СТАРАННЕМ МАКСІМА ВАШЧАНКІ

Калі б каму-небудзь захацелася стварыць гістарычную карту, прысвечаную распаўсюджванню кнігадрукавання на Беларусі, на ёй, несумненна, знайшлося б месца і Магілёву, бо гэты горад на Дняпры мае даўнія і багатыя ў гэтым кірунку традыцыі.

У 1633 г. Кароль Уладзіслаў IV выдаў Магілёўскаму праваслаўнаму брацтву прывілей на права адкрыцця друкарні і выдання навучальных і іншых кніг на старабеларускай, грэчаскай, лацінскай і польскай мовах. У 1636–1638 гг. гэта права было перададзена С. Собалю, які выдаў у друкарні "Буквар языка словенска" (1636), "Псалтыр" (1637), "Апостал", "Тэстамент цара грэчаскага Васілія" (1638) і інш.

З 1690-х па 1701 г. друкарняй фактычна кіраваў член Магілёўскага магістрата Максім Ярмалініч Вашчанка — беларускі кнігавыдавец, друкар, гравёр.

Максім Вашчанка паходзіў са старажытнага мяшчанскага роду. Яго бацька Ярмола Амяльянавіч быў радцам магілёўскага магістрата, гандляваў з Масквой і іншымі гарадамі. Сам Вашчанка дапамагаў бацьку дастаўляць футра ў Маскву і іншыя гарады, суправаджаў абозы ў Варшаву.

У 1660 г. паступіў у Віленскую езуіцкую акадэмію і здаў экзамен на бакалаўра філасофіі і вольнага мастацтва, а пазней стаў магістрам навук.

Захапленне гравюрай пачалося яшчэ ва ўніверсітэце, пры акадэміі працаваў гурток А. Тарасевіча, у які ўваходзілі студэнты, якія мелі схільнасці да малявання і графікі.

У канцы XVII ст. Максім Вашчанка наладжвае сувязь з Магілёўскім Богаяўленскім брацтвам, якое пасля Андрусаўскага перамір’я (1667) і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, атрымала магчымасць узнавіць сваю друкарскую дзейнасць.

На першых парах справы брацкай друкарні ішлі дрэнна. Брацтва перадала друкарню Максіму Вашчанку з такімі ўмовамі, каб частка выручкі ішла ў казну, а на выданнях стаяла імя брацтва. У 1698 г. Вашчанка, у якасці пасла ад Магілёва, быў адпраўлены на каранацыю караля Аўгуста II і атрымаў каралеўскі прывілей на друкарню. Па вяртанні ў Магілёў Вашчанка перавёз друкарню да сябе дамоў, пачаў выдаваць кнігі пад сваім імем і перастаў плаціць арэнду.

Такі паварот справы не задаволіў брацтва, і яны звярнуліся з прапановай да караля вярнуць ім прывілей на друкарню. Вашчанка стаў абазначаць імя брацтва, але грошы не плаціў. Тады брацтва звярнулася да мітрапаліта Кіеўскага, які прыгразіў Вашчанку, што з'явіцца загад, які забароніць купляць яго кнігі.

У той жа час брацтва падае ў суд на Вашчанку ў мясцовы магістрат. Справа цягнулася каля чатырох гадоў. Вашчанка настойваў на сваіх правах валодаць друкарняй, брацтва — на сваіх. Справа дайшла да чарговага судовага працэсу. У снежні 1704 г. Вашчанку абвінавацілі ў прысваенні друкарні і парушэнні фінансавых інтарэсаў брацтва, выставіўшы прэтэнзіі за ўсе чатырнаццаць гадоў яго фінансавай дзейнасці. І гэта зразумела. Кнігадрукаванне на той час з’яўлялася справай прыбытковай: хто валодаў друкарняй, той і меў больш грошай. Асабліва брацтва занепакоілася, калі даведалася, што Вашчанка вырашыў друкарскую дзейнасць яшчэ больш пашырыць. Брацтва нават прапанавала ўвогуле друкарню зачыніць. Цяжбы ўзнікалі пастаянна, закончыліся толькі калі Вашчанка ў 1708 г. памёр. Справу Максіма Вашчанкі працягваў сын Васіль. Ёсць меркаванне, што ён прымірыўся з брацтвам, бо працаваў там пасля смерці бацькі. І з гэтага часу брацтва само загадвала друкарняй, наймаючы працаўнікоў.

Ні пастаянныя канфлікты, ні працяглыя судовыя цяжбы не маглі адарваць Вашчанку ад занятку, які ён любіў і ў якіх дасягнуў вялікіх поспехаў. Захавалася 16 выданняў, надрукаваных Вашчанкам з 1693 па 1704 гг. На тытульных лістах чатырох кніг: "Диоптра, или Зерцало живота во всем мире сем человеческого" (1698), "Небо новое з новыми звездами сотворенное..." (1699), "Перло многоценное..." (1699), "Ирмолой, или Осмогласник..." (1700) ёсць адзнакі "з друкарні Максіма Вашчанкі".

