ШОССЕ”.

1962.

А што – у Маскве задуха?

Палацы сціскаюць дыханне?..

Шаша Рублёўская ў руху

Мільёншчыкаў эпахальных...

Фанерна-агучаных “гёрлаў”

Тут час прадае, як шоўмэн.

І душыць паэтаў за горла

Бяскніжжам і безграшоўем...

Трайныя паверхі палацаў:

У рай і столькі ж у пекла...

Ну як тут будзе спявацца

Паэту з музаю пекнай?!.

Палацы... вертэпы... палацы...

Тут душы грызуць, як рэпу...

“Рублёўка” ў шале вібрацый, –

Вертэпы... палацы... вертэпы...

Тут нават адным уяўленнем

Уміг абяскрыліш натхненне...

Аддыхацца выйдзі ў сенцы,

Паэт Андрэй Вазнясенскі...

х х х

Вітае студзень зіму –

На ўзлёце, з начамі марознымі.

І што я скажу яму?

І ён – што маўчыць пагрозліва?..

Ці клопат ягоны такі:

Хвіліны студзіць развітальныя...

І крылы твае – дзве рукі –

Ляцяць у дарогу астральную...

Як ім непрытульна там,

Як неба холадам дыхае!..

І што застаецца нам? –

Надзея – цацкаю дымкаўскай.

І ўжо даймае мароз

Той дымкаўскай размалёўкаю,–

Здаецца, да сэрца прарос

Праз паліцечка лёгкае...

Цябе – як снягуркі сястру –

Ратуючы снежнай завабаю,

Я рукі абманна тру

І шчокі твае азяблыя.

І ты разумееш сама:

Снягоў цеплыня – абманная...

А зорак – а зорак няма:

У небе – адны туманнасці...

ШМАТКРАТНЫ

Дзяльба нястратная –

І ўсё ў цане:

Вам – дэмакратыя,

А ўлада – мне.

х х х

Жыцця і смерці крэўнасць спрадвечная

Нам Усявышнім наканавана.

Толькі смерцю ачалавечана

Будзе жыццё тваё – позна ці рана...

Мы і родныя ўсе і роўныя

Для Яе, што пакліча ў вырай,

І яшчэ да Суда Галоўнага

Атрымае кожны свой вырак.

Пакуль не Страшны,

Пакуль зямны –

Не ўспамінаюць

Грахоў ля труны...

Адгалошаны, неагалошаны

Будзе вырак суда людскога:

Пра нябожчыка – Богам адпрошана –

Толькі добрае ці... нічога...

х х х

Ну вось, як быццам

І ўвесь сакрэт:

Даў Бог забыцца,

Што ты паэт.

А словы самі –

Ці хто ўначы

Між зор красае? –

Мне шлюць зачын.

Што mor – каханне,

А mort – яно

Ўжо смерцю стане, –

І “t” – стырно.

Той гук бяздзейны,

Што неўпрыкмет

Так безнадзейна

Руйнуе свет.

Ён і прымусіць

Паверыць зноў,

Што ў землятрусе

Ты да асноў.

Няма спакою,

І крылы – з рук.

Вось што такое

Адзіны гук!..

х х х

Даўно такога не было:

Пад яблыняй – сумёты.

З пялёсткаў снегу намяло,

А вулей спеліць соты.

Даўно пчаліную гурму

Так не шчадрыла квецень:

Абвесніў мёдную зіму

Рой – і сабе, і дзецям.

х х х

Была на ліру мода,

І быў паэт як бог.

Цяпер у модзе модуль,

Камп’ютар перамог.

Купаюцца з пялёнак

Малыя ў моры тым,

І слепяцца стамлёна

Дзяды, нібы краты.

Як мне паразумецца

З касмічнаю труной?

Хто скажа, дзе падзецца

Мне з рыфмаю маёй?

Спытаюся ў салоўкі,

Спытаюся ў дразда...

А ў вераб’я – нялоўка:

Не з пеўчага гнязда.

Ды гэты сам прыкмеціў

Разгубленасць маю:

–А я, – сказаў, – на вецер

Парады не даю.

А я, – сказаў, – заўсёды

Пры песеньцы сваёй,

І – знай – перад народам

Не сорамна мне з ёй.

Хоць у чарзе па славу

Ніколі не стаяў,

Спяваю я па праву,

Бо песенька – мая.

Жыццё мазгуе крута,

Ды ўсё ж не шкодна знаць:

Нам не раўня камп’ютар –

Яму не заспяваць!..

Дык на якое ж ліха

Ты галавой панік?!

У рыфму дык у рыфму:

“Чык – чырык!”

РЭПЛІКА НА ПАРФОМАНСЕ

Гляджу – безнадзейна, са спачуваннем

На экзальтацыю і вычварэнь:

Крычаць, як быццам ідзе карчаванне

Зубоў, ці пакутна гняце мігрэнь.

Назоў – адпаведны праяве: парфоманс,–

Хто без кашулі, хто без штаноў...

Ці форма без зместу, ці змест без формы?

А сэнсу – як сэксу ў тупых каплуноў.

Навошта ж, навошта вам, хлопцы і дзеўкі,

Пераніцоўваць старое рыззё?

Ці ў свет вы прыйшлі як “адамчыкі-еўкі”,

А мы яшчэ ўсе на карачках паўзём?

Ёсць, кажуць, і ў музыцы муза такая –

Папсоўкаю служыць, пры добрых грашах:

Нібыта метал сыржавелы – цяжкая,–

Б’е дэцыбеламі па вушах...

Ды як ні вылузвайся, як ні галёкай –

Не знае Пегас металічных спружын:

Вершы цяжкія не пішуцца лёгка –

Спачатку іх трэба цяжка пражыць.

х х х

Таго, што абяцаў мне Бог,

Што меўся даць – заўжды і ўсюды,

Я зберагчы жыццём не змог

І, пэўна, смерцю не набуду.

Каму і што віноўны я?–

Не скажа продак, і нашчадак

Не ўзнае. А віна – мая,

І сэрца паліць мне няшчадна.

Калі на дзве душы адну

Пакутна лёс рассек аднойчы –

То холад вечнасці крануў

І абяскрыліў дар прарочы.

Калі на свет душы другой

І рэха ўжо не прыгукаю,

Перад сусветнаю смугой

Я ў Бога ласкі не шукаю.

І калі ўсё вярнуць мне зноў

Зямным Ён прапануе коштам,

Я не прыму мінулых сноў –

Спытаю толькі: “А навошта?..”

х х х

А могільнік у нас на вышыні дзяржаўнай:

Сто метраў ад яго – маяк трыянгуляцыі.

Вышэй за іх, бадай, быў з вежаю пажарнай

Былы касцельны гмах – ахвяра інкарнацыі.

Ды ён тут ні пры чым пры гэтых дзвюх вышынях:

Ён з тых, каго багор уладны не пялегаваў –

Яго на новы лад Саветы перашылі,

А гэтыя – агню і ўладзе не падлеглыя.

Што праўда, першы больш не служыць картаграфіі,

І артылерыя патрэбы ў ім не мае,

А вось другі – працуе, як па графіку,

І круглы год насельнікаў прымае.

Дазволу не пытаецца ні ў кога ён,

І месца “вертыкаль” тут не браніруе:

Усіх тут на руках адной дарогаю

Раз у жыцці нясуць – да райскіх выраяў...

Ды гэтых рук адчуць не давядзецца, мусіць,

Клады – хоць і ў зямлі – мяне чакаюць іншыя...

Няма жывой радні – дык мёртвым памалюся:

Прыедзьце па мяне – а вось не буду лішні я?..

х х х

Якія халодныя ночы,

Якія спякотныя дні...

То ў квецень мароз ускоча,

То ўсмажыць сухмень карані...

Даводзіць мудрэц-дыялектык:

“Інакш не бывае ў жыцці...”

Ды штосьці ўсміхаецца век мой...

А мне? – з ім у згодзе ісці?..

А як на душу ўсё кладзецца?.. –

Ні Маркс не падкажа, ні Кант...

Гісторыі нітка прадзецца,

А век мой? – нібы сімулянт?..

А мне што?..– ні збегчы, ні збочыць...

Ні крылаў, ні вышыні...

Якія пакутныя ночы,

Якія самотныя дні...

СПЕВАКІ

Слімак слімаку

Паціснуў руку:

–Здарова, слімак!

Дзе жывеш і як?

–Жыву, як і ўсе:

Грызу пакрысе

Капусны качан

І таўсцею, як пан.

–А я, браце мой,

Змяніў імідж свой:

Падаўся ў папсу –

І зелень трасу.

–Таксама капусту?

–Угу, брат!– ды з хрустам,

Ды ліст кожны з тварам,–

Завецца далярам.

Някепскі навар –

То фэст, то базар:

І харч годны маю,

І песні спяваю!..

–Слімак?! – заспяваў?

А голас дзе ўкраў?

–А я й не гарлаю:

Я рот раскрываю,

Але не крычу –

Я ўголас маўчу.

Такая манера:

Спявае “фанера”!..

І мне б маўчанне тут захоўваць,

Бо ўсё ж няёмка падслухоўваць.

Ды – паверыце ці не –

Сёння радасць у мяне:

З дня таго на цэлы год

Чысты стаў мой агарод:

Буракі, і баклажаны,

І качан наш паважаны,

І турнэпс, і агуркі... –

Заспявалі слімакі!..

З МАЧУЛІШЧА Ў ГРЭКІ...

“Грэка-персідскія войны

І росквіт Афін”...

Настаўнік ад ведаў быў вольны,

Як з бражкай графін.

Вясёлы, бо знаў, што прагне

Сустрэчы салдатка-ўдава,

Настаўнік зачытваў параграф

І вывучыць нам задаваў.

Вячэрнік завочнай гадоўлі

Выходзіў, як з-пад агню:

Ён сам той падручнік адольваў,

Здаецца, упершыню.

Быў курс “акадэмій” кароткі –

Ваеннай навукі замес:

Драўляная сямігодка

І партызанскі лес.

І што яму грэцкія войны –

Не ў гэткіх ён сферах блукаў

І меў да праграмы школьнай

Медаль і пусты рукаў.

І нас не вучыў, а прывучваў

Падручніку давяраць,–

Такі быў файны падручнік –

З цяперашнім не параўнаць!

Даступны, просты, талковы –

Мы верылі ў кожны міф,–

І вёскі вузенькае кола,

Як свет, расшыралася ўміг...

З гісторыяй змогся настаўнік,

Са школы сышоў, але –

Нібыта з дзяцінства лістамі –

Мне тэмы падручніка шле.

Пра Зеўса і Гільгамеша,

Пра арганаўтаў лёс,

Пра баявую дэпешу,

Што марафонец нёс...

А тая... Сіндромам запойным

У памяці – нібы клін:

“Грэка-персідскія войны

І росквіт Афін”...

ДВА БЯДУЛІ

Было два Бядулі на Беларусі:

Адзін аб лёсе яе бедаваў,

Другі з аптымізмам жыў у хаўрусе:

На працадні бяду раздаваў.

Адзін у падручных пісьменніцкай музы

“Пяць лыжак заціркі” калісьці дзяліў,

Другі старшынёўскія лейцы тузаў:

Калгасам-гігантам натхнёна руліў.

Адзін пяром выручаў эпоху,

Лічыў: бяду нясе на гарбе,

Другі нагружаў: каб усім патроху,

І каб найменей – самому сабе.

Адзін штодзённа пяць лыжак заціркі

На бальшавіцкай харчэўні меў,

Другі на ўсе грудзі калгасныя ўшыркі

Геройскімі зоркамі ўладна грымеў.

Адзін хаваўся за псеўданімам,

Другі сапраўднае прозвішча нёс,–

Бядулі... А беды – не міма, не міма,

А ўсё навылёт праз народны лёс...

ГЕТЭРАМЕТРЫЯ

Тэма

Прастытутка: квадрат прастакутны

І роўна-даступны з усіх бакоў? –

Ці вугал лёсу, тупы, пакутны,

З навіссю ўчэпістых павукоў?..

х х х

Чытаю мудрыя кнігі –

Малітвы і споведзь вякоў,

А ў думах – ні промня адлігі:

Эпоха ледавікоў...

Маўчаць нябёсы старыя,

Зямны суцяшае храм...

Малюся Маці Марыі,

Заступніцы Марыям.

Спрачацца з промыслам божым –

Падказваць яму што і як

І грэх і па-людску нягожа,–

На ўсё яго воля, аднак –

Над Бібліяй ці над Каранам

Скажы толькі: –Божа, а ты б

Пажыў, дзе край зруйнаваны

І труціцца генатып...

х х х

Ва ўсіх – і жыццёвая тэма,

І свой дыхтоўны расклад,

А я – чалавек бессістэмны,

Як жнівеньскі зарапад.

Лячу, каб згарэць. А навошта?

Спытайцеся ў знічкі, калі

Яна прамільгае коштам

Камусьці даць знак на зямлі.

Нікім не запланаваны,

Сістэме не ўмею служыць, –

Асуджаны ці абраны,

Каб небу святлей было жыць.

х х х

Калі б сабраць і зблізіць – год за годам –

Далёкія й нядаўнія па часе:

Хто з радасцю прыходзіў, хто з нягодай,

Хто лёсу слугаваў, а хто спрачаўся,

Хто ўпэненасць прыносіў, хто сумненні,

Хто родным, блізкім наканоўваў беды,

Хто адышоў чужым халодным ценем,

А хто наогул не пакінуў следу,

Хто дапамог камусьці ў непагоду

Душой сагрэцца, а хто быў пракляты...

Калі б вось так усе іх – год за годам,–

Калі б іх запаліць над вечнай хатай...–

Якое б засвяцілася сузор’е,

Як з тых, нябесных, зорак, што злучае

Зямны наш позірк... Ды ніхто не згорне

Гадоў тых у сугучча, бо з адчаем

Я сувязі ірваў. І думаў: выйсце

Ў дні заўтрашнім. Абманнае кружэнне

Гадоў асеннім размятала лісцем, –

І хто ім знойдзе, без мяне, збліжэнне?..

Я руйнаваў гадоў мінулых прасла.

А выйшла – ад сябе адгарадзіўся.

І ўжо няўцям: то свеціць год пагаслы,

Ці ў выбуху – звышновы нарадзіўся?..

х х х

Забарона – прыкольная,

Як палёт, як душа,

Бо калі ўсё дазволена –

Што тады парушаць?!.

АДМАЎЛЕННЕ АД РАЮ

Стаміўся дзень, пытаецца дарога:

–Куды, куды спяшаешся, нябога?

Як многа ўсіх – і ні душы наўкола,

І ты – як на жніўі забыты колас:

Які самотны, і які маўклівы,

Які бяздомны без жытнёвай нівы...

Асенні дзень схіляецца да ночы –

Даецца ён, каб зразумець аднойчы,

Як дорага жыццё на схіле веку,

Адпушчанага небам чалавеку:

Адно імгненне, а ўжо рай бліжэй,–

Імгненне, што за вечнасць даражэй...

х х х

Бой апраметны

з сабою сам-насам –

Бог усясветны

прасторы і часу.

НА МОВЕ ТОЙ...

На мове той, што немаўлят люляе,

Што ў свет з бацькоўскай хаты выпраўляе,

Што на каханне сэрцы бласлаўляе,

Што на шляхах няўзлётных акрыляе,

Што ад ліхіх напасцяў замаўляе,

Што мудрасцю планіду аздабляе,

Што невычэрпнай глыбінёй здзіўляе

І песню – нібы з неба – пасылае,–

На мове той калі ўсе размаўляюць –

Усе наўкол і ўсюды ў родным краі,–

Як гэта і надзейна – і натхняе!..

МНЕ ВЯСНА НАПІША ПАСЛАННЕ...

У барознах бульбу акучваю,

Каб не ўзяўся загар зялёны.

А з-за лесу хмарка лятучая

Перуновым спяшыць паштальёнам.

Ну, напэўна ж, з добраю весткаю:

Будзе дождж – на ўраджай бульбоўны.

І маланка ўжо жахнула крэскаю,

Грымнуў гром, як архангел трубою.

Будзе дождж, пройдзе мякка разоркамі

І ўвесь свет сваёй мовай пявучай:

Буль-буль-буль, буль-буль...ба,– слова звонкае

Па складах вымаўляць навучыць.

І ўжо ліўня касыя лініі,

Як у сшытку па чыстапісанню,

Разліноўваюць неба сіняе,

Дзе ўспамінамі салаўінымі

Мне вясна напіша пасланне...

“АКЦЭНТЫ”

–Кніга жыцця ці кніга ныцця?–

Рэдактар пытаецца ў творцы.–

І мне не па-мне, і народу няўцям:

На якой ты ідэйнай падпорцы?

Агледзься: краіна расквеціла ўжо

Да шчасця шляхі і сцяжынкі.

Хіба ты не бачыш, не чуеш, няўжо,

Як б’юць у бубны дажынкі?!

Якому богу здаешся ў палон?

Ты творца, скажы, ці прытворца?

Ідэйны сорам, “зянонавы” клон,–

Якой жа тут быць адгаворцы?

Я ў творчыя жмуркі гуляць не люблю,

І ты расстаўляй акцэнты:

Ці прэзідэнцкаму служыш рублю,

Ці прэзідэнцкаму цэнту?

Пабач во: аб мове слязлівы ручай

Ды “вечны плач аб старонцы”...

А ты – каму спяваць, вызначай,

Знай, дзе ўстае наша сонца!..

І творца нятворча зніякавеў,

Пачуўшы: “Падчысцім, абкорым...”–

Ну, вось і займеў: палітычна гавеў,

А выйшла, што й слёзы ўжо – скорам...

Калі ўсё было тое, знаць вам карціць?

“Было”? Але – ці канчалася?!.

Адно толькі й знай: час назад адкруціць –

На брудэршафт з Уга Чавесам...

х х х

Гэта забаўка, ці піяр,

Ці зямлі нашай злы праклён:

Нібы цар, прыўладны ліхвяр

Прымярае нашчадка на трон.

А ў душы пралетарскай надлом:

–Зноў зямныя пайшлі багі.

Не хапае кароны з арлом,

А то рыхт – Мікалай другі...

Дзе ты знік, бальшавіцкі чысцец,

Рэвалюцыі гнеўны размах?!.

Над былым – за капцом капец,

На руінах – за гмахам гмах.

Во дзе бум працоўны і ўздым,

Во дзе тэхніка ўладна грыміць:

Салаўі перамог у Дразды

Пазляталіся гнёзды віць.

Б’е карупцыю тэлеэкран,

Ды сваім: “Не зважай!..” – падмігнуў,–

Над эпохай пад’ёмны кран

Шыю ўласніцкую працягнуў.

Ці бурыліся троны дарма,

Ці зваротна пайшлі вякі?!.

–Як шкада, што бога няма!–

Уздыхаюць бальшавікі...

х х х

Добры бог прынёс:

Там, дзе мора слёз,

Гора горны гмах,

Церняў Млечны шлях,

Там, дзе мёртвы смех,

Як галактык бег,

Дзе ад шчасця след

І надзей сусвет, –

Там мая зямля,

З ёй душою я

Паміж тых дарог...

Дзякуй, добры бог...

х х х

Той далёкай, вечна блізкай,

Той святой зямлі сакрэт –

Ён са мною ад калыскі,–

Мамін светлы запавет.

Ён загадкаю малітвы

Ўсе напасці адхіляў,–

З гэтай Кнігай старажытнай

Я, як з Богам, размаўляў.

Хоць чытаць не ўмела мама,

Трактавала Кнігу кніг:

Лёс ад Евы і Адама

Да правіннасцяў маіх...

Па шляхах жыцця, з дзяцінства,

Ад бацькоўскага стала

Ў край, што мне здаваўся сфінксам,

Кніга мудрасці вяла.

Да муроў Ерусаліма

Не дайшоў, не даляцеў,

Толькі шлях не збочыў міма –

Там я духам у Хрысце, –

Як прарокаў дабрадзейства

Паміж небам і зямлёй,

Як пясчынкі іудзейскай

Водсвет у слязе маёй...

х х х

А мне ўжо восьмы дзясятак,

А мне ўжо семдзесят тры,–

А ўсё малады, незаняты

Гняздуецца чорт унутры.

І носіць вясновыя ласкі

Асенняя золь у душу,

І лета само, без падказкі,

Прыходзіць, хоць я не прашу.

Аднак, не спяшайце лякацца,

Старэчых не тузайце сноў:

Віноўніца ўсіх правакацый

Адна і нязменная – зноў!..

Такі ўжо ў яе характар,–

А я – пра яе, пра яе:

Гэта паэзія раптам

Завалу гадоў узарве.

І што з ёй рабіць? “Глуповатой”

Сам Пушкін яе ахрысціў...

А мне ўсё ж восьмы дзясятак...–

Паэзія, адпусці...

ПЕРШАРОДСТВА

Не асноў карэнных абвяржэнне –

Каранёў ніхто тых не абсек,

Не крыніц духоўных адчужэнне,

А патокі дзвюх магутных рэк.

Не Дняпра ў манахі пастрыжэнне,

А хрышчэнне Кіева ў Дняпры,

Не Дзвіной паганства спасціжэнне,

А Рагнеды лёс – яе сястры.

Не набегам збройнае служэнне –

Бі суседа ды майно ірві,

А крывіцка-балцкае збліжэнне,

Паяднанне геннае крыві.

Гэта наша з вамі нараджэнне –

Не была гісторыя скупой:

Двух народаў крэўнае бражэнне –

Неўміручай вытрымкі напой!

Гэта нам зарука на ўзмужненне –

Праз Літву да Беларусі шлях.

Гэта наша з вамі абуджэнне

Сёння й назаўсёды. У вяках.

Полацка дзяржаўнае сцвярджэнне –

Беларускай існасці зара, –

І няма яшчэ Масквы княжэння,

І няма маскоўскага цара...

х х х

Я і прыдумваць не думаў гэта –

Прызналася смерць сама,

Сказала, як п’яны паэт паэту,

Што смерці ў смерці няма.

ДОНКІХОЦКА-БІБЛЕЙСКАЕ

А навошта мой плач

на забруджаных рэках,

Калі з душаў забруджаных

час наладжваць біблейскі зыход?

І навошта, прабач,

Дон Кіхот дваццаць першаму веку?

Так, той самы: на высмех асуджаны,

той, з дзіцячай душою, змагар Дон Кіхот...

На двубой папяровы

злу кідаю пальчатку,

Расінанта-Пегаса выводжу,

бяссонніца шчыт падае...

І шукаю ўсё Слова,

што было на Пачатку, –

Тое самае. Ды не знаходжу...

Ці Бог не дае?..

2009

ПРЫЛЯТАЙЦЕ...

У пакоі маім

на ўсю сцяну –

лес.

Яго прынёс

і пасадзіў калісьці

рулон

модных на той час

фоташпалераў.

Трыццаць год

раскашуецца лес.

Колькі разоў

мянялі шпалеры,

а яго я збярог,

не даў скарчаваць

і на сметнік аднесці –

на спажыву бамжам,

наглядчыкам смеццевых скрынак...

Так і жыву я ў лесе –

і днём і ноччу.

Жыву – і любуюся.

Ды раптам сёння,

1-га студзеня 2009 года,

так-так, раптам –

здзівіўся:

а ніводная ж птушка –

праз столькі год –

не прыляцела ,

не зрабіла гняздо

ў маім лесе...

Спытаўся ў яго –

маўчыць.

Ні гуку...

Ці не таму і радкі

ападаюць во зараз

верлібрам –

без рыфмы, –

як асенняе лісце

ў лесе шпалерным маім...

І – ні гуку.

Маўчанне...

Як малітву,

шапчу –

прылятайце ж!...

Прылятайце –

прашу вас! –

хоць раз у год.

Прылятайце,

галасістыя птушкі!..

1.01.2009.

х х х

Прыгожа

і прывідна

ходзяць

змеі:

Паўзуць,

пераліваючыся

з прасторы

ў прастору.

Я іх не люблю,

але –

разумею:

Гэта –

вытрымкі

з усіх чалавечых гісторый.

Ідзе, як стаіць, –

незаўважна

і плоска:

Дзе след стары,

а дзе новы

пачаўся?..

Прыгожа –

бо нячутна

/зусім па-боску/

І прывідна,

бо –

губляецца ў часе.

Цынічна і раўнадушна

халодная, –

Гісторыя,

змяя падкалодная...

х х х

Так жыццё ўгрунтавана

Тварцом Усявышнім –

Па Законах Вялікіх

І нам Недаступных:

Што здаецца смяротнаму

Выпадковым ці лішнім,

У гармоніі свету

Мае чын абсалютны.

З той здагадкай і я

Век зямны дажываю:

Вось цвіце васілёк,

Палявы, непрыкметны,–

Хай ля сцежкі,

Хай доля ў яго межавая,

Але ж недзе і ён

На рахунку ўсясветным.

Пэўна ж, ёсць і ў яго

Найвялікшае наканаванне.

Вочы ў вочы глядзім,

А пытанні раяцца:

Ці ж ён тут аб’явіўся,

Каб, квітнеючы, чэзнуць і вянуць,

Ці – квітненнем адолець

Хаосу вар’яцтвы?..

Ці з нябёс на зямлю

Ён з таемнаю весткай пасланы,–

І якраз, можа, мне,–

Ды зблудзілася пошта?

Калі ж не –

І сакрэт той не мне абяцаны,–

То каму?

І навошта?..

ЛЕСАВІК

Як не чую пілу,

Як сякера не глушыць,

Днём – узношу хвалу

Небу, сонцу і птушкам.

А ў начную пару,

Што цямней, чым паданні,–

Сам з сабой гавару,

Сам сябе спавядаю...

х х х

Не суджана зноў паяднацца –

Вяртання не знаюць шляхі.

Заворваюць памяць юнацтва

Гадоў лемяхі.

Не ўгледзець і не дагукацца –

Час на спагаду глухі.

І сподзеў на цуд інкарнацый –

Як дождж у пустыні сухі.

Таму – будзь ласкавы збірацца

З-пад грэшнай зямной страхі

І небу не ладзь дэкарацый

З абманнай трухі...

Маліся: Суда б дачакацца,

Збавіцельнай Боскай вяхі.

Суд Страшны не страшыць спаткацца,–

І раптам даруе грахі...

ПРАВАСЛАЎНЫ...

Не трапячу, як асінавы ліст,

Перад амбонам дзяржаўным:

Учора – слаўны быў атэіст,

Цяпер – атэіст праваслаўны.

“Кароткі курс” чытаў нараспеў,

Нібыта псальмы Давіда.

І свечку ў царкве запаліць паспеў –

Каб поп індульгенцыю выдаў.

Сур’ёзна ці не – а душу сваю пру

На тыя ж самыя граблі:

То з богам /прылюдна/ пагавару,

То памалюся з д’яблам...

НІКОЛІ...

Як ніколі не ступіш на ўласны цень,

Так ніколі не спыніш апошні свой дзень.

Як ніколі не высніш пакутную ноч,

Так ніколі свой лёс не абыдзеш наўзбоч...

ДУМАЮ АБ ПАДАБЕНСТВЕ...

Стадыён тысячавокі,

І адна на ўсіх людзей

Зрэнка – мяч надзьмутабокі –

Да варот пагляд вядзе.

Пас налева, пас направа,

Пас наперад, пас назад, –

Стадыён не мае права

Галавой круціць не ў лад.

Во як гол – тады ўжо ўгору

Вочы ўсе і рукі ўсе:

Стадыён ляціць і горад

За сабой уверх нясе!..

КАБ ТАК БЫЛО...

Каб так было: ні ворага, ні сябра.

Каб ты са светам быў, як сам з сабой:

Свет – у табе, а ты – у ім.

І зябнуць

Каб зерню дум не даў перад сяўбой.

Каб вокам злым усходы не адолеў,

Каб не таптала рунь твая нага,

Каб за дабро плаціў дабром і долі

Ў зламысніка свайго не вымагаў...

Ды не было й няма дарогі роўнай

У чалавека на святой зямлі.

І не дае патолі дух бунтоўны,

І ўсё дарогі ў бездараж звялі...

О, калі б так, як думаў ты, як мог...

Але: і бог – не ты, і ты – не бог...

х х х

Я веру, Божа, у мудрасць тваю,

Малюся волі тваёй усявышняй,

Ды горкіх дум, аднак, не ўтаю:

А што ў цябе, Божа, народ мой лішні?

Чаму ж не ратуеш, не звернеш яго

З дарогі, пазначанай самаглумленнем,

Перад аналоем абманных багоў

Паставіўшым мову сваю на калені.

А з ёю і дух свой, і лёс – як прысуд:

Быць ці не быць народам...

Ці ты гэтак, Божа, знявераны люд

Па-боску ратуеш ад зводу?

Перад небыццём – на самым краі –

Ісціну, можа, спазнае,

Можа, паўстане з духоўных руін,

Абудзіцца і акрыяе?..

Грамніцы.

РАТУЕ ТАЙНА...

Два небыцці мне мець наканавана:

Адно – да нараджэння, а другое –

Што смерцю ў нас смяротнымі названа...

Жыццё – адмашка вечнасці ізгоям,

Каб на зямлі здаволіць іх імгненнем.

А знаць не даддзена: пакінуў ТАМ каго я?..

І толькі мрою: хто ПАСЛЯ сустрэне?..

Ды й ці надарыцца якая з кім сустрэча,

Калі зямныя рухнуць сутарэнні...

Ратуе тайна розум чалавечы –

Зямное, хоць і боскае, тварэнне...

УСЁ ВЯДОМА...

Усё вядома яшчэ да таго...

Чытае лёс з фармуляра майго:

Калі на свет я з’яўлюся,

Калі развітаюся з ім...

З кім сустрэнуся і размінуся,

А каго не сустрэну зусім...

З кім засмяюся

І з кім пабяруся...

Дзе прайду,

А дзе – упаду...

Дзе і якая

Чакае

Ўдача,

А на якой дарозе

Заплачу...

Каго абнадзею

Паглядам,

А каму зліхадзею

Здрадай...

З кім пасваруся

І як паміруся...

Усё вядома:

Дзе і калі

Паўтаруся я,

На якой зямлі...

Ці гэта навала

Мяне

Абміне... –

Усё вядома...

Толькі не мне...

х х х

Прышласць тоіцца мудрым сфінксам,

Дні шліфуе часу прыбой.

Ды вясёла часцінку дзяцінства

Мы нясём праз жыццё з сабой.

Неўпрыкмет яна свеціць і грэе, –

Па-анёльску: ні слоў, ні слядоў.

З ёй і ў старасці мы не старэем –

З абярэжніцаю ад гадоў.

Ці не тут і сакрэт, што па часе

Нам яна ўсё бліжэй і радней.

Не дзяцінімся – то засталася

Нам апошняя кропля на дне...

Смерць ёсць смерць – нішто не ўратуе...

Аднаго не дарую ёй,

Што дзяцінства часцінку тую

Засыпае сырою зямлёй...

х х х

Калі звініць спякотны дзень,

Калі ў грудзях гарыць сухмень,

Ты марыш аб адным тады:

О, хоць бы кропельку вады!..

А да крыніцы прыпадзеш –

То неспатольна п’еш і п’еш...

Так і жыццё: няма мяжы

Жаданню – вечна жыць і жыць...

І смутку нашага выток,

Што – усяго адзін глыток...

х х х

А мова – як луг квяцісты,

Дзе не хадзіла каса,

А словы – у звоні расістай,

І ў кожным свая краса.

І ў кожным свае тычынкі,

І песцікі, і нектар –

Салодкі, а то і з гарчынкай,–

На сто ладункаў завар!

Каб кожнай пчале – па кілішку,

Па кубку – усім чмялям,

Кузуркам-ласушкам пакрышку...

Не бойцеся – хопіць і нам!..

На сто адценняў – пялёсткі,

Каб міма ніхто не прайшоў,

Каб гэты дарунак боскі

Куточак у песні знайшоў.

ЗАМЯРЗАННЕ

Дзе рака гайдала плёсы,

Стыне хвалісты шурпак,

Ледзяную корку носам

Выпрабоўвае шчупак.

Пад вярбою заінелай

Вір суняў свой калаўрот,

І крынічка анямела –

Як вады набрала ў рот.

ЦІ НЕ ЧАС?..

Паглядзіш, як нахабна лезуць

Мільярдэры на п’едэстал,

Дык міжволі і зробіш выснову:

Ці не час заспяваць нанова

Палымяную “Марсельезу”

І ствараць “Інтэрнацыянал”?..

ЗЯМНОЕ І НЯБЕСНАЕ

З часам раблюся ўсё больш зямны:

Слухаю не сілы касмічныя,–

Хіба мацней, хто скажа, яны

За сілу зямную?

Не вечнасцю час адлічваю,

Ды касмічна шчырую:

Дзве-тры вечнасці –

І не меней –

За адно зямное імгненне

Космасу ахвярую.

А на зямлі раблюся ўсё больш нябесны,–

На зямлі – цесна.

Слухаю не ўдары сарака саракоў

У металічныя адліткі стопудовыя.

Слухаю не найдзюкоў,

Што шукаюць скрынку цвікоў,

Каб узводзіць палацы лядовыя.

Ні кансерватараў,

Ні бальшавікоў,

Ні завадатараў,

Ні тылавікоў,

Ні ліквідатараў-

Сілавікоў... –

Усе і ўсё –

Нібы камень на дно.

А са мной

На арбіце зямной

Застаецца адно:

Слухаю ўдары сэрца свайго

Маленькага,–

О, не знаць бы, што ўсё гэта ў ім сабранае! –

І нябеснае, і зямное...–

Колькі ў ім усяго-ўсявенькага...

А яно ўсё ідзе –

Не з жабрацкай кавенькаю,

На сардэчнасць не абабранае,

Не засіленае маною,

Ідзе –

Не трымціць па-рабску каленькамі

Перад уладнаю брамаю,

Ідзе –

У саюзе са мною.

Веру, сэрца, табе –

Ты знаеш:

Колькі ў мары маёй магіл,

Столькі згублена светам дарог...

Ты – зямны мой бог

І малітва мая зямная, –

Я ўсё табою напоўню,

Дзе разрывае вечнасць кругі,

І на шляху крыжавым,

Зноў і зноў я табе напомню

Пра зямныя мае даўгі:

Іх цяжар не пакінь жывым.

АРХІТЭКТУРНАЕ

Будынак – лёсаў канваір,

Будынак – сталінскі вампір:

Даносы ў сутарэннях –

Ні зносу, ні старэння.

ПЫТАННЕ ГРАФАМАНА

А вершы на тым свеце пішуць? Не?!

Тады не прыставайце з гэткім светам

І марна не ўгаворвайце мяне,–

Прабачце! – Я павінен жыць на гэтым.

ПРЫШЭСЦЕ

Сонечнай радасці крэскі

Весняць крыло матылю,

Сведчаць на ўзлеску пралескі:

Неба прыйшло на зямлю!..

ШТО Б І ЯК?..

Хто ты, сейбіт Вялікай Сяўбы?

Цемра з цемры. Загадка скразная.

А мяне ж магло і не быць.

Не было б – і аб тым бы ці знаў я?

Ні мяне, ні зямлі, ні травы –

І аб тым шкадаваць ці варта?

І якія ў мяне правы

Казыраць не існуючай картай?

Не існуючы – хто я? І хто б

Той сакрэт рассакрэціў, –

От бы знаць! – як мяне не было б,

Што было б, як жылі б вы на свеце?..

ЁСЦЬ ВЯСНА...

Ёсць вясна – у кожнага свая.

Кажуць, што яна бывае вечнай, –

Без прасторы, часу, – толькі як –

Як адчуць яе па-чалавечы?

Дрэвам стаць, каб сокі ў каранях,

Затаіўшыся ў зімовай стыні,

Прычакалі дзень, што ў прамянях

На душу зноў сонечна нахлыне?

Стаць ракой, што ў гнёце ледзяным

Не спыняе рух да акіяна,

Помнячы: вясны вяртанне ў тым

Воблаку, што з кропелек саткана?

Абярнуцца майскім матылём,

Што вясны знікненне знаць не знае:

Дзень, як вечнасць, пад яго крылом –

Не было яе, то й не знікае...

Пазайздрошчу дрэву, матылю,

Рэчкай пакланюся акіяну,

А вясну ва ўсім як ёсць таю –

Чарамі яе не ашуканы.

Буйствам кветак, зернем наліўным

Для мяне вясна бушуе ў леце,

Восені шматфарбныя званы

Згадкаю вясны гайдае вецер.

А зіма? А што зіма! Ды ў ёй,

Развітальнай, больш няма нічога:

Кожны дзень – вясна вясны зямной, –

У зіме – вясны трагічна многа.

ЭФЕКТ БЯЗВАЖКАСЦІ

Прагрэс душу прагрыз,

Натуры з’еў абрыс.

Прагрэс – жыцця пратэз

І чалавецтва крыз.

Прагрэз – далікатэс

На ўсезямным стале

І да разгадкі тэст

Усезямной – але

Па той нябесны прыз

Нагамі ўверх палез

І галавою ўніз.

х х х

Ці бачылі вы чалавека

З галавою, узнятай да неба,

Якога няма

/Не чалавека, а неба/,

Якое толькі міраж,

Вачэй зямных уяўленне,–

Абманнае,

Але такое звабнае,

Бо там – зоркі.

І ўсе яны – быццам на небе...

Дазвольце прызнацца:

Чалавек гэты – я,

Уласнай персонай,–

Прашу да кампаніі –

У зорны сусвет!..

х х х

А што тады будзе, як свет

Пакіне мяне ў небыцці?

І як я патраплю на след,

Каб з цемры той выйсце знайсці?

Не богазмаганцам памру,

І бога не мне паўтарыць –

Ды сам сабе неба ствару,

Каб зоркі нанова адкрыць.

НА АНТЫЧНЫ МАТЫЎ...

Нелады ў мяне з Мнемасінай,

Мнемасіна здраджвае мне:

Дрэва памяці абцерусіла, –

О багіня, я ў сне ці ў труне?

Адбіраеш імёны і даты,

На абліччах згушчаеш туман...

А маёю ж сяброўкай была ты

І ніколі не ўводзіла ў зман...

Нібы скарб са мною насіла

Ўсё, што лёс нам прынёс, берагла.

Як жа мне, скажы, Мнемасіна,

Без цябе – у ноч, без святла?

Ты даруй, што цябе закрэсліць

Іншы раз хацелася мне,

Хоць і знаў, што й дабро не ўваскрэсне,

Як благое цябе не кране.

Захавай жа ўсё да драбніцы –

Кожнай рысачкай кожны знак.

Як жа нам з табой памірыцца,

О багіня памяці, – як?..

“БЫЛЫЯ...”

І хто дыктуе той закон? –

Ад Бога ці ад д’ябла ён:

Сяброў – жыццё крадзе, адводзіць,

Ці самі моўчкі адыходзяць...

“Былыя...” Я цяпер для вас

Больш чым нішто: інертны газ, –

І не п’янкі, і не атрутны:

Ёсць, але я для вас адсутны.

Я нібы сфінкс: душа нямая

Ўсё на глухіх замках трымае.

І ўсё таму, што вас няма,

Што не збярог вас, не ўтрымаў...

Даводзіць час, што вы – былыя, –

Ды памяць зрэдку так заные...

БЫЎ ДЗЕНЬ...

Здзіўляюся мудрасцю мовы, –

Ну, хто яшчэ скажа глыбінней

Адным-аднюсенькім словам

Аб нашай душы галубінай?

Аб нашай, святой, беларускай, –

Пачуйце адно толькі: свя-та –

І: празд-ник… Якая музыка:

Адкрытых складоў – і зацятых...

І сэнс – як і музыка тая:

Што лепш? – не пытаецца блазнам:

Быў дзень: як малітва святая,

Ці так сабе – марны, праздный?..

НЕ ЗНАЦЬ БЫ...

Не знаць бы, якая

Мне з песні надзея,

Як птушка не знае,

Што лётаць умее...

СЛУХАЮ...

Слухаю рыбу.

А яна маўчыць.

На якой мове?...

Слухаю беларуса...

ЯК РАЗЛІЧЫЦЦА?..

Навошта прыходзіць на свет чалавек –

Вось тут, на гэтай зямлі? –

Не знае зямля: ці то ўдача, ці здзек,

Што мы з ёй на свеце жылі?

І што ёй да нейкага там Васіля...

Ды хто ж перад кім у даўгу?..

Не знаю, як спіцца табе, зямля,

А я – заснуць не магу...

х х х

Няма такой планеты

І кропкі няма зямной, –

На перасячэнні сусветаў

Спаткаліся мы з табой.

Няма такіх гравітацый,

Каб паядналі нас, –

Сусветаў лёс разлятацца,

Зямны нам не дадзены час...

х х х

Маршрутам да славы вечнай

Шыбуе натоўп малады,

А я ўжо – рухам сустрэчным

Іду. Хоць і знаю – куды...

О ЧАС...

А час – пажартаваць мастак

І жартаў сэнс не тоіць.

О час! – з чаго ж бы ўсё не так,

І ўсё – зусім не тое?..

Ці то з крывым люстэркам ты

Ідзеш? Ці я старэю? –

О час! – чаму ў смузе слаты

Світанкі вечарэюць?

І шпак – вясну не маладзіць,

І – стрэмкі жаўруковы...

І думка сонцу ўслед глядзіць,

Як змрочны лес яловы...

НА СХІЛЕ...

Як дзён сувой ні разгортваю,

Дзе сховы трымаюць зару,–

А ўсё ўспамінаю мёртвых

І з мёртвымі гавару...

СНІЦЦА СІНІЦА...

Сніцца сініца. Штоночы

Сніцца – зімы сястрыца,

Як быццам сказаць што хоча,

Ды агалоскі баіцца.

А я не магу здагадацца,

Таму й не магу суцешыць.

Колькі ж ты будзеш гайдацца

На ветры, блакітны арэшак?

Як раскусіць тваю тайну,

Як разгадаць таямніцу:

З краіны якой віртуальнай

Ты прылятаеш, сініца?

Дзе ты жывеш, дзе гняздуеш

З песенькай сціплай і шчырай,

Дзе сваіх дзетак гадуеш,

Дзе твой далёкі вырай?

Ці я нагадаў абліччам

Той згублены май далёкі,

І ты душу маю клічаш,

Бо сумна тваёй, адзінокай?..

У свет які на світанні

Ты адлятаеш, сініца,–

Неразгаданаю тайнай,

Каб зноў прыляцець і прысніцца?..

х х х

Жукі-караеды ўгрызаюцца стоена –

Жукам не ўспадобу лясная публічнасць:

Звалілася ў лесе маім сухастоіна –

Факт, скажам, як быццам і не гістарычны.

Звалілася ў лесе маім сухастоіна –

За лета да голі жукі абкарылі.

Было, як і ўсе, тое дрэва: прыстойнае,

Звычайнае дрэва – а лес абяскрылеў.

А лес абяскрылеў на крону зялёную, –

На цэлую крону! – на сонцаву ўцеху,

На песню птушыную, небам натхнёную,

На ветраву схову, на дзятлава рэха.

І на грыбное маё неспадзеўства:

Дзе кожнага разу што-небудзь прытоена,

На вышыню і на слоў чарадзейства...

...Звалілася ў лесе маім сухастоіна...

х х х

Пабачыцца б мне з табой,

Спытацца ў цябе наўпрост:

–Анёл бесцялесны мой,

Ты лёс ці да вечнасці мост?

Ахоўнік і апякун,

Прыстаўлены да мяне,

Ці ты са мною, пакуль

Жыццё на зямлі праміне?

Ці іншаму станеш служыць,

Маіх пазбыўшыся сноў,

І той, каму суджана жыць,

З пытаннем падступіцца зноў?..

А ты, як і гэты верш,

Уважыш маўчаннем сваім:

Ці слова было найперш,

Ці сэнс, затоены ў ім?..

Я толькі наказ даю:

Чыёй бы душа ні была,

Аберагай, як маю –

Пярынку з твайго крыла...

І чую:

–Зямны чалавек –

І мераеш меркай зямной.

Я твой – і табе быць навек

Як цень – неадлучна – са мной.

Ты мой – не пяклуйся дарма:

Душа не ведае тла.

Ты мой: калі ценю няма,

Значыць, няма і святла.

У ВЯНОК ЛІТАРАТУРНАМУ СКЕПТЫКУ

Цяжка на свеце

Скептыкам жыць:

Як у санеце –

Формы гужы.

Роўная мера:

Радок у радок,

Цвёрдая вера:

Убок ні на крок.

Ды горай, чым зона,

Гэткі санет –

Абагаўлёны

Скептыкам свет.

Хто што ні зробіць –

Ён тут жа супроць:

Кемлівай спробе

Надзене аброць.

Самую дробязь

То зменшыць спаўна,

То пераробіць

Муху ў слана.

Ходзіць з апаскай:

А раптам ухаб!..

П’е па-манаску:

Не з д’яблам хаця б...

Есць недаверкам:

“Хіба гэта блін?..”

Пхае цукерку

Ў рот, нібы клін...

Сонца ўсім свеціць,

А ён – у імжы...

Цяжка на свеце

Скептыкам жыць...

ВЕРАСЕНЬ З ЮПІТЭРАМ

Юпітэр можна бачыць як самы яркі аб’ект

у сузор’і Вадаліва.

Даведка з Календара-2009

“Планеты ў верасні”

Цягам верасня ты

Быў са мною, Юпітэр,

Твой пагляд залаты

Быў па-брацку адкрыты.

Перамоўлена шмат,

Недамоўлена болей.

Верыў я: акурат

Маю зорную долю.

Ды надзея мая

Засталася надзеяй.

Хто ім свой: ты ці я –

Пільна зоркі глядзелі.

Мы абодва былі

Перад імі як дзеці:

Я вось тут, на зямлі,

Ты ў касмічным сусвеце.

Разумелі яны:

Мы ад сонца святлімся, –

Не такія чыны

Ім па гонару ўвысях.

Ды не ў сорам было

Нам, што сонца люструем:

Гэта наша святло, –

Свецім – і не хітруем!

Першым ноччу заўжды

Сведчыў ты сямізорна,

Што ў нябёсах брады

Не знаходзяць паўторна.

Паўтараецца ўсё

Па-зямному зямное:

Дух да Бога ўзнясём,

Прах зарыюць з труною.

Ды не скончыцца шлях:

Хай не я – ты, Юпітэр,

На паўторных палях

Сееш вечнасці жыта.

ВЯСЕЛЛЕ

Поўня ў рацэ купалася,

Як маладая ўдава,

А вадзянік без фаласа

Лаўцом сябе выдаваў.

Русалкі чынілі кепікі

З пажаднага целяпня:

–Цялёпайся, ды з апекаю

Старэчай ты ёй не раўня.

Тут сом плаўніком пялёхнуў –

Як рыцар махнуў крысом, –

Гуло вяселле эпохі:

Пабраліся – поўня і сом.

х х х

Сонца ў Начы ўтапіла высі,

Зорка ціўкнула, як птушаня,

Берагі ў начы разышліся,

І суцішылася цішыня.

Не ўцікуеш: а што за рэчкай: –

Хто цікавіцца мной адтуль?

Вораг інфармацыйнай уцечкі –

Змрок – навін завязаў хатуль...

УНЁСАК

Стандарт адукацыйны рос:

Гіганты ўсе – і клерк, і бос.

А розніца? А ў тым, што лёс,

Хоць і не пёр наперакос,

Ды паасобку ўсім натрос,

І кожны парахоўна нёс

Унёсак на агульны воз:

Хто данясенне, хто данос.

ЧЫТАЮЧЫ КНІГУ КНІГ

1.

А ўсё-ткі Біблія – і ў святасці – тварэнне

Такое чалавечае, зямное, –

Усё тут дзеецца пад нашым сутарэннем:

Ад жменькі гліны да каўчэга Ноя;

Ад грэшнай Евы да сляпца Адама,

Што побач жыў, а райскага не бачыў!..

Усё: ягнятка з божымі слядамі

І ўрок тысячагоддзяў – грэх свінячы;

Будынак камунізма ў Вавілоне,

Што меркаваўся дублікатам раю;

І каласкі – як на калгасным полі

Мы ў час галодны – дбайна Руф збірае;

І тупае з Хрыстом-яздоўцам вослік,

І п’юць віно, і ў закусі – масліны;

Звяроў, кузюрак, птушак шматгалоссе,

Сухмень і дождж на горы і даліны... –

Зямное ўсё ў біблейскіх зімах-летах,

Усё пакрою і шыцця зямнога...

Дык што – Сусвет канчаецца на гэтым?..–

Спытайцеся, смяротныя, у Бога.

2009

2.

Мне Біблія шмат адкрыла

Забойстваў Старым запаветам.

–А дзе ж тая Боская міласць? –

Спытаў я ў айца Філарэта.

А ён – з усмешкай кітайца –

Не стаў бараніць Ягову:

–А вы Стары не чытайце –

Чытайце адразу Новы.

Цяпер я дакладна знаю:

Прарокі – зямныя людзі,

І Біблія – кніга зямная.

Нябесная – потым будзе.

2010

НІБЫТА Ў КОСМАСЕ ХУТАР...

Акенцам свеціць камп’ютар:

Нібыта ў космасе хутар, –

Лячу на яго здалёк –

Наіўны начны матылёк...

Пакутна ў нябёсах блукаю,

Нябесныя словы шукаю.

Не знаю – каму і навошта? –

Маўчыць касмічная пошта,

І пісьмы ад зор не прыходзяць:

Ці адрас мой не знаходзяць,

Ці ўжо не цікавяцца мною

З маёй планідай зямною?..

Скажы мне, хаўруснік астральны,

Ты й праўда каўчэг ратавальны

Ў патопе інфармацыйным

Ці проста тэхнічны цынік

І сэрца ў цябе не заные:

А дзе ж мае словы зямныя –

Ці я іх згубіў ці забыўся,

Што гэтак за неба ўхапіўся?..

Ну што ж, даражэнькі камп’ютар,

Хоць ты ў скараходы абуты,

І ўміг сусвет аблятаеш,

І ў вечнасці межаў не маеш, –

А як жа, а як жа з адказам ?

Яго не пачуў я ні разу...

Скажу табе, мудры камп’ютар:

Пытанне – не мёд, а пакута.

Яго і табе задаю...

Шануючы мудрасць тваю,

Хачу і сваёй не пазбыцца, –

Дык буду маліцца зямліцы.

За кожную краску, травінку,

За каласок, за пярынку,

Буду аберуч трымацца, –

Буду зямлёй ратавацца:

Тут думы мае і словы...

І ты не нахмурвай бровы,

Не “вісні” з праграмай вучонаю, –

Я так, я прывык “па-чорнаму”:

Спачатку душой вымяраць,

А потым – табе давяраць...

