ПЕРШЫ МАГІЛЁЎСКІ АРХЕОГРАФ І ГІСТОРЫК

Магілёўскае летапісанне мае старажытныя традыцыі і глыбокія карані. Гораду вельмі пашанцавала з гістарычнымі крыніцамі, прысвечанымі яго мінуламу. Па словах вядомага беларускага гісторыка Мікалая Улашчыка: "При всех неясностях относительно биографий составителей могилевских хроник и летописей, при краткости, а иногда и неверности содержавщихся в них данных, нужно сказать, что ни один город Белоруссии не имеет такого богатого историографического наследия, как Могилев". На сённяшні дзень вядомы чатыры летапісы і хронікі, у якіх асвятляецца магілёўская мінуўшчына з XVI па XIX ст.

Адзін з іх — гэта Баркулабаўскі летапіс, дзе змешчана шмат цікавай інфармацыі па гісторыі нашага горада XVI — пачатку XVII стст. Напісаны ён не пазней 30-х гг. XVII ст. у в. Баркулабава Быхаўскага раёна. Яго аўтарамі былі баркулабаўскія святары Аляксей Гаўрылавіч Мсціславец і Фёдар Піліпавіч Магілёвец. Другой малазнаёмай крыніцай, створанай у Магілёве ў 20-30-я гады XIX ст. і амаль цалкам прысвечанай гісторыі нашага горада, з’яўляюцца "Запіскі ігумена Арэста". "Запіскі..." з’яўляюцца апошнім па часе вопытам стварэння гісторыі аднаго горада і апошнім вопытам стварэння хронікі ў Беларусі ўвогуле.

Яшчэ адна хроніка, прысвечаная пераважна падзеям царкоўнай гісторыі Магілёва з 1526 па 1754 гг., была створана ў Магілёўскім Спаскім манастыры каля 1775 г. Большая частка запісаў прыпадае на гады, за якія ў іншых летапісах нічога няма.

Але ж першым і найбольш значным помнікам мясцовага летапісаня з’яўляецца Магілёўская хроніка Трафіма Раманавіча Сурты і Трубніцкіх, якая не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і ва Усходняй Еўропе. Пачата яна была на польскай мове, а працягнута — на рускай. Родапачынальнікам магілёўскага летапісання з’яўляецца Т. Р. Сурта, які распачаў свае запісы недзе ў 60-70-я гг. XVII ст. , пасля яго гэту справу працягвалі чатыры пакаленні Трубніцкіх, магілёўскіх чыноўнікаў. Трафім Сурта быў лаўнікам і купецкім старастам.

Пасля смерці Т. Сурты ў 1701 г. яго справу працягваў Юры Трубніцкі, рэгент магілёўскай магдэбургіі, потым яго сын і ўнук — Аляксандр і Міхаіл. Апошнім Трубніцкім, які пісаў Магілёўскую хроніку, быў Іван Міхайлавіч, губернскі сакратар, займаў пасаду дазорцы сірочага дома. Адзіны яго запіс аб навальніцы ўвечары 17 сакавіка 1864 г. завяршае хроніку.

Лёс Магілёўскай хронікі вельмі драматычны. На жаль, да нас яна дайшла не ў поўным аб’ёме, гэтаму было шмат прычын. Так, пасля смерці Юрыя Трубніцкага, лісты з яго запісамі с 1709 па 1745 г., за 36 гадоў, аказаліся назаўсёды страчанымі. Разнастайныя ліхалецці таксама паўплывалі на рукапіс. У часы вайны 1812 г. сям’я Міхаіла Трубніцкага, які на той час рабіў запісы ў хроніку, адсутнічала ў Магілёве. Верагодна, у гэты час, рукапіс хронікі, які застаўся ў доме без прыгляду, быў пашкоджаны.

На працягу трох стагоддзяў вакол рукапіснай хронікі г. Магілёва ўецца ланцуг падзей, імёнаў і прозвішчаў людзей, звязаных з працягам летапісу, працамі па перапісу і рэстаўрацыі тэксту, пошуках, перакладах, друкаваннем, вывучэнню каштоўнейшай крыніцы па гісторыі Беларусі.

