ЧАЛАВЕК СВАЁЙ ЭПОХІ: СТАНІСЛАЎ БОГУШ-СЕСТРАНЦЭВІЧ — ПЕРШЫ РЫМСКА-КАТАЛІЦКІ МІТРАПАЛІТ РАСІЙСКАЙ ІМПЕРЫІ

С. Богуш-Сестранцэвіч нарадзіўся 3 верасня 1731 г. у вёсцы Занкі Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства (зараз Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і збяднелага шляхціча. Бацька хлопчыка быў па веравызнанні кальвіністам, а маці — каталічкай. Па яе патрабаванні сын быў ахрышчаны па рымска-каталіцкаму абраду ў Заблудаве.

Першапачатковую адукацыю Богуш-Сестранцэвіч атрымаў у Кейданскім кальвінісцкім калегіуме. Потым кальвінісцкая абшчына накіравала яго на вучобу ў Берлін. Па дарозе ён быў абрабаваны і вымушаны запісацца ў прускую армію. Быў паранены і звольнены з войска. У Берліне Станіслаў уладкаваўся вучыцца ў гімназію св. Іахіма. У 1748 г. быў залічаны на філасофскі факультэт універсітэта Франкфурта. У 1761 г. выйшаў у адстаўку і займаўся выхаваннем дзяцей князя Радзівіла, у доме якіх перайшоў у каталіцтва.

Разам са сваімі выхаванцамі (Мікалаем і Ежы Радзівіламі) ў 1759 г. паступае ў Варшаўскую галоўную калегію піяраў. У 1763 г. прынімае духоўны сан і пераводзіцца ў Варшаўскую семінарыю місіянераў, дзе ўдасканальвае свае веды ў тэалогіі і праходзіць усе прыступкі святарскага пасвячэння. 29 мая яго прысвячаюць у сан субдыякана, а праз два тыдні — у сан дыякана, 3 ліпеня быў пасвечаны ў прасвітары (святары). З 1767 г. Богуш-Сестранцэвіч — віленскі канонік.

Карыстаючыся даверам і падтрымкай з боку віленскага епіскапа І. Масальскага і пратэкцыяй Радзівілаў, ён імкліва рухаўся па царкоўнай іерархічнай лесвіцы. Карыстаючыся заступніцтвам Масальскага, Сестранцэвіч, па ад’ездзе ў 1771 г. біскупа за мяжу, часова кіраваў Віленскай епархіяй і паказаў выбітныя адміністрацыйныя здольнасці.

Пасля пропаведзі ў Вільні ў 1770 г., з асуджэннем замаху на жыццё караля Станіслава Аўгуста, імя Богуша-Сестранцэвіча становіцца вядомым і пры Пецярбургскім двары. Вастрыня розуму, свабоднае валоданне некалькімі мовамі і выключная ветлівасць уладыкі Станіслава зачаравалі расійскую арыстакратыю.

Узведзены ў сан епіскапа і жывучы ў Абаленцах, Сестранцэвіч, пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), паступіў у падданства Кацярыны II.

У снежні 1772 г. Кацярынай II быў падпісаны і накіраваны ў Сенат законапраект, у якім утрымлівалася дэкларацыя стварэння Рымска-каталіцкай епархіі ў межах усёй Расійскай імперыі. У 1773 г. Кацярына II падпісала імянны ўказ, згодна з якім назначыла Богуша-Сестранцэвіча епіскапам беларускім, з поўным дачыненнем яму беларускіх каталіцкіх манастыроў.

Указам ад 17 студзеня 1782 г. Кацярына II самавольна заснавала Магілёўскае арцыбіскупства. Потым распачалася доўгая перапіска паміж Пецярбургам і Рымам, пакуль апостальская сталіца і папа не пагадзіліся. У 1793 г. была кананічна зацверджана новая царкоўная правінцыя, і Станіслаў быў узведзены ў арцыбіскупскую годнасць. Урачыстае стаўленне новага арцыбіскупа адбылося 29 студзеня 1784 г. у касцёле св. Кацярыны ў Санкт-Пецярбургу.