У “ФІЛЁЗАФЫ”...

Калі меркаваць цвяроза:

Адкуль яны ў нас бяруцца?!.

Сэнс збузаваў – то й “філёзаф”! –

Хоць крыкні – ратуйцеся, людцы!..

Ратуйцеся, каб не з’ехаць

З глуздоў да поўнага “zero”.

Ім што! – а ты, хоць і нехаць,

Гвалтуйся “рэчывам шэрым”...

Такіх “славясоў” напіхаюць...–

А сэнсу... а ўдумнай карысці...–

Што плюнуць бы след: “А няхай іх!..” –

Дык тут жа цямнотай ахрысцяць...

Карчуецца тэма за тэмай –

Расце “мысляроў” пагалоўе.

А ў скутку: духоўная немач

Хаваецца за “мудраслоўем”.

І кожны з крыкліваю позай,

І кожны такі вялікі,

І ў кожнага “чысты розум”

На “крытыку” тоіць разлікі...

І так набярэшся туману –

Пацягне ў “філёзафы” крукам:

А што – хіба соль на рану

Горш, чым на рану цукар?

Я ЛІСТАПАД...

У шапцы з хмар

Стаю на ўзлеску я –

Асенні цар, –

І Лістапад маё імя.

Я лістасейна

Ападаю на зямлю,

Якую па-вясенняму

Люблю.

Я лістасей,

Ды што з маёй сяўбы?.–

Лес аблысеў,

Схаваліся грыбы...

Ні ягад, ні арэхаў...–

З кім сустрэцца?..

І нават рэха:

Кліч – не адгукнецца...

Я Лістапад,

Я цар, –

Ды боскі дар

Не даў

Назад

Мне зрушыць

Каляндар.

Апошні ліст

Рыжэе ў барадзе...

Зімы гарніст

Вятрыста

Ў горн гудзе...

Я сёння

Лістапад,

Я цар лясны,

А Сакавік – мой брат,

Зялёны цар вясны.

Зімовых дум

Зімовы сум

Ён прэч з душы зганяе:

–Ідзе, ідзе

Зялёны шум! –

Маім лясам спявае.

Я чую

Песню тую, –

Яна мяне

Ратуе.

х х х

“Прабачце...” – я кажу на развітанне –

Усім і кожнаму, – і зараз, і ў запас...

Хоць прамаўчу, калі мяне не стане, –

Але прабачце тройчы і ў той час.

Хай страшны суд – пакуль зямны што – судзіць, –

Я ўсё прыму: я ў дзеі не глядач...

Але страшней, чым вырак, як не будзе

Каму – на ўсёй зямлі – сказаць “прабач”...

СЯБРЫНА

Мы жылі, як жыць належыць –

І гавелі, і пілі,

І на скрут юнацкіх сцежак

Неабачліва ішлі.

Але зналі аксіёму,

Што ад прадзедаў-дзядоў:

Не ўчыняць бяды нікому,

Злых, няправедных судоў.

Мы інтрыг не гарадзілі –

Не было ў душы прычын.

Як любіць – каго? – Радзіму.

А кахаць – каго? – Жанчын.

Аднаго сабе жадаю:

Рваць улады ланцугі,

І каб бросняю з гадамі

Не пакрыліся мазгі.

Жыць па правілах – ды ў бунце!..

А калі жыццё міне –

Не саромцеся: турбуйце!

Вам каго гукнуць? Мяне?

Калі ласка! Я паклічу –

Сам сябе, – не падвяду!

І адтуль – ахоўным знічам –

Цераз сто магіл – прыйду.

Бо сябрына – як рабрына:

З ёй, як з Еваю Адам,

Я ў адзінстве, – і абрынуць

Дружбу злоснікам не дам.

АПОШНІ...

Напачатку было слова...

Евангелле ад Яна

Сёння сонечны вецер,

Заўтра – буры на сонцы.

Ад сардэчных адмецін

Бог не даў абаронцаў.

Можа, гэтак і варта:

Біся, сэрца зямное,

Каб угледзець пажар той

Паміж небам і мною.

Будзь прыёмнікам чуйным

Даручэнняў асобых:

Што смяротным вяшчуе

Той касмічны Чарнобыль?

Сувязным па дастаўцы

Тэрмаядзерных вестак, –

Я адзін мо застаўся

З тых, каму не ўваскрэснуць.

Як у сонца праменняў

Не бывае зваротных,

Так жыцця не заменіць

Смерць жыццём несмяротным.

Вырак мой адмысловы:

Зноўку не паўтарыцца, –

Я асуджаны ў словы

На зямлі растварыцца...

ДЫЯЛОГ

Жыццё:

–А мне ўжо – ці круць, ці верць –

Ісці пад тваё крыло.

І што б ты рабіла, смерць,

Калі б жыцця не было?

Смерць:

– Запомні: я адбіццё

Тваё ў зваротным канверце.

І ці было б жыццё,

Каб раптам не стала смерці?..

УСЁ ЯНО...

Маснічка ад калыскі да парога,

Сцяжынка, што за веснічкі ўцякае,

Каб перакінуцца ў далёкую дарогу,

Крынічка, што ў аздобе асаковай

Рачулцы напярэймы выцякае,

І аблачынка, што грамы шукае,

І такавішчаў бой цецеруковы,

Дзе сцелюць пер’ем шлях да перамогі,

І баравік у сховах верасовых,

І плач зязюлі, што пра дом забылася,

І рэха, што ў лясах блукаць стамілася, –

Усё яно –

Як свет,

Адно:

Гукае, гукае дзяцінства,

Вяртае, вяртае дзяцінства...

Іду ўсё жыццё туды, –

Ды ў іншым кірунку сляды...

УСЯНОЧНАЯ

з 27-га на 28-е лістапада 2009 года

Генадзю Бураўкіну, –

атрымаўшы ад яго Выбраныя творы

ў “кнігазбораўскім” выданні

Гэта кніга колеру зары –

Гэты том – мне расхінаў нябёсы:

Усю ноч з табой прагаварыў

Сон мой, – як ступаў па зорах босы.

Колькі ўскалыхнулася ў душы

Заімглёных радасцяў і боляў!..

Гаманілі дні ў начной цішы, –

Гэта гаманілі мы з табою...

Хай цікуе старасць на дварэ

І карціць старой ля нас пагрэцца, –

Не, тых дзён ніхто не адбярэ:

Што было – навекі застаецца.

Знае кніга: сон мой не заснуў,

Ні на хвілю не замружыў вочы, –

Ён бяссонна мне вяртаў вясну

Гэтай лістападаўскаю ноччу.

НЕ БЫЎ БЕЛАРУСАМ…

О Божа, Тварэц Усявышні,

Успомні – на момант хаця б, –

Што я ў тваім свеце не лішні

І ў свеце людскім не раб.

Ты даў мне такую зямліцу, –

Што сам не знаходзіш прычын

Супроць, каб на ёй пасяліцца, –

Калі б не сусветны твой чын…

О Божа, твой клопат глабальны:

Каб з тропу не збіўся Сусвет.

А чуў, як са словам пахвальным

Глядзіць на нас кожны сусед?

Такая зямліца! – о Божа,

Ды як жа яе не любіць!?

І хто ў той любві пераможа,

Суседзі не могуць рашыць…

Таму й не зайздросці Айчыне

Маёй, – я здагадку набыў:

Усё гэта, Божа, з прычыны,

Што ты беларусам не быў…

х х х

Жыццё кароткае, як сон

Кароткай чэрвеньскаю ноччу, –

Здаецца, што даецца ён,

Каб зазірнулі ў вечнасць вочы.

Ды родняцца яны смяротна:

Сон – з захаду на ўсход імчыць,

Жыццё – трактуе шлях зваротны:

Усход на захад залучыць…

х х х

Адгукнецца і абарвецца,–

Вядзе, як на допыт

Той апошні вакзальны

Званок.

І твой крок

На прыступку вагона, –

Не вярнуць, не спыніць.

А са мной назаўжды застаецца

Нездзяйсняльны,

Адзіны мой клопат:

Як у полымі часу

Тваю горкую,

Гордую

Ўсмешку

Спаліць…

КЛІЧНІК І КРОПКА

Сонца Усходам хмурыцца

На Захад, што ноччу прамок.

Ева цыгаркаю курыцца,

Будзіць у краму замок.

Клічнікам кропка гандлёвая

Кліча запойны хаўрус, –

Хто тут каго пераплёўвае:

Еўра- ці хеўра-саюз?!

Пэўна, не знае й Амерыка:

Хто пазычае ў каго.

А круцялём быць намерыўся –

Іншых шукай берагоў.

Дзверы разгортвае раніца

Ў рай, – паспяшайся, Адам!..

Тлуста Еўропа ўзіраецца

Ў наш пахмялёны бедлам…

ГОНКА

Якія жарсці разгараюцца!

Куды вы ўсе ў зялёных шорах?!

Купіць Мальдзівы ці абранніцу?

Ці куш стаеміць у афшорах?

Куды вас гоніць хіжы бізнес,

Куды спяшаецеся здуру?

Ці ў той даляравай свярбізне

Аздоба людскае натуры?

Хіба няўцям: каса і граблі

Дадуць прыстанішча рэзоннае.

Ці й там намерыліся з д’яблам

Хаваць свае, хапаць казённыя?..

СНІЦЦА ЯДРАМ…

Як жар-птушка, Цар-пушка

Ў двор Крамлёўскі зляцела, –

Баявая нясушка –

І душою, і целам.

І наседжвае яйкі –

Двухпудовыя ядры:

Не жадае быць лялькай

Бабка сённяшніх “Градаў”…

Ды і іншыя птахі

Тояць сэнс у гняздоўі:

Крыл імперскім размахам

Свет узяць у абдоймы.

Дні касмічныя гунаў,

Тэрмаядзерных скіфаў, –

Сняцца ядрам чыгунным

Найсучасныя міфы…

ЯГАВІСТКІ

Каб ратаваць мяне

Ад бязбожжа імглістага,

У кватэры маёй званок зазвінеў,

А на парозе паўсталі дзве ягавісткі.

Дзве юныя, прасвятыя,

З Бібліяй нападоймы ў руках.

І падумалася: “А ці гэта не тыя,

Якіх шукаў, але не спаткаў?..”

Я пра тое…– а яны мне пра Біблію,

І нешта хочуць пра Ягову мне патлумачыць.

–Ды я сам, – кажу, – распытваў

Пісанне паглыблена,

І не раз, –

Ды адказ

Не знайшоў, як сустрэцца з парой юначай…

А тут во якраз! –

І вы на парозе!..

Заўсміхаліся ветла дзяўчаткі

/О наіўнасць святая!../:

–А вы яшчэ пачытайце…– бываюць выпадкі!..

Вось праз тыдзень ці два завітаем –

І сустрэнемся ў Бозе…

Пайшлі… А я ўсё чытаю…

Дні лічу – і чакаю…

Не чутно ягавістак…

Ці забыліся пра дамову,

Ці па адрасе новым

Да самотнага атэіста

Іх кудысьці паслаў Ягова?..

ЯШЧЭ…

Яшчэ – хай не ў раскошы,

Але ў жыцця – не з краю;

Яшчэ ў дзіравы кошык

Дзён рэшткі не збіраю;

Яшчэ вясновы клопат

У яблыневым гудзе

Пад крыл птушыных лопат

Штодня на золку будзіць;

Яшчэ не стыну ў маі,

І халады на печы

/Хоць печы той не маю/

Не цешу па-старэчы;

Самоце не даступны,

Спяю куплет на ўдачу,

Яшчэ й нагой прытупну

/Адно, каб хто не ўбачыў/;

Яшчэ ў вясёлым стане

Зрэдзьчас курну цыгарку

І на дзявочы станік

Зірну, як чорт на чарку…

Яшчэ…

Ды, па-сакрэту,

Свет дзівакоў не звёўся!..

“Яшчэ”…

Яно б і гэтак –

Каб так яно было ўсё…

х х х

Дзе ў акіяне свету гэты востраў? –

Дзе чуюць песню ў салаўіным горле,

Шчаслівыя, мае браты і сёстры,

Што ў свет не нарадзіўшыся, памёрлі...

Дзе быў мой цень ці плоць мая блукала,

Пакуль я на зямлі не ўзнік з нябыту,

Дзе ты мяне, адзіная, чакала,

Каб збыцца і згарэць метэарытам…

х х х

Закон фізічны на зямлі – падзенні,

Палёты – супрацьлегласці закон.

Супрацьстаяння гэтага саўдзельнік –

Я стаўлю, як гулец, жыццё на кон.

Не знаю: перамога ці параза

Мяне чакае сёння на крыжы.

Калі б вядома ўсё было – адразу

І лётаць расхацелася б, і жыць.

АСТРЫ

Цвітуць перадзімнія астры –

Па-восеньску сарамліва,

А з неба космас вачасты

За астрамі сочыць раўніва:

“Таксама мне зоркі знайшліся! –

А зорнасці ж – ані долькі…”

Не чуюць астры тых высяў, –

Цвітуць на зямлі. І толькі.

КАРМІЦЕЛЬ

З дзяцінства любіў агарод:

Па градках шастаў, урвіцель.

Цяпер накарміць народ

Клянецца…

Знайшоўся, – карміцель!..

КАБ ДЗЕНЬ ПАЧЫНАЎ…

Аблачынка ідыліі

Прысвячаецца газеце “Наша слова”

з нагоды яе 20-годдзя

То крылы настрою трымаюць на ўздыме,

То кінуць у іншым кірунку.

А ў цэлым жыццё – аблачынкі ідылій,

Маіх паэтычных лятункаў.

То Боская ласка. Інакш не бывае, –

Каб свет не чарсцвеў ліхадзейна.

І я па-зямному ўсё гэтае маю,

Ды й звыш таго ёсць надзея.

Па-беларуску яна неадольна

Душою маёй валадарыць

З малітвай за слова, якое, як доля,

Прыйшло да нас Боскім дарам.

Няўжо мы яго на дарогах растрацім

Бяздумна, не па-чалавечы, –

І гоман чужы панаваць будзе ў хаце –

У нашай, святой, векавечнай?..

Ад калыханкі з матчынай мовай

Няўжо беларус быць не здатны?!.

Да гэтай надзеі дадам адмыслова

Яшчэ й цыркуляр мой прыватны:

Каб дзень пачынаў прэзідэнт Беларусі

/Ці з іншым найменнем службовым/

Разам з малітваю “Божа Ісусе…”

Малітвай за НАША СЛОВА!

“ЁСЦЬ”,

альбо балада пра хвосцік

Спрадвеку “ёсь” у нас гаварылі, –

І гэтае “ц”, як мышка з хвосцікам,

На мяккіх лапках – каб не злавілі –

Збягала – і зноў вярталася: “ёсцека”!..

Вышмыгвала з норкі ў аздобе новай, –

Як зубкі, востранькай, такой мышынай…

Ах, дзякуй, хвосцік, ах, дзякуй, слова,

Якое каты-каты не ўдушылі!..

2010

х х х

На сямі азёрах,

Што з сямі крыніц,

Сем нябёсаў зорна

Ноччу палі ніц.

Да святых грахоўніц,

Да русалак-дзіў,

Што выходзяць поўняй

Там, дзе я хадзіў.

Я – бо маю права:

Тут я свой ушчэнт:

Лукам’е, Сялява,

Родамля… яшчэ? –

Галаўня, Чарэя,

Худавец, Палік… –

Хопіць! – вечарэе, –

Кончым пералік.

Вунь ужо русалкі

Карагод вядуць,

Зорачкі-мігалкі

З імі ў круг ідуць…

НЯКРАСАВЫ

В каком году – рассчитывай…

На столбовой дороженьке…

Чытаў, чытаў Някрасава…

Мікалая Аляксеевіча…

І вечнае, непагаснае

Ў душу маю сеялася.

І ўзыходзіла светлымі лікамі

Доля горкая, доля жаночая.

І ўяўленне мяне паклікала –

На стагоддзе на цэлае збочыла…

Не, не ўсё яшчэ зжата і звезена, –

Дзякуй слову, што ў прышласць пасеяна

І ўскаласілася полем паэзіі,

А паэт – зноў з Някрасавых:

Ксенія!..

І бяссрэбраніца, і бяздомніца:

Вершы – скарбамі, Русь – харомамі.

Кубак радасці, слёзы на донейку,

Лёс з душою безабароннаю…

А слова – боскае, гучыць асанаю

Жыццю, што і тут, і за тым парогам…

«И вероятней всего, что сами мы

Ещё не выросшие боги…»

ПАСЛЯ МАРАЗОЎ…

Пасля маразоў аголеных,

Што ўсё жывое праз строй

Ганялі шпіцрутэнаў голлямі, –

Такі паэтычны настрой!

Услых абяцае радыё

На цэлы дзень снегапад.

Сняжынкі, як рыфмы дакладныя,

Снуюцца з думкамі ў лад.

Ні дысанансаў, ні дактыляў, –

Пануе спакой трапяткі.

З цэнзураю чорных рэдактараў

Цэзуру трымаюць гракі.

Сумёты – як вершы белыя, –

Чытай, зямля, на сугрэў!

Святлеюць, ад сцюж агрубелыя,

Душы людскія дрэў.

КАМЕНЬ БЕЛЫ…

Камень белы, узняты з-пад чорнага

Тарфянога тлустага месіва,

Камень, – сведка веку пячорнага,

Ледніком скандынаўскім прынесены.

Камень, – вестка зямлі, што ўмарозіла

Ў ледзяны канверт і пасуху

Адаслала да нас – разам з возерам, –

Чаратовую песню слухаць…

Камень белы, – па рымскаму звычаю

Дзён шчаслівых клаўся адзнакаю.

Да якіх жа быў ты прылічаны? –

Ці ты шчасця не бачыў ніякага?

Бачыў… помніш… Плылі да вострава

На Купалле песні з вянкамі:

Быў на востраве стану не простага –

Ты быў прошчавым, белы камень…

У цябе даравання выпрошвалі:

Ты за боскага быў пасланніка.

Абспяваны і абгалошаны –

Знік… І ўзнік – з тарфяной арганікі.

Толькі ўжо ні вянкоў, ні возера

Не было. Ды й цябе не шукалі:

Трактары торф на поле вывозілі, –

А цябе не ўзялі, белы камень…

Камень белы на мёртвым беразе,

Што калісьці люляўся хвалямі…

Камень белы, – доляю змерыўся

З надмагільнымі, пахавальнымі…

Што пасеялі, тое й пажалі:

Дзе канавы, як мёртвыя змеі,

Стаўся кропкаю ты на скрыжалях…

…Я цябе, дружа мой, разумею…

ЯК РАЗГАДАЦЬ…

І я Васіль, і тата мой Васіль.

А ён ужо Захаравіч, і дзеда,

Нажаль, не знаў я і ці буду знаць…

Не знаю – хоць у вечнасці прасіў

Не раз : пакуль пайду за імі следам,

Мне дзедава аблічча паказаць.

Бо як жа там, сустрэўшыся, пазнаць,

Што гэта ён, мой дзед, мой прашчур крэўны?..

А што ўжо пра пра-пра-дзедаў казаць!..

Ды ўсё ж разгадка тайны ёсць, напэўна…

Вось толькі як яе жывому разгадаць…

х х х

Паэт не знае несвабоды.

Ёсць песня – з воляй сэнс і лад.

Вось раптам песня – без народа, –

Тады ўжо несвабода, брат…

Тады ніхто й не нагадае,

Каму ў вяках падаць руку…

А так – хто ўслужваць загадае

І на калені стаць радку?!

Якой такой узнагародай –

І хто такі – каб верш купіць?!.

А воля – з воляю народа…

Ды спіць народ – і рэха спіць…

МАРОЗНАЕ

Ускочыўшы ў хату з марозу,

Паслухаў высновы прагнозу:

Мароз яшчэ злейшы бярэцца, –

А як бы і чым бы сагрэцца?..

Ну й грэюся: з самага рання

Сугрэвы пачаў з чаявання.

Але – толькі часу шкада:

Вада яна й ёсць вада…

Гарбатную кінуў заварку,

Наліў крышталёвую чарку.

Ды як бы ў грудзях ні гарэла,

А ўсё ж і гарэлка не грэла.

Прыняўшы Сакратаву позу,

Стаў думаць на розум цвярозы:

Які яшчэ спосаб шукаць?..

Давай я вясну гукаць!..

Гукаю – а слёзы з вачэй:

–Прыходзь, дарагая, хутчэй!

Такой, як у юным маі:

Сагрэй, прыгалуб, – замярзаю!..

Суцеш – бо не хопіць і слёз…

Вось гэта мароз дык мароз!..

ШЫШЫ

Замаркоціцца душа:

Ні шыша і ні граша…

Я скажу такой душы:

–Дарагая, не грашы!

Мы з табою спарышы,

І – як я харошы –

То грашы выпрошвай.

А што гэткае шышы? –

Тут мазгой паварушы!..

АНІ Ў РЫФМУ, НІ Ў СТРУНУ…

Падспеў аднаму барду

Гусляроў разумею, а бардаў

Аніяк не прылашчу душой.

Не сказаць каб таіўся з пагардай,

Ды не грэе нямоглае шоў.

Бачу, браце, адсутнасць двайную –

Хоць хаваеш адно за адно:

Ні паэзія тут не пануе

Ды і музыкі не чутно.

На струне паўакордам шпарыш:

Як бы слову займець барыш?!.

А паэзію – не перагітарыш,

А паэзію – не перахітрыш…

НОЧ ПАСЛЯ “ТЫСЯЧЫ І АДНОЙ”

Арабскі матыў

Рабіна, рабыня вятроў, арабінка,

Арабінка, ярасць арабскай крыві,

Ягадка райская – шроту драбінка

Ў сэрца юначае, – з тым і жыві…

х х х

І жар-птушку

шэраю качкай

Зробіць час…

А ўсё ж – пазаві:

–Ах ты вутачка-пераплывачка,

З таго берага пераплыві!..

х х х

На раніцу – змрок,

І на поўдзень – золь,

І вечар – апошняй трымціць трысцінкай…

І казка – казуляй, дзікай казой,

Збегла ў лясы дзяцінства…

х х х

Замнога

па зямной прапісцы

Зямнога

лёс не сыпане:

Адной нагою –

у калысцы,

Другой нагою –

у труне…

х х х

Не штодня такая цішыня,

Але ўсё ж зрэдзьчас яна бывае.

Той спакой – касмічнаму радня,

Вечнасці адзнака межавая.

Захад знаць не знае хвіляй той,

Што праз ноч усход яго чакае:

Пойдзеш, знікнеш за зямной вярстой –

З ёй не збіты зорнымі цвікамі.

Ды расстайнай роспачы няма, –

Гэта й па сабе я адчуваю:

Тут не рай, ды й неба не турма, –

Хоць маўчыць надзея ключавая…

Сонцу наўздагон апошні крок

Мерыцца адолець клён вячэрні.

Ветрыкам захуквае паўзмрок

Зайчыкаў зялёнае свячэнне…

х х х

Я ў твар пабачыў сваю адзіноту.

Я думаў, што я за яе хітрэй,

І меўся сустрэчу адкласці на потым…

А вось яна – стаіць ля дзвярэй.

Азяблай рукою торгае клямку,

Шархоткім лісцем з бярозы трасе, –

Тушы безнадзейна начніцу-лямпу

І ў безбярэжжы тані пакрысе…

Душа – як былінка ў асеннім полі, –

І не прыйдзе ніхто бараніць.

Не прыйдзе… Ні сёння, ні заўтра…

Ніколі…

А вецер шуміць,

шуміць…

шуміць.

х х х

Асенняя прырода, – луг і поле

Ў маўчанні перадснежным спачываюць:

Наканаванасць вечнасці – і воля,

Чаго жывыя ўсе яшчэ не маюць…

Клін журавоў апошні ў небе з поўняй,

Як лета каментар, – скупым курсівам.

І рунь зялёная зусім ужо не помніць,

З якіх зярнят яна, што ніва ўскаласіла…

Асенняя прырода, – нібы маці,

Што дзецям аддала сябе дарэшты

І ў неба адыходзіць з тым багаццем,

Што на зямлі займела: быць бязгрэшнай.

НА РАДАНІЦУ

Як быццам, што трэба – усё на стале,

І ўсё гэтак шчыра і проста – але

Маўчаннем гнятуць незямныя кругі:

Чаму я не там, ля магіл дарагіх…

Я кволай надзеяй сябе суцяшаў,

Што часу і межаў не знае душа,

Што дзверы адчынены ў доме маім,–

І родных прывеціць чаканне таіў.

З малітвай на сцежкі зямныя глядзеў:

Каго ж сёння памяць сюды прывядзе?..

Ці сцежкі не тыя, ці слоў не знайшоў:

Я клікаў дзядоў… ды ніхто не прыйшоў…

ХВІЛІНА

Мы яшчэ памаўчым хвіліну

Перад тым, як на век векавечны

Адзіноту табе пакіну –

Чорнай хусткай накіну на плечы.

Вось такі падарунак расстайны:

Чырвань ружы на чорным полі, –

Як бяздушнае наканаванне,

Што сустрэчы не будзе ніколі.

А ўзамен праз віхурныя зімы

Будзе доўжыцца дзень вясновы

Той хвілінай, што не змаглі мы

Супыніць запаветным словам.

НА СВІТАННІ

Белы конь, як белы туман

Пад чырвонаю грывай зары,

І ў кашах сунічных палян

Лета выспеленыя дары.

З імі ў згодзе й прасмолены бор:

Коціць водар на паплавы.

Дагарае начлежны касцёр,

Уступаючы сонцу правы.

х х х

Куды вецер вее,

туды голле гнецца…

З народнай песні

А вецер вее

ў старонку тую,

дзе днём я днею,

а ў ноч начую.

Дзе я ў тым свеце

заўжды адсутны…

О вецер, вецер,

мой лёс пакутны…

О вецер, вецер,

пазыч мне крылы,–

нясі сустрэцца

да тых магілаў,

дзе ўсё нязменна

ў душы схавана,

на сто каленаў

наканавана.

Што мне абвесцяць –

Я не зламлюся, –

Галінкай весняй

Да іх схілюся.

х х х

Запомніце: я – самазабойца найпершы.

Ды тут жа ў жывыя павінен вярнуцца крадком:

Адлятаю ў сусвет, паміраючы з кожным вершам,

І нараджаюся з кожным новым радком.

ТОЛЬКІ…

Што з нябёс на зямлю прынясём?

І наогул, ці варта вяртацца?

Пэўна, зоркі раскажуць усё,

Трэба толькі ў іх запытацца.

х х х

Шлях закончу, сыду, адлячу,

Растваруся ў сусветнай душы.

Ды шкада: не за ўсё адплачу,

Чым паспеў на зямлі награшыць.

Буду там я ні свой, ні чужы,

І якая адзначыць вяха,

Што якісьці калісьці я жыў,

Што я дзесьці кагосьці кахаў…

х х х

Віктару Казько

Аб тым, што было, мы пакутна знаем,

Што будзе – аб гэтым не дадзена знаць.

І ты паміж імі. І памяць зямная

Штодзённа й штоночна ідзе спавядаць.

Гады за гадамі злятаюць, як знічкі,

А маці з пяшчотай у мёртвай руцэ

Стаіць уваччу, – і ў маленькай сястрычкі

Ільдзінка слязы на замёрзлай шчацэ.

І сам ты маленькі, і таеш сняжынкай,

З натоўпам брыдзеш да нязнаных пакут –

Застацца ў жывых – сам сабе на памінкі:

“Чаму ж я не вывеў яе за руку?..”

Ці схілішся перад святым аналоем,

Ці схіліць анёл над табою крыло,

А ты ўсё ў вяртанні даўгоў за былое,

Што там не замёрз, каб яго не было…

х х х

Выпадак рэдкі: пеўчы дрозд,

Жыхар лясоў карэнны,

Прыняў, напэўна, новы хрост:

Стаў мне амаль што крэўны.

Прыжыўся – над вакном якраз,

У вінаградным вецці

Гняздо зрабіў.

Дзве хаты ў нас,

Але адны ў нас дзеці.

Жывём вясёлаю сям’ёй,

Ідзе ўсё ў хатах ладам, –

Тады і радасць у маёй,

Калі ў драздовай радасць.

Дзве хаты нашы, два гнязды,

З вясною дзён не лічаць.

Шчыруюць раннія дразды,

А мы – удачы зычым.

Ды як жа хутка, неўпрыкмет

Лес клікнуў драздзянятак!..

Самотна пазіралі ўслед

Я, і гняздо, і хата…

Яно па-боску ўсё, калі

Крылатыя ўзляцелі,

Але ж – сады яшчэ цвілі,

А гнёзды апусцелі…

х х х

Алесю

Пра такіх здавён казалі:

–І сявец мужык, і жнец, –

І вясёла дадавалі:

–Ён жа й на дудзе ігрэц.

Па натхненню, без прынукі, –

Спраўны майстар на ўсе рукі.

Не адбавіцца ніколькі –

І Алесь таксама спец:

Журналіст, газетчык бойкі,

І паэт, і выдавец.

На здзяйсненне добрай справы

Мае добры нюх Алесь, –

То й трываляцца падставы,

Што “Алесь яшчэ не ўвесь”!..

САКРЭТ КАР’ЕРНАГА РОСТУ

Чын займеў, бо не парушыў

Кіраўнічыя асновы:

“На нізах” адкусваў вушы,

“На вярхах” сячэ галовы.

х х х

Гэты позірк звышнябеснай тайны

Будзе мой – і ў пекле, і ў раі.

Ён са мной – як мне прысуд астральны

На халодным тле зямных руін.

Паглядзела – быццам бы сказала:

“Ты прабач і не крыўдуй дарма,

Што зямнога шчасця не спазнала

Я з табой. А райскага няма…”

ПЛЫВЕ ЧОВЕН…

Плыве човен, вады повен,

На бок пахіліўся,

Як гуляка з перапою,

Што не пахмяліўся.

Ані чаркі, ані хлеба

За душой не мае,

А душа – душа, як неба,

Ўсе грахі прымае.

Плыве човень, залачоны

Поўняю з арбіты,

Лёгкай хваляю хрышчоны,

Цяжкаю – заліты.

Ён плыве сабе – дняпруе,

Начыць ці сажуе,

З берагамі не сябруе,

З глыбінёй мужуе.

А дарэмна! Бераг родны –

Як зарука выжыць.

Ён з віроў глыбакаводных

Выведзе на стрыжань.

Плыве човен сам сабою,

А куды, не знае.

Толькі шлях марскім прыбоем

Весляроў гукае:

“А дзе ж гэта вы, малойцы,

Патапілі вёслы,

На якой такой папойцы

Пагублялі вёсны?..”

х х х

Калі былому паганятаму

Калганых мужыкоў і баб,

Гарант у сне прыходзіць атамны,

Каб трон уладны не аслаб,

Калі сынок ягоны туліцца

Ў мундзірчык, сшыты напавер,

Здаецца мне, што свет рыхтуецца

Ўзысці на гібельны паверх…

х х х

Усё перажыў, – нібы камень на дно,

Пайшло. Але Бог не пакінуў:

“Пакуль што жыві…” – засталося адно:

Яшчэ перажыць і ўспаміны…

х х х

Слоў не штукуй, каб памаліцца,

З літанняў не чакай высноў

Зямных, імгненных, – прытуліцца

Да боскай ласкі шмат шляхоў,

Абы душой не памыліцца:

Бог чуе ўсё без лішніх слоў.

х х х

Што пасля смерці? Вечнасць, ты якая,

У вобліку якім, дзе смерці ўжо няма?

Каго спаткаю я, і хто мяне спаткае,

Дзе вечнае жыццё прыносіць смерць сама?..

х х х

Старэчы холад у каленях,

І пальцы ў поціску рыпяць,

А думы юныя не спяць

І ловяць водбліскі натхнення…

НАДПІС НА КНІЗЕ

“ПІСЬМЫ З ГЭТАГА СВЕТУ. 1995”

Лістоў лянотна не пісаў –

Разборак і паклонаў сумесь,

Паціху рыфмы выкрасаў –

І тым трымаў са светам сувязь.

З канвертаванай мітуснёй

Паштовых не ганяў кур’ераў.

Не-не, я не лічыў хлуснёй

Лісты, ды болей вершу верыў.

З начнымі думамі яго

Я адпраўляў да адрасатаў –

І да сяброў, і да багоў,

І перад кім быў вінаваты…

Цяпер шкадую: што ж, стары,

Век звекаваў, лічы, сам-насам

І для архіва не стварыў

Эпісталярнага запасу.

І толькі верш, бяссонніц брат,

Зрэдзьчас ці кпіць, ці суцяшае:

“Як апраўдацца нам? Наўрад

Скажу, бо й сам таго не знаю…”

х х х

Той час падступіўся: усё ўспамінаю,

Пражытым жыццём зноў жыву – віртуальна.

Жыву развітальна, жыву спавядальна:

Лягчэй, калі ўсё на зямлі пакідаю.

А што застаецца цяжарам на крылах,

Што нават стаілася ад успамінаў,

Таго не аддам я, таго не пакіну,–

Табе давяраю, магіла…

ПЕРАД ВЕЧНАСЦЮ

Пакуль жыву, пакуль жывыя вы,

Ва ўсіх у нас адсутныя правы,

Ва ўсіх у нас падсудныя хвіліны:

Душу спытае вечнасць за правіны.

х х х

Не для славы ён быў, не з нябёс –

Ад апошніх, расстайных, бяроз,–

Каб жа спраўдзіць той голас:

“Пішы

Толькі для ўратавання душы…”

х х х

А які самы страшны прысуд

Можа быць мне наканаваны?

А такі: не застаўшыся ТУТ,

Быць і ТАМ пакутна нязваным.

Гэта кара: на ўвесь Сусвет

Ты адзін – і пясчынка, і космас,

І ніхто, ні насустрач, ні ўслед,

Не гукне – толькі шлях безгалосы…

Толькі ўсцяж – ланцугі нематы

І хаос – як да першастварэння.

Толькі ты, толькі ты, толькі ты, –

Сам сабе і грэх, і збавенне.

Будзеш міма сябе пралятаць,

Праз усё – як бязісную небыль,

І не будзе ў каго запытаць:

–Што ў вас там… пад зямлёй… ці на небе?..

х х х

Як з бярозы, якой не стала

Ў апусцелым навек паднябессі,

З майго сэрца птушка ўзлятала

Ды гукала знямоглую песню…

х х х

Не схітраваць тут, не пацыркачыць:

Якой цаною ўзысці на неба? –

Кошт – для пачатку – зусім нязначны:

Каб уваскрэснуць – памерці трэба.

ЗЯЛЁНЫ ШУМ

Выслушав весной первый зеленый шум

у березы, я говорю: “Чтобы так прошу-

меть, ведь она полвека росла!”

Міхаіл Прышвін,– запіс у дзённіку

1

Сказаць вам, як бярозы паміраюць?

Не чулі і не бачылі? Тады

Скажу найперш: я не зусім старая –

У самым росквіце шумяць мае гады.

Расту!.. Ды, зразумела ж, напачатку

Любое дрэўца трэба пасадзіць:

Мяне прынеслі з лесу немаўляткам –

Яшчэ не ўмела я сама хадзіць…

Як і не ўмею. А калі б і ўмела,

Адгэтуль бы нікуды не пайшла:

Я тут цяпер душою прыкіпела,

Не толькі каранямі прырасла.

Адным жыву – як гаспадыня з сынам,

Малым і летуценным, мне далі

Паруку: я аберагаць павінна

І ахінаць іх лёсы на зямлі.

Яшчэ во й шпак вясной з такім наказам,

Як я ўзрасла, вясною прыляцеў.

Яго я не пакрыўдзіла ні разу:

Прытулак меў і пеў – калі хацеў…

Не хвалячыся, знаю: ў наваколлі

Мяне Зуёнкавай бярозай звалі ўсе.

Ды выпала брыда й на нашу долю:

Сусед-сквалыга звяганнем насеў.

То з град яго падкормкі дарагія

На ўсё карэнне я смакчу ўзасос,

То правакую жонцы алергію

/Хоць побач сотня гэткіх жа бяроз!/;

То цень яму на агарод наводжу

/Хоць сонца свеціць з іншай стараны!/;

То па начах з вятрамі верхаводжу,

Вярэдзячы ў кашмарных зданях сны,

Бо нораў той гульбы непрадказальны:

Вазьму ды раптам храснуся на дол!

/Хана – і тром паверхам і дызайну:

Па іх, як быццам, мой цаляе ствол/…

Канешне – не хляўчук, не леснічоўка,

А я – усю гармонію псую.

Хоць ты завый, хоць ты зубамі шчоўкай,

А я ўваччу стаю сабе й стаю!..

А самы ўедны вораг – ліставеі

/З газона сметнік утвараюць, блін!/, –

Сабраў бы, змёў у груд – ды зноў прыклеіў

Лісцё паштучна да маіх галін!..

Вось гэтак па-суседску “крыміналу”

Нашкроб – і на мяне ўчыніў данос.

І прысудзілі да лесапавалу

Мяне як найшкаднейшую з бяроз…

Ну што ж, пілуйце… Толькі ці ўлічылі,

Як весніла я злыбедныя дні,

Як ціхім шэптам ад згрызот лячыла,

Як дзетак выпраўляла ў свет шпачыных,

А песень, песень колькі!.. – не злічыла…

Наўслед пагрэйцеся, як я згару ў агні…

І ты, паэт, згадай: а колькі рыфмаў

Пад кронаю выкрэсвала сціло.

Хай не заўжды радок сугучна ўспыхваў,

Ды “слёзы” – і – “бярозы” – не было.

2

11.04.2011:

І ўсё ж, і ўсё ж /пры гэткім крымінале!/

І пільшчыкі здароўе бераглі:

Каб не зляцець, чупрыну падкарналі,

А верхавіну ўходаць не змаглі.

Цыгаркі дакурылі й разышліся:

Зваліць мяне ў іх спосабу няма.

Тады “рубакі” з тэхнікай знайшліся…

Зялёны шум, не прылятай дарма!..

Шляхі твае не ўвесняцца з бярозай,

Як і паэтавы: няма бярозы ў вас…

А той, каму ўяўляла я пагрозу,

Яшчэ са мной сустрэнецца не раз.

Хай знае: не ўратуе й дзень расстайны,

Як выйдзе на апошнюю вярсту:

Яго спакой я моўчкі расхістаю

І ў памяці бяскрылай прарасту.

Не сыдзе /Бог не дасць!/ супакаенне

На дрэвавынішчальную душу:

Ідзе бярозак юных пакаленне

І велічна гудзе Зялёны шум!

Няхай зламыснік злосцю абрастае,

А я лясны наказ усім даю:

Вучыцеся, каб буры не хісталі,

Трымацца каранямі за зямлю.

НАСТРОЙ

На душы – Сахары пустэль,

За плячыма не крылы, а смутак,

І начамі, нібы Праметэй,

Да скалы маўчання прыкуты…

х х х

Бягуць раўчукі палазнёю,

Дзень-два ні прайсці, ні праехаць, –

Пануе бяспуцце скразное,

Нібыта зіме на пацеху.

Ды толькі вясну не злякаеш!

Дарога, як снег, не растане, –

Дарогу з вясной адшукаю,

Дарога сагрэе вяртанне.

МІНУЛЫХ ДЗЁН МІНУЛЫЯ ХВІЛІНЫ…

Мінулых дзён мінулыя хвіліны,

Вы з небыцця на крылах успамінаў,

Як з выраю, вяртаецеся ў сны –

Аб тым, што так растрачана глумліва,

Засыпана бязмэтна часу млівам,

Размыта морам здрады і маны.

І сэрца захлынаецца шчымліва:

Няўжо і мне ў тым небыцці імглівым

Было крыху адпушчана вясны?..

Ну што ж, ну што ж – не без маёй правіны –

Пайшла вясна не тою каляінай,

Але ж і зараз грукаецца ў сны…

УСЁ ТАБЕ…

Крыж на ілбе

І зорка на гарбе:

Як ні павернеш –

Першы ў барацьбе! –

Шырока дзверы

Зеўрыць далягляд, –

Глядзіць наперад,

А вядзе назад.

Эпохі твар

І думак валадар, –

Што ні спытаеш –

Ёсць любы тавар:

Палітлато,

І партый аблігацыі,

І бронепаліто –

На дэманстрацыі,

Законаў том –

Дубінка са шчытом,

І дэкларацыі –

Эдэма дэкарацыі,

Піяр-зачын –

Ідэй севазварот,

І лозунгаў харчы

На поўны рот, –

Жуй і маўчы:

Усё табе, народ!..

КАНАВА

Я забыўся, дзе той блакіт,

Дзе туман той на ўкосным світанні,

Дзе нябёсаў зорны санскрыт,

Што нясе з прарадзімы пасланне,

Дзе асокі над тайнай крыніц,

Ім даверанай мудрай вадою,

Дзе высокі гнеў навальніц –

Суд чыніць над сухменнай бядою…

Ды і ты: дзе сама ўжо ты, Нача, –

Збегла ў свет – да самага дна.

Берагам захінуцца няма чым, –

Як распранутыя да сна…

Ці вада, ці бяда бяжыць?..–

А канава – галоўны фарватар.

І ўжо вучыць цябе, як служыць,

Новай выпечкі меліяратар…

Гэты высушыць да касцей,

Клёку звіліны каналізуе,

Што не ў лад з ім у думках расце,

Спрагназуе і лакалізуе.

І вісіць над табою, як смог,

Вешчуна стабільная догма:

“Я стараўся, зрабіў, што мог:

Будзем жыць так, але нядоўга…”

А вада ўсё бяжыць і бяжыць…

І канава, канава, канава –

Дрэсіруе крыніцы жыць,

Каб ні кроку ні ўлева, ні ўправа.

Адкажы мне, прачыстая Нача…

Сто пытанняў, а ты – адна.

Ды маўчанне – як лёс жабрачы…

Намаўчаліся, хопіць спаўна!..

Не маўчы, не маўчы – адкажы,

І з адказам тваім палячу я:

Боль зямлі маёй з небам звяжы, –

Можа, хтосьці ўсё ж ды пачуе…

СУЧАСНЫЯ

Да багоў днём і ноччу

Абіваюць парогі:

На зямлі быць не хочуць,

А ў нябёсах – не могуць…

ДЗЯКУЙ!..

Здзіўленне і здзеклівы неспадзеў

Мне тэкст адмыслова падкінуў, –

Няважна чый і чытаўся ён дзе, –

Зусім не ў тэксце прычына,

А ў слове, якое я там напаткаў,

І сам сабе ўсклікнуў: “Глядзі ты! –

Ды хоць бы разок да майго радка

Зляцела яно: са-ма-ві-ты…

Як быццам наогул яго не было:

Не пагукала ні разу, –

Ці ўважыць, што сцежку ў мой бок не знайшло?

Ці палічыць за абразу?

Ці сэнсы ў мяне такія былі,

Што ў слове патрэбы не бачыў?

Ну, а сустрэліся б, можа, калі –

Дык што яно, зрэшты, значыць?

Глядзім адпаведнасці – прыкладаў шмат:

Апірысты, цягавіты,

І працавіты – іх крэўны брат,

І побач яшчэ – знакаміты…

А самавіты – той самы, што Сам –

Паўсюль – і заўжды, і нязменна,

Што з Самасцяў – Самы, – узор і краса,

І з якасцяў звіты адменных.

І вось жа – агледзіны, як ні кажы,

А мне і няёмка прызнацца,

Што без яго я рыфме служыў, –

І чым цяпер апраўдацца?

Ды мова сама падказала адказ

І шчодрасць сваю не хавала:

“Я проста ашчадзіла і на запас

Табе гэта слоўца трымала!..”

Дзякуй!..

2011

СУЧАСНЫ ДЗЮМА

Не ведае сам: як, і чаму,

І з-за якіх учынкаў

Мятлой вымятае, нібы чуму,

З тэкстаў знакі прыпынку.

Ні кропак, ні косак – нічога няма,

Да сэнсу – як з пекла да неба…

Вось гэта і ёсць сучасны Дзюма, –

А што ж тут яшчэ вам трэба?!.

х х х

Не ты шаптала – голас твой.

Не ты, не ты – а ён са мной.

Так і жыву ў нявер’і тым,

Ці голас быў, ці моўчкі – ты.

Калі б тады – як голас твой –

Была заўжды і ты са мной, –

Я не шукаў бы ў небыцці

Цябе, якую не знайсці…

А ПЕВЕНЬ НАШ…

А певень наш – таптун на ўсё сяло:

Кур – не злічыць, і трэба ўсіх прывеціць,

І каб усім зайздросна не было, –

Тапчы, тапчы – і не стамляйся, Пеця!

ЗАКУРВАЕ Д’ЯБАЛ…

Народ даканала “чарка і скварка”:

Співаюцца людзі;

Палітыкаў корміць ідэйная сварка:

Платформаў студзень;

Натхняе творцаў надзея-махлярка:

Дух у аблудзе;

Аскетаў знявервае догма-святарка:

Бог бога судзіць…

Закурвае д’ябал пацехі цыгарку:

Весела будзе!..

ЗІМА: КРОКІ…

Не ў небе – на лясной арбіце

Марозна крокі зор рыпяць.

Цішэй, цішэй – не разбудзіце:

Дрэвы спяць…

БІБЛЕЙСКІ МАТЫЎ

Натхнёна песняй цар Давід маліўся,

Кахаў жанчын, мячом красаў грамы…

Чытаю запаветныя Псальмы –

І сам сабе пытаннем аб’явіўся:

Няўжо пракляцце вершыцца над светам

І назаўсёды тыя дні прайшлі,

Калі цары паэтамі былі

І царавалі на зямлі паэты?..

ПРЫЧАСЦЕ

Яшчэ завейна гудзіць па начах

Ды й днём не лянуецца ўчэпісты люты,

Яшчэ мароз, як шабляй – з пляча –

Красае ільды на плёсах закутых,

Яшчэ мядзведзю ў дрымотным лаўжы

Малінавы водар спакусліва сніцца,

Яшчэ да вакна: я ж не дзядзька чужы –

А голад не цётка, – ляцяць сініцы, –

А сонца нагадвае ўсё часцей –

Аб тым я сам забыўся нібыта:

Рыхтуйся сустрэць пералётных гасцей

З чыстай душою і сэрцам адкрытым.

СОНЕЧНЫ КОЗЫР

За маланкай коціць гром

З бочкатарай фуры хмар:

Лье ваду, бо горш з багром

Потым бегаць на пажар.

Аднаго шкада: дажджом

Гром і сонца прытушыў, –

Хлешча ўзахліпкі, нагбом

З ліўнем шчодрым барышы.

А ў падмену сонцу – б’е

Ў бубны сонечны гарбуз

На градзе, як на стале

Казырны бубновы туз!..

І САМ З СЯБЕ РАГОЧА…

Пусцілі погалас падлескі-шаптуны:

На дубе, што пад неба ўзвысіў кроквы,

Павесіў Лесавік сушыць штаны,

Да нітачкі ў начной расе прамоклы.

Дачуліся пра тую навіну

Гарэзніцы – русаўкі палявыя –

Штаны сцягнулі і за іх – цану

Прызначылі: дзве ўмовы адкупныя.

Адна: суніц для кожнай наспяліць,

Другая: каб цяпер не быў разявай,

А ў поле бег – душу павесяліць

І пера-ца-ла-ваць усіх русавак!..

Ну і нялюдскі ж нораў у жанчын:

Так зацугляць лесавіковы чын!..

Штаноў шкада, ды галавой панік

Перад загадкай вечнай Лесавік…

Суніцы што! – суніц набраў за дзень.

А вось далей… Паслухайце: штоночы

Ўсё Лесавік збіраецца-ідзе

І сам з сябе – вы чуеце? – рагоча!..

І Ў СВЕТ СА МНОЙ ЛЯЦІЦЬ…

Як быццам і нялоўка,

Але спытаць карціць:

А слоўка – як салоўка, –

Адкуль яно ляціць?

Адкуль яно бярэцца,

Дзе мела тайну жыць?

Загадка застаецца,

А слоўка зіхаціць!..

От не было як быццам –

Прасі, шукай, чакай –

І раптам як прысніцца,

Гукне за небакарай, –

За той, неразгаданы,

Дзе я калісьці быў,

Дзе лёс наканаваны,

Ды я аб тым забыў…

А слоўка засмяецца:

Цяпер нам разам быць, –

Да сэрца прыхінецца –

І ў свет са мной ляціць…

х х х

–Божа! Якую б музыку я тварыў!

Якія ў душы маёй моўкнуць сугуччы…

Чаму ж ты мне дзверы ў той свет не адкрыў?..

…Музыка, як без яе мне балюча…

–О не, мой сыне, я дар табе даў,

Каб ты беларускім словам пакутваў

І вечна ішоў па маіх слядах:

Вольны – і ў безвыходнасць закуты…

І НАЧА, НІБЫ СЦІКС…

Паўзуць такія дні

І шэпчуць па-сакрэту,

Што ўжо і ты з радні

Чаргавікам сусвету.

І Нача, нібы Сцікс,

Два берагі сціскае:

Вось тут і перайсці… –

З абдымкаў не пускае.

Тут шлях на бераг той,

Да прадзедаў, – не ў госці,

І ўжо не на пастой,

А ў вечнасць на пагосце…

Не зрымарыш аброць

І час не зацугляеш, –

Прыпынак насупроць,

З беразняковым гаем…

А покуль беражком

Мой цень насустрач рэчцы –

Яшчэ жывы! – цішком

Упобачкі крадзецца.

Ну дык і я правы

Яшчэ на сонца маю:

Цень ходзіць за жывым –

Іначай не бывае!..

Ідзём, нібы стаім,

Рака мой цень люляе, –

Як хто ў ваду па ім

Каменьчыкі шпурляе…

х х х

Была ж у людзей патрэба,

Што ўзводзілі гэткую вежу,

Каб аж сягнула да неба –

Да Бога, да райскіх сцежак.

Было тое ў Вавілоне –

А ён награшыў нямала! –

І Бог схамянуўся на троне:

–Гэтага мне не хапала!..

І тут жа людскую мову

Змяшаў – і зрабіў рознамоўе.

І зразумець ані слова

Ніхто ўжо не мог на будоўлі.

Было гаманы аж залішне,

А талака як знямела.

І вежа па волі ўсявышняй

Застыла ў руінах змярцвелых.

Шмат моў на зямлі з таго часу, –

Прыдумаў Тварэц адмыслова.

А мне ўсё ж карціць сам-насам:

Якая ж была тая мова –

У дойлідаў-вавілонцаў,

Што будавалі вежу, –

Няхай не да самага донца,

А ўсё ж раскумекаць належыць.

