НА КАРЫСЦЬ НАРОДУ. АСВЕТНІЦКАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ БРАТОЎ ГРАНАТАЎ

 У 2024 г. спаўняецца 132 гады з часу заснавання выдавецтва "А. і І. Гранат і К°" і з пачатку выдання "Энцыклапедычнага слоўніка" братоў Гранатаў. З’яўленне ўнікальнага даведніка мела рэзананс не толькі ў гісторыі рускага, але і сусветнага кнігадрукавання. Браты Гранаты стаялі ля вытокаў стварэння сучасных расійскіх энцыклапедый.

Ля вытокаў грандыёзнай задумы — ажыццявіць выданне шматтомнага даведніка, які б быў не толькі непадобны на тыя, што выходзілі дагэтуль, але і шмат у чым мяняў уяўленне аб літаратуры такога профілю — стаяў менавіта Ігнацій Навумавіч Гранат — наш земляк.

Браты Гранаты нарадзіліся ў купецкай сям’і. Бацька братоў падоўгу не жыў на адным месцы, у Адэссе нарадзіўся Аляксандр, Ігнат — у Магілёве. Абодва браты атрымалі добрую пачатковую адукацыю — закончылі Магілёўскую мужчынскую гімназію. Аляксандр атрымаў дыплом інжынера-механіка, у гэты час паскорана развівалась прамысловасць, што адкрывала вялікія магчымасці для прафесійнага росту. Ігнацій пайшоў другім шляхам — скончыў юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта і абараніў дысертацыю.

Абодва браты былі вялікімі кнігалюбамі. Ігнат Гранат у сілу сваёй прафесійнай дзейнасці патрабавальна ставіўся да даведнікаў, прытрымліваючыся меркавання, што яны павінны даваць як мага больш дакладную і вычарпальную інфармацыю па той галіне, якую закранаюць. Менавіта ў Ігната з’явілася ідэя стварыць энцыклапедыю, якая б супернічала з усім вядомым на той час энцыклапедычным слоўнікам Бракгаўза і Эфрона, у сусветным маштабе — з Брытанскай энцыклапедыяй.

У 1891 г. Ігнат Навумавіч набыў першы том "Настольнага энцыклапедычнага слоўніка" "Таварыства "А. Гарбель і К°", пасля прагляду якога застаўся незадаволеным змешчанымі ў ім матэрыяламі. Чагосьці не ставала, чаго — дакладна не мог сказаць, але сумненні не пакідалі. Ігнат звярнуўся да брата з ідэяй пачаць сумесную выдавецкую справу. Аляксандр Навумавіч падтрымаў яго намер і прыйшоў да высновы, што да выдавецкай справы неабходна прыцягнуць аўтарытэтных людзей, якія маглі б быць навуковымі рэдактарамі, а па меры неабходнасці і аўтарамі. Сышліся на тым, што лепш за ўсё запрасіць вядомых навукоўцаў, якія працуюць у Маскоўскім універсітэце, а затым кола аўтараў пашыраць.

У 1892 г. браты Гранаты ўтвараюць сваё выдавецтва, якое атрымала назву "Таварыства "А. і І. Гранат і К°". Выдавецтва братоў размясцілася ў Маскве ў доме нумар 15 на Цвярскім бульвары.

Першаступеннай задачай выдавецтва стаў выпуск энцыклапедычнага слоўніка, а каб не пачынаць справу з нуля, браты вырашылі набыць у таварыства "А. Гарбель і К°" права на працяг выдання "Настольнага энцыклапедычнага слоўніка". Таварыства было рада саступіць сваё выданне братам, на той час яно выйшла ў трох тамах і пацярпела няўдачу – артыкулы ў тамах былі дрэнна перакладзены з іншых моў, без уліку сучасных дасягненняў навукі, тэхнікі, мастацтва.

На першапачатковым этапе ў выдавецтве працавалі толькі два супрацоўнікі — браты Гранаты, прыцягнуць шырокую грамадскасць да ўдзелу ў стварэнні не было як: не было сродкаў.

