БЕЛАРУС З АМСТЭРДАМА

Капіевіч (Капіеўскі) Ілья (Ілля) Фёдаравіч нарадзіўся ў Заходняй Беларусі, аднак дакладна не вядома, які горад лічыць яго месцам нараджэння. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што каля Брэста, іншыя сцвярджаюць, што на Мсціслаўшчыне. Дата з’яўлення на свет, а ў некаторых выданнях і год нараджэння — 1651 — суправаджаецца асцярожнымі дапаўненнямі "каля" і "прыблізна".

З пачаткам руска-польскай вайны (1654-1667) Ілья Капіевіч быў вывезены з родных мясцін і ў дзевяцігадовым узросце апынуўся ў Цвярскім княстве, затым жыў і вучыўся ў Маскве пад заступніцтвам маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча. Вяртацца пасля вайны Капіевічу не было куды, маёнтак яго бацькоў трапіў ва ўласцнасць каталіцкага касцёла.

Няма дакладных звестак, дзе і калі ён атрымаў адукацыю, але большасць даследчыкаў лічыць яго выпускніком Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, якую заснаваў у 1617 г. Януш Радзівіл. Выкладанне галоўных дысцыплін у гімназіі ні ў чым не саступала ўніверсітэтскім курсам. Навучанне там вялося па-польску, выкладаліся гуманітарныя дысцыпліны, якія спрыялі разумоваму развіццю, фарміравалі ўласную думку вучняў. Вялікая ўвага надавалася вывучэнню лацінскай мовы. Вучні чыталі ў арыгінале творы антычных пісьменнікаў, аратараў, палітыкаў. Для граматычных практыкаванняў выкарыстоўваліся творы Эзопа, Катона і інш. Не выпадкова I. Капіевіч планаваў выдаць на рускай мове грэчаскіх і рымскіх класікаў. Будучы перакладчык вывучаў грэчаскую, старажытнаяўрэйскую, нямецкую мовы, а таксама рыторыку. Авалоданне правіламі рыторыкі прызнавалася вяршыняй пазнання моў.

Капіевіч атрымаў поспех у навуках, і ў 1674 г. яго прызначылі лектарам (настаўнікам малодшых класаў) гімназіі. Аднак у беднага выкладчыка, пазбаўленага маёмасці і падтрымкі сваякоў, шанцаў на сур’ёзную кар’еру было мала. Да гэтага часу набывала сілу Контррэфармацыя: пратэстанцтва страціла свой уплыў, многія дзеячы вымушаны былі эмігрыраваць. Такі лёс быў наканаваны выхадцу з пратэстанцкай сям’і Капіевічу, які перабраўся ў пратэстанцкую Галандыю. У Галандыі Капіевіч зарабляў на жыццё выдавецкай дзейнасцю — захаваліся яго лісты да вядомага нямецкага навукоўца Готфрыда Лейбніца, які прапаноўваў беларусу супрацоўніцтва ў публікацыі навуковых прац.

У 1697 г., калі Ілья Капіевіч займаў пасаду кандыдата пастыра пры Амстэрдамскім саборы, адбылася яго сустрэча з Пятром I. Капіевіч быў запрошаны ў якасці настаўніка замежных моў і некаторых іншых навук для самога Пятра I і іншых членаў пасольства. Па даручэнні цара ён перакладаў на рускую мову замежныя кнігі па ваеннай справе, тэхніцы і мараплаванні.

У гэты ж час цар заключыў дамову з амстэрдамскім купцом Янам Тэссінгам аб друкаванні ў Амстэрдаме літаратуры для Масковіі. Але сам Тэссінг не валодаў рускай мовай, не было ў яго і кірылічнага друкарскага шрыфту. Выручыў яго І. Капіевіч, які ведаў, акрамя рускай, польскую, нямецкую, галандскую мовы, а таксама латынь. Сучасныя расійскія даследчыкі адзначаюць, што мовай кніг Капіевіча стала старабеларуская.

У амстэрдамскі перыяд, з 1699 па 1706 г., I. Капіевіч падрыхтаваў да друку, пераклаў, надрукаваў каля 20 кніг па розных галінах ведаў — гісторыі, арыфметыцы, дапаможнікі па марской справе, архітэктуры, мастацтве, адным словам, свецкую і вучэбную літаратуру, прыхільнікам якой ён з’яўляўся.

Найбольш значныя з іх: "Введение краткое во всякую историю…" (1699), у якім скарочана выкладалася гісторыя ад біблейскіх часоў і да Рымскай імперыі, далей ішлі храналагічныя табліцы і кароткія звесткі з геаграфіі: "Краткое и полезное руковедение во арифметику…" (1699) — першы ў Расіі падручнік па арыфметыцы; "Краткое собрание Льва Миротворца…" — падручнік ваенных навук (1700); першыя слоўнікі "Номенклятор (лексикон) на русском, латинском и немецком языках", "Номенклятор на русском, латинском и голландском языках" (1700), у тым ліку "Latina grammatica…" (1700) — лепшыя для свайго часу падручнікі па лацінскай граматыцы. Падручнікі, выдадзеныя І. Капіевічам, доўгі час выкарыстоўваліся ў рускіх школах.

У выданне "Притчи Эссоповы, на латинском и русском языке…" (1700) увайшлі сорак баек Эзопа і твор пад назвай "Гомерова брань,…", якое ўпершыню знаёміла рускага чытача з узорамі антычнага пісьменства.

Вялікую каштоўнасць меў пераклад галандскага падручніка "Книга, учащая морского плавания,…" (1701) — першай друкаванай кнігі па мораплаўстве на рускай мове, у якой дадзены звесткі па геаметрыі, матэматычнай геаграфіі, аб геаграфічных картах, аб компасе, пра краіны свету, пералічаны спосабы вызначэння месцазнаходжання карабля. Падручнік выкарыстоўваўся маракамі на працягу ўсяго XVIII стагоддзя.

На рахунку Капіевіча выдатная праца па астраноміі "Уготование и толкование ясное и зело изрядное поверстания кругов небесных..." (1699). Гэта не звычайная кніга, а зорная карта. Як вядома, Пётр I надаваў вялікае значэнне выхаду Расіі да марскіх рубяжоў. А плаваючы па марах-акіянах, не магчыма абысціся без навігацыйных прыбораў і, канешне, без карт. Мараплаўцам даводзілася ў асноўным разлічваць на прыборы і карты, прывезеныя з-за мяжы. Ад Пятра I І. Капіевіч атрымаў заказ — стварыць першую на рускай мове карту зорнага неба. Карта з апісаннямі была зроблена за кароткі тэрмін і ўяўляла сабой прамавугольнік, выгравіраваны на медным лісце. Памер яго быў 56 см у даўжыню і 48 см у шырыню. З гэтай свайго роду матрыцы можна было рабіць шматлікія адбіткі, на якіх выступалі фігуры сузор’яў, геаграфічныя градусы, паралелі. Карту Капіевіч разбіў крыж-накрыж на чатыры аднолькавыя часткі. У кожнай з іх прыводзяцца назвы сузор’яў, асобных зорак, па размяшчэнні якіх маракі вызначаюць курс судна. І. Капіевіч увёў навуковую тэрміналогію: гарызонт, градус, задыяк, полюс, экватар, экліптыка.

Супрацоўніцтва купца Тэсінга і Капіевіча працягвалася нядоўга, ужо ў 1700 г. І. Капіевіч заснаваў уласную друкарню, дзе быў і друкаром, і выдаўцом, і наборшчыкам.

У 1702 г., пасля выдання "Морского плавания книгу" (1701), І. Капіевіч перабіраецца са сваёй сям’ёй у Гданьск (у 1308–1466 гг. і 1793–1945 гг. насіў назву Данцыг).

Жадаючы наблізіць сваю выдавецкую базу да Расіі, Капіевіч вёў перамовы з Каралеўскім таварыствам навук у Берліне, аднак перамовы скончыліся няўдачай. У 1706 годзе ў прадмесці Гданьска, Штольцэнбергу, надрукаваў "Руковедение в грамматыку. Во Славянороссийскую или Московскую" (1706).

У 1707 г. Капіевіч атрымаў запрашэнне прыняць удзел у распрацоўцы новага грамадзянскага шрыфту, уведзенага Пятром I у 1708 г. Амстэрдамскія досведы І. Капіевіча сталі важнай часткай падрыхтоўчага этапу Пятроўскай рэформы азбукі. Удасканаленая кірыліца і дагэтуль ляжыць у аснове азбук рускай, беларускай, балгарскай, украінскай, македонскай і іншых моў. Да апошняй рэдакцыі "грамадзянкі" і яе карэкціроўкі Капіевіч не быў дапушчаны.

Аўтарства грамадзянскага шрыфту і ўдзел Капіевіча ў яго стварэнні і па сённяшні дзень аспрэчваецца вучонымі. Большасць лічыць Капіевіча не толькі сааўтарам, але і пачынальнікам стварэння грамадзянскага шрыфту. У першых сваіх кнігах, выдадзеных яшчэ ў друкарні Тэсінга, ён паказаў розныя ўзоры шматлікіх літар будучага грамадзянскага шрыфту, а таксама ўпершыню ў рускамоўных кнігах увёў арабскія лічбы як прадмет навучання.

У 1708 г., пасля вяртання ў Гданьск з Масквы, дзе ішла праца над новым шрыфтам, І. Капіевіч не знайшоў сваёй друкарні — яна была захоплена шведамі. За тое, што друкарня Капіевіча разам з усімі навейшымі шрыфтамі аказалася ў шведаў, Ілля Фёдаравіч трапіў у вялікую няміласць. Капіевіч атрымаў указанне Пятра I прыбыць да рускіх палкоў, якія стаялі ў Варшаве, і быць пры генерале Якаве Брусе, але жалавання ніякага не даў. Друкар цудам дабраўся да Варшавы, па дарозе яго з дачкой абрабавалі казакі. Доўгі час Капіевіч быў без справы, і Брус прапанаваў цару залічыць Капіевіча на пасаду перакладчыка ў пасольскім прыказе. Капіевіч перабраўся ў Пецярбург, і да канца жыцця цар не ўспамінаў пра чалавека, які столькі зрабіў для навучання яго падданых. Кнігі Капіевіча — пераклад Курцыя (1709), перавыданне баек Эзопа (1712) — выйшлі без ягонага імя.

Памёр Ілля Капіевіч, па асобных звестках, у Маскве 23 верасня 1714 г.

След, які пакінуў пасля сябе I. Ф. Капіевіч — гэта след не толькі асветніка-рэфарматара, але і першаадкрывальніка. Ён стаў аўтарам першых друкаваных навучальных дапаможнікаў і шматмоўных слоўнікаў. Прытым слоўнікі — не алфавітныя ўказальнікі, а тэматычныя: словы разбіты на тэматычныя групы "О мире, стихиях и небеси", "О временех и праздниках", "О водах", "О человеке и его частях"). У слоўніках Капіевіча побач з рускімі словамі змяшчаліся і беларускія ці беларускамоўныя запазычанні: печатня — друкарня; печать — друк; кровь — руда; свекла — буракі; мел — крэйда. Даследчыкі заўважалі, што слоўнікі нашага земляка, як і іншыя ягоныя кнігі, былі ў свой час надзвычай папулярныя і карысталіся попытам у пакупнікоў.

З усіх кніг, што былі выдадзены ды падрыхтаваны да друку Капіевічам, васямнаццаць можна назваць гуманітарнымі, тры — прыродазнаўчымі і дзве — царкоўнымі. Ёсць звесткі, якія паказваюць на тое, што нашым славутым земляком былі яшчэ напісаны "Рыторыка", "Паэтыка" і шматлікія вершы, але ўсё гэта, на вялікі жаль, бясследна знікла.

Жыццё і дзейнасць Іллі Фёдаравіча Капіевіча неразрыўна звязаны з гісторыяй асветы Расіі і Беларусі. Яго талент, рознабаковыя веды, прагрэсіўныя погляды і ідэі садзейнічалі дасягненням выдатнага энцыклапедыста ў перакладчыцкай і выдавецкай справах. Ёсць усе падставы для таго, каб наш слынны зямляк, Ілля Фёдаравіч Капіевіч, стаяў у адным шэрагу з такімі знакамітасцямі, як Ф. Скарына, С. Будны, Л. Сапега, С. Полацкі, а таксама заслужана ўшаноўваўся кожным беларусам.

Падрыхтавала А. Ніедра, вядучы бібліятэкар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

Абабурка, М. Вучоны і асветнік ці "халоп" Пятра Вялікага? / М. Абабурка // Сыны і пасынкі Беларусі / С. В. Барыс, С. В. Тарасаў, Г. А. Ланеўскі і інш. ; укладальнік С. В. Барыс. — Мінск : Полымя, 1996. — 416 с.

Асветнік Пятроўскай эпохі : да 360-годдзя з дня нараджэння І. Ф. Капіевіча (1651—1714), асветніка, перакладчыка, выдаўца, літаратара / К. Д. Варанько // Адукацыя і выхаванне : штомесячны навукова-тэарэтычны і навукова-метадычны часопіс / Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. — Мінск : РУП "Выдавецтва "Адукацыя і выхаванне", 2011. — № 7. — С. 68—71.

Березкина, Н. Ю. Библиотеки и распространение научных знаний в Беларуси XVI—XX вв. // Н. Ю. Березкина ; научный редактор М. П. Костюк, А. А. Коваленя. — 2-е издание, исправленное и дополненное. — Минск : Беларуская навука, 2013. — 523 с.

Болбас, В. С. Маральна-асветніцкі патэнцыял спадчыны І. Капіевіча / В. С. Болбас, І. С. Сычова // Адукацыя і выхаванне. — 2002 — № 6. — С. 60—65.

Дубровский, В. В. Илья Копиевич (Копиевский) // Памятники философской мысли Белоруссии XVII — первой половины XVIII в. — Минск : Наука и техника, 1991. — С. 198—202.