Якая? Што лёс ёй накрэсліў?

І хто адказаць паможа:

Такая, што ўжо не ўваскрэсне?

Ці беларуская, можа?..

х х х

Помню, помню – як грэшнік –

Быў ва ўсмешцы сакрэт:

Калі ты засмяешся,

Засмяецца ўвесь свет.

Нібы грэшніка, цягне

Да тых сцежак ізноў,

Дзе вясна наша прагне

З горкіх вырвацца сноў.

Час, палоннік сакрэта,

Не пытае ў мяне:

Тайну знаць – я на гэта

Маю права ці не?..

Што згубіў – на вяртанне

Ўсе згубіла шляхі.

Памяць богам не стане –

Не даруе грахі.

І ніколі ўжо неба

Не наблізіць той час.

І разгадкі не трэба:

Тайна знікне без нас.

КВЕТКІ

Добрай вясны вам, людзі, –

Сонечнай, юнай, квяцістай.

Вясну за кветкі не судзяць:

Кветкі з душою чыстай.

Добрага лета вам, людзі!

У сонечнай абалонцы

Лета з кветкамі будзе:

Кветкі – равесніцы сонца.

Добрай вам восені, людзі, –

Хоць восень маўчыць аб гэтым,

Але вясна не забудзе,

Што ў яве пладоў – смерць кветак.

Добрай зімы вам, людзі:

Снежнай, марознай, завейнай, –

Кветкі ў душы не астудзіць

Зіма – і вясну не заменіць.

х х х

І якая рахуба мне жыць

Так, як верш наравісты дыктуе,

І дакуль яшчэ рыфмы кружыць

Галаву маю будуць сівую?

І які бесклапотнік сядзіць

За сталом маім чатырохстопным,

І які самотнік глядзіць

Рыфмай парнай на сэнсаў шматкроп’е?

І які бесшабашнік ляжыць

На радках, як на рэйках сп’янелы,

І які бессабачнік бяжыць –

Сам выжляк! – па слядах вершаў белых?

Дзень і ноч малаток які

Рытмы лёсу майго здабывае:

Хто такі, хто такі, хто такі –

Нібы ў сэрца цвікі забівае?..

СЯЎБА

Ізноўку – плебс і патрыцыі.

Эліта закідвае трал,

“На добры ўраджай амуніцыя!” –

Узважвае ліберал,

Стаўляе ахову міліцыя,

Бярэ на ўлік чынадрал,

Пяклуюцца масы ніцыя…

Сяўба – за аўралам аўрал, –

І на дажынкі з амбіцыяй

Шчыруе ідэйны харал:

Пратручваецца апазіцыя –

Пасадачны матэрыял.

х х х

Спачатку сцежка мяне вяла –

Нібы выводзіла з лесу,–

Так мне здавалася.

А сцежка, як выявілася, была

Ўсяго дарогай да стрэсу:

Нічым абрывалася.

А цемра ўжо засціла далягляд,

І ноч паглынала драпежна

Прасветы-прагалінкі.

Я тут жа памкнуўся ісці назад,

Ды раптам паболела сцежак, –

І ўсе разбягаюцца!..

Ва ўсе накірункі, ва ўсе бакі –

Як быццам выйсце шукалі

З блізкае далечы…

Пэўна, не я быў адзін такі –

І да мяне тут блукалі,

Сцежкі пытаючы.

Якой жа з іх веры дасцё?..

Такое яно, жыццё…

ВАЙНА І МІР

«…переполненность тюрем, антисанитария,

педикулез, туберкулез… “Зато в Беларуси

каждый третий судим”, – говорил мне, сме-

ясь, знакомый прокурор…»

З нататак Людмілы Мірзаянавай,

кандыдата псіхалагічных навук

Ёсць на свеце

Такая краіна,

І мы –

Яе дзеці.

Краіна,

Дзе кожны чацвёрты загінуў,

І асуджаны кожны трэці…

Беларусы… гісторыі высеў:

От жа бачыце – засталіся!..

ЯКАЯ?..

Ноч вечна, як сёння і ўчора,

Нясе гаспадыняю ношу –

Нібыта касмічны кошык –

Неба, паўнюткае зорак.

Чакаю, шукаю, гукаю:

Мая паміж іх якая?..

ДВАІСТЫЯ

Ну й талентаў! Быццам у тым выцвярэзніку, –

Намітусь – навалам – галовы да ног:

Палітык грабецца ў абдоймы з паэзіяй,

Паэт да палітыкі лёг на парог.

х х х

Дзень пражыты – нібыта вечнасць –

Па касмічных мерках ляціць…

Як зямныя раны залечваць,

Майце досвед – мудрэй не знайсці!

Калі час да сценкі прыцісне,

Спосаб ёсць пазбыцца жуды:

Азірніцеся на дзяцінства –

І глыніце жывой вады.

х х х

Дапытліваму небу

Мільён тваіх пытанняў –

А мы без перамен, –

Ці адказаць не ў стане

На твой эксперымент?

Бо то ж з якой патрэбы –

Хіба дзеля акрас? –

Дапытлівае неба,

Ты зорышся на нас?..

ВЯРТАННЕ

Вяртаецца ўлада грошай –

На троне зноў валадарыць:

Няважна – Рубельвій панчошны

Ці з сейфа крутога Далярый.

Бабулькай запасы куюцца:

Ашчадзіць на дзень той чорны, –

Каб хоць пахавалі па-людску,

Інакш – хоць жыві паўторна…

А злодзей рахуе мільярды,

Каб заўтра ўшчаміцца ў эліту,

Глядзіць на мяне з пагардай:

–Шабаш! Твая карта біта!..

І я ўвачавідкі сёння

Пабачыў – не, мне не здалося! –

Слова маё ў прадонні

Мутнай вадой залілося…

Што слова! – калі наогул

Мастацтва спраўляе дакоскі

І моліцца бізнесбогу,

А не Венеры Мілоскай.

Цячэ серыйнае пойла –

Карміцеся, людцы, з экрана.

Чытва – як пітва: ля стойла

Ў кармушцы раман за раманам.

І ўсё па адным лекале,

Па чарцяжы латарэйным:

Ці творцы куш адшукалі,

Ці сам ён бяжыць напярэймы?..

Як з пекла, шоў-бізнесу клікі –

“Фанера” смыліць пад катламі:

Бязбожна спапселі музыкі

Ў гандлёва-тусовачнай краме…

Мяняецца светабудова –

Падмурак прадажны кладзецца…

А што мне рабіць са словам,

Якое не прадаецца?..

х х х

Паэзія… Лёс ці абман,

Надзея ці голас адчаю?..

Не знаю, які ёй талан

Будучыня абяцае.

Ды з гэтага свету мяне

Не выкрасліць сіла зямная,

Бо як жа яна абміне

Тое, што з небам я маю?..

ГРОМ ЛІПЕНЬСКІ…

А ліпеньскі гром не бяжыць напралом,

Як непаседа-майскі,

Паважна праходзіць ён гаспадаром

З наказам: “За неба трымайся!..”

Я сам гэта знаю – я з летніх нябёс, –

Якія тут могуць быць жарты?!

Як ты, браце-гром, так зямны мой лёс

Трывалай разважнасці варты.

Ды толькі яе мне шукаць і гукаць

У гэтым раз’юшаным свеце.

І ўсё ж я выходжу цябе сустракаць, –

Мяне ты хоць раз ці прыкмеціў?

Убачыш – увагаю не абмінай,

А там, у вясёлкавай браме,

Сустрэнемся – шчодра тады налівай, –

Гром ліпеньскі, будзем сябрамі!

ПРАМЕТЭЙ

Як з неба агонь выкрадаў,

Не ўстрашыў і Зеўс Праметэя:

Жыццё на пакуты аддаў, –

Але ж на зямлі пасвятлее!..

Не ведаў тады Праметэй,

Што грыфаў кіпцюранне лепей

Трываць, чым на сэрцы пустэль,

Як людзі бязмэтна аслепнуць.

Не ведаў ён помсты багоў –

Пакутнейшай самай на свеце:

Ніхто больш не бачыць яго,

А ён – усё свеціць і свеціць…

НАЦЫЯ

Пры дзярждэкарацыях

І са сталіцаю,

Пры байбаку з правадырскай амбіцыяй

І з помыслам тайным на каранацыю, –

Якімі абудзішся навальніцамі,

Ніцая нацыя,

Нацыя ніцая?..

х х х

…Дзякуй, яблынька, дзякуй, белая,

За казку…

З даўняга верша “Вясновая казка”–1964

Яблыня-бабулька,

Гэта ж колькі год

Звон пчаліны гулькаў

Весніх дзён прыход?

Ты не палічыла?

Не лічыў і я:

Скрозь перад вачыма

Ты – вясна мая.

Хоць жыццё і краму

Блытаў лёс-гандляр,

Ты красу да храма

Несла на алтар.

Хто б і што б ні зычыў –

Не рахунак твой

Яблыняй-пазычкай

Быць у краме той.

Яблыня-сястрыца,

Белае крыло, –

Пражылі, як быццам

Нас і не было.

А было ўсё казкай,

Складзенай жыццём:

Зніч нябеснай ласкі, –

А ці дарасцём?..

Што ж, усіх на свеце

Старыць час нямы, –

Застаемся дзецьмі,

Пэўна, толькі мы…

ВІШНЯ

Ці сябе з вясною вітаць,

Ці з абноваю ў белым вэлюме:

Вельмі ж хочацца заспяваць –

Вельмі!..

БЯСЕДАЮ І ПЕСНЯЙ…

Нілу Гілевічу

Гучыць над нашым краем:

“Радзіма дарагая…”

А мы ўсё паміраем,

А нам дапамагаюць.

Дапамагаюць зверху,

Дапамагаюць знізу,

Каб кожны з нас паверыў,

Што гэта – камунізм.

Што свет стары ўхітрыцца

Пры новай жыць абнове:

Сварыцца і мірыцца

Ўсім на адзінай мове.

А нам да гэтай плоймы

Далёка – ой далёка!

А мы яшчэ па-свойму

Нязломкі пагалёкаць.

Як з Нараччу Палессе,

Як Нача з Панямоннем:

Бяседаю і песняй –

Гамонім і гамонім!

Бо запавет Францішка

Трактуе, “каб не ўмёрлі”:

Ёсць мова – нас не знішчыць

Камяк задухі ў горле.

Ёсць мова – мы паўстанем

Сваю душу агучыць.

І свет складзе паданні

Пра нашу неўміручасць.

ФІЛАЛАГІЧНАЕ

Назоўнікі

З нізоў бяруць назоў:

Карэняць корань па-сялянску

Ў глебу,

Каб дзейна акрыляўся дзеяслоў

І словам Боскім

Узлятаў у неба.

Так свет жыве законам неаспрэчным:

Адзінства ў супярэчнасці адвечнай.

Так з гнёздаў вылятаюць птушаняты,

Забыўшыся, хто лёс ім даў крылаты.

АХМАТАВА: «ВЕЧЕР»

На зямлю нябесным цудам –

Вестка простых слоў крылатая:

Як музычныя эцюды –

Вершы юныя Ахматавай.

Так бывае раннім вечарам,

Калі ў сонцы дождж накрапвае:

Ні аб чым – а чалавечае

Ўсё жыццё сказаць патраплена!

х х х

Бывае ж так: з лясной сінечы,

Касуючы журботны дзень,

Прыходзіць вечар і на плечы

Руку сяброўскую кладзе.

І па-сяброўску суцяшае

Сваёй спагаднай цішынёй,

І ўсё кудысці запрашае

Мяне з журботаю маёй.

Куды? Адкуль мне здагадацца.

А ён затоена маўчыць,

І толькі знаю: ён не здрайца

З рукою на маім плячы.

Хоць ясна ўсё даўно і пуста

На сэрцы – як жніўя прысуд

На полі ў золь з іржэўным хрустам, –

Зноў у зямны паверыш цуд…

МАТЭМАТЫЧНАЕ ПЫТАННЕ

Клёк які, колькі вас ні тузаў,

Мне з таго, чарцяжы пляскатыя,

Што квадрат гіпа-

тэнузы

Роўны суме квадратаў катэтаў?..

МАЛЮ…

Я ў Бога не вымольваў анічога,

Ды час настаў – малю:

Вярні спагаднасць да майго парога

І сонца на зямлю…

УСЕ НА ПАЧОСТКУ!..

Усе на пачостку! –

Хто левы, хто правы:

Абсмоктваем костку

Ад Быкаўскай славы…

КОЛЬКІ?..

Здароўем быў трывалісты,

Ды жылы надарваліся.

І выспела задача:

Даць Богу справаздачу.

Пытаўся ва ўсіх крамах,

Ва ўсіх бюро рэкламных,

Ва ўсіх шынках, патраўках

І ў сельскіх аўталаўках,

Ля кожнай шоў-забавы –

Ва ўсіх кустах, канавах… –

Так і памёр – не выпытаў:

А колькі ж было выпіта?..

х х х

Яно на раздарожжах крыжавых,

Яно – маё пакутнае вяртанне.

Яно са мной – жывейшае з жывых, –

І не памрэ, калі мяне не стане.

Туды, дзе кветкі і зімой цвітуць,

Дзе сонца пры табе было залішнім,

Мы неслі грэх святы, што ўсе нясуць, –

Аб ім не ведаў нават і Ўсявышні.

Пра гэта знаем толькі я і ты.

А Бог? Ён здагадацца толькі ў стане.

Яму судзіць: хто грэшны, хто святы…

І ці бывае грэшнае каханне?..

Ды лёс прыходзіць не заўжды з дабром –

Ён родніць душы чорнаю цаною.

Яго й Туды з сабою забяром:

З пракляццем – ты, я – з вечнаю віною…

х х х

Не вясна, а восень якраз

Самы прыдатны час,

Каб святкаваць пад нябесным выраем

Песню – вясны хаўрусніцу шчырую.

Тую, што платы папсовай не просіць,

Тую, што птушкі шчодра прыносяць.

І зноў забіраюць даніну летнюю,

Мне пакідаючы думу сусветную

Без слоў і без голасу – песня такая,

Што ніколі ў душы маёй не змаўкае.

А як душа адляціць у вырай,

Ці не знямее ў нябеснай шыры,

У неабдымнасці боскай, песня?

Ці будзе маёю, як уваскрэсне?

Хоць застаецца той самы час:

Ваш без мяне, як і мой без вас,

Ды птушак зямных тую песню зямную

Вы будзеце слухаць, а я – не пачую…

х х х

А нарэшце ўсё ж зразумеў.

Хай нарэшце. Лепш, чым ніколі.

Неадменнага сябра меў.

Толькі сябра. Сябра – не болей.

Не радзее вакол грамада,

І сяброў лятучых багата.

І між іх… Як, нарэшце, шкада…

А хацелася б мець як брата…

РАЗЛЯТАЮЦЦА ЗОРЫ…

Разлятаюцца зоры – так сведчыць час,

Не наш, не зямны, а той – касмічны,

І гэта творыца ўсё без нас –

Без нашай абманнай лухты гістарычнай.

Разлятаюцца зоры – і мы ляцім, –

Што там Азія, што там Амерыка:

Кожны, пэўнімся, зорам тым пабрацім, –

Роўнай мераю ў Космасе ўсім адмерана.

Разлятаюцца зоры… Як людзі ў жыцці,

Роўныя зорам – мы так сябе лічым.

Ну што ж, ну што ж, – надта ж веліч карціць…

А час смяецца прысудам касмічным …

Разлятаюцца зоры… А потым яны

Зноў збірацца пачнуць у адзіную кропку,

У гэтакі Еўрасаюз незямны, –

З чым і віншуем сёння Еўропу!

Зямное жыццё… З драбязы драбяза.

Разлятаюцца зоры –

І ўсё ж не верыцца:

Няўжо і ўпраўду Караткевіч сказаў:

“Леаніды не вернуцца” ?..

х х х

З нас Богам кожнаму з мачулінцаў быў свой

/Бо свой быў Бог!/ наканаваны геній.

У свет далёкі не сягаў і мой:

Праз поплаў бег да Начы, загуменнем.

А што ўжо там, за Начаю, было –

Дык жа і ўплаў той шлях адолець трэба…

Было замежжам бліжняе сяло…

І ўсё ж аднойчы я спытаўся ў неба:

Шматзорнае, далёкае, няўжо,

Ты край зямны? А што там за табою?..”

І вось нясу – тры чвэрці веку ўжо –

Па ўсіх дарогах я пытанне тое…

А геній – і цяпер блукае там, –

Напэўна ж, там, – я, праўда, не пытаўся,

Я толькі знаў: насуперак гадам

З ім зноў і зноў мой шлях туды вяртаўся.

Туды, дзе з ім – ці зблізку, ці здаля –

Здзяйснялі вы маё наканаванне:

З паразуменнем – родная зямля

І неба – без адказу на пытанне…

ПРАФЕСАР МОВЫ ЛЕЎ ШАКУН…

Студэнцкая згадка

Прафесар мовы Леў Шакун

З хітрынкай партызана

Заўжды нам паціскаў руку:

Пакажа ўсё экзамен.

Дык і прызнацца: не цярпеў

Прафесар марнатраўства

І паэтычны хваласпеў

Суцішваў мовазнаўствам…

Так, падагуліўшы семестр,

Цягнулі мы білеты:

З аўтарытэтамі і без –

Здавалі тэст паэты.

“Зваліўшы мову” Шакуну,

З Бураўкіным Генадзем

Мы зазірнулі ў чайхану –

Па кроплю чаю “ради “.

І трэба ж: толькі налілі

/Студэнцкі сціплы шкалік!../ –

Узнік, як быццам з-пад зямлі,

Каго мы не чакалі.

Прафесар мовы Леў Шакун

/Мо ў знак, што мы не “ўтоплі”?/

Па-партызанску “першаку”

Забег “прычаіць” кроплю.

Ну што ж, ну што ж, бывае й так:

Галодныя паэты

З прафесарам глынулі ўсмак,

А ён яшчэ й катлеты

Замовіў: “Хлопчыкі, з’ядзім,

З’ядзім – а не закусім”, –

Стылёва нас адгарадзіў –

І чарку ўзяць прымусіў.

З экзамена навесяле

У інтэрнат прыйшлі мы.

Ну, хай сабе, ну, хай… – але

Па мове пабрацімы:

Не проста пачастунак быў

У нас прафесаровы, –

Не так, не лыкнуць, не абы…–

А за здароўе мовы!

х х х

Паралельныя

Дужа правільныя, –

У тым і ўся іх правіна:

Дужа прамыя,

Душа-нямыя…

З-за іх і вучоным вякамі

Даводзілася выбачацца і каяцца,

Што паралельныя сваімі шляхамі

Нідзе не перасякаюцца.

Ідуць, едуць, ляцяць –

Адно аднаго не жадаючы знаць…

Аж пакуль мудрэц Лабачэўскі

Не давёў зусім адваротнае, –

Як усё ў геніяльным бывае знячэўку:

Сустракаюцца ўсё ж самотныя!

Там, дзе раней прабягалі таропка,

Прыпыніла прамыя

Адзіная кропка.

Толькі дзе яна, непаўторная,

Кропка гэтая,

За якімі такімі зорамі,

За якімі сусветамі?

А можа, кропкі на тым і ловяцца,

Што самі зорамі там становяцца?

А дзеля чаго?—дазвольце спытацца?

Каб сустрэцца – і зноў разбягацца?..

І што лепей:

Прамыя – але паасобку,

Ці разам – зліўшыся ў віртуальную кропку?

І тады, у нашым, чалавечым, выпадку

Ці не вярнуць Лабачэўскаму тую разгадку:

Можа, лепей не перасякацца,

Можа, лепей не сустракацца?..

ВЕРАБ’ІНЫ КРЭДЫТ

Старая показка на новы лад

–Здарова, кума!

–На базары была.

–Ты аглухла, кума?

–Вераб’я прадала.

–І што – купляюць?

–У Кітай адпраўляюць.

–Што, свае ў іх перавяліся?

–Не-е, сваіх перабілі калісьці.

–Гэта тыя ўсё, хунвэйбіны?

–А няўжо ж: дэфіцыт вераб’іны…

–Дэфіцытны – значыць, адсутны?

–Во-во-во – як у нас валютны.

–Дык жа ў іх ён мінуўся даўно.

–Пасылаем усеадно!

–Дык навошта ж нашы кітайцам?

–А яны ўсе назад вяртаюцца.

–Ну, нічога сабе – па-свойску!..

–То залёт у нас гэткі, сяброўскі, –

І глядзіш, на наш дэфіцыт

Прыляціць вераб’іны крэдыт…

РЭДАКТАР

Выдае ліцэнзію

На прадмет рэцэнзіі.

На каго?

На сябе самаго.

СВЕДКА

Гэты камень калісьці праз тысячы год

Ледзяною дарогай блукаў,

Супыніўся на ўлонні азёрных вод

І мяне цярпліва чакаў…

Каб сказаць скандынаўскаю сагаю мне,

Што на мове азёр загучала:

–Не губляйся: часовае ўсё праміне,

А вось тут, на гэтых прычалах,

Дзе ступіў гаспадарна крывіч на цвердзь,

Дзе народ сваю долю сцвердзіў, –

Над ягонай душою не ўладная смерць:

Час ягоны яшчэ наперадзе!..

Не ўрадніла мінулае рабскіх акоў –

Значыць, будучыня на ўкрадзена! –

Так сказаў мне крамністы сведка вякоў,

Знак жыцця над магілай прапрадзедаў…

х х х

Як малітва: “У імя Айца…”

Душы ўзносіць да святога духа,

Так жыццю прыйшоў адолець скруху

Час бязмежны: ні пачатку, ні канца…

х х х

Бясконца можна гаварыць

З Ахматавай, Цвятаевай,

А тайну ў люстры не адкрыць,

Схаваную за тайнаю.

Яе адбітак з верша ў верш,

Як з люстра ў люстра, множыцца, –

Якой была яна найперш,

Наўрад спазнаць вы зможаце.

Яе адкрыеш – а яна

Замкнецца зноў пытаннямі…

Вясна, струна, сцяна, труна,

Жанчына з вечнай тайнаю…

НАКАНАВАННЕ

1.

Я научила женщин говорить…

Ганна Ахматава

Дзяўчынка-гарчынка,

Гарэнка Аня,

Ці ж ведала ты і ці ты вінаватая,

Што стане пракляццем тваім каханне

І лёсам паэта Ганны Ахматавай?..

2.

1962 год:

Ни страны, ни погоста

Не хочу выбирать.

На Васильевский остров

Я приду умирать.

Іосіф Бродскі

/1940, Ленінград –1996,Нью-Ёрк;

пахаваны на востраве Сан-Мікеле –

Венецыя/.

Лёс не спраўдзіў паэта,

Як памерці і дзе.

Не па свеце – над светам

Ён ляціць, як ідзе.

А шляхі пакруціліся,

А масты ўсё гараць,

Каб на востраў Васільеўскі

Не прыйсці паміраць…

х х х

Як мама гаварыла

Тым, хто крычыць дарма:

–Разумная кабыла –

Ары сама…

х х х

Вецер ірве лістоту,

Яблыню хіліць ніц,

Неба нясе самоту

Хмарамі без навальніц.

Верасня цвет верасовы

Мёдна вясну нагадаў,

Лета замкнуў на засовы, –

Службу кастрычніку здаў.

Лён вытрасае кастрыцу,

Кужалю сняцца шаўкі:

Восень лагодзіць скарыцца, –

З ёй ваяваць не з рукі.

Бо як не сёння, дык заўтра

Песня нахлыне з нябёс, –

Вырай той песні аўтар,

Вырай, мой спраўджаны лёс.

Вырай, што й сам не знае

Ўсіх незямных высноў:

Ці ён навек адлятае,

ЦІ, можа, вернецца зноў?

Што ж, браце мой кастрычнік,

Я аб адным папрашу:

На ветры, для восені звычным,

Не ледзяні душу.

А далягляд заімглёны

Не назаўжды – і якраз

Будзе святлом блаславёны

Восені мудры час!..

ПЕЧ

Апроч карчмы Аброма

Я іншых хат не меў,

Пакуль не з’ехаў з дому

І ў горадзе асеў.

Да Мінска быў Барысаў, –

І дзе прытулак знаў,

Я той карчмы абрысы,

Той, купленай, шукаў…

Здаецца, тыя ж вокны

І дзверы ў свет вялі,

З карчомнымі далёка

Зраўняцца не маглі.

Блуканні па кватэрах

Даліся не дарма,

А ўсё, каб я праверыў

Тваё цяпло, карчма.

Тваёй утульнай печы,

З якой ва ўсе бакі

Мне падстаўлялі плечы

І грэлі лежакі.

Па плане генеральным –

Дзівоснай для сяла –

Асобаю цэнтральнай

У хаце печ была.

Стаяла ў цэнтры самым,

А ля яе, вакол,

Як дзеці каля мамы,

Пакоі ўсе вянком.

Як з вышкі назіральнай ,

Было, дазор вяду:

Ці вечарам ці ўранні

Ўся хата навіду.

Глядзі сабе на залу,

На спальню, а часцей

На кухню, што вітала

Прысмакамі гасцей.

Мяне яна таксама

Пакрыўдзіць не магла:

Падкіне штосьці мама

Дарогай да стала.

Лацвей было малому! –

І праз мільён сустрэч

Удзячны я Аброму,

Што мне прыдумаў печ!

х х х

Божа высокі, магутны,

мой праведны Божа,

А ці не лепей было б

мне з табой заставацца наогул

У непарыўным адзінстве –

душою: Бог з Богам?.. –

Ды нараджэннем сваім

я цябе неўспадзеў патрывожыў.

“Вось жа,–

падумаў ты, пэўна,–

А што з ім рабіць?..”

Падкажу: як па-боску,

Роўныя ўсе мы – дзеці кахання:

ці той, сенакосны,

Ці ільняны – з камбіната, што ў Оршы,

ці проста – захлеўны…

Роўныя ўсе.

І ў той роўнасці мне паміж роўных

Дай зразумець:

на зямлю адлучаеш часцінку сябе ты

З нейкаю ўсё ж незямною –

нябеснаю – мэтай?..

Гэта і ўсё, што зрабі для мяне

на дарозе часовай, вандроўнай.

Лішне не думай,–

хай воля твая мне даручыць

Здзейсніць зямное –

нялёгкае – наканаванне

І разуменне,

як час тут апошні настане,

Што даў ты мне смерць на зямлі,

каб нябесную даць неўміручасць.

х х х

Адлятаюць дрэвы-птушкі,

Аблятаюць,

Залатое – на падушкі –

Пер’е пакідаюць.

А каму падушкі тыя?

Зоркам зімняй ночы:

Спіце, сніце залатыя

Сны, нябёсаў вочы…

х х х

Заспявалася,

Як згадалася,

Адгукнулася,

Як пачулася,

А змаўчалася…

Як падумалася.

ВЫБАЧЭННЕ

Даруйце мне, горы, даруйце мне, моры,–

Напэўна, і вас бы я ўсё ж палюбіў,

Калі б не было ў паднябеснай прасторы

Лясоў паднябесных і сонечных ніў.

х х х

Далоні мусульманін адкрывае

Нябёсам і з малітвай “О Алах,

Пашлі мне на зямлю куточак раю…” –

Адольваць зноў ідзе пустэльны шлях…

Мне б веру гэткую і гэткую надзею…

Працягваю далоні, а на іх

Снег падае, і рукі халадзеюць,

І глухне ў небе рэха сноў маіх…

х х х

Раздаюцца геніяў тытулы

І квіткі для праезду ў бяссмерце,

Плюс жытло, дзе клады закрытыя:

Метр-на-два, – па чыноўнай паперцы.

Вось і ўсё. А рэшта ўсім роўная…

І стаіць перад праўдай суровай

Абаронай безабароннаю,

Апраўданнем і сведкаю – Слова…

ПЫТАННЕ-ПРОСЬБА

ДА НАДТА “ПРАВІЛЬНЫХ” КАРЭКТАРАЎ

Сінтаксіс дыктатам адмысловым

Прагне пунктуацыю праславіць, –

Ну а што, як не між слоў, а сярод слова

Знак прыпынку іншы раз мне трэба ставіць?!.

х х х

Дзе вы, русалкі, дзе крыніцы тыя,

З якіх ваду жывую бралі вы,

Каб выплываць на берагі крутыя

І голас нам, жывым, падаць жывы?

Штоноч выходжу, але вас не чую:

Маўчанне – поўняю і ў маладзік.

І што маўчанне ваша нам вяшчуе?

Ці ваш давер да нас навечна знік,

Ці мы, жывыя, перасталі верыць

У ваша існаванне й назаўжды

Ў лухту вас залічылі і ў хімеры,

І вашы ў снах згубіліся сляды?..

Ці ўся бяда, што рэкі, ваш прытулак,

Мы зруйнавалі і красу азёр

Так культывуем з рэкамі агулам,

Што паратунак ваш – ляцець да зор…

Там заплятаць вянкі з іскрыстай Вегай,

У ноч купальскую з Капэлаю спяваць,

А мне з маім, пры вогнішчы, начлегам

Вас полымем зямным вітаць-гукаць…

Хоць ведаю: цяпер вы як чужыя,

За вас малюся, дзеці зорных сфер,

Што ў крыўдзе на людзей былі жывыя,

У крыўдзе засталіся і цяпер…

ВЕРАСНЁЎСКАЯ ВЕСТКА

Зямля яшчэ днём жнівеньскім сагрэта,

А ноч асеннім халадком сваволіць.

Сцяжынкі ў двор вяртаюцца са свету,

І далягляд стаў блізкім наваколлем.

Прыносіць раніца сарочыя сакрэты –

Без іх бы не дазнаўся я ніколі! –

Што спадчыну ўсім шчодра дорыць лета:

Вятрам для посвісту – струн трапяткое голле,

Нябёсам – выраяў расстайных сілуэты,

А мне – палёў азімых шыр і волю…

х х х

Ад клопатаў зямных і дум

Прасіў я ў неба паратунку,

Шукаў між зор: якая б сум

Сплаціла мой сваім рахункам.

І адгукнулася адна –

Я імені яе не знаю:

–Пі скруху на зямлі да дна:

Хоць горкая яна, зямная, –

Гарчэй, чым наша не бывае…

ШАХМАТНА-ФАРТАП’ЯННЫ ЭЦЮД


Згадка-каментар /2011г. / да кнігі майстар

спорту Абрама Якаўлевіча Ройзмана

“Шахматныя дуэлі” з дароўным пажаданнем:

“Васілю Зуёнку – поспехаў, у тым ліку

і за шахматнай дошкай… 1976 г.”

Такое б сёння на ўвесь свет

Назвалі шоў прыкольным:

Музычна-шахматны дуэт

Даваў канцэрт гастрольны.

“Брук і Тайманаў”… І раяль…

І фартап’янны бісер…

А зала – мёртвая амаль:

Ні воплескаў, ні “бісаў”…

І я там быў, – не без прычын.

І я маўчаў таксама,

Бо меў намер перамагчы

Я Ройзмана Абрама.

Ды апроч Ройзмана і шоў

Быў з іншым я сакрэтам:

Мне хоць бы так, як Куляшоў

Згуляць… /Ды стаць паэтам!../

Абрам жа, шахматны кумір

І выпускнік фізмата,

І знаць не знаў пра мой “клавір” –

Даваць за матам мата.

Не знаў, што ў гэты вечар быў

Я з шахматнай элітай,

Дзе зал запоўнілі рабы

Тайманаўскай арбіты.

І кожны думкаю лунаў,

Ды не ў музычных сферах,

А караля ў аблогу браў

Тайманаўскім манерам.

Таму і воплескаў не шмат

Было, – як на турніры,

Дзе моўчкі ўсе стаўлялі мат

Славутаму куміру.

Прабач жа, музыка, калі

Быць не магло іначай:

Не Брук паслухаць мы прыйшлі –

Тайманава пабачыць!

х х х

Даецца ноч вам для пахмурных сноў,

Цяжкіх, задушлівых і потных,

А мне – для зорных дум і для высноў –

Сябровак азарэнняў тайналётных.

Я ноччу з небам гутарку вяду,

Бо днём яно павек таго не скажа,

Што чую там, калі між зор іду,

І што па-боску мне на сэрца ляжа.

Зямных турбот шануючы мяжу,

Не здраднік ёй, – таварышую з небам

І небу службу зорную служу, –

Хоць і паспаць, напэўна ж, ноччу трэба!..

х х х

Надзея: асенняе голле,

Чаканне: абман скразны,

Зарука: пустое поле

Вясною – без баразны…

Не мной – і не сёння – накрэслена:

І што, і дзе, і калі,–

Нябыт: нябёсам – нябеснае,

Жыццё: зямное – зямлі.

МАСКВА І НАЧА

/На правах этымалагічнай версіі/

Дзве рэчкі ёсць: Масква і Нача, –

Цячэ гісторыі вада,.

А карані не перайначыш –

Ідзі ў глыбіні па слядах.

Якія зніклыя плямёны

Далі найменні – знае час:

Як мовы іхняй абарона –

Дайшлі – трывушчыя – да нас.

Перадалі далёкі голас

Яшчэ жывых – да нас, жывых.

Не, не было абшараў голых:

Да нас тут абжывалі іх.

Няважна – балты, угра-фіны –

Бялявыя ці ў чорны тон:

Паўстаў тут продак наш ліцвінам,

Каб кроў не папсаваў тэўтон.

Зрадніўся з балтам – і пабачыў:

Не марна йшоў сюды здаля,

І зразумеў тутэйшых: “Нача” –

То значыць: “плодная зямля”.

Спыніўся – і багам падзякваў,

І хтосьці з іх як перадаў:

Ні кроку дальш, – там “моск…” ці “...аква”–

“Твань”, значыць: “тухлая вада”…

х х х

Прыходзяць нам на змену

Ужо сыноў сыны –

Праз трэцяе калена

Забыты жах вайны.

Як не было нічога –

Ні смерці, ні пакут…

Ну то ж і дзякуй богу –

Што ж абурацца тут!..

Не вераць? Хай не вераць –

Хай будзе казкай больш.

За іх – мы поўнай мерай

Нясём пакутны боль.

Б’е забыццё цапамі…

А што тады было б,

Калі б не наша памяць,

Надзейны іх акоп?..

Хай лёс наш паспрыяе

Ім сёння адшукаць

Шлях да зямнога раю…

А нам – не прывыкаць.

А нам яшчэ б пабачыць

Адну ці дзве вясны, –

Хоць нельга й там іначай –

Без страшнай той вайны…

У душах пакалення

Пажар той не ачах.

Дні нашых нараджэнняў –

З Хатынямі ў вачах…

х х х

Гнеў у генах, – адкуль ён? Здалёку,

Пэўна, памяць прынесла яго:

Ад бунтоўных зямных прарокаў,

Шэравокіх паганскіх багоў.

То й глядзяць на мой чын бязвольны

І пытаюць: – Што ж здрадзіў ты

Нашым – лесу, рэчкам і полю?

Чым жывеш ты і чым святы?..

Ланцугамі аблытаны туга

Мудраслоўя, пасланага звыш,

Ходзіш век свой затоптаным кругам,

І надзеі няма, што ўзляціш…

Шлях развёў нас купалаўскім ранкам…

Развітаннем працяты, стаю:

Я зямлю, як і вы, люблю,

Небу верачы па-хрысціянску.

Што яшчэ ў апраўданне скажу?

Я такі ж, як і вы калісьці,

Ды нябеснаму Богу служу:

“Не забі, не змані, не зламыслі”…

х х х

Жыццё маё, – як дагукацца

Да сэнсаў, дзе ілжывы час

У бляску танных дэкарацый

Хавае ісціну ад нас?..

Я не пра гэтую, зямную,–

Багоў наслухаўся зямных,

Што вечны рай зямны трактуюць

Для абяздоленых жывых.

Ад папяровых землятрусаў

Трымцець душой няма прычын.

Зямным не ўстрашыш беларуса!

Я не аб тым. Я вось аб чым:

Як завяршыць без шкадавання

Маё імгненне на зямлі,

Калі ўжо “я” не мною стане

І знікнуць”дзе?”, “куды?”, “калі?”…

Хоць неба не хачу аспрэчваць –

Хто я? – зямны часовы госць, –

Цікава ўсё ж – па-чалавечы:

Мяне няма, а вечнасць – ёсць…

Пяклуецца душа ў памкненні

Сябе нябеснаю лічыць –

А несмяротнае тварэнне,

Душа сусветная,– маўчыць…

х х х

Як агонь ляснога пажару

Збіваюць сустрэчным агнём,

Як сцяжынка нясе ахвяру

Ўсім дарогам завейным днём,

Як вясной намаўляе чары

Спрэчка двух: салавей з салаўём,

Як маўклівая цемра з хмары

Выбухае грымотным святлом,–

Так каханне падчас – насланнём –

Лучыць сэрцаў варожую пару…

х х х

Не да сонца ўзлятаюць Ікары,

Не ашчадзіўшы крылы ляднём:

Ад зямных уцякаюць пачвараў –

І становяцца душы агнём.

Ці то боская ласка, ці кара

Праз вякі агонь той нясуць,–

І згараюць, згараюць Ікары,

А пачвары жывуць і жывуць…

х х х

У прадажніцкім гэтым свеце

Пад сабой мы згубілі глебу,

Разгубіліся, нібы дзеці,

І адно ў нас апірышча – неба.

Там – наіўныя нашы чаканні,

Дзе пакуль што не ўкрадзена сонца,

Тут – стаіць над душою Каін

З чорнай хваткаю бізнесоўца.

Не забіць – ён купіць ахвочы,–

Ён упэўнены: свет прадаецца.

Прадавайся – штодня і штоночы,–

Гэта ўсё барышом завецца.

Не па Бібліі – па Карнегі

Пад руку штурхаюць хрысціцца, –

Што ім смутак тваіх элегій

І тваіх трыялетаў трысцінкі.

Ні здабыць тут нічога, ні ўкрасці,

І хіба тут дасі што ў лапу?!

Слёзы рыфмаў ты лічыш за шчасце? –

То й рыфмуй – на мазгі сабе капай!..

Валасатым нутром уласнік

Зноў людскія душы палоніць,–

Стой сабе васільком парнаскім

І гібей пры ўласніцкім троне…

Гэта ўсё, што табе застаецца…

Дзе ж ты, дзе ты, дух непакоры?!

Рэвалюцыя не прадаецца –

Ці не час Пегаса прышпорыць?!.

х х х

Жыццё ідзе, а ты ў палоне

Адвечнае бяды:

О божа, каб не горш, чым сёння,

Было заўжды…

За мэту скварку дабрадзееш

І чарку на губе.

Нахабна думы і надзеі

Украдзены ў цябе.

Нябеснай манны харчаванне –

Уладнае лато.

І хто табе паспачувае?

Лічы, ніхто.

Як на чужой зямлі радзіўся:

Ні гаспадар, ні госць.

Няўцям: ты збыўся ці згубіўся –

І хто ты ёсць…

Калі ж ты духам прасвятлееш,

Падмануты народ,

І ашуканскіх маўзалеяў

Растопіш лёд?

х х х

Прастора – ты бясконцасць ці нішто?

І хто наважыць паспрачацца з Богам –

Хто спыніць час? Ніколі і ніхто! –

Бо ў вечнасці яго няма наогул.

х х х

Ці ж выпадкова, на кароткі век

І ў корань ён, і ў крону ствол гадуе.

І гэтак жа, адвечна, як на здзек,

То спачувае вецер, то сярдуе

І дуе ў трубы: –Небарака – ці ж

Так і звякуеш век, у дол уросшы, –

Крылаты лес, – чаму ж ты не ляціш?

–З такой зямлі?! Куды? Ды і навошта?..

х х х

Былі, і ёсць, такія –

Запанібрата з богам:

Без пастырскага кія

Трактуе ў рай дарогу.

Сам без сумневу крочыць

І вам усім падкажа,–

З паставаю прарочай,

З душой цямней, чым сажа.

Знаць, мае цэнз ахоўны

У д’ябальскай імпрэзе,

Бо на амбон царкоўны,

Як на трыбуну, лезе.

Гатоў, як на базары,

Усталяваць парадкі,

І паства пляскаць зараз

Пачне з любоўю ў ладкі.

А што! – няхай вітае:

Спакусы выспеў яблык

Сучаснейшага раю

Ў сучаснейшага д’ябла.

Як “Ойча наш” з малітвы,

Ці папрастому “Бацька”,

Гатоў – з нябёс нібыта –

Абманнай манны даць вам…

Каб мне апостал Пётра

Трымаць на варце дзверы

Не ў рай той несмяротны,

А ля царквы даверыў –

Такога б я пытаннем

Суняў бы: “/Ты ж не ў клубе!../

Сябе любіць ты ў стане,

А ворага – ці любіш ?!.”

ПРАЗ АГОНЬ…

Бог зляпіў чалавека з гліны

І, напэўна ж, агонь скарыстаў,

Бо інакш, калі б лівень хлынуў,

Ён ізноў бы глінаю стаў…

А пасля і нашчадкі агнямі

Так абпалены!..

Што ні кажы –

А з такой загартоўкай, між намі,

Яшчэ доўга мы думаем жыць!

А ТРАВЫ ГЛЯДЗЯЦЬ…

А травы глядзяць парознаму:

То асакою пагрознаю,

То цеплынёю мурожнаю –

Гатовай аддацца пожняю,

То ўкаранелым сіўцом,

Што спрэчку вядзе з касцом,

То пекна дзяўчынай сасватанай –

Бела-ружоваю дзятлінай,

То па-жаноцку ўкоснаю

Зябкай парою роснаю

Ці то ўдавіцай-атаваю,

Зноў да жыцця адталаю…

А мне даспадобы траўка –

На родным двары мураўка.

Здаецца, й няма нічога –

А ўжо вітае з парога.

На сонейку, у зацішку,

І пыхі ніякага лішку.

Рахмана і мякка глядзіць –

Ну так – хоць да вуха кладзі.

Яшчэ яна й тым мілей,

Што скача па ёй верабей,

Мой закадычны сябрук –

Шэры дамашні жаўрук.

І певень з сям’ёй пахаджае

І мне не перашкаджае.

Хоць стой, хоць сядзі, хоць ляжы, –

Рамонкаю паваражы:

Кахае ці не кахае?.. –

Прыходзь, тут месца хапае!

КУПІЛА ЖАБА КУПІНУ…

Купіла жаба купіну

Ў самотнага вужа.

А тое, што ўжо куплена,

Пазначыла мяжа.

Ахова на валоданне

Бусліная прыйшла,

А жаба ўзнагародаю

На снеданне была…

ТУТ І ЦЯПЕР –

газеце з пазацэнзурным накладам: 299 асобнікаў

“Тут і цяпер” – не вамі прыдумана,

Але, як тыя тэле-масквічы,

Хоць трошкі, ды дзеліце сум і бяду маю,–

А ім, божа мой! – колькі сёння прычын…

За гэта і дзякую вам, невядомыя, –

Не за прычыны – за іх выкрыццё:

Тут і цяпер – мы не дзеці бяздомныя.

Тут і цяпер – і наш лёс, і жыццё!

МЕТАФАРА-ЎСПАМІН

Дух вечнай непакоры –

Два небы і два моры.

Адно ў адным люструюцца,

Адно адным цікуюцца:

А хто з іх прыгажэйшае?

А хто багам раднейшае,

Тым, што плылі з Элады

Сюды здзіўляць пагляды?

І ласкаю Гамеравай

Каму яны даверылі

Ўлагодзіць спрэчку гэту

Ў сям’і дзівосаў свету?

Пытайце сто разоў цяпер,

Каму дастаўся той давер.

Спытайце й тысячу: каму?

Не здагадаліся? Чаму?

Тады яшчэ спытайце раз:

Каму? –

Іх шмат… Ды сёння час,

Скажу, не ім даваць адказ

Пад сонечнай прысягай –

А мне! І Карадагу…

З уцёсам слынным мы стаім,

І горы высяцца за ім –

Як памяць Кімерыі…

Мы з ім сябры старыя.

Ён тут – паэт з паэтаў.

Мы з ім дзівосы свету

Падлічым – а пры гэтым

І наша ранг набудзе:

Па ліку – восьмым будзе!

Мы сведчым гэта ўпершыню:

І высь нябёс, і глыбіню

Марскую ў Кактэбелі –

Як славу – мы не дзелім,

Бо дзіва ў лучнасці: яно

Нам з Карадагам так відно!

На тым, хоць не па ўзросту,

Займелі мы сяброўства.

Я тут – нібы запрошаны

Яшчэ самім Валошыным,–

Сюды, дзе “Дом паэта”

Яго душой сагрэты:

Над лонам мора неба дах…

Лавец метафар Карадаг!..

2012

БЕДЫ

Думу горкую думаю:

Хто развее бяду маю?..

“Ну што за жыццё! – лебяда ды сныць…–

Божа мой, божа высокі…”–

Можна паплакаць, можна паныць, –

А клёку?

Які пакрой – гэткі і строй,

І музыка спее такая.

У зорным небе – узорны настрой,

У хмарным – і песня кульгае.

То лепей – канатаходцам – забыць,

Якая ў яго дарога.

Інакш: падзенне…

А жыць – дык жыць

З верай у перамогу.

Лепей бедам наперакор –

У бокі сныць-лебяду ім! –

Усе адправіць на перакур –

Хай без мяне пабядуюць!

Я адпускаю на волю іх,

І ад мяне ў курылцы

Хай адпачнуць – пры ўсіх сваіх,

Як Пімен сказаў, бедуінцах!

СВЕТ

Гэта для нас з сакрэтаў сакрэт,

А Свет не гуляе ў сакрэты, –

І можа, раптам таемны той свет

Якраз і акажацца гэтым?..

ПАХВАЛА ПРАЦЯЖНІКУ

Не мёдам грачнёвым, а чэрствай скарынкай

Надзей маіх і чаканняў

У вулей славесны я знакі прыпынку

Штодня частавацца склікаю.

Я знаю, што іх вымятаюць, як шуму,

Апосталы модных навацый, –

О знакі прыпынку, таму і прашу вас

Бяздумна не прыпыняцца.

Каб сэнс не хістаўся знямогла, а дуж быў,

На гэта ў вас клёк адмысловы, –

Таму й давяраю: не ў службу, а ў дружбу

Шыхтуйце слова да слова.

Ніхто з вас панура ў радку не марнее,

Бо кожны – тварэц, а не стражнік.

І ўсё ж, пэўна, кожны мяне зразумее:

Найпершы дружбак мой – працяжнік.

Між двух берагоў вясёлая кладка,

Праменьчык, што думкі злучае,

І ў новыя сэнсы імкне без аглядкі –

Працягаў разведчык адчайны.

І запрашэнне ён, і накірунак –

Пранізвае думку і сэрца.

А верш – як настроіць працяжнікаў струны, –

Паслухайце – музыкай льецца.

Бывае, працяжнік супыніцца коскай –

І тут жа маланкай накрэсліць

Ёй шлях зіхатлівы сцяжынкаю роснай, –

А гэта і трэба для песні!..

НА САЛАЎІНЫМ ПЛЁСЕ…

На салаўіным плёсе –

А ён на цэлы лес, –

Бушуе шматгалоссе –

Вясновы інтарэс.

Вясновая цікаўнасць:

А хто, ды з кім, ды дзе.

Абцасікі – цвікамі:

Куды той след вядзе?..

Хоць і здагадку маеш –

У досведы не лезь.

Вясну, брат, не ўтрымаеш –

Ты з ёю: тут і ўвесь!

Вясна – яна такая:

Ці ўподручкі вядзі,

Ці так цябе злякае:

На ўсё жыццё – адзін…

На салаўіным плёсе

Не ўладныя гады:

Каханне засталося

Адно – і назаўжды.

х х х

У цёмнай ночы навіду –

Адна яна і знае, –

Зноў тымі сцежкамі іду,

Што памяць мне вяртае.

Іх шмат – і ўздоўж і папярок

Майго зямнога лёсу:

Вітае рэхам кожны крок,

А гэты – безгалосы.

Такія можна толькі сніць –

Бязгучны, як сняжынка:

Няма куды яму ступіць,

Няма ў яго сцяжынкі…

Згубілася… І што магу –

Ды і каму? – параіць?

Няма й надзеі, што ў смугу

Апошняй памірае…

О сцежкі людныя, я вас

Аддаў бы ўсе за тую.

Ды сцежкі не вяртае час –

Ён з небыццём нітуе…

І ўсё ж, і ўсё ж, здаецца мне,

На той вярсце расстайнай –

Хай год, хай сто гадоў міне –

Жыве яна чаканнем.

Я знаю: ёсць над ёю знак,

І знаю: зноў саб’юся…

Іду – і не знайду ніяк, –

Ці то знайсці баюся?..

х х х

Хуткія зборы ў нябесны той свет:

Ані кароўкі, ані вяроўкі.

Жыццём зарабіў на транзітны білет,

А смерць – толькі спосаб транспарціроўкі.

х х х

Дзень сённяшні знічкай ляціць:

Успыхне – і тут жа згарае.

Ляціць да зямлі, каб свяціць,

Ды ў небе прытулку не мае.

З днём заўтрашнім коштам малым,

Напэўна, дасць бог, разлічуся.

А як рахавацца, а як з тым былым,

Дзе жыў і куды не вярнуся?..

х х х

А кім я быў, калі мяне не было?

Пытанне марнае: адказ навечна замкнёны…

Кім стану? Рассыплюся ў вечнае тло?

Ці ўжо латарэя мне зноў падбірае імёны?...

АДСУТНЫ НА ФОТАЗДЫМКУ…

З мамаю –дзве незабудкі ў траве,

Ад сцюжы схаваныя ўзімку:

Зіна і Каця – сястрычкі мае –

Як напрадвесні, глядзяць з фотаздымка.

А я?.. “А ты, жартавалі яны,

Тым часам таксама быў з намі,

Ды каб не прыбавіў фатограф цаны,

Аб тым не прызналася мама.

Мы трошкі ведалі мамін сакрэт,

Але таксама маўчалі.

А ты неўзабаве з’явіўся на свет,

З чым мы цябе і віталі!..”

На здымак, нібыта праз вечнасць , гляджу:

Сястрычкі застылі ў маўчанні.

А мама – я знаю! – я сёння скажу:

Мама – з усмешкаю прадчування…

І…

Прыўладна, парадна,

Указна-скрыжальна,

Нязгодна-саджальна,

Кайданна-прыводна,

Высочна-пужальна

І пагражальна.

Ахоўна-паротна:

Павертыкальна.

