ЗА ЖАРТАМ У КІШЭНЮ НЕ ЛЕЗ
Знаёмства маё з Рыгорам Барадуліным адбылося ў 1979 годзе, калі я прынёс у выдавецтва «Мастацкая літаратура», дзе Рыгор Іванавіч працаваў рэдактарам, свой першы беларускамоўны зборнічак паэзіі. Гэта была вельмі сардэчная сустрэча, на якой знакаміты Паэт не толькі пахваліў шэраг вершаў пачаткоўца, але і прыхільна, па-бацькоўску, абняў і надпісаў вельмі цёплы і запамінальны аўтограф на сваёй кнізе, чым натхніў мяне невыказна. Неўзабаве ён і рэдагаваў мае «Хлеб і соль», а пазней рэкамендаваў аўтара ў Саюз пісьменнікаў.
Другім разам сустрэўся я з шаноўным Паэтам ў Доме творчасці ў Каралішчавічах. У пакоі Барадуліна сабраліся некалькі творцаў, а для таго, каб размова атрымалася разняволенай і шчырай, вядома ж, патрэбны быў «градус».
– Ну, Рыгор, паколькі ты зараз не п’еш, табе ў магазін ісці за «чарнілам».
– Згодны, хлопчыкі, я сваю цыстэрну выпіў, але вашу просьбу выканаю.
Пакуль Рыгор Іванавіч схадзіў у бліжэйшы сельмаг і прывалок цэлую сумку папулярнага па тым часе «Агдаму», я даведаўся ад «хлопчыкаў», што Барадулін перад смерцю маці, якую горача любіў, даў ёй слова не браць у рот ні кроплі спіртнога. І абяцанне сваё з гонарам выконваў.
Пасля таго не раз бачыліся ў выдавецтве, якое пераехала ў вышынны гмах на праспекце Машэрава. Рыгор Іванавіч абавязкова задаваў пытанне пра здароўе і пра творчасць: да кожнага пачаткоўца ён адносіўся з сардэчнай увагай.
Аднойчы з маім сябрам доктарам-уролагам Толем Калютчыкам, рэдактарам чыёй паэтычнай кніжачкі з’яўляюся, прыехалі ва ўпамянутае выдавецтва. Ідзём па доўгім калідоры рэдакцыі перавыданняў, а насустрач Рыгор Іванавіч.
– Знаёмся, Анатоль, – кажу я, – перад табой жывы класік.
– Жывы, жывы, хлопчыкі, пакуль жывы! – жартаўліва-пачцівым паклонам прывітаў нас Паэт.
Ён увогуле быў вялікім гумарыстам, выдумшчыкам, на ўсякае запытанне мог даць рыфмаваны адказ, і за жартам у кішэню не лез. Узяць хаця б вось гэты прыпамін.
У аддзеле паэзіі, куды я зазірнуў напачатку 1983 года каб даведацца пра лёс сваёй другой кніжачкі «Шматгалосая кветка», назву якой прапанаваў Уладзімір Паўлаў, сабраліся паэты Анатоль Шаўня, Хведар Жычка, два Рыгоры: Барадулін і Яўсееў, і сам Паўлаў – загадчык гэтага аддзела.
– Хведар, ты чаго так пахудзеў? – пацікавіўся Рыгор Яўсееў, бачачы, што каўнер сарочкі надта шырокі для маёй тонкай шыі.
– Он, пожалуй, похудел от того, что много дел, – на рускай мове адказаў зя мяне Барадулін.
І ўсе дружна зарагаталі.