Шмат гадоў Магілёўская хроніка знаходзілася без славы ў сям’і летапісцаў Трубніцкіх, пакуль яе не знайшоў магілёўскі чыноўнік і археограф, стацкі саветнік Мікалай Рыгоравіч Гартынскі, з чыім імём звязана адна са старонак гісторыі Хронікі.

Мікалай Рыгоравіч Гартынскі нарадзіўся ў Магілёве 7 снежня 1799 г. Паходзіў са старажытнай магілёўскай шляхты. Бацька яго, Рыгор Іванавіч (1769-1848 гг.), доўгі час узначальваў Магілёўскую губернскую канцылярыю, затым гарадское ўпраўленне. Шмат чаго зрабіў для паляпшэння дабрабыту горада.

Вучыўся ў лацінскай школе, затым скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю, універсітэт. Атрымаў вышэйшую юрыдычную адукацыю. Пасля вучобы ўжо ў 15 год Мікалай быў прыняты ў штат службоўцаў канцылярыі Магілёўскага галоўнага суда. Праз год — ужо канцылярыст, а ў 1818 годзе атрымаў чын калежскага рэгістратара. Увогуле зрабіў бліскучую кар’еру, адпрацаваў у судовым ведамстве 42 гады і пайшоў у адстаўку ў 1857 г. з пасады губернскага пракурора Пскоўскай губерні ў чыне стацкага саветніка. Пасля адстаўкі вярнуўся ў родны Магілёў. Усе наступныя гады ён прысвяціў сваёй шматлікай сям’і, адносінам з блізкімі па духу людзьмі, любімым кнігам (па сведкам відавочнікаў у Гартынскага была адна з багацейшых бібліятэк у горадзе). Да яго ўвесь час ішлі людзі: хто за грашовай дапамогай, хто за парадай у цяжкіх пытаннях. Але ўвайшоў ён у гісторыю Магілёва дзякуючы працы на ніве захавання дакументаў пра наша славутае мінулае.

У першай палове ХІХ стагоддзя шэраг вучоных і архівістаў займаліся выяўленнем і публікацыяй архіўных матэрыялаў, звязаных з гісторыяй Паўночна-Заходняй Русі. У 1824 г. у Маскве пабачыла свет першая частка зборніка архіўных матэрыялаў пад назвай "Белорусский архив древних грамот". Для чарговых пошукаў былі неабходны людзі — дасведчаныя і апантаныя. У іх лік увайшоў і Мікалай Рыгоравіч. Ён трапляе ў поле зроку канцлера графа Мікалая Пятровіча Румянцава і выконвае шэраг яго даручэнняў. У лютым 1825 г. Гартынскага накіроўваюць у Мсціслаў для падрабязнага апісання дакументаў мсціслаўскіх архіваў. У першым жа сваім данясенні ён паказаў на сумнае становішча архіўных дакументаў, пагніўшых і аб’едзеных пацукамі. За некалькі месяцаў працы М. Гартынскі апрацаваў толькі 80 дакументаў 17—18 стагоддзяў. Палова з іх была ім скапіравана. Затым стаў праглядаць бібліятэкі і архівы мсціслаўскіх касцёлаў і цэркваў, кляштароў. У іх лік увайшлі Пустынскі, Ануфрыеўскі, Бялынічскі. У гэтым жа годзе Гартынскі азнаёміўся з нумізматычнымі калекцыямі, якія былі сабраныя каля Полацка і Оршы, і набыў іх для Румянцаўскага музея.

Тады жа М. Гартынскі па ўласнай ініцыятыве зрабіў копіі з трыццаці двух (з 45-ці) грамат, якія мелі адносіны да гісторыі Магілёва і захоўваліся ў гарадскім магістраце. Граматы, напісаныя на пергаменце з пячаткамі, ахоплівалі гісторыю горада ад 1561 да 1661 г. Копіі мелі вялікае значэнне, бо да 1857 г. усе сорак пяць арыгіналаў зніклі з магістрата. Неаднойчы Гартынскі сустракаўся з пратаірэем Іаанам Грыгаровічам, складальнікам "Белорусского архива", гутаркі з якім пакінулі глыбокія ўражанні на ўсё жыццё. Што цікава — сабраныя ў гэтыя гады дакументы і матэрыялы ён захоўваў ў сваім архіве да той пары, пакуль не з’явілася магчымасць самому ўзяцца за гістарычныя даследаванні. Для Мікалая Рыгоравіча падобныя заняткі не былі пустым захапленнем. Ён адносіўся да іх з усёй сур’ёзнасцю і грунтоўнасцю, уласцівымі яго натуры. Людзі, блізка ведаўшыя яго, адзначалі такія рысы характара Мікалая Рыгоравіча, як нязломнасць, сілу волі, з якімі ён дасягаў мэты.