І прываротна-

Электаральна:

Колькі заўгодна –

Столькі і ўхвальна

І кандыдатна,

І дэпутатна, –

Спрэс і нязводна:

Дзяржаўна-прыватна,

Падлізна і мёдна,

Харызма-вар’ятна –

І ўсенародна!..

х х х

Што Бог наканаваў мне – не аддам,

Таго жывым зламысна не пакіну:

Навошта мой гаркотны клопат вам, –

Няхай са мной кладзецца ў дамавіну.

Адзінае, што ахвярую ўсім, –

Што? – падкажу, калі вам так цікава:

Аб чым ніколі Бога не прасіў,

Бо на зямлі не меў на гэта права.

ГАВАРЫЛІ…

Гаварылі пра ямбы, харэі,

Шкадавалі, што рыфма хварэе

На бяскрыласць: рыпіць і скрыгоча,

І з паэзіі кпілі дзявочай…

І зусім неўпрыкмет ужо неяк

Папрасіў: пяць рублёў… і капеек,

Бо з капейкамі кошты былі,

Калі мы яшчэ нешта пілі…

Не пазычыць, а “распарадзіцца”, –

Так прасіў: паэтычней як быццам…

БЯРЭЗІНА… БЕРАЗІНА

“Камоцкі Алесь… нарадзіўся ў 1958 годзе

ў Барысаве…” – прачытаў я ў часопісе “Дзеяслоў”…

Алесь Камоцкі!.. Я ў адчаі

Ад цемнаты сваёй: не знаў,

Што мы з табой – барысаўчане!..

Бярэзіна?.. Беразіна? –

Вось як і тут: дзе ставіць націск, –

Не знаў!.. Хоць і дагэтуль мне –

А столькі ж год ужо растраціў! –

Карціць, нібы асцё ў гумне, –

Пад шум і гоман малацьбітны:

Камусьці ж зерне – ды ў руку!..

І я ў Барысаве, нібыта

Ўсё цэпам б’ю на тым таку,

Дзе педвучылішча збірала

З вясковых хат у інтэрнат

Падросткаў – пастушкоў бывалых,

І іх равеснічак-дзяўчат…

Дзе нас на вуліцы Студэнцкай

Вучыў нязломны Замерфельд,

Што сам па кампартыйных цэнзах

Насіў няўдачніка партфель…

І суцяшаў мяне: “Як Ставер,

Ды й лепей будзеш вершаваць!..”

/А Ставер – воляю абставін –

Свой “курс” тут мусіў завяршаць… /

Барысаў… Першаю прапіскай

Адзначыў рыфмаю мой спеў…

А ты, Алесь, яшчэ й калыскі

Тады барысаўскай не меў….

Яшчэ ты і не нарадзіўся,

Як я пакінуў горад наш…

А вось жа лёс распарадзіўся:

Нас на раку заве ў ваяж…

Ах рэчка, рэчка, дзе твой кацер?.. –

Бярэзіна, Беразіна…–

Хто плынь і моц тваю растраціў –

Ледзь не да саменькага дна…

Дзе той паром і дзед, што строга

Нас у загрэбшчыкі стаўляў

І ў Новы горад са Старога,

Лічы, за так перапраўляў…

Аднак хадзем… Праз перашкоды…

Бярэзіна, Беразіна… –

У нашым лёсе назаўсёды

Ты непаўторная вясна…

І знайце: чэрпае Камоцкі

З Бярэзіны-Беразіны

Гітары – слова спеўнай моцы,

А слову – розгалас зямны.

Таму і рады Барадулін

Тым спевам, нібы рунь дажджу.

А я? – надзею з ёй гадую,

Сны па-барысаўску гляджу!..

СТВАРЭННЕ

Стадыён тысячавокі –

І адзіная для ўсіх

Зрэнка – мяч пакутнабокі,

Рот адзін на ўсіх, і слых.

Звычкі, густы і заняткі

Ўсе ў яго – адным слугой,

І пасуе, і ў “дзевятку”

Б’е адзінаю нагой.

У чацвёртым вымярэнні

Ён жыве, як грымне: “Гол!..”

Трэба ж – гэткае стварэнне

Спарадзіў на свет футбол!..

КАРМУШКА

2012-ы год вызначыўся анамальнымі

лютаўскімі /амаль напрадвесні!/ маразамі:

мінус 35 градусаў па Цэльсію, што наблізілася

да “беларускага рэкорда” – мінус 40 у 1940-м

Патэльня зімы – і марозны сквар.

Жыццё сінічкі – націнкай.

Семкі нясу – сланечніка дар, –

І ўдзячна голас працінькаў!..

Склікаю ўсіх на крылаты базар,–

А можа, парламент? – бо птушкі –

Тры партыі – як па чыноўны “навар” –

Расселіся ля кармушкі…

Партыя сініх – сінічкі:

Спрэс

Мандаты з нябеснаю сінькай;

Ім зелянушкі наперарз –

Мандаты, нібы лісцінкі:

Зялёных партыя –

На дэ-лі-ка-тэс, –

Шугаюць гуртам, не ўроссып;

А трэцюю партыю выбраў лес:

Тры сацыял-дубаносы…

О шарагоўцы птушыных мас,

Выбачайце, не я прыдумаў, а час

Гэты жарт – дэпутацкую ношу.

Мог бы і я “абмандаціць” вас,

Але ж … я зусім не Ярмошын…

Я ўсіх вас вітаю, бо ведаю ў твар –

Зялёных, з блакітнай пярынкай:

Ніхто з нас не госць тут і не гаспадар,

Не раб прыроды і не валадар, –

Мы проста яе часцінка!..

НЕАБВЕРЖНАСЦЬ

Судны дзень пытанняў і адказаў…–

Як асколкі старажытнай вазы:

Не сабраць, разбітую…– так час

Не абверг кароткі той адказ…

“ПА-ЦАРСКУ”…

А тата й не знаў, што быў цар ён – Васіль,

Што й я паймянован па-царску,

Бо з моваю грэцкай стасункаў зусім

Не мела дзядоў гаспадарства.

Ніхто з нас па-грэцку ні думаць не мог,

Ні сноў алімпійскіх не бачыў, –

Імя ж – нібы грэку – не цар і не бог,

А поп наш шчаўроўскі прызначыў.

У полі з сяўнёю, на лузе з касой –

То й значыць: царуй па-мужыцку…

Маё ж цараванне пайшло паласой

Бядняцкай: на рыфму разжыцца…

Ды з гартам мужыцкім і я не прасіў

У Музы планіды ліхвярскай, –

А як жа іначай: Васіль ёсць Васіль, –

Як цар, то ўпраўляйся па-царску!..

І ўрок мой у гэтым. Аднак жа не ўвесь, –

Я мерай зямною праверыў:

Хоць з іменем царскім – на неба не лезь, –

Тут трэба спытацца ў Гамера.

х х х

А свет стаў разумны, і кожны лахудрык

Уладу, як дзеўку грабе пад сябе:

Спаць дурнем з ёй ляжа – прачнецца ўжо мудрым –

Разумніка зорку нясе на ілбе.

І кожны разумнік – да шчасця рамізнік.

А мо – падвязе? – га! – трымайся ямчэй!..

Ты – пры камунізме, а ён – пры харызме:

Ты – тут заставайся, а ён – уцячэ.

х х х

Час дадзены: пабыць травінкай роснай,

Паразумецца з лёгкім матыльком,

Адчуць, як робіцца душой тваёю колас,

І ўзвысіць бор сасною хмарачоснай,

А завяршыўшы сонечнае кола,

Не прыхапіць з сабой святло тайком…

Тым чалавек, відаць, і несмяротны,

Што ён праменьчык радасці зямной

Прыняў ад пакаленняў і стагоддзяў,

Каб перадаць па-боску – незваротна –

Тым, хто з хаосу небыцця выходзіць

Насустрач – і з калыскай, і з труной…

ПАДПЯВАЮЧЫ ЖАЎРАНКУ…

З будынка, што ў шэрых адценнях

Мне ўзоры вясновыя ткаў,

Я выйшаў – і так жа пацэліў:

Якраз цябе напаткаў!

Якою была дарога,

Я толькі спытацца хацеў,

А ты над прыгрэтым узлогам –

Як сам адказ – узляцеў.

І што тут пытацца: надзея

Імкне, як травінка праз брук.

Таму цябе й разумею,–

Я з вашых, браце жаўрук!

Такога шчасця ніколі

Не зведаю больш і я, –

О сонца, о неба, о поле!

О родная наша зямля!..

ШПАК

Сонцу майскаму напярэймы:

Грудкі наўскід, крылцы ўразлёт,–

Кожны год вясной не старэю,

А з табой маладзею на год.

Быццам Бог пасылае збавенне:

І такія на песню правы,

І такое ў душы абнаўленне,

Што амаль не жывеш, хоць жывы.

ТОЙ СПЕЎ…

Ён са мной, – чую, чую той спеў,

Як вясна з-пад снегу траву.

Я вярнуцца адтуль не паспеў,–

Там застаўся, і тым жыву.

х х х

Сонечны сон быў – палетак даспелы:

Колас да коласа шэпча хвалу

Плоднай зямлі, а на ўзмежку прысела

Сейбіта стома – з прыспешкай жніву.

З ёю наўпобач і я прымасціўся:

Можа, ашчадзіцца й мне хоць скрылёк

Сейбіцкай долі, – і згодна свяціўся

Кропелькай неба мой брат-васілёк.

Сонечны сон быў… Палетак даспелы…

Ранкам прачнуўся, – а дзе ж ураджай?

Ціха зярнятак сям’я адляцела, –

Дзе яны ўзыдуць? – не знаю, на жаль…

НАРАДЗІЎШЫСЯ…

Не здумай памерці, схаваны зямлёй,

Хоць раз нарадзіўшыся ў гэтым жыцці,

Бо кропля святла ад усмешкі тваёй

Між зор несмяротна і юна ляціць.

ЦЭЙТНОТ

Яшчэ неспазнаны заве далягляд,

Ды збэйсаў гады, як хвіліны.

А дні засталіся – ды й тых не зашмат! –

На развітанні-ўспаміны…

ЖМЕНЬКА ПЯСКУ НА ВЕЧКА

Ад страт і пакут вылячэнне,

Ад радасцяў супачын, –

І новае летазлічэнне,

Вечных эпох зачын…

х х х

Я часта непакоюся ў журбе:

А раптам вершы знікнуць, і паэзію

Камп’ютар хціва ў сеціва зграбе

І з музаю пачне гуляць гарэзліва, –

Як з матыльком павук… І што тады

Маёй душы, самотнай беспрытульніцы,

Як дагукацца, адшукаць сляды

Абранцаў мовы роднай – слоў матуліных.

Як з полем жніўным мне пагаварыць,

Як пашаптацца з лугавымі зёлкамі,

Як неба ад зямлі абараніць,

Спавітай змрочнай ядзернай вясёлкаю.

І як адтуль, з міжзор’я, хоць бы раз,

Вярнуўшыся, паслухаць: вольным голасам

Гамонячы, ідуць, як і было пры нас,

І Караткевіч, і Купала з Коласам…

Давай жа, будучы камп’ютар-графаман,

Згаджайся на дамову непарушную:

Жывое слова не заводзь у зман, –

Каго яно парадуе, бяздушнае…

СПАКУШЭННЕ

Калі няспраўджаных памкненняў міражы

Цяжкою скрухаю на сэрца ападалі,

Калі здавалася: ці ёсць патрэба жыць,

Жабруючыся з вечнасцю гадамі,

Калі пятлёй дарога – як сіло

Зімою долю снегірову – душыць,

А д’яблава высвечвае табло,

Што ты ідзеш па моры, як па сушы,

Калі спакуснік ставіў лёс на кон,

Калі ўжо ты амаль яму паверыў,

Гатовы ў храме жыць, дзе ні вакон

І на сямі замках да выйсця дзверы…–

Тады зямля адкрыла мне сакрэт,–

Прабачце, калі вам ён без патрэбы:

Я ў песню адыходзіў, як у свет,

Затоены далёкім зорным небам…

х х х

Жывыя не ўваскрасаюць,

Жывыя надзею маюць

На могілках вечна жыць.

Мёртвыя не паміраюць,

Мёртвыя не ажываюць…

Што ж мне з вамі рабіць?..

Я сам – як нішто з нічога:

З жывымі – шукаю дарогу,

Каб з мёртвымі – мёртвым быць.

х х х

Быць бы, быць суцяшэнню,

Ды адкуль прыплыве:

Ні даляра ў кішэні,

Ні рубля ў галаве…

ЗАДЫХАНАСЦЬ

Задыхана, як замуціў

Век песню жніўную ў леце;

Задыхана, як каранцін

Верлібра ў звонкім санеце;

Задыхана, як асарці

Лявонцьева ў гейскім саеце;

Задыхана, як супраціў

Праўды абману ў дакрэце;

Задыхана, як асецін

Адзін на адну з дзвюх Асецій;

Задыхана, як пры куцці

Жалобная свечка ў сусвеце;

Задыхана, як Аўгусцін –

Святы – на зямным ліхалецці;

Задыхана, як у трысці

Меліярацыі вецер;

Задыхана, як пабрацім

Чарнобыля на Астравецці…–

Задыхана будуць расці

Ў задыханым краі дзеці…

АРАТЫ

Хоць сонца не было сляпое,

І бачыў Бог гужоў натугу,

А полем, полем, полем, полем

Бяда ў засеў ішла за плугам…

Снуюцца дзён пахмурных страты

Над галавою палыселай, –

Не знаю, як і той араты,

Што ўзыдзе і з маіх пасеваў…

х х х

І не ўцямлю, куды я трапіў,–

Як за краты ў крвсворд вясёлы:

Глянеш знізу – сатрап на сатрапе,

Глянеш зверху – адны анёлы.

Далібог, крыжаванка-аблава:

Там, дзе справа, выходзіць злева,

Там, дзе лева, выходзіць справа,–

Ну й красворд! – як у д’ябла з Евай.

МАТЫЎ

На дварэ васьмёрка коней,–

Коні вараныя,

Даганяйце мае леты,

Леты маладыя,

Што рассеяліся ў веснім

Небе жаўрукамі.

Як не іх – вярніце песню,–

А я пачакаю…

А ВЕЧНАСЦЬ МАЎЧЫЦЬ…

Гляджу ў асенняе неба,

Дзе зор лічыць-не-злічыць:

Набліжаецца вечнасць – і трэба

Мне штосьці сказаць ёй. Аб чым?

Не знаю. Не маю хвалебных

Ні помыслаў, ні прычын…

То лепей спытаць: дзе ключы

Ад зор, і якая там глеба,

Каб жыта пасеяць, каб хлебам –

О вечнасць, зямным не пагрэбуй! –

Аздобіць на небе харчы…

Не знаю… А вечнасць маўчыць…

КАЛЫХАНКА

Асобна ці на дваіх

Будзе жыццё, – як міг:

Будуць удачы і страты,

Будуць палацы і хаты,

Будуць суцехі і звады,

Будзе хаос і парадак,

Будуць і будні, і святы,

І рэквіемы, і санаты,

І да крыжоў далягляды –

І правым і вінаватым,

Будуць каханне, і здрады,

І адварот, і прынады…–

Будуць. А як жа без іх?!

Шкада: не вечна – а міг…

“ДА СУСТРЭЧЫ…”

…дзень…

Як сустрэцца,

З самай раніцы

Вечар з раніцаю

Раяцца…

…толькі…

Толькі вечар не шчадрыцца

Ўласным часам падзяліцца.

Ды і раніца скупая:

Ні хвілінкі не ўступае…

…ноч…

Спаць кладзецца

І штовечар

Шэпча вечар:

“Да сустрэчы…”

…рэха…

Як усё па-чалавечы:

“Да сустрэчы…”

“Да сустрэчы…”

ПЕРАД ТАЙНАЙ…

Жывым не напіцца з нябесных крыніц,

За існасць не мець не названае словам,

А мёртвыя не выдаюць таямніц:

Смерць тайны гарант і надзейная схова…

ГЭТАК…

Дарога: ідзе ці ляціць,

Наўпростая ці крывая, –

Хацелася б вечна жыць,

Ды толькі таго не бывае.

Недзе ж той будзе супын –

І ён ужо не за гарамі.

І лёс, на зямлі скупы,

Не стрэне на небе дарамі.

І не зламае крыло

Вечнасць у перапудзе, –

І як мяне не было,

Гэтак мяне і не будзе…

ЛІХА

Не чапай ліха,

Покуль ліха спіць ціха.

О як прачнецца –

Тады ліха пачнецца!..

ДВОЕ Ў ЛЮСТЭРКУ ВОСЕНІ

Нібы з далечы зорнай, прыходзіць Чайкоўскі:

Фартап’яннай асенняю песняй…

Акорд

Абрываецца ў струнах усплёскам-

Успамінам мелодыі весняй –

Ды вяртаецца зноў – зноў: самотай пакроўскай,

І настрой адзіноты б’е сусветны рэкорд.

І толькі ты, мой нязменны хаўруснік,

Мой стары, з пасівелаю шчэццю

Дажджу, –

Ты, нібыта ў люстэрка восені мусіш –

Сябра ўсё ж! – зазірнуць у вакно…

О мой вецер,

Як і ты на мяне, у скрусе

Я ў вочы твае

Гляджу…

КАБ ЗАЎТРА…

А я хачу, каб заўтра выйшла газета –

Дзяржаўная! – не так сабе,

Не грантава-слёзная,

І каб на першай паласе –

І штодзённа! –

Паэты.

Якія?

Ды ясна ж – усе:

І добрыя каб

І розныя!

НЯЎЖО?..

Супроць утопій і міражоў

Камуністычна-біблейскіх

Змагаліся гуртаахвярна – няўжо,

Каб зноў марнець па-лакейску?..

Ад таўстасумаў і ад чыноў,

Прадажных іх тоўстым сумам,

Каб абяцанняў нажыўку зноў

Глытаць як закусь пад вермут бяздумны?..

Глядзець, як зусім не ў калгасны кацёл,

А нібы ў міфічную анты-кішэню

З прыўладнай каровы надой і ацёл

Сплываюць у банкі заморскіх “Сейшэляў”…

А можа і іншыя ёсць астравы –

Гарызанталь “вертыкальнага” раю,

Дзе людзі – пластамі пад сонцам, а вы –

Паплачце: яны ж бо са скурай згараюць!..

Прыкіньце: якія ж здабыткі ў нас

І што мы пакінем нашчадкам? –

Паўсталы з нябыту “урвіцеляў клас”,

Хакей і АМАП для парадку?..

А што для душы застанецца? – Няўжо

Адно: бізнес-шоў ды віскат,

Палон шматсерыйны тэле-гужоў –

Да скону ад самай калыскі...

Ды горкая памяць аб тым, што было.

І ў беспрасвецці – што будзе...

І покуль дрыгвою ўсё не заплыло:

Няўжо?!. – падумайце, людзі!..

ЗУСІМ НІЧОГА…

Самотная ўсмешка на вуснах вясны

Як перад небам,

Як перад Богам:

Зусім нічога…

Зусім нічога

І не было там, –

Ўсё будзе потым…

Ўсё будзе потым –

А ў нас нічога,

Апроч дыхання лугавога,

Апроч усмешкі

Духмянай сцежкі…

А лёс скіруе

Сваёй дарогай:

Лёс накануе

Табе – другога…

А мне – другую…

Зусім нічога……

Гады стагуе

Час неадменна…

Ты помніш, Лена,

Тое сена?..

х х х

Усё, што бывае,

Прыходзіць у свой час:

І не спяшаецца,

І не спазняецца,–

Бывае ў час якраз.

Усё, што прыходзіць,

Бывае толькі раз, –

І не пытае:

Ці засмучае,

Ці радуе нас.

Усё, што не прыходзіць,

Хітруе, бо не шкодзіць

На ўсё свой мець запас.

Усё, што не бывае,

Тым часам, і не знае,

Што ёсці і мы, і час…

НУ ШТО ЯШЧЭ?!.

Вам Бог Ягова Першасвет стварыў,

Хрыстос, сын Божы, вечна душы грэе,

Калумб закрытую Амерыку адкрыў… –

Ну што яшчэ вам трэба ад яўрэяў?!.

х х х

Акіян, вялікі сон планеты,

Памяць да-жыцця і абярог, –

Ці не сніў калісьці і мяне ты

Ў судны час маіх зямных дарог?

Акіян, вялікі жыццедайнік

Існаму ўсяму, што на зямлі

Веліччу асвечана астральнай,

Дзе і мы пасад свой набылі, –

Духу абсалютнага супернік,

Сцежку мне ці сцвердзіў з небыцця,

Ці жыцця салодкі міг, як пернік,

Даў, абы не плакала дзіця?..

Акіян, зямлі біякалыска,

Пераможца мёртвай нематы,

Зорную з зямлёю перапіску

Ці папраўдзе мне даверыў ты?

І ў якую з безлічы малекул

Ты праграму зорную занёс

Аднаму – з мільярдаў – чалавеку,

З кім спаткаўся на зямлі мой лёс?..

АПРАЎДАННЕ

Мне сказалі: а што з блакнотаў

Дні старыя выцягваеш ты?

Дні, як пні, – карчавання самота, –

Быццам ты ў тым часе застыў…

Ці ўжо што – спісаўся дарэшты,

Падмятаеш засекаў куткі?..

Ах, які, сапраўды, я грэшны,

Калі вам развязаць языкі…

Прыхавайце насмешак джала –

Ёсць і сёння радкоў спаўна.

Толькі ж вытрыманых – не заляжалых –

У віна гатункаў цана.

То й праверым: ці сонечнай моцы

Не растраціла ў сховах яно,

Ці дарэшты пайшло на воцат, –

Хоць надзея была на віно…

Б’ецца ў сэрца струмень старога, –

Як вясной з-пад снегу трава.

Ад няспелага ж, ад маладога,

Толькі й клёк, што баліць галава…

ДА САМАГА ДОНЦА…

Смакуй юнацтва гады

На зайздрасць каргі сустрэчнае,

А грошы лічы тады,

Калі лічыць ужо нечага…

ЯКІЯ ДНІ!..

Якія дні! Які – натхнёна –

Уславіць возьмецца пясняр:

Даўно прысмерклыя імёны

І дзён тых неадкупны дар?

Я не бяруся. Як і, зрэшты,

Не пхнуся ў плойму песняроў.

А памяць скардзіцца: “А дзе ж ты

Мяне схаваеш? – ці звядзеш ты

Ад тых нясплачаных дароў?

Ад летуценняў несмяротных,

Якім і Марксаў “Капітал”

Падасца сівізной дрымотнай

І ваш камп’ютарны партал…”

Я не хаваюся, і памяць

Я не намераны хаваць

У забыццё. Ды часу замець

Сноў не аматарка вяртаць.

З тым і пагодзімся. Квітнее

Ўсё недзе там, у тым краі,

Дзе надвячорак светла днее,

Бо сонца вечнае ў раі.

Было!.. Жыла тады ў нябёсах

Зямля, а неба – на зямлі…

Бог з намі бег па росах босы,

І мы анёламі былі.

Вясна, і райская наіўнасць,

І спакушэння адкрыццё,

І перад вечнасцю нявіннасць,

Што ўсе цяпер вы несяцё…

Дык што ж тады было? – спытацца

Вам не карціць?.. Магу сказаць:

Было тады нам па семнаццаць,

А зараз больш… разоў у пяць…

ПРА СЯБЕ, ЯК ПРА НАС…

АБЯРОГ –

замоўлены Фёдарам Піскуновым,

хімікам па адукацыі, аўтарам унікальнага

“Вялікага слоўніка беларускай мовы”

/першы том – 170 аркушаў/,

тытанічная праца над якім абарвалася

з жыццёвым шляхам даследчыка...

З душапрысутнасцю двух Максімаў:

Багдановіча і Гарэцкага…

Ёсць паміж нас праваслаўныя, ёсць і каталікі, але народ з нас адзін,бо ўва ўсіх адна гаворка, адны звычаі, адны песні, адна вопратка, адзін лад жыцця.

Беларусы! Мы – вялікі народ, нас дванаццаць мільёнаў, шырока раскінуліся мы і спрадвеку жывём тут. Гэта наш край, наша старонка…

…Агляніцеся: усё наша роднае, беларускае марнуецца, нішчыцца, знікае, бо яго забіваюць, яго прыглушаюць, ім пагарджаюць, а чужое пануе, пышаецца, мае сабе пашану і павагу. І – хто ведае?–быць можа, пройдзе колькі часу, і не пазнаем мы ані нашага краю, ані нашых дзяцей. І будзе скрозь усё чужое, нязвычнае, а свайго роднага – нічога.

Дык няхай жа не станецца так! Не пакінем свае гаворкі, сваіх песняў, сваіх звычаяў – свайго кроўнага, спрадвечнага, беларускага. Не адракомся, не забудзем, не кінем на глум; будзема шанаваць, бараніць, дзецям сваім аб тое запаведаць.

Максім Багдановіч.

Хто мы такія? /1914 ці 1915г./

Што там хавацца, будзем самі сабою, будзем самі здабываць сваё жыццё і долю … Мы самі творым жыццё, дык сорам нам звальваць, калі што не так, віну на ненармальнасць сучаснага сацыяльнага парадку…

Лявон Задума

ў аповесці Максіма Гарэцкага

“У чым яго крыўда?” /1925–1926гг./

Я МНОГАЕ ПЕРАДУМАЎ

За свой некароткі век:

Адкуль карэнні паглуму

Растуць твае, чалавек?

Не той чалавек, безаблічны,

Што ёсць і яго няма,

Не выкапень дагістарычны,

Што недзе ў вяках задрамаў.

Нават не той, з кім учора

Сяброўскую чарку дзяліў,

Хто сёння на свой /ці наш?/ сорам

Жыццё пусціў у разліў…

Ды і не той, безграхоўны,

Што ў бога сядзіць на гарбе

З уладнай цыдулай ахоўнай… –

Я пра сябе, пра сябе…

Я пра сябе, хто з усімі

Зліўся ў адзіны паток, –

Таму і крычу штосілы:

“З сябе пачынай, браток!..”

З сябе! – а як жа іначай, –

Каму даверыць свой кон?

То зараз давай і адзначым:

Разам ляцім пад адхон.

Я – гэта й ты. Адпаведна

Ты – гэта я. То й разваж,

Як нам не згінуць бясследна,

Не ператварыцца ў міраж.

Мы – і пайменна, і разам –

Мы, беларусы-браткі,

Мусім пытацца адказу

Ў саміх сябе праз вякі.

Жыў беларус на свеце,

Нябёс не дыміў дарма,

Меў свой надзел на планеце…–

І раптам – яго няма?!.

Боскае меў прызначэнне –

Ясна ж: не без мазалёў…

І раптам – самазнішчэнне…

Хто ж да яго давёў?

Сам сябе?.. Ёсць сумненне…

Згадаем: вялі каралі,

Цары – ды, нарэшце, Ленін…

Цяпер і не ўцяміш, калі

Дайшлі да бяздомнага бацькі,

Што робіць бяздомнымі й нас:

Змовішся, свет дагнаць каб, –

І адгукнецца калгас…

А з ім і чарка, і скварка,

І п’янка – як божы дар…

І божы дар – гаспадарка,

І божы дар – гаспадар…

І “дар”, і на ўцехі майстар –

Як венікам на палку.

А баек – паўнюткая кайстра:

Якраз нападоймы “саўку”…

Дальбог жа пашанцавала:

Гісторык “…а мудры” прыйшоў…–

Не той, якому Купала

Вітальныя словы знайшоў:

“Прыйдзе новы – а мудры – гісторык,

А ён прыйдзе – ужо ён ідзе …”

І прыйшоў… І не заўтра, а ўчора

Трактаваць нам пачаў на спадзеў…

Прыйшоў… І сказаў нам: “Здрасьце!

Што вы п’еце і што ясцё?

Я ваш грант і гарант на шчасце –

І цяпер, і на ўсё жыццё!..”

Не сказаў, на чыё толькі… Зрэшты,

У яго ж гістарычны маштаб.

І ў маштабах тых – пі і еж ты,

Ды зважай, не ўлішку хаця б…

Не трэба … ісці ў чужыя людзі, шукаючы глыбокіх і трывожных дум, чулага і хвалюючага пачуцця, душу радуючай красы. Не трэба, бо і ў саміх ёсць. Мала таго, самі яны могуць да нас звярнуцца, бо іншы раз таго, што маем мы, не знойдзецца ў іх…

…вось хаця б і нацыянальнае пачуццё; не звінелі, ды і не могуць зазвінець у расійцаў, напрыклад, яго струны так, як у нашай пісьменнасці. І ясным робіцца праз гэта, што не толькі нашаму народу, але і ўсясветнай культуры нясе яна свой дар.

Максім Багдановіч.

За тры гады / 1913г./

…а мы ўспамінаем вам па-людску, што мы – нешта асобна-самабытнае, што псіхіка наша не хоча нават і звацца псіхікай маскоўцаў, каторая ім незразумела…

Максім Гарэцкі.

Развагі і думкі /1914г./

ЯК ТАЎРО дакляруюць нам “чарку”,

З ёй і “скварку”, калі глынуў…

А наўслед учынілася й сварка:

Толькі “чарку”? – чаму адну?!.

Ну і тосты пайшлі ўсялякія…

І што тыя ж рускія мы,

Толькі са знакам якасці,

І што маем на Крэмль правы…

І што п’ём мы не горш за рускіх,

Ды мысу не лезем біць,

І нават на сцежцы вузкай

Гатовыя шлях уступіць…

Што мы – узор талерантнасці

/Лічы што амаль з халуёў/…

Забыўся гісторык пра ратныя

Змаганні супроць маскалёў…

Прыпомнім жа Воршу хоць трошкі:

Было! – як з гармат пірагоў

Падносіў маскоўцам Астрожскі, –

Не, нельга закрэсліць таго!..

Бо што ж – лёс у нас, як у жмудзі?!.

Дык там жа хоць сведчаць: “былі”…

А нас – як няма. І не будзе…

Паўстаньце ж, князі й каралі!..

Пасведчыце: Глеб з Усяславам,

І Вітаўт з Міндоўгам, – былі! –

Былі ў нас – і меч, і дзяржава, –

Як здаўна ў людзей на зямлі.

Нават і ты, Панятоўскі –

Апошні і князь і кароль –

Аблуднай знявазе маскоўскай

Па свеце гуляць не дазволь!..

Гісторыя – звяга такая,

Што факт не заўсёды ёсць факт,

Хоць іхнія і падпяваюць

Гісторыку нашаму ў такт.

Старых патуг не растрацілі –

Маршчыны разгладжвае прас, –

І ўжо не браты, а брація

Бярэ на ўгаворы нас.

Здаецца, што і ўгаварыла!.. –

Кадзі й фіміям куры!..

І сам Уладзімір з Кірылам

Падносяць святыя дары.

Сам Бог, нам кажуць, паклікаў

Нас у адну сям’ю, –

І прэзідэнт з уладыкам

Нам алілуя пяюць.

Крыж-накрыж нас ашчаперылі,

І ў звон праваслаўны Масква

Б’е, як і біла ў імперыі,

Што руская ў нас царква.

Святою прыкрыты мантыяй

“Газпрам” нам узводзіць храм,

А гэта ўжо значыць – гарантыя,

Што быць у імперыі нам!

Крамлёўскіх ідэй генератары

“Народ един” павучаць

Нас тужацца і ў куратары

Так пхнуцца, аж скуры сквірчаць…

А мы, каб нас дужа не краталі,

Куратараў глушым здаля:

А ў нас ёсць свае імператары! –

Вось толькі б дапяць да Крамля…

Не горшыя й мы інтэгратары –

Чакаем і мы свой час.

Прабачце, “отцы” і “fater”ы,

На гэта ёсць “бацька” і ў нас!..

Вось толькі з мовай запінка:

“Народ един” – а яна,

Як з “клюквою” журавінка, –

Ягадка з той жа кіслінкай,

Слынная – ды не адна!

Тут схібілі пэўным чынам

І козыраў не здабылі,

Што ў беларусы з ліцвінаў

Маскоўцы нас перавялі.

“МОСКОВСКАЯ” ў градусаў сорак –

Тут “пей по банку – не трусь!..”

“Бей” трэба? Змыліўся – не “спорю”…

“Пей банку”, калі не ў гуморы,

Тут выйгрыш: не толькі “грусть”–

Змывае “Московская” й сорам!..

А дзе ж ты, маскоўская Русь?..

Тут Кіеў!.. Тут Полацак, пэўна,

Нясуць першародства правы…

Хоць іншы ў нас корань крэўны,

Ды ў “русь” ахрысцілі нас вы…

Але ж не старэюць навіны:

І “белая” ўжо вам не ў нос,

І хтосьці ідэю падкінуў:

Хай будзе адно толькі: “рос”!..

Прыдумалі ж, Пане Ісусе,

Як нас пера-бела-русіць…

Няўжо, ты ім падказаў,

Хто сёння язык развязаў?..

Гісторыі нашай кастратары

Ўзнімаюць лозунг “Мачыць!”,

І самі сябе ў трыумфатары

Гатовыя ўжо залічыць…

КАЛІ НАША СЛОВА, і клопат, і боль

За Беларусь паўстаюць – ім не спіцца,

Грызе і точыць пытанне “Доколь

Они будут ныть и семьи сторониться?”…

Я іх разумею: сям’я ёсць сям’я, –

Святому сямейству сам Бог памагае.

Дык ёсць жа яна ў нас – сям’я. І свая.

Нам дадзена Богам. І нам дарагая.

Ці ж мы з вамі ў ладзе не згодныя жыць?

Прыходзьце і ў госці, калі запрашаем.

Хіба ж у нас вырак – ісці на нажы?

Хіба ж мы ў сям’і вашай мір парушаем?..

Дазвольце, братове, а хто ж вам сказаў,

Што я “анты-Пушкін” ці “анты-Чайкоўскі”?

А Глінка? Ды ён жа пупок завязаў

На нашай Смаленшчыне – не на Маскоўскай!

Ці той жа Грамыка, мудрэц-дыпламат,

Што воляю службы падаўся ў расейцы…

Я вам налічыў бы такіх – хоць не шмат,

Але дастаткова: у фонд “па капейцы”…

Шчадрыліся мы на такія дары –

Ніколі не мецілі ў скнары.

Але ж не з апошніх мы гаспадары

Спрадвек і на ўласных абшрах.

І покуль нас Бог не пакінуў,

Ліцвін застаецца ліцвінам!..

Адтуль ідуць карані –

Як лёс наш ні павярні…

КАЛІ Ж ХТО прынаду і ўгледзеў:

Ну, дужа ж прывабны наш край! –

То скажам купцам з падсуседзяў, –

На носе зарубяць няхай:

За “так” мы не прадаёмся

І “коштам” за ўвесь белы свет, –

Мы самі сабой застаёмся,

І ў тым наш ліцвінскі сакрэт.

Няважна, якое найменне

На шыльдах гісторыі мець, –

Галоўнае, каб прызначэнне

Боскае зразумець.

Тады і Бог не пакіне, –

Божа, адзіны ты ў нас:

Адзіныя ў Бозе з ліцвінам

І чукча, і папуас.

Але – усіх паасобку

Лічыць авечак пастух, –

Інакш не было б даробку

І дух бы ў хаосе патух.

Бог даў і пасад, і мовы

Не для раздзелу зямлі,

А каб, нібы ў царстве садовым,

Розныя кветкі цвілі.

Калі ж прыўладная заедзь

Зусім не ў той бок грабе,

І мове крылы звязалі, –

То, можа, пачнём з сябе?

Пачнём! – усё пачынаецца,

Калі дажджынкамі “я”

Ў магутнае “мы” зліваюцца –

Адзінствам: краіна – сям’я.

І супрацівам палітыцы

Мовазнішчальнай – няхай –

З кожнай сям’і па нітачцы –

Тчэцца сувой з краю ў край.

Я ж гавару вам: добра быць коласам; але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?

Максім Багдановіч. “Апокрыф” /1913 г. /

А народ мой – народ-паэт, народ-лірнік, народ, каторы ў гістарычным жыцці сваім заўсёды больш схіляўся к патрэбам душы, чымся к патрэбам цела…

Беларускі аўтар у драме Максіма Гарэцкага “Антон” /1914 г. /

ПАЧНЁМ ЖА з дробязі самай:

Хай дзеці ў вас прызвычаяцца

Замест “С добрым утром, мама”

Штодня гаварыць “Добрай раніцы”…

А потым – чым “калі ласка”

Горш за “пожалуйста” будзе?

А там – дзеля моўнай “закваскі”–

Прыдасца і “ліпень”, і “студзень”…

Ручнік, люстэрка, усмешка,

Кава, і часу – хвілінка,

Надвор’е, хмурынка, сцежка,

І парасон ды хусцінка…

О-о, толькі аднойчы пачніце –

Душа закрасуецца мовай,

І васілёчкамі ў жыце

Засвецяцца дзіўныя словы…

О васількі-васілёчкі,

Хто вас назваў пустазеллем, –

Неба блакітныя вочкі –

Хто вас ачужаземіў?

Хто вам сказаў, што ў полі

Вы са сваёй аздобай

Зелле, што й вочы коле

І хлебны псуе даробак?..

А-а, гэта, пэўна, той самы –

З нахіленай д’яблам натурай, –

Што пхнецца з сусветнай праграмай,

Як з пісанай торбаю дурань…

Напэўна, той жа “…а мудры”,

Што бэсціць “тутэйшую” мову,

І лексікон свой напудрыў

Адсеўкаў чужых паловай…

Бо – бедная мова наша:

Яго эпахальныя думы,

Што на вякі назапашваў,

Не можа выбавіць з тлуму.

Слоў, бачыце, не хапае,

Лексічныя лейцы аслаблі, –

Такі паліглотны Чапаеў –

“Трасянкай” сячэ, як шабляй…

О ВАСІЛЬКІ, паўтару – як урок –

Не я за паўтор вінаваты:

“Над брацкай магілай цвіце васілёк –

Вясёлае вока салдата…”

Я вас паўтараў і цяпер паўтару –

З блакіту – Вялюгіна словы, –

Вы сталі маімі ў ліхую пару,

Як вам адсякалі галовы…

Нібы васількам, пад крытычнай касой

Чынілі вам ганьбу і здзекі:

“Што ваша паэзія з вашай красой,

Этапнага штурму калекі?!.

Ад вас уваччу васільковы дым

І сверб безідэйнай каросты…

А трэба – уславіць геройства, і ўздым,

І наш пераможны поступ!..”

Ну што ж – няблага б ударыць у звон,

Калі б не адна замінка:

Можна ўслаўляць – на ўзлёт, на разгон,

А можна і на памінках…

Якая ж слава, крый божа, у нас,

Калі ўжо мова ў ляшчотках,

А з ёй і народны амаль пагас

Дух пры апецы пяшчотнай.

НЯЎЖО, я і ты – паасобку,

І разам, у еднасці, – мы! –

Дадзім, каб паставіў кропку

На будучым лёс наш нямы?

Як мова – да слова слова, –

Шыхты – плячо да пляча

Згуртуем, каб да Магілёва

Дзяўчынку ісці выручаць.

Дзяўчынку Ялінку… Як быццам

У нейкай пустыні – адна –

Па-беларуску вучыцца

Задумала раптам яна!

Адна – на шматтысячны горад,

Адна – на радзіме сваёй…

Ды школы – ты чуеш, гісторык?!. –

Пачуй! – не знайшлося ёй.

Ні школы, ні класа, ні групы –

Адна – на ўвесь Магілёў…

Народ, куды ж ты прытупаў?!.

Гісторык, куды ж ты завёў?..

Без мовы – няма народа, –

Не я гэта першы сказаў, –

А ў школе з бязмоўных усходаў

Расце грамадзян драбяза.

І што такому – Бярэсце,

Варшава ці Вашынгтон, –

Па свеце торбаю трэсці

Бяздушна коціцца ён…

Героем анты-раманаў,

Пакліканых косы кляпаць

Старыя з сучасным падманам, –

Адзін аднаго “падсякаць”…

Маўляў не ўсе тут падзеі

Прыдумаў аўтар, аднак

З рэальнымі супадзенні –

Чысты выпадак, – вось так!..

Галёкнуў з кустоў – і ў балота,

Па-партызанску амаль:

Вам лапці – нам дзедавы боты,

Яшчэ й за геройства – медаль.

А дзед застаецца дзедам:

Днём – вораг, а ўночы – свае.

І хто з іх галоўны не ведаў:

Бяруць – і дзед аддае…

Не ведае, дзе ён і хто ён:

Ці дома, а ці ў гасцях

Няпрошаных…

Слова святое

Змушаюць скакаць на касцях…

Прабач жа нам, роднае слова…

З легендаў і казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,

З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлівых крыніц,

З птушынага шчэбету, шуму дубровы,

І з гора, і з радасці, і з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святыні народа, бяссмерця яго, –

Ты выткана, дзіўная родная мова…

Словы гэты Максіму Танку

Нашаптаў, натхнёна, сам Бог:

Каб з нас кожны – ад калыханкі –

Паўтараць, як малітву, мог…

Народ пранясе цябе, родная мова,

Святлом незгасальным у сэрцы сваім

Праз цемру і годы змаганняў суровых…

І сёння, калі перад лёсам стаім, –

Я тасама, таксама – малюся

І прашу: памажы нам, Бог…

Слова маці – душа Беларусі,

Наша існасць і наш абярог…

ПАГЛЯД

Пагляд, як гранёны алмаз, –

Адкуль ты, і хто ты такая,

І што безнадзейна між нас –

Ахвяру ці Бога? – шукаеш?..

ВОСЬ І ЗНАЙ…

Гэта ж трэба! – прысніцца:

І вясна, і світанкі, –

Як з-пад снегу брусніцы,

Як азон з-пад маланкі… –

Вось і знай: весяліцца

Ці маркоціцца з ранку…

2013

ВЫ САБЕ, А МЫ САБЕ…

Дарослая лічылка

Ну і праца! – патрэбны адсотак

Галасоў – паспрабуй налічы!..

А з-за спін цікуюць употай

Назіральнікі, як сычы…

Але мы сабе лічым і лічым –

Ды й падводзім лік акурат,

Каб патрапіць у лад з магічным

Словам-вывертам “электарат”.

“CONCERTO”

Аглушаны віскам, сяджу “на канцэрце”,

Трываю, бо трэба ж пазнаць, што па чым,

Якія тут хціва балююць шоў-чэрці:

Вам, лохі, – вар’яцтва, а д’яблу – харчы…

Талковыя хлопцы – не скажаш нічога, –

Па-бартару творыцца творчы абмен,

Дзе ў штаце нячысцік паводзіцца богам:

“Вы – “money”, а мы вам і “woman” і “man”!..

І вось – выгаляюцца, скачуць пракуды,

І ў мікрафоны абрушваюць шквал, –

Свае, дамарослыя, тут і прыблуды:

Хоць голасу – нуль, ды з вантробаў – “метал”…

А пэўна ж, калісьці ўсе дзеткі, як кветкі,

Бацькоў весялілі, па-райску цвілі, –

Адкуль жа напаў на вас вымарак гэткі,

Каму прыгажосць вы ў арэнду здалі?!.

Гляджу, як краса выдыгае аблудна,

Не знаю, ці знойдзіце згоду са мной, –

І ўсё ж – прыгажосці не лішне быць мудрай.

Альбо – хоць бы трошачкі – не дурной…

х х х

Выбар вялікі,

А пэўнасць адна, –

Тут не разлікам

Шана і цана,

Тут сэрцу мерак

Не дадзена знаць:

Богу – верыць,

Жанчыну – кахаць!..

х х х

Калі зямны – жывы – стаю

З жывымі поруч,

Сваё натхненне аддаю

Таемным зорам.

Блукаю ў вышыні начной,

І спяць турботы:

А як жа там яно са мной

Ўсё будзе потым?

І што мне зоры, што мне свет,

Дзе вас не стане, –

З прысудам: вечнасці сакрэт

І – невяртанне…

Якую ж радасць мець, калі

З тым зорным небам

Чужым зраблюся на зямлі

І непатрэбным?!.

НАРОДЗЕ МОЙ…

Яшчэ не ўсе адмёрлі карані,

Тысячагоддзяў не засохла крона, –

Народзе мой, з дарогі не звярні –

Ты сам сабе і шлях, і абарона.

Яшчэ душу тваю не скрыўдзіў Бог, –

Ты толькі сам сябе не адцурайся,

Не вер таму, хто гне ў барані рог

Цябе ў абдоймах абяцанняў райскіх.

Нязломны будзь – і станам, і душой,

Кроч вертыкальна – не па “вертыкалі”,

З якой выпростваюць цябе ў прыўладным “шоў” –

Глядзі, каб і цяпер не ашукалі…

Народзе мой, абмануты не раз,

Не дай сябе расцерушыць дарэшты…–

Інакш дзяцей – заслужыш гэткі час –

І на памінкі нават не збярэш ты…

ПЕРАД НОЧЧУ…

Ля кармушкі чубяцца сініцы,

Дзелячы сланечніка дары.

А яна – нібы чаго баіцца, –

Як чужая на маім двары.

Села збоку па-сіроцку сціпла

Сіняю пушынкай без вагі, –

З бояззю, што вецер дзьмухне сіпла

І раптоўна вымеце з чаргі…

Зябка натапырыла пярынкі, –

Пэўна, не здаровіцца ўсур’ёз?

Ці хавае пад крылом цяплінкі,

Каб цішком не выхапіў мароз?..

А прыдбала зернейка нарэшце –

Зноўку прымасцілася наўзбоч, –

Як сказала: “Вы дасхочу ешце, –

Мне ж даволі й гэтага на ноч…”

Вось, здаецца, і душу сагрэла,

Дзюбачкаю сытна павяла.

А пасля крыху сняжку паела –

Як жывой вадзіцы папіла…

ЧАС І МЫ

Час – мінулага памяць і тло,

Час – дзён існых двайнік пакутны,

А таго, што яшчэ не было,

Час не знае – ён там адсутны…

НА ПЕЧЫ

Іскрынка маленства

На гарачую чарэнь

Кінута ватоўка, –

Наблукалася за дзень

Ты са мной, сяброўка.

Хоць і страшыла зіма –

Мы не замярзалі!

Целагрэйка! – нездарма

Так цябе назвалі.

Грэла ты ў мароз круты

Грудзі мне і плечы,

А цяпер пагрэйся ты

І сама на печы…

Светлы месяц з-за вакон

Пазірае зябка…

Падпаўзае ціха сон

На каціных лапках…

ШКАДАВАННЕ

Замест пісьма

Узнацкая школа драўляная,

Дзе сямігодку канчаў,–

Памяці ныючай ранаю

Трывожыць сон па начах.

Будзіць, – а не паклікала

Ў госці ні разу мяне, –

Ну хоць бы ў свята вялікае…

Дык жа й тады абміне…

І прамаўчыць, як заўжды.

Быццам стаў якім

Я непатрэбнікам…Толькі яно,

Можа, зусім і не дзіўна:

Настаўнікі

Іншыя ў класах даўно…

А пра дзяцей – што й казаць: пакаленні

Тут адшумелі сваё…

Так яно так, – ды адчужанасць ценем

Легла на сэрца маё.

І што замецены сцежкі парошаю,

Можа й мая ёсць правіна… Аднак

Як жа я раптам на ганку – няпрошаны –

Стану: ці свой, ці чужак?..

Школа мая драўляная, –

Неадступна стаіш уваччу…

Прабач, а прыеду – хоць і нязваны я:

Можа й гукала, ды я не пачуў?..

КАЛІ СПЫТАЕ…

Калі ўжо часіна падступіць,

Спытае – не без прычын:

Ці не даволі ўжо тупаць,

Ці не пара на спачын?.. –

Вось так – як за горла возьме…

І што мне ёй адказаць?..

А я ўсе рэзоны – вобзем!

А я пачну ўспамінаць…

І ўспомню я хату над Начай,

І маму – сонейка ў ёй,

З якой і смяюся, і плачу –

З дзіцячай планідай маёй…

І сенажаць, дзе з касою

За татам пракос вяду…

І сад з салаўінай вясною,

Куды на спатканне іду…

І сцежку, дзе хлопчык босы

Збівае вясёлку расы, –

І бачу праз срэбны той россып,

Што гэта не я ўжо, а сын…

Успомню, як праўдзіў дамовы

Крылом цецярук-такавік…

І неруш пад лапкай яловай:

Як ёсць ягамосць – баравік!..

Успомню жытнёвы вечар

І голас, што “жаць пара!..”

І ветрык, што шэпча аб вечным –

І полю, і хлебным дарам…

І месяц над полем поўняй,

І зор незлічоную раць... –

Успомню, успомню, успомню...

І – не захачу паміраць!..

СТАРОГА ПАРКА ЖЫХАРЫ

У атачэнні ліп і клёнаў,

Пад іх наглядам векавым

Дрэў маладых квітнеюць кроны,

На завязь песцячы правы.

Ланіты раніцы абвеяў

Галінкай яблыневай сад,

Як у руцэ паненкі веер

Пад сонцам трыста год назад.

І тым, хто сёння маладзее,

І тым, з вякамі на кары, –

Усім вясну пароўну дзеляць

Старога парка жыхары…

ШЧОДРЫ ВЕЧАР

Крыўды й скрухі ўсе далечваем –

П’ём свянцоную ваду…

Сам мароз са шчодрым вечарам

Мяне ўподручкі вядуць.

Не таму, што дол хістаецца

Ці гайдае землятрус, –

Проста сёння пабраталіся

Мы ў траісты наш саюз!

І святкуем. Як і трэба,

Шчодры стол сям’ю сабраў.

Маем хлеб, і ёсць да хлеба:

На стале – дванаццаць страў.

Каўбаса і паляндвіца,

У мачанцы блін плыве,

Бульба параю дыміцца –

Ну а як жа без яе?!.

Страў дванаццаць – то й дарэчы

Тройчы келіх празвінеў:

За мароз, за шчодры вечар,

Ну й, між іншым, за мяне…

Вось і выйшлі, – прагуляцца,

Зоркі ў небе палічыць.

Самы раз паразмаўляць нам –

Ёсць нагода, ёсць аб чым…

Усясветныя размоўнікі

Ў сэрцы тояцца маім.

І цікуе месяц поўненькі:

А ці цвёрда мы стаім?..

ПРЫЯМІНА

Залесны паўстанак Прыяміна

Вяскоўцаў у свет выпраўляў.

Яго па-дзіцячы з ямаю

Я ў даўнім калісьці раўняў.

Здавалася: вось ад’язджаюць –

І нельга вярнуцца назад,

Бо ўсіх там у яму саджаюць,

Каго павыманьвалі з хат…

А “яма”, як потым дазнаўся,

Зусім і не “яма”, а “ям”, –

Паштовы так стан называўся –

Як рэха з татаршчыны нам.

