"И НАС НЕ ЗАБЫВАЙТЕ ТРУДИВШИХСЯ, МНОГОГРЕШНОГО ПЕТРА ТИМОФЕЕВА СЫНА МСТИСЛАВЦА..."

Біяграфічных звестак пра Пятра Мсціслаўца захавалася вельмі мала. Большасць даследчыкаў лічыць, што нарадзіўся ён у горадзе Мсціславе на Магілёўшчыне.

Упершыню прозвішча Мсціславец згадваецца ў пасляслоўі да маскоўскага "Апостала" 1564 г. Затым яно трапляецца ў літаратурных крыніцах XVII ст.: "диякон был званием Иоанн Федоров сын, да другий клеврет его Петр Тимофеев сын Мстиславец. Искусни бяху и смыслени к таковому хитрому делу".

Пётр Мсціславец нарадзіўся ў купецкай сям’і. Адукацыю атрымаў у межах Мсціслава ў Пустынскім або Тупічаўскім праваслаўных манастырах. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ён мог вучыцца і ў Кракаўскім універсітэце, дзе і адбылася, верагодна, яго сустрэча з Іванам Фёдаравым.

Пасля смерці бацькі, стрыечны брат маці — майстар-будаўнік Васіль — узяў Пятра да сябе вучнем. Магчыма, разам з дзядзькам Пётр трапіў у Маскву, якая мела з Мсціслаўлем гандлёвыя і культурныя зносіны.

У Маскве сышліся жыццёвыя шляхі Івана Фёдарава і Пятра Мсціслаўца. Па даручэнні цара Івана IV Грознага i мітрапаліта Макарыя яны заснавалі друкарню, якая знаходзілася ў Кітай-горадзе на Нікольскай вуліцы. Тут быў пакладзены пачатак іх цеснай творчай садружнасці.

У 1564 г. Iван Фёдараў і Пётр Мсціславец выдалі ў Маскве першую дакладна датаваную маскоўскую друкаваную кнігу "Апостал". "Апостал" — кніга ня рэдкая, у цяперашні час улічана больш шасцідзесяці асобнікаў выдання. Мастацкае ўбранне "Апостала" ўключала гравіраваны на дрэве франтыспіс, 48 заставак, надрукаваных з 28 дошак, 22 буквіцы, 54 рамкі аднолькавага малюнка, 24 радкі вязі, адну канцоўку.

На франтыспісе быў намаляваны евангеліст Лука. На каленях у Лукі — закрытая кніга ў форме кодэкса, якую ён трымае двума рукамі.

Невядома, як былі размеркаваны функцыі паміж друкарамі ў перыяд стварэння "Апостала", але вучоныя сцвярджаюць, што Мсціславец, акрамя іншых спраў, займаўся гравіраваннем літарак, упрыгажэннямі — застаўкамі, канцоўкамі. Яго лічаць аўтарам гравюры, змешчанай на франтыспісе.

У працэсе працы над "Апосталам" першадрукары распрацавалі і "ўкаранілі ў вытворчасць" вельмі арыгінальны спосаб двухпрагоннага друкавання ў дзве фарбы — чырвонай і чорнай. Падобная тэхналогія ў тыя гады была яшчэ невядомая ў практыцы друкарскай вытворчасці.

"Апостал" — не адзіная кніга, надрукаваная Фёдаравым і Мсціслаўцам у Маскоўскай друкарні. У 1565 г. выйшаў у свет "Часоўнік". "Часоўнік" быў аформлены даволі сціпла, у ім не было ілюстрацый, пышных арнаментаў і буквіц. Па памерам кніга была невялікага, кішэннага фармата. Трэба меркаваць, што першадрукары наўмысна надалі выданню такі зручны працоўны выгляд. "Часоўнік" — адна з самых хадавых у той час кніг. З аднолькавым поспехам ёю карысталіся і служыцелі культу, і свецкія. Па ёй вучыліся грамаце, і кнігу літаральна зачытвалі да дзірак. Да нашых дзён захаваліся лічаныя асобнікі маскоўскага "Часоўніка", якія захоўваюцца ў бібліятэках Санкт-Пецярбурга, Брусэля, Капенгагена, Лондана.

Друкарня ў Маскве праіснавала нядоўга. З-за нападу духоўных святароў, маскоўскай інтэлегенцыі, якія абвінавацілі друкароў у чорнакніжніцтве і ерасі, яны вымушаны былі пакінуць Маскву. Аб прычынах уходу Іван Фёдараў расказаў у пасляслоў'і да Апостала: у Маскве знайшліся людзі, якія захацелі "благое в зло превратити и божие дело вконець погубити".

