Павел Андрэевіч Місько напісаў кнігу пра мяне, Ванятку. Не толькі пра мяне, але і пра розных вядомых фальклорных персанажаў: дзеда Аўласку і бабу Параску, сабаку Брахуна, катка Вуркатка, пеўніка Пеюна, мышку-нарушку Шэрае Брушка, вернага Каня, Цмока і іншых. Усе мы сустрэліся на старонках казкі "Прыйдзі, дзень-залацень!"
Давайце даведаемся больш пра творчасць пісьменніка, выканаем заданне і атрымаем наступнае кодавае слова.
Апавяданні П. Місько "Добры чалавек", "Салодкія яблыкі" і інш. прысвечаны маральна-этычнай тэматыцы. У апавяданнях "Лясныя дарункі", "Восеньскім днём", а таксама ў цыкле "Ласіныя пацеркі" паэтызуецца прыгажосць роднага краю.
Папулярнымі сталі аповесці для дзяцей "Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайныя прыгоды Жэні Мурашкі" (1972), "Прыгоды Бульбобаў", 1977 (пра маленькіх сабачанят, якія толькі нарадзіліся і знаёмяцца з акалючым асяроддзем), прыгодніцкая аповесць "Грот Афаліны" (1985), навукова-фантастычная аповесць для дзяцей "Эрпіды на планеце Зямля" (1987).
Казка "Прыйдзі, дзень-залацень!" (1993) - адзін з самых арыгінальных твораў беларускай дзіцячай літаратуры: яна аб'ядноўвае ў адно цэлае сюжэты шматлікіх народных казак: чарадзейных, сацыяльна-бытавых, пра жывёл.
Падрабязна пра жыццё і творчасць Паўла Місько чытайце ў кнізе: Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапаможнік для студ. / А. М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульнай рэд.
М. Б. Яфімавай, А. М. Макарэвіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 2008. – С. 519-543.
Знойдзем выхад, зможам гора!
Сёння лепш, як мелі ўчора,
Заўтра будзе шчэ ляпей -
Глядзі ўперад весялей.
(П. Місько, "Прыйдзі, дзень-залацень!")