МУЗЕЙНЫЯ ЭКСКУРСІІ

Тэксты тэматычных экскурсій па музейных экспазіцыях

СЯЛЯНСКІ ПАКОЙ КАНЦА ХІХ-ПАЧАТКУ ХХ СТАГОДДЗЯЎ. СВЯТЛІЦА” 

1-шы экскурсавод (стаіць у цэнтры пакоя, каля кроснаў). Мы запрашаем пазнаёміцца з інтэ’ерам тыповай сялянскай хаты канца ХІХ-пачатку ХХ стагоддзя! (пераходзіць бліжэй да лавы,стаіць спінай да акна). (усе паняцці тлумачацца з апорай на карткі "Партфеля эккурсавода"– тут і далей тэкст афарбаваны) ЖЫЛЛЁ, ЖЫТЛО – уладкаванае месца, збудаванне, у якім жыве чалавек. Узнікла на золку цывілізацыі як сховішча ад непагоды і драпежных звяроў. Належыць да асноўных матэрыяльных даброт грамадства. Архітэктурнае аблічча жылля, яго інтэр’ер і экстэр’ер адлюстроўваюць узровень цывілізацыі, лад жыцця і побыт народа. Пасля рэформ 1861 года прыкметна павялічылася ўнутраная прастора жылля. Назіраецца яго размежаванне на кухню, святліцу, сені і камору. Мяняецца і мэбліроўка сялянскіх хат. Замест спальных нараў выкарыстоўваюцца драўляныя ложкі, канапы.

2-гі экскурсавод (стаіць паміж сталом і куфарам). А каля кутняй сцяны размяшчаўся прадмет інтэр’еру сялянскага пакоя, часцей за ўсё перавезены яшчэ падчас вяселля ў хату мужа ў якасці захавальніка прыданага маладой. Пакажыце, калі ласка, ЯГО! (слухае адказы; правільны – куфар). Так, у куфары захоўваліся адзенне, тканіна, бялізна, сялянскія каштоўнасці. Куфар – выраб корпуснай мэблі на ножках, з сасновых ці яловых дошак з адкідной ці здымнай верхняй накрыўкай. Руская назва — сундук. Размалёўваўся раслінным арнаментам. Мог выконваць ролю стала, крэсла, ложка. У 30-х гадах ХХ ст. саступіў месца шафе. (пераходзіць да кроснаў з боку люлькі).

1-шы экскурсавод. А ці не час нам звярнуцца да самага пачэснага месца ў хаце? Магчыма, госці могуць падказаць, куды мне зараз звярнуць увагу? (Слухае адказы; правільны – покуць). Покуць (чырвоны кут) — своеасаблівае сакральнае месца ў паўднёва-ўсходнім куце сялянскай хаты. У ім стаяў стол, а зверху вісеў абраз. Покуць мела найбольшае значэнне ў рытуальнай сістэме сялянскага жыцця. Тут знаходзіліся малельныя кнігі, свянцоныя свечкі. Часта тут ставілі хлебную дзяжу як сімвал дастатку і дабрабыту. У час абраду зажвынак і дажынак першы і апошні снапы ставілі таксама ў чырвоны кут. На покуці садзіўся гаспадар, маладыя падчас вяселля, пачэсны госць.

Стол на покуці засцілаўся абрусам. На ім пакідалі хлеб, накрыты ручніком. А над сталом падвешвалі павука з саломы і папяровых стужак. Гэта – сімвал дабрабыту ў сям’і, які, згодна з павер’ем, прыносіў шчасце. Выйшаў з ужытку ў сярэдзіне ХХ стагоддзя. (пераходзіць да люлькі)

2-гі экскурсавод. Увогуле, сімвалізм у прадметах народнага побыту быў вельмі распаўсюджаным. Асабліва ім слаўны беларускі ручнік (паказвае на развешаныя на кроснах ручнікі). І зараз вам неабходна знайсці, у якім карункавым матыве “чытаецца” пачатак кахання, сімвал першага знаёмства хлопца з дзяўчынай? (неабходна паказаць ручнік з карункамі, на якіх птушкі вывязаныя адна за адной) Сапраўды, голуб iдзе за галубкаю – першае знаёмства хлопца з дзяўчынай. Як вядома, у народзе голуб i галубка лiчацца сiмваламi кахання. У арнаменце ручнiкоў часта сустракаюцца гэтыя матывы. Дзве птушкi павернуты галоўкамi адна да адной– каханне ў самым росквiце. Калi ж вышываныя цi вытканыя птушкi павернуты ў розныя бакі – каханне скончылася.