Татарскае слова падкінуў

Нам фурман – і ўзяў на пастой:

Пры яме – часовы прыпынак

На доўгай дарозе ямской…

Прыяміна, – служба па часе

Прыямная перайшла

Чыгунцы. А нам засталася

Ўсё тая ж дарога з сяла…

Праз лес, праз балотныя нетры

Вясной і зімой – след у след –

Тых дваццаць ішлі кіламетраў,

Каб з’ехаць з Прыяміна ў свет.

Аднойчы завейным тым следам

Гукнуў і мяне паравоз…

І еду, і еду, і еду –

Нібы даганяю свой лёс…

Навек і мяне заманіла

Прыяміна ў пастку сваю…

І еду – і, як над магілай,

Над ямай той, грэшны, стаю…

НА ЎСЕ ЧАСЫ…

У кожнай усмешцы, у дотыку рук,

У слове з пяшчотай каханаю,

У ранку, дзе песню ўзвышае жаўрук,

І ў ночы з душой неабманнаю;

У кожнай сцяжынцы з надзеяй дарог,

У светлай крынічцы прыветлівай,

У божай кароўцы, што кліча ў мурог

Коніка – свята адлетаваць;

У кожнай травінцы, у кроплі расы,

У першай дажджынцы гарэзлівай –

Са мной, без мяне – і на ўсе часы:

І вечнасці дар, і паэзія…

ТРЭЦЯЯ СТРАФА

Як Ахматава вучыла,

Дзве страфы – і кропку стаў:

Лішніх слоў без дай прычыны

Верш сапраўдны не пластаў.

От і я даверыў мерцы

З той класічнае графы,

Ды бяда: таго, што ў сэрцы,

Не ўмяшчаюць дзве страфы!..

Ну, газелі там, ну, “хокі”…

Дык і я ж прашу крыху –

Ды з падзякаю за ўрокі:

Дайце трэцюю страфу!..

КАЛЯДНАЕ

Калядныя сняжынкі

Калядную сцяжынку

Гайдаюць на арэлях.

Калядная нажыўка –

Калядная свяжынка –

Свіркоча на палэльні.

Дым з коміна ірвецца,

Не сцелецца, не гнецца, –

Марозік ніштаваты.

Печ вогенна смяецца

І кліча абагрэцца…

Дзень добры вам у хату!..

х х х

І што са мной адбываецца?

Часцей і часцей здараецца,

Што добрае забываецца,

А помніцца ўсё благое,

Нібыта ў выявах Гойі.

Звыш дадзенага не мудрэю,

І памяццю не хварэю, –

Адна толькі дробязь: старэю.

А гэта – а гэта і значыць,

Што час рабіць справаздачу.

ТОЛЬКІ МАЦІ…

Бег са свету,

бег здалёку і зблізку,

бег апрамець.

Нёс і смех свой і слёзы дахаты:

толькі маці магла зразумець,

дзе нявінны я і дзе вінаваты.

Больш няма куды бегчы,

няма да каго,

і няма тых вачэй,

каб пабачыцца, хто я: ці Авель, ці Каін.

Свет вялікі,

бясконцы,

без меж-берагоў,

а бягу да сябе –

ад сябе,

ад сябе ,

ад сябе –

уцякаю…

х х х

Ціхім воблакам, прымроеным воблікам,

Адлятаеш наяве, прылятаеш у сне…

Як і вершык вось гэты: адзіным асобнікам

Мае друк – па-сучаснаму: тыражы не ў цане.

Сказ за сказам – яднаюцца дзейнік з выказнікам,

Берагуць філалогіі красамоўства і чын.

Ды такія вось зараз выдавецкія казусы:

Толькі сам і чытайся – хоць крыкам крычы…

Ну а лепей маўчы – не пачуе ніхто цябе

Ўсёадно, – аблачынкай былое сплыло.

Дзейнік ёсць – нават мысліць сябе Арыстоцелем.

А выказнік? Маўчыць. Як яго й не было…

А выказнік – душы тваёй рэха знямелае –

Аблачынкай сплыло ў невыказнай журбе:

“Не цябе ён кахаў, – шэпча сэрца збалелае. –

А калі і любіў, – пэўна, толькі сябе…”

“ЛІТАВАННЕ”

Быў Галоўліт як маналіт

Ідэйнасці партыйнай,

Яе надзейны меч і шчыт –

І франтавы, і тыльны.

Было… Спытайся сёння ў вас:

Што ў слове тым за спратам? –

Пытаннем будзе і адказ:

–“Галоўны літаратар”?..

Што ж, так, па сутнасці, й было,

І абрэвіятура

Таіла ўладнае крыло

Для творчае натуры.

Каб хоць слаўцо надрукаваць –

Не ўдасца без пячаткі, –

А ў тым і сэнс: “залітаваць” –

Падчысціць, – для парадку.

Заўважыць, выкрасліць, стрымаць –

Сэнс службы адмысловы,

І “літаваць” – як лютаваць

Над думкаю і словам.

Не знала літасці, хоць спрэс

Маўчала “літаванне”:

Дзяржаўнай тайны інтарэс

Ахоўвала маўчаннем…

Было, было… Ды не сплыло:

Змяніла апранаху.

І тое трэцяе крыло

Махае тым жа махам.

Залезла цэнзара асцё

Ў рэдактарскія шлункі, –

А як іначай?! Як дасцё

Тварцам літнакірункі?

А горш яшчэ, калі падчас

Сам дзьмеш у дудку тую ж:

Бярэш цэнзурны ватэрпас –

І сам сябе “літуеш”…

х х х

Не, я не прымхлівы зусім,

І ў байкі верыць позна, –

Было ў жыцці нямала зім,

Адліжных і марозных…

Яшчэ гадок, яшчэ гадок, –

Нібы надозімкам лядок

Іскрыцца пад абцасам

Нямеранага часу.

І думка ў злагадзе з хадой

Ступае сцежкай крохкай…

Перад якой гэта бядой

Так дыхаецца лёгка?..

НАПЭЎНА, ЗНАЕ

Едзе, песні раздае

Паплавам і нівам,

Раздае, хоць не свае,

Раздае, – шчаслівы.

Нібы ўвесь аб’ехаў свет –

Весела спявае.

А ўсяго веласіпед

За машыну мае.

Ды яшчэ пятнаццаць год

У яго ў дадатак,

І разгон – нібы палёт,

Ну і сам – крылаты.

Вось і ўсё. Усё спаўна.

А чаму спявае? –

Ёсць дзяўчынка – і яна

Ўсё, напэўна, знае.

РАССТАННЕ

Сказала ціха: “Бог з табой…” –

І больш ні слова, больш нічога…

Як быццам смутак свой і боль

Перадала другому богу…

ЦЕНІ

Стомлена дзень карацее,

Спеламу сонцу наўпроч

Ніцма даўжэюць цені,

З лесу крадзецца ноч…

Спешнае ў ночы хаценне:

Грэшныя думкі сабраць

І перадаць летуценням…

Цені кладуцца спаць…

ПАМЕЖЖА

І сонца – колеру восені,

І клён – як жоўты маяк…

Дні кожны дзень пераносілі

Апазнавальны знак.

І ўжо на памежнай лініі

Вырай курлыча ў тузе,

І ўранку мяжуецца з інеем

Туман у надрэчнай лазе.

І ўжо засталіся ў замежжы

Маланкі, а з імі грамы,

І лістападу снежань

Дыктуе ўмовы зімы…

ПАРАТУНАК

І падказала, спаліўшы масты,

Апошняе пабрацімства:

Схавацца ў космас, як у кусты

Пакрыўджанага дзяцінства…

ДЗЕСЯТЫ

Успамін 1945-га года

З чорнага белым зрабіўся груган,

Крыві – на адзіны ўздых.

Дзевяць служак у смерці – дзевяць ран:

Тры – ад кулі і шэсць – нажавых.

А ён – дзесяты, – супроць дзевяці.

І свет бялее ўваччу, –

Гэта смерць гукае. І ён ляціць.

І першым пра гэта груган пачуў.

Ды раптам палёт абарваўся, як сон,

І ў цемені зноў апынуўся ён…

А хто пагукаў вярнуцца назад,

І дагэтуль не знае ссівелы салдат…

ЛАЦІНІСТЫ

Сёння я размаўляў на класічнай латыні,

Хоць калісьці блукаў па ёй, нібы ў пустыні.

І як ні стараўся прафесар Мельцар,

Праціраючы акуляраў лацінскія шкельцы, –

Хай сабе ў лаціністах быў ён сам бог,

А скарыць летапісцаў эпохі не мог, –

Гэта значыць, газетчыкаў заўтрашніх, нас,

Ды яшчэ і з амбіцыямі на Парнас.

Вучыў прафесар: “аква” – “вада”,

Каб мудрасць латыні з глыбінь перадаць, –

А ў нас толькі “ква” заставалася –

“А” безнадзейна гублялася…

І ўсё ж быў прафесар спагадлівы,

Жаданым “залікам” радаваў…

Па тых “заліках” сёння і я

Рачным паплавам раўня і радня:

Разам вясну сустракаем –

“Ква” і “а-ква” гукаем…

Нібыта слухаем песню з Ліннеем

І ад захаплення проста п’янеем.

Так-так: праз стагоддзі стаім з Ліннеем –

І салавеем з ім, і нямеем, –

Толькі і можам вымавіць “ква”

Замест класічнай лаціны: “а-ква”…

“Ведаеш, – кажа даследчык Лінней, –

Вашы пяюць за французскіх п’яней.

Пэўна, таму французы-гурманы

Іх і абралі для закусі п’янай…”

Што ж, я не супраць гурманскіх ухілаў,

Ды мне, як во зараз, і песні хапіла б…

І ўсё ж, каб французам не даў паблытаць,

Якія лапкі ідуць на спажытак,

Я патлумачыць Ліннею бяруся

Мець на ўвазе, што ў Беларусі

Жабы міжсобку розняцца.

Адны панура цвярозяцца:

Тыя, з падполля, – рапухі,

Лупата-бугрыстыя папаўзухі.

А лёгкія ў скоках – жабы, “лягушкі”,

Прыткія берагавушкі:

Хочаш купайся, хочаш нырай, –

“Аква” для іх – зямны акварай.

О: гэтыя лаціністкі,

Выдатніцы-мельцарысткі, –

“О-ква!” – супраць нашай спагады

І ёсць для французаў прынада…

Стаім на ўзбярэжжы з Ліннеем –

Французаў не разумеем! –

Ну як жа вы гэтак, ну, як жа, французы,

Каб гэткую песню за лапку ды ў пуза?..

“ПРАГУЛКА”: ПАЛЁТ

Рэха карціны Марка Шагала

Над Віцебскам, нібы пакровы, –

Сам Бог не можа аспрэчыць, –

Узносіць каханне Шагал.

Палёту сакрэт адмысловы:

Народнай трываласці плечы –

Праз тысячагоддзяў шквал.

Душа мастака на сховы

Бярэ непахіснасці вечнасць:

Для майстра – шкала са шкал.

Так дуб не ідзе на дровы:

Крышыцца цэгла ў печах,

Быццам быў слабы апал.

“ПАМЫЛКА ДРУКУ”

Чытаю на сябравай кнізе

Пазнаку: “Наклад 100 асобнікаў”…

Ды гэта ж прысуд, –

як Нямізе:

Схаваць!

Ручаінаю дробненькай

Загнаць пад зямлю, каб не бачылі –

Ні добрыя людзі, ні чорныя…

І кнігу –

нібы раскулачылі,

Як гаспадарніка ўзорнага.

І творца ж – не лыкам шыты:

Між самых слынных – дастойны, –

Бядняк…

А як дамавіта

Паэзіяй верш настоены!..

Ці ты, Беларусь, памылілася

Ў даверы друкарскім падсобнікам?..

Прызнай, што памылка ўчынілася:

Не “сто”, а “сто тысяч асобнікаў”!..

х х х

За славу душу не таптаў,

Паклоны не біў тузам

І з д’яблам не вёў перамовы,–

А што мне Бог нашаптаў,

Усё, што запомніў,– сказаў.

І не пачуеце больш – ні слова.

х х х

Я тую песню па каліўцу,

Як слёзы зязюля, збіраў.

Згубіў – дык няма чаго каяцца, –

Сам жа сябе пакараў.

Сам і яе ў беспрытульнасці

Кінуў па свеце блукаць…

Песня наноў не расчуліцца, –

Гэта як здраду гукаць…

х х х

З дня на дзень

Карацеюць,

Сціскаюцца тэрміны.

І што? –

Гэта ўжо собіць ім так тэрмінова?!.

Як і вершам:

Спачатку тоўпяцца чэргамі,

Потым:

Страфа –

Радок –

Слова –

Паўслова…

ЗНЯВЕРАНАСЦЬ

Звезда печальная, вечерняя звезда…

А.С.Пушкін

Абманы ў масках цыцэроніі,

Душа нямее ў клетцы птушкаю, –

Ні талісманаў, ні гармоніі…

Вазьму ды пачытаю Пушкіна…

х х х

Як развінае крылы дзень

І сонцу аддае валоду,

Ноч забірае зоркі ў цень –

І не пытае ў зорак згоды.

А ім хацелася б свяціць…

Ды знае сэнс зямля старая:

Каб зоркі ў небе блаславіць,

Натое, кажа, й ноч бывае.

ПЕРА- …

Пера-шчадрыць, пера-спяліць,

Пера-крычаць, пера-саліць,

Пера-маўчаць, пера-верыць,

Пера-хітрыць, пера-цвяліць,

З пустога ў парожняе пера-ліць…–

Без меры намеры ў тым “пера-“…

Калі ж яно троны пачне чапурыць –

Лічы, што клёку – хаўтуры:

Ці пера-дурнелы мудрэц мудрыць,

Ці пера-мудрэлы дурань…

х х х

Зямля – загадка, адгадка – неба.

А як злучыць іх, якой сустрэчай?..

Пакінь вымогі, сын чалавечы:

Каб уваскрэснуць, памерці трэба.

А БЫВАЛА…

А бывала, і ночкі мала.

Песня – птушкаю на плячы –

Ні хвілінкі на сон не ўступала…

Што ж цяпер – маўчыш і маўчыш?..

Не смяецца ноч і не плача,–

Як манашка, глухне ў мурах…

Голас мой, успеснены Начай,

Ты ў якіх патануў вірах?..

“УГА!”

Калі было чаго многа,

У нас казалі: “Уга!”

Калі не было нічога,

Сябе дакаралі: “Ага!..”

Ага, – даляжаўся на печы,

Ага, – ні кала, ні двара,

Ага, – і паснедаць нечым,

А ўжо і вячэраць пара…

“Ага” ды “ага” – гайнёю:

Ідуць наўпрасткі і ўкруга.

“Ага” ды “ага” – з сяўнёю:

Сажнеш, намалоціш, – уга!..

ВЕРТЫКАЛЬ

Закаваны ў кайданы арбіт,

Як у нерухомасці, Сусвет

Рухаецца – вечны маналіт, –

Так трымае Бог аўтарытэт.

Ну, накшталт, як во цяпер у нас,

Скажам па-зямному, “вертыкаль”:

Бог адзіны – ад імя ўсіх мас –

Правіць па-нябеснаму амаль.

З гэтым і зжываемся ўжо мы

І, крый бог, гатовыя паверыць:

Лом – ды вертыкальны! ды прамы! –

Пойдзе пад вянец любая “сфера”!..

А як паразважыць – акурат

Выйдзе ўсё зусім наадварот:

Што ёсць “вертыкальны апарат”,

Што сусветных сфер свабодны ход…

Вертыкаль: унізе ўсё маўчыць

Ці мычыць, калі няма надзеі,

Верх – як нізу добра, верашчыць

І якія зверху дабрадзеі…

Знакам: “хоры стройные светил” –

Лермантаў Сусвету лёт памеціў,

Дзе няма ні “за”, ні “супраціў”:

Еднасць, сэнс і лад – тварэння дзеці…

Гэтакая ў Бога вертыкаль…

От у нас – не гэткая, на жаль…

ІНТЭЛІГЕНТЫ

Інтэлігент з веку ў век грашыў:

Не ішоў з уладаю на барышы.

А наш безграхоўнік ад інтэлігенцыі

За таго вымольвае індульгенцыю.

х х х

Свечкі хрышчэнне,

Воску свячэнне –

І матылёк:

Сеў, аднакрылы, –

Знакам магілы

Сэрцы апёк.

Мілыя воблікі

Зніклі, як воблакі

Ў цемры начной.

Неба з зямлёю

Дзеляцца – двое –

Смерцю маёй…

ПАЦАЛУНАК

–Ну што ж ты ныеш:

“Як жыць? Як жыць?..” –

Рука на шыі

Пятлёй ляжыць. –

Жыццё блажыць? –

Так смерць спытала:

–Што, кепска стала?

Ад круп? Ад сала?..

Я так і знала!..

Меню

Мяняем, –

І вуснаў краем

Пацалавала.

ІНШЫ РАЗ…

Як усялякая крывая

Прамою іншы раз бывае,

Так і прамая іншы раз

Крывой абернецца для вас.

І вы тут рады на дасцё:

Здзіўляе іншы раз жыццё.

х х х

Лёс то прыціхне, то бунтуе,

А вось не скажа, што рыхтуе

Табе на кожную хвіліну.

Як у імя айца, і сына,

Й святога духа ні маліся –

Маўчанне: ня зямлі і ўвысях.

Не выдасць лёс загадку тую:

Дзе ён сур’ёзна, дзе жартуе…

БЯЗМОЎНАЕ

Тады б запознена

З душой віноўнаю

Я перад вечнасцю не стаяў,

Калі б бязмоўнае

Першым позіркам

Было прамоўлена:

“Кахаю…

Твая…”

У САМЫ ЧАС!..

Валеру Дубоўскаму,

вітаючы яго кнігу паэзіі “На пачатку маўчання”

Запознены кніжны дэбют –

Як скачок зацяжны з парашутам.

Тут сам і віноўнік, і суд,

І ўзважваеш тэрміны крута.

Ні борта няма, ні крыла,

Каб зашчап накінуць страхоўны, –

Яго, пэўна муза ўзяла

І выкрала хітра на сховы.

Тут вольная воля – ляці! –

Ніхто раскрыцця прымусова

Не гарантуе. Плаці

Жыццём за жыццё, а не словам!..

Дзе стропы, як строфы ў радок,

Адкрыюць той купал, не знаеш…

І вось ён! – нябесны уток

І ў лад з ім – аснова зямная.

Раскрылася кніга. Палёт

На тым аднак не супыніўся, –

Цуд боскі: маўчання лёд

Маўчаннем і растапіўся.

Раскрылася кніга якраз

Не позна – а ў самы час!

ЗЯМЛЯ І НЕБА

Зямля –

гэта: я, ты, ён, яны;

Неба –

гэта: мы.

СУПАКАЕННЕ

Сам Бог не знае, дзе ўскіпеў

Той гнеў, – з якіх ён светаў…

…Я ўсё, я ўсё перацярпеў,

Перацярплю і гэта…

ГУКАННЕ

Цябе, вясну, гукаў і клікаў,

І прымаўляў вяснянкай,

Хоць знаў: круг сонечны вялікі,

І ты ў ім – паланянка.

І сцежак не бывае звыклых –

Замоўлены вяртанні:

У мітульзе завейнай знікла –

Ні слёз, ні развітанняў.

Адно пакінула – вось гэты

Наказ – як падрахунак:

Вітаць паміж зімой і летам

Тваіх сябровак юных.

Абраў я волю – і няволю:

Замольваць час гуканнем,

Нібыта перапёлкай поле,

Як “жаць пара!” настане.

На ніве колас спелым плёнам

Свайго жніва чакае,

А я – я, марнасцю стамлёны,

Наўпроць зімы – гукаю…

Ды голас праляцеў над полем –

А рэхам не вяртаўся.

І ўжо не вернецца ніколі –

Жыць без мяне застаўся.

ТВАРЭННЕ

Хвалімся,

Прыходзім у захапленне,

Узносім самі сябе да нябёс:

Чалавек – вяршыня тварэння,

І не марна пакутваў за нас Хрыстос…

Баюся праслыць ератычным блюзнерам,

Перад імем Тварца саграшыць, –

О не, я зняважыць Яго намераў

І ў думках не маю.

А ўсё ж карціць на душы…

А можа, з чалавекам не так усё й гладка,–

І гэта ўсяго толькі першая творчая проба? –

Паглядзіць Усявышні:

Яно і някепска было для пачатку,

Але ж – і лепей, здаецца, магло быць? –

Жах! – і…

Ну што бывае ў такіх выпадках?..

Даруй мне, Божа, мае грахі…

ГЛЫБІНІ

Надзяліў Бог нябеснымі крыламі,

Каб у нетры зямныя ўглядзецца

Мог з вышыняў Радзім Гаўрылавіч –

Акадэмік з роду Гарэцкіх.

Хай гісторыкі звоняць шчытамі –

Ходзіць лёс яго ў іншых пастронках:

Ён зямлю, нібы кнігу, чытае –

Пласт за пластам гартае старонкі.

Чым багатыя нашы глыбіні,

Ён высвечвае, як на рэнтгене.

–Не! – такая зямля не згіне! –

Так сцвярджае Гарэцкіх Геній!

х х х

Трактуюць, што паэзія павінна,

І што паэт камусьці там даўжнік,

І рыфмы, як эпохі пілавінне:

З-пад цыркуляркі – на чыноўны ўлік.

Тракт цыркулярны мне недаспадобы.

Паэзія не наймітка, ды ёсць –

Ёсць слугаванне – найвышэйшай пробы:

Яна ва ўсім! і парз усё! – наскрозь!..

І гэта кожны знае па сабе.

Паэзія – у кожнага ў планідзе:

З адным у злагадзе, з другім у барацьбе

Жыццё тварыць – інакш яна не прыйдзе.

І ў гэтым сэнс – і для сябе й для свету:

Рабіць – і прыгажосці слугаваць.

Жыве паэзія – і не крычыць аб гэтым,

А слугаваць – як з Богам размаўляць.

УЗГОРКІ ЛЕДНІКОВЫЯ…

Дарога прагінаецца –

Бяжыць то ўверх, то ўніз,

То ўвіліста ўхіляецца –

Зусім як твой капрыз:

Якую ўзяць правізію

І кошыкі з сабой,

Як выйграць у дывізіі

Грыбной няроўны бой.

Ды клопат лёгкай хмаркаю

Развеяў гор абрыс –

Дарогаю швейцарскаю –

Палёт: то ўверх, то ўніз.

Матор грыбною зонаю

Наўскач ірве аброць.

–Зялёнае? –Зялёнае! –

Прыехалі, выходзь!..

О не-е – мы ў лысагорскае

Паселішча ў садах,

Дзе дождж у кронах порскае,

Цвікамі б’ецца ў дах…

А нам, дальбог, вось гэтае

І налюбкі якраз:

З грыбамі так адлетаваць,

Каб быў зіме запас.

Вязьмо баравіковае

І ў слоіках грузды…

Узгоркі ледніковыя,

Вы ў памяці, як дым…

Было… Грыбныя нерушы,

Цяпельца ля ракі,

Дзе нас, ужо цяперашніх,

Гукаюць грыбнікі.

Туды, туды ў былое,

Да нетраў баравых…

А тыя, тыя двое

Зусім не чуюць іх…

МЕЛІ- …

Крыгалом! Крыгалом! –

Гул стаяў над сялом:

Уздыхала па-весняму

Нача…

Ветралом, ветралом –

Напралом! Напралом! –

І над пусткай асушанай

Плача…

Рад-не-рад, рад-не-рад, –

Сам сабе супастат –

Нарабіў земляроб

На заробкі:

Ад ракі нацянькі

Збеглі прэч раўчукі –

Засталіся пясчаныя

Сопкі…

Мелі-

ярацыя:

Мелі –

і страцілі…

З’елі авацыі:

Мелія-

рацыя…

НА КРЫЖЫ…

Кожны крок

Зламысна-

пакутны,

Кожны дзень

На тваім крыжы…

Божа існы,

Божа адсутны,

Божа праведны, –

Дапамажы…

“ДАЛЬКАЖЫК” –

наватвор Леаніда Дранько-Майсюка

–Ало! Гэта паэзія?

–Так, гэта я.

–І я – гэта я…

–А я?

Што я жонка твая

Ці каханка,

Каб у поўнач будзіць?

–Дык да ранку

Рыфмы ўсе мае сон праглыне

І тады – будзі-не-будзі,

А ў прастоі творчым сядзі…

–А які ў гэтым клопат мне?!.

І замоўк, адключыўся “далькажык”…

Хоць бы гук…

Ты “далькажык” ці не?!.

Усміхнецца Дранько-Майсюк

І нічога не скажа…

х х х

Нары і труны –

знае дашчынка:

Не лепшыя спосабы

адпачынку…

ДАР

Жыцця няпрошаны дар –

Напой, завараны крута:

Мінулага весні нектар

І сённяшняя атрута…

ПРАДУКТ ЭПОХІ

Навагодняя сага

пра штодзённую смагу

Быў час, калі ў грузінскае віно

Са Сталіным мачыў свой вус Будзённы…

Быў час, які атаку нейтрыно

Змываў саракаградуснай казённай…

Быў час, калі дэнатурат ліхі

У мозг з пахмелля забіваў цвікі…

Быў і такі:

па імені “сухі”

Закон ён сплёў,

Каб нас

Схіліць на квас,–

Каб раз! –

І на вякі!..

Быў час,

калі падчас,

хоць ты й не рад,

А вольны вецер шастаў па кішэнях,

У трубку самагонны агрэгат

Трубіў усім вялікае зрушэнне…

Быў час…

І з часам тым

Мы й сёння дружым.

Жывём

І п’ём –

І я, і ты :

Жывём-не-тужым!..

Мы круг арцельны –

Не выпівохі!

Расцём у целе,

Мацнеем духам.

Да дна пацеем:

У куфаль –

Скруху!..

Зляцелі

Мухі,

Падохлі

Блохі…

А мы –

прымаем

Штодня патрохі…

І ўрэшце – маем

Прадукт эпохі!..

2014

х х х

Няўжо, няўжо ніхто нас не пачуе, –

Адыдзем з роднай мовай да дзядоў,

І толькі пералётна заначуе

Стамлёны птах над памяццю гадоў…

Інакш чаму ж у беларускім свеце

Не так,– не так, як у людзей, на жаль:

Мы прамаўляем словы, як на вецер, –

Нікому не патрэбныя. Амаль…

ХАЦЯ Б СНЯЖЫНКА…

Дзень і ноч, – хаця б адна сняжынка,

Студзень снежня гультаём заве.

Не зіма – а па зіме памінкі:

Чорны крэп на дрэвах і траве.

Дзень і ноч, – бясконцае змярканне

Доўжыцца – і ў сэрцы, і ў акне,

І снягоў вялікіх калыханне

Мроіцца, нібы ў забытым сне…

ЧАС І ПРАСТОРА…

Час і прастора… Вечнасці парог

Ці існасць не падлеглая смяротным?

Час і прастора… Даў жыццё ім Бог

Ці чалавек прыдумаў беспалётны?...

Час і прастора… Будуць, ёсць, былі…

Угрунтавана ўсё як і належыць…

А як спытаць у вечнасці: “калі?”

А як дарогі мерыць у бязмежжы?..

Час, – то скажы: калі і як узнік

Бясконцасці сусветаў абаронцам?

Прастора, – дзе пачатак, што адлік

Вёў ад нуля няіснага ў бясконцасць?

Аб тым я ў іх дапытваўся не раз –

Лічыў на пальцах: сёння-заўтра-ўчора…

Але – для Вечнага – які быць можа час?

Але – Бязмежнае – акрэсліць як прасторай?

Іх паасобку не шукай, – няма! –

Прастора не аддзельная ад часу.

Адзінства й супрацьлегласць… як турма,

Дзе я трываю тэрмін свой сам-насам…

Час і прастора… Як адолець іх –

Бяздушна-вечных і глуханямых?

Прастора часу ці прасторы час –

Як мы без іх і як яны без нас?...

Нарэшце, неадступнае, карціць

Яшчэ адно наіўнае пытанне:

Хто стрэлкі тыя і куды круціць

Пачне тады, калі мяне не стане?..

ДЗВЕ ПРОСЬБЫ

Дай народам, о Валадар

Усясветаў, з Боскай рукі

Векавечнага міру дар

І свабоду – на ўсе вякі.

Ну а нам, чалавекам, дай

Пекнату да жаночай красы,

Незахмараны небакрай

І каханне – на ўсе часы!..

ГРЫЗЬ

Колькі з лёсам ні спрачайся,

Колькі ні хітры –

А пытальнік пакручасты,

Нібы грызь, грызе знутры:

І з якога гэта часу,

І з якой такой пары

Не паэты, а начальства

Ў нас

Для мас

Правадыры?!.

ЗАКОН ПАЛЯВАННЯ

У паэтычных ловах

Вяпрук удачы адсочаны:

Левай рукой не ксціся,

Кульбітаў з ружжом не рабі, –

Калі за кожнае слова

Лёсам уласным не плочана,

Тады за сціло не бярыся

І ў рыфму тады не трубі!

АСТАТНЯЕ….

Даўно на завалы замкнёны той свет:

Вясна – за зімовымі кратамі.

“Васіль, ты вельмі добры паэт, –

Астатняе… паміж намі, дзяўчатамі…”

А што “паміж намі”, бабуля, скажы?

Скажы паўстагоддзя голасам, –

Прынесла яго ты з-за той мяжы,

Дзе грудок над паэзіяй горасны.

Грудок пясчаны, каб голас маўчаў,

У сэрцы – жывы – прысыпаны, –

Каб толькі ў снах маўкліва крычаў –

Недаступны змяінаму сыканню…

ВЯСЕЛЬНАЯ ПРАМОВА

дзядзькі і, па сумяшчальніцтве,

хроснага бацькі Змітры

На ўсе пытанні, што былі, і нібы

Былі маўчком, татусь мой адкасіў:

“Сам выбіраў – сам і жыві!..” – І выпіў!

І тым сказаў усё – і мне, і ўсім.

х х х

Як пабачыш, што робіцца ў нас

На зямлі /а яе я люблю!../ –

Дык ад сораму хочацца ўраз

Праваліцца скрозь гэту зямлю!..

“Ну і што?!. – голас джалам прарос. –

Будзе знак: вы ўжо й там пабылі…” –

І няўцям: быў той голас з нябёс

Ці адтуль вось – з-пад гэтай зямлі?..

НАКІД САМААБГАВОРА

Як ударыць у звон адыходную

Вецер бляхаю па страсе, –

Хто па мне жальбу ўсенародную

Без слязы тваёй панясе?

Хто запаліць свечку апошнюю,

Ды й ці зможа яна гарэць,

Прыгадаўшы хвіліну кожную,

Дзе не змог я цябе сагрэць…

Дзе квітненнем вясна агортвала,

Вецер памяць збівае з ног,

Залатою лістотай мёртваю

Ўсё засыпана, што не збярог.

Я сваю разумею з’едлівасць:

Да гіпербал паэт мастак, –

Апраўдацца б сяброўскай бяседаю,

Толькі ж тут яно так ды не так…

Тут не ў храм і не ў кушчы райскія,

Тут у самае пекла квіток, –

І няма чаго з небам раіцца,

На зямлі награшыўшы, браток…

Тут душою не пасваволішся –

Храм не цырк і алтар не манеж…

Знаць бы: ты за мяне ці памолішся?..

Што ж тады наўзамен?.. Праклянеш?..

ШЛЯХ

Колькі будзе ран незагойных,

Але шлях быў і ёсць адзіны, –

І –

Пагоня!

Пагоня!!.

Пагоня!!! –

Абмывайся слязамі, Радзіма…

У КАШУЛІ ІЛЬНЯНОЙ…

У кшулі ільняной

З халадком кужэльным, –

Дзе ты, дзень святочны мой

З полечным кружэннем?!.

Што з табою стала, лён?

Кожны год – няўроды…

І мяне ў шкляны нейлон

Апранула мода.

Так абшыла – б’е сувой

Іскрай з ног да шыі,

І ўключае лямант свой

Песенны глушыльнік…

Сцежкай шэрай сум брыдзе –

“Тэлікам” не грэбуй!..

І няўцям: ці ападзе

Ў лён блакітам неба…

У кашулі ільняной

Дзень той ночы сніцца…

А са мной… А што са мной? –

Колкая кастрыца…

Песня з крыўдай на мяне

Засталася ў полі.

Пагукаеш – абміне

І ўспамінам коле…

Лён мой, лён, ласкавы лён,

Залатая пасма…

Што ж ты змоўк, блакітны звон,

Песняю пагаслай?..

Лёгкіх бёрдаў не чутно,

Не прадуць кудзелю,

Не выносяць палатно

На расу адбельваць…

Толькі як жа мне забыць

Тое неба ў полі:

Вечна мама будзе шыць

Мне кашульку-лёлю…

Як жа з песні зняць ланцуг –

Небу памаліцца,

А ільну –даўгунцу

Нізка пакланіцца?..

У КАСМІЧНЫМ МІЖЗОР’І…

У касмічным міжзор’і –

Ні памежжаў, ні дат,

І ніхто не прыгорне

І не верне назад.

Ва ўсясветным рэжыме

Кропляй духу ляцім…

Для каго мы чужыя

І хто нам пабрацім –

Знаць-не-знаем, і, пэўна,

Знаць не дадзена нам, –

Бог зямную даў крэўнасць

Чалавечым сынам.

Што ж яе мы дратуем

Варажнечай і злом,

І суладнасць святую

Асуджаем на злом?..

Маем Боскую ласку,

То не здрадзім жыллю:

Неба – толькі падказка,

Каб не страціць зямлю.

Будзем шчыра маліцца

Свету, людзям, сябрам,

І маўклівай травінцы,

І шумлівым барам…

А ці песні, ці плач там –

Гэта нашы, яны:

Карабельная мачта

І сасна для труны…

ГРАМНІЦЫ

Прыгрэла сонейка, і ўраз

З прысадаў і з падстрэшкаў

Адсвяткаваць грамнічны час

Спяшаць – хто ўлёт, хто пешкі.

Бо знаюць: часу на сугрэў

Той дзень адводзіць вобмаль:

Яшчэ зімовы сон у дрэў,

Мароз яшчэ ў аглоблях –

Не распрагаецца зіма, –

Яшчэ апошні выезд

Узніме ў полі снег стайма

І ў сто вятроў завые…

Ды вераб’іны каляндар

Гульні той непадлеглы

І вераб’ям грамнічны дар

Не замяцеліць снегам!..

Свяці ж ім, сонейка, свяці, –

Сініцам, зелянушкам

І дубаносам адпусці

Праменьчык – на вяснушкі!..

Звініць капеж. А на вярбе

З цяжарам дум прарочых

Варона слых усім шкрабе,

Нібы прамовіць хоча:

–Не, не пракоўзацца кату

Туды, дзе на падталку

Змываюць з пер’я чарнату

Вадою снежнай галкі…

ПЕСНЯ

А ўсё здаецца, што зарана

Браць на пазыкі ў салаўя,

Што і свая не даспявана, –

Яшчэ свая… Яшчэ свая…

Здаецца, што й жыццё – як песня:

За рукі ўзяўшыся, ідуць.

І я для іх – вясёлы хрэснік:

Бяду любую развядуць…

Здаецца… Ды ўжо кон з пацехай

І мне, і песні ў твар глядзіць.

А шчасце… Шчасце – толькі рэха

Таго, што не павінна быць…

ПАДУМАЙ…

Як мне быць,

падумай сама:

ты ёсць –

а мяне няма…

ТАКСАМА…

“Смерці няма”, –

Сказаў аптыміст –

І памёр…

“Смерць ёсць”, –

Сказаў песіміст –

І… таксама памёр…

СЭНС

Хоць і добрыя маю намеры,

А да сэнсу дагрукацца ў дзверы –

Аніяк не магу.

Пэўна, сэнс ужо й сам паверыў,

Што гукаць да ўчарашняй вячэры,

Як скупому быць у даўгу.

Што жыццё ўжо, лічы, мінавала,

Сэнсу ж – кот наслязіў заняпалы…

Але сэнс таю ўсёадно:

Не пускаюць дзвярныя завалы?! –

Дык, нібы да каханай бывала:

Дабяруся і праз акно!..

х х х

Шляхоў і дат у зорак не пытайся.

І не спяшайся: жыццё само ідзе.

Яно тваё – і ў траце, і ў запасе,

І прыйдзе ў час, куды ідзе, – не падвядзе!..

х х х

Ці ты жыццём, ці ты смерцю наліты,–

Час, нібы яблык спакусы нашчадкам,

Час неадольны, час прагавіты:

Ні берагоў, ні канца, ні пачатку…

Знаю: не ўдасца тваю невымернасць

Мне прыручыць да імгнення зямнога,–

Ды развітацца з вясной, можа, вернеш

Дзень хоць адзін мой? Ці гэта замнога?!.

“НОЎ-ХАЎ” З ДЫЯГНОСТЫКІ

Развітальнай споведзі прынука

Не спяшае музе прыслужыць:

Ні радка, ні слова і ні гуку…

Добры знак! Ёсць шанс яшчэ пажыць!..

“АПШЧЭННЕ”

–Ну і красвордзік, ну й рулетка, блін:

Уліпнеш мігам, як пачнеш “апшчацца”:

То скажаш “Лю”, а йна зусім “Катрын”,

А ляпнеш “Сю” – “Кет” мусіць адгукацца!..

ЯК БЛАСЛАВЕННЕ МАЯ...

Продлись, продлись, очарованье...

Ф.Цютчаў

Адным крылом над крыжавой гарою,

Другое – доля знемагла зямная.

А ты ўсё тая ж – у вясновых строях,

Як блаславенне мая, маладая.

А ты ўсё тая – іншых не бывае

І быць не можа. Хай жыццё аспрэчвае

Свае правы – ды застаешся ў маі

Ты: непаўторная, адзіная і вечная.

ПЕРАД СУСВЕТАМ...

Адно, што – не-не! – не палохае неба,

а тайнай пакутнай

Вярэдзіць бязмежжа:

якая ў ім будзе прысутнасць мая

Ці адсутнасць?

Зямныя шляхі непазбежна

зліюцца ў сцяжынку –

Жывым падысці да грудка,

дзе я час адслужыў свой.

І як без мяне ён цяпер?

І куды ён скіруе

Ўсе думы мае?

Ці бяспамятна з імі памру я?

Таму як няўцямны дакор пытанні свае

шлю ў бясконцасць Сусвету:

Пясчынка, – ну што ж...

Але ўсё ж:

Ці я растваруся між зор,

ці згіну пры гэтым

Бязмэтна?.

х х х

А кожная вясна – як дзень апошні,

А кожны дзень – не ява, а ўспамін.

І ўжо для неба вольны ты ад пошлін,

І ўжо зямля маўчыць – “бывай, мой сын…”

“Бывай…” – і ўжо расклад сам Бог не можа

Змяніць, паслабіць, адмяніць… Аднак,

Хай зорнае цікуе раздарожжа,

А мне залёты космасу не ў знак.

А мне вясна як горкі дар зазімкаў,

Пярэдадзень зімовай нематы,

А кожная квяцінка – як слязінка

Аб тым, што будзе і не страціш ты.

х х х

Дзе травы яшчэ не пахілыя

І сняць паплавы сенакос,

Стракозы анёлакрылыя

Нябесняць люстраны плёс.

І позірк мой, нібы каменьчык,

Шпурнуты на ўлонне вады,

Скача, і кожны праменьчык

Ляціць светлячком праз гады.

І памяць, як гэтая роўнядзь,

Як гэта люстэрка, маўчыць.

Спыніся – і слухай бязмоўе:

То шэпча яно, то крычыць…

НЕ ТУДЫ…

Эпоха нас па лабірынтах водзіць,

І хтосьці нітку Арыядны ўкраў.

А з тупікоў з усіх бакоў свабодзе

Вястуюць шлях з прысмакам райскіх страў.

А той, хто ўкраў, сіпіць: “Канец блуканням!

Украдзеную нітку мы знайшлі!..”

Тады, напэўна, й зразумела стане,

Што выйшлі мы. І не туды прыйшлі…

х х х

Ніхто, ніхто тых песень не пачуе, –

Не хочуць слухаць, слухаць свет адвык.

А песня ў полі пад дажджом начуе,

А песню з хаты выгнаў дзікі крык…

Мне б іх сабраць, прыкрыць, як гусянятак

Калісьці прыкрываў сабою ў град…

Скажыце ж хоць, што я не вінаваты,

Бо песні не вяртаюцца назад.

А хеўра безгалосая папсуе

І глушыць дэцыбеламі зямлю.

Каму ж, каму ж вас, песні, панясу я

І да якой душы вас прыхілю…

Ніхто, ніхто тых песень не пачуе,

Я толькі ім рукой махну наўслед,

Сказаўшы горка: “Лепей памаўчу я,

Чым вас пускаць бяздомніцамі ў свет…”

ДЗВЕ ВЯСНЫ НА НЯМІЗЕ

Памяці Генадзя Бураўкіна

“Няміга, 21”…

Вясновы адрас юнацтва…

Зямныя шляхі адхадзіў –

Прыйшоў развітацца…

Паведаць штосьці сябрам –

А дом даўно зруйнаваны…

Няміга… Насупраць храм

З труною, вянкамі ўбранай…

Няўжо гэта ты, Генадзь,

Такі паважны, спакойны,–

Няжо нам не заспяваць

І чарку не ўзняць ніколі?

Як тое было, дзе вадзіў

Ты рэй інтэрнацкі вясновы:

“Няміга, 21” –

І майская просінь слова.

Няміга… Зноўку вясна,

І майская квецень бушуе.

А ты ўжо ў нябесных снах

І толькі малітву чуеш…

“Няміга, 21”, –

Шапчу я ў тон адпявання:

Паўстань з руінаў – прыйдзі

З сябрам на развітанне.

“Няміга, 21” –

На першым паверсе крама,

Другі, інтэрнацкі, глядзіць

На сціплыя прыступкі храма…

Цяпер па прыступках тых

Выносіцца дамавіна, –

Апошні Нямігі ўздых

У імя Айца і Сына…

Закончаны шлях крыжавы

Дарогай нябеснаю весняй, –

Вясна застаецца жывым:

Вясна яго вечнай песні.

ТРАЕЦКІЯ ДЗЯДЫ

Траецкія дзяды. Вячэрні збор.

Далёкія і блізкія патомкі,

Прыходзьце ўсе да нас. Да першых зор.

Да нашай Лысагорскай валатоўкі.

У нас тут квецень самая якраз –

Траецкая, – і кожная травінка

Набрацца сонца горнецца ў запас –

Патроіць тройчы на зіму жывінку.

Прызнаемся: “Не свойскі далягляд, –

Не заблукаліся б…” – была перасцярога.

Ды гэта для жывых тут сцежак шмат,

А як для душ – праменькая дарога.

Нас двое, вас нялічаныя цьмы, –

Прыходзьце, цемру скінуўшы густую.

Збірайцеся, усіх сустрэнем мы

І сціплаю вячэрай пачастуем.

І пагамонім на душэўны лад…

І, пэўна, што не выкліча нязгоду:

Да нас вам не вярнуцца ўжо назад,

А нам – да вас збірацца назаўсёды.

Мы скажам пра зямны нялёгкі час,

А вы нам раскажыце па-сакрэту,

Як недзе нараджаюцца без нас

І новыя сузор’і, і сусветы…

ВЯСНУ НЕ ПРЫДУМАЕШ…

Вясну не прыдумаеш у інтэрнэце, –

Каб раптам зямля апранулася ў квецень.

Вясну не прызначыш і не замовіш,

Вясну, як птушку ў сіло, не зловіш.

Яна прыходзіць толькі сама.

І праходзіць… Іншых няма.

х х х

Напрарочыў

супраць ночы –

Сон не ў сон:

З цемры вочы

пільна сочаць –

Як праклён.

Што за вочы,

знаюць ночы…

Сто прычын

Адшукаецца, каб збочыць,

А мільён –

каб не ўцячы…

А ХТО Б СКАЗАЎ…

А хто б сказаў: які б абрынуў

З душы сваёй ты груз цяжкі,

Калі б чырвоныя сцяжкі

/Нібы на ловах/ – успаміны –

Зрэдзьчас звальнялі ад правіны

Лічыць грахі, збываць грашкі…

Дык не – аблога! І ўсё тая:

Лаўцом сам за сабой сачу.

–Чаму маўчу? Чаму маўчу?.. –

Як двайніка сябе пытаю.

–На ўсё, на ўсё адказы маю,

Таму й адказваць не хачу.

АДНО ЎСЯГО СЛОВА...

Скажыце адно ўсяго слова

Ці нават паўслоўца –

Пасведчу: ці ты з Магілёва,

Ці недзе з-пад стоўбцаў…

Такая іскрынка ў тым гуку,

Пазнака такая,

Што шле ад дзядоў да ўнукаў

Пасланні вякамі.

То мовіць – нібы заспявае,

То ласкай сагрэе,

То мякка дыхне караваем,

То ў дзень звечарэе…

Ды больш таго: ці прыкмячалі? –

Як не – то заўважце,

Што голас свой ёсць і ў маўчання, –

Яно – як на варце.

Яно і даецца натое,

Каб меў абарону

Той гук, тое слова святое

Ад злосных праклёнаў.

І тоіцца тое маўчанне

Ў глыбінях сардэчных,

І чуецца ў светлым дыханні

Душы чалавечай.

Працяг непрамоўлены слова

І перасцярога…

Яно – як і слова : ад Бога.

А з Богам

Маўчанне і слова –

Прыкметаў маіх аснова:

З-пад Стоўбцаў ці з Магілёва, –

Для вас мой урок адмысловы:

Пра ўсё здагадацца з нічога.

СУЦЯШЭННЕ

Такое ў мяне суцяшэнне

/Жыццю – як фіга ў кішэні/:

“А што тут губляць? Вось памру –

І з будучым пагавару!...”

ПРОСЬБА

Зямныя грахоўныя крокі,

А тояць жаданне сваё:

О Божа, Божа высокі,

Пабачыць царства тваё.

Здагадку маю: пакутна

Людскія грахі лічыць.

Ды веру ў тваю прысутнасць

І ў волю – дапамагчы.

Даруй, калі дзе памылюся,

Ды лёгкіх шляхоў не масці.

Даруй – я пакутна вярнуся,

Каб шлях пакутны прайсці…

х х х

А ноч – як рэха дня –

Не спіць, бунтуе думы,

А мроі, сноў радня,

Шчадруюць свой ладунак.

І што прыносіць ён

І мэта ў тым якая:

Жыццё тваё – праклён,

Што ў марнасцях блукае,

Ці ты абраннік сфер

З аздобай чалавечай –

І ўчора, і цяпер,

І ў будучыні вечнай?

Тады чаму, скажы,

Такім даецца коштам

Выпадак гэты: жыць, –

Каму? калі? навошта?..

УДЗЯЧНАСЦЬ

О, якія былі галасістыя

Зіна з Кацяй, сёстры мае!..

Колькі, як на прычасці, я выстаяў

Перад песняй і тайнай яе…

Захінаўся паціху ў куточак –

І была малітва мая,

Каб нікому не трапіць на вочы,

Каб былі толькі песня і я.

Чым яна мяне чаравала,

Я не ведаў і ведаць не мог:

Ці гукаў мяне песняй Купала,

Ці наказваў штосьці сам Бог.

Быў у песні пачаткаў пачатак

Дзесьці побач, на ўскрайку сяла, –

Смутак быў аб няведамых стратах

І аб радасцях памяць была…

Не, таго не спазнаць дарослым,

Што спявала ў душы маёй,

Колькі зімаў і колькі вёснаў

Высявалася зорнай сяўнёй.

Як я ўдзячны вам, Зіна з Кацяй,

Што не здраджвалі вы вясне,

Што жыла з намі песня ў хаце

І праводзіла ў свет мяне…

АЛОВАК

Аловак, нібы паплавок:

Ці клюне, ці адкіне?

То раптам тарганецца ўбок,

То дасць нырца ў глыбіні.

А хто там – плотка ці акунь –

Мне абяцае ўдачу?.. –

І што мне ўрэшце, дзіваку, –

Сяджу вось і рыбачу…

А побач – не рагоча ледзь

Камп’ютар на ўвесь сервер

І ў сэнсы закідае сець,

Як акіянскі сейнер.

Канешне, гарантуе ўлоў –

Не тое, што з алоўкам:

Умомант з ім бы намалоў

Я вершаў… Ды нялоўка –

Нялоўка здраджваць сябруку –

Рыбачым з ім, не тужым:

Як блісне штосьці на кручку –

Во радуецца дружа!

Усё ў руку з ім, і ямчэй

Усякай ён прынады.

Што ж, тралам бы лавіць лягчэй,

Але ж – ці тая радасць?!.

ЛЕТА ДЗЯКУЕ СОНЦУ…

Спачатку пайшлі суніцы,

Гнуткія ў паясніцы,

За імі: “Выпростайце спіны!” –

Салодзяць вусны маліны,

А позіркам усявышнім

Завуць у нябёсы вішні…

А там падаспеюць чарніцы,

А іх падчырвоняць брусніцы…

О лета!..

Лета, поўнае соку –

Лета дзякуе сонцу.

НЯЗБЫТНАЕ

У плыні часу рыфматрантамі

Пляскоча Нобеля быстра, –

І паміраем намінантамі

Ў святога брамніка Пятра…

НАД РЭЧКАЮ МАЎЧАННЯ…

На ліпах жоўты ліст

Запальвае сігнальчыкі:

Зялёны вакаліз –

І сонечныя зайчыкі.

Без развітальных слоў

Гучыць вясны мелодыя,

А восень – без паслоў

Ідзе сваёй валодаю.

Ідзе крадком, цішком,

А мроіцца: гучанне

Ступае беражком

Над рэчкаю маўчання…

ВЕРЛІБР

Аднойчы на радыёзапісе

Ў мінскай студыі “Свабоды”

Міхась Скобла сказаў

Калі б я гэта значыць ён

Быў рэдактарам

То ў кожным нумары “Дзеяслова”

Друкаваў бы вершы Зуёнка

Дакладваю табе Міхась

Выходзіць за нумарам нумар

А ў рэдактарскай шуфлядзе

Ўсё чакаюць чаргі

Тыя вершы

Чакаю і я

Моўчкі

А можа і сапраўды

Трэба замаўчаць

Ці перайначвацца

І грукнуць апошняю рыфмай

“Каб даць фору –

Мяняй форму!”

