Летапіс аграгарадка Юбілейны
Летапіс аграгарадка Юбілейны
Афіцыйна на карце рэспублікі пасёлак Юбілейны, з’явіўся зусім нядаўна, калі па хадайніцтву Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў Тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь дала згоду на афіцыйнае зацвярджэнне гэтай назвы. I ў красавіку 2001 года сесія райсавета прыняла рашэнне аб прысваенні пасёлку назвы, да якой мы ўсе добра прызвычаіліся.
Рашэнне Ваўкавыскага сельсавета ад 27.06.97 г. №22/8-4 “Аб пастаноўцы на ўлік населеных пунктаў, якія ўзніклі на тэрыторыі Ваўкавыскага сельсавета”
Рашэнне Ваўкавыскага раённага савета дэпутатаў ад 28.03.2001 г.№ 49 “Аб пастаноўцы на ўлік і прысваеня назвы населеных пунктаў, якія ўзніклі на тэрыторыі Ваўкавыскага сельсавета
Эканамічная характарыстыка населеных пунктаў, якія ўзніклі на тэрыторыі Ваўкавыскага сельсавета
А пачыналася ўсё яшчэ ў 1967 годзе, калі быў, як кажуць, пакладзены першы камень у падмурак будучага пасёлка. I месца выбралі дакладнае, каб пасёлак сапраўды стаў цэнтрам гаспадаркі. Будаўніцтва яго звязана з імем тагачаснага старшыні калгаса “Звязда” Шавалды Пятра Цярэнцьевіча. Гэта менавіта ён настаяў на тым, каб новы пасёлак быў пабудаваны на новым месцы, а не быў прывязаны да вёскі Няверавічы, як прапаноўвалі праекціроўшчыкі.
У 1969 годзе быў узведзены адміністрацыйны будынак – калгасная кантора. А неўзабаве на месцы будучага пасёлка пачалі вырастаць жылыя дамы і аб’екты сацкультбыту. Назву ж сваю пасёлак атрымаў у гонар 100-годдзя з дня нараджэння У.І.Леніна. Менавіта ў гэты год вялося інтэнсіўнае будаўніцтва пасёлка. I яго жыхары, задоўга да афіцыйнага прызнання, пачалі называць свой пасёлак Юбілейным.
Спачатку пасёлак меў толькі адну вуліцу, паабапал якой размясцілася восем дамоў. Усе дамы, акрамя дома Кудзелькі Я.В., былі пабудаваны на сродкі калгаса. Паралельна цэнтральнай вуліцы ў 1975 годзе пачалося будаўніцтва яшчэ чатырох дамоў. Зараз гэта вуліца Лугавая. Вялікую ўвагу кіраўніцтва калгаса надавала і развіццю сацыяльнай інфраструктуры пасёлка. З кожным годам ён пашыраў свае межы. Найбольш актыўна будаўніцтва вялося ў 80-90-я гады мінулага стагоддзя, калі калгас узначаліў Уладзімір Іванавіч Папроцкі.
Звернемся да храналогіі:
- год 1979: адкрыты сельскі Дом культуры;
- год 1981: здадзены ў эксплуатацыю васьмікватэрны панэльны дом.Вядзецца будаўніцтва жылля па новай вуліцы –Садовай;
- год 1984: уступіў у строй банна-пральны камбінат;
- год 1985: справіў наваселле сучасны гандлёвы цэнтр;
- год 1990 прынёс новыя наваселлі. Васьмікватэрны домпа вуліцы Цэнтральная, 14 засялілі працаўнікі калгаса, сельская інтэлігенцыя;
- год 1992: пабудаваны шаснаццацікватэрны жылы дом па вуліцы Цэнтральная 16;
- 1992-1994 гг: пачалася забудова новай вуліцы пасёлка, якая потым і атрымала назву –Новая. Сучасныя дамы катэджнага тыпу з мансардамі і газавым ацяпленнем, ці ж гэта не мара, якая для многіх жыхароў пасёлка стала яваю;
- год 2004: за кошт гаспадаркі палепшылі свае кватэрныя ўмовы чатыры сям’і;
- 2005-2008гг.: мяняе аблічча вуліца Новая, згодна плана на ёй ідзе інтэнсіўнае будаўніцтва жылых дамоў;
- год 2010: вуліца Цэнтральная прырасла васьмю дамамі катэджнага тыпу.
12 лютага 2009 года рашэннем Ваўкавыскага раённага Савета дэпутатаў пасёлак Юбілейны набыў статус аграгарадка.
Сёння аграгарадок Юбілейны –
адзін з буйнейшых населеных сельскіх пунктаў на ўсходзе Ваўкавыскага раёна.