1-шы экскурсавод. Малых жа дзяцей нашы продкі гадавалі ў калысцы, або люльцы. Калыскі былі драўлянымі, з дранкі або дошак, маглі быць сплеценыя з кары. Наша – з лазовых дубцоў. Зверху павязвалася чырвоная стужка – абярэг ад сурокаў.

(У РАБОЦЕ З ГРУПАЙ ДАРОСЛЫХ) Магчыма, камусьці з вас хочацца, каб у сям’і хутчэй нарадзіліся сынок або дачушка, унучок ці ўнучка? Сёння вам неверагодна пашанцавала! Акуратна пакалышыце нашу люльку (злёгку пакалыхвае калыску) – і, згодна з народным павер’ем, усё складзецца добра! (пераходзіць да манекенаў, апранутых у сялянскую вопратку; становіцца спінай да ўваходных дзвярэй).

2-гі экскурсавод. А яшчэ ў гэтым куце – прадмет побыту, які мела кожная сялянская сям’я (паказвае на кросны). Кросны – ткацкі стан з навітай асновай для ткання ў хатніх умовах. На Беларусі былі найбольш пашыраныя гарызантальныя кросны.

Працэс ткацтва быў вельмі складаным. Таму дзяўчынкі яшчэ з маленства вучыліся ў сваіх мам гэтай жыццёваважнай для сялянскай сям’і справе. Ткацкая справа выхоўвала працавітасць, настойлівасць, цярплівасць, развівала прыродны розум і кемлівасць. (Чытае на памяць верш, дэманструючы ўзор посцілкі на ложку пад люлькай).

Трэба многа знаць,

Каб узор прачытаць.

Ці светлым сонцам,

Ці хатнім аконцам,

Ці вешчай кукушкай,

Ці мяккай падушкай,

Ці яркаю зоркай,

Ці ўдавою горкай,

Ці спорым святам,

Ці родным братам,

Ці роднай сястрыцай,

Ці светлай крыніцай,

Ці зарой-зараніцай…

1-шы экскурсавод. Ткацтва – рамяство пераважна зімовага перыяду. Калі заканчваліся сельскагаспадарчыя клопаты, з-пад рук ткачых выходзілі не толькі ручнікі і паясы. Ткаліся радзюшкі (посцілкі), дыванкі, ходнікі. І – разнастайнае палатно для адзення. У нашай экспазіцыі прадстаўлена мужчынскае і жаночае адзенне, а таксама абутак. У бердаўскіх ваколіцах бытаваў віленскі строй. У яго аснове доўгая, амаль да каленяў кашуля, што насілася навыпуск пад пояс паверх штаноў. Кашуля (сарочка) з лёгкай тканіны — найбольш устойлівы кампанент у традыцыйным народным касцюме. Штаны шыліся з даматканага палатна натуральнага (светлага) колеру, у іх былі вузкія калашыны. У зімовы час паверх надзявалі штаны з даматканага шэрага сукна (суконнікі). Кішэняў, дарэчы, у штанах не было. А куды ж, у такім разе, прыходзілася класці неабходныя ў паўсядзённым жыцці крэсіва, люльку ці нож? (слухае версіі) Так, можна было іх падвесіць непасрэдна да пояса альбо пакласці ў спецыяльную скураную сумачку (шабету, каліту).

Дапаўненнем мужчынскага касцюма былі безрукаўкі (камізэлькі, жылеты). Галаўныя ўборы – валяная з воўны або пашытая з сукна шапка (магерка). У зімовую сцюжу – вушанка (аблавуха) з аўчыны, улетку – саламяны капялюш.