Што і раблю

Нават звыш таго

Верлібр “голы”

Абтрос як асцё

Знакі прыпынку

НІБЫ Ў ХОВАНКІ ГУЛЯЕМ…

А здзіўляцца вам не раю:

І грыбы, і грыбнікі

Па сабе ўсё выбіраюць –

Хто дубняк, хто саснякі.

Так і ў нас: хаджу, таўкуся –

І ў абход, і напрасткі, –

Дзе ж грыбы мае? – злуюся,

Дзе вы, дзе, баравікі?!

Можна ж так і лес з прылессем,

Вас шукючы, прайсці.

А наўкол – як цуд, як песня –

Столькі зваблівых мясцін!

Ну, няўжо не даспадобы

Гэты верас вам і мох?

Ці ў вас густ які асобы,

Пра які я ўзнаць не змог?

Нібы ў хованкі гуляем:

Знойдзе хто ці ашукае?..

Толькі хто каго шукае?

Хто каго і дзе чакае?..

Ці на жарт крывое люстра

Нам падсунуў лесавік,

Каб дзе густа, а дзе пуста,

Зрок адводзіў баравік?..

Ну скажыце, дзе маглі б вы

Месца лепшае знайсці?

Хоць вазьмі ды замест грыба

Сам садзіся і расці!..

Як пачуў пра кут лацвейшы

І што я займу яго,

Раптам крыкнуў Цар Святлейшы –

Баравік: –Не дам свайго!

І адкуль ён толькі ўзяўся?

І са схованкі якой

На мяне паход узняўся

Ўсёй грыбною талакой?

От і дзякуй, абаронцы!

Падыходзь! На ўлік бяром!..

Меў мой кош пустое донца –

Зараз – поўны, з каптуром!..

ПАКЛІКАНЫЯ

Фуга Баха

І пуга Стаха...

Таму й паклікаў

Бог славу на двух:

Бах музыка,

А Стах пастух...

НЯБЕСНАЕ ЛЕТА

...зоркі Геркулеса...

Да іх ляціць наша сонца,

І нясецца за сонцам зямля...

Максім Багдановіч

Нябеснае лета шматзорнае,

Загадкі блуканяў начных,

І меч Геркулеса – паўтораны

Антычных шляхоў ускалых.

Сузор’е не з самых прыкметных,

А нам дарагое яно,

Бо першаю зорка ўсё лета

Да нас зазірала ў акно.

Ці наша з унукам абранніца,

Ці ў зоркі абраннікі мы,

А з намі ўсе ночы да раніцы

Яна ад вясны да зімы.

Святлінкаю ціхай і шчыраю

І мроі прыносіць, і сны,

Як песня, вярнуўшыся з выраю

На крылах шпачынай вясны.

І мудрую казку расказвае,

І велічнасць зорных былін

Даносіць, і тайны развязвае,

Калі з ёй адзін-на-адзін.

Адно толькі трэба даверыцца

Сусветнай яе глыбіні.

Насустрач адкрытаму сэрцу

Ляціць яна, – бачыш? – зірні!..

Даўно мы вось гэтак сябруем...

Ва ўнука ўжо свой інтарэс,

А я ўсё сустрэчы святкую

Штоночы з табой, Геркулес.

Табе мая ўдзячнасць зямная,

Што ў зорны бярэш мяне круг,–

Тым больш: наша зорка – двайная,

Пароўну з унукам на двух.

Прамудрасцю энцыклапедыі

Я досведны ўзброіў запас,

А так бы жылі і не ведалі,

Якая абранніца ў нас!..

Ды толькі штогод з катастрофай

Касмічнаю знаюся я,

Якую ўчыняю самохаць, –

І ў тым і бяда ўся мая.

Кватэра абжытай планетаю

Бяззорнае дорыць акно:

Нябеснае лета адлетаваў –

А ў горадзе зор не відно...

СУПАКАЕННЕ

Мне не сябе шкада – быў і няма,–

Якая справа і зямлі, і небу...

Што не зрабіў, даробіць смерць сама,

І адысці, дай Божа, не ганебна.

Мне вас шкада. Ды не ўпадайце ў транс, –

Я супакою ўсіх вас на расстанне:

Дыктуе небыццё ўзаемны шанс –

І вас не будзе, як мяне не стане...

FOR DOGS

Ваш кашалёк з мяне рагоча.

Плачу і плачу:

У вас і ў будзень абед святочны,

А мне хапіла на... сабачы...

КРЭСЛА

Крэсла ўладнае – магніт

І жыццё халяўнае:

Эрудыт – у крэдыт,

Невук – за наяўныя.

МІНУС 40 – ПА ЦЭЛЬСІЮ...

Зуб на зуб не трапляе,

Таньчаць змушана сківіцы... –

Ён не той вам, што ў маі

Марозам прыкінецца.

Награфіць сваё прозвішча

Ён на твары вам цэліцца:

Не мароз, а марозішча! –

Сорак з гакам па Цэльсію...

Дзякуй Богу, што гэткаму

Не шчадруе вакансіі:

Прарываецца зрэдку ён, –

Двойчы з ім сустракаўся я.

Першы раз, калі фінская

Нас вайна рыхтавала

Да вайны, што дзяцінства нам

Назаўжды абарвала.

А другі раз – на старасці

Меў я выклік палярны:

Наваліўся ён з ярасцю

На жывыя ахвяры.

Маё сэрца шкляное –

Злёту ўпала сінічка,

Верабей – той са мною

На суседства разлічваў...

Люта браўся марозішча –

Паспрабуй запярэчыць...

Колькі ж будзе пагроз яшчэ

Несці ён з халадэчай ?..

Знаю: будзе і трэцяя

Яго царства адмеціна –

Назаўсёды, навечна, –

Як закрыецца вечка...

Вось тады ўжо, зарання,

Птушкі, дрэвы і людзі,

З кім трываў ратаванне,

Я прашу ўсіх аб цудзе.

У смяротнай кашулі

Выглядаць буду молада , –

Аб жыцці не прашу я –

Уратуйце ад холаду...

АБМАНУЦЬ...

Свет абвесці ўвесь вакол пальца

Самым хітрым удасца наўрад.

Прастакоў паблізу шукайце, –

Найлягчэй, калі кум ён ці сват.

Лёгка сябра абвесці, суседа,

Можна й жонку, калі не ў цане:

Недаверу не будзе і следу,

То і поспех не абміне.

Ну а сам як? Дзе грым для самога,

Каб схаваць душы каламуць?

О-о, для іншых спосабаў многа, –

Паспрабуй сябе абмануць...

СНЕЖАНЬСКАЯ ФАНТАЗІЯ

Хвалі белыя ўзбушаваліся,

Коцяць снежны дзевяты вал.

Лістапад абувае валенкі,

Справы здаў – і хутчэй на вакзал!..

Снежань следам памахвае дуйкаю:

Да сустрэчы праз год, лістадзёр!..

Вось такую зіму прыдумаў я,

А таму – я паэт-фантазёр

І адно ў сакрэце трымаю:

Снежань сённяшні снегу не мае.

ПРА СЯБЕ...

Слова ратуй ад шматслоўнай імжы, –

Калі ж язык засвярбеў,

Праўду сабе самому скажы –

Пра сябе,

Пра сябе,

Пра сябе.

ЛІТАРАТУРА

Была б натура,

А літаратура

Заўжды прыходзіць,

Каб ёй нашкодзіць,

Каб крыжавому

Аддаць прысуду,

Каб па жывому –

На ўцеху люду,

Каб гаварэннем

Так перайначыць,

Што пры стварэнні

Сам Бог не бачыў...

ХАЙ ТАМ РАСЦЕ...

Шукаў Зюганаў

У нас заганы,

Шукаў Праханаў

У нас прафанаў, –

Ды не знайшлі.

З тым і пайшлі

Ў сваю Расею

“Вечнае” сеяць.

А нам прасцей:

Хай там расце!

ПЕРАД ЦУДАМ…

Быў – і больш не буду?

Як змірыцца з гэтым?..

Ці паверыць цуду

З паралельным светам?..

АД КОРАНЯ...

Ад кораня чыннага права

Не меў я , каб чын закілзаць:

Не меў належнай паставы,

Як мусіў мне крытык сказаць.

З выглёндам такім – пугу ў рукі

Ды статкам гайда кіраваць;

Калі ж не тупы да навукі,

То й вершык які зрыфмаваць...

Ну што ж, я ў прынцыпе згодны...

Адным тое мог апраўдаць:

Не з гэткага, пэўна, я роду,

Каб пыхай сябе надзімаць.

Яшчэ й падкажу дадаткова:

Каб крэсла чыноўнае мець,

Павінен чын адмысловы

Паставіць подпіс умець.

Ну так, каб было па-мастацку –

Такі “рукапісны Гамер”,

Шэдэўр на магіле брацкай

Усіх уладных папер.

А гэтаму трэба вучыцца,

Руку віртуозна набіць.

Мяне ж абышло тое – быццам

Планіда сказала: не быць!..

Не быць! – подпіс мой нехлямяжы

У факсіміле не звініць:

Прасцяк, – гляне кожны і скажа:

З такім у чыноўных не быць...

Бы крыжык у непісьменных:

Дзве літаркі – нельга прасцей...

Ды подпіс такі, несумненна,

Падробіць кожны круцель!..

Не быць мне міністрам фінансаў,

Тым болей – замежных спраў:

Не толькі паставы нюансы –

А й подпіс не распрацавў!..

х х х

Ну вось, здаецца, той – ён самы! – час гарачы,

І з дня на дзень вузее далягляд,

І засталося ўжо зусім-зусім не шмат:

Абгрунтаваць віну, падсумаваць няўдачы…

Было ўсяго!.. Было – не пералічыш,

Ды й сэнс які лічыць – нічога не вярнуць…

І ўсё ж прад вечнасцю па-добраму зірнуць

Сам на сваё стараешся аблічча.

Нарэшце, схамянешся неўспадзеў

І зразумееш: марныя старанні…

Жыццё мільгае, быццам на экране,

Ці ўжо амаль на Страшным тым Судзе…

х х х

Якую прышласць дні нясуць,

Адным начам толькі й знаць, –

Надзець акуляры і заснуць,

Каб той вердыкт прачытаць.

ЗІМОВАЕ РЭХА

Слова бяздумнай снежкай

Цаляе ў сэрца зімы,

І ў пушчу, цераз паплавы,

Туды, дзе зімуюць грамы,

Рэха завейнаю сцежкай

Коціцца без галавы.

КАЎЧЭГ

Хрост перад вечнасцю кладу,

Як перад аналоем.

Плыву, плыву ў патопе дум

Новапатопным Ноем.

А думы ўсё: жыцця каўчэг,

Куды мяне нясеш ты?

Які яшчэ, скажы, мне грэх

Пакінуў лёс на рэшту?..

Як абысці яго, калі

Наўкола столькі звабаў

На нашай сённяшняй зямлі, –

Не, гэта не для слабых…

Каўчэгу раб я ці ўладар?

Ці мы з ім знелюдзелі?

І што ратуем: боскі дар

Ці д’ябальскае зелле?..

ПАПРОК

АД СПАЗНАЎШАГА ІСЦНУ

ПАСТЭРНАКА

Славес натоўк,

а клёку – нерадзь,

Гатоў натоўп

крычаць “ату!”…

А што – нядужы

“впасть …как в ересь,

В неслыханную простоту”?..

СПЫТАЦЦА Б…

Вечна: зоры, сузор’і, сусветы.

Заўтра вечнае, вечнае ўчора.

А далей? Што далей за гэтым?

Зноў – сусветы, сузор’і, зоры?..

Вельмі просценькае пытанне:

Ну адкуль гэта ўсё ўзялося?

Бог стварыў? – хто спрачацца стане!..

Толькі д’ябал прэ без запросін:

“А бясконцасць? – якое ж тварэнне?!

Гэта ж нуль абсалютны, – ні-чо-га…”

Як жа й чым аспрэчыць глумленне? –

Мне б таксама спытацца ў Бога.

О нябога! –

Не бяры боскі груз на плечы, –

Бог і ёсць бясконцасць у вечным.

ЧАКАННЕ

Ідзе, ідзе навальніца!

Ноч закрывае паспешна

І форткі, і аканіцы –

А я пазіраю пацешна.

А мне адна насалода

Завабіць у хату стыхію,

Абвесніць імем прыроды

Жытла закуткі глухія.

Маланка падае строма,

Пакінуўшы ў небе цемень,

І ад удару грома

Трапеча фіранка ўсім целам.

Хутчэй, хутчэй, навальніца –

Ты ж бачыш, як душна, як цесна, –

Абмый і мяне, і дурніцу-

Душу вадою нябеснай.

ЗНАК

Яшчэ адно жыццё заямлена,

Падсумаваў рахункі жвір,

І крыж зямны – як знак не яўлены:

Анёл ці ў пекла канваір?..

ПРАДВЕСЦЕ

Цішыня маўчання зорнага,

Што ж ты сёння так гняцеш?

Бездань часу ілюзорная,

Дзе тваіх пытацца меж?

Знічка ніткай абрываецца

Ад касмічнага вузла, –

Недзе ў свеце нараджаецца

Вестка заўтрашняга зла…

2015

ДЗЕНЬ ЗА ДНЁМ…

І тая ж зямля пад нагамі,

І той жа, як быў, зеніт,

Ды ўжо дзень за днём вымагаюць

Браць звыштэрміновы крэдыт…

ГЭТАК І Ў НАС…

Як і вароне: дай крылы арліныя,

А не ўзляцець ёй вышэй за хлявы;

Як і шакалу: дай грыву ільвіную,

Ды не патрапіць шакалу ў ільвы;

Як і драчу: дай сады салаўіныя,

А драч будзе горлам драць паплавы, –

Гэтак і ў нас: лаўровай галінаю

Крылаў не ўзвысіш размах крыжавы;

Гэтак і ў нас: не заменіш чупрынаю

І не аздобіш пустой галавы;

Гэтак і ў нас: слоў залевай няспыннаю

На песенны дар не прыдбаеш правы…

РАЗНАРАДКА

Куды ні глянеш – людзі, людзі,

Куды ні глянеш – шэльмы, шэльмы,

Куды ні глянеш – б’юцца ў грудзі,

Што значыць: правільныя вельмі…

Янка Купала

Што было на прыцэле ў паэтаў,

З чым змагаліся, што пракліналі,

Зноў вылазіць з падвальнага свету,

Каб узвысіцца на п’едэстале.

Зноў грабе ненажэра-уласнік

Пад сябе з адгаворкаю – бізнес!..

І цікуе: з улову ці плясне

І яму што – чыноўны бамбіза…

Зноў мяжа: бядняк і эліта,

І няма на разборку Ісуса, –

Толькі свечкі ў руках прагавітых –

Апраўданне грахоў і спакуса.

І блукае Муза па выдмах

Слова- і слава-блуддзя пустога

З разнарадкаю: як бы выдаць

Ім “Вайну і мір”. І Талстога…

І маўчыць, як на сходзе калгасным,

Дзе актыў прамаўляе лозунгі:

Што “вайна” – дык яно быццам ясна,

А вось – “мір”?.. ды калі па-цвярозаму…

І ўяўляе, як “па” на пальчыках

Па-балетнаму, перад багамі

Барышоў, Караткевіч з Панчанкам

У шоў-бізнесе выдыгаюць…

Не, крый Божа!.. Ратуйцеся, людзі

/Ратаваліся ж “пры камунізме”!../:

І “Вайна і мір” – у аблудзе, –

Толькі вэрхал на песеннай трызне…

Дык давайце ж наіўнымі трошкі

Станем – праўдзе зірнём у вочы:

Пазарасталі сцежкі-дарожкі,

Дзе Муза хадзіла, ды мусіла збочыць…

СПРЭЧКА

Міколу Аўрамчыку –

у дзень 95-годдзя

Слова за словам,

радок за радком

сэрца маё

пакідаюць крадком.

І аб’яўляюцца:

яўныя, –

свавольныя

і самаўпраўныя.

Хацеў папрасіць іх

вярнуцца

ці хоць бы разок

азірнуцца, –

ды тое іх не кранае…

Тады наўздагон дакараю:

–Ды вы ж ніхто без мяне!..

Смяюцца:

–І так і не!..

–Вы ўсе з небыцця!.. –

Крычу ім. –

І вас да мяне – не было ж!..

Вы здань, –

паўтараю…

І чую:

–Мы знаем,

мы помнім –

і ўсё ж

тут лёс паўстае –

не міраж:

і мы не твае,

і ты ўжо не наш… –

Самоцяцца

і згараюць

рэхам

за небакраем…

БЕЗ МЯНЕ…

І развесніцца рунь маладая,

Песняй новаю загучыць,

А мая вясна прамаўчыць,

І ніхто пра яе не згадае…

ІНТЭРНАЦЫЯНАЛ

Галасы прагучалі:

Раейцы крычалі,

Немцы тупа вяшчалі,

Англічане мычалі,

Беларусы… маўчалі…

19 СТУДЗЕНЯ 2015

Вадохрышча

Ні сняжынкі

І ні травінкі:

Не зіма –

Па вясне памінкі…

НІХТО…

Не сумняваўся ніколі я:

Замест мяне на сугрэў

Кожны сто грамаў адолее, –

Ды замест – ніхто не памрэ.

Такая ў жыцця паласа:

Аднойчы – і толькі сам.

РАВЕСНІКІ

Днём смутак прадуць,

Як гуляе мяцеліца,

А ў спёку ідуць

Кваском абнядзеліцца.

Кавенькі рыпяць

Вянцом геаграфіі…

Начамі… не спяць –

Па ўласнаму графіку…

“ЛІСТЫ ДА ЗАПАТРАБАВАННЯ”

Томік вершаў Бураўкіна, –

А на сэрцы лядок,

І ўваччу з кволай траўкаю

Заінелы грудок.

Не паспеў укарэніцца

Шум магільнай травы, –

Як іскрынкі, з-пад крэмнію,

Слова позірк жывы,

Што было не дамоўлена,

З ім у вечнасць пайшло,

Што сяброўскай замолена

Ціхай згодай было.

Іншым разам, вядома,

Запярэчыць хачу…

Іншым разам… жывому…

А ўваччу, а ўваччу…

ЛІЧБЫ Ў РЭЖЫМЕ

Не, не віна ў тым арыфметыкі,

Што бэсціўся класічны лад,

Як ставіліся лічбы метамі

На дзеях д’ябальскіх улад.

І тое аддзяленне Трэцяе,

І гэты N-ны пададдзел –

Трагедый колькі засакрэцілі

Аб тых, хто знік, і хто сядзеў.

Злачынных лічбаў строй парадкавы

Спрадвек таемна службу нёс

І меўся ўсіх трымаць за кратамі,

Чый вольнадумствам лёс прарос.

І сейфамі нумераваліся

Да скону веку змагары,

І ў папках злых ператвараліся

Жывыя людзі ў нумары…

Кагорты лічбаў у рэжыме, –

Прагрэс шляхоў вам не скрывіў:

Для арыфметыкі чужыя,

Для службаў – дзеці па крыві.

Наробак вымярае колькасна

Сядзельцаў новых чарада…

Маўчаць завалы пратакольныя, –

Няўжо, да Страшнага суда?..

ЗБРОЯ

І шлях прыспешваў,

І час круты.

І лёс не цешыў –

Ды ўсё ж з сакрэтам

Ён даў мне зброю:

Не стаў я грэшным,

Не стаў святым,

Не стаў я гэтым,

Не стаў я тым –

Застаўся я самім сабою.

х х х

Асыпаецца маё неба,

Шэпча восеньскія псальмы:

Знаць і мне, як лістоце, трэба,

Што з зямлёй паяднаемся мы.

Ападае журба залатая

Як замова, як часу прысуд, –

Вольны вецер жыццё замятае,

Што давалася не лдя пакут…

Што давалася іменем веснім

І зарукаю радасці мне…

Што з мінулым ужо не ўваскрэсне

І што з будучыняй абміне…

Сустракай жа, прымі як сына,

Не адрынь мяне, маці-зямля, –

Я цябе для нябёс не пакіну,

Каб мяне ты гукала здаля.

Нам цяпер і адна дарога,

І не знаць, дзе пачатак, дзе скон:

Будзе доўгіх і цяжкіх многа

Для жыцця ў нас вякоў , – як дзён.

І нябесным пакорная снам –

Хай вечнасць зайздросціць нам!..

х х х

Усё, усё праміне,

Адно толькі тайна звязала:

Што знала ты пра мяне

І што не сказала…

ХТО ЗМЕРЫЦЬ?..

Душа ў бязмежжа зорнае імкнецца:

Ляціш, ляціш, ляціш… – а ўсё здаецца,

Што ні пачатку, ні канца няма…

Хто змерыць Космас? – толькі смерць сама.

х х х

Ноч, як вечнасць, забірае думы,

Паглынае клопатную сутнасць.

І ўжо лёс не тоіць больш бяду мне:

Я ўжо ёсць і ў той жа час – адсутны.

Хто і як мне адчыняе дзверы, –

І куды? – у край паўнюткі цудаў,

У якія раніца не верыць

І якія сам праз дзень забуду…

Тайнай адгароджаны ад свету, –

Хто ён, сон мой? Раніць ён ці лечыць?..

І ў каго спытацца: ці не гэта

Ўсё, мабыць, і ёсць падгляд у вечнасць?..

HOMO SAPIENS

Хто б яго паўтарыў? –

Вечнасць ломіць ілбы.

От жа цуд

Бог стварыў!..

Кім ён толькі ні быў:

Вызначальнік багоў,

Велічальнік багоў,

Выпрамляльнік багоў,

Вылічальнік багоў,

Тлумачальнік багоў,

Выпраўляльнік багоў,

Нізвяргальнік багоў,

Узнаўляльнік багоў,

Раздзяляльнік багоў,

Вызваляльнік багоў,

Вынішчальнік багоў,

Завяшчальнік багоў… –

А ўсяго?

А ўсяго:

Ці ён верыў ці не –

Бог

Пражыў без яго.

І – дальбог! –

Пражыве!..

НОЧ

Парадак і спакой.

Ноч – мёртвых і жывых –

Уладнаю рукой,

Без пільных вартавых, –

Усіх угаманіла:

Без цяжкіх сноў зямных

Спяць мёртвыя бяскрыла.

Жывыя – ложкаў жмых –

Ляцяць, як у магілах.

З МАЛІТВЫ

У вышынях блакіт нябесны

Вечнасць ціхай кранае рукой.

Супачынь сваім сэрцам балесным,

Спі, пакутніца… Вечны спакой…

ТРЭБА ЎЖО СЁННЯ…

Ну хто паніхіду закажа

На пахаванне эпохі,

Калі ў труну яна ляжа,

Сабраўшы парэшткаў крохі?

Калі на памінкі стагоддзяў –

Перад касою войстрай –

На раду: хто болей нашкодзіў? –

Збяруцца ўсе яе сёстры.

Якая мелодыя грымне,

Хто рэквіум гэтакі створыць

Самай на ліха нястрымнай

З усіх чалавечых гісторый.

І чым, і як славасловіць

Прэм’ерку ў крывавых скоках? –

Трэба ўжо сёння замовіць

Яе песнярам і прарокам…

х х х

Я ўсё падправіў бы ў прыродзе,

Паставіў бы ход сонца ў лад.

Ды зноў жа нехта хітра шкодзіць –

Маім задумам неўпапад.

Як быццам каляндар скарыцца

Асуджаны на трын-траву:

Садам з прадвесцем красавіцкім

Знячэўку – снег на галаву.

Зноў студзеня даўгі вяртае

Зімы банкрутная казна,

І зноў прылётны шпак пытае:

–Што ў вас тут – восень ці вясна?!.

КАЛІ НЕ ЎРАТАВАЎ…

А шпак прыляціць –

Ні бярозы, ні хаткі,

А песня карціць –

Ды не мае пачатку.

А вецер шукаць

Між аблок будзе крону, –

Хіба яму знаць

Аб смерці зялёнай?

А вечар ля пня

Будзе моўчкі таптацца:

З кім з горыччу дня

Пра мяне пашаптацца?

А мне гэты дзень

Хто з памяці здыме?

Ад полымя цень

Гайдаецца ў дыме.

Адпаўзае трава

Ад спякоты пагрознай:

Грэйся сам пры дравах,

Вытры дымныя слёзы,

Калі не ўратаваў

Ад суседа бярозу…

х х х

Не, не кожны між руін

Круг зямны звязаў,

Ды што жыў, як у раі,

Хоць бы хто сказаў.

І здаецца на жніўі

Лёсаў крыжавых,

Што няшчасных на зямлі

Болей, чым жывых…

НА СКРЫЖАВАННІ…

Просьба

На скрыжаванні чалавечых

Дарог, навалаў і магіл

Сваё мінулае згубіў

І існае не ўвекавечыў…

Тады хоць прышласць уратуй –

Шляхі нашчадкам не дратуй.

х х х

Ды й сам Бог ці скажа пра гэта

І ці знае: адкуль ён узрос,

Калі не было і Сусвету

І ці быў дасусветны хаос?..

РАДОК МЕТЭАЗВОДКІ

Хоць і ветрана, хоць і золка,

Ды надзей у зімы – ні на грош!

Хай сабе й ненадоўга, а ўсё ж –

Шуганула на небе вясёлка!

Дзень шаснаццаты красавіка,

Васемнаццаць-дзесяць “па-Мінску”:

Сем калёраў – вясёлыя рыскі –

Гучны выклік вясны мастакам.

Мне вясёлка вяснянкай гучыць,

Я нябесную госцю вітаю:

Гэта вырай мой прылятае –

І ў мяне ад вясны ёсць ключы!

ШКАДУЕ…

У спрэчках словы змагліся

За шлях, па якім не прайду я,

А хтосьці ў нязведаных высях

Па-брацку мяне шкадуе…

ЯК ВЯСНОЙ НАЗНАЧАНА…

Ці паверыце, ці не:

З небам я дамовіўся!

Ладам сёння ўсё ў мяне

І па-веснавому ўсё.

Ці то ў дзень, ці то ў начы

Ў добрай згодзе з Начаю

Ўся прырода правіць чын,

Як вясной назначана.

Бусел мерыць паплавы

Крокамі дзяржаўнымі.

Ап’янеў ад сінявы

Сейбіт песень – жаўранак.

З-пад вясёлае рукі

Пазірае сонейка,

Як цяцер цецерукі

Дзеляць у сасонніку.

Яблыня – царыца дрэў –

Квеціць наваколле ўсё.

Пасля сцюжы на сугрэў

Кот прычастаколіўся.

НАПАВЕР

А жыццё напавер

Да труны гарбаціцца:

Пасля скораму ў чацвер –

Посная пятніца…

ПАКЛОН ДАЖДЖУ

Паклон табе, майскі дожджык,

Ціхі і нехалодны, –

Можа, хоць ты паможаш

У нашай нядолі нязводнай.

Малюся тваім пасевам –

Знаю: яны ад Бога.

Ласкі тваёй пакрысе нам

Дай. І не трэба нічога!..

СЦЯЖОК ПЕРАСЦЯРОГІ

З якіх бакоў планету ні крані –

О, шмат яшчэ гісторыя абрыне!

Шукайце, расіяне, карані –

У Беларусі ці на Украіне.

Гемаглабін мангольскага ярма

Хай не муціць ваш дух крыві імперскай.

Не да глыбінь вякоў вас вёў Ярмак

І не з глыбіняў еднасці братэрскай.

Не там святая Русь, дзе вы прайшлі,

Не тое і вякоў наканаванне, –

Няўжо яшчэ адказу не знайшлі:

Не горнуцца ў саюзы на аркане.

Ці чуеце, як хтосьці па тайзе,

Пакоранай калісьці ермакамі,

Нібыта ў асацэ, хапком паўзе

Зуб навайстрыць свой аб уральскі камень?..

Не мы да вас, на послуг, а да нас

Гарніцеся, змяніце накірунак

І ўбачыце аднойчы, што якраз

Тут, у нізах палескіх, паратунак.

КАЛІ ПАСЛУХАЦЬ…

Калі я слухаю Дубаўца,

Так і карціць:

– Сяргей,

Давай адлікі пачнём не з канца,

Каб трапіць на апагей.

Давай, як той казаў, ад асноў:

Якіх нас займелі бацькі –

Узлётных, пры поўнай аправе, сыноў

І тых, хто ішоў нацянькі.

Без партлімузіна і без шашы,

А ўсё пехатой, чарнатропам…

Цябе калі-небудзь вецер глушыў

Завейных дарог у Еўропу?

А я прабіраўся праз дваццаць вёрст –

Зімой, цаліком, да чыгункі…

Вось тут і пастава – на поўны рост,

З марозам, што ўеўся ў шлункі.

Быў след па лясных сумётах, дзе звер

І той нібы ўплаў прабіраўся…

Ну як мне табе растлумачыць цяпер,

Адкуль хто без пыхі ўдаўся?

Каму і як дзяцінства дало:

Ці з кублаў заходніцкіх шынкі,

Ці з той паляны, дзе лета цвіло

Для нас праснаком з канюшыны?

Сушылі “мядункі”, сабраныя ў кош,

Каб мець той надзённы пануры…

Выходзілі ў свет басанож…

Але ўсё ж –

Давай аб літаратуры…

З таўром яе партбілет уручаў

Мне Дубавец /пэўна, знаеш такога?/, –

І ён нешта думаў, і я маўчаў,

Каб ты абазваўся літбогам.

Паводле паставы й мяне збракаваў –

І з гледзішча Вострай Брамы

Усім “недарэкам” дакляраваў

Да выпраўкі стройнай праграму.

Ну што ж, калісьці пра гэтае мне

І Анатоль Сідарэвіч

Даводзіў – наіўна, а можа і не? –

Што дзеці прыйшлі недарэмна.

Што выбух будзе – і ў прозе, і без…

Я дваццаць гадоў чакаю.

І проста аматарскі ўжо інтарэс

Забіў у вечнасць цвікамі.

А вечнасці ўсё не бачна ані

Ў крутых абяцаных творах…

І пояць тыя ўсё ж карані

Па-рознаму нас, як і ўчора.

Калі паслухаць – спадчыны кон

Бунтуе партыйнае зерне.

Такі парадак, такі закон:

Усё ўверх дном перавернем!

Што ж, з рэвалюцыяй – хай сабе й так:

Сыны – у бацькоў натурай.

А як далей? – дзе і я не прастак, –

Як яно – з літаратурай?..

22 ЧЭРВЕНЯ:

СЁННЯ, ТАДЫ, НАЗАЎСЁДЫ…

Вы не забыліся, што пачалося?..” –

пытанне з паэмы лёсу “Маўчанне травы”…

І ў ценях імглістых усход,

І сонца не бачна вячэрняга,–

Спраўляе дум умалот

Дваццаць другі дзень чэрвеня.

Праходзіць ён не па-летняму,

Зусім не так, як тады,

Калі цеплыня ў апраметную

Свае кіравала сляды.

Няма супадзення ў прыродзе,

Няма пастаянства акоў.

А памяць – нязменна прыходзіць

І за мяне й за бацькоў.

Калі было ўсё абманліва,

І знаць не зналі ні я,

Ні свет пра пакуты глабальныя, –

Такая была цішыня.

Быў з летнімі абавязкамі

Дзень, сённяшняму з радні,

Быў – сённяшняму падказкаю:

Не вер цішыні!..

ВЕСЕЛА!..

Мужчыны – без прычыны,

І бабанькі патроху, –

Вясёлая эпоха,

Эпоха-выпівоха!..

СОСНЫ

Гамоняць з ветрам сосны,

Майго юнацтва сёстры,

Аб днях, у вечнасць зніклых,

Калі я быў вялікі,

Стаяў між іх, сасёнак,

Што выраслі з пялёнак,

Ды ў кволым пакаленні

Былі мне па калені…

А сёння перад імі

Хто я – пры іх уздыме?!.

Бор неба падпірае,

Паглядам вымярае

Мяне: няўжо той самы? –

І з ветрам вытрасае

Мне юныя ўспаміны

І, пэўна, прыпасае

Сасну на дамавіну…

х х х

Якая вялікая радасць,

Якая была б неспадзеўка:

Парушыць сусветны парадак –

Фінал памяняць на запеўку.

Каб зноў усё тое спачатку,

Што йшчэ і пачатку не мае, –

І радасць – як сон, – без аглядкі!? –

Не знаю… Не знаю, не знаю…

ДЗВЕ ПРЫКАЗКІ

Быў голас, як з вуснаў Майдана…

Хіба пачыналася Русь з Масквы?

Адкуль той маскоўскі флюгер,

Што першародства вяшчуніць правы

З дамескам імперскай патугі?

Вякоў татара-мангольскі замес

Не гасне ў дзяжы славянскай:

Форма – ноў хаў, да бляску! – а змест –

З водарам выпечкі ханскай.

Спялілася семя не век і не два,

Пратручвалася ў пакаленнях…

Аднак Русь ёсць Русь. А Масква ёсць Масква –

Няма ні Дняпра, ні ў Дняпры Хрышчэння.

І першародства, ні даць ні ўзяць, –

Яно гісторыяй не прадаецца…

Тады ў першаўладцы сябе навязаць

Выйсце адзінае застаецца.

І перша-чыноўны ва ўсім і наскрозь,

І перша-саюзнік ратны,

І перша-сябра, і перша-госць,

І прша-крэўнік братні,

І перша-пакутнік за ягамосць,

І перша- ва ўсім астатнім…

Калі сядзіць у цябе на куце,

П’е за здароўе і хваліць стравы,

Дружбы густыя сеці пляце,

Каб слугавала ўпраўна .

Калі ж надарыцца быць бядзе,

Падказвае прыказка добрыя дзверы:

Язык да Кіева давядзе,

А вось Масква і слязам не паверыць…

N. B.*

Дзякуй табе, брацейка,

“Нелегал” ЛеГал,

Што правёў па зацемках, –

Вёў і не ілгаў;

Што да “Дзеяслова”

Подступы даваў:

Зерне ад паловы

Дбайна адвяваў…

Вось і да літоўцаў

Позірк мой вярнуў:

Учытаўся з толкам –

Не “перагарнуў”.

Да Літвы парнаскай

Запрашаеш ты:

Гінтарас Граяўскас –

Вершы – літ літы!

Радуеш яшчэ раз, –

Гэта выбар твой:

Зведаць, як Марчэнас

Зліўся ў верш з Літвой…

Сэнс не ў тым, хто першы, –

Знаеш добра й сам, –

Сэнс у тым, каб верш твой

Праўду выкрасаў.

Згоднае чытанне

Ў нас адно на двух.

Схібіць, хто не стане

Ў наш чытацкі круг!..

Знатны ў “Дзеяслова”

Аглядальнік ёсць, –

Знаць – хто выпадковы,

Хто жаданы госць.

–––––––––

*N. B. /лац./ – nota bene /нота бэнэ/ – “заўваж”, “звярні ўвагу”, – адзнака для чытача пэўнага тэксту.

АРГУМЕНТ

Да спрэчкі аб тым, дзе шукаць “Цэнтр Еўропы”

–І куды я залез?! –

Пытаецца бот мой атопак: –

Гэта ж не лес,

А натоўпы!

–І куды я зайшоў? –

Бота свайго

Паўтараю. –

Дзесяць кашоў

Аднаго

Грыба

Збіраюць!..

Там, дзе быў неруш,

Спрэс

Машыны патопам.

Цяпер і паверыш:

Наш лес –

Цэнтр Еўропы!

х х х

Паэзія?

Гэта хто?

/Хто – а не што!/

Гэта я –

Жыцця трагічным гарэзнікам.

Гэта я –

Астатняе ўсё за бартом.

Я п’ю –

Астатняе ўсё ў выцвярэзніку…

Паэзія?

Гэта не толькі я –

Гэта сусветная наша містэрыя.

Кожны з існых са мной на паях,

І кожны ў мяне ў падмастэр’ях.

Як свет ёсць свет,

Так кожны ў тым свеце паэт.

У тым, а не ў гэтым.

У гэтым: трымайся не стаць

У геніяў раць

Разменнай манетай.

“Не служывы

Ў свеце нажывы?!” –

Сумненнямі аблажылі…

І з каранямі вырвалі?..

А паэзія?!

Як зоры прываражылі:

Я з ёй – у выраі.

Паэзію

Бог у тварцы прыняў –

Зямное да неба выйсце нам.

Хто ў свеце ілжывым ёй раўня?

Толькі яна –

Ісціна.

СЦЯНА

Фарысеі! Замаўзалеена

Ўся гісторыя вамі ў труну.

Ад цара Майсея да Леніна

Вы ўзвялі вашай праўды сцяну.

Каб не мог мне аднойчы пабачыцца

Сэнс наіўны: “А што там за ёй?”,

Каб стаяла яна наглядчыцай

Паміж небам маім і зямлёй…

х х х

Ні паставы, ні верша,

Каб заззяць між людзей

/Рыфма й то замест “першы”

Ў галаву не ідзе/.

Шараговы, звычайны,

Жыў, як прадзед, сяўбой, –

Ні над кім не начальнік,

Толькі сам над сабой.

Ад таго, што пражыта,

Не сабраўся ўцякаць.

А пасеяўшы жыта,

Можна й смерці чакаць…

КАЛІ АПЫНЕШСЯ…

Калі апынешся ў свеце нязнаным,

Дзе ні кала ў цябе, ні двара,

Згадай квантэм, што прыдумаў Разанаў

І слыве ў ім за гаспадара!..

АБЫ…

Неўраджайная сёлета восень –

Ні на вершы, ні на грыбы…

Як злюбілася, так і жылося,

Як і ў лета: не ўповень, – абы…

Так, абы толькі б выжыць у спёку, –

Як адлець душы сухмень.

Ні дажджынкі, ні ласкі звысоку –

Толькі ў мроях нязбытнасці цень…

Нібы ўсё абяцалася марна

І не знала вясна сяўбы.

Ні дажджынкі…

І хмарна, хмарна…

І жывеш, як у доўг, на “абы”…

ЯК ПЛЮНУЦЬ…

Плюнуть, что ли, в Днепро,

может он вспять покатит…

Иосиф Бродский

“На независимисть Украины”.

Як плюнуць Бродскаму ў Дняпро,

Так Бахарэвічу Лупакам

Купалу абазваць, –

нутро

Сваё кляйміць бяздушша знакам…

ДВА СВЕТЫ…

Два светы для адной душы

Ўсявышні даў смяротным:

Жыццё і смерць, – як спарышы

Ў палёце незваротным…

НА РАЗВІТАННЕ…

Няма ні Ў Бібліі, ні ў Каране –

А мне адкрыўся апошні прасцяг:

Сказала душа мне на развітанне:

–Не бойся смерці, бойся жыцця…

х х х

Ёсць час і прастора –

Для нас, для смяротных.

А што ж застаецца для іх –

Для вечна жывых?

Ні заўтра, ні ўчора,

Ні сцежак зваротных…–

І хоць бы адзін ускалых,

Слязінка адна, як уздых…

АПТЫМІСТЫЧНАЕ

Паскрдзіцца нікому не змагу.

І што пабачу – не пачуюць людзі:

На чорны дзень я песню берагу,

А прыйдзе ён – ужо мяне не будзе…

ТОЙ ГОЛАС…

Асуджаны часам, замоўк безнадзейна,

Згубіўся той голас і рэха з імшар.

На песню на тую абдзелены дзень мой,

З кім золак будзіў і змярканне сцішаў.

Душу весяліў і вёў рэй ён на пашы –

Той голас, сатканы з бярозавых кос,

І службу без пугі мурожную нёс:

Адсталых збіраў і гукаў заблукаўшых.

Няўжо, ён ніколі не ўсхопіцца ранкам,

Навек заначуе?.. Праз ночы тугу,

Няўжо, не пачую трубу-берасцянку:

“Цясютка-мумутка…

Ту-гу-гу… Ту-гу-гу…” ?

х х х

У сэрцы кволіцца апошняя крывінка,

А ў снах – з-пад снегу – дыхае травінка…

2016

х х х

Як мудра ўсё ж, што ўдзень не бачна зорак, –

Хоць нейкі супачынак для душы.

І ноч даецца, пэўна, каб з дакорам

Усё, што дзень прынёс, не варушыць.

Ды неба паўстае перад вачыма,

Каб вестку неадступную падаць,

Што зорны свет спасцігнуць немагчыма,

Як немагчымае жыццём не разгадаць.

СУСТРЭЧ НЕ БУДЗЕ…

А там ніхто й нідзе не заблукае,

Ніхто й нікога не сустрэне там, –

Як рай турэмных, адзіночных камер,

Сусвет прарокі абяцаюць нам.

Сустрэч не будзе, – у святым пісанні

Абвешчаны смяротнаму прысуд.

Прастора й час не ведаюць згасання –

Яно для нас: як шлях зямных пакут.

Усіх чакае зорная магіла

І нерухомай вечнасці палёт,

І ў душы будуць угрызацца крылы

Не для сустрэч – для зорных адзінот.

х х х

Слоў не бывае выпадковых.

Маўчанне тайны ў кожным з іх.

Сэнс адкрываецца нанова,

Як з небыцця, для нас, жывых.

У кожным слове Усявышні

Нам ад патомкаў голас шле.

Ніхто ў той повязі не лішні –

Дух Боскі не згасае ў тле.

Слоў выпраменьванне ў Сусветы

Ляціць як покліч наш зямны, –

Няхай без водгуку, ды з мэтай:

Пакуль ёсць слова, ёсць і мы.

НАШЫ ДУШЫ…

Што не вадзіца,

а роднай зямліцы

кроў, –

няўжо, асуджаныя

забыцца

рэчышчы

нашых Дняпроў?..

І нашых Дзвінаў

адзіны

да Бога раздвойвацца шлях

будзе ўзмахам кадзіла –

“присно” – “днесь и в веках”?..

І Нёманы глуханямыя

сплывуць да чужых рубяжоў –

і няўжо,

акіян нашу мову размые

і памяць заглушыць?. .

Зноў і зноў пытаюся ў вас,

Нашы душы:

–Няўжо?!.

ПЕРАКЛАДЧЫК

На мове птушынай,

на мове лясной

словы спяшылі

сустрэцца са мной.

Па-беларуску

гасцей

я вітаў, –

скажам прасцей,

перакладчыкам стаў.

НА ЎЗБРАЕННІ…

Філалагічны аўтамат:

На кожнае паўслова – мат.

КУБІЗМУ КУБАМЕТР…

Элегічны арт-сюжэт

З дрывотні плахі белыя нашу,

Нібы карціну модную пішу, –

Бярозавай абстрактнасці фрагменты

Трактуюць авангардныя працэнты:

І грэюць плоць, і… ледзяняць душу.

Краса, што сквапна ад сваіх муроў

Сусед зацятым норавам адпрэчыў,

Кубізмам кубаметра звонкіх дроў

Мастацкаму слугуе барышу, –

І мне, як быццам, тое ўсё дарэчы:

Распальваю агонь і не тушу,

Саджу дравамі дрэва ў пашчу печы.

Грашу – і даравання не прашу…

А полымя аб чымсьці не маўчыць –

Бязмоўнае – крычыць, крычыць, крычыць,

Спрачаецца са мною і з марозам,

Як шум маёй загубленай бярозы…

ЧЫМ БАГАТЫЯ…

Чым багатыя,

Тым і радыя:

Славу сватаем

Шоў-парадамі.

Чым пакрыўджаны,

Тым і лютыя:

Долю з грыжаю

Б’ём салютамі.

Тут апірышча,

Тут і лірыка:

Бос – мундзірышчам,

Сын – мундзірыкам.

Раю звабнага

Рэпетыцыя:

Звада ўладнымі

Корміць цыцамі…

АБ ТЭРМІНАХ

П’е народ цыстэрнамі

І вітае песенна

Прадаўжэнне тэрмінаў

Выхаду на пенсію!..

НАВАСЕЛЛЕ

Мы са шпаком замочвалі шпакоўню, –

З усходам сонца ўсім было па поўнай,

Налітай да краёчкаў, звонкай песні.

Яе мы шчодра кожнаму паднеслі:

Частуйцеся!..

А вы – не каштавалі?

Ні кропелькі?!.

Ну, значыць, вы праспалі…

НЕБА ПАСЕЮ…


Выйшаў сейбіт сеяць…

Евангелле ад Лукі, 8:5


Каб градка не аблысела,

Не стала пясчанаю выспай,

На градцы неба пасею,

Што ў снах васільковых высніў:

Вядзіце ў жытнёвае поле,

Дзе нашы блукалі сцяжынкі,

Дзе мы ўжо не будзем ніколі, –

О васількі-валянцінкі…

УСЁ ПА КРУЗЕ…

Бяда: няма задзірыстай зімы, –

Лясы хірэюць і рыхлеем мы.

Слабее гарт у немачы адліжнай,

І ў абалоні раскісаюць стрыжні.

Не зведаўшае духу маразоў,

Не ў зруб вянцы, а так – адзін назоў:

Як хлеб ацеслівы, марнуецца бярвенне,

Не абяцаючы ад халадоў збавення.

Усё ў прыродзе йдзе па крузе тым:

Цяпло марозам творыцца крутым.

ЯК ПЕРШЫ СНЕГ…

А першы снег, як першы дзень тварэння:

Усё без нараджэння і старэння,

Усё адвечнае і вечнае.

І ўсё

Такім датклівым і бясспрэчным стане…

І невядомасць у душы нясём,

Што знікне ўсё і ў вечнасці растане.

Як першы снег…

ПОШУКІ

Пакутны шлях да таямніц Сусвету:

Прыходзім пераможцамі да мэты,

Каб нашыя няведанні пабачыць

І шлях блуканням новым зноў пазначыць…

х х х

Як агонь, патухаючы,

Замыкаецца сам у сабе, –

І цемра памінкі спраўляе;

Як рака, адплываючы,

У крынічнай гульбе

Не чакае,

Што акіян

Небыццём прывітае;

Як птушка, спяваючы,

Сваю птушыную вечнасць

Пярынкамі песні скубе

І не дбае;

Як чалавек, … ,

А сапраўды…

А сапраўды –

Знаць не знаю,

Сэнс які ў той падступнай сяўбе, –

І якому быць ураджаю?..

ДВАЙНІК

Лёс мой і трунар маіх надзей:

Хто ніжэй, – не нам рашаць, – хто вышай.

Калі ён – нідзе, і я нідзе,

І адна ў нас, калі разам, ніша:

Я прыдумаю, а ён – запіша, –

Разам нам на Страшным быць судзе.

х х х

Прастора й час… Я колькі ні пытаў

У гэтай бездані, што мы назвалі небам:

А што, скажы, – што за табою, там,

Дзе ўсё для нас нібы пустэча й небыль?..

І як іх уявіць? Прастора й час…

Бясконцасць як адсутнасць? Вырак людзям? –

Што ўсё было раней, было без нас,

І ўсё пазней, без нас, таксама будзе…

ПАКІНУТАЯ

Плакаць слёз нестае, –

Быцам я вінаваты,

Хоць даўно не мае

Тут сяліба і хата.

Разышліся шляхі,

І разбегліся сцежкі.

Сад здзічэлы, глухі

Родзіць шчодра арэшкі.

“Што вам сніцца ў мурах?” –

Стыне ў вокнах пытанне.

І замок на дзвярах –

Як медаль за чаканне.

Ні запевак сяўбы,

Ні жніва шматгалосся, –

Вечар песню забыў

І маўклівы, як поснік…

Толькі ў памяці след,

Той, з жывога падворка,

Дзе сусед як сусвет,

А суседка як зорка…

МОЙ ЗАЯЦ

Лысагорскае спачуванне – сабе і Сержуку Сысу

Кажуць, заяц варыць піва,

Каб зімой пагрэцца.

А майму з вясны спажыва

Задарма даецца.

Толькі выведай спачатку,

Дзе і што расце на градках, –

І начное частаванне

Забяспечана да рання.

Мае заяц харч па густу –

Без турбот і ўволю:

У суседа з’еў капусту,

А ў мяне – фасолю…

ТЫМ, ХТО ЗАСТАЕЦЦА…

Мы прыйшлі і з гэтым

Пойдзем – сведчыць вам:

Гэты бег сусветаў

Недаступны нам…

СТАРАЯ ІСЦІНА АБ НОВЫМ СВЕЦЕ

Будзе новым заўсёды свет –

Будзе свет абнаўляцца,

Покуль носіш у сэрцы сакрэт,

Што замоўлены светам здзіўляцца.

х х х

З абрывістых ліпеньскіх сноў

Душа яшчэ прагне асноў.

Ёй хочацца ўсё ж зразумець,

Дзе золата меў я, дзе медзь.

Паклоніцца вечнасць жыццю, –

За што? – не скажу небыццю!..

Са скарбам таемным жыву:

Што медзь – гэта мне аднаму,

А золата – што на дваіх, –

І вечнасці роўны той міг.

ЯК БЫЦЦАМ УСЁ АДБЫЛОСЯ…

Як быццам усё адбылося,

Як быццам усё прайшло.

Нічоганькі не засталося, –

Зламанае выкінь вясло.

На гэтай рэчцы, будзь пэўны,

Яно не патрэбна табе:

Харон, перавозчык нядрэмны,

Дарэмна грабе і грабе…

Яму і няўцям, што на лёсе

Апошняе ставіць чысло, –

Як быццам усё адбылося,

Як быццам усё прайшло…

Як быццам усё адбылося,

Як быццам усё прайшло

І зернем апошнім калоссе

Тваё небыццём прарасло.

Як быццам усё адбылося,

Як быццам усё прайшло…

А быццам бы і не жылося, –

Куды ж тыя дні размяло?..

І раптам абудзіцца памяць

І скажа: яшчэ не мяжа,

І хтосьці ж павінен сярпамі

Тваё небыццё пажаць…

Каго папрасіць бы?.. Не ўпросіш…

Зламаць бы Харону вясло?..

Ах, каб яшчэ што адбылося,

Ах, каб яшчэ штосьці прыйшло…

ДЫ ШТО З ТАГО…

Пануе мудрасць над вякамі,

Ажно выходзіць з берагоў,

Што толькі развядеш рукамі…

Ды што з таго…

Нячысцік Біблію падносіць:

Любі яго, як свой свайго, –

Ну рыхтык брат: дзве дзюркі ў носе!.

Ды што з таго…

Такія выніклі законы:

Менш вернікаў, а больш багоў, –

Сябе нясём, нібы іконы…

Ды што з таго…

Прыкмечана: якія самі,

Такіх і не збяжыш кругоў,

Такія ў нас і конь, і сані…

Ды што з таго…

Вось хімікаты прэм пад высеў,

Каб гнуўся стол ад пірагоў, –

А ў полі жаўранкі звяліся…

Ды што з таго…

Няўдача выпадзе ці ўдача –

“Ага!” пачуеш ці “Ого!”… –

Пасмейся ты, а я паплачу…

Ды што з таго…

Я мог бы паўтараць вам безліч

Бясконцае “Ды што з таго…” –

Шкада, што ў верш усё не ўлезе, –

Во, нават рыфмы не знайшоў,

Каб на “…аго”…

Ды што з таго…

“АБЛАГАЦЫІ”

Знакі дзяржпазыкі, аблігацыі,

Помню, не інакш як аблагацыі

Называў паважна дзядзька Змітра

І пры гэтым усміхаўся хітра.