Акрамя літургічнай і вучэбнай літаратуры Вашчанка друкаваў павучальныя творы рэктара Кіеўскага брацтва, украінскага пісьменніка Іаанікія Галятоўскага, чарнігаўскага архімандрыта і прапаведніка Кірылы Транквіліёна Стаўравецкага. Мяркуючы па прадмове, выданне Стаўравецкага прызначалася прапаведнікам, шкалярам і студэнтам, якія "могут себе с той книги святой выбирать верши себе на потребу и творити з них орации розмаитые", а таксама ўсім іншым для богаўгоднага чытання і настаўлення. На большасці магілёўскіх выданняў канца XVII — пач. XVIII ст. былі адзнакі: "в богоспасаемом граде Могілёве в друкарни братства Богоявления господа Бога нашего Исуса Христа тщанием Максима Вошчанки» ці "...стараням и коштом Максима Вощанки".

Выданні Вашчанкі былі ўпрыгожаны разнастайнымі застаўкамі, арнаментам, ініцыяламі, канцоўкамі; выкарыстоўваўся друк у дзве фарбы; пераважалі малыя, нават мініяцюрныя фарматы кніг (у 4°, 8°, 12°, 16°, 24°). Толькі тры выданні выйшлі фарматам у 2°: "Евангелле вучыцельнае" (1697), "Жыціі святых" (каля 1697) і асноўны твор Дзмітрыя Растоўскага, надрукаваны па благаславенні Мсціслаўскага, Аршанскага, Магілёўскага епіскапа Серафіёна Палхоўскага.

У адрозненні ад другіх майстроў магілёўскай школы гравюры Максім Вашчанка працаваў у тэхніцы медзярыту (гравюры на медзі).

У гэты ж перыяд сваёй дзейнасці Максім Вашчанка актыўна супрацоўнічаў са Слуцкай друкарняй, якую ўзначальваў Казімір Клакоцкі — губернатар Слуцкага і Капыльскага княстваў. Казімір Клакоцкі прапанаваў Вашчанку аформіць кнігу англійскага дыпламата Поля Рыкоты "Манархія Турэцкая" (1678). Кніга Рыкоты зацікавіла Клакоцкага невыпадкова, Турцыя на той час з’яўлялася для многіх экзатычнай краінай, пра жыццё, звычаі, побыт яе народа ведалі мала ў Рэчы Паспалітай. Відавочна, што Клакоцкі, як выдавец і перакладчык, ставіў перад сабой задачы пазнавальнага і ў нейкай ступені асветніцкага характару.

М. Вашчанкам было выканана 19 ілюстрацый. Ствараючы гравюры, ён карыстаўся працамі французскіх мастакоў Себасцьяна Леклерка і Наэля Кашэна, якія былі змешчаны ў французскім перакладзе гэтай кнігі.

Ілюстрацыі, выкананыя Вашчанкам, можна падзяліць на дзве катэгорыі. Першая — гравюры, у сюжэтах якіх ён прытрымліваўся тэксту.

Малюючы воінаў, ён старанна, амаль дакументальна, выпісваў зброю, адзенне. Ён добра перадаваў у малюнку рух фігур, індывідуальныя рысы твараў. А паколькі, паводле назіранняў Рыкоты, у Турцыі пра чалавека вельмі шмат гаворыць яго галаўны ўбор, па форме якога даволі лёгка меркаваць, на якой ступені феадальнай лесвіцы той знаходзіўся, туркі і паказаны адпаведным чынам.

На гравюрах адлюстраваны і вялікі візар, і абяздоленыя — у прыватнасці, глуханямыя... Знайшлося на іх месца і жанчынам. Але ўзіраючыся ў твары апошніх, знешні воблік іх, можна гаварыць пра другую групу ілюстрацый Вашчанкі, сюжэты якіх, калі і падказаны тэкстам, дык толькі ў самой аснове, у асноўным мастак ідзе ад багатых жыццёвых назіранняў.

У турэцкіх жанчынах Вашчанкі лёгка пазнаць і жанчын магілёўскіх. Пра гэта пісаў яшчэ польскі даследчык А. Сайкоўскі, зазначаючы, што ён "высокіх і стройных турэцкіх паломніц ператварыў у прысадзістых магілёўскіх жанчын".

Чаму менавіта ў магілёўскіх? А таму, што Вашчанка, хоць і наладзіў сувязі з Клакоцкім яшчэ падчас знаходжання ў Вільні, афармляў ён "Манархію Турэцкую", вярнуўшыся ў горад маленства, аб чым сведчаць надпісы, пададзеныя на кожнай гравюры па-лацінску: "Выгравіраваў і намаляваў Максім Вашчанка ў Магілёве". Гравюры, выкананыя ім да кнігі Рыкоты, — яркі ўзор беларускай кніжнай графікі другой паловы XVII ст.

Вашчанка належаў да друкароў, якія бачаць у кнізе не толькі выхаваўчае, пазнавальнае ці навукове значэнне, а і ставяцца да яе як да твора мастацтва. Ён імкнуўся як мага лепш аздобіць кожнае выданне, незалежна ад зместу — рэлігійнага ці свецкага.

