Памяццю жыве мой край
Памяццю жыве мой край
Гісторыя нашага Юбілейнага налічвае толькі каля 50 гадоў, таму і не выпалі на яго долю цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны, абмінула яго ваеннае ліхалецце. Але пэўны час жыў сярод нас удзельнік тых векапомных дзён Крукаў Уладзімір Паўлавіч.
Крукаў Уладзімір Паўлавіч нарадзіўся ў 1922 годзе ў вёсцы Бываліна Віцебскай вобласці ў сям’і селяніна-серадняка. У 1941 годзе скончыў 10 класаў Шуміліскай сярэдняй школы. У перыяд нямецкай акупацыі актыўна ўключыўся ў барацьбу з фашысцкімі захопнікамі. За гэта ў 1943 годзе былі расстраляны яго бацькі.
3 верасня 1942 па ліпень 1944 быў разведчыкам у партызанскім атрадзе імя Кірава брыгады імя Леніна.За час знаходжання ў атрадзе прымаў удзел у 9 баявых аперацыях. 20 снежня 1942 г. удзельнічаў у разгроме нямецкага гарнізона ў м.Сіроціна. 3 25 па 28 снежня ўдзельнічаў у баях з буйнымі сіламі праціўніка ў Сіроцінскім раёне.
3 сакавіка 1944 года назначаны палітруком узвода. 3 11 красавіка па 5 мая з узводам удзельнічаў у баях з буйнымі сіламі праціўніка ва Ушацкім раёне. У ноч з 1 па 2 чэрвеня 1944 г. са сваім узводам удзельнічаў у прарыве блакады і разгроме гарнізонаў: Красоўшчына, Руды, Стары Пагост, дзе ўзвод дзейнічаў у складзе штурмавога атрада. Узвод блакіраваў агнявыя кропкі, знішчыў 59 гітлераўцаў і забяспечыў праход брыгадзе.
Пасля вызвалення Беларусі, з ліпеня па кастрычнік 1944 г Крукаў У.П. вучыўся на курсах пры ЦК КПБ, пасля заканчэння якіх працаваў інструктарам Гродзенскага абкома камсамола. Са снежня 1944 г. па сакавік 1946 г. вучыўся ў школе прапагандыстаў ЦК КПБ. Пасля вучобы працаваў другім сакратаром Свіслацкага райкама камсамола. 3 чэрвеня 1949 г. па чэрвень 1950 г. - загадчык культпрасветаддзела, з чэрвеня па снежань 1950 г. - загадчык сектара партыйнай статыстыкі, са снежня 1950 г. па верасень 1953 г.- намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі РК КПБ. 3 верасня 1953 г. па ліпень 1956 г. вучыўся ў Мінскай партыйнай школе пры ЦК КПБ. Са снежня 1956 г. працаваў загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Васілішкаўскага РК КПБ.
Па 3 сакавіка 1960 г. - сакратар партбюро саўгаса “Зара” Ваўкавыскага раёна. Са жніўня 1962 г. - дырэктар Ізабелінскай сярэдняй школы.
3 1969 г. 1976 г. - дырэктар Маісеевіцкай сярэдняй школы. Школа, якую ён прыняў, ацяплялася дровамі, вада была ў калодзежы праз дарогу. Самая вялікая заслуга Крукава У.П. як дырэктара заключалася ў тым, што ён пабудаваў кацельню, правёў у школу ацяпленне і вадаправод.
Дырэктарам ён быў справядлівым, тактоўным. Настаўнікі яго паважалі. Былыя вучні ўспамінаюць яго цікавыя ўрокі, якія былі не проста ўрокамі гісторыі, а “урокамі жыцця”. Ён вучыў быць добрымі, справядлівымі, быць сапраўднымі патрыётамі, любіць свой народ, сваю Беларусь.
Настаўнікам гісторыі ён быў па 1987 год да сыходу на пенсію. Быў узнагароджаны граматамі раённага аддзела адукацыі, Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі, знакам “Выдатнік народнай асветы”.
У 1960 г. скончыў завочную Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ, а ў 1964 г. гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя A.M.Горкага. Быў членам КПСС з 1947 г.
Быў узнагароджаны Ордэнам Айчыннай вайны II ступені; медалём “Партызану Айчыннай вайны” І ступені; шматлікімі медалямі, у тым ліку медалём імя Жукава .
Гонар і славу пасёлка складалі і складаюць яго жыхары. Жывуць сярод нас тыя, хто шмат гадоў аддаў працы ў роднай гаспадарцы, хто па праву занесены ў ганаровы спіс “Заслужаны член КСУП “Няверавічы”.
Сустрэча з дачкой Крукава Уладзіміра Паўлавіча Лукашовай Людмілай Уладзіміраўнай