2-гі экскурсавод. Асноўны будзённы абутак нашых продкаў – плеценыя лапці. Вось гэтыя маюць назву “зрачыя” праз адтуліну ў наску – “вока”. Скураныя ж лапці – пасталы – вырабляліся з ялавічнай скуры. Пазней пачалі насіць валёнкі, у выхадныя дні – боты. Найбольш устойлівая частка жаночага ўбору – кашуля простага свабоднага крою. Выхадныя кашулі мелі багаты ўзорны малюнак. Паўсядзённа насілі спадніцу. Ад яе адрознівалі андарак, саматканую паласатую або клятчастую спадніцу з суконнай тканіны. Паверх спадніцы завязваўся фартух, вышыты крыжыкам і ўпрыгожаны карункамі.

Жаночы касцюм дапаўняла безрукаўка (камізэлька, шнуроўка, гарсэт). Шылася з тонкага палатна, атласу, аксаміту або парчы. Багата аздаблялася вышыўкай, аплікацыяй, Была на гузіках або са шнуроўкай.

Нязменнымі ў жаночым касцюме былі ўпрыгожванні – пацеркі, пярсцёнкі, завушніцы, бранзалеты. Жаночы строй лагічна завяршала хустка: квяцістая – у цёплую пару, клятчатая (хустка-абхінанка) – у халодную.

1-шы экскурсавод. А хто з вас ведае, што называлі бурносам? (праз хвілінную паўзу) Дарэчы, у нас маецца толькі паўбурнос (слухае адказы, правільны – верхняя суконная вопратка). Бурнос – двухбортная верхняя мужчынская і жаночая вопратка. Меў адкладны каўнер з дзвюма гарызантальнымі і дзвюма вертыкальнымі кішэнямі і хлясцікам ззаду. Шыўся з даматканага сукна. Укарочаны – паўбурнос.

2-гі экскурсавод. Але пойдзем далей па сялянскай хаце. Уладзімір Караткевіч у сваім нарысе “Зямля пад белымі крыламі” гаварыў пра гэты прадмет: “…гэта цеплыня. …гэта здароўе застужанаму”. Загадка пра яе сцвярджае:

Яна галодная – 

Хата халодная!

Яна пад’ела –

У хаце пацяплела!.

Пра што ідзе гаворка? Дзе ж ЯНА размяшчалася? (печ) Сапраўды, гэта печ. Мы просім вас прайсці на нашу кухню!

Тэкст склаў Крупа А. Л.,
перапрацавала Альшэўская Г.А.,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры

"БАБІН КУТ"  (КУХНЯ)” 

Другі пакой складае так званы “бабін кут”, або мыцельнік – гаспадарчы кут. Галоўнае месца ў ім займае печ – прыстасаванне для прыгатавання гарачых страў, выпечкі хлеба, абагравання памяшкання, сушкі і іншага. Яна адыгрывала важную ролю ў паўсядзённым побыце, традыцыйных звычаях, абрадах і вераваннях беларусаў. У інтэр’еры хаты селяніна печ займала звычайна месца ў блізкім ад увахода куце. Звернута вусцем да падоўжанай сцяны з вокнамі. Унутры мела под, дзе палілі дровы і гатавалі стравы. Зверху – паднябенне, якое закрывалася заслонкай. У нізе печы находзілася падпечча. Тут узімку трымалі свойскую птушку. На прыпечку, з боку вусця печы, была ямка – ніша, куды зграбалі частку гарачага вуголля, закрываючы яго слоем попелу. У гэтым стане вуголле захоўвалася круглыя суткі і выкарыстоўвалася ў якасці запалак. Калі вуглі гаслі, гэта лічылася кепскай прыметай. Нязгасны “вечны агонь” у ачагу для беларуса – сямейная святыня, сімвал шчасця і дабрабыту.