У 1693 г. у друкарні ў Магілёве вышла кніга "Акафісты і каноны". У выданні змешчаны тры ілюстрацыі-ксілаграфіі і 42 гравюры на медзі. Большасць гравюр былі пазначаны ініцыяламі або подпісам: "M.W.", "Seulp M.W.", "Maximus Woszczunka Inwen et Seulp". Такой колькасцю арыгінальных ілюстрацый не мог пахваліцца ні адзін магілёўскі гравёр.

У выданні кожная гравюра дадзена на поўную старонку. Усе творы былі зроблены на евангельскія тэмы. У іх адлюстраваны ўсе важныя моманты міфічнага жыцця Хрыста.

Гравюры, што ілюструюць евангельскія тэмы, выкананы ў стылі барока, маюць відавочную сувязь з нацыянальнымі жывапіснымі і іканапіснымі традыцыямі. Найбольш раннія з магілёўскіх медзярытаў датуюцца канцом 1670 — пач. 1680-х гг.

Многія гравюры Вашчанкі выкарыстоўваліся ў брацкіх выданнях да канца 1820-х гг.

Традыцыі Максіма Вашчанкі працягваў яго сын Васіль, які працаваў у друкарні бацькі ў 1694–1730 гг. Васіль працаваў выключна ў тэхніцы дрэварыту (ксілаграфіі) — (гравюра па дрэве).

Творчая спадчына Васіля Вашчанкі невялікая — 22 дрэварыты, якія дзеляцца на падпісаныя і непадпісаныя. Падпісаны тытульныя лісты магілёўскіх кніг "Дыёптра" (1698), "Неба новае" (1699), "Перла шматколернае" (1699), "Кнігі Жыцій Святых" (1703), гравюры "Ян Дамаскін", "Нараджэнне" (1730), "Антымінс" (1708).

Па стылістычных прыкметах да манеры В. Вашчанкі можна аднесці непадпісаныя працы, сярод якіх гравюры кнігі "Акафісты" (1698).

Да ліку лепшых прац В. Вашчанкі адносіцца тытульны ліст "Кнігі жыцій святых" (1702). У ніжняй частцы тытула ў медальёне награвіраваны від роднага горада — Магілёва. Гэта адзін з першых выпадкаў, калі ў кірылаўскай кнізе царкоўнага зместу адлюстраваны свецкі гарадскі пейзаж з будынкамі грамадскага прызначэння. Аўтар артыкула "Да пытання аб адной выяве г. Магілёва пач. XVIII ст.". Д. Яцкевіч зрабіў вывад, што на гравюры В. Вашчанкі намаляваны Богаяўленскі манастыр, які знаходзіўся ў Старым пасадзе ў межах вуліц Шклоўскай (цяпер Першамайскай), Ветранай (цяпер Ленінскай), Блізкага вала (цяпер Болдзіна) і Фарнага завулка (цяпер не існуе).

Аналіз ілюстрацый Максіма і Васіля Вашчанак дае падставу сцвярджаць, што працы магілёўскіх гравёраў з’яўляюцца не толькі высокамастацкімі ўзорамі кніжнай графікі, але і ўтрымліваюць у сабе каштоўны гістарычны матэрыял.

Гравюры магілёўскіх майстроў нясуць у сабе асветніцкую функцыю, таму што рукапісныя кнігі былі даступны больш вузкаму колу чытачоў, чым шматтыражныя друкаваныя кнігі з гравюрамі. Гравюра ў той час з’яўлялася адным са сродкаў распаўсюджвання гуманістычных ідэй свайго часу.

Максім Вашчанка і яго паслядоўнік Васіль заклалі асновы гравёрнай школы, якая цяпер у гісторыі беларускага кнігадрукавання, як і ў гісторыі мастацтва ў цэлым, называецца магілёўскай…

Падрыхтавала А. Ніедра, вядучы бібліятэкар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

Вашчанка Васіль Максімавіч : [друкар, ксілограф, магілёўскі гравер] // Асветнікі зямлі Беларускай : Х — пачатак ХХ ст. : энцыклапедычны даведнік / рэдактар Г. П. Пашкоў. — 2-е выданне. — Мінск, 2006. — С. 89—90.

Марціновіч, А. У слаўным горадзе Магілёве : [пра магілёўскага кнігадрукара Максіма Вашчанку] // Марціновіч, А. У часе прасветленыя твары / А. Марціновіч. — Мінск, 1999. — С. 112—122.

Мысліцелі і асветнікі Беларусі : энцыклапедычны даведнік / [складальнік Г. А. Маслыка ; навуковыя кансультанты: М. Б. Батвіннік [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч]. — Мінск : Беларуская энцыклапедыя, 1995. — 670, [1] с.

Филимонова, О. Г. Могилевская гравюра XVII—XVIII стст. как исторический источник : [о могилевских книгопечатниках Максиме и Василии Ващенко] / О. Г. Филимонова // Куляшоўскія чытанні : материалы Международной научно-практической конференции, 26—27 апреля 2012 г. — Могилев, 2012. — С. 303—306.

Шматаў, В. Ф. Беларуская кнiжная гравюра ХVI—XVII стагоддзяў / В. Ф. Шматаў ; Акадэмія Навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1984. — 181 с.