Той гумор тлумачыўся няцяжка:

Пэўна, дзядзьку падмігнула пляшка,

Ідучы на стол дзеля бяседы…

…Сэнс усмешкі шмат пазней я зведаў,

Калі й нас, студэнтаў, “аблажылі”:

“Аблагацыі” і мы ўжо заслужылі,

Адшчыкнулі з крохатнай стыпендыі, –

І дармо, што раз не паабедалі!..

Ды затое пяцігодку новую

Сцвердзілі пазыкай папяроваю.

Ды і ўдачы сталі мы лаўцамі,

Бо яшчэ і выйгрыш абяцалі!

Абяцалі нам /і дзядьку Змітру/, –

Нам –на ровар /дзядзьку – на паўлітра/.

З году ў год чакалі мы тыраж,

Ды, прабачце: выйгрыш быў не наш!..

Як было і ў іншых абяцанках:

Спаць кладзіся з выйгрышам на ранку…

Колькі – не злічыць! – наабяцалі…

Абяцанні клаліся вянцамі

Ў гмах высотны будучыні светлай.

І як запрашальныя білеты –

Аблігацыі з гарнтыяй на выйгрыш.

А каб з часам час яе не выгрыз,

То і час пазыкай аблажылі,

З нас і з мас выцягваючы жылле…

А ў пазыкі тэрмін не кароткі:

Расцягнуўся на дзесяткі ўгодкаў, –

Аддаваць даўгі ніхто не хоча…

Пэўна, дзядзькаў посмех быў прарочы, –

Не ў дакор, ды вынікі сцвярджаюць:

Вось што значыць пазычаць дзяржаве!..

НЕМАГЧЫМАСЦЬ

Спяшым і спяшым, а фініш –

Вітанне апошняму дню, –

Ні ты мяне не спыніш,

Ні я цябе не спыню.

І з тым, апошнім, вітанне

Дню будучаму ад нас,

І дзеці – наша пасланне

Ў чужы, невядомы час.

Каму данясуць і навошта

Часцінку нашай душы, –

Такая смяротная пошта…

А мы ўсё спяшым і спяшым…

Не ўкрадзеш у вечнасці зерне

Сасны, што ўзрасце на труну, –

Ні ты мяне не вернеш,

Ні я цябе не вярну…

ПАДКОВА

Пегас не выштукоўваў,

А проста ў тлумным шоў

Падкову выпадкова

Згубіў, а я знайшоў.

Пегасу што – не плача:

Зноў падкуюць багі.

А мне – такая ўдача!

А з ёй – даўгі, даўгі…

Чым апраўдаць знаходку?

Рыфмуй ці белым шпар, –

Паэзія не ходкі,

Уцэнены, тавар…

Калі ж, Пегас, мой браце,

Ісці таўчыся ў шоў,–

Нашто падкову страціў,

А я – нашто знайшоў?!.

ДВУБОЙ

Чытаючы “Дзве душы” Максіма Гарэцкага

Адна душа –

І бясконцасць сусветаў…

І няпэўнасць –

Хто і адкуль мы.

Адна душа –

І натоўпу няўтульнасць:

Не стаў я тым,

Не зрабіўся гэтым…

Адна душа…

Свая – як чужая:

І адмаўляе ўсё

І сцвярджае.

І як жа з ёю выйграць двубой,

Застаючыся самім сабой?..

ПАРАТУНАК

Бяжы, бяжы з кулямесы натоўпу,

Дзе сэнсы аддадзены тлуму,

Бяжы – як бягуць у Еўропу –

У лес, дзе нуды закрываючы века,

Ахінаюць дрэвы душу і думы…

Лес выведзе да чалавека.

А дрэвы ў лесе –

Як і людзі ў народзе:

У кожнага свой характар,

Сваё аблічча і сваё дыханне,

Свая радасць і свой смутак,

Свае карані і крона.

І кожны па-свойму

На людзі выходзіць –

То прытоена,

То адкрываецца раптам –

Хто схаваць сваё гора ў закутак,

Хто з надзеяй на спачуванне,

Хто – на ўласную абарону…

Дзівіцеся:

Бяроза, асіна, дуб,

Сасна, ядловец, рабіна… –

Парода! – дзе сам сабе кожны люб, –

Гэта ўвогуле –

А персанальна:

Непаўторныя ўсе геніяльна!

Гэтак і быць павінна.

Геніяльнае – у непаўторнасці.

Колькі іх і ў бары, і ў пушчы –

Без ілжывай прытворнасці:

І ахвотнікаў памужаваць,

І маўкліва-відушчых,

Каб ад тайны адмежаваць…

Толькі аднолькавых – розна і спрэс –

Няма, не было і не будзе.

А вы кажаце: чаму гэтак цягне ў лес?

А таму, што і там таксама ўсе людзі –

Не зласлівыя

І не ліслівыя,

Не назольныя,

Не застольныя,

Не заносістыя –

А выносістыя,

І прыстойныя,

І дастойныя!..

НАЙВЫШЭЙШАЯ З УЗНАГАРОД

Анатолю Вярцінскаму –

тварцу выдатнага паэтычнага сузор’я,

дзе, між іншых, праменяцца зорныя кнігі

“Песня пра хлеб” і “Чалавечы знак”, – у дзень 85-годдзя

Знае Бог: Анатоль Вярцінскі

Па жыцці не хадзіў бачком,

Прад уладай не гнуўся націнкай,

Не сядзеў у закутку маўчком.

Гаварыў без прыкрас – а па цэлі –

Праўду з самых высокіх трыбун,

Каб у тых паджылкі трымцелі,

Хто пражэцца ў чыноўны табун.

І тварыў натхнёна, адкрыта,

Рыфму ў верш не гнаў без патрэб:

Наперш трэба пасеяць жыта,

Каб спяваць потым песню пра хлеб.

Жыў паэт, як належыць паэту:

Музе словам пустым не пыліў –

Знаў да сэрца яе сакрэты,

А зрэдзьчас каньячком весяліў.

Не мамоне – служыў народу,

Не бадзяўся ў тусоўках гуляк.

І вышэйшы за ўсе ўзнагароды –

Над усім – Чалавечы меў Знак!

18.XI.2016.

ГОЛАС

Для мяне наша беларуская літаратура, паэзія – такі клад!

У мяне, напэўна, большая палова жыцця звязана з паэзіяй.

Марыя Захарэвіч

Нарачанскія хвалі

Яго нашапталі,

Узнімалі

Блакітныя крылы нябёсаў,

Летуценна ў палях

Каласы калыхалі,

Перапёлкі гайдалі

Званочкамі росаў,

Срэбны звон жаўрукі з вышыні паўтарылі,

І зацвердзілі ўсё нарачанскія сосны –

У сугуччы адным:

Захарэвіч Марыя –

Беларускай паэзіі

Голас узнёслы!

Голас, што роднай зямлёй блаславёны,

Матчыным словам і песняй натхнёны,

Голас душы, цеплынёю сагрэты,

Шчыры, глыбінны, зямны, сакавіты,

І сінявой васільковай спавіты,

Голас, што ключык знайшоў да сакрэтаў

Вершаў лірычных, балад і санетаў, –

Слухаюць людзі і самі паэты, –

І ў захапленне прыходзяць пры гэтым!...

28.XI.2016.

ШЧАСЦЕ

Шчасця шмат не бывае, –

Дзеліць Бог пакрысе.

Ах, пабольш бы! – шукаем.

Ды знаходзяць не ўсе…

ДАНІНА

Далёкім нашчадкам даніна –

Тварылася на вякі.

Таміны, як дамавіны,

А ў іх – мерцвякі, мерцвякі…

А Ў САЛАЎЯ…

А ў салаўя на каханне песенны дар –

Праз ноч ні хвілінкі не ўтоіцца ціха.

Эстрады начной – чараўнік і пясняр:

Спявае і –

за-ча-роў-ва-е –

салаўіху.

А салаўіха пярынкаю кожнай трымціць –

Ні бачыць, ні чуць больш не трэба нікога ёй.

Але ж і такое бывае ў жыцці,

Што захапленне мяжуе з трывогаю:

“А песень зашмат – ці не быць бядзе?..” –

І салаўінаму богу моліцца…

А песня песню, як з неба, вядзе, –

І як салаўю тут ад песень адмовіцца?!.

2017

DIXI*

У паэта народны лёс:

Роўны ён Усявышняму цуду.

Караткевіч сказаў, як Хрыстос:

“Быў. Ёсць. Буду”.

–––––––––––––-

* Dixi /лац./ – усё сказана

ПАКУЛЬ НЕ СПЫТАЕ…

Бяжым, бяжым…

Такі рэжым.

Самі не знаем,

Як і калі

Ў рэжымнай праграме

Сэнс набылі.

Бяжым паасобку

Адзіным кублом:

Слабейшы таропка,

Круты – напралом.

Хто стомятроўку,

Хто марафон, –

Самаўстаноўка?

Ці самапраклён?..

Стаім, сядзім,

Нават ляжым –

А ўсё бяжым.

Усе бяжым.

І правіць адзін

Усімі рэжым:

Бяжым,

Бяжым…

Пакуль не спытае

Аднойчы крыж:

–Хіба не знаеш,

Куды бяжыш?..

х х х

А жыццё – з жыццём развітанне.

Круціць вечнасць верацяно.

Нараджэнне і смерць.

І каханне..

З небыцця ў небыццё вяртанне…

Не стасуюцца бездань і дно.

І адно,

Толькі адно

Бывае спатканне.

І расстанне –

Толькі

Адно.

ГЕНДЭРНЫ АДКАЗ

Баб’ё – не мужыкі! –

Адзін ад іх дакор:

“Ды кіньце гэты чмур!..”

А ў нас адказ такі:

“Баб’ю” наперакор

Ідзём на перакур!..

ХАЦЕЎ БЫ…

Грахі… – Каму і як іх вяртаць?

Хацеў бы заяўку падаць у святыя,

Хацеў бы не жыць, а малітву шаптаць,

Ды зубы кляцаюць залатыя…

х х х

Мінулае не вяртаецца

І недаступна жывым,

А будучыня збываецца,

Ды невядома з кім…

ЯК АРГАНЫ…

Суняліся зімы скавышы,

Сонцам шкляцца аконныя рамы.

А са стрэх – ледзяшы, ледзяшы, –

Як арганы ў вясновых храмах.

х х х

Да зорак вечар адчыняе дзверы , –

Гуртуецца касмічная сям’я.

Лячу туды – і сам сабе не веру:

Я пабрацім там ці выгнаннік я?

Былі і да мяне такія ўчора

І заўтра будуць…

Ды на той мяжы

Што скажуць мне ці ўжо сказалі зоры?

Ці я раней за іх у свеце жыў?

Ці я забыў што і ніяк не ўспомню?..

А неба ўсё трымае на замках

І на мяне глядзіць халоднай поўняй

Са спачуваннем, – як на дзівака…

Ну што ж: дзівак, –

Няхай і так.

А ўсё ж цікава: зоркі, што над хатай,

Вяшчуюць мне

Знікненне

Ці пачатак?..

НЕ ТРЫМАЙ…

Вясна, – перасяленне душ

З турмы халоднага чакання.

Вясна, – прылёт і звеставанне…

І волю крылаў не паруш.

Як божы дар яе прымай.

Адолей дзён цераспалосіцу.

Калі душа ў нябёсы просіцца –

То адпусці і не трымай.

БУКЕТ

Вечнасць стамлёная лічыць імгненні,

Камень чакання пытлюецца ў пыл…

Ружы завялыя, кроў на каленях…

Ружы пакінулі толькі шыпы…

АДНО…

Сам Усявышні нават з ім спрачацца

Дае дазвол, – не бойся памыляцца,

Адно: у спрэчку б з дурнем не ўвязацца, –

Тады ўжо ісціны да скону не дазнацца.

РУБАІ

З нізкі “Надпіс на кніжнай закладцы”

З Вікіпедыі – радаслоўная:

“Гійясаддзін Абу-ль-Фатх

Амар ібн Ібрахім аль-Хайям

Нішапуры”

Амар ібн Ібрахім Нішапуры

Лёс гэткі на зямлі Алах стварыў.

З’явіўся сын у Ібрахіма з Нішапура,

З’явіўся, як было ў тым гарадку ў натуру.

А рамяство бацькоўскае – Хайям –

“Палатак майстра” – сын агучыў сам.

Яшчэ да імені – Гійясаддзін дадаў

І тым “Алаху дапамогай” стаў.

А “Фатх”? Такіх сыноў ён не займеў, –

Аднак аб тым спытайце лепш у дзеў.

Бо з імі ў кубкі вінаградны дар –

У рубаі – ахвяраваў пясняр.

І засталася спадчына вякам –

Алаха запавет: Амар Хайям!..

Вякі не знаюць: як там, у раі,

А ён нам шле малітвы – рубаі.

ПРАБАЧ…

Прабач двух сусветаў збліжэннне.

Я знаю, ды ў жарсці таю, –

Прабач: даючы нараджэнне,

І смерць я табе даю…

ЯНА

Кароткія зборы ў дарогу:

Яна ўсё падзеліць з табой,–

Так, каб не змог ты нічога

Забраць і панесці з сабой…

ІДЗІ…

Хоць непазбежны прысуд смяротны,

Ды з нараджэннем, аднак, змірыся.

Ідзі адольваць шлях незваротны,

Жыццё аспрэчваць не бярыся

І не пытайся, хто паклікаў.

Ідзі –

Суд Божы і Свет вялікі.

БАЦЬКІ І ДЗЕЦІ

Перачытваючы І.С. Тургенева

Дэмакраты з дзяцінства ў абкама-

І райкамаўскіх лімузінах…

Нас аўто захапляла таксама:

Ах, дыхнуць бы дымком бензінным!..

Ды яшчэ шыкавалі мы ў чунях,

Змайстраваных з камер аўтобусных…

Пра такое ж і чуць-не-чулі,

Каб вось так, як па школьным глобусе,

Калясіць, нібы лёсам накрэслена,

З Крыма ў Юрмалу, з Юрмалы ў Сочы.

І ніхто, каб аднойчы падвезці нас,

З той дарогі не збочыў…

Да таго ж яшчэ й ладзілі кепікі:

–Эх вы цыпікі нехлямяжыя!..

Ды нагамі ў цыпках, парэпаных,

Мы, было, пад зад вам адважвалі.

А калі час прыслужваць заўпарціўся,

Тут жа ўміг памяняліся пацеры,

І ўжо новым аўтаалюрам

Скіравалі вы “націск і буру”.

Ды не супраць яшчэ й папікацца

З галадранцамі з нейкіх мачулішчаў,

Што не выйшлі мы “властною статью”

І таму безнадзейна чуемся.

Што ж – кар’ерны запас не растрачаны

І такія ў вас крэўныя гены,

Што ад сыскі прыўладна-спадчыннай

Не адрэзаць і аўтагенам.

Дзякуй богу: я ў гэтым не геній, –

І скажу вам, сябры-фарысеі:

Мо й кульгаюць кіроўчыя гены,

Але ўмею і жаць я – і сеяць!

ЖЫЦЦЁ

Апошні, як першы, пагляд:

Адказвае, як пытаецца.

Рэкі не ходзяць назад,

Рэкі –

не вяртаюцца.

СВЯТА

Хай здраджвае няўмольна памяць

Аб свяце, што жыццё дало,

Хай час масты вяртання спаліць, –

Але ж яно было, было.

Хай вечнасць наша – толькі міг,

Але ж навечна, на дваіх!

І ўсё, што ў забыцці растраціў,

Аднойчы выбухне вясной:

Не, не адзін я быў на свяце –

На ім і ты была са мной.

ДЗЯЛЬБА

Я не прарок, не правідзец,

Ды неба падказвае мне:

Асвенцыма лёс і Лідзіц

Планету маю не міне.

Паўторым: Захад ёсць Захад,

А ўсупраць: Усход ёсць Усход.

Я не палохаў бы крахам

Устоі, ды ведаю код:

Калі пачынаюць народы

Адзінага Бога дзяліць,

Не знойдзе сам Бог перашкоды

Абвал той у пекла спыніць.

І кожнаму свой Усявышні

Зямны абяцае рай

З пытаннем: “А хто тут лішні?!.” –

І кідае свет у раздрай.

Прабачце мне, сытыя людзі,

І я мог бы сыта маўчаць,

Ды Ўсход у галодным прысудзе

Алаха ідзе выручаць.

Пад нашы гарматныя жэрлы

Маўчком, на ўсходні манер,

Вылузваецца крыважэрна

Новай эпохі звер…

СКАРГА

Мышка прыйшла да ката –

Паскардзіцца на жыццё:

–У нас ні зярнятка на зуб.

Калі ж шалупайку згрызу,

Дык радуюся: “Смаката!..”

А вы, Катафей, што ясцё?

–Што ёсць. Ды ўсё на замках –

Прысмакі вачыма жуём.

Нішто не трапляе да лап,

Каб даць смакату языкам.

Таму вось так і жывём,

Што ловім мышэй! –

І –

хап!..

ПРА ШТО ПАДУМАЛАСЯ

Ў ЭЛЕКТРЫЧЦЫ “ЗЯЛЁНАЕ – МІНСК”

5 ЖНІЎНЯ 2017 г.

Чыгунка й тая кеміць, што і як:

Даўно ўжо не ганяе паражняк.

А мы з душой, далёка не чыгуннай,

Пустапарожніх слоў стагі стагуем.

На сенакосе аж пупы ірвуцца.

Стагі ў нас тыя кнігамі завуцца.

Тамы пластуюцца, нібыта ў сенавалах,

Каб жыўнасць без харчоў не зімавала, –

Каровы сена малаком вяртаюць.

Але ж каровы кніжак не чытаюць…

ПЫТАННЕ ТВОРЦУ

А ці трэба, каб – найменей! –

Стаць на пьедэстал,

Галавой крышыць каменне

І каваць метал?..

ЧАС АДЫХОДЗІЦЬ…

Час адыходзіць, забіраючы ўсё сваё, –

Барахло: прызначэнні, абранні,

Вокліч гісторыі: “Ё-маё!..”

Пад пыху вусоў на тэлеэкране,

І абяцанні шчодрых зязюль,

Калі ні капейкі ў кішэні,

І заляцанні двухногіх казуль,

І школьнай задачы рашэнне,

І спадзяванні новых сустрэч,

І спачуванні даўно мінулых,

І самавар – пенсійную рэч –

Са ступай і таўкачом агулам,

І абшарпаных дарог сакваяж,

І неруш грыбоў у мінулым леце,

І сувенірны разбіты муляж,

І недапітую пляшку ў буфеце… –

Усё заграбае час, –

Як злодзей, шануючы вас…

А што ж застаецца мне?

Ці час і мяне не міне?..

Маўчанне… – такі адказ.

Не думае час пра нас…

ПРАБАЧЭННЕ

Такое больш не здарыцца павек.

Не зразумець: ці страціў, ці знайшоў.

Жыццём пакліканы аднойчы чалавек –

Узяў і адгукнуўся. І прыйшоў.

І то – быў я. З надзеяй на мяне

Жыццё глядзела ў будучынь сваю…

Прабач, жыццё, што па тваёй цане

Не разлічыўшыся, перад табой стаю…

Для паўтарэнняў не даецца шлях…

Прабач, жыццё, што я ў цябе гасціў,

Раскашаваў на дармавых паях…

Прабач, жыццё… А зараз адпусці…

НА КОТЛІШЧЫ…

О мой смутак, маё Мачулішча,

Каласок на асенняй стырні,

Да каго ж ты душою прытулішся

І ўратуеш свае карані,

З кім самотную долю агораеш,

Як не будзе мяне, бо ўжо я

Як апошні радок у гісторыі

Той сялібы, дзе ўскрэсла сям’я.

І навокал: сялібы – Рамашкавых,

Кавалеўскіх, Макрыцкіх – маўчаць, –

Цішыня па выраку важкаму:

Сум па дзецях у вёскі ў вачах.

Разам з хатамі пачатковая

Школка моўчкі пайшла на знос,

Дзе і я клёк дзіцячы падкоўваў,

Каб цягнуць навучання воз.

А цяпер, дужа велькай вучонасці,

Беспрытульнік, ля родных прысад,

Нібы птах ад гнязда адрачоны,

Што зляцеў без вяртання назад…

Можа, думкі хоць рэха пачуецца, –

Вас, апошніх вяскоўцаў малю:

Уратуйце, людцы, Мачулішча –

Вашу будучыню і маю.

Беларусі куточак маркотнейшы

Звесніць хай свой і мой далягляд,

Дзе адзін, нібы комін на котлішчы,

Я стаю між закінутых хат…

АБ ВЕЛІЧЫ

Хто малы, хто вялікі, не дзелячы,

Жывём без пакут аб велічы.

Жывём не дзеля прыліку,

Жывём, бо нас Бог паклікаў.

Жывём, лёс лагодзячы скрушны,

Адольваем час завірушны.

Жыць напаказ не ўмеючы,

Не тоім зайздрасці велічным.

Жывём суседзям не ў піку,

Між злых не стаім на ўліку.

Закон у нас непарушны:

Няпомслівы і вялікадушны.

Жывём жыццю не ў пазыку.

І тым народ наш вялікі.

х х х

Крадком, крадком

Надозір

За радком.

Саступкі не малю –

А раптам ды злаўлю!..

НЕМАГЧЫМАСЦЬ

Даруй, даруй немагчымасць

Усё вярнуць напавер.

Жыццё не тлумачыць прычыны –

Жыццё толькі тут і цяпер.

Даруй. А раны залечваць

Віноўнаму не пярэч.

Даруй мне, даруй – праз вечнасць

Нас паяднаўшых сустрэч.

Успомні, што сэрца не камень, –

Як з вечнасцю гавару:

Пакуль будзе жыць твая памяць –

Забудзься, што я памру.

А мне застанецца страта,

Наша, адна, – не збярог:

Як быць без мяне не магла ты,

Так быць без цябе я не мог.

СПЫТАЦЦА…

Навошта я прыйшоў на гэты свет? –

Хто і калі адкрые мне сакрэт?

Так і пайду з пытаннем да Самога…

А можа й Ён не скажа мне нічога?

Тады мне што – назад сюды вяртацца,

Каб у сябе тут, на зямлі, пытацца?..

ПАРТРЭТ

2015-ы год Таварыствам “АПБ – Ахова Птушак

Беларусі” быў аб’яўлены Годам вушатай савы.

Пранізлівыя вочы

Начная галава, –

Маўчком за мною сочыць

Вушатая сава.

Завостраныя вушы –

Пачуе кожны ўздых

Герой “Аховы птушак” –

Сяброўка сноў маіх.

А найчасцей – бяссоння, –

Каб з ёю, а не з ім

Пагаманіць, як сёння:

–Ну што, ізноў не спім?..

Не проста на пастоі,

А птушкай года ты –

Партрэтам над тахтою –

Сядзіш, як дух святы.

“Дзве тысячы пятнаццаць”:

Рашыла грамада –

Твой год. А мне, прызнацца,

Ён восемдзесят даў.

Вось зараз і святкуем,

І ані ў вока сон, –

Год важны, а якую

Нясе рахубу ён?..

Я ўзяў цябе ў суседзі –

Не ў хітрыя віжы:

Як, можа, што падгледзіш –

Тады і мне скажы.

І памяркуем разам,

Як вузел развязаць.

Не палічу абразай –

Не бойся ўсё сказаць…

Што ж, восемдзесят маю, –

А сэнс, а плён, а квіт?..

Нялёгка – спачуваю –

Такі ўчыняць іспыт.

Прабач – я не збываю:

Грахі – мая туга.

Давай лепш заспяваем,

Як там у вас: –Уга-а!..

А ВОСЬ ПРЫВЯСНУЕМ…

Поле спавіта чаканнем:

А што там нясе зіма?

Гукнеш, а ў адказ – маўчанне,

І радасці ў поля няма.

Няма і ў мяне. І якая

Тут можа быць радасць, калі

Толькі ўспаміны блукаюць

Па перасохлым быллі.

Пэўна, адно й засталося

Перад навалай зімы:

Браць у сяброўкі восень –

А вось прывяснуем і мы!..

І НІКОМУ НЯЎЗНАК…

Дождж са снегам ці снег з дажджом?..–

Шыза ўзгоркі зліліся і долы.

Гусі ў небе, вуж пад лаўжом,

Сойкі звон дзяўбуць жалудовы…

І нікому, здаецца, няўзнак,

Што стаіць чалавек адзінока:

І з вужом яму нельга ніяк,

А з гусямі ўзляцець – высока…

ГУЛЯНКА

Давайце вып’ем –

І селі за стол.

Кожны са сваім:

Той са штофам зуброўкі,

Той з “чарнільным фугасам”,

Гэты з пляшкай “кустоўкі”,

Гэты з конаўкай квасу,

Той з бляшанкай піўною,

Гэты з траўным настоем,

Той з глытком валяр’янкі,

Гэты з келіхам слёз…

Вось такая гулянка –

Спажывай, што прынёс!..

А назаўтра?

А назаўтра было амаль тое ж,

Толькі без двух апошніх

І… двух першых…

ПРА ЧАС І ПРА НАС

1. За чаркай…

За чаркай сядзім і калякаем,

Як мы вершам эпоху размажам.

А час да нас абыякавы –

Нават “Будзьце здаровы!” не скажа.

І цалавацца не лезе –

Толькі глядзіць азябла.

Мы яму пра паэзію,

А ён нам: “Пайшлі да д’ябла!..”

Такі раўнадушны зазнайца –

Нават з рыфмаю не падступіцца…

Не, каб сказаў: –Налівайце!

Давайце не будзем скупіцца!...

2. Кравецкае…

І пастава, і творчая грыва…

Ну а верш, – для мяне, чытача?

Прымярай, – то каротка, то крыва!..–

Як пінжак з чужога пляча…

3. Тое ўзыходзіць…

На чарназёме душы ці на камені

Тое ўзыходзіць, што Богам пасеяна.

Як ні скачы, не ўзляціш заарканены,

Колькі ні пі, а не станеш Ясеніным.

ПЕРАЗАГРУЗКА

Вось ён, – д’ябал, няйначай…

Пляц без зямлі, – пераворвай!..

Чорцікі літар скачуць –

Пасевам – з бяздушнай прорвы.

Заміж малітвы – ляда

Чорнай камп’ютарнай веры,

І ў смутку чыстая праўда

Белай, як снег, паперы…

А ты без натугі аблыжнай

Сядзі і маліся экрану –

Бібліі, кнізе бяскніжнай,

З беспапяровым Каранам…

ЧЫТАЦКАЕ…

Як на лекі змяінай атруты –

Дазіроўка: тры вершы пакутаў…

Больш адолець душа не ў моцы, –

Гэта вам

Мандэльштам,

А не

Моцарт!..

ЗОРНЫ ФРАГМЕНТ

О фантазія-ненаедзіца,

З апетытам няўтомным дзівачка:

Што для грэкаў было – Мядзведзіца,

Для мяне – Лысагорская тачка.

З неба сцягвай, падмазвай вось,

Запрагайся – і смецце вывозь!..

НІБЫ Ў КАЗЦЫ…

Канцэртны абразок

Нібы ў казцы: луг сімфанічны

Рассцілае цудоўны абрус,

Кожным гукам расквечана кліча

Ў карагод летуценных муз.

Абуджаюць прастору валторны,

І з душы адмятаюць сон

Сотняй колераў непаўторных

Скрыпкі – сола і ва ўнісон.

У суладдзі трубаў свячэнне,

Флейтаў сонечны россып расы,

Пчолы ў кветках віяланчэляў,

А ў падгучча – чмялёў басы.

У званочкаў – блакіт нябесны,

З булькатаннем крынічным кларнет,

Барабанам вось трошкі цесна, –

Зрэшты, гэта ўжо ўсім не сакрэт…

І ад фальшу перасцярогай

Шасцікрыла ўзлятае рука:

Дырыжор – серафім ад Бога –

Да натхнення шлях адшукаў!..

АНШЛАГ

Што ж гэта вы, дзяўчаткі,

Так да яго, без аглядкі?

Хіба ўжо музыка гэты

З такім адмысловым кларнетам?

Ці грэшніца, ці святая –

Апошні білецік пытае!..

Што ж гэта вы, кабеты,

Пішчом на дуэт з кларнетам?

І вас заманіў, паклікаў –

Гэты музыка з музыкаў?

Хіба такі ўжо ён рэдкі,

Каб кідацца на аб’едкі, –

Нават і з гонарам, можа?..

Ну, калі гэтак – тады

Дапамажы вам божа

Сораму змыць сляды…

СУМЛЕННЕ

О, гэта будзе здзіўленне:

Сустрэць на тым свеце сумленне.

І не чыё – а сваё!

І трэба ж так, ё-маё!..

Жыў, пры сумленні быў,

Ды дзесьці яго згубіў.

Спярша пашукаў… Не знайшоў.

Ды так ні з чым і пайшоў…

А потым забыў наогул –

Без гэтага клопатаў многа…

Здаецца, й жылося няблага –

Ды вось жа знайшлося, бадзяга!

Знячэўку аж стаў на калені:

–Даруй! І прабач мне, сумленне!

Маўчыць. І глядзіць, нябога, –

Няйначай, як на чужога…

–Ты што, не пазнала мяне?!.

Пазнала…

Даруе ці не?

ПАСЫЛКА

Каб дні не адзінока чуліся,

Каб не забыў, хто я такі, –

Мне пасылае Бог з Мачулішча

Зрэдзьчас у рыфму два радкі…

Сёння:

Усё, што здараецца, не паўтараецца,

Але да канца жыцця адгукаецца.

2018

ВОСТРАЎ

Ад вас, дэбаты з грызнёю вострай

І пасядзелак бяздумны шал, –

Я ратавацца збягаю на востраў,

І гэты востраў – мая душа.

З МУЗАЙ НААБМЕН

Не я віноўнік – ты пайшла сама

Ў агонь ахвярны без багоў і правіл.

Згараеш так, як бы цябе й няма

І не было, - ні ў мроях, ні наяве.

Пайшла, – як сонца пробліск вечаровы.

А наўзамен мне – рэхам – словы… словы…

ДАРОГІ

А куды вядуць тыя дарогі,

Дзе людскія не ходзяць ногі?

Ні слядоў на іх, ні каляін,

Ні прасткоў да іх, ні сцяжын,

Неадхільныя, не крыжавыя –

На грудзях зямлі нажавыя.

А хто ходзіць па тых дарогах? –

Не пытайся: не скажуць нічога.

Бо дарогі ўжо самі ходзяць,

Каб грахоўную памяць прыводзіць…

ПЕРАД ЛЮСТЭРКАМ ДУШЫ

Бедныя мае кніжачкі

/А гэта не грэх –хацець/,

У том пасяліўшыся, крышачку

Хочуць пабагацець.

Скінуць апратку гаротную,

Каб пазалочаны том

Не паказаў адваротную

Дарогу, як знатны дом.

Што ж, сам на волю іх выпусціў

І не пярэч, а яны

Зычаць пры тамавітасці

Росту вагі і цаны.

“Крэсіва”, “Нача” з “Сялібаю”,

“Лукам’е” і “Крутаяр”…–

Не спакушайцеся німбамі –

Нам бы не зганьбіць тавар…

Не чапурыцеся, родныя:

Сціпласць – не з горшых убор.

Небу ўсе пораўну годныя

Між зорачак, зорак і зор.

Побачкі стаць не наровячы,

Нам бы засвоіць урок:

Помніць пра Багдановіча

І пра ягоны “Вянок”.

Кніжкі вы ўсё ж, а не лялечкі,

Нечага богу грашыць, –

Так ім кажу, падстаўляючы –

Кожнай – люстэрка душы…

ШТО КАМУ…

Вашай бы хеўры –

Даляры ды еўры.

А нам бы? А нам бы –

Харэі ды ямбы!..

КАЛІ Ж…

Тады дзіця чалавекам становіцца

З бяссмерцем у генным канверце,

Калі са здагадкай аднойчы дамовіцца,

Што можна яшчэ і памерці.

А калі ж чалавецтва дойдзе да ісціны,

Што ў свеце яно толькі каліўца,

І з несусветным карыслівым высцягам

Рыхтуе сабе зямны апакаліпсіс?..

РАЗМАЎЛЯЮ З АДСУТНЫМІ…

Размаўляю з адсутнымі.

І кожны госць

Робіць выгляд з парога

Знаёмца старога:

Маўляў, і мы прыкідвамся,

Што мы ёсць,

А нас тут няма

Ці й не было, пакуль што, наогул…

АДНАК…

Тусуе словы так і сяк, –

Аднак…

Аднак – не Пастэрнак!..

ТВОРЧЫЯ ПАКУТЫ

–Не піла я і не ела –

Не давала спаць газела…

Абураўся і паэт:

–Спаць і мне не даў санет.

Скасавала ноч прычыну:

–Памяняцца трэба чынам,

Бо прычына ў вас адна:

“Ён” і “ён”… “яна” й “яна”..—

І з наступствам творчай сілы

Гэтак нанач запрасіла:

Каб з газелаю санет,

А з паэткаю – паэт!..

ЗАЛЁТЫ

Палюбоўна байкі баяць,

Так і вяжацца са шлюбам, –

Не , каб трошкі хэнць убавіць,

Каб спытаць, а ёй што люба.

З веку ў век: на заглядзенне,

Ды для вас – не на выданні, –

Не зудзіце ж: “Do widzenia!”,

Не гукайце: “До свиданья!”

Кіньце марныя патугі

І залёты-заляцанні:

За цукеркай будзе пуга,

Будзе! – і няма пытанняў…

Як надзеі безнадзейнасць,

Як пагаслых зор свячэнне…

“До свиданья?..”, “Do widzenia?..” –

І маўчыць “Да пабачэння”…

х х х

Не будзе нас – і памяці не будзе…

І ўсё ж прабач, што я цябе забыў.

А ты мяне, напэўна, не забудзеш,

Бо не сабою – я табою быў.

ЛЕСАСЕКА З ПЫТАННЕМ

І што гукаць у паплечніцы

Славу – гульню быстрацечную,

Калі дні, як дрэвы, радзеюць,

Калі ўжо стаіш перад вечнасцю,

Дзе стане падзел недарэчнасцю

На геніяў і зладзеяў…

ШТО Ж З ЯГО?..

Як пацалунак былы –

упадоблена

перацалаваны,

як гарнітур –

не з пахвалы,

а з беднасці –

пераніцаваны, –

так і верш, зноўку роблены,

“перабелены”, перакасаваны…

Што ж з яго? –

калі раз-назаўжды

пацалунак даецца…

Ну а рыззё?

А рыззё

рыззём застаецца…

ДЗЯДЫ

Дзяды не дачакаліся мяне –

Я іх не бачыў, і яны не зналі,

Чый цень над іх магілай прамільгне,

Каб памяці пра сонца не гублялі,

Каб нагадаць ім, што яно жыве,

Што мы жывем, і што яны жывыя –

Святлом, якое цемру небыцця ірве, –

Нам бласлаўляць дарогі крыжавыя…

НА ВОСТРАЎ МІЖ ПОЛЯ…

Самота, як звон, над сялібаю,

Насустрач ніхто не памкне.

На востраў між поля – не схібілі –

Усе адплылі ад мяне.

Маўкліва нябёсы схіляюцца

Над снамі пясчаных грудкоў, –

Як сведчанне: не вызваляецца

Ніхто з іх падземных акоў.

І толькі як свечкі астральныя

З малітвай, каб Бог паспрыяў,

Бярозы гараць – незгаральныя, –

Бяздомная памяць мая…

17.04.2018.

Раданіца

х х х

Не кувай ты, шэрая зязюля…

Максім Багдановіч

Паміраў і думаў: “Не самотны…

Кніжку маю ад Марціна Кухты…”

Толькі шлях – як вырак – незваротны

Быў да родных ніў ад Сіняй бухты…

Завязаў вянок дарогу лёсу:

Колькі не ідзі – усё па крузе…

Ападае палатно на росы –

Беліць кужаль недзе там на лузе.

А ў яго – асноваю і ўтокам –

Тчэцца год за годам, і тканіна

Высцілае ў вечнасць шлях далёкі:

Маці Беларусь чакае сына.

А ці дачакаецца – не знае.

І не прыляціць куваць зязюля.

І сыны астатнія гадаюць:

А ці твой грудок там агарнулі?..

17.04.2018.

Раданіца

ПАДАРОЖНАЕ

Не тое, што зацяты дамасед, –

Запеччам я, крый божа, не хвалюся:

Не супраць я пабачыць белы свет,

Але ў перакаці-поле не гаджуся.

Хто на зямлі, хто ў небе, а хто звыш…

А я ў сабе: даў Бог мне быць сабою.

Я сам сабе і Лондан, і Парыж,

І нават Вашынгтон, калі на тое!..

Дарога пачалася ад парога.

І на парог вяртаецца дарога.

А той парог да сэрца, і мяне

Дарога ў сто дарог не абміне.

ЗУБРОЎКА

Hierochloe /лац./ – любімая травіца

Алега Антонавіча Лойкі.

Не адстала і не апярэдзіла

Нас узростам юнацтва пара, –

Скажам так: залатая сярэдзіна –

Нібы знак залатога пяра.

Сябра ў вершах, настаўнік на лекцыях, –

Воблік твой у адно паяднаў.

Творчы дух, не падлеглы карэкцыям,

У нябёсах натхнёна лунаў.

Ды не славай забранзавелаю

Твой жыццёвы значыўся лад:

Спісваў кафедры заімшэлыя

На вяселлях студэнцкіх сват.

Не нудзеў і на зборках сяброўскіх –

І як сам алімпійскі бог

Трактаваў па кілішку зуброўкі,

Каб ніхто не застаўся без ног.

Каб прычасце гаюча-зубрынае

Зноў у Слонім вяртала гасцей,

Ты дзяліўся сакрэтам з сябрынаю:

Вёў у кут, дзе зуброўка расце.

За альхоўнікамі, за ажынамі

Зелле ёсць – разагнаць нуду…

Быццам зноўку тымі сцяжынамі

Па таемную траўку іду…

А калі і вазьму прытоена

/Іншы раз ад самога сябе/,

Дык і ўспомню: “Алег Антонавіч,

З добрай памяццю пра цябе!..”

БЕЗДАПАМОЖНАСЦЬ

…ураўнаважаная, з устойлівай псіхікай і моц-

ным характарам…

…належыць да групы з высокім інтэлектам…

…рашучасць і самастойнасць, шчырая аддадзе-

насць чалавеку, нянавісць і агрэсія ў адносінах

да ворага…

…гэта асоба…

І ўсё гэта – пра яе: водгукі пра

каўказскую аўчарку…

Я помню, як плакала Віка

/Віка, Вікторыя, – пераможца!/.

Плакала, пабачыўшы бяссілле ў маіх вачах.

Яна верыла, што я ўсемагутны, –

Што я дапамагу ёй.

А я не мог…

Я быў роўны з ёю –

Смяротнай часцінкай

Несмяротнай, вечнай прыроды…

Віка памірала, –

Хутчэй за ўсё атручаная…

І плакала аб маёй бездапаможнасці…

Я помню тыя слёзы...

ПРА ВУЧНЁЎСТВА…

Ці гэта заведчанасць генная,

Ці свербам навацый абдзелены?

Ні бляску, ні шарму багемнага…

Няўжо адстаю безнадзейна?..

Бяссэнсіца сэнсу адловы

Ўчыняе. Засіленай птушкай –

Пытанне: пачаць “пад Арлова”,

Ці йсці да Разанава “ў служкі”?..

А я ўсё і ў леса, і ў поля

Вучу не тату трафарэты, –

Сваёй давяраюся волі.

Дык, можа, й спыніцца на гэтым?

І дзякуй за татуіроўку:

Яна ў мой радок не ўразаецца, –

Няхай сабе будзе “арлоўкай”,

Няхай нават будзе “разанаўкай”.

Прабачце мне, рыфмадарадцы,

Дармовых “вучыцеляў” плойма…

Як прагнецца – без дэкарацый!

А лепш – без абдымкаў абоймы!..

ЯК ЦАР НАВУХАДАНОСАР…

Вось так бы, як цар Вавілонскі

Навухаданосар-Набука,

Аднойчы ўзмаліцца не войску,

А рабства спасцігнуць навуку.

Пачуць іудзеяў палонных

Малітву і плач аб радзіме.

І волю рабам Вавілона

Абвесціць пад Богам адзіным.

Царам /ды, між іншым, і іншым/

Даць прыклад на тысячагоддзі…

Ды толькі пустуе ніша:

Такія цары не прыходзяць…

МУЖЫК

Хоць і не габляваны,

А наўздзіў задзівіўся:

–Ці паны балявалі?

Ці свінні пасліся?..

УСМЕШКА

Ледастаў, ледалом, ледаход –

І ніколі наадварот.

Растае, што на сэрцы стыне,

І аднойчы адхланнем хлыне.

О нябёсы, з якой прычыны

Вы і мне гэты кон залучылі, –

Не ўгадаць, дзе арол, дзе рэшка… –

А хапіла адной усмешкі…

ПАРУКА

Дрэвы, брацця мае векавечныя,

Лес, нам Богам пакінуты райскі куток,

Каб зрэдзьчас мы згадалі шляхі чалавечыя, –

І куды забрылі мы, і дзе наш выток.

Скрушна думкі мае выбачаюцца,

А натура ліпіць на грахоўных паях.

За душу маю кожнае дрэва душою ручаецца,

А ў адказ пакідаю ім кольцы на пнях…

Сам сябе суцяшаю лясною малітваю:

Векавечныя, – значыць, суду непадлеглыя?

Ды выпрошваць у вас не збіраюся літасці,

Не прыходжу спытаць: дзе па-райску пялегуюць?

А спытаць: дзе той шлях, што нам Богам давераны?..

Не шкадуйце ж тады нас, аблуднікаў, дрэвы,

Што ўварвалі без раю: скварка з чаркай адмераны,

І на кожнага д’ябла – спакусніца Ева.

х х х

Няўмольна карацее час –

Не надтачыць, не ўдоўжыць росцежам:

Ён меркі зняў з цябе якраз, –

Відаць, адно і засталося ўжо:

Дабром згадаць зямныя дні

І папрасіць: “Душа сусветная,

Не грэбуй, злітуйся, прымі

Сваю часцінку непрыкметную…”

ЯК СТАРЫМ ЖУРАВАМ…

З кожным годам мялее рака,

З кожным днём берагі вузеюць,

І крыніца з душой хлапчука

Забруснела ў балотную зелень.

Не прабіцца ёй з зарасці той…

Тут і я, хоць душою балотнік,

Не хачу, каб з крыніцы святой

Рэха ў твань пайшло беззваротна.

Верыць хочацца /Бог дараваў/:

Нешта ўсё ж заставацца павінна, –

Каб хоць так, як старым журавам

Памяць крэўная пра журавіны…

ШКАДАВАННЕ

Музычны жарт

Мне лёсам звязацца б з музыкай:

Я таю сняжынкай у гуках, –

Не тых, што папсою тузаюць,

Крыўляючы ногі і рукі…

Мне ёсць з кім спатоліць эмоцыі –

Без гвалту, без таннай рэкламы:

Чайкоўскі… Бетховен з Моцартам…

І Лучанок – таксама…

Мне ёсць да каго прыслухацца,

І сам мог бы стаць выканаўцам,

Ды мушу прызнацца са скрухаю:

Падводзяць уласныя пальцы.

Пальцы ў мяне не музычныя –

Не фартап’янна-скрыпічныя:

Пальцы ў мяне мужычыя,

Да касы і рыдлёўкі звычныя.

Такія ўчэпіста-моцныя,

Такія каржакаватыя, –

Прабачце, “Сальеры з Моцартам”, –

Хіба ж яны вінаватыя?!.

Спяваю…Узяць мог бы й голасам, –

Хаця б у якім-небудзь шоў.

Ды голас з рыфмаю змовіўся –

У слова ён перайшоў.

ПРЫРОДЫ НЯДРЭМНАЕ ВОКА…

Прырода мудрэйшая за мяне,

Аднак не глядзіць звысоку,

Увагай сваёю не абміне,

Не пройдзе бяздушна бокам.

Бо як жа іначай: душа ў душу

Мы з ёй у адзінстве крэўным.

Прыроды ўсе коды ў сабе нашу –

Ды я ў яе не пад’ярэмны.

Прырода па-свойску не песціць мяне,

Каб я да ўсяго быў гатовы:

То ласкай сваёю мяне ахіне,

То ўчыніць іспыт суровы.

Законы прыроды не чыняць здзек.

Каб праўдзіцца Боскім урокам,

Напэўна, і створаны чалавек –

Прыроды нядрэмнае вока.

КРЭДА

Валадар Усяісны

Мой зацвердзіў Статут:

Веру першаму камуністу

Іісусу Хрысту.

ІЛЮЗОРНАСЦЬ

Ходзіш,

А пад нагамі няма зямлі, –

Сэнс блукае

Ў няўцямным жыцці…

Лётаеш?

Але – каб жа крылы былі!..

Без крыл не ўзляціш…

Сееш літары-зерне –

Ні глебы і ні раллі, –

Толькі вырак:

Зярнятам

Не прарасці…

АДЛЯЦЕЛІ…

Адляцела ў нябёсы бяроза,

Пень пакінуўшы мне: дакорам,

Напамінкам, а можа, пагрозай, –

Ды яшчэ й на сусетны сорам.

Быў з бярозай маёй нароўні

Шпак, вясны абвеснік крылаты.

Хто цяпер немату запоўніць

Над маёю бяскрылай хатай?..

Не ўбярог я цябе, бяроза,

Не ўстаяў перад хцівым суседам, –

Спілавалі… Жыцейская проза…

Адляцела і песня следам…

Аб адным завірухі люцелі,

Як спявалася нам, як жылося…

Вы куды, шпакі, адляцелі,

Што ад песні той засталося?..

ЧАРВЯЧОК

/З натуры/

Праўнук Сярожка злавіў чарвячка.

Дакладней, можна сказаць, яны сустрэліся.

Не ведаю толькі, хто каго сустрэў:

Сярожка чарвячка ці чарвячок Сярожку.

І яны адразу пасябравалі.

Пра нешта шапталіся, хадзілі неразлучна,

Сярожка частаваў сябрука сунічкай,

А перад ад’ездам збудаваў яму хатку –

Тут жа, пад сунічнай лісцінкай.

На развітанне сказаў:

“Бывай, чарвячок!.. Да сустрэчы…”

Ды ноччу ўзняўся вецер, хлынуў дождж.

Знясло чарвячкову хатку…

А сам гаспадар кудысьці схаваўся.

І не адгукаецца. З перапуду, напэўна…

ВЕЧНА

Дзе тыя зачыны,

Дзе тыя прычыны, –

І ніхто –

Сам Бог –

Не аспрэчыць

Жанчыну

Вечную,

Што трымае мужчыну

Між анёлам і д’яблам

Вечна.

НАЧЛЕГ /з 29 на 30 верасня 2018 года/:

РАЗМАЎЛЯЮ З ПЕГАСАМ…

На зямлі пара такая ёсць –

Восенню ў людзей яна завецца, –

Дзе ўжо я ні гаспадар, ні госць.

На атаве ўжо мой конь пасецца.

У стагах даўно наш першы ўкос,

Спіць гадоў пластамі першатраўе.

Што ж, з той пашы не ўцяжарыш воз,

Ды на крук вуздэчку не сабраў я.

Не, не ўпрост адлетавалі мы,

Не ўпікне знянацку час агледзін,

І не ўлегцы да варот зімы,

Хай сабе здарожана, прыедзем.

Восенню ашчаджаны папас

Хай і не ў запас, а не змарнуем.

Гэты мудры час якраз для нас,

То давай трымацьме спраўнай збрую.

Глухне поле, і цішэе лес –

Абнаўлене йдзе праз адміранне.

І які нам, косю, інтарэс

Да зімы прасіцца на ўтрыманне?!.

Гэта па-сялянску акурат:

Калі восень хоць што-небудзь мае,

Дык і студзень нам і кум і сват,

І зіма тады здаецца маем!..

ЖАДАННЕ

Каб мне кабан, ды хлеў,

Ды й выканаўца спраў, –

Я сала б з салам еў

І на саломе спаў!..

КАЛІ СВЯТКУЕ ЛІСТАПАД…

1. Каса

Усё прайшло, не ўсё збылося…

Адна каса, і я адзін, –

Як дзень апошні на пакосе:

Дабіць апошняй пожні клін…

2. Успомніш…

Калі святкуе лістапад

Апошні ліст, як радасць;

Калі дымок з надрэчных хат

Плыве за далягляды;

Калі гісторыя цячэ

Ужо не ў твой кірунак, –

Расінкай лёгкай на шчацэ

Успомніш пацалунак…

3. Здаецца, вечнасць…

Здаецца, вечнасць да апошняй

Той жменькі жвіру з глыбіні,

Што на расстанне ледзь не кожны

Паспешна кіне з вышыні.

“Здаецца, вечнасць…” – дайце ж веры

Хоць жменьку, будучыя дні,

Калі замкнуліся ўжо дзверы

Тых, што ў адвечнай цішыні.

Яны і цвердзяць мне маўкліва,

Што вобмаль вас на доўгі век,

Што з кожным днём вузее ніва,

І падскрабае плён засек…

ДАМАВІНА ДРЭВА

На высечанай палянцы

Маладняку пасевы,

І ранак у сонечнай шклянцы

На дне з успамінам пра дрэва.

І пень – нібы помнік дрэву…

А дзе ж яго дамавіна?..

Маўчаць палахліва пасевы.

Няма. Бо згарэць павінна.

х х х

Як бы не пратэставала

Цела знікненню зямному, –

Душа нязгодна шукала

Шлях спаконвечны: дадому.

ВЕЧАР

Бяссонечным ценем вечар

Ступае маімі слядамі.

Асенняму дню на плечы

Апошні лісток ападае.

Бяроза прасветленым веццем, –

Як свечка: вясне памаліцца.

І з поля бяздомнага вецер

Шукае, дзе прытуліцца…

ШКОЛА

Да 90-годдзя акадэміка Радзіма Гарэцкага

Гэта факт: ёсць Гарэцкіх школа.