Пытанне да наведвальнікаў: Тады да вас лагічнае пытанне: а што ў сувязі з гэтым забаранялася рабіць у святочныя дні? (старажытнае павер’е не дазваляла ў святочныя дні пазычаць агонь у суседзяў)

Вось верхняя частка печы – чэрань, або ляжанка. Тут адпачывалі, сушылі адзенне, зерне, ягады, лекавыя травы, квасілі цеста ў дзяжы.

Каля печы знаходзіўся качарэжнік, дзе стаялі вілкі, чапяла, капач.

Заданне для наведвальнікаў: Зараз кожны з вас атрымае малюнак, на якім бачна частка працэсу вырабу адной з гаспадарчых прылад, якая таксама магла захоўвацца ў “бабіным куце”. Ваша задача – уявіць наступныя два (ці хаця б апошні!) этапы і паказаць гэтую рэч на нашай кухні. (драўляная лапата для хлеба)

Для захавання рознага начыння і дробных рэчаў хатняга ўжытку на дубовых круках над дзвярамі або над акном умацоўвалася паліца для лыжак, місак, апалонікаў. На лаве побач стаялі збанкі, гаршчкі, вёдры, дзежкі.

Заданне для наведвальнікаў: Да слова, тут захоўваецца і “транспарт”, на якім у суседняй з намі Слонімшчыне жабкі на базар езджалі! Можа, хто з вас ведае, пра што ідзе гаворка, і пакажа гэты прадмет? (слухае адказы) Так, слонімскія вясковыя жанчыны, калі неслі малако на продаж у горад, выкарыстоўвалі цікавы спосаб ахаладжэння прадукта ў гліняным посудзе. У летнюю спёку тэмпература на сонцы – да 40 градусаў. Дайсці да горада – каля трох-чатырох гадзін часу. Свежае малако скісне. Што рабіць? Жанчыны лавілі ў балоце 2-3 жабак і апускалі іх у гляк з малаком. Тэмпература цела ў жабак складае толькі 15-16 градусаў. Тыя боўталіся ў малацэ, тым яго астуджваючы. На базары пакупнікі падыходзілі са сваім посудам. Гаспадыня брала гляк, абвязаны марляй, налівала малако. Пакупнікі перш спрабавалі яго на смак. Малако было свежым, халаднаватым, не кіслым. Калі ўсё малако прадавалася, жабак выпускалі з гляка, і тыя весела скакалі хто куды. Што было ж рабіць, калі нашы продкі не мелі халадзільнікаў?

Заданне для наведвальнікаў: А на паліцы ў кухні захоўвалася яшчэ адна пасудзіна. Уладзімір Караткевіч адзначаў, што зараз яе мы называем сепаратарам. Пакажыце гэты посуд, калі ласка! (маслабойка) Можа, хто ведае, з якога дрэва яе выраблялі? (з клёну

Дзякую за вашу актыўнасць. Спадзяюся, тут, у “бабіным куце”, кожны адчуў яго цеплыню, якую захоўвалі нашы бабулі і прабабулі!

Тэкст склаў Крупа А. Л.,
дапрацавала Альшэўская Г.А.,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры

“КАБ ПАМЯТАЛІ ПРА ВАЙНУ…” (віртуальная экскурсія)

Адна ж з самых жудасных трагедый ХХ стагоддзя – Другая сусветная вайна. Вас цікавяць яе падзеі? Тады я, ... – экскурсавод Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея, запрашаю у музейны пакой “Каб памяталі пра вайну…”. Мы пройдземся ў ім роднымі пуцявінамі, звязанымі з Вялікай Айчыннай вайной.

