Народны сямейны ансамбль ”Сваякі“ існуе 39 гадоў, і за гэты час яго склад амаль не змяніўся. Знакаміты мясцовы музыкант Эдуард Белы выхаваў сваіх дачок Марыю і Лілію ў любові да песні. Старэйшая дачка Марыя Бачынская арганізавала і аб’яднала вакол сябе сваякоў. Яна і ўсе ўдзельнікі – прадстаўнікі адной вялікай сям’і і звязаны не толькі роднаснымі сувязямі, але і любоўю да песні, да народных традыцый, якія з павагай захоўваюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне. Званне ”народны“ калектыў заслужана атрымаў у 2001 годзе і паспяхова пацвярджае яго.
Творчая дзейнасць народнага сямейнага ансамбля ”Сваякі“ накіравана на папулярызацыю народнай песні Гродзеншчыны, адраджэнне старажытных кулінарных традыцый рэгіёна, захаванне сямейных каштоўнасцяў, зберажэнне і прапаганду культурнай спадчыны Беларусі. У рэпертуары калектыва беларускія і рускія народныя песні, песні сучасных беларускіх кампазітараў, аўтарскія апрацоўкі музычных кампазіцый. Значнае месца ў творчасці народнага сямейнага ансамбля ”Сваякі“ адводзіцца вывучэнню скарба гродзенскага традыцыйнага фальклору. Удзельнікі ансамбля транслююць рэгіянальныя каляндарна-абрадавыя песні, якія некалі спявалі іх продкі. Сямейны ансамбль ”Сваякі“ актыўна вядзе не толькі музычную дзейнасць, але і арганізуе этнаграфічныя і фальклорныя экспедыцыі. Па выніках гэтых экспедыцый кіраўнік ансамбля і яго ўдзельнікі стварылі музей народнага побыту ”Матчына хатка“. Гэты музей налічвае больш за 150 экспанатаў, у тэлеконкурсе ”Хата на хату“ калектыў атрымаў дыплом ”За лепшы сямейны ансамбль“. У 2017 годзе была створана музейная экспазіцыя ”Сцяжынкі жыццця ”Сваякоў“.
Народны сямейны ансамбль “Сваякі”
Дома культуры аграгарадка Юбілейны Ваўкавыскага раёна
Народны сямейны ансамбль “Сваякі” – пераможцы праекта “Хата на хату”
З мэтай папулярызацыі беларускіх народных традыцый і развіцця міжнароднага супрацоўніцтва калектыў удзельнічае ў міжнародных фестывалях і конкурсах. Так, на фестывалі беларускай традыцыйнай культуры, арганізаваным беларускай дыяспарай у Беластоку (Польшча, 2002 г.) і на фестывалі беларуска-літоўскага памежжа ў Астраўцы (2011 г.), народны сямейны ансамбль ”Сваякі“ прадставіў адзін з элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны ”Комплекс ўменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая на Ваўкавышчыне“. Гэта ўменне перадала Бачынскай Марыі яе цётка – Гецольд Ірына Іванаўна, выраб вясельнага каравая якой быў прадстаўлены ў 2006 годзе на навуковай канферэнцыі ў г. Турыне кандыдатам філалагічных навук І.І. Круком і магістрам педагагічных навук А.В. Катовіч. Народны ансамбль ”Сваякі“ захоўвае элемент НКС, які і з’яўляецца яго вiзiтнай карткай.
Па ініцыятыве ансамбля ”Сваякі“ ў 2018 годзе арганізаваны і праведзены фестываль-конкурс творчых сямейных дынастый ”Сваякі запрашаюць“, мэтай якога з’яўляецца падтрымка і развіццё традыцый сямейнай творчасці, умацавання сямейна-роднасных сувязяў пакаленняў на аснове агульнасці інтарэсаў і захапленняў.
З мэтай захавання традыцыйнай кулінарнай спадчыны калектыў ”Сваякі“ удзельнічаў у кулінарна-гістарычным шоу ”Беларуская кухня“ на тэлеканале ”Беларусь-3“ (восень 2017 г.), дзе ўдзельнікі знаёмілі гледачоў з унікальнымі рэцэптамі мясцовых старажытных страў (”Бонды на дубовых лістах“, ”Лешч у гарчыцы“, ”Вараная бабка па-панску“ і г.д.).
