Добры дзень, шаноўныя госці!
Добры дзень, юнакі і дзяўчаты!
Рады запрасіць вас на сустрэчу, дзе размова пойдзе пра паэзію. Вельмі часта людзі, нават добра ведаючы і любячы паэзію, не могуць адказаць на пытанне, чаму, уласна, паэт піша вершамі, чаму ён не можа карыстацца звычайным, празаічным словам. Між тым, не вырашыў гэтага пытання, нельга ў поўнай меры зразумець, што такое наогул паэзія. У гэтым нам паможа разабрацца чалавек рэдкага душэўнага дару і абаяльнасці, наш паэт-зямляк і празаік Хведар Хведаравіч Гурыновіч.
Хведар Гурыновіч, як паэт, вядомы не толькі на Салігоршчыне. Яго ведаюць на ўсёй Беларусі, і асабліва ў паэтычных колах.
Вядучы: Хведар Хведаравіч – сціплы чалавек, не любіць хваліцца сваімі заслугамі, узнагародамі, таму мне (вазьму на сябе гэты абавязак) будзе прыемна ўзгадаць пра іх. Хведар Хведаравіч Гурыновіч – член Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра, двойчы ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Быў узнагароджаны дыпломам Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу "Лепшы твор 2010 года", адзначаны дыпломам Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу "Золотой купидон" ("Застаецца вера"), атрымаў першае месца ў намінацыі "Паэзія" ў літаратурным конкурсе "Героі Вялікай Перамогі", які праводзіла Мінскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі за кнігу "Мой храм" у намінацыі "Лепшы твор (зборнік) вершаў" (2020г.), Ганаровы грамадзянін Салігорскага раёна, заслужаны ветэран працы. Шэраг яго вершаў для дзяцей увайшлі ў падручнікі па беларускай літаратуры для малодшых класаў. На яго вершы напісаны песні Кімам Цесаковым, Эдуардам Зарыцкім, Генадзем Сіўцовым. Ён з’яўляецца аўтарам тэкста гімна ААТ "Беларуськалій" і марша футбольнага клуба "Шахцёр". А яшчэ, ён з’ўляецца аўтарам вершаў, якія пакладзены на музыку.
Гучыць песня "Крадзены пацалунак"
Вядучы: Высокую ацэнку творчасці паэту далі вядомыя крытыкі і літаратуразнаўцы. Вядомы крытык і літаратуразнаўца, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алесь Марціновіч, знаёмячыся з творчасцю паэта, пісаў: "Паэзія Хведара Гурыновіча – гэта той глыток чыстага паветра, якога так не стае ў тлумным горадзе. Гэта свежасць, якую можна параўнаць толькі з пахам свежаспечанага хлеба".
Вядучы: Уваход жа ў вялікую літаратуру быў для Х. Гурыновіча няпростым. Вершы ён пачаў складаць з маленства. Ужо па першых спробах было відаць, што хлопец не пазбаўлены таленту. Аднак... Рукапіс сваёй першай кнігі Хведар Хведаравіч па наіўнасці здаў у выдавецтва яшчэ студэнтам. Але яе "зарэзаў" у закрытай рэцэнзіі такі ж, як і ён, навічок у літаратуры. Пасля, праўда, рэцэнзент прызнаўся: такой была "устаноўка" выдавецтва. Дзе такое бачылі, каб бязвусы юнец лез папярок "бацькоў" за літаратурнай славай?! Трэба ж "адстаяцца", набрацца вопыту!
Вось і давялося Хведару Гурыновічу, які друкаваўся ў рэспубліканскіх выданнях з 19 гадоў, чакаць выхаду сваёй кнігі, пакуль не стукне "трыццатнік". Такая была завядзёнка. Называлася ж першая кніга "Хлеб і соль" – два вельмі трапных сімвалы роднай Салігоршчыны.
Чытальнік чытае верш "Збажына"
Сёння вёсцы не да баек –
Важна стаўшы ў рад,
У палі ідуць камбайны,
Быццам на парад.
У жніва свая арбіта,
Клопаты свае,
Бо наліты колас жыта
Ў бубен сонца б’е.
Бо світальныя ля рэчкі
Ў цьмяным бляску рос
Адцвілі сузор’і грэчкі,
Адзвінеў авёс.
Бо збурэлы і вусаты,
Як стары бабёр,
Просіцца ячмень за садам
На калгасны двор.
Песні светлыя аб хлебе
Вольна паплылі.
Пачакай хмурынкі, неба,
Ссоўваць да зямлі.