Канечне, дзякуючы гэтай зале кожны можа пазнаёміцца і з цікавымі фактамі пра салдацкае жыццё. Вось, напрыклад, ці ведаеце вы, што такое СШ-40 (прамаўляецца СэША-40)? Мо хто з вас ужо расшыфраваў гэтыя літары і лічбы? (ПАЎЗА). СШ-40 – Сталёвы Шлем. Прыняты на ўзбраенне ў 40-ым годзе. У прастамоўі – каска. На вайне нашы салдаты ведалі не менш за пяць спосабаў яе выкарыстання! Паспрабуем іх назваць? (ПАЎЗА) Адказы – відавочныя: 1) (падымае над галавой) абарона ў баі; 2) (бярэ ў рукі перад сабой як міску) кацялок; 3) (імітуе чэрпанне вады) чарпалка; 4) (махае перад сабой як шабляй) зброя ў рукапашным баі; 5) (надзявае на ўказку і падымае перад сабой збоку) прынада для варожага снайпера (салдаты выстаўлялі яе з акопа на палцы, каб падмануць ворага). Дарэчы, за перыяд вайны такіх касак было выпушчана амаль 10 мільёнаў!

Але давайце зараз мы звернемся да гераічных старонак і перамог Вялікай Айчыннай на роднай зямлі. Нам дапамогуць у гэтым экспанаты і багаты інфармацыйны матэрыял, якія захоўваюць памяць пра тыя жудасныя часы. Музейныя стэнды расказваюць пра барацьбу з захопнікамі на лідскай зямлі з пачатку акупацыі ў чэрвені 1941-га года па доўгачаканае вызваленне ад ненавіснага ворага ў ліпені 44-га.

Адзначу, пошукавыя традыцыі ў Бердаўцы былі закладзены яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя. Як бачым, вучні і педагогі сабралі падрабязныя звесткі пра воінаў і партызанаў, што ўдзельнічалі ў вызваленні лідскай зямлі ад фашысцкіх захопнікаў. Звярніце ўвагу вось на гэты  стэнд (стэнд пра помнікі ў парку). Тут прадстаўлена вычарпальная інфармацыя пра помнікі на брацкай магіле ў парку вёскі Бердаўкі. У ёй пахаваныя 157 воінаў і партызанаў, большасць з якія загінулі ў нашых мясцінах летам 1944-га.

Здавалася б, што сёння новага можна арганізаваць у рабоце краязнаўча-патрыятычнага клуба «Пошук»? Тым не менш, яна набывае свае акцэнты. Вось на стэндзе фота 1984 года. На ім падчас наведвання Бердаўкі жонка і дачка гвардыі сяржанта Голубева Канстанціна Сяргеевіча, пахаванага ў мясцовай брацкай магіле. Летам 2022 года у нас адбылася новая знакавая падзея. Яна стала працягам пошукавай работы сярэдзіны 80-х гг ХХ ст. і вынікам работы сённяшніх школьных краязнаўцаў. А таксама сведчаннем таго, як на бердаўскай зямлі захоўваецца памяць пра воінаў-вызваліцеляў і падзеі той страшнай вайны. 1 ліпеня мінулага года ў Бердаўку з ніжагародскай вобласці прыехалі ўнук, праўну̀чка і прапра̀ўнук Канстанціна Голубева. (Паказвае фота з “партфеля экскурсавода”) Прыехалі, каб у мясцовым парку пакланіцца месцу пахавання сваяка-героя. Такія падзеі дазваляюць нам усвядоміць важнае: будзе ў нашых сем’ях беражліва захоўвацца памяць пра Вялікую Айчынную вайну – пакінем нашчадкам ключы да гістарычнай праўды.

Нашы вучні і педагогі штогод праводзяць краязнаўчыя даследаванні на актуальныя тэмы. У апошнія гады ў асаблівым фокусе аказалася тэма генацыду беларускага народа. І ў Год гістарычнай памяці для нас выключна важным ста̀ла, каб кожны зразумеў, што такое генацыд і як у гады Вялікай Айчыннай вайны гэтая з’ява адлюстроўвалася ў «негераічных», на першы погляд, лёсах мірных беларусаў. Так нашу экспазіцыю «Каб памяталі пра вайну...» папоўніла даследаванне «Лёс “маленькага чалавека” ў вялікай трагедыі беларускага народа» (паказвае папку з даследчай работай). Яно прысвечана лідчанцы Лідзіі Іванаўне Лях (Руткоўскай), былой настаўніцы Сцеркаўскай пачатковай школы. Лідзія Іванаўна зведала жахі Вялікай Айчыннай у якасці остарбайтара. А мы праз прызму яе лёсу яскрава зразумелі, у якіх дзеяннях хавалася з’ява генацыду супраць усяго беларускага народа.

