ПОБЫТАВЫЯ ПАРАДЫ І ПАВЕР'І

"АГАРОДНЫЯ" ХІТРАСЦІ"

ПАВЕР'І

 

Калі сабраўся пасеяць нейкую гародніну, якая ідзе ў корань (плод расце ў зямлі – цыбуля, морква, бурак і інш.), трэба перш на рагу градкі пакласці вялікі камень, хаця б з кулак. Плод будзе расці такі ж вялікі – як камень (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).

 

Агуркі трэба сеяць у панядзелак, каб былі ўраджайныя. Нельга гэтага рабіць у суботу – на агурочніку будзе адзін пустацвет, без завязі (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).



ПРЫКМЕТЫ


Пра агуркі

Агуркі высейваем пры знікненні пагрозы моцных прымаразкаў. Цяпер гэта прыблізна самы канец мая. 28 мая – Пахом-агурочнік. Традыцыйна і ў гэты дзень высяваліся агуркі: «Сей агуркі на Пахом – будзеш цягаць мяхом!» (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).

 

Калі трэба пасеяць агуркі, за два-тры дні замочваем насенне (раскладваем яго ў моцна вільготнай тканіне, марлі ў цёплым месце). А напярэдадні пасеву на градзе капаем канаўку глыбінёй на штык рыдлёўкі і даўжынёй см 70-80. Адлегласць ад адной канаўкі да другой таксама см 70-80. Дно кожнай канаўкі падсыпаем торфам, праліваем вадой. Раніцай на падрыхтаваную глебу раскладваем у радок прамочанае насенне агуркоў. У кожную канаўку прыблізна на аднолькавай адлегласці кладзем 4-5 зернятак і прысыпаем зямлёй.

Калі агуркі абыдуць, падсыпаем іх зямлёй пад лісточкі семядолі. І так рабім увесь час, пакуль каліўцы не выцягнуцца на ўзровень паверхні грады. Такім чынам, карані раслін будуць заглыбленыя прыблізна на штык рыдлёўкі. І гэта дазволіць поўнасцю выключыць паліў агурочніка на працягу ўсяго сезону. Прыроднага паліву падчас дажджу будзе дастаткова.

Як на агурочніку з’явяцца 4-6 паўнавартасныя лісткі, ля кожнага каліва збоку пракопваем ямку, у яе падліваем 0,5 літра разведзенага вадой і ў ідэале выстаянага некалькі дзён каравяку. Кожнае каліўца абсыпаем зямлёй пад самыя першыя лісткі. На гэтым асаблівы догляд завершаны. Застаецца зрэдку праполваць агурочнік ад пустазелля, пакуль ён не “запляце” ўсю градку. Вырашчаны такім чынам агурочнік будзе радаваць пладанашэннем ажно да самых прымаразкаў (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).


Калі на агурочніку з'явіліся "вусы" - чакай першы агурок! Дарэчы, яго не з'ядаюць і нікому не паказваюць (каб не сурочыць). Лепш за ўсё першы плод агурка закапаць на градцы (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).


Пра бульбу

Бульбу трэба саджаць, калі зацвіце чаромха (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).


Пра моркву

Моркву сеяць лепш на ўчастку, дзе арганічнае ўгнаенне ўнесенае летась. Свежы навоз сапсуе якасць пладоў і іх смак.

Самы лепшы час для пасеву морквы – пакуль зямля ўтрымлівае вільгаць. Пры сцісканні ў кулаку яна (зямля) не рассыпаецца – утвараецца не моцны камячок.

Пасля высявання насення радочкі прысыпаюцца зямлёй і злёгку ўтрамбоўваюцца. Самы лепшы спосаб – злёгку шчыльна прыпляскаць зямлю далоняй.

Ідэальны варыянт пасеву морквы – побач з цыбуляй. Можна грады гэтых культур размяшчаць побач. Але можна,напрыклад, сеяць радок морквы – радок цыбулі. Такая пасадка выгадная яшчэ і пры недахопе зямлі, калі ўчастак невялікі. Радочкі можна размяшчаць шчыльней. Пакуль морква возьмецца ў моц, цыбуля выспее і яе можна будзе выбіраць на прасушванне. І морква будзе расці ў “вольніцы” (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).

 

Пра цыбулю

Калі на цыбулі пачалі жаўцець кончыкі «пёрак», можна выправіць сітуацыю і вылечыць агародніну наступным бясшкодным спосабам. Асабліва ён прыдатны пры вырошчванні цыбулі-«сямейкі» (куставой цыбулі).

Напярэдадні правядзення «лячэння» ад кожнага каліўца цыбулі або ад куста яе з усіх бакоў адгортваем зямлю, каб былі відаць карэньчыкі, але каб расліна трымалася ў зямлі. Раніцай гатуем ваду да моцнага кіпеню. Пераліваем кіпень у вядро і адразу пераносім да градаў з цыбуляй. Кубачкам (150-200 гр) практычна кіпень пачынаем падліваць пад кожную цыбуліну або куст, на карэньчыкі. Стараемся не абліваць вадой самую цыбуліну. Адразу пасля паліву карэньчыкі цыбулі прысыпаем зямлёй. Літаральна за тыдзень пяро цыбулі пачне адрастаць, моцнае, здаровае, ярка-зялёнае.

Уборку цыбулі неабходна правесці ў жніўні. Раней лічылася, што не пазней за 15 жніўня.

Вырываем цыбулю, калі яна выспела, і перш раскладваем для прасушвання прама на зямлю на той градзе, дзе гародніна расла.  Пажадана, каб там яна пасушылася некалькі дзён. Калі ёсць пагроза дажджу, цыбулю варта прыкрыць цыратай або іншым матэрыялам, які не прамакае. І толькі праз які час пераносім у праветрываемае памяшканне (пад навес або на гарышча дома). Тут цыбуля прасушыцца канчаткова, і яе можна будзе плесці ў «косы» (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).

СЯМЕЙНЫЯ "ЗАБАБОНЫ"

Цяжарнай жанчыне не можна праходзіць пад нацягнутай вяроўкай (напрыклад, пад вяроўкай для сушкі бялізны). Лічылася, што праз гэта дзіця будзе закручана пупавінай (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).

 

Адзенне і бялізну немаўляці нельга вывешваць сушыць на двары на ноч, пад луну, бо дзіця вырасце «лунацікам» (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).


Першы "страчаны" (малочны вырваны) зубок аддаюць "мышцы" - выкідваюць у куток. Каб пастаянныя зубы раслі моцнымі і вострымі - як у мышкі (запісана са слоў Федаровіч Н. Д., 1900 г.н.).