Сапраўдным поспехам можна лічыць удзел ансамбля народнага сямейнага ансамбля «Сваякі» ў тэлевізійным фальклорным шоу «Хата на хату» Рэспубліканскага тэлеканала «Беларусь-3», дзе яны сталі пераможцамі сярод 10-ці каманд Беларусі.
Кіраўнік калектыва Бачынская Марыя Эдуардаўна неаднаразова ўзнагароджвалася граматамі Гродзенскага ўпраўлення культуры, Ваўкавыскага райвыканкама, аддзела культуры, Савета дэпутатаў. Па выніках працы ў галіне культуры за 2017 год Марыя Эдуардаўна ўзнагароджана Ганаровай граматай Гродзенскага аблвыканкама за добрасумленную плённую працу, значны асабісты ўклад у развіццё культуры Гродзенскай вобласці. У 2018 годзе Марыя Эдуардаўна занесена на Дошку пашаны Ваўкавыскага раёна, была дэлегатам урачыстага сходу, прысвечанага Дню яднання народаў Беларусі і Расіі, які адбыўся 2 красавіка 2018 года.
Народны сямейны ансамбль ”Сваякі“ на сённяшні дзень з’яўляюцца адным з вядучых калектываў Ваўкавыскага раёна, які працуе ў накірунку захавання, развіцця і папулярызацыі беларускіх традыцый сямейнай аматарскай творчасці.
За значны ўклад у захаванне, развіцце і папулярызацыю беларускіх традыцый сямейнай аматарскай творчасці народны сямейны ансамбль ”Сваякі“ прадстаўляецца да прысуджэння спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2018 года ў намінацыі ”Народная і аматарская мастацкая творчасць“.
9 студзеня 2019 года ў Палацы Рэспублікі адбылася цырымонія ўзнагароджання прэміяй “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльнымі прэміямі дзеячам культуры і мастацтва па выніках 2018 года. Імі адзначаны працоўныя калектывы і прадстаўнікі рэлігійных аб’яднанняў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай сферы.
Сярод лаўрэатаў – народны сямейны ансамбль “Сваякі” філіяла “Дом культуры аграгарадка Юбілейны” Ваўкавыскага раённага цэнтра культуры, які ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй за захаванне, развіццё і папулярызацыю беларускіх традыцый сямейнай аматарскай творчасці, арганізацыю і правядзенне фестывалю-конкурсу творчых сямейных дынастый “Сваякі запрашаюць”.
Відэа з архіва тэлеканала Беларусь 1
Гімн народнага сямейнага ансамбля “Сваякі”
Словы Алены Калеснік
Музыка Дзмітрыя Дудзінскага
У вёсцы многа ёсць груповак:
Трактарысты, даяры,
Камбайнёры, паляводы,
а яшчэ бухгалтары.
Але ўсё ж найболей цягне
ў групоўку, дзе свае
Брат з сястрою, ці швагерка
Сэрца суму не дае.
Мы ці ў радасці, ці ў горы
Будзем разам навякі,
Нездарма нам людзі кажуць
Вось што значыць – сваякі.
Калі ёсць якая праца,
Сеем што, ці, можа, жнём,
“Сваякі” даўно ўжо ў хаце
Хто з лапатай, хто з сярпом.
Але ўсё ж пасля работы
Сэрца просіць адпачыць,
Песень удоваль наспявацца,
У карагодзе закружыць.
Мы ці ў радасці, ці ў горы
Будзем разам навякі,
Нездарма нам людзі кажуць
Вось што значыць – сваякі.
Мы любоў да песні звонкай
Перанялі ад бацькоў.
Дзядзька Эдзік быў калісьці
гарманістам, спеваком.
А яго дачка Марыя
Песні бацькі зберагла,
“Сваякоў” у гурт сабрала,
У конкурсах перамагла.
Мы ці ў радасці, ці ў горы
Будзем разам навякі,
Нездарма нам людзі кажуць
Вось што значыць – сваякі.
Сваю вёску вельмі любім,
Дзе радзіліся, раслі.
Дзе знаёмы ўсе сцяжынкі
Па жыцці, што нас вялі,
Дзе з надзеяй сустракаюць
Кожны дзень нас землякі,
І свабодна льецца песня
Што спяваюць “Сваякі”.