З самага пачатку выдавецтва было задумана як адукацыйнае і ніколі не ставіла мэтай здабываць прыбытак з выпуску, а задавальняла сябе тым, што працавала на ўмовах самаакупнасці. Выдавецтва існавала на грошы падпісчыкаў. Слоўнік распаўсюджваўся па падпісцы, а друкаваўся ў друкарні вядомага маскоўскага друкара Івана Мікалаевіча Кушнерава.

З 1895 па 1897 гг. у выдавецтве выйшлі тры выданні ў тым выглядзе, якое запланавала таварыства "А. Гарбель і К°". Толькі ў 1899 г. пры падрыхтоўцы чацвёртага тома першыя тры выданні былі перапрацаваны. Змянілася структура выдання, удасканалілася форма падачы матэрыялаў. Найбольшае месца рэдакцыя адводзіла сацыяльным навукам.

Да выпуску чацвёртага выдання браты Гранаты мелі магчымасць прыцягнуць вядомых расійскіх вучоных: будучага нобелеўскага лаўрэата І. І. Мечнікава, географа Д. М. Анучына, заолага М. А. Мензбіра, фізіка М. А. Вумава, вучонага-эканаміста А. І. Чупрова і інш.

З 1896 па 1903 гг. у выдавецтве выйшла шэсць стэрэатыпных выданняў слоўніка, з’явіўся дадатковы, дзявяты том.

Слоўнік меў вялікі поспех у адукаванай публікі, нягледзячы на тое, што на паліцах кніжных крамаў ужо прадавалася энцыклапедыя Бракгаўза і Эфрона. Але яна не ўсім была па кішэні. Кампактнае і больш дэмакратычнае выданне братоў Гранатаў першапачаткова прызначалася для сярэдніх слаёў насельніцтва.

Часопіс "Русская мысль" пісаў у 1905 г.: "Настольны энцыклапедычны слоўнік" адказвае тром галоўным умовам: даступнасць па цане, досыць поўны, адлюстроўвае ўсе найноўшыя дасягненні навукі, тэхнікі і культуры".

Паклапаціліся гранатаўцы і аб належным афармленні слоўніка, якое для свайго часу выглядала шмат у чым смелым, наватарскім. У гэтым, безумоўна, галоўная заслуга пастаяннага мастака выдавецтва, бацькі будучага знакамітага рускага паэта Барыса Пастэрнака — Леаніда Восіпавіча. Менавіта Леанід Восіпавіч прапанаваў сваё бачанне вокладкі, якое было падтрымана, бо адпавядала мэце слоўніка — сеяць зерні ведаў сярод народа, а мужчына, якога адлюстраваў Пастэрнак, схіліўшыся, быццам кланяючыся жыццядайнай зямлі, збіраў плады шчодрага ўраджаю.

Слоўнік адрозніваўся выразным шрыфтам, шчыльнай паперай, зручным фарматам. Артыкулы ілюстраваліся рэпрадукцыямі карцін, партрэтаў, фотаздымкамі, схемамі найвышэйшай паліграфічнай якасці.

У 1910 г. браты Гранаты пачалі выдаваць сёмае, зусім перапрацаванае выданне ў 58 тамах пад назвай "Энцыклапедычны слоўнік Гранат". Сусветная вайна парушыла планы братоў, і да канца 1917 г. пабачыла свет 37 тамоў выдання. 

Чытачы адразу ацанілі вартаць новага выдання. Нават тыя, хто меў папярэднія слоўнікі, паспяшаліся набыць новы, бо матэрыялы ў ім, у адрозненні ад папярэдніх, былі напісаны больш жыва, даходліва. Рэцэнзенты спяшаліся параўнаць выданне братоў Гранат з замежнымі. 

Выдаўцы Гранаты давалі ільготы падпісчыкам, што дазволіла набыць выданне кваліфікаваным рабочым і дэмакратычна настроеным чытачам у самых далёкіх кутках краіны, чаго раней у Расіі не было. 

Рэцэнзенты адзначалі, што артыкулы слоўніка перапрацаваны і ўяўляюць сабой зараз цэлыя манаграфіі, якія маюць даведачнае значэнне для шырокіх слаёў чытачоў. Асабліва ўказвалася, што артыкулы па змястоўнасці пераўзыходзяць аналагічныя ў заходнееўрапейскіх энцыклапедыях.

Многія публікацыі ў слоўніку прыраўноўваліся да паведамленняў у навуковых часопісах. Энцыклапедыя Гранатаў была не толькі даведачнай, але і першай у сваім родзе — адукацыйнай.

Адметнасць энцыклапедычнага слоўніка Гранатаў была і ў тым, што, як заснавальнікі выдавецтва, так і супрацоўнікі імкнуліся даць сацыяльны аналіз грамадскіх з’яў, чаго раней у даведніках не рабілася. Апроч таго ў слоўніку ўпершыню было дадзена тлумачэнне многіх сацыяльна-эканамічных тэрмінаў, а гэта таксама лішні доказ, што вытрымліваўся аб’ектыўны падыход, улічваліся змены ў грамадстве. Многае з таго, што змяшчалася ў энцыклапедычным даведніку, больш нідзе немагчыма было прачытаць.

У адрозненне ад "Бракгаўза і Эфрона" слоўнік братоў Гранатаў ствараўся пераважна айчыннымі аўтарамі і прызначаўся для рускіх чытачоў. Але пры адборы артыкулаў рэдактары арыентаваліся на выданні адпаведнага профілю, якія выходзілі ў іншых краінах. 

Выпуск энцыклапедычнага слоўніка даў выкладчыкам Маскоўскага ўніверсітэта магчымасць прапагандаваць свае навуковыя ідэі. Практычна ўсе вядомыя рускія вучоныя прымалі ўдзел у выпуску энцыклапедычага слоўніка.

Неабходна адзначыць, што ў адным з тамоў слоўніка быў змешчаны артыкул аб горадзе Магілёве, у якім прыводзіліся звесткі аб колькасці жыхароў, адукацыйных ўстановах, галоўных славутасцях горада па стану на 1897 г.

Адным з галоўных рэдактараў cлоўніка быў вядомы вучоны К. Ціміразеў. Ён узначальваў аддзел дакладных навук. I не толькі своечасова знаходзіў неабходных аўтараў, але і сам ахвотна браўся за пяро. Ціміразеў напісаў усе асноўныя артыкулы па біялогіі, найбольш важныя — па батаніцы. Яго прозвішча значылася пад асабліва важнымі артыкуламі-персаналіямі, якія тычыліся батанікаў, біёлагаў, хімікаў. Ціміразеў не толькі рэдагаваў артыкулы для сёмага выдання, але і прымаў удзел у афармленні тамоў, раячы выдаўцам, якія ілюстрацыі змясціць, праглядаў малюнкі і чарцяжы. Па яго прапанове браты Гранаты сталі змяшчаць спіс найважнейшых артыкулаў тома. Паміж выдаўцамі і вялікім навукоўцам усталявалася поўнае паразуменне і давер. Гэта было супрацоўніцтва духоўна блізкіх людзей, якія разумелі каласальнае значэнне "Энцыклапедычнага слоўніка" ў асвеце рускага народа.

Праца выдавецтва не абмяжоўвалася выпускам слоўніка. У выдавецтве ў свой час выйшлі грунтоўныя манаграфіі Франца Мерынга, Франсуа Алара, гісторыкаў Эрнэста Лавісса і Альфрэда Рамбо.

У падборы аўтараў слоўніка гранатаўцы кіраваліся не класавым падыходам, не поглядамі, якіх прытрымліваецца аўтар, а прымалі пад увагу, наколькі ён дасканала ведае свой матэрыял. Да гонару выдаўцоў, яны не збіраліся "абслугоўваць" пэўныя палітычныя партыі.