У 1566 г. друкары прыбылі ў Вільню і адразу звярнуліся да неабыякавага да выдавецкай справы Гетмана Вялікага Княства Літоўскага Георгія Хадкевіча. Гетман не пажалеў вялікіх грошаў на ўладжванне друкарні ў Заблудаве — невялікім мястэчку ў 18 вёрстах ад Беластока. У некалькіх кіламетрах ад Заблудава, у Гродзенскім павеце Троцкага ваяводства, знаходзіўся дзейны кніжны цэнтр — Супрасльскі манастыр.

Шрыфт, гравіраваныя дошкі заставак, канцовак і літарак, а таксама нескладаны інструментар, як вядома, друкары прывезлі з сабой з Масквы. Дзейнічала друкарня нядоўга — каля двух гадоў, але яе роля ў гісторыі славянскага кнігадрукавання была вялікай.

У Заблудаве друкары пачалі працаваць над выданнем "Евангелля вучыцельнага" ў ліпені 1568 г. і закончылі яго 17 сакавіка 1569 г. Прадукцыя Заблудаўскага выдавецтва рыхтавалася па ўжо прынятых у Вялікім Княстве кніжных канонах. З 50 захаваных (падлічаных бібліёграфамі) паасобнікаў "Евангелля вучыцельнага" 17 маюць прыпіскі чытачоў XVI–XVII стст., якія сведчаць пра вельмі шырокі арэал распаўсюджвання: ад блізкага да Заблудава Супрасля да расійскіх гарадоў Тулы, Яраслаўля, Усцюга.

Наступнае Заблудаўскае выданне "Псалтыр з Часаслоўцам" Іван Фёдараў друкаваў ужо адзін. "Псалтыр з Часаслоўцам" аказалася апошняй кнігай, выдадзенай у Заблудаўскай друкарні, якая пасля выхаду выдання ў свет у 1570 годзе спыніла сваю дзейнасць.

Пётр Мсціславец пакінуў свайго калегу і дасюль невядома, дзе ён знаходзіўся на працягу наступных пяці гадоў да з’яўлення восенню 1574 г. у Вільні са сваім друкарскім варштатам — яго ў якасці друкара нанялі віленскі бурмістр Зарэцкі і багатыя купцы Мамонічы.

Практычнымі стваральнікамі друкарні сталі бурмістр Зяновій Зарэцкі і яго брат Іван, а матэрыяльную дапамогу аказалі сыны віленскага купца з Магілёўшчыны Івана Мамоніча — Кузьма і Лукаш Мамонічы. Для друкарні былі зроблены новы шрыфт, дошкі, застаўкі і літары.

У віленскай друкарні Пётр Мсціславец у 1575 г. выдаў "Евангелле". У гэтай кнізе ён упершыню выкарыстаў шрыфт, падобны да буйнога паўуставу, які ў далейшым капіраваўся пры кожным перавыданні "Евангелля". Застаўкі нагадвалі маскоўскія і львоўскія застаўкі Івана Фёдарава, але іх узор быў выкананы на іншы манер — чорнымі рысамі па белым фоне. Ва ўзорах заставак сустракаюцца раслінныя формы: лісце, ягады, гузы.

Наступным выданнем пасля Евангелля стаў "Псалтыр", выдадзены ў 1576 г. Евангелле і Псалтыр мелі фармат у ліст і былі надрукаваны прыгожым буйным шрыфтам, які нідзе раней не ўжываўся і паслужыў узорам для многіх Евангелляў. У абодвух выданнях, акрамя арнаменту, змяшчаліся гравюры ілюстрацыйнага значэння: у Евангеллі — чатырох евангелістаў, у Псалтыры — цара Давіда. Друкаванне абодвух выданняў выканана з вялікім майстэрствам. Асаблівасць Псалтыра Мсціслаўца — ужыванне чырвоных кропак у тэксце, надрукаваным чорнай фарбай.

Апошнім выданнем у друкарні братоў Мамонічаў была кніга "Часоўнік", якая фігуруе ў матэрыялах Віленскага гарадскога суда аб раздзеле маёмасці друкарні паміж Пятром Мсціслаўцам і Віленскім купцом Кузьмой Мамонічам. Рашэннем суда Мамонічы павінны былі перадаць Мсціслаўцу ўсе друкарскія прылады і яшчэ 30 кап. грошай (гэта была вельмі немалая сума), а Мамонічу — усе наяўныя экзэмпляры кніг "Евангелля", "Псалтыроў" і "Часоўнікаў".

