Антонік Анатоль Міхайлавіч, адзін з першых жыхароў пасёлка ўспамінае:
“У лістападзе 1973 года мяне накіравалі працаваць у калгас “Звязда”. У раёне абнадзеялі: ”Пасёлак малады, вельмі перспектыўны, не пашкадуеш”. І вось я з сям’ёй на новым месцы жыхарства.
Уражанне самае адмоўнае. Пры дарозе Ваўкавыск -Калядзічы, сярод голага саду, стаіць восем дамоў. Усе неабходныя аб’екты, школа, ФАП, знаходзяцца ў суседняй вёсцы Маісеевічы. Магазін у прыстасаваным памяшканні. Лазні і той няма. Нават з вялікай нацяжкай гэта нельга было назваць пасёлкам. Але мінула некалькі гадоў, забудаваўся, папрыгажэў наш пасёлак. Памятаю, як у свой час вырашылі ўпрыгожыць пасёлак штучнай сажалкай. Было гэта ў 1976 годзе. Старшыня калгаса падрадзіў ажно з Мастоўтэхніку, каб выкапаць катлавіну. Але два разы вада прарывала дамбу: вельмі ўжо вялікія паводкі былі. І толькі вясной 1981 года возера нарэшце ўдалося трывала замацаваць. Менавіта Шавалда сярод першых аб’ектаў сацкультбыту пачаў будаваць наш Дом культуры. Разумеў старшыня, што не “хлебам адзіным жыве чалавек”. Таму і будоўлю распачаў з размахам, каб было дзе вяскоўцам бавіць вольны час. Праўда, адкрывалі Дом культуры ўжо пры наступным старшыні, але інакш як Шавалдзін у народзе яго не называюць. І за тыя 38 гадоў, што я жыву ў пасёлку, ён і сапраўды стаў пасёлкам”.