Трэба адзначыць, што і больш за 50 жыхароў Бердаўскага сельсавета прайшлі ваеннымі дарогамі суровых саракавых. 16 з іх склалі свае галовы ў апошнія месяцы вайны. На гэтым стэндзе фотаздымкі мясцовых ветэранаў. Кожны з іх прайшоў свой ваенны шлях, меў вайсковыя ўзнагароды, а ў пасляваенны час будаваў мірнае жыццё на роднай зямлі…

На жаль, час бярэ сваё. І сёння сведкаў той страшнай вайны няма сярод нас. Толькі памяць пра тых, хто заваяваў для нас права жыць пад мірным небам, мы захоўваем свята.

Спадзяюся, сённяшняя віртуальная экскурсія роднымі пуцявінамі адгарнула для вас новыя старонкі на шляхах Вялікай Айчыннай вайны ў нашай мясцовасці. На развітанне я запрашаю ўсіх у Бердаўскі гісторыка-краязнаўчы народны музей. Ён пазнаёміць з багатай гісторыяй родным краі як у ваенны, так і ў мірны перыяд! Да сустрэчы на бердаўскай зямлі!

Тэкст склала Альшэўская Г.А.,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ВЯЛІКАЯ ТРАГЕДЫЯ БЕЛАРУСКАГА НАРОДА(віртуальная экскурсія)

ГЕНАЦЫД БЕЛАРУСКАГА НАРОДА  Ў ГАДЫ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ 1941-1945 ГАДОЎ

Дзеля таго каб зберагчы і ўмацаваць адзінства нашай Радзімы, сёння, як ніколі, усім сваім жыццём, вучобай, выхаваннем дзяцей, працай і службай  кожны з нас абавязаны захаваць памяць пра загінуўшых і трапяткое стаўленне да свайго гістарычнага мінулага, І наша экспазіцыя прысвечана трагічнай тэме генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У красавіку 2021 года Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь  ўзбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. У аснову прынятага рашэння пакладзены звесткі аб гібелі мільёнаў беларусаў і іншых асоб у выніку зверстваў нямецкіх акупантаў і іх памагатых.

Пачаты крымінальны працэс па расследаванні фактаў генацыду накіраваны на ўстанаўленне канкрэтных асоб з ліку нямецкіх захопнікаў і іх памагатых, якім удалося пазбегнуць адказнасці за забойствы мірных жыхароў, здзекі і катаванні ў канцлагерах і гета, масавы згон грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства.

У ходзе расследавання адпраўлена 47 запытаў у 12 дзяржаў свету аб прававой дапамозе, аб жорсткасці дзеянняў нацыстаў і іх памагатых у гады вайны, аб карных аперацыях, аб медыцынскіх досведах над людзьмі, у тым ліку і дзецьмі…

У нашай экспазіцыі змяшчаецца кароткая інфармацыя аб месцах прымусовага ўтрымання і масавага знішчэння беларускага народа. Калі вы адскануеце прапанаваныя QR-коды, то зможаце атрымаць больш падрабязныя звесткі ў відэа- або тэкставым фармаце.

Для стварэння аб’ектыўнай ацэнкі падзей вельмі важным з’яўляецца персаналізацыя гісторыі, калі пра гэтыя падзеі расказваюць самі відавочцы. І ў такім кантэксце асабіста намі вывучаецца тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Як яе вынік – вось гэтае вучнёўскае даследаванне. Яно пра лёс лідчанкі, былога настаўніка Сцеркаўскай пачатковай школы Лідзіі Лях (Руткоўскай). У юнацкім узросце яна спаўна спазнала долю остарбайтара і толькі цудам пазбегла змяшчэння ў гітлераўскі канцлагер смерці. 

