У межах праекта па арганізацыі 6-ага школьнага дня “Субота ў музейным фармаце: помнім пра мінулае, шануем сучаснае, думаем пра будучыню” актыўна вядзецца даследаванне жыцця і дзейнасці педагогаў, чый прафесійны лёс знітаваны з нашай установай адукацыі. Літаральна на мінулым тыдні ўдзельнікам праекта былі перададзены дакументы, фотаальбомы і асабістыя рэчы аднаго са старэйшых бердаўскіх педагогаў – былой настаўніцы рускай мовы і літаратуры Кучынскай З.Ф. (1929-2020). Напэўна, самым арыгінальных сярод атрыманых прадметаў з’яўляецца гнутае венскае крэсла з мадэрнаўскім цісненнем (фабрыка “THONET”, мяркуемы час вытворчасці – не пазней за першую пал. ХХ ст). Наперадзе ў юных музейшчыкаў – цікавае даследаванне гісторыі новага экспаната! Чакаем вынікаў!
Прадметы перададзены ў фонд БГКНМ настаўнікам пачатковых класаў Горбач Аленай Іванаўнай. Выратаваныя ад вывазу на сметнік у вёсцы Агароднікі Лідскага раёна. Новыя гаспадары ачышчалі ад непатрэбных ім рэчаў гаспадарчыя пабудовы на нядаўна набытым участку. Увагу Алены Іванаўны перш прыцягнулі керамічныя вырабы. Яна помніла, як на апошнім Злёце краязнаўцаў у якасці ўнікальнай знаходкі-2023 намі быў прадстаўлены чорназадымлены глянцаваны збан. А раптам і гэтыя збаны не такія простыя, як падаюцца на першы погляд?! Затым прыглянуўся бязмен. А напрыканцы гаспадары прапанавалі прыхапіць і моцна забруджаны прадмет, які пасля ачысткі аказаўся маслёнкай тэхнічнай (для машыннага масла).
Сёння прадметы адмытыя і вычышчаныя, чакаюць пастаноўкі па ўлік. І - даследавання іх уласнай гісторыі ў плане тэхнікі стварэння, вызначэння часу вырабу, асаблівасцей прымянення ў побыце і іншых магчымых звестак