Паколькі віленскі купец не выконваў рашэнне суда, гэту цяжбу паўторна разглядалі ў Віленскай ратушы паны бурмістры. Мсціславец праіграў паўторны суд, паводле рашэння якога друкарня перайшла ва ўласнасць Мамонічаў.

З-за чаго адбыўся разрыў паміж друкаром і мяшчанамі, гісторыкі да сёняшняга дня дакладна не вызначылі. Ёсць меркаванне, што Мамонічы, папрацаваўшы з Мсціслаўцам, убачылі, што і самі здольны заснаваць ды весці ўласную друкарню і пажадалі атрымаць з сітуацыі як мага больш карысці, захапіўшы ў Мсціслаўца яго друкарскае абсталяванне.

Далей сляды Мсціслаўца губляюцца. Можна толькі меркаваць, што Пётр Мсціславец атрымаў запрашэнне распачаць кнігавыданне ў маёнтку князя Астрожскага і прыняў гэтую прапанову.

Доказам гэтага з’яўляецца выяўленне вялікай часткі яго матэрыялу ў двух Астрожскіх выданнях — "Кніга аб посце" Васілія Вялікага (1594) i "Часаслоў" (1602), якія былі надрукаваны віленскім шрыфтам з выкарыстаннем дошак, вялікіх і малых заставак, буйных літар. Акрамя таго, шрыфтам Мсціслаўца надрукаваны тытульны ліст аднаго невядомага ў рускай бібліяграфіі Астрожскага выдання ("Граматыка 1598"). Шрыфт тут сапраўды супадае з віленскім па малюнку, па памерах і надрадковых літарах.

Дзе і калі памёр Пётр Мсціславец таксама невядома. Магчыма, што гэта магло адбыцца ў тым жа Астрозе ў канцы XVI ст.

Паліграфічна-выдавецкая дзейнасць Пятра Мсціслаўца зрабіла прыкметны ўплыў на пазнейшае беларускае, рускае і ўкраінскае кнігадрукаванне. Як адзначае А. Някрасаў, "у гравюры Беларусі ў канцы XVI ст. усталяваўся створаны Пятром Мсціслаўцам арыгінальны беларускі дэкаратыўны стыль...". Тэхніку Мсціслаўца капіруюць ягоныя вучні — віленскія гравёры.

Выданні Мсціслаўца аказалі значны ўплыў на кнігадрукаванне ў Вялікім Княстве Літоўскім. Яны распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, у Маскоўскай Русі i адыгралі вялікую ролю ў развіцці асветы.

Удзячныя нашчадкі ў знак глыбокай павагі ў 2001 г. устанавілі ў Мсціслаўлі помнік друкару, мастаком Рыгорам Таболічам створана карціна "Іван Фёдараў і Пётр Мсціславец" (1992), а пра юныя гады слыннага асветніка сучасны беларускі пісьменнік Эрнэст Ялугін напісаў на рускай мове мастацкі твор — гістарычную аповесць "Мстиславцев посох".

Падрыхтавала А. Ніедра, вядучы бібліятэкар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы.


Спіс выкарыстанай літаратуры:

Асветнiкi зямлi Беларускай X — пачатак XX ст. : энцыклапедычны даведнік / рэдкалегія Г. П. Пашкоў. — 2-е выданне. — Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2006. — 490 с.

Зернова, А. С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец / А. С. Зернова // Исследования и материалы : сборник IX. — Москва : Книга, 1964. — С. 77—111.

Клімаў, І. П. Выдавецкая дзейнасць Пятра Мсціслаўца і Мамонічаў у Вільні канца XVI ст. і маскоўскі кнігадрук / Ігар Клімаў // Матэрыялы X Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў "Кніжная культура Беларусі XVI — сярэдзіны XVII: да 440-годдзя выдавецкай дзейнасці Мамонічаў" (Мінск, 17—18 красавіка 2014 г.) / Нацыянальная бібліятэка Беларусі ; складальнікі : Т. А. Сапега, А. А. Суша. — 2-е выданне, пераапрацаванае. — Мінск, 2014. — 261 с.

Немировский, Е. Л. Иван Федоров, около 1510—1583 / Е. Л. Немировский. — Москва : Наука, 1985. — 316 с. — (Научно-биографическая серия).

Шматаў, В. Ф. Беларуская кнiжная гравюра ХVI—XVII стагоддзяў / В. Ф. Шматаў ; Акадэмія Навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1984. — 181 с.

Ялугин, Э. В. Иван Федоров и Петр Мстиславец / Эрнест Ялугин // Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание / Эрнест Ялугин. — Минск, 1984. — С. 137—145.