Уладзімір Караткевіч добра разумеў выхаваўчае значэнне казкі. Многія яго творы для дзяцей уваходзяць у праграму першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а казка "Вясна ўвосень" - у праграму дашкольнай адукацыі.
Кніга "Зямля пад белымі крыламі" знаёміць вучняў 7 класа з гісторыяй, культурай, прамысловасцю, прыродай Беларусі.
Уладзімір Караткевіч - паэт, празаік, драматург, публіцыст, літаратурны крытык, перакладчык, кінасцэнарыст.
Ужо на пачатку творчага шляху звярнуўся да мінуўшчыны і фальклору, напісаўшы кнігу "Казкі і легенды маёй Радзімы", у якую ўвайшлі казкі "Вужыная каралева", "Рыбін цар", "Мужык і дзіва аднавокі", "Надзвычайная котка" і інш.
Казкі У. Караткевіча вучаць патрыятызму ("Лебядзіны скіт"), пашане да старэйшых ("Нямоглы бацька"), любові да блізкіх ("Вясна ўвосень"), справядлівасці ("Кацёл з каменьчыкамі"), вучаць бачыць хараство ў незвычайным ("Жабкі і Чарапаха"). Яны напоўнены арыгінальнымі вобразамі, гумарам ("Чортаў скарб", "Верабей, сава і птушыны суд" і інш.).
У нарысе "Зямля пад белымі крыламі" (1972) пісьменнік распавёў пра Беларусь, яе культуру, мову, літаратуру, фальклор і прыроду.
Падрабязна пра жыццё і творчасць Уладзімі Караткевіча чытайце ў кнізе: Беларуская дзіцячая літаратура : вучэб. дапаможнік для студ. / А. М. Макарэвіч [і інш.] ; пад агульнай рэд.
М. Б. Яфімавай, А. М. Макарэвіч. – Мінск : Вышэйшая школа, 2008. – С. 459-481.