Распачатая праца працягваецца. Яна вельмі актуальная для кожнага з нас. Усведамленне і асэнсаванне гістарычнай праўды важныя як для сучаснасці, так і для будучыні.


Тэкст склала Альшэўская Г.А.,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры

АДДАНЫЯ РОДНАЙ ЗЯМЛІ…” (экспазіцыя памяці Крупы А. Л. і Крупы Н. Ф.)

Што такое наша школа? Гэта не толькі трохпавярховы будынак, не толькі светлыя з вялізнымі вокнамі класы і спартыўная зала. Школа – гэта людзі! Людзі, якія кожную старонку гісторыі пісалі сваім лёсам! І самая багатая, самая непаўторная старонка належыць Анатолю Леанідавічу Крупе, які 34 (!) гады кіраваў штурвалам школьнага карабля ў Бердаўцы.

Анатоль Леанідавіч для Бердаўскай школы і настаўнік гісторыі, заснавальнік і кіраўнік Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея, у якім мы сабраліся.

Нарадзіўся Анатоль Леанідавіч Крупа у настаўніцкай сям’і 2 сакавіка 1955 г. у вёсцы Мастаўляны Лідскага раёна Гродзенскай вобласці. Адукацыя вышэйшая. Настаўнік гісторыі і грамадазнаўства вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Выдатнік адукацыі (1996). Скончыў Парэцкую сярэднюю школу. Працоўную дзейнасць пачаў слесарам-зборшчыкам на заводзе «‎Лідсельмаш». Тэрміновую вайсковую службу праходзіў на Балтыйскім і Чарнаморскім флатах. Выконваў інтэрнацыянальны абавязак у афрыканскіх краінах. Узнагароджаны нагруднымі жэтонамі «За дальні паход», «Выдатнік ВМФ СССР». У 1982 г. скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны. Спецыяльнасць – гісторыя. Педагагічную дзейнасць пачаў у Лідскім раёне з пасады дырэктара Сямашкінскай васьмігадовай школы. З 1984 г. па 2018 г. – дырэктар Бердаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы. Да 2020 г. настаўнічаў і кіраваў музеем, які стварыў у 1989 годзе.

Перыяд кіраўніцтва Анатоля Леанідавіча Крупы адзначаны значнымі поспехамі ў адукацыйным працэсе. Ва ўстанове адукацыі была створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база. На розных узроўнях годная праца настаўніка і кіраўніка Бердаўскай школы адзначалася шматлікімі ўзнагародамі. У тым ліку гэта ўзнагароды абласнога ўпраўлення адукацыі, ЦК ЛКСМБ, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У нашай экспазіцыі змешчаны нагрудны знак «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь‎». Гэта званне Анатоль Леанідавіч атрымаў у 1996 годзе.

Анатоль Крупа быў заўзятым краязнаўцам. Аўтарам кнігі «Пакінуць след на зямлі» і шэрагу краязнаўчых артыкулаў. Самому Анатолю Леанідавічу вельмі падабалася пошукавая дзейнасць. Асабліва яго цікавілі археалагічныя раскопкі і тэма Вяліка Айчыннай вайны ў лёсах нашых землякоў. Напэўна, нездарма сёння пад пільным яго позіркам апынулася экспазіцыя, размешчаная насупраць.


Але, напамінаю, наша новая экспазіцыя – гэта прысвячэнне дваім. Адказны кіраўнік і педагог, Анатоль Леанідавіч Крупа, акрамя таго, быў і годным сем’янінам. Яго жонка – Наталля Фёдараўна Крупа, у дзявоцтве Жалезнякова. Настаўнік рускай мовы і літаратуры вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі. Яна нарадзілася 18 кастрычніка 1961 г. у сям’і рабочых у Гомелі. Вышэйшую адукацыю атрымала ў 1982 г. таксама ў гомельскім універсітэце. З пісьма Віялеты Клініцкай, аднакурсніцы Наталлі Фёдараўны: “Я часта думала яшчэ ў часы вучобы: як бацькі змаглі вырасціць такую чысціню і пяшчотнасць. Наташа Растова 20-га стагоддзя. І ў той час, калі іншыя кіпцюрамі чапляліся, каб застацца ў Гомелі, яна, як жонка дзекабрыста, пакідае Гомель і едзе за мужам. Гэта каханне...”