І Радзім – яе выхаванец:

Летуценны шукальнік-геолаг

І ў пісьменніках не навабранец.

Як зямныя пласты перагортваў,

Як скараў таямніцы глыбіняў,

Так і кніг выпраўляў кагорту

На агляд Францішку Скарыне.

Не прывык кабінетна грэцца

У палоне вучонасці вузкай –

Летапісец роду Гарэцкіх,

А тым самым – шляхоў беларускіх.

х х х

Гэта кон: да мяне была вечнасць,

Тая ж вечнасць будзе пасля.

Гэта кон. І яго неаспрэчнасць

Не ў лагодзе з душой Васіля.

І ў сусветным строгім парадку –

А куды, і няўжо ў небыццё,

І адкуль? – перакінута кладка,

Што завецца маім жыццём?..

СУСВЕТЫ

Праз тлумныя зімы і леты,

Дзе кожны дзень, як абрыў,

Імкнешся спасцігнуць сусветы,

А сам сябе не адкрыў…

БЯСКНІЖЖА

…И сам себе себя читая…

Ігар Севяранін

З якіх краёў, з якое далечы

Верш прылятае да мяне

І, сам сабе сябе чытаючы,

Жыць, нібы зажыва ў труне?

Прапіску на касмічны хутар

Аформіў і /як спеў спяліць/

Бяскніжна пасяліў камп’ютар, –

Ні пахаваць і не спаліць…

2019

ДАРУЙ…

У кожнага свой грэх.

І ўсе цяжкія.

І ўсе з надзеяй молімся

І даравання просім.

І ўсім няўцям,

Як цяжка Аднаму,

Бязгрэшнаму,

Пад гэтай ношай…

Даруй нам, Божа…

ЭКСПРОМТ

Калі, о Божа барані! –

Адна – пануе ноч над светамі,

Давай успомнім тыя дні,

Калі і мы былі паэтамі.

Ты мне сказала: “Любы мой…”,

Я адказаў табе : “Каханая…”, –

І ўсё! І ўсё само сабой

Было, як рыфма нечаканая.

ПАРАЛЕЛІ

Гэта свет перасечаных паралеляў:

Дзе спатканні былі, там слупы крыжавыя,

На дзвярах недаверу замкі азвярэлі,

Ад жывых у магілу ўцякаюць жывыя…

БАЖЫНКІ

Зімні дзень – як дасвецце

Над ракой у туманнай імжы.

Прытаіўся мароз. Нават вецер

Недзе ў лесе прытулле абжыў.

А з нябёсаў сняжацца сняжынкі –

Як ад Бога – з душой трапяткой…

Дзякуй, дзякуй вам за неспадзеўку, бажынкі:

За цішыню і спакой…

БЯРОЗЫ

Плакучыя, – пэўна, за тое

Для смутку і выбралі вас:

Схіляцца над вечным спакоем,

Зямны апярэдзіўшы час.

Лясным не зайздросцячы сёстрам, –

Хай вольніцца ім у жыцці! –

Вартуеце памяці востраў:

Не выйсці, а толькі прыйсці…

Сябруеце толькі з бядою –

Яе тут пануе рука.

Нялёгкая служба і доля:

Не жыць, а кагосьці чакаць…

УСІМ, З КІМ ЛЕТА СВЯТКАВАЎ…

Не возера – а сонечны навар:

Кіпіць – а хвалі ў пырсках ружавеюць, –

Скульптурнай лепкай ліпеньскі загар

Мастачыцца, каб торсы бранзавелі.

Вяршыня лета – як вячысты звон

/Вяршыні любіць услаўляць прырода/, –

А мне здаецца, што даецца ён,

Каб з летам развітацца назаўсёды.

Шкада вяршыню пакідаць, ды час

Рыштунак сціплы рыхтаваць на восень.

І ўсім, з кім лета святкаваў, якраз

Падзякваць час, – адно і засталося…

СЛЯЗА

З гадзюк пяршынствуйце гюрзу

І моц атрутную патройце,

Каб ацаніць з вачэй слязу

Сентыментальнага забойцы.

КАСМІЧНАЕ

Каметы вогненная цвердзь,

Што нам нясеш? Жыццё ці смерць?

Ці раскалоць жадаеш шар –

Прытулак амбіцыйных мар,

Каб на кавалачку зямлі

Мы самі ад сябе ўцяклі?..

СЛОВА

О Божа, схіліся да нас, падкажы,

Якое ж тут трэба слова,

Якое – ахвярна – распяць на крыжы,

Калі мёртвым вяртаюць мову?!.

ЧЫТАЮЧЫ Р. КІПЛІНГА…

У закутках кніжных паліц патрапіўся томік Р. Кіплінга,

а ў ім – закладка /мая колішня візітоўка/ са строфамі:

“О, Захад ёсць захад, Усход ёсць усход…” –

Усклікнуў аднойчы Кіплінг.

І толькі мы, мой пакутны народ,

Не знаем, куды прыліпнуць…

З Усходу кліча вялікі брат

Адзінствам сям’ю памножыць,

А з Захаду цягнецца гжэчны сват

З абдымкам “ад можа да можа”…

О. Захад ёсць Захад, Усход ёсць Усход,

А ў цэнтры – стагоддзяў імпрэза,

Дзе сведчыць з удзячнасцю мой народ,

Як напал душу сваю рэзаць…

5.12.1993.

ТЫ ПРЫЙШЛА…

Юнай іспанцы, якая ўлюбёна вывучыла

беларускую мову, піша на ёй вершы, –

словы з іх праменяцца тут паэтычнымі

святлінкамі…

Год – дзве тысячы дзевятнаццаты,

Нумар часопіса – першы:

Паэтычная каранацыя –

Дэманструюць дзяўчаты вершы.

Гэта ў іх задума такая?

Ці проста выпадак з хітрынкай:

То верлібрам, то рыфму гукаюць

Дзве Вольгі і Кацярына.

І – “няўзнак”: “Я прыйшла з ніадкуль…” –

А дакладней сказаць: прыляцела –

Беларусі дажджынкаю на шчаку –

Эспіноса Руіс Анхела.

“Я прыйшла з ніадкуль мімалётным святлом,

І раптоўнай натхнёнаю думкай,

Лёгкім подыхам, сном – я прыйшла з ніадкуль:

Уся вечнасць адным пацалункам…

Я прыйшла з ніадкуль – і твой дождж палюблю,

Тваю цемру, балота, туманы…

Вось адзіны мой грэх: я прыйшла з ніадкуль,

Пакахала цябе я зарана…”

Ты прыйшла –

Беларускай зямлі паслужыць,

Ты прыйшла да першаасновы –

Каб забыўлівым сцвердзіць:

“Беларусь будзе жыць…

…там, дзе памяць, дзе мова…”

Ты прыйшла –

У стыхіі марской з-пад крыла,

“Нібы з грому”, – як водгулле землятрусаў…

Чыстакроўнай іспанкай з табою прыйшла

Беларуская мова да нас, беларусаў.

Дабратворнай хай будзе дарога твая –

Не пытайся: “Дазволь мне застацца…”

Ты на покуць прыйшла – не ў парозе стаяць.

Ты нам крэўная – што тут пытацца!..

Пачувайся, Анхела, – свая між сваіх!

Добры знак над тваім прышэсцем!..

І пабольш бы даў Бог нам іспанак такіх –

З-пад Гародні, з-пад Менска, Бярэсця!..

ВЯСНОВАЕ ПЫТАННЕ

Выбачаючыся, – перш за ўсё ў самога сябе,

за самапаўтор тэмы, – баліць…

Сам не веру сабе:

“Ну няўжо, я аглух?!.”

Надакучыў сябрам у дапытніцкай ролі:

А каму з іх вясною, пасля завірух,

Слухаць жаўранка спеў

Давялося над полем?

Той званочак,

Што зоркай блакітнай трымціць

І з высокае самае ноты –

Ну куды ўжо вышэй?! –

Раптам долу ляціць, –

У піке! –

З трэллю

Шчасця палёту!..

Глухне неба над намі дзесяткі гадоў,

Ці нядужымся самі “хваробай вясновай”,

Калі слых за зіму глухамань гарадоў

Адбярэ,

Каб вярнуць цішынёй адмысловай?..

Ты чаму не ўзлятаеш,

Званочак-жаўрук?..

А здагадку прынесла

Мыш палёўка-нарушка:

Ён чытае падручнік хімічных навук

Пра хімічную песню прахімічанай птушкі…

ЗЛОЎЛЕНЫ

Ксціўся,

Маліўся –

На печы спаць масціўся.

І не прачнуўся,

І не прыкмеціў,

Як апынуўся

Ў суседавай клеці.

ДЗЕ ПЕСНЯ…

Валянціне Карэлікавай –

з удзячнасцю за Лучанкоўскую

“А гара з гарой…”

Каб сонца свяціла і ў змрок,

І сніліся светлыя сны,

Каб шчодрыўся райскі куток

Хаця б на краёчку вясны;

Каб ззяла ва ўсмешцы сляза,

І ў студзені кветкі цвілі, –

Напэўна, сам Бог падказаў

На гэтай пакутнай зямлі:

–Спявай, Валянціна, спявай:

Дзе песня, там будзе і рай!..

РАТУЮСЯ…

Маўчыць непрыступны Парнас,

А творцы з уласных “парнасікаў” –

Хто свой! – прапануюць абраз…

Ратуюся лесам і класікай.

НАВЕЧНА СНЕГАМ…

Твая рука ў маёй руцэ,

Вясна й на перадзім’і з намі.

Слязінка шчасця на шчацэ

Яшчэ аб горычы не знае.

Ільдзінкі весела звіняць

Пад лёгенькім абцасам.

І каб цябе пацалаваць

Занадта ветрык ласы.

Я прытулю і засланю

Не толькі ад свавольніка!.. –

Наўспрэч любому насланню

Была наіўнасць школьніка…

І не чакалася зусім,

Што песня здрадліва змаўкае,

Што халады – раскоша зім –

Яшчэ й вясною прычакаюць.

І што на доўгія гады

Планіда выпадзе скупая,

І тыя хрупкія сляды

Навечна снегам засыпае…

ЧАКАЕ…

Нудзее народ, як нудзеў,

І ўсё адказу чакае:

Ці той дарогай ідзе,

Ці тую праўду шукае?..

ХТО КАГО?..

Абурыўся апарат:

Што там гне электарат?

“Падвялі, падвялі:

Абяцалі – не далі…”

Толькі й чуеш “даць” і “даць”, –

Але дзе той “даць” узяць?!

Ці не знаеце, мабыць:

Яго трэба зарабіць!

Вось як мы: не на паказ

Завіхаемся для вас.

Службу ў смак спраўляем

І за гэта маем.

А ў адказ – не спачуванні,

А адлуп за абяцанні…

І нарэшце апарату –

Толькі тым і вінаваты –

Знелюбеў электарат:

Просіць, бач, занадта шмат!..

Ну а той – электарат –

“Падвялі, – адно гудзе…–

Гэта мой быў недагляд.

А цяпер – аддай мандат! –

Паглядзім, які ты хват:

Хто каго падвядзе?!.”

ДВОЕ

Бывае ж гэтак: абуджэнне

Прыносіць подых засмучэння.

І сэрца сціснецца тугою,

Нібы там штосьці дарагое

Пакінуў моўчкі на пакуты,

І так шкада слоў непачутых

І неспазнаных летуценняў,

Што мне адкрыцца так хацелі…

І адчуванне ўжо такое,

Што не адзін ты, а вас двое,

І досвед тоіцца шчымлівы,

Як быццам там і пачалі вы

З самім сабою разбірацца,

Ці варта ў гэты свет вяртацца…

ПЯРЭДАДЗЕНЬ

Ні страмнін, ні пачуццяў вострых,

Свет не свет – без аховы турма.

Пасялілася сэрца на востраў,

Да якога дарог няма.

Толькі плынь халодных бяссонняў,

Дзе згубіў вытокі працяг.

І што ўчора было, будзе й сёння, –

Як пярэдадзень небыцця…

УСЁ Ж БЫВАЕ…

І ўсё ж вясна бывае, –

Дае мне вестку шпак.

Яго прылёт вітаю

І песню – добры знак,

Што змоўклі завірухі,

Падвей адгаласіў…

Цяпер сядзі і слухай,

Знявераны Васіль,

Што ўсё ж вясна бывае!..

Адно няўцям шпаку:

Вось хто яе трымае

І на якім замку?!.

КОД ГЕНІЯЛЬНАСЦІ

Цяпер такія геніі пайшлі,

Што фору могуць даць вякам наперад.

Ідэі пруць, як месіва з квашні, –

Такі адолеў геніяльны верад.

Усе ўсім геніяльную лухту

Даводзяць па чыноўнай вертыкалі,

Электралямпачкі падвешваюць крату,

Сталоўкам план даводзяць на фекалій.

Ідэя геніяльная ў цане –

Абы паверыў люд электаральны.

А той, хто верыць сам сваёй мане,

Той самы паміж самых геніяльны!..

НА СХІЛЕ ДНЯ…

Ёсць гэты момант

На схіле дня:

Адзін – нікому –

Ён мне радня.

Яго чакаю,

Як з небыцця:

Аброс вякамі

Вякоў працяг.

І мне здаецца:

Са мной тады

Ён застаецца.

І назаўжды.

Вякоў валоду

Каб разгадаць,

Яму я згодны

Душу аддаць…

А дзень згасае

Як вырак наш.

Няўжо мы й самі

Ўсяго міраж?

Хто сілу мае,

Каб нас злучыць?

І я не знаю,

І ён маўчыць…

ПРАБАБКА ГАННА

Кажуць, прабабка Ганна

І мудрай была, і добрай:

Нявесткі не зналі заганы,

Калі сынам даспадобы.

Не ведалі звады ў хаце –

Ні за сталом, ні ля печы.

Была ўсім як родная маці, –

А хто таму запярэчыць?

І цешыўся прадзед Даніла

Яе душой неспатольнай:

Яна б увесь свет засланіла, –

Вы толькі дайце ёй волю!..

Даўно ўжо пра-пра-магілы

Час зраўнаваў без лапаты,

А тут між травы пахілай

Каменьчык ляжыць зухаваты.

Кажуць, гэта нявестка,

Малодшая самая ў Ганны,

Яго ва ўзгалоўе прынесла,

Каб не тапталі нагамі.

Адзначыў нашчадкам магілу –

Няхай жа хоць тут ды збочаць.

А дзе ж ён побач – Даніла? –

Не знаюць і знаць не хочуць.

І вось – ні кроплі папроку –

На памяць нядбайную гэту

Каменьчык спагадлівым вокам

Глядзіць з нязнанага свету…

КЛОПАТ

Плакалі. Усе: ад ветэранаў

І, здаецца, аж да немаўлят.

Як жа перажыць такую рану,

Найцяжэйшую з усенародных страт?..

Плакалі… Яшчэ і сёння слёзы

Згадваюцца плакальшчыкам тым.

Ды ўжо рата іх ужо й абозы

Пакідае ў выраі святым…

На палях гісторыі праталіны:

Ні снягоў, ні ўсходаў не відаць.

Адыходзяць плакальшчыкі Сталіна.

Трэба плакальшчыкаў новым рыхтаваць…

НІЧОГА

Нічога не прасі,

Не траць сябе самога:

І почат аддасі,

І не дадуць нічога.

З ВЕЧНЫМІ – У НЯБЫТ?..

З вечнымі – у нябыт, –

Няўжо гэта Твой іспыт?

Закрэсліць Боскай рукой

Слова з пачаткам “Бела-“?..

Божа, на мове якой

Буду незразумелым?..

х х х

Я так баюся ведаў,

А ўсё ж карціць пазнаць,

Якім апошнім следам

Ты прыйдзеш пагукаць.

Ты, вечнасці адсутнасць,

Што нам дае жыццё,

Ты, нараджэння сутнасць

І шлях у небыццё.

Не знаем аб прысудзе –

Ні грэшны, ні святы.

А ўсё ж – спатканне будзе, –

Пазнаць: якая ты…

х х х

Пад акном дзве сястрыцы-бярозкі

Расквітнелі асенняй красой,

Быццам радасці адгалоскі

Мне прынеслі з казкі лясной.

Ды як ветрык ледзь-ледзь патрывожыць, –

Пад акном – не ў далёкіх гаях, –

Асыпаецца – дол упрыгожыць,

Асыпаецца радасць мая…

ВАСІЛЁМ ЗАСТАВАЦЦА…

Як пачаць бы мне занава –

Хай сабе “ад Адама”, –

Не хачу быць Разанавым

І Арлоым таксама.

Слава хлопцам-шукальнікам, –

Хай і ўсклень ім і цераз…

Я з уласнага шкаліка –

У мяне свой інтэрас.

Не хвалою расчуліцца,

Не прынадай авацый –

Мне б Зуёнкам-мачулінцам,

Васілём заставацца!..

ПРАДЧУВАННЕ

Калі маўкліва дзень на ноч

Схіляецца ў журбе,

Здаецца, ад сябе наўзбоч,

Разгадваю сябе.

Здаецца існае маной,

І я зусім не я.

І ўсё, што сёння ёсць са мной,

Планіда не мая.

Здаецца, страчанае зноў

У сэрцы прарасло

І зразумець усё без слоў

Імгненне надышло.

х х х

Бальней чым зруйнаванае каханне

Бязлітасная памяць пра яго:

Тапельца вырак – плыць без берагоў,

Свядомасці апошняе дыханне…

ПАЭТЭСА

А.А.А.

Яе дзялілі Бог і бес.

Каго ж яна адольвала?

Грашыла згодаю цялес,

А вершамі замольвала.

Ці вось гэтак /пазбягаючы рускамоўнага “бес”/:

ПАЭТЭСЫ

Бог з д’яблам дзеляць паэтэс.

Каго ж яны адольваюць?

Грашаць спакусаю цялес,

А вершамі замольваюць.

ПЕРАД ЖЫВЫМІ…

Не бойцеся, калі агорне час

Перад жывымі вызнаць пакаянне,

І зразумейце: гэта я да вас

З уласнага прыходжу пахавання…

2020

ТРОЕ НАС…

Тут паслабкі не дасць ныццё,

І не зрушыш мальбой гэту цвердзь:

Колькі будзе ў мяне жыццё,

Столькі будзе са мной і смерць.

І адмерана ўсё якраз

Заадно ў іх, – хоць я на стырне.

Быццам разам, і трое нас,

А дамовіліся ж без мяне!

Адыходзяць, – як вечнасці міг

Зноўку існае ўсё прамільгне.

І бяссмерце настане без іх.

Толькі я там буду ці не?..

х х х

Па вясне вясну вяснуем –

Хмурую ці ясную, –

Палявую і лясную,

А найперш уласную.

І не выпрасіш спагады,

Як вясна заўпарціцца:

Эканомная на радасць –

Надта не растраціцца.

Вось тады ідзі насустрач

Той вясне.

Спакусамі

Не жыві ў абманным люстры –

Сам твары вясну сабе.

х х х

Час падступае крута, а шкада

Не дзён тых невядомых, не сустрэтых, –

Шкада, што гэтак шмат не разгадаў

І ў існых днях загадак і сакрэтаў.

Загадкі застаюцца для жывых.

Адну бяру з сабой: навошта знічкай

Успыхну раз і на адзіны міг,

А вечнасці сакрэта не спасціг, –

Жыццё пражыў, а не знайшоў адмычкі…

УСІХ З УСІМІ…

Усіх з усімі памірыць? –

Ніхто не йдзе ў чаргу.

Усіх з усімі пасварыць? –

Лягчэй. Ды не магу.

х х х

П’ём расстання горыч поўнай чаркай –

Нібы ў лёс зямны апошні цвік.

Смерць не п’е, а вечнасці ліхвяркай

На цвярозы лад вядзе падлік.

ПРА НЯБЁСЫ

Чытаем па зорах зямныя лёсы:

Ці ёсць яно і ці будзе вяртанне.

Хоць неба няма, ды пануе ў нябёсах,

Як нам здаецца, вечнасці тайна.

Маўчыць з усмешкаю Той, Хто знае.

А мы, зямныя камедыянты,

Шоў ад імя нябёс учыняем

І ператрасаем здагадак транты…

І КРОПКА

У смерці пытанняў няма.

Смерць знае ўсё без адказаў.

Пытанне – сама, і адказ – сама.

І не памылялася ані разу.

Усё адразу на чыставік –

Саманадзейна і нетаропка.

А што жыццё? Знік, як і ўзнік.

І кропка.

ВЫСАКОСНАЯ ШЧОДРАСЦЬ

І што з таго, што восемдзесят пяць

І квіты: ні прыбавіць ні, ні адняць.

Самотна перад вечнасцю стаю,

А час шукае нітачку маю.

Ці ўжо знайшоў, ды перарэзаць лень, –

Дадаў, як лютаму дваццаць дзевяты дзень.

МАГУ…

Магу: і казку расказаць

І сведчанне любое, –

А ўсё, што вам не трэба знаць,

Я забяру з сабою…

ВІНО

Вясёлы кубак у руцэ трымаю –

І неба адкрывае дзверы насцеж.

Хвіліну за хвілінай дапіваю –

Па кропельцы, да дна, нібы прычасце.

А што на дне? Мінулае ляднём.

Скупее вінаградная лаза.

І ападае вечнасць – дзень за днём, –

Як з гронкі спелай за слязой сляза…

ПОШТА

Не даюцца веды ў запас,

Што смяротнаму знаць аб смерці.

Не турбуйся: будзе ў свой час

Адказ

у драўляным канверце.

ПЫТАННЕ

Малюся Адзінаму, Усявышняму,

Нібы з Сусветам па-свойску гутару –

Душа ў душу – і нікога лішняга.

І толькі адно пытанне трывожыць:

Багоў чалавецтва мяняе і множыць, –

Куды ж душа схінецца “айцішная”,

З якімі стрэсамі, з якімі пакутамі

Якая вера наступіць у прышласці,

Каму маліцца будуць камп’ютары?..

х х х

Як паднадужуся – адолею санскрыт,

Як памалюся – пагаджуся з Богам.

Не паддаецца толькі код планід:

Пазнаць сябе самога.

ДАРОГА

Здаецца, пад ступенямі гадоў

Ногі падбіліся.

Знясілена просяць спачынку.

А дзесьці там, за даляглядам,

Чуецца голас: “Ідзі!..”

Гэта дарога мая.

Няскончаная…

І як яе не паслухаць!..

Рух жыцця –

Наш сумесны рух.

Іду.

Трэба ісці.

Інакш нельга.

Інакш на дарогу

Раптам хтосьці ўзграбецца нялюдскі…

І таму:

Не займай дарогу,

Па якой толькі мне

Не балюча хадзіць,

Як і ёй

Ад слядоў маіх

Не балюча.

Не твая яна,–

Прэч непамысны

І непатрэбны нікому.

Нават дарозе,

Нават самому сабе.

ЦІ…

Ці Венера мерыцца ў бабусі,

Ці Амур згубіў мужчынскі лад,

Ці зляніўся ў Беларусі бусел:

Менш і менш прыносіць немаўлят…

КАЛІ Ж?..

Калі ж народ спытаецца нарэшце:

Ці й на той свет з уладаю збярэшся?–

Адкуль яно – да ўсіх чарцей – прашэнне,

А Беларусь на разрахунак у кішэні…

СОНЦАПАД

Дзе сцежкі блукалі лясныя,

Сонца ў лістоце заснула.

Ступіш – і сэрца заные:

Як пахне тут летам мінулым!..

Узлескі застылі ў здзіўленні

І нібы насрозь парадзелі,

Мяжуючы цень адмаўлення

І светлы праменьчык надзеі…

ПРЫГОЖА

Як – русалчына верацяно –

Не прадзе, хоць і круціцца, вір;

Як пячкур не шліфуе жвір,

Каб заззяла люстэркам дно;

Як шчупак спіс улову вядзе,

Нібы пугаю па вадзе;

Як самы не ядуць з рукі

І не п’е вясёлка з ракі…–

Ды ці мала чаго быць не можа –

Але ёсць, бо дужа прыгожа!..

НІКОМУ НЕ СКАЗАЎ…

Як верш ствараць /ствараць, а не тварыць/,

Вучыў Валерый Брусаў,

Рашаў, як словам неба пакарыць:

Якім прымусам.

Якім загадам шыхтаваць радкі,

Чаканіць рыфмакрокі.

Якія, каб застацца на вякі,

Зубрыць урокі…

Ды ці знайшоўся вучань хоць адзін,

З якога ён адгабляваў паэта,

Загадкай застаецца. І наўздзіў

Нікому Брусаў не сказаў пра гэта…

ВЫПАДАК

Жыццё: за выпадкам выпадак,–

Выпадак планіда сама.

Яна ж і ўсталюе парадак:

У смерці выпадкаў няма.

НЯМА НЕБА…

Няма неба.

Не згубілася –

Горад паглынуў.

Адабраў,

Падмяніўшы зоркі

Абманлівымі, штучнымі агнямі…

Зямля рыхтуе праводзіны –

А неба няма.

Глядзіш, як у цёмную бездань,

Дзе ніхто не чакае,

Куды страшна адыходзіць…

НАВУКА

Читал охотно Апулея,

А Цицерона не читал…

А.С.Пушкін

На Апулея, на Цыцэрона

Была не то што забарона –

Навуку іншую мы грызлі:

Былі “Основы коммунизма”…

Так і застылі ля тых асноў

З упартай мудрасцю аслоў.

Маліцца ходзім да Маўзалея,–

Ні Цыцэрона, ні Апулея…


У СВОЙ ЧАС…

Хай смерць не палохае нас –

Мы з ёй у хадзе несупыннай,

Бо памірае ў свой час

Усё, што памерці павінна.

МЕТЭА-БЯРОЗА

Калі можна

лісты

падлічыць

на бярозе –

То тады ўжо

лічы,

Што зіма на парозе.

2021

х х х

Якіх ні было б інкарнацый,

Як цудаў вяртання ні множ,

Ніколі нам не спаткацца.

Ніколі, ніколі… І ўсё ж…

З ТОЙ НЕСУСТРЭЧЫ…

Падбітыя халоднымі вятрамі,

Шляхі ляжалі панаўзбоч хады.

Сцінала дух зіма ў аконнай раме,

І мроіліся майскія сады.

Пустым паглядам грэючы бязмежжа,

Праходзіла ў самнамбулічным сне.

А я быў побач, я табе належыў, –

Няўжо не заўважала ты мяне?

Якія незамоўленыя тайны

Нам засталіся, – хто стаіў адказ?

Старонкі непражытыя гартаю –

І што ўзамен? І дзе той будзе час?

Ні войнаў на душы, ні рэвалюцый, –

Так побач, ціха, і жыццё міне…

Прайшла – і ўжо ніколі не вярнуцца

З той несустрэчы ні табе, ні мне…

? – 2021

СЛОВА

Знайсці б тое слова:

Каб радасць мая зрабілася радасцю вашай,

А боль ваш стаўся болем маім;

Каб душа мая зраднілася з вашай,

А вы пачуліся маёю часцінкай;

Каб голас ваш прагучаў маім рэхам сусветным,

А сусвет мой згарнуўся да вашага сэрца;

Каб існасць ваша ажывала маім прароцтвам,

А маё небыццё пайшло несмяротна са мною…

АНЁЛ-АХОЎНІК

Адзін анёл спакуснікам быў,

Спакушаў дзяўчат і кабет,

Шаптаў, каб я ўсё на свеце забыў,

Пабачыўшы райскі той свет.

Другі ад спакусы мяне бараніў,

Стаяў, як манах, над душой:

“Каб не клялі, сам сябе пракляні, –

Не песняй жыві, а імшой…”

А трэці між двух агнёў мяне вёў, –

Анёл, што ахоўнікам стаў.

Шкада толькі: ён пра служэнне сваё

Ні разу ў мяне не спытаў…

ЦВЁРДА СТАЯЎ…

Дай божа, – як цвёрда стаяў,

Аж здавалася з глузду з’ехаў, –

На пострах усім гультаям,

І сталу-гультаю на пацеху.

Дай божа, – як цвёрда стаяў,

А за ўладу – гатоў на карачках, –

На ўсіх чатырох! – І вачыма страляў:

Навылёт суперніка бачыў.

Дай божа, – як цвёрда стаяў

На плошчы, прыкрыты шчытамі.

А каб надзейней было ўтрая,

Абружоўваў палацы дратамі.

Дай божа, – як цвёрда стаяў –

З бяссоннем аб вечнай уладзе.

І ўсмешка – мая ці твая –

Лічылася ў змоўнай засадзе.

Адзіны на ўвесь белы свет,

Аб чым і крычаў да хрыпу…

Такі вось эпохі партрэт.

Шукаюцца прататыпы…

ТАК НАМ ВЫЗНАЧЫЎ БОГ…

Мяне знае прырода

Як часцінку сваю.

З ёю я год ад году

На прычасці стаю.

З ёй малітву шлю Богу –

Не аб вечнасці, – не.

Лёс прыроды самога

І мяне не міне.

У прыроды зваротных

Не бывае дарог.

З ёй і я несмяротны.

Так нам вызначыў Бог.

ШЛЯХ НАКАНАВАННЯ

Вечнасць… Ні пачатку, ні канца…

Як Сувет: бязмернасць і бязмежнасць…

Вось вам і падказка, мудрацам:

І глабальнасць тут, і незалежнасць.

І загадка: пэўна ж, не дарма

Міг той маем, што жыццём завецца.

А яно ўсё ёсць, як і няма, –

Шлях наканавання чалавецтву.

х х х

Жывым адпускаецца многа.

Ды толькі імгненна той міг

Згарыць, каб з сабой у дарогу

Цішком не прыпас ты нічога, –

Вянец спадзяванняў пустых.

Жывым адпускаецца многа.

Не тоячы скарбаў зямных,

Жыву. А памру, дзякуй богу,

Вось вам мая перасцярога:

Мяне не шукайце ў жывых.

х х х

Гляджу на зорны сусвет:

Якія чакаюць знаёмствы?

За неадольны сакрэт

Смерць будзе адхланнем ці помстай?

Якія душа рубяжы

Спаткае – вітаць не бяруся:

Мне хопіць таго, што пражыў

З табою, Сусвет Беларусі!

ТОСТ

П’ю за палон свой да дна, –

Палоннік сусветнай волі.

А сутнасць той волі адна:

Ніхто, нідзе і ніколі…

РАЗВІТАННЕ

Душа адлятае, а мы ў небыцці

Над воблікам родным стаім,

На два падзеленыя жыцці:

Разам – з сабою і з ім.

Таму і пакутна і скрушна нам,

Што шляху не знаем таго.

Ён тут яшчэ, з намі, ці мы ўжо там? –

Няма запытацца ў каго…

Напэўна, жывым і не дадзена знаць,

Што тоіць апошні пагляд.

І каб усім пра ўсё расказаць,

Ніхто не вяртаўся назад.

ГАЙ

Гаіцца гай,

Галініцца, гайдай,

Гайдае думы

Сцежак заблуканых;

Гадае гай,

Гайдай-не-разгадай,

Як загаіць

Душы пакутнай раны…

РЭХА

Пытанняў безліч рэху задасцё:

Няўмольна час падводзіць падрахункі.

Жыццё зямное – шлях у небыццё.

А ў рай нябесны – шлях без накірункаў.

І розніца між імі за малым:

Намітусь вечнасць каляндар гартае.

Усё, што ёсць, становіцца былым,

Былое ж толькі рэхам прылятае.

“Куды спяшаешся? Спыніся, пачакай!..”

Маўчыць жыццё – ніяк не дапытацца.

А рэха пагукай – адкажа: ”Рай –

Куды табе не суджана дабрацца…”

ЗМЕСТ

2007

Сусвет зялёны…

***З народам сваім …

Веліч

***Не шукай у шакала ільвінай шкалы…

***На абрыў да пеністай быстры…

Інтэр’ер

З-пад зямной бярозы…

***Калі на ўбытак месяц пахіляўся…

***Маска, я цябе знаю…

***Калі ўсё тое здарыцца…

Начлег у паркавых алеях

Аб’ява

Пешаходная скарга

***Млечны шлях, дарога скразная…

Грэх

***О, як бы…

Душа

***Бяроза ў заснежанай стыні…

***Калі я выплыў з вады…

Бясчассе

***Сцежкі, сцежкі – усцяж магіл…

**Смерць – гэта і ёсць вечнасць…

Будучыня

Радок

***Я спакойны ўжо…

Тайна

***Зоркі, міліцэйскія “мігалкі”…

***А лета бабіна не ўсім…

Над свежай магілай

***Як добра, калі ападае раса…

***Чытаю вершы Зянона…

***Балоты, балоты… Балты…

Асушэнне

***Начное неба: стынь і прыгажосць…

***Камп’ютара мёртвыя формы…

***Збівае Пегас капыты…

Характар

***Як развітанне з небасхілам…

***Самазванцы дваццаць першага стагоддзя…

***Здаецца ж, усё было, як было…

Прабачэнне

Памяці паэта

***Усё зямное мне ўсявышняй сілай…

***Ужо птушыная капэла…

З барышом

Дзень забітых дзвярэй

Спытайце цагліну

Вузялкі дзеля памяці

Бяссонне

На стрэлках часу…

***Нявольніца лёсу, душа…

***Магдаліна мужчынскага роду…

***Зусім жа не райскі сад…

Летні бераг

Сакрэт

***І прыйдуць новыя людзі…

***Хто глядзіць з далёкіх зор…

Ужо тады…

***Сны бесцялесныя…

Неба

Biblia

Папраўка

Маўчанне

***Пакуль шкада сінічкі гэтай…

Сцежка

***Паўночныя схілы Каўказа…

Д’ябальскае пытанне

2008

***Нас двое на свеце…

***Вось так і жыццё адмыкаецца…

***Хто стуліўся, прытоены…

***Як знічка на небе…

Першая і апошняя

***Не вяршыня нябёсы прашыла…

***Зорныя Мядзведзіцы сярпамі…

***Пачынаўся сёння клопатна мой дзень…

***З цішынёю сусветнаю ў полі…

“Не заблукай…”

***У каго…

Вітанне

На Волме

Рублёўская шаша

***Вітае студзень зіму…

Шматкратны

***Жыцця і смерці крэўнасць…

***Ну вось, як быццам…

***Даўно такога не было…

***Была на ліру мода…

Рэпліка на парфомансе.

***Таго, што абяцаў мне Бог…

***А могільнік у нас…

***Якія халодныя ночы…

Спевакі

З Мачулішча ў грэкі…

Два Бядулі

Гетэраметрыя

***Чытаю мудрыя кнігі…

***Ва ўсіх – і жыццёвая тэма…

***Калі б сабраць…

***Забарона – прыкольная…

Адмаўленне ад раю

***Бой апраметны…

На мове той…

Мне вясна напіша пасланне…

“Акцэнты”

***Гэта забаўка ці піяр…

***Добры Бог прынёс…

***Той далёкай, вечна блізкай…

***А мне ўжо восьмы дзясятак…

Першародства

***Я і прыдумваць не думаў…

Донкіхоцка-біблейскае

2009

Прылятайце…

*** Прыгожа…

***Так жыццё ўгрунтавана…

Лесавік

***Не суджана зноў паяднацца…

Праваслаўны

Ніколі…

Думаю аб падабенстве…

Каб так было…

***Я веру, Божа, у мудрасць тваю…

Ратуе тайна…

Усё вядома…

***Прышласць тоіцца мудрым сфінксам…

***Калі звініць спякотны дзень…

***А мова – як луг квяцісты…

Замярзанне

Ці не час?..

Зямное і нябеснае

Архітэктурнае

Пытанне графамана

Прышэсце

Што б і як?..

Ёсць вясна…

Эфект бязважкасці

***Ці бачылі вы чалавека

***А што тады будзе, як свет…

На антычны матыў

“Былыя…”

Быў дзень…

Не знаць бы…

Слухаю…

Як разлічыцца?..

***Няма такой планеты…

***Маршрутам да славы вечнай…

О час…

На схіле…

Сніцца сініца…

***Жукі-караеды ўгрызаюцца стоена…

***Пабачыцца б мне з табой…

У вянок літаратурнаму скептыку

Верасень з Юпітэрам

Вяселле

***Сонца ў Начы ўтапіла высі…

Унёсак

Чытаючы Кнігу Кніг

Нібыта ў космасе хутар…

У “філёзафы”…

Я лістапад…

***”Прабачце…”– я кажу на развітанне…

Сябрына

Апошні…

Дыялог

Усё яно…

Усяночная

Не быў беларусам…

***Жыццё кароткае, як сон…

***Адгукнецца і абарвецца…

Клічнік і кропка

Гонка

Сніцца ядрам…

Бамбізы

Ягавісткі

Яшчэ…

***Дзе ў акіяне свету гэты востраў…

***Закон фізічны на зямлі…

Астры

Карміцель

Каб дзень пачынаў…

Калыханка над кнігай…

“Ёсць”

2010

На сямі азёрах…

Някрасавы

Пасля маразоў

Камень белы…

Як разгадаць…

***Паэт не знае несвабоды…

Марознае

Шышы

Ані ў рыфму, ні ў струну…

Ноч пасля “Тысячы і адной”

***І жар-птушку…

***На раніцу – змрок…

***Замнога…

***Не штодня такая цішыня…

***Я ў твар пабачыў сваю адзіноту…

***Асенняя прырода – луг і поле…

На Раданіцу

Хвіліна

На світанні

***А вецер вее…

***Запомніце..

Толькі…

***Шлях закончу...

***Аб тым, што было…

***Выпадак рэдкі

***Пра такіх здавён казалі…

Сакрэт кар’ернага росту

***Гэты позірк звышнябеснай тайны…

Плыве човен

***Калі былому паганятаму…

***Усё перажыў…

***Слоў не штукуй…

***Што пасля смерці?..

***Сустрэчны холад…

Надпіс на кнізе

***Той час падступіўся…

Перад вечнасцю

***Не для славы ён быў…

***А які самы страшны прысуд…

***Як з бярозы…

***Не схітраваць тут…

Зялёны шум

Настрой

***Бягуць раўчукі палазнёю…

Мінулых дзён мінулыя хвіліны…

Усё табе…

Канава

Сучасныя

Дзякуй!..

2011

Сучасны Дзюма

***Не ты шаптала…

А певень наш…

Закурвае д’ябал…

Зіма: крокі…

Біблейскі матыў

Прычасце

Сонечны козыр

І сам з сябе рагоча…

І ў свет са мной ляціць…

***Божа! Якую б музыку я тварыў!..

І Нача, нібы Сцікс…

***Была ж у людзей патрэба…

***Помню, помню…

Кветкі

***І якая рахуба…

Сяўба

***Спачатку сцежка мяне вяла…

Вайна і мір

Якая?..

Дваістыя

Трохмерны

***Дзень пражыты…

***Мільён тваіх пытанняў…

Вяртанне

***Паэзія… Лёс ці абман?..

Гром ліпеньскі

Праметэй

Нацыя

***Яблыня-бабулька…

Вішня

Бяседаю і песняй…

Філалагічнае

Ахматава: “Вечер”

***Бывае ж так…

Матэматычнае пытанне

Малю…

Усе на пачостку!..

Колькі?..

***Яно на раздарожжах…

***Не вясна, а восень якраз…

***А нарэшце ўсё ж зразумеў…

***Разлятаюцца зоры…

***З нас Богам кожнаму…

Прафесар мовы Леў Шакун…

***Паралельныя…

Вераб’іны крэдыт

Рэдактар

Сведка

***Як малітва…

***Бясконца можна гаварыць…

Наканаванне

***Як мама гаварыла…

***Вецер ірве лістоту…

Печ

***Божа высокі, магутны…

***Адлятаюць дрэвы-птушкі…

***Заспявалася…

Выбачэнне

***Далоні мусульманін адкрывае…

***Раздаюцца геніяў тытулы

Пытанне-просьба…

***Дзе вы, русалкі…

Вераснёўская вестка

***Ад клопатаў зямных і дум…

Шахматна-фартап’янны эцюд

***Даецца ноч вам для пахмурных сноў…

***Надзея: асенняе голле…

Масква і Нача

***Прыходзяць нам на змену…

***Гнеў у генах, – адкуль ён?..

***Жыццё маё,– як дагукацца…

***Як агонь ляснога пажару…

***Не да сонца ўзлятаюць Ікары…

***У прадажніцкім гэтым свеце…

***Жыццё ідзе, а ты ў палоне…

***Прастора – ты бясконцасць ці нішто?..

***Ці ж выпадкова, на кароткі век…

***Былі, і ёсць, такія…

Праз агонь…

А травы глядзяць…

Купіла жаба купіну…

Тут і цяпер

Метафара-ўспамін

2012

Беды

Свет

Пахвала працяжніку

На салаўіным плёсе…

***У цёмнай ночы навіду…

***Хуткія зборы ў нябесны той свет…

***Дзень сённяшні знічкай ляціць…

***А кім я быў, калі мяне не было?..

Адсутны на фотаздымку

І…

***Што Бог наканаваў мне – не аддам…

Гаварылі…

БярэзінаБеразіна

Стварэнне

Кармушка

Неабвержнасць

“Па-царску”…

***А свет разумны…

***Час дадзены…

Падпяваючы жаўранку…

Шпак

Той спеў…

***Сонечны сон быў…

Нарадзіўшыся…

Цэйтнот

Жменька пяску на вечка

***Я часта непакоюся ў журбе…

Спакушэнне

***Жывыя не ўваскрасаюць…

***Быць бы, быць суцяшэнню…

Задыханасць

Араты

***І не ўцямлю, куды я трапіў…

Матыў

А вечнасць маўчыць…

Калыханка

“Да сустрэчы…”

Перад тайнай…

Гэтак…

Ліха

Двое ў люстэрку восені

Каб заўтра

Няўжо?..

Зусім нічога…

***Усё, што бывае…

Ну што яшчэ?!.

***Акіян, вялікі сон планеты…

Апраўданне

Да самага донца…

Якія дні!..

Пра сябе, як пра нас…

Пагляд

Вось і знай…

2013

Хто без каго?..

Вы свбе, а мы сабе…

“Concerto”

***Выбар вялікі…

***Калі зямны – жывы – стаю…

Народзе мой…

Перад ноччу…

Час і мы

На печы

Шкадаванне

Калі спытае…

Старога парка жыхары

Шчодры вечар

Прыяміна

На ўсе часы…

Трэцяя страфа

Каляднае

***І што са мной адбываецца?..

Толькі маці…

***Ціхім воблакам…

“Літаванне”

***Не, я не прымхлівы зусім…

Чаму?..

Расстанне

Цені

Памежжа

Схавацца…

Дзесяты

Лаціністы

“Прагулка”: палёт

“Памылка друку”

***За славу душу не таптаў…

***Я тую песню па каліўцу…

***З дня на дзень..

Адчай

***Як развінае крылы дзень…

Пера-…

***Зямля – загадка…

А бывала…

Цераз пляц…

“Уга!”

Вертыкаль

Інтэлігенты

***Свечкі хрышчэнне…

Пацалунак

Першы ўрок

Іншы раз…

***Лёс то прыціхне, то бунтуе…

Бязмоўнае

У самы час!..

Зямля і неба

Супакаенне

Гуканне

Тварэнне

Глыбіні

***Трактуюць, што паэзія павінна…

Узгоркі ледніковыя…

Мелі-…

На крыжы…

“Далькажык”

***Нары і труны…

Дар

Прадукт эпохі

2014

***Няўжо, няўжо ніхто нас не пачуе…

Хаця б сняжынка…

Час і прастора

Дзве просьбы

Грызь

Закон палявання

Голас

Вясельня прамова

***Як пабачыш, што робіцца ў нас…

Накід самаабгавора

Шлях

Укашулі ільняной…

У касмічным міжзор’і…

Грамніцы

Песня

Падумай…

Таксама…

Сэнс

***Шляхоў і дат у зорак не пытайся…

***Ці ты жыццём, ці ты смерцю наліты…

“Ноў-хаў” з дыягностыкі

“Апшчэнне”

Як блаславенне мая…

Перад сусветам

***А кожная вясна – як дзень апошні…

***Дзе травы яшчэ не пахілыя…

Не туды…

***Ніхто, ніхто тых песень не пачуе…

Дзве вясны на Нямізе…

Траецкія дзяды

Вясну не прыдумаеш…

***Напрарочыў…

А хто б сказаў…

Адно ўсяго слова…

Суцяшэнне

Просьба

***А ноч – як рэха дня…

Удзячнасць

Аловак

Лета дзякуе сонцу…

Нязбытнае

Над рэчкаю маўчання…

Верлібр

Нібы ў хованкі гуляем…

Пакліканыя

Нябеснае лета

Супакаенне

For dogs

Крэсла

“Сосуд”

Калі ўжо…

Мінус 40 – па Цэльсію…

Абмануць

Снежаньская фантазія

Пра сябе…

Літаратура

Хай там расце…

Перад цудам…

Ад кораня…

***Ну вось, здаецца, той…

***Якую прышласць дні нясуць…

Зіма: слова і рэха…

Каўчэг

Пытанне ад спазнаўшага ісціну Пастэрнака

Спытацца б…

Чаканне

Знак

Прадвесце

2015

Дзень за днём

Гэтак і ў нас…

Разнарадка

Спрэчка

Без мяне…

Інтэрнацыянал

19 студзеня 2015

Ніхто…

Равеснікі

“Лісты да запатрабавання”

Лічбы ў рэжыме

Зброя

***Асыпаецца маё неба…

***Усё, усё праміне…

Хто змерыць?..

***Ноч, як вечнасць…

Homo sapiens

Ноч

З малітвы

Трэба ўжо сёння…

***Я ўсё падправіў бы ў прыродзе…

Успамін пра бярозу Калі не ўратаваў…

***Не, не кожны між руін…

На скрыжаванні…

***Ды й сам Бог не скажа пра гэта…

Радок метэазводкі

Шкадуе…

Як вясной назначана…

Напавер

Паклон дажджу

Сцяжок перасцярогі

Калі паслухаць…

22 чэрвеня: сёння, тады, назаўсёды…

Весела!..

Сосны

***Якая вялікая радасць…

Дзве прыказкі

N.B.

Аргумент

***Паэзія?..

Сцяна

***Ні паставы, ні верша…

Калі апынешся…

Абы…

Як плюнуць…

Два светы…

На развітанне…

***Ёсць час і прастора…

Аптымістычнае

Той голас…

***У сэрцы кволіцца…

2016

***Як мудра ўсё ж…

Сустрэч не будзе…

***Слоў не бывае выпадковых…

Нашы душы…

Перакладчык

На ўзбраенні…

Кубізму кубаметр…

Чым багатыя…

Аб тэрмінах

Наваселле

Неба пасею…

Усё па крузе…

Як першы снег…

Пошукі

***Як агонь, патухаючы…

Двайнік

***Прастора й час… Я колькі ні пытаў…

Пакінутая

Мой заяц

Тым, хто застаецца…

Старая ісціна аб новым свеце

***З абрывістых ліпеньскіх сноў…

Як быццам усё адбылося…

Ды што з таго…

“Аблагацыі”

Немагчымасць

Падкова

Двубой

Найвышэйшая з узнагарод

Голас

Шчасце

Даніна

А ў салаўя…

2017

Dixi

Пакуль не спытае…

***А жыццё – з жыццём развітанне…

Гендэрны адказ

Хацеў бы…

***Мінулае не вяртаецца…

Арганы ў вясновых храмах

***Да зорак вечар адчыняе дзверы…

Вясна…

Букет

Адно…

Рубаі

Прабач…

Яна

Ідзі…

Бацькі і дзеці

Жыццё

Свята

Дзяльба

Скарга

Пра што падумалася ў электрычцы “Зялёнае – Мінск” 5 жніўня 2017г.

Пытанне творцу

Час адыходзіць…

Прабачэнне

На котлішчы

Аб велічы

*Крадком, крадком…

Немагчымасць

Спытацца…

Партрэт

А вось прывяснуем…

І нікому няўзнак…

Гулянка

Пра час і пра нас

Перазагрузка

Чытацкае

Зорны фрагмент

Нібы ў казцы…

Аншлаг

Сумленне

Пасылка

2018

Востраў

З Музай наабмен

Дарогі

Перад люстэркам душы

Што каму…

Калі ж…

Размаўляю з адсутнымі…

Аднак…

Творчыя пакуты

Залёты

*Не будзе нас…

Лесасека з пытаннем

Што ж з яго?..

Дзяды

На востраў між поля…

*Паміраў і думаў: ”Не самотны…”

Падарожнае

Зуброўка

Бездапаможнасць

Пра вучнёўства

Як цар Навухаданосар…

Мужык

Усмешка

Парука

*Няўмольна карацее час…

Як старым журавам…

Шкадаванне

Прыроды нядрэмнае вока…

Крэда

Ілюзорнасць

Адляцелі…

Чарвячок

Вечна

Начлег…

Жаданне

Апошняе…

1. Каса

2. Успомніш…

3. Здаецца, вечнасць…

Дамавіна дрэва

*Як бы не пратэставала…

Вечар

Школа

*Гэта кон…

Сусветы

Бязкніжжа

2019

Даруй…

Экспромт

Паралелі

Бажынкі

Бярозы

Усім, з кім лета святкаваў…

Сляза

Касмічнае

Слова

Ты прыйшла…

Вясновае пытанне

Злоўлены

Дзе песня…

Ратуюся…

Навечна снегам…

Чакае…

Хто каго?..

Двое

Пярэдадзень

Усё ж бывае…

Код геніяльнасці

На схіле дня…

Прабабка Ганна

Клопат

Нічога

З вечнасці – у нябыт?..

*Я так баюся ведаў…

*Пад акном дзве сястрыцы-бярозкі…

Васілём заставацца…

Прадчуванне

*Бальней чым зруйнаванае каханне…

Паэтэсы

Перад жывымі…

2020

Трое нас…

*Па вясне вясну вяснуем…

*Час падступае крута, а шкада…

Усіх з усімі…

*П’ём расстання горыч поўнай чаркай…

Пра нябёсы

І кропка

Высакосная шчодрасць

Магу…

Віно

Пошта

Пытанне

*Як паднадужуся – адолею санскрыт…

Дарога

Ці..

Калі ж?..

Сонцапад

Прыгожа

Нікому не сказаў…

Выпадак

Няма неба…

Навука

Музычны момант “Дубінка”

У свой час…

Метэа-бяроза

2021

*Якіх ні было б інкарнацый…

З той несустрэчы…

Слова

Анёл-ахоўнік

Цвёрда стаяў…

Так нам вызначыў Бог…

Заяўка

Шлях наканавання

*Жывым адпускаецца многа…

*Гляджу на зорны сусвет…

Тост

Развітанне

Гай

Рэха