АЎТОГРАФ МАКСІМА ЛУЖАНІНА
З 1981 года мы цесна сябравалі з паэтам Уладзімірам Паўлавым. Ён працаваў загадчыкам аддзела паэзіі выдавецтва «Мастацкая літаратура» і з радасцю прыняў у друк мой першы зборнік, рэдагаваў які Рыгор Барадулін. Уладзімір Андрэевіч часцяком наведваў матулю, што жыла ў вёсцы Замошша. Шлях паэта на бацькаўшчыну ляжаў абавязкова праз Салігорск, дзе ў яго было нямала радні. Не прамінаў і мяне.
Аднойчы заехаў разам з Максімам Лужаніным. Тады ўжо Аляксандру Амвросьевічу было каля 70-ці. Але пісьменнік быў яшчэ моцным, шыракаплечым, хіба што крышку «цяжкаватым». Ён меў асабістую «Волгу», але сам не руляваў: у яго быў вадзіцель, якому зямляк плаціў зарплату.
– Ты вось, што, Васіль, з’ездзі за каньяком, бяры толькі грузінскі, – працягнуў Максім Лужанін дзясятку свайму шафёру.
Я разгубіўся, бо з закускі мала чаго мог прапанаваць, тым больш што жонка гасцявала ў дачкі ў Мінску, а я – повар ніякі. Памятаю, стаў адкрываць нейкія саленні, і раптам успомніў пра дзічыну. Справа ў тым, што неяк раз мне занадта пашанцавала на паляванні на рыбгасе на лысух. (Гэта такая чорная качка з белай касцяной плямай на галаве, за што і атрымала назву). Тады я настраляў іх каля двух дзясяткаў. Качкі былі надта тлустымі, вельмі дрэнна скубліся, давялося іх аблупіць, і мы зрабілі колькі слоікаў тушонкі. Такім чынам на стале апынуліся марынаваныя апенькі, хрумсткія салёныя гурочкі, сала ды ўпамянутая дзічына.
Сядзелі мы хораша, і Васілю давялося «зганяць» за другой пляшкай. Многа чаго даведаўся я ў той векапомны дзень ад знакамітага земляка. Па-першае, пра Якуба Коласа, у якога ў свой час Лужанін працаваў асабістым сакратаром і напісаў кнігу «Колас расказвае пра сябе». Па-другое, пра Амерыку, дзе ён жыў, калі ўдзельнічаў у рабоце ХХШ сесіі Генеральнай Асамблеі ААН: як яго лячылі ў капіталістычным свеце, калі здарыўся інфаркт; як у штатаўскай бальніцы наведваў яго тагачасны Міністр замежных спраў БССР Анатоль Гурыновіч. Пазней ужо – да болю яскрава – усе свае амерыканскія «прыгоды» Дзядзька Максім, як звалі Лужаніна ў пісьменніцкім асяроддзі, апісаў у кнізе «Рэпартаж з рубцом на сэрцы».
...Пахрумствалі гурочкі, сазкоўзвалі з відэльцаў апенькі, а наконт дзічыны дзядзька Максім вось што выдаў.
– Ну, даражэнькія, многа дзе я пабываў за сