"НЕ ДЗЕЛЯ ПРЫБЫТКУ, А ДЗЕЛЯ АГУЛЬНАЙ ПАТРЭБЫ І КАРЫСЦІ НАДРУКАВАЛІ І ВЫДАЛІ..."

Да ліку славутых людзей XVII ст. — прадаўжальнікаў вялікай справы Францыска Скарыны — належыць друкар, пісьменнік, рэлігійны, грамадскі і культурны дзеяч Іаіль Труцэвіч, заснавальнік Куцеінскага манастыра, які ў 1632 г. узначаліў Куцеінскую друкарню .

Біяграфічных звестак пра І. Труцэвіча амаль няма. Невядомы нават час нараджэння. Нарадзіўся і правёў дзяцінства і юнацтва, відаць, у Магілёве, дзе, магчыма, атрымаў і адукацыю. Магчыма, ён вучыўся ў адной з лепшых у той час заходнерускай праваслаўнай школе пры магілёўскім Богаяўленскім брацтве.

У другой чвэрці XVII ст. І. Труцэвіч — член Магілёўскага Богаяўленскага брацтва, удзельнічаў у яго рэлігійнай і асветніцкай дзейнасці як ігумен Куцеінскага Богаяўленскага манастыра (Орша).

У вельмі складаных рэлігійных умовах у І. Труцэвіча нарадзілася думка аб заснаванні цэнтра сваёй дзейнасці побач з Оршай, у маёнтку буйнога беларускага праваслаўнага феадала Багдана Статкевіча.

Будаўніцтвам і ўзвядзеннем Святадухаўскай царквы і іншых манастырскіх пабудоў кіраваў сам І. Труцэвіч. Гэта дазволіла яму набыць практычны вопыт, які вельмі спатрэбіўся ў далейшым. Апрача Куцеінскага Богаяўленскага манастыра намаганнямі І. Труцэвіча ў 30-х — пачатку 40-х гадоў былі пабудаваны Куцеінскі Успенскі, Буйніцкі Святадухаўскі, Тупічэўскі Святадухаўскі, Баркалабаўскі Вазнясенскі манастыры. Усе яны склалі моцны саюз на чале з Куцеінскім Богаяўленскім манастыром.

Пра яшчэ не поўнасцю збудаваны манастыр ведалі ўжо далёка за межамі Аршаншчыны. Тут працавала майстэрня па перапісванні і пераплёце кніг. І гэта не выпадкова. У манастырскае брацтва, якое налічвала каля двух соцен чалавек, уваходзіла шмат таленавітых майстроў: мастакоў, рэзчыкаў па дрэве, чаканшчыкаў, гравёраў.

Шмат увагі надаваў І. Труцэвіч арганізацыі жыцця і дзейнасці створаных культавых устаноў. Кіраўніком усіх манастыроў з’яўляўся ігумен, а галоўнага, Куцеінскага — І. Труцэвіч.

Ігумен не абмяжоўваўся толькі рэлігійнай дзейнасцю. У час абвастрэння барацьбы супраць нацыянальнага прыгнёту ён разам са сваімі аднадумцамі шмат зрабіў для развіцця асветы. Вядома, што пры актыўным яго ўдзеле былі створаны брацкія школы ў галоўным, Куцеінскім, а таксама ў Тупічэўскім манастырах. Стварэнне такіх школ было справай небяспечнай і цяжкай з прычыны забароны іх уладамі.

Але самая вялікая бяда была ў тым, што пры навучанні, як і наогул у барацьбе за захаванне роднай мовы, не хапала галоўнага — кніг. Тыя ж адзінкавыя экземпляры, што знаходзіліся ў манастырскай бібліятэцы, не маглі задаволіць. Патрэбна была свая друкарня. Сам ігумен Іаіль Труцэвіч быў высокаадукаваным чалавекам і добра разумеў патрэбу ў асветніцкай дзейнасці.

Напэўна, яго намаганнямі ўдалося пераканаць Багдана Статкевіча-Завірскага ў неабходнасці адкрыцця пры манастыры друкарні. Наведаўшы ў 1630 г. Кіеў, магнат бліжэй пазнаёміўся з друкарскай справай, запрасіў друкара і асветніка Спірыдона Собаля, які меў ужо вопыт выдавецкай дзейнасці, дапамагчы стварыць і наладзіць работу друкарні пры Куцеінскай лаўры.

Для адкрыцця друкарні ў Куцейне меліся адносна добрыя ўмовы. Знаходзілася яна ў трох вярстах ад горада, праз які пралягалі важныя водныя і сухапутныя шляхі. Меліся тут і пісьменныя манахі.

