АЛЯКСЕЙ З КУЛАКОЎ
Было гэта, здаецца, восенню 1975-га. Калектыў трыкатажніц запрасіў на сустрэчу Аляксея Кулакоўскага. А пісьменнік прапанаваў знайсці яму ў напарнікі каго-небудзь з мясцовых аўтараў. Выйшлі на мяне. Тады я пісаў па-руску, нярэдка друкаваўся ў «Знамени Юности», была і першая публікацыя ў часопісе «Нёман». Сустрэча адбывалася ў кавярні «Вяснянка», што на той час знаходзілася ля Клуба будаўнікоў. Прымалі нас душэўна, тым больш што чытаў я вершы пра каханне, а для жанчын гэта і трэба. Прабачце за нясціпласць, але празаік хваліў мае вершы, праўда, вучыў не спяшацца пры чытанні.
Сустрэча зацягнулася да позняга вечара. Мне дадому, а Кулакоўскаму да гасцініцы ісці было ў адзін шлях, і я правёў Аляксея Мікалаевіча да «Новага Палесся».
А развітваючыся, па шчырасці сваёй душэўнай, запрасіў пісьменніка ў госці. Дамовіліся, што назаўтра я прыду па яго ў гасцінічны нумар у поўдзень.
– Вы ўжо мяне выбачайце, але няхай жоначка згатуе боршч з грыбамі і адварыць бульбы, – сказаў ён на развітанне.
Восень тым годам была грыбная, і мы і насушылі, і замарынавалі мноства маладзенькіх баравікоў. А вось гарэлка дома ў нас не вадзілася, дый жылі даволі бедна. Я пазычыў у суседзяў пяцёрку і пабег у Бібікаў магазін за спіртным. У моцных напоях зусім не разбіраўся, і вырашыў замест «беленькай» узяць надта папулярны на пачатку 70-ых бальзам «Абу Сімбэл»: маўляў, ён жа лепш за гарэлку, бо і каштуе амаль на тры рублі даражэй. Жонка ўзялася за боршч і бульбу, а я пайшоў у «Новае Палессе».
Запомніўся вялізны, як уся наша двухпакаёўка, люксаўскі нумар пісьменніка з чырвоным дываном на падлозе і шыкоўнай крыштальный люстрай на столі.
– Ну што, пайшлі? – ці то скамандаваў, ці то запытаўся Аляксей Мікалаевіч, адзеючы плашч колеру кавы з малаком і фетравы капялюш.
Быў ён мажны, высакаваты, чарнавалосы з шырокімі залысінамі. Ішлі да мяне на вуліцу Ленінскага Камсамола, не спяшаючыся. Па дарозе Кулакоўскі сёе-тое распытваў пра бацькоў, пра нашы Крывічы.
– Дзень добры, гаспадынька! – павітаўся госць з Рымай, – чую-чую, справядлівымі грыбамі пахне.
Верцячы кароткім хвосцікам, радаваўся госцю і мой паляўнічы спаніэль Мая.
Селі за стол. Я наліў па чарцы бальзаму.
– Не, адразу я з’ем талерку баршчу, а пасля і вып’ем, – спыніў мяне пісьменнік.
– Вы яшчэ маладзенькія, то мо і не ведаеце, што бальзамам трэба разбаўляць гарэлку.
Мы аб гэтых тонкасцях на самай справе не зналі, і не на жарт збянтэжыліся.
– Вой, а гэта яшчэ што? – неяк абражліва прамовіў Кулакоўскі, калі наш сабачка пад сталом тыцнуўся яму ў калашыну. – І ці ж трэба трымаць сабаку ў кватэры?
Мяне гэта, вядома ж, задзела, бо ў вёсцы мы заўсёды трымалі сабак, а калі абедалі, то чацвераногі сябар сядзеў ля стала, чакаючы костку. І адразу падумалася: няўжо не пускалі ў хату сабаку ў Кулаках, дзе нарадзіўся наш госць?
Мусіць, Аляксей Мікалаевіч зразумеў, што перабаршчыў з бальзамам і сабакам, бо пачаў хваліць і боршч, і пальцам пханую вясковую каўбаску, і марынаваныя грыбкі.
Я дык пасля трэцяй чаркі захмялеў, Аляксей Мікалаевіч, пэўна, да градуса быў больш звыклы, бо і кубак з кавай даліў «Абу Сімбэлам».
Пра літаратуру не гаварылі, дый які тады з мяне быў літаратар? Успаміналі рэчкі дзяцінства: Кулакоўскі – Случ, я – Крывіцкі Роў. Захапляльна расказваў пісьменнік, што ў той час у Случы ракаў лавілі дзясяткамі сотняў. Нешта ўспомніў і пра вайну, дзе камандаваў узводам і быў тройчы паранены.
Гаманілі доўга, і Аляксей Мікалаевіч нават пасябраваў з сабакам і пагладжваў па шаўкавістай поўсці, калі той да яго лашчыўся.
Развітваліся гадзіны ў тры, і хаця Аляксей Мікалаевіч прасіў не турбавацца, я пайшоў яго правесці. Калі праходзілі паўз кнігарню, што на вуліцы Ленінскага Камсамола, Кулакоўскі прапанаваў зайсці. Агледзеўшы кніжныя паліцы, пісьменнік падыйшоў да прадаўца. За касай якраз стаяла сама загадчыца магазіна В.С.Рожка.
– А ці ёсць у вас кнігі Аляксея Кулакоўскага? – пацікавіўся празаік.
–Здаецца, былі. Недзе вунь у тым кутку. – Паказала Валянціна Сцяпанаўна ўлева.
– А ці ведаеце, хто з вамі гаворыць?
– Не, не ведаю.
– Дык вось, я і ёсць той самы Аляксей з Кулакоў.