Вынікам яго шматгадовых даследаванняў стала праца — "Записки о евреях в Могилеве на Днепре, и вообще в Западном крае", якая выйшла ў 1870 г. і была першым па часе выданнем па яўрэйскаму пытанню, змяшчала звесткі аб жыцці магілёўскіх яўрэяў, сабраныя з сустракаўшыхся ў друку водгукаў, асабістых назіранняў з вопыту адносін з імі.

Кніга мела вялікае значэнне пры абмеркаванні стану яўрэяў у Расійскай імперыі. У 1878 г. ў Сінадальнай тыпаграфіі ў Маскве было надрукавана другое выданне "Запісак".

У гарадскім грамадстве Гартынскага называлі не інакш як "маститый историограф могилевский". Менавіта таму звяртанне Мікалая Рыгоравіча да тэкста хронікі Магілёва не было выпадковым эпізодам у яго жыцці.

У 1822 г. М. Р. Гартынскі папрасіў у Міхаіла Трубніцкага паглядзець гарадскі летапіс. Апошні арыгіналу не даў, а зняў для Гартынскага "буквально верную копию". Трэба адразу зазначыць, што гэтая копія ўяўляла сабой скарочаны спіс з арыгіналу хронікі Сурты-Трубніцкіх, у які не ўвайшоў шэраг запісаў, што не датычыліся Магілёва. Чамусьці ўтойвалася аўтарства Трафіма Сурты ў пачатковай частцы хронікі. Самаго арыгінала М. Р. Гартынскі так і не пабачыў і быў перакананы, што атрыманы спіс — гэта і ёсць уласная хроніка. Копія была прадстаўлена канцлеру графу Румянцаву, які выказаў жаданне надрукаваць яе, але Гартынскі адмовіўся, мяркуючы ў ёй сёе-тое падправіць. У 1826 г. Румянцаў памёр і выданне Хронікі стала праблематычным.

Але Мікалай Рыгоравіч працягваў збіраць звесткі пра Магілёў. У 1876 г. Гартынскі са старой копіі 1822 г. здымае новую копію, робіць пераклад на рускую мову, уносіць свае дапаўненні і загалоўкі.

Нарэшце, у 1887 г. у Маскве ва ўніверсітэцкай тыпаграфіі выдаецца "Хроника белорусского города Могилева, собраная и писаная Александром Трубницким, регентом Могилевской магдебургии во второй половине ХVIII века и в первой половине ХIХ века продолженная его сыном губернским секретарем Михаилом Трубницким. Переведена с польского подлинника статским советником Николаем Гортынским". У тым жа годзе аналагічнае выданне выходзіць і ў Магілёве ў тыпаграфіі Губернскага праўлення.

Гартынскі, акрамя перакладу "Хронікі" з польскай мовы на рускую, зрабіў шэраг каштоўных заўваг і выправіў асобныя памылкі, а таксама дадаў некалькі фактаў з іншых крыніц і выданняў, абавязкова робячы спасылкі на іх. За гэта яго крытыкуюць некаторыя даследчыкі, але з імі нельга пагадзіцца, бо М. Гартынскі не меў арыгіналу і перакладаў тэксты ўжо са скарочанага варыянта. Падчас сваёй працы над перакладам ён лічыў рукапіс згубленым. Абвінавачваць яго ў свядомым скарачэнні вядомага нам тэксту няма ніякіх падстаў.

Безумоўна, неабгрунтаванымі былі ягоныя скароты тэксту, якія ён палічыў недастатковымі і неверагоднымі і таму апусціў іх. Замест гэтага ён змясціў пасля перакладу Хронікі ўласнае кароткае гісторыка-тапаграфічнае апісанне г. Магілёва, заснаванае на разнастайных крыніцах. Гэтую працу па праву можна лічыць першым сур’ёзным выданнем па гісторыі Магілёва, дзе аўтар паставіў шэраг маладаследаваных пытанняў, якія і сёння могуць стаць тэмамі для цікавых доследаў. Праца мае спасылкі і наступныя раздзелы: "Старажытныя жыхары", "Рэлігія", "Стан Беларусі", "Заснаванне Магілёва", "Уладальнікі і кіраванне", "Рост горада", "Мясцовасць Магілёва", "Статус горада", "Здрада", "Нашэсце французаў" і інш. У дадатку да Хронікі М. Р. Гартынскі змясціў рэестр прывілеяў гораду Магілёву.

Такім чынам, выпіскі ў перакладзе М. Гартынскага, надрукаваныя для чытача, зрабіліся магілёўскай хронікай. Некалькі пакаленяў даследчыкаў вывучалі гісторыю горада па гэтым выданні і лічылі, што маюць справу з арыгіналам і поўным тэкстам Хронікі. Доўгі час выданне 1887 г. з’яўлялася каштоўнай крыніцай па гісторыі Магілёва, натхняла на мастацкія творы пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў. Трэба адзначыць, што арыгінал хронікі ў 1872 г. пры нявысветленных абставінах апынуўся ў Пецярбургскай Публічнай бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына (зараз Расійская Нацыянальная), дзе знаходзіцца і па сённяшні дзень. Аб гэтым амаль ніхто не ведаў, і таму рукапіс лічыўся страчаным аж да 1968 г., пакуль на яго выпадкова не натрапіў ў фондах пецярбургскай бібліятэкі магілёўскі краязнаўца Іеранім Іосіфавіч Філіповіч. Ён зрабіў з рукапісу хронікі копію і мікрафільм, якія знаходзяцца зараз у Магілёўскім краязнаўчым музеі.

Рукапісныя копіі "выпісак" М. Гартынскі перадаў у бібліятэку Магілёўскай духоўнай семінарыі, у якой раней вучыўся, а копію 1822 г. адаслаў папячыцелю Віленскай вучэбнай акругі Сяргіеўскаму. Гэты варыянт хронікі зараз знаходзіцца ў бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Трэба адзначыць, што копіі Гартынскага карысталіся поспехам, перапісваліся ад рукі і бытавалі ў Магілёве. У 1930 г. у Магілёўскім дзяржаўным гістарычным музее захоўваўся адзін з экзэмпляраў рукапіснай хронікі Трубніцкіх. Ён прадстаўляў сабой даволі аб’ёмісты, памерам з палову стандартнага ліста сшытак у сінім пераплёце з белай глянцавітай паперай. Яго змест быў аналагічны зместу тыпаграфскага выданя Хронікі. Як гэта копія апынулася ў музеі — засталося невядомым. У 1941 г. сшытак знік разам з усімі каштоўнасцямі магілёўскага музея.

На жаль, М. Гартынскі так і не пабачыў сваю працу, якую з упэўненасцю можна назваць помнікам яму самому, надрукаванай, — у год яе выдання Гартынскі памірае. Паведамленне аб смерці Мікалая Рыгоравіча 3 лютага 1887 г. прымусіла смуткаваць увесь горад, бо ніколі ён не заставаўся ў баку ад самых разнастайных культурных, гаспадарчых, грамадскіх падзей у Магілёве. Гартынскі пабудаваў на свае сродкі пры Магілёўскім Мікалаеўскім прытулку "Дом калек", якому ў далейшым дапамагалі яго дзеці, а ў 1911 г. унучка Гартынскага — Анна Мікалаеўна кіравала гэтым домам.

У сямейным архіве захаваліся пісьмы Мікалая Гартынскага — дачцэ Соф’е і яе дзецям, з якіх зразумела, у якім паважанні да старэйшых выхоўваліся малодшыя пакаленні ў іх сям’е. А дзяцей ў Мікалая Рыгоравіча было чацвёра — Софь’я, Канстанцін, Мікалай і Рыгор. Усе яны адрозніваліся высокай адукаванасцю, шырынёй поглядаў, ініцыятыўнасцю, разнастайнай дзейнасцю. Валодалі якасцямі, уласцівымі сапраўдным інтэлігентам, што праяўлялася ў неабыякавых адносінах да лёсу горада, у якім яны жылі, да яго гісторыі, добраўпарадкаванню, культуры.

Старажытны і ўплывовы шляхецкі род Гартынскіх меў прамое дачыненне і да такой важнай у пачатку 20 стагоддзя для губерніі і горада падзеі, як адкрыццё Магілёўскага настаўніцкага інстытута — cын Гартынскага, Рыгор Мікалаевіч, прадаставіў свой дом па вуліцы Быхаўскай, 22 для размяшчэння інстытута. У гэтым месцы, каля жаночага і мужчынскага епархіяльных вучылішч, знаходзіліся землі, якія належалі Гартынскім. На сённяшні дзень, у гэтай старажытнай частцы Магілёва — на быўшай Салтанаўскай вуліцы, захаваліся два дамы, якія належалі сям’і Гартынскіх. Адзін трохпавярховы мураваны, у ім жывуць людзі. А ў другім, на старажытных драўляных бярвёнах якога паблісківае сучасная таблічка "вуліца Вароўскага, 31".

Мікалай Рыгоравіч Гартынскі быў пахаваны на Успенскіх могілках па вул. Леванеўскага, дзе да сённяшняга часу захавалася адзінаццаць пахаванняў сям’і Гартынскіх з 1769 г., у тым ліку і Мікалая Рыгоравіча. На яго надмагільнай пліце і сёння можна прачытаць: "Статский советник Николай Григорьевич Гортынский. Род. 7 декабря 1799 г., ум. 3 февраля 1887 г.", ніжэй размешчаны радавы герб са шчытом, мячом і каралеўскай каронай.

Пасля рэвалюцыі, у 1918 г., магілёўская сям’я Гартынскіх эмігрыравала за мяжу, спачатку ў Югаславію, потым у Францыю, і толькі ў 1990-м годзе з Францыі ў Магілёў прыязджаў прапраўнук Мікалая Рыгоравіча — Міхаіл Міхайлавіч Гартынскі, якога прывяло сюды жаданне больш падрабязна даведацца пра гісторыю сваёй сям’і, удакладніць яе генеалагічнае дрэва.

Нягледзячы на тое, што працы Гартынскага былі недастаткова ацэнены, яны далі моцны штуршок у цікаўнасці да гісторыі Магілёўшчыны не толькі ў XIX стагоддзі, але і ў XX, актуальны яны і зараз, у XXI ст. Мы з пэўным правам можам лічыць Мікалая Рыгоравіча Гартынскага першым магілёўскім археографам і гісторыкам, які зрабіў велізарны ўклад у даследаванне крыніц па гісторыі Магілёва.

Што датычыцца самога тэксту Хронікі, то гэта каштоўнейшая крыніца па гісторыі Магілёва XVI—XIX стст. Яна асвятляе розныя бакі гарадскога жыцця таго часу. З яе можна даведаецца і аб святкаванні разнастайных святаў, і пра велічныя магілёўскія храмы, жытло, хваробы, войны, аб магілёўскіх мастаках, майстрах, харчаванні. Распавядаецца ў ёй і аб змрочных баках магілёўскай мінуўшчыны — пажарах, стыхійных бедствах ды чужацкіх вайсковых навалах, падчас якіх горад страчваў сваіх жыхароў, але кожны раз паўставаў з попелу ізноў.

І ўсё ж, на вялікі жаль, Магілёўская хроніка вядома толькі спецыялістам, бо поўнасцю яна да нашага часу так і не была нідзе надрукавана і да свайго чытача яшчэ не дайшла.

Падрыхтавала Ю. Касцюк, вядучы рэдактар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы.

Cпіс выкарыстанай літаратуры:

Набелахов, В. И. Николай Гортынский и хроника Могилева : сборник трудов Международной научной конференции. 10—11 ноября., г. Могилев / В. И. Набелахов ; под редакцией О. В. Дьяченко // II Романовские чтения. — 2006. — С. 93—95.

Пищикова, Т. В. Из глубины веков: 1500—2001 / Т. В. Пищикова. — Калуга : ООО "Полиграф-Информ", 2001. — 264 с. : ил.

Яцкевіч, З. Мікалай Рыгоравіч Гартынскі — гісторык і археолаг Магілёва / З. Яцкевіч // Шляхі Магілёўскай гісторыі. — 2005. — С. 159—164.