Куцеінская друкарня — адзін з асноўных кірылічных выдавецкіх цэнтраў на Беларусі ў сярэдзіне XVII ст. Дзейнічала яна ў 1630–1654 гг. пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры. Выдавала кнігі богаслужэбнага, малітоўнага, духоўна-павучальнага і асветна-падручнага характару на царкоўна-славянскай і старабеларускай мовах. Распраўсюджваліся гэтыя кнігі таксама на Украіне, у Літве, Расіі.

У 1630 г. пачала сваю дзейнасць друкарня пад кіраўніцтвам Спірыдона Собаля, выхадца з Магілёва, не толькі вядомага друкара, але і перакладчыка, які валодаў беларускай, рускай, украінскай, польскай, грэчаскай і лацінскай мовамі.

Захаваўся пералік друкарскага абсталявання, якое С. Собаль прывёз з Кіева ў Куцейна: два шрыфты, тры дошкі-канцоўкі, некалькі дзесяткаў вялікіх і малых ініцыялаў, трынаццаць дошчак-заставак. С. Собаль дапамог куцеінскім манахам займець уласнае друкарскае абсталяванне, адліў для іх са сваіх матрыц шрыфты.

У Куцейне С. Собаль пачаў працаваць над Псалтыром з дадатковымі раздзеламі (у бібліяграфічных крыніцах гэта выданне прынята называць "Брашна духоўнае"). "Брашна духоўнае" (1630) — першая кніга, падрыхтаваная ў Куцейна.

С. Собаль надрукаваў яшчэ тры кнігі, якія прызначаліся галоўным чынам не для царквы, а для прыватнага жыцця — "Буквар" (1631), "Малітваслоў" (1631), "Часаслоў" (1632).

Арганізацыйнымі пытаннямі займаўся непасрэдна ігумен І. Труцэвіч. Менавіта ён падбіраў для друку кнігі, якія адпавядалі патрабаванням часу і месца.

Пакідаючы Куцейна, С. Собаль не сумняваўся, што выданне кніг тут будзе працягвацца, бо большасць манахаў былі пісьменнымі, а найбольш кемлівыя дапамагалі яму ў выданні кніг і мелі ў гэтай справе пэўныя навыкі. Да таго ж дакладна вядома, што і І. Труцэвіч таксама добра ведаў друкарскую справу.

З 1632 г. друкарню ўзначаліў Іаіль Труцэвіч. Кожная кніга ўтрымлівала прадмову. Да большасці нелітургічных выданняў Іаіль напісаў прадмовы і вершаваныя прысвячэнні на старажытнабеларускай і царкоўнаславянскай мовах. Ён добра валодаў беларускай мовай і настойваў, каб кнігі выдаваліся на ёй.

Ужо ў 1636 г. у навастворанай друкарні быў выдадзены зборнік, вядомы пад загалоўкам першага свайго твора — "На "Ойча наш" выклад" Іаана Златавуста. На працягу няпоўных 20 гадоў з манастырскага куцеінскага варштата выйшлі 11 назваў кніг, прычым некаторыя з іх мелі па некалькі выданняў: "Дыдаскалія" Сільвестра Косава (1637 і 1653), "Псалтыр" (1642 і каля 1650) і "Дыёптра" (1651 і 1654). Такім чынам, сёння мы можам гаварыць пра 14 выданняў, выдадзеных куцеінскай манастырскай друкарняй:

1) 1636 г. — "На "Ойча наш" выклад"; 2) 1637 г. — "Дыдаскалія" Сільвестра Косава; 3) 1637 г. — "Гісторыя пра Варлаама і Ясафа"; 4) 1639 г. — "Брашна духоўнае"; 5) 1642 г. — "Псалтыр"; 6) 1646 г. — "Актоіх"; 7) 1647 г. — “Трыфалагіён”; 8) каля 1650 г. — "Псалтыр"; 9) 1651 г. — "Дыёптра"; 10) 1652 г. — "Новы Запавет з Псалтыром"; 11) 1653 г. — "Буквар языка славеньска"; 12) 1653 г. — "Дыдаскалія" Сільвестра Косава; 13) 1653 г. — "Лексікон" Памвы Бярынды; 14) 1654 г. — "Дыёптра".

Выданні гэтай друкарні вылучаюцца сваім графічным афармленнем, выкарыстаннем свайго адмысловага Куцеінскага стыля: фігурнымі гравюрамі, ілюстрацыямі, застаўкамі і канцоўкамі, блізкімі да традыцый беларускага народнага мастацтва. Мясцовая флора і фаўна, гербы, адлюстраваныя на гравюрах, робяць выданні гэтай друкарні шэдэўрам беларускага мастацтва.