Аб дэмакратызме выдавецтва братоў Гранатаў сведчыць запрашэнне супрацоўнічаць бальшавікоў: У. І. Леніна, М. М. Пакроўскага, У. Д. Бонч-Бруевіча. Але дэмакратычная напраўленасць слоўніка і выданне артыкулаў бальшавікоў не маглі прайсці міма ўвагі царскай цэнзуры. Шмат якія артыкулы забараняліся, многія друкаваліся са скарачэннямі і скажэннямі.

У 1915 годзе энцыклапедыя Гранатаў першай з усіх рускіх слоўнікаў змясціла грунтоўны артыкул аб У. І. Леніне, як аб прадстаўніку бальшавіцкага цячэння. У тым жа годзе слоўнік друкуе работу Леніна "Карл Маркс" са скарачэннямі па цэнзурных меркаваннях. Толькі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі яна была надрукавана ў поўным выглядзе.

Куды больш драматычны выпадак звязаны з імем вядомага нямецкага натураліста — Эрнста Геккеля. Ігнацій Навумавіч прапанаваў выдаць на рускай мове пераклад яго кнігі "Сусветныя загадкі", якая мела ярка выражаны антырэлігійны накірунак. У выдавецтве былі ўпэўнены, што з боку цэнзуры ніякіх перашкод не ўзнікне, таму, не чакаючы дазволу, надрукавалі тыраж. I пашкадавалі. Справа дайшла да суда, у выніку рашэння якога выдавецтву давялося панесці немалыя фінансавыя выдаткі. Наклад кнігі быў знішчаны. Інцэндэнт меў значны грамадскі рэзананс.

Аднак праследаванні не маглі спыніць выдаўцоў. Больш таго, браты Гранаты вырашылі надаць сваёй справе яшчэ больш шырокі размах. У 1917 годзе на базе выдавецтва было заснавана Акцыянернае таварыства "Рускі бібліяграфічны інстытут братоў А. і І. Гранат і К°".

Адбылася не толькі змена шыльды. Ігнат Гранат выступіў ініцыятарам выпуску шматтомнага падпіснога выдання "Гісторыя вызваленчага руху". Дагэтуль ніхто не асмеліваўся на такі грандыёзны кнігавыдавецкі праект. Але з-за заняпаду народнай гаспадаркі, катастрафічнага становішча ў краіне, звязанага з грамадзянскай вайной, гэтая задума не была здзейснена. Па гэтых жа прычынах не з’явілася і паўторнае (восьмае) поўнае выданне слоўніка, хоць дагавор на яго выданне выдавецкі аддзел Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта заключыў у 1919 годзе.

Трэба адзначыць, што слоўнік братоў Гранатаў — адзінае энцыклапедычнае выданне, якое было працягнута і завершана пасля рэвалюцыі. Выдавецтва братоў было адным з нешматлікіх дарэвалюцыйных кніжных прадпрыемстваў, прызнаных Савецкай уладай, — такія вялікія былі яго заслугі перад рускім рэвалюцыйным рухам, перад айчыннай навукай і культурай.

У 1920 г., калі стала пытанне далейшага выпуску "Энцыклапедычнага слоўніка Гранат", Дзяржвыдавецтва, прагледзеўшы 23 тамы слоўніка, прызнала неабходным працягнуць выданне.

У 1923 г. Саўнаркам, улічваючы культурнае значэнне слоўніка Гранатаў, прапанаваў Наркамфіну сумесна з Дзяржвыдавецтвам фінансаваць выданне "Энцыклапедычнага слоўніка". У сваю чаргу, Дзяржвыдавецтва рэкамендавала выдавецтву перайсці на новую арфаграфію і сумесна з прадстаўнікамі выдавецтва перагледзець увесь матэрыял. Усе рэкамендацыі былі прыняты. 

У гэтыя гады аддзелы слоўніка, прысвечаныя Расіі, рэдагавалі Н. К. Крупская, А. В. Луначарскі. У кіраванне ўваходзілі народны камісар аховы здароўя М. А. Сямашка, дырэктар Дзяржаўнай бібліятэкі імя У. І. Леніна прафесар У. І. Неўскі і прафесар В. Я. Яроцкі. Навуковым рэдактарам слоўніка з 1922 па 1939 гг. быў вядомы савецкі літаратурны і тэатральны крытык Д. Л. Тальнікаў. З выдавецтвам актыўна супрацоўнічалі прафесары: гісторык С. А. Катлярэўскі, ваенныя інжынеры А. А. Свечын, К. І. Вялічка, савецкі дыпламат І. М. Майскі і інш. 

Але нязменнай рухаючай сілай у калектыве заставаўся Ігнат Навумавіч Гранат. Ніводнае добрае пачынанне не абыходзілася без яго.

Клопатаў пабольшала, калі ў 1933 г. памёр Аляксандр Навумавіч. З гэтага моманту на Ігнація Навумавіча лёг цяжар вырашэння многіх арганізацыйна-гаспадарчых пытанняў, якімі займаўся раней Аляксандр Навумавіч.

Iгнацій Гранат да апошняга займаўся карэктурай слоўніка, дайшло да таго, што амаль перастаў бачыць. Сябры адгаворвалі, упэўнівалі, што ёсць каму рэдагаваць і карэктыраваць. Аднак угаворы нічога не далі. Ігнацій Навумавіч лічыў сваім першаступенным абавязкам — давесці выданне слоўніка да завяршэння.

У 1937 г. споўнілася 45 гадоў з часу ўтварэння выдавецтва "А. і I. Гранат і К°", у сувязі з чым Ігнату Гранат была прызначана персанальная пенсія. Выданне слоўніка набліжалася да завяршэння, але апошнія 54-ы і 58-ы тамы (56-ы так і не выйшаў) пабачылі свет толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны. Рэдакцыяй і выданнем іх займаўся ўжо Дзяржаўны інстытут "Савецкая энцыклапедыя", у склад якога ў 1939 г. ўвайшоў "Рускі бібліяграфічны інстытут братоў А. і I. Гранат і К°".

Пабачыць і патрымаць у руках апошняе выданне слоўніка Ігнат Гранат ужо не змог. Стваральнік апошняй рускай дарэвалюцыйнай шматтомнай энцыклапедыі, "последний из могикан" рускай дарэвалюцыйнай выдавецкай справы і піянер савецкай выдавецкай справы Ігнат Навумавіч памёр 29 снежня 1941 г.

У гісторыі рускай кнігі імёны Аляксандра і Ігната Гранат застануцца назаўжды. Усё іх жыццё і выдавецкая дзейнасць вучаць бескарысліва любіць і шанаваць кнігу. Не кожнаму дадзена паспрачацца з Бракгаўзам і Эфронам. Тым больш не кожны можа ў гэтым саперніцтве быць на роўных, а ў чымсьці і ісці наперадзе. Братам жа Гранатам гэта ўдалося.

Падрыхтавала А. Ніедра, вядучы бібліятэкар аддзела маркетынгу і бібліятэказнаўчай работы.

Спіс выкарыстанай літаратуры:

Белов, С. В. Братья Гранат / С. В. Белов. — Москва : Книга, 1982. — 94 [2] с. — (Деятели книги).

Белоконь, Л.  Звездные выпускники гимназии / Людмила Белоконь // Веснік Магілёва. — 2009. — 22 июля, 7 августа. — С. 7.

Марціновіч, А. А. Супернічаючы з Бракгаўзам і Эфронам : [пра энцыклапедыстаў Ігнація і Аляксандра Гранат, ураджэнцаў г. Магілёва] / Алесь Марціновіч // Марціновіч, А. А. Успамін пра будучыню : мастацка-гістарычныя апавяданні, эсэ / Алесь Марціновіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. — С. 334—350. — (Гісторыя ў асобах).