Так разам з мужам Наталля Фёдараўна пачала сваю працоўную дзейнасць настаўнікам нямецкай мовы у Сямашкінскай васьмігадовай школе. А з 1984 г. па 2019 г. яна настаўнік рускай мовы і літаратуры Бердаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Лідскага раёна. Акрамя таго, Наталля Фёдараўна вяла актыўную асветніцкую дзейнасць, цікавілася праваслаўным краязнаўствам. Выкладала факультатыўныя заняткі «Асновы праваслаўнай культуры», кіравала клубам «Святло душы», створаным ёй на базе Бердаўскага гісторыка-краязнаўчага народнага музея. Распрацавала курс па выбары «Уроки духовности». Яна аўтар шматлікіх публікацый па пытаннях духоўна-маральнага выхавання падрастаючага пакалення. Склала кнігі для педагогаў «Уроки духовности», «Как провести урок духовности».

Узнагароджана шматлікімі граматамі, у тым ліку ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканкамітэта, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, епархіяльнымі царкоўнымі ўзнагародамі розных узроўняў. За шклом вы можаце пабачыць дакументы Анатоля Леанідавіча і Наталлі Фёдараўны, іх асабістыя рэчы.

Таксама асабістыя рэчы і фотаздымкі, у тым ліку сямейныя, размясціліся тут. Напрыклад, вось гэта матроская форменка – сведчанне важнага жыццёвага этапа Анатоля Леанідавіча. Тэрміновую вайсковую службу ён праходзіў на Балтыйскім і Чарнаморскім флоце. І сямейныя рэчы, перададзеных нам дачкой Юліяй Анатольеўнай, гавораць пра яго асаблівыя адносіны да марской тэматыкі.

А вось побач з касцюмам, у якім Анатоль Леанідавіч распачаў сваю педагагічную дзейнасць – студэнцкая “будатрадаўка” Наталлі Фёдараўны. Гэтая рэч, думаем, нездарма захоўвалася ў сям’і на працягу 40 год. Менавіта ў часы будатрадаўскага руху яны і пазнаёміліся, каб пасля больш ніколі не расставацца.

Дарэчы, педагогі нашай школы ўспомнілі і цікавую сямейную легенду. Летам далёкага 1975-ага года маракі судна, дзе служыў Анатоль Леанідавіч, былі запрошаны ў піянерскі лагер “Артэк” на сустрэчу з савецкімі школьнікамі. І тую сустрэчу добра запомніла 14-гадовая піянерка Наташа Жалезнякова, якая ў той час таксама адпачывала ў адным з артэкаўскіх атрадаў. Напэўна, схавацца ад лёсу немагчыма!

Асаблівым хобі ў сям’і Крупы была фатаграфія. Таму ў нашай экспазіцыі вы бачыце і некаторыя з фотаапаратаў Анатоля Леанідавіча. Сярод фотаздымкаў, размешчаных тут, ёсць і зробленыя гэтымі апаратамі.

Мы ж ганарымся тым, што ў гісторыі нашай школы была гісторыя сям’і Крупоў. Калегі, былыя вучні, аднавяскоўцы Анатоля Леанідавіча і Наталлі Фёдараўны запомняць іх як педагогаў не па пасадзе, а па якасці душы і прызванні. А яшчэ – як эрудыраваных, адкрытых, бескарыслівых людзей, гатовых рэальна прыйсці на дапамогу словам і справай.

Экспазіцыя “Адданыя роднай зямлі…” – гэта даніны павагі і памяці годным людзям нашага часу, адданых роднай зямлі, дзякуючы якім свет ставіцца больш міласэрным і добрым, а край беларускі захоўвае сваю гісторыю і традыцыі.

Тэкст склала Альшэўская Г.А.,
настаўнік беларускай мовы і літаратуры