Дзякуючы наватарству С. Собаля, а потым і І. Труцэвіча, якія адмовіліся ад дрэварыта (гравюра на дрэве, у якой друкарская форма (клішэ) выконваецца гравіраваннем драўлянай дошкі) і перайшлі на медзярыт (гравюра на медзі, распаўсюджаная ў Беларусі і збольшага на Украіне ў XVII—XVIII стст.; выконвалася з дапамогай тручэння металу моцнай гарэлкай), куцеінскія выданні былі больш якасныя і дасканалыя. Гэта акалічнасць прымушае нацыянальныя бібліятэкі Оксфарда, Кембрыджа, Упсалы, Варшавы, Капенгагена, Кракава і іншыя лічыць кнігі аршанскіх друкароў найбольш каштоўнымі ў сваіх калекцыях кірыліцкіх старадрукаў.

Знаўцы старадрукаў адзначаюць высокую мастацкую вартасць куцеінскіх выданняў. У іх, на думку доктара мастацтвазнаўства Віктара Шматава, "далейшае развіццё атрымала ілюстрацыя, у тым ліку свецкая", а "чалавечнасць вобразаў, душэўная шчырасць і цеплыня, нейкая своеасаблівая "куцеінская" непасрэднасць — якасці, якія былі ўласцівы беларускай ілюстрацыі на ранейшых этапах эвалюцыі, трывала замацаваліся ў Куцейне". Гэта і іншыя ўласцівасці выданняў даюць падставу сцвярджаць аб куцеінскай школе гравюры.

Існаванне друкарні было цесна звязана з тутэйшай школай гравюры (у фарміраванні апошняй С. Собаль таксама адыграў галоўную ролю). Кожная выдадзенная ў Куцейне кніга мела прывабны дэкарыраваны тытульны ліст, багата ўпрыгожаныя застаўкі, адмысловае арнаментальнае аздабленне. Высокай мастацкай каштоўнасцю вылучаліся шматлікія малюнкі на евангельскія тэмы. Манастырскія майстры працавалі і ў галіне нотадрукавання.

У выдавецкай дзейнасці І. Труцэвіч пастаянна імкнуўся ўдасканальваць друкарскую справу, рабіць кнігі больш зразумелымі для простых людзей. Важна падкрэсліць і тое, што ў друкарскай справе Труцэвіч быў, безумоўна, наватарам. Сведчанне таму – другое выданне "Новага запавета па Псалтыру" (1652), выдадзенае з новым афармленнем. Калі на адных экзэмплярах быў змешчаны герб праваслаўнага епіскапа Іосіфа Канановіча-Гарбацкага і прадмова, яму прысвечаная, то на другіх — герб заснавальніка і гаспадара манастыра і друкарні Багдана Статкевіча. Яму прысвячалася і прадмова да выдання, і эпіграма "На старожитный герб их ласкаў паноў Стеткевичов", складзеная І. Труцевічам:

Стрела для крыжа чи крыж для стрелы роздарты

Так в кгротах, яе в котвица, единаковы гарты.

Клейноты зоб о полнее так ся улюбили,

Жесь и в един клейнот згодливе зместили.

Месяци зась для чого в кватырах се мають,

Завше еднак светят, пелня не чекают? –

Кгды меч хочет отчызне и церкви служити,

Мусят для компании месяци светити.

Перад кожным Евангеллем змяшчаўся яго кароткі змест, а на палях кнігі даваліся тлумачэнні асобных незразумелых слоў або цэлых выразаў. Характэрна, што ў далейшым і іншыя друкарні нашай краіны пачалі выпускаць кнігі па ўзору куцеінскага выдання.

Чытаючы прадмовы І. Труцэвіча да кніг, даведваешся, што хвалявала, якімі думкамі жыў гэты неспакойны чалавек, грамадзянін. Аб грамадзянскай пазіцыі І. Труцэвіча, яго адданасці справе асветы "люда посполитого" сведчыць, напрыклад, прадмова да кнігі "Трыфалагіён" (1647). Яна пачыналася словамі: "Колькі плачу і рыданняў чуваць у наш час". Затым аўтар рэалістычна падае карціну нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту, які панаваў на беларускай зямлі. Як сапраўдны патрыёт і гуманіст паўстае Труцэвіч у такіх простых і ў той жа час шматзначных словах: "Не дзеля прыбытку, а дзеля агульнай патрэбы і карысці надрукавалі і выдалі мы, грэшныя, гэтую кніжыцу ў друкарні манастыра Куцеінскага".

