СПІРЫДОН СОБАЛЬ І ВЫТОКІ МАГІЛЁЎСКАГА КНІГАДРУКАВАННЯ

У 2016 годзе ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выйшла кніга "Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадрукавання". Выданне прадстаўляе багатую спадчыну магілёўскага кнігадрукара Спірыдона Собаля і яго паслядоўнікаў XVII–XVIII стагоддзяў.

Таленавіты асветнік і друкар Спірыдон Собаль нарадзіўся ў г. Магілёве ў канцы XVI ст. у сям’і купца, затым бургамістра Багдана Собаля. Багдан Собаль — актыўны член Магілёўскага праваслаўнага брацтва і адзін з кіраўнікоў паўстання магілёўцаў у снежні 1618 г. Магілёўцы не хацелі дапускаць уезд у горад уніяцкага архіепіскапа Іосафана Кунцэвіча, які прыехаў прымусіць праваслаўных адмовіцца ад сваёй веры. Пра бунт дазнаўся польскі кароль Жыгімонт ІІІ і па рашэнні суда кіраўнікі паўстання былі павешаны, у тым ліку Багдан Собаль, а цэрквы і манастыры на доўгія гады былі зачынены.

Спірыдон атрымаў добрую на той час адукацыю, валодаў грэцкай, лацінскай і нямецкай мовамі. У пачатку XVII ст. быў настаўнікам, потым рэктарам Магілёўскай брацкай школы. З 1624 г. — настаўнік Кіеўскай брацкай школы і Кіева-Магілянскай акадэміі.

У 1628 г. у Кіеве, пры двары мітрапаліта Іова Барэцкага, адкрыў прыватную друкарню і выдаў некалькі выданняў маральна-павучальнага і рэлігійнага зместу: "Ліманар" Іаана Мосха (1628), "Актоіх" (1628, 1629), "Мінею агульную" (1628), "Апостал" (1630). Пасля смерці заступніка Іова Барэцкага ў 1631 г. выдавецкая дзейнасць асветніка спынілася.

Апошняе кіеўскае выданне С. Собаля выйшла, як пазначана на ім, "коштам і накладам пана Багдана Статкевіча, падкаморыя мсціслаўскага". Багдан Статкевіч — вядомы дзяржаўны дзеяч, які падтрымліваў праваслаўныя цэрквы, манастыры, брацтвы і школы ва Усходняй Беларусі. Разам з жонкай Аленай з Саламярэцкіх ён заснаваў манастыры ў Баркалабаве, Буйнічах і Куцейне. Мяркуюць, што менавіта ён запрасіў С. Собаля пераехаць у свой маёнтак у Куцейне пад Оршай і заснаваць там новую друкарню.

Вярнуўшыся на Беларусь, у 1630 г. С. Собаль прыняў удзел у заснаванні Куцеінскай друкарні ў Куцеінскім манастыры пад Оршай. Там выдаў кірыліцай "Брашна духоўнае", "Малітвы паўсядзённыя", "Часаслоў" і "Апостал" (1632), "Буквар" (1631). Собаль упершыню ўжыў назву "буквар": да гэтага кнігі такога тыпу мелі назву "азбука". Кніга адначасова служыла справе выхавання маральных якасцей моладзі, прапаганды роднай мовы і падтрымкі праваслаўнай царквы.

"Буквар" састаяў з 44 літар царкоўнаславянскага алфавіта ў прамым і адваротным парадку. Падобнае размяшчэнне літар гаворыць аб тым, што складальнік "Буквара", магчыма, меў намер развіваць у вучняў зрокавую памяць. Куцеінскаму "Буквару" ўласцівы спецыфічныя асаблівасці паліграфічнага аздаблення. Кнігадрукар імкнуўся зрабіць яго цікавым, прыгожым, танным, хацеў, каб вучэбная кніга спадабалася бацькам і вучням сваім знешнім выглядам і добра зразумелым зместам. Для аздаблення выдання выкарыстаны: наборны арнамент на тытульным лісце, гравюра на шмуцтытуле, вялікая і чатыры маленькіх застаўкі з раслінным арнаментам, 12 ініцыялаў, у якіх уплецены розныя віды раслін. Заключае кнігу канцоўка.

У гэтыя гады важным цэнтрам праваслаўнай культуры на беларускіх землях стаў родны горад С. Собаля — Магілёў, што стварыла паўнацэнныя ўмовы для развіцця тут кнігадрукавання. Магілёўскае праваслаўнае брацтва атрымала каралеўскі прывілей на ўзвядзенне Богаяўленскай царквы, мужчынскага манастыра пры ёй і друкарні. Менавіта з гэтым і звязаны пераезд Собаля ў Магілёў.

Выехаўшы з Куцейна, асветнік затрымаўся ў Буйнічах пад Магілёвам, дзе выдаў "Псалтыр" (1635). У 1636 г. па запрашэнні Магілёўскага Богаяўленскага брацтва пераязджае ў Магілёў, дзе прыступае да арганізацыі друкарні. За кароткі перыяд 1636–1638 гг. выйшла не менш шасці кніг.

Першым магілёўскім выданнем стаў "Буквар" (1636). Выпушчаныя Спірыдонам Собалем "Буквары" (куцеінскі і магілёўскі) аказаліся надзвычай запатрабаванымі ў беларускім грамадстве. Як мяркуюць даследчыкі, яны выдаваліся даволі вялікімі тыражамі, аднак да нашага часу і куцеінскі, і магілёўскі "Буквары" захаваліся толькі ў адным экзэмпляры.

Услед былі выдадзены кнігі, прызначаныя пераважна для царкоўных патрэб: "Псалтыр" (1637), "Тастамент грэчаскага цара Васіля" (1638), перавыдадзеныя з захаваннем кіеўскіх выхадных даных "Апостал" (1638) і "Актоіх" (пасля 1638), "Брашна духоўнае" (1639).

С. Собаль падтрымліваў цесныя сувязі з рускімі, украінскімі і польскімі друкарамі. У 1637 г. Собаль наведаў Маскоўскую дзяржаву, дзе атрымаў царскі дазвол на продаж сваіх кніг. Распачаў стасункі з маскоўскім друкаром Васілём Бурцавым, які набыў у Собаля друкарскія прылады. Хаця іх супрацоўніцтва і не склалася, уплыў магілёўскага друкара на маскоўскае кнігадрукаванне быў вельмі значным.

Вядома, што пры другім прыезде ў Маскву С. Собаль звяртаўся да рускага цара Міхаіла Фёдаравіча з прапановай адкрыць у яго сталіцы школу і друкарню. Цар адмовіў.

Па адной з версій, апошнія гады жыцця і дзейнасці С. Собаля звязаны з Багаяўленскім кляштарам, пры якім існавалі брацкая школа і друкарня. У спісе людзей, якія пастрыгліся ў манахі Богаяўленскага манастыра ў 40-я гады XVII ст., згадваецца імя нейкага Сільвестра Собаля, "бывшего книгопечатника киевского". Дату смерці Спірыдона Собаля большасць даследчыкаў адносяць да 1645–1646 гг. і лічаць, што ён быў пахаваны на адных з магілёўскіх могілак.

Памяць аб гэтым геніяльным чалавеку жыве. У Магілёве на вуліцы Першамайскай устаноўлена мемарыяльная дошка, як раз на тым месцы, дзе ў 1636–1638 гг. ён працаваў у друкарні праваслаўнага брацтва і выдаў "Буквар языка славенска", "Псалтыр" і "Тэстамент".

Далей на працягу 1640-х гг. Брацкую друкарню ўзначальваў вучань Спірыдона Собаля магіляўчанін Фёдар Грышановіч.

Вялікую шкоду ўсходнебеларускаму кнігадрукаванню нанесла вайна паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1654–1667 гг. Многія праваслаўныя манахі і рамеснікі былі вывезены з Беларусі ў Маскву ці іншыя гарады Расіі. Напрыклад, па волі маскоўскага патрыярха Нікана ў 1655 г. манахі і друкары Куцеінскай друкарні былі пераселены ў расійскі Іверскі Валдайскі манастыр, куды было перавезена і друкарскае абсталяванне.

Прыпыніць сваю дзейнасць вымушана была і Магілёўская брацкая друкарня, якая пасля вайны доўга не магла аднавіць сваю працу. У 1676 г. брацтва атрымала прывілей ад караля Яна Сабескага на адкрыццё друкарні пры Богаяўленскім манастыры.

У 1690 г. друкарню ўзначаліў Максім Вашчанка, які кіраваў яе працай да 1708 г. Выданні гэтага перыяду ў гісторыі Магілёўскай брацкай друкарні працягвалі традыцыі С. Собаля і вызначаліся высокім узроўнем мастацкага аздаблення.

У канцы XVII–XVIII ст. у друкарні выдаваліся царкоўныя, навучальныя, палемічныя кнігі. На працягу XVIII ст. выпушчаны цэлы шэраг выданняў, прызначаных для старавераў. Апошнім выданнем стаў стараверскі "Часоўнік" (каля 1773 г.).

Закрыццё адзінай праваслаўнай друкарні ў Магілёве адбылося пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г., пасля з’яўлення ў горадзе расійскай адміністрацыі.

На змену прыйшла іншая друкарня — каталіцкая. Горад Магілёў стаў цэнтрам Беларускай рымска-каталіцкай епархіі (22 лістапада 1773 г.). Кіраўніцтва епархіі адкрыла семінарыю і акадэмію, і неўзабаве ўзнікла свая друкарня, якая ўвайшла ў гісторыю як Магілёўская кансісторская, або прыдворная друкарня.

Яе заснавальнікам і апекуном лічыцца магілёўскі каталіцкі епіскап Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч — таленавіты грамадскі і царкоўны дзеяч, выключная асоба ў гісторыі каталіцкай царквы Беларусі. Першапачаткова друкарня размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым — у прыгарадным палацы С. Богуш-Сестранцэвіча ў Пячэрску.

Друкарня працавала з 1774 па 1844 гг. Першыя выданні былі на польскай мове і ўяўлялі сабой кніжкі з паэтычнымі і празаічнымі прысвячэннямі і віншаваннямі ў адрас новапрызначаных з Расіі магілёўскіх кіраўнікоў — генерал-губернатара Захара Чарнышова і губернатара Міхаіла Кахоўскага, а таксама ў адрас С. Богуш-Сестранцэвіча.

Пасля ўзыходжання ў 1825 г. на расійскі трон Мікалая І і падаўлення паўстання 1830–1831 гг. на беларускіх землях пачалося змаганне з польскім і каталіцкім уплывам. Друкарню закрылі ў 1844 г., абсталяванне было перададзена Магілёўскай губернскай друкарні ў 1846 г.

Магілёўскае кнігадрукаванне — унікальны феномен у гісторыі кніжнай культуры Беларусі і ўсёй Усходняй Еўропы. У выніку неспрыяльных абставін, шматлікіх войнаў, паўстанняў, стыхійных бедстваў, уключэнняў беларускіх зямель у склад розных дзяржаўных утварэнняў і іншых прычын у Беларусі захаваліся толькі асобныя фрагменты некалі багацейшага культурнага пласта.

Падрыхтавала М. Елісеева, загадчыца юнацкага аддзела.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

Лаўрык, Ю. М. Кнігавыдавецкая палітыка Куцейны / Юрый Мікалаевіч Лаўрык // Матэрыялы ХІ Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў "Кніжная культура Беларусі ХІ — пачатку ХХ ст.", Мінск, 16—17 красавіка 2015 г. / складальнікі: Г. У. Кірэева, Т. А. Сапега, А. А. Суша. — Мінск, 2015. — С. 153—158.

Спірыдон Собаль і вытокі магілёўскага кнігадруку = Spirydon Sobal and the origins of Mahilioŭ book-printing : [Выяўленчы матэрыял] / [А. А. Агееў і інш. ; складальнік А. А. Суша ; рэдкалегія: Л. С. Ананіч і інш. ; фота А. П. Дрыбаса, А. Р. Шаблюка]. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2016. — 245, [2] с.