Не дажджы без дай прычыны
Кроплі ні адной...
Вусны пахнуць у дзячыны
Спелай збажыной.
Вядучы: Гэтага паэта, як і многіх іншых адароных літаратараў, ніхто і ніколі "не раскручваў". Зрэшты, таму, для каго творчасць – сэнс жыцця, гэта і не надта патрэбна. Такі нетаропка, з асалодай робіць сваю галоўную справу – піша вершы, часта нават "у стол", але слава вельмі капрызная дама, усё роўна яго знаходзіць. Ён не загубіцца сярод іншых, не кане ў Лету. Бо таленавітае заўсёды запатрабавана ў народзе. А ён – народ, чытачы – самы строгі рэцэнзент. Не спадабаецца – адрыне, спадабаецца, ляжа на сэрца – будзе шаптаць радкі, што палюбіліся. Так адбылося і з творчасцю паэта да якой адносяцца з павагай і дабразычлівасцю.
Чытальнік чытае верш:
Маёй рукой таксама водзіць Бог,
Хаця пішу я рэдка і нямнога.
Калі ж каму я вершам дапамог –
Хваліце Бога.
Напэўна, мог, у прынцыпе, і сам
Свайму натхненню зрэдку даць патолю.
І ўсё-ткі, што б тады я ні пісаў,
Было б не тое.
Я не царкоўны вернік. Бог, даруй.
Але ж, хоць не спазнаў я Божай ласкі,
Усё, пра што пішу і гавару,
З тваёй падказкі.
Вядучы: Х. Гурыновіч піша не толькі для дарослых, але і для дзяцей. У 1992 годзе выйшла першая кніга для юнага чытача "Пасадзім па дрэўцу", а праз пяць гадоў – зборнік "Птушыная азбука". За гэты зборнік пісьменнік атрымаў Літаратурную прэмію імя Янкі Маўра. Кніжка-загадка "Птушыная азбука" знаёміць маленькага чытача з птушкамі, якія жывуць у нашых лясах, палях, лугах. Яна пабудавана ў форме дыялога з дзяцьмі, вучыць дабрыні да ўсяго жывога. На старонках гэтай кнігі вас чакаюць загадкі ў вершаванай форме пра птушак. Пасля амаль адна за адной выйшлі для хлопчыкаў і дзяўчынак кнігі "Запрашаю пад дождж", "Сто хрустальных родничков", "Лес на далоні". Хачу асаблівую ўвагу звярнуць на зборнік "Лес на далоні", бо гэта частка дзяцінства паэта. Дзяцінства паэта, як і дзяцінства большасці вясковых хлапчукоў, звязана з лесам. Ён быў для паэта не толькі месцам гульняў і забаў, але і дапамагаў матэрыяльна. Лес не толькі дрэвы і кустарнікі, а яшчэ ягады, грыбы, лекавыя расліны.
Чытальнік чытае верш "Лес"
Мы раслі, сказаць так можна,
Гледзячы на лес.
І вясчук да лесу кожны
Меў свой інтарэс.
Хоць, вядома ж, не на ўцеху
Выраслі лясы:
Гэты ў лес па дровы ехаў,
Той – па палазы.
Па дугу, па столь, па кроквы,
Па кляновы сок.
Словам, нам на кожным кроку
Трэба быў лясок.
Дый уцех салодкіх мноства
Для вясковых хат:
І маліна ў дзядзьку ростам,
І ажыны шмат.
А гаючых зёлак колькі,
А баравікоў!
Ну, а ўзімку свята ёлкі,
Велічнай такой!
Лес – і будзень, і нядзеля.
Адымі вазьмі –
Застанемся без надзеі...
Хоць раслі - на лес глядзелі,
Выраслі людзьмі.
Вядучы: Добрым знаўцам лесу і грыбоў быў тата пісьменніка. Тое, чаму ён вучыў яго, тое, што ведае пра грыбы сам Х. Гурыновіч і расказвае ён табе, мой шчыры сябар, у "Грыбной паэме".
Чытальнік чытае верш:
О белы грыб, о баравік!
У лісці, верасе, ігліцы
Табе заўжды любы грыбнік
Гатовы ў пояс пакланіцца.
Вядучы: У свой час пісьменнік узгадваў: "Хадзіў я тады недзе ў шосты ці сёмы клас, і ўдваіх з бацькам за раніцу мы сабралі – і не паленаваліся палічыць – 516 баравікоў! І ўсе адзін у адзін: чысценькія, зграбныя, невялічкія – з дзіцячы кулачок. Хоць на выставу! Адзін сярод іх быў трохпавярховым. Было гэта больш за паўвека таму назад". Прайшлі гады, але і сёння паэт любіць бываць у лесе, дзе шэлест ліствы дрэў нашэптвае радкі новых вершаў.