Удасканальвалася мастацкае афармленне кніг, кніжныя гравюры (дрэварыт), стылістычна блізкія да традыцый беларускага народнага мастацтва (лубка), былі добра ўспрыняты чытачамі і зразумелыя ім. Выданні мелі дэкаратыўныя тытульныя лісты, на якіх часта змяшчаліся выявы знакамітых людзей, яны багата ўпрыгожваліся застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, чалавечых фігур, а таксама ілюстрацыямі, гербамі, ужываўся літы наборны арнамент. Дамінуюць застаўкі. Яны адкрываюць тэкст, азначаюць яго пачатак, вылучаюць раздзелы і адначасова ўпрыгожваюць кнігу.

Сэнсавую і дэкаратыўную ролю ў тэксце адыгрывалі і ініцыялы. Яны ўжыты замест абзацаў, разбіваюць манатоннасць тэксту, дапамагаюць зрокаваму ўспрыняццю зместу. Характэрным для Куцеінскай школы гравюры было выкарыстанне ў малюнках элементаў народнага жыцця, мясцовай флоры і фауны.

Большасць кніг, якія выдадзены ў Куцейне пад кіраўніцтвам С. Собаля і І. Труцэвіча, мелі памер у чацвёртую долю ліста — фармата пражскіх кніг Ф. Скарыны. Для афармлення часцей за ўсё выкарыстоўваўся чырвоны колер. На тытулах шырока ўжываўся літы наборны арнамент. Шрыфты для многіх выданняў (Н., "Дыдаскалія"…, "Брашна духоўнае" і інш.) адліты паводле ўзораў, створаных С. Собалем.

Труцэвіч многа зрабіў дзеля захавання культуры і веры свайго народа. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) ён садзейнічаў добраахвотнай здачы Магілёва расійскім войскам. У жніўні 1654 г. накіраваўся ў Магілёў, каб быць сведкам ваенных дзеянняў. З яго падсказкі (а аўтарытэт айца Іаіля як аднаго з кіраўнікоў Магілёўскага праваслаўнага брацтва ў горадзе быў вельмі высокі) "25 жніўня 1654 г. магіляўчане адчынілі браму перад царскім войскам". У гэтым жа годзе адбылася сустрэча І. Труцэвіча з царом Аляксеем Міхайлавічам. Змест гутарак да нас не дайшоў. Але вынік быў нечаканы: было прынята рашэнне аб пераводзе друкарні ў Іверскі манастыр пад Ноўгарадам.

Ваеннае ліхалецце спыніла работу куцеінскіх друкароў. У 1655 г. Іаілю Труцэвічу і некалькім манахам удалося перавезці друкарскае абсталяванне, каштоўны разны іканастас Богаяўленскага сабора ў заснаваны ў той час патрыярхам Ніканам (мяркуецца, нібыта Іаілем Труцэвічам) Іверскі святаазерскі манастыр.

Чалавеку, які шмат зрабіў для свайго народа, цяжка было развітвацца з роднымі мясцінамі. Ці не гэта адняло ў яго апошнія сілы? Па дарозе, у мястэчку Болдзіна, Іаіль памёр. Дакладная дата смерці, як і нараджэння, невядома. Але, па ўсім мяркуючы, адбылося гэта ў канцы 1654-га або пачатку наступнага года, бо ўжо ў лютым 1655-га куцеінскія манахі выбралі новага кіраўніка.

Пахаваны Труцэвіч у цвінтары Іверскага манастыра. Па загаду Нікана над яго магілай быў узведзены прыгожы помнік з надпісам і, магчыма, партрэтам. У манастырскай рызніцы доўгі час захоўваліся культавыя рэчы, якімі карыстаўся пры жыцці Іаіль. Яны нагадвалі нашчадкам пра змагара за больш светлы лёс свайго народа, за веру, пра чалавека, які сумленна пранёс факел, запалены ад нязгаснага скарынаўскага агню.

Пераезд Куцеінскай друкарні (якую хацелі захаваць ад ваеннага ліхалецця) не даў станоўчых вынікаў. Яна не змагла стаць новым асветным цэнтрам Расіі, хаця на працягу некалькіх гадоў выпуск кніг працягваўся.

У свой час І. Труцэвіча залічылі да ліку святых людзей XVII ст.

Сёння ў Оршы адна з вуліц носіць імя Іаіля Труцэвіча.

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі захоўваецца 7 выданняў (12 экзэмпляраў), надрукаваных у Куцеінскай друкарні: "Гісторыя пра Варлаама і Іасафа" (1637), "Брашна духоўнае" (1639), "Актоіх" (1646) Іаана Дамаскіна, "Трыфалагіён" (1647), "Новы запавет з Псалтыром" (1652), "Лексікон славенароскі" (1653) Памвы Бярынды і "Дыёптра" (1654).

У Музеі гісторыі Магілёва з 2016 г. захоўваецца кніга "Новы запавет з Псалтыром" (1652).

Падрыхтавала В. Бязмен, галоўны бібліятэкар аддзела беларускай і краязнаўчай літаратуры.