С. Богуш-Сестранцэвіч як мітрапаліт актыўна ўдзельнічаў у фарміраванні канфесійнай палітыкі расійскага ўрада на беларускіх землях. Як магілёўскі арцыбіскуп — займаўся ўнутрыцаркоўнымі справамі даручанай яму дыяцэзіі: падборам сабе памагатых (біскупаў-суфраганаў, членаў капітула, архідыяканаў і дэканаў), якія былі паслядоўнымі праваднікамі яго палітыкі; пытаннямі духоўнай адукацыі.

Сестранцэвіч аб’ехаў усе касцёлы і кляштары Беларусі. І вельмі засмуціўся, калі ўбачыў навакол занядбанасць і неадукаванасць. Ён лічыў, што адукацыя для духавенства важна, як і для іншых саслоўяў, і нават больш, бо святары нясуць асвету ў народ. Сестранцэвіч абавязаў усіх манахаў вучыцца прапаведніцтву, гісторыі, геаграфіі, рускай і французскай мовам, матэматыцы. Каб даць манахам магчымасць вучыцца, ён вызваліў іх ад шэсцяў, забараніў адлучацца ад кляштараў. Дзякуючы гнуткай палітыцы, ён звёў да мінімуму ступень умяшання дзяржавы ва ўнутранае жыццё касцёла.

У перыяд кіраўніцтва Магілёўскім арцыбіскупствам Богушам-Сестранцэвічам была створана сістэма духоўнай адукацыі будучых рымска-каталіцкіх святароў, якая складалася з чатырох семінарый. Крэслаўская духоўная семінарыя задавальняла патрэбы ў святарах Латвійскія прыходы, Магілёўская — беларускія, Кіеўская — украінскія, Беластоцкая — польскія.

Дзякуючы сваёй адукаванасці, ён адметна вылучаўся сярод сучаснага яму каталіцкага духавенства. Адрозненне было яшчэ і ў тым, што Богуш-Сестранцэвіч не быў фанатыкам, як пісалі пра яго: "быў католік, а не папіст", або "чалавек без веры". З-за таго ён, напэўна, і не стаў кардыналам, нягледзячы на неаднаразовыя звароты Кацярыны II і Паўла I да папы ў Ватыкан. Навогул Расійская імперыя ніколі не мела свайго кардынала.

Адметнай рысай Богуша-Сестранцэвіча было тое, што ён ніколі не абмяжоўваўся толькі рэлігійнымі справамі. Яшчэ ў 1763 г., за пераклад з англійскай мовы на польскую працы І. Макензі, Сестранцэвіч атрымаў ад караля прыход у Гомелі. Прыехаўшы ў Магілёў у 1774 г., ён заснаваў уласную друкарню пры рымска-каталіцкай кансісторыі, буйнейшую на беларускіх землях таго часу. Напачатку яна размяшчалася ў Магілёўскім касцёле кармелітаў, потым у прыгарадным палацы Богуша-Сестранцэвіча ў Пячэрску. Друкарня дзейнічала да 1844 г.

У 1776 г. Магілёўская друкарня атрымала дазвол на выданне кніг на рускай мове, што паклала пачатак кнігадрукаванню грамадзянскім шрыфтам на Беларусі. Паводле ўказа Кацярыны II 1780 г. друкарня была абавязана публікаваць афіцыйныя матэрыялы і выконвала функцыі губернскай да адкрыцця ў 1833 г. Магілёўскай губернскай друкарні.

Вядома больш за 50 назваў выданняў Магілёўскай друкарні С. Богуша-Сестранцэвіча на польскай, лацінскай, рускай, нямецкай і французскай мовах. Сярод іх: "Кароткая французская граматыка" (1784 г., 1796 г.); даведачная літаратура — "Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783" (1782), "Беларускія календары" (1784–1795), "Дырэкторыумы" (царкоўныя календары, якія змяшчалі спісы парафій і духавенства Магілёўскай рымска-каталіцкай епархіі за 1807–1844 гг.); афіцыйныя выданні — "Трактат Вечнага міру і сяброўства" (1792), "Установы для кіравання губерняй" (1774, 1777, 1795); навуковыя працы — трактат "Тры кнігі аб паэтычным мастацтве" (1786) Ф. Пракаповіча.

Аднак найбольш цікавым было выданне ў друкарні твораў самога С. Богуша-Сестранцэвіча: навуковыя працы "Аб Заходняй Русі" (1793) і "Аб паходжанні сарматаў і славян" (1810), вершы і прамовы, польскі пераклад "Гісторыі Сіндбада-Марахода" — "Вандроўны турак" (1789 г.). Ім была напісана і выдадзена трагедыя "Гіцыя ў Таўрыдзе", пазней напісана "Гісторыя Таўрыі". Загаловак кнігі дазваляе сцвярджаць ужо пра існаванне даследавання па гісторыі Крыму. Праца "Аб Заходняй Русі" (на польскай мове) па сутнасці з’яўляецца своеасаблівым папулярным даведнікам аб гісторыі ўсходніх славян да XIII ст.

З 1783 г. у Магілёве пачаў працаваць тэатр Богуша-Сестранцэвіча. Яго кіраўніком быў А. Жукоўскі, мастак — А. Главацкі. У 1783 г. была пастаўлена напісаная Сестранцэвічам трагедыя ў вершах "Гіцыя ў Таўрыдзе", якая пазней ішла ў Пецярбургу. У 1788 г., у дзень нараджэння Кацярыны II, на гэтай сцэне была пастаўлена яшчэ адна п’еса Богуша-Сестранцэвіча — трагедыя ў пяці актах "Ора".

Пахаваўшы Кацярыну II, Богуш-Сестранцэвіч перажыў яшчэ двух манархаў. З уступленнем на прастол Паўла I значэнне Сестранцэвіча ў вачах імператарскай улады не пахіснулася. Павел завітаў яму ордэн Андрэя Першазванага, прысвоіў тытул мітрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расіі, выклапатаў для яго ў папы кардынальскую вопратку і ўзвёў яго ў званне камандора вялікага крыжа св. Іаана Іерусалімскага. Сестранцэвіч фактычна стаў неабмежаваным кіраўніком Каталіцкай царквы ў Расійскай імперыі. Застаючыся добрым каталіком, ён разам з тым быў сапраўдным падданым Расіі і не дапускаў развіцця духоўна-палітычнай улады папы ў расійскай дзяржаве. Ён паставіў рымска-каталіцкую царкву ў Расіі ў такое становішча, што недалёка ўжо было ад аддзялення яе ад Рыма.

Аднак фавор С. Богуша-Сестранцэвіча ў імпульсіўнага Паўла I працягваўся нядоўга. Айцец-езуіт Габрыэль Грубер расказаў Паўлу I аб злоўжываннях, дапушчаных у дэпартаменце па рымска-каталіцкіх справах. Разгневаны, Павел адразу ж забараніў С. Богушу-Сестранцэвічу бываць пры двары, а праз некалькі дзён (26 лістапада 1800 г.) загадаў яму пакінуць Пецярбург і пасяліцца ў Буйнічах (Магілёўскі раён). Негледзячы на абасоблены лад жыцця, які праводзіў апальны мітрапаліт, у снежні таго ж года яму было загадана пераехаць у больш аддаленыя ад Магілёва Маляцічы (зараз Крычаўскі раён). У каталіцкай вёсцы Богуш-Сестранцэвіч узвёў сваю рэзідэнцыю — дакладную копію сабора Святога Пятра ў Рыме, толькі ў 32 разы менш. Будаўніцтва цягнулася сем гадоў, пабудаваны касцёл быў у 1794 г., будаўніцтвам кіраваў Ян Падчашынскі. Пасля паўстання 1831 г. вёска разам з касцёлам была перададзена праваслаўнай епархіі, копія рымскага сабора Святога Пятра была перабудавана пад праваслаўную царкву, а ў 1934 г. і зусім знесена. Ад унікальнага храма не засталося нічога: ні гаспадарчых пабудоў, ні каменьчыка, ні знака. Толькі драўляная скульптура С. Богуша-Сестранцэвіча каля мясцовай школы нагадвае пра той час, калі слава аб Маляцічах грукатала на ўсю Еўропу.

Ссылка С. Богуша-Сестранцэвіча не была доўгай. У ноч з 23 на 24 сакавіка 1801 г. Павел I быў забіты. На трон уступіў яго сын — Аляксандр I. Ён вызваліў мітрапаліта ад абавязку пастаяннага знаходжання ў Маляцічах.

Хоць Богуш-Сестранцэвіч і быў вернуты ў Санкт-Пецярбург і адноўлены ў званні, але ўлада яго была аслаблена: яму было забаронена ўмешвацца ва ўнутранае жыццё манаскіх ордэнаў.

У 1814 г. Богуш-Сестранцэвіч знаходзіцца сярод ініцыятараў стварэння Расійскага біблейскага таварыства, заснаванага па ўзору Брытанскага. Узначальваў яго міністр духоўных спраў і народнай асветы А. Н. Галіцын. Удзел мітрапаліта ў дзейнасці таварыства прывёў да чарговага вострага канфлікту з Ватыканам. Папа забараняў распаўсюджванне надрукаванага Расійскім біблейскім таварыствам Новага Запавета на польскай мове, дзяржаўным цэнзарам якога быў мітрапаліт С. Богуш-Сестранцэвіч.

У 1815 г. расійскаму ўраду было даручана клапаціцца аб узвядзенні Станіслава ў званне прымаса (тытул царкоўнага іерарха ў краіне, які валодае вышэйшай духоўнай юрысдыкцыяй над іншымі біскупамі краіны), але гэтыя клопаты не ўвянчаліся поспехам.

У Пецярбургскі перыяд свайго жыцця мітрапаліт стаў членам Расійскай акадэміі навук і Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі, на працягу 1813–1823 гг. узначальваў Вольнае эканамічнае таварыства. Сучаснікі адзначалі веданне Богушам-Сестранцэвічам інжынернай справы і архітэктуры. Ён уласнаручна чарціў планы, складаў праекты, рабіў малюнкі будучых будынкаў. На ўласныя сродкі ім быў пабудаваны ў Каломне — паўднёва-заходнім раёне сталіцы — касцёл св. Станіслава. Будынак будаваўся па праекту архітэктара Д. Вісконці ў 1823–1825 гг.

1 снежня 1826 г. Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч, каталіцкі мітрапаліт Расійскай імперыі, сучаснік апошняга польскага караля і трох расійскіх цароў, памёр у Пецярбургу. Яго пахавалі ў касцёле св. Станіслава.

Як царкоўны іерарх, С. Богуш-Сестранцэвіч займаўся палітыкай, фарміраванне асноўных кірункаў якой праходзіла не ў Мінску, Магілёве ці Вільні, а ў Санкт-Пецярбургу — пры расійскім імператарскім двары. Як гісторык, цікавіўся гісторыяй Крыму, праблемай паходжання славян і станаўлення ў іх дзяржаўнасці. Як філолаг, займаўся складаннем руска-літоўскага і руска-латышскага слоўнікаў. Як мецэнат, ахвяраваў сродкі на будаўніцтва храмаў, школ, бальніц, багадзельняў.

За верную службу расійскім імператарам С. Богуш-Сестранцэвіч атрымаў шмат узнагарод і нажыў неблагія сродкі. Меў ордэны Андрэя Першазванага, Аляксандра Неўскага, крыжы Уладзіміра Вялікага і Ганны першай ступені, белага арла св. Станіслава. Ён быў някепскі гаспадар і меў маёнткі, фальваркі, хутары (Баіўка, Бязводзічы, Богушы, Буйнічы, хутары Быхаўшчына, Добрае, Забежнеў, карчма Зотаўка, Касатаў, Лапацін, Людагорка, Лесніўка, Маляцічы, Мышкевічы, Навасёлы, Панюшкавічы, Пекелішкі, Прылессе, Рафалава, Селішча, карчма Салтанаўка, Сталынец, Шышкі), якія здаваў у арэнду. У яго працавалі друкары і дываноўшчыцы, меліся піваварны завод і суконная фабрыка.

Богуш-Сестранцэвіч быў добрым чалавекам і вельмі клапаціўся пра сваіх родных і сваякоў, якіх у яго было шмат. У сваім тастаменце, зробленым у лістападзе 1826 г., ён усю рухомую і нерухомую маёмасць пакінуў нашчадкам сваіх блізкіх родзічаў: брату — статскаму саветніку Івану Богушу-Сестранцэвічу і тром сёстрам — Даратэі Мацкевічавай, Ганне Рыкачоўскай і Рэгіне Мікулічавай. Сваю бібліятэку (тры тысячы тамоў), 20 тысяч рублёў, розныя навуковыя рэчы і прылады ён завяшчаў касцёлу імя св. Станіслава, дом у Магілёве — Магілёўскай каталіцкай кансісторыі. Сярод нашчадкаў быў названы доктар багаслоўя Парчэўскі. Пасля смерці свайго шчодрага сваяка апошні вывез у Рым рукапісы паэмы "Выратаваны кароль", "Аб узяцці Ачакава", даследаванне аб літоўскай мове і яе слоўнік.

Біёграфы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча сярод ягоных сваякоў называюць Станіслава дзядзькам па мацярынскай лініі. Мяркуюць, нібыта ён уладкаваў пляменніка пасля заканчэння Бабруйскай павятовай школы спачатку ў Віленскую базыліянскую бурсу, а пазней — у Віленскі (паводле іншых звестак — Пецярбургскі) універсітэт на медыцынскі факультэт.

Член Імператарскай Акадэміі навук, прэзідэнт Імператарскага Вольнага эканамічнага таварыства, ганаровы член Вольнага таварыства аматараў расійскай славеснасці, Грамадства ўстановы вучэльняў па метадзе ўзаемнага навучання (Бэла і Ланкастэра), Расійскага мінералагічнага грамадства, Варшаўскага і Рыжскага таварыстваў сяброў навук, Кракаўскага навуковага грамадства, ганаровы прафесар Маскоўскага, Віленскага, Кракаўскага ўніверсітэтаў, Санкт-Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі і Лонданскай агранамічнай асацыяцыі — вось далёка няпоўны пералік навуковых і грамадскіх тытулаў мітрапаліта Станіслава Богуша-Сестранцэвіча.

Падрыхтавала А. Ніедра, вядучы бібліятэкар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

Каханоўскi, Г. А. Зменлiвая фартуна / Г. А. Каханоўскі // Краязнаўчая газета. — 2006. — № 39. — С. 4.

Каханоўскi, Г. А. Сем прыгод Богуша-Сестранцэвiча / Г. А. Каханоўскі // Голас Радзiмы. — 1980. — 20 сакавіка. — С. 7—8.

Кiштымаў, А. Станiслаў Богуш-Сестранцэвiч / А. Кіштымаў // Славутыя iмёны Бацькаўшчыны : зборнiк / Беларускі фонд культуры ; рэдкалегія: А. Грыцкевiч (гал. рэд.) [і інш.]. — Мiнск, 2003. — Вып. 2. — С. 366—373.

Попов, М. А. Митрополит С. Богуш-Сестренцевич: формирование правительственной политики по отношению к Римско-католической церкви на белорусских землях (конец XVIII — первая четверть XIX в.) : монография / М. А. Попов, А. И. Ганчар. — Гродно : ГГАУ, 2012. — 278 с.