Калі б каму-небудзь захацелася стварыць гістарычную карту, прысвечаную распаўсюджванню кнігадрукавання на Беларусі, на ёй, знайшлося б месца і Магілёву, бо горад на Дняпры мае даўнія і багатыя ў гэтым кірунку традыцыі.

На сённяшні дзень друкарская дзейнасць Магілёўшчыны стала прадметам гонару жыхароў рэгіёну і амаль усіх беларусаў. Імёны многіх кнігадрукароў і мастакоў кніжнай гравюры ўсё шырэй уваходзяць у школьныя праграмы, з’яўляюцца на старонках даведнікаў, перыядычных выданняў. Памяць пра іх творчы подзвіг увекавечваецца ў назвах вуліц, на мемарыяльных знаках, памятных дошках.

З мэтай папулярызацыі дзейнасці друкароў — ураджэнцаў Магілёўшчыны і звязаных з ёй сваім жыццём і творчасцю — і іх вялізнага ўклада ў станаўленне кніжнай справы аддзелам маркетынгу створаны аднаіменны віртуальны праект "Кнігадрукары Магілёўшчыны". Праект знаёміць з дзейнасцю асветніка і першадрукара Пятра Мсціслаўца; заснавальніка друкарні ў Кіеве, Куцейне пад Оршай, Буйнічах  Спірыдона Собаля; прадаўжальніка кнігавыдавецкай справы Куцеінскай друкарні Іаіля Труцэвіча; друкара, заснавальніка Магілёўскай школы гравюры  Максіма Вашчанкі; архіепіскапа, заснавальніка Магілёўскай кансісторскай (прыдворнай) друкарні Станіслава Богуша-Сестранцэвіча; кнігавыдаўца першых рускамоўных падручнікаў у Маскве Іллі Капіевіча; перакладчыка і першага выдаўца "Магілёўскай хронікі" Мікалая Гартынскага; з малавядомымі заснавальнікамі ўласнага расійскага выдавецтва ў Маскве і выдаўцамі "Настольнага энцыклапедычнага слоўніка"  братамі Гранатамі.

Старонка кожнага дзеяча складаецца з трох раздзелаў: "Біяграфія", "Галерэя", "Крыніцы інфармацыі", якія змяшчаюць звесткі аб жыццёвай і творчай дзейнасці друкароў, фотагалерэю ўнікальных прыкладаў мастацкага афармлення выданняў, а таксама крыніцы інфармацыі аб кнігадрукарах і гравёрах з гіперспасылкамі на кнігі і артыкулы ў перыядычных выданнях, інтэрнэт-прасторы. Пры стварэнні віртуальнага праекта былі выкарыстаны дакументы з фонда УК "Магілёўская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна", матэрыялы са свабодных крыніц інтэрнэт.