Чытальнік чытае верш:
Што думае дрэва ў сваёй адзіноце?
Што хоча спытаць у багоў?
Заходзіцца сэрца ў бязмежнай сумоце,
Калі я гляджу на яго.
Гучыць песня "Каштаны". Словы паэта пакладзены на музыку.
Вядучы: А яшчэ пісьменнік заўзяты аматар палявання. Так, Хведар Хведаравіч – паляўнічы. Стралок ён варашылаўскі: падкінь корак – не цэлячыся, саб’е на любой адлегласці.
Чытальнік чытае верш:
Паляванне, паляванне –
Дождж халодны палівае,
Ці з дажджом напалавіну
Сыпле снег, як пілавінне.
Ці блукалі вы па лесе,
Дзе і заяц не пралезе?
А ў кастрычніку па плёсе?
Беражы вас добры лёсе.
А без страху і адчаю
Вы лясную ноч страчалі?
У цемры конікі страчылі,
Кажаны паўзлі са шчылін?
Вось такая наша доля,
Ды не просім мы патолі,
Лепшай долі не жадалі б
Нас уладна клічуць далі...
Вядучы: Усё цікавае, незвычайнае, што за паўвека вандравання з ружжом перажыў сам аўтар і яго сябры стала вынікам яго цудоўнага твора "Пуще неволи". Творы, сабраныя пад гэтай вокладкай, цалкам можна назваць паляўнічымі мемуарамі. З кнігай "Пуще неволи" на палескай зямлі запульсаваў, добра даў знаць аб сабе яшчэ адзін чалавечы талент, пісьменніцкі талент, канкрэтны носьбіт якога - Х. Гурыновіч (2014). Працягам паляўнічай тэмы ў дзіцячым варыянце з’яўляецца кніга "Галінка дабрыні". Каля трохсот жывых істот можам мы назіраць у гэтай кніжцы, па якой мы можам вывучаць азбуку жывой прыроды.
Чытальнік чытае верш:
Захварэў я даўно паляваннем,
Невылечна захварэў, лічы.
І глядзяць зусім без хвалявання
На маё становішча ўрачы.
Шмат гадоў трымаецца гарачка
І, хоць плач, не хоча адпусціць,
За цецеруком альбо за качкай
Прымушае сотні вёрст прайсці.
Дзіваком лічуся я вялікім,
І смяецца паўсяла з мяне,
Што начую то ў бары я дзікім,
То каля азерца ў будане.
Вядучы: Кажуць, што вершы пра вайну трэба пісаць толькі тым, хто ваяваў. Але я не пагаджуся з гэтым. Скажу, што і вершы аб прыродзе трэба пісаць прыродай і не інакш. Чаго і прытрымліваецца Х. Гурыновіч.
Салавей у клетцы не пяе,
І жаўрук маркоціцца ў няволі.
Так і вершы ціхія мае –
Што яны без лесу і без поля.
Што яны без рэчак, без сцяжын,
Без аблокаў ранішніх, без поўні?
Чакайце...
Я прапаную вашай увазе вершы, дзе вельмі добра прасочваюцца адносіны паэта да навакольнага асяроддзя.
Чытальнік чытае верш "Зямныя колеры"
Люблю зямныя колеры і гукі,
Сцяжынак спеў і гоман бальшакоў,
Гарэзны смех вясковых хлапчукоў
І першых навальніц вясёлы грукат.
Лісток дрыготкі ў сетцы павучынай,
І россып сініх ягад па кустах,
І кветку безназоўную ў лагчыне,
І чорнага бяздомнага ката.
У бор прыйду, на кукішкі прысяду,
Каб цішыню знянацку не спужаць...
З маленства я – сабакам верны сябар,
Выратавальнік ластавак і жаб.
Вядучы: Для паэта прырода штосьці бясконцае. Закочыў адзін верш, а другі ўжо гучыць у сэрцы. Вось як сам аб гэтым гаворыць аўтар:
"Мой храм – Прырода.
У ім гарыць зары іканастас,
Туман – як дым з кадзіла – над дарогай.
Малюся я Прыродзе ўсякі раз,
А значыць – Богу".
Гучыць песня "Ландышы" на словы паэта
Вядучы: Салігорск – горад шахцёраў. Гады маленства Х. Гурыновіча і ягонае юнацтва супалі акурат з пераўтварэннем роднага яму кута ў буйны прамысловы рэгіён, які дзякуючы солі, а дакладней солі калійнай, і набыў вядомасць не толькі ў Беларусі, але, па сутнасці, і ва ўсім свеце. Таму ўжо з самага пачатку сваёй творчасці паэтам глыбока асэнсавана і глыбока перажыта гэтая тэма.
Чытальнік чытае верш "Шахцёры"
Дзе некалі чарот шумеў пад ветрам
І сноўдалі ўсцяж Руткі бацяны,
Разведчыкі зямных таемных нетраў
Тут мацярык адкрылі саляны.
Струменчыкі рачулкі зухаватай
Гарэзна ў Случ былінную цяклі.
Цяпер струмень ружовы грануляту
Крынічкай выцякае з-пад зямлі.
Штодзённа ўглыб планеты клець нырае,
Пранізваючы скрытыя вякі.
Цяпер у Салігорскім нашым краі
Галоўныя героі – гарнякі.
Працуе змена ў грукаце і гудзе,
Скрыпіць канат, спяшыць за скіпам скіп,
Якія людзі тут, якія людзі! –
Любога гарняка вазьмі наўскід.
А пад зямлёй у кожнага шахцёра
На касцы ззяе зорка, што маяк.
Мільёны год было тут, кажуць, мора.
Цяпер у нас гісторыя свая.
Яе ладуюць моцнымі рукамі
У штрэках – лабірынтах саляных
Шахцёры – салігорцы.
Так – яны!
Краіна ганарыцца гарнякамі.
Ні для каго не сакрэт, што ў свеце неспакойна. То тут, то там узнікаюць ваенныя канфлікты, але гэта не проста канфлікты, ідзе перадзел межаў свету паміж вядучымі дзяржавамі. Таму паэт не можа заставацца абыякавым да гэтай праблемы і выказвае свой погляд. Як хочацца, каб не было вайны.
Чытальнік:
Як хочацца, каб не было вайны
Якая ўшчэнт зруйнуе свет зялёны.
Бы шкельца – крохкі свет наш.
Быццам стог,
Ён вогненебяспячны, невялікі
Сярод другіх планет.
Хаця б не змог
Бяду якую на яго наклікаць
Непрадказальны дваццаць першы век,
Што шчэрыцца ракетамі з трывогай.
Які ты ўсё ж пыхлівы чалавек,
Калі ўявіў сябе магутным богам.
І колькі ж ты зрабіў грымучых "цацак"! –
Равуць бамбардзіроўшчыкі ў піке,
Радары ловяць ціш начную цапка,
Кругом – калі не база, то пікет
Ваенны...
Ах, адумайся – знянацку
Згубіць імгненна можна белы свет!
Вядучы: Да ўсяго сказанага хачу дадаць. Паэт сапраўдны майстар слова. Гэта самае агульнае і, відаць, найбольш трапнае вызначэнне пісьменніцкай індывідуальнасці Хведара Хведаравіча. Па сабе ведаю, хочаш упэўніцца, што ты не так ужо і ведаеш "матчыну мову" – пачытай Х. Гурыновіча.
Чытальнік:
Нам часта разумення не стае.
Французскай мове вучымся, англійскай,
Расійская к нам добра прыстае.
Чаму ж тады цураемся свае –
Вясковай, роднай, цёплай, мацярынскай,
Той, на якой агукалі з калыскі,
Якая мудрасць нам перадае?
Што шанавала нас спакон вякоў,
На бой з ліхой навалаю склікала,
Але суседзям ямы не капала.
Так, мовы нашых прадзедаў, бацькоў,
Так, мовы, размаўлялі на якой
Гарэцкі, Багдановіч і Купала.
Якая даравана лёсам, Богам,
Якою продкі слаўныя жылі,
Дабра ў якой і шчырасці так многа!..
Вядучы: Пра многае яшчэ сёння хацелася б сказаць. Але ці ўсё скажаш? Давайце лепш заглянем ў віртуальны кабінет пісьменніка, створанага з нагоды юбілею. Пазнаёмімся з яго рубрыкамі, адчуем асалоду судакранання з сапраўдным мастацтвам. І выкажам удзячнасць Бацькаўшчыне, што нараджае нам і свету такіх людзей. Першая кніга пісьменніка "Хлеб і соль" убачыла свет, калі пісьменніку было ўжо 30. Але ж, як вядома, пісаць вершы і нават мець кнігу – яшчэ не значыць быць паэтам. Калі ў вас, Хведар Хведаравіч, з’явілася цвёрдая ўпэўненасць, што вы будзеце пісаць, што гэта ваша прызванне і Божае прэдназначэнне?.
Слова прадстаўляецца Х. Гурыновічу
Вядучы: А зараз, сябры, вашы пытанні да Х. Гурыновіча.
Хведар Хведаравіч, памятаеце ці Вы свой першы верш? Якімі абставінамі ён быў вызваны? Дзе і калі надрукаваны? Якая была на гэта рэакцыя блізкіх, сяброў? Дзякуй.
У вас шмат літаратурных прэмій. Запомнілася ці якая-небудзь з іх асабліва і чаму? Дзякуй.
Хведар Хведаравіч, што, на ваш погляд, неабходна, каб стаць пісьменнікам? Ну, талент – гэта зразумела... Дзякуй.
А што такое чалавечы лёс? Адны гавораць, што ён прадвызначаны Богам, даны нам ад нараджэння; другія, насупраць, сцвярджаюць, што чалавек павінен быць гаспадаром свайго лёсу. А як яно бывае на самай справе? Дзякуй.
Усе хочуць быць багатымі, паспяховымі, знакамітымі. Для гэтага патрэбен талент? Дзякуй.
Жыць з вопытам весела ці сумна? Дзякуй.
Якія ў вас адносіны з часам? Спазняліся ці вы ў школу, на работу, на сустрэчы? Дзякуй.
Хведар Хведаравіч! У Вас ёсць верш, які мае назву "Нашчадкам". Вядома, што ён закладзены ў капсулу, якая будзе выкапана праз чвэрць стагоддзя. Калі і дзе гэта адбудзецца? Дзякуй.
Хведар Хведаравіч! Я пазнаёмілася (міўся) з вашым вершам "Якое шчасце!".
А зараз, традыцыйнае пытанне: Вы – шчаслівы чалавек? Дзякуй.
Перш, чым задаць пытанне я прачытаю Ваш верш "Старасць".
А зараз пытанне: ёсць штосці такое, чаму бы Вы хацелі навучыцца, але так і не навучыліся? Дзякуй.
А зараз у мяне да Вас пытанне: А ці былі ў Вас сакрэты ад бацькоў? Дзякуй.
А зараз пытанне: як Вы лічыце, ці можа сяброўства доўжыцца ўсё жыццё? Дзякуй.
Хведар Хведаравіч! Вы ў сваім вершы "Мае вершы" пішаце, што іх шмат было напісана на прыродзе:
Неба – сіняй калыскаю.
Тонкі ліст з пазалотай.
Колькі вершаў рассыпана
Па лясах, па балотах!
Над прасёлкам – малодзіва
Маладога туману.
Па лясах, па балоцінах
Колькі вершаў сабрана!
А зараз у мяне да Вас пытанне: ёсць два процілеглых прынцыпы творчасці. Першы сцвярджае: пішы толькі тады, калі ёсць натхненне. Другі, наадварот прызывае: ні дня без строчкі! Што Вам больш па душы? Дзякуй.
Тэма Радзімы актуальная ва ўсе часы. У сваім вершы "Прызнанне" Вы пішыце: верш "Прызнанне".
У мяне да Вас будзе такое пытаннне: калі б Вам прапанавалі пяць міліёнаў долараў і від на жыхарства з сям’ёй за межамі СНД, Вы б прынялі прапанову? Дзякуй.
Хведар Хведаравіч! У Вас ёсць верш "Жыццё", дзе Вы пішаце:
З адвечнай прагай жыць
Цвіце альшына ў плоце.
Драбнюткі дождж імжыць –
Апошні снег малоціць.
Віруе дзень вясенні.
Каханне – што сіло.
І дружна да вяселля
Рыхтуецца сяло.
І зноў пачуццям цесна.
Мацней жаданне жыць.
Ля цёплай печы цеста
Бунтуецца ў дзяжы.
Хведар Хведаравіч! Скажыце, калі ласка, у чым сэнс чалавечага жыцця?
Вядучы: Вось і падышла к канцу наша сустрэча. Жадаю, каб яна прывяла вас к сур’ёзнаму захапленню паэзіяй і каб памагла Вам знайсці "свайго" паэта, а можа быць, адкрыць у розных паэтаў менавіта тыя вершы, якія стануць "вашымі", памогуць у цяжкіх жыццёвых сітуацыях, падтрымаюць, як сапраўдныя сябры.
Мігун Н.Н.,
бібліятэкар І катэгорыі
аддзела абслугоўвання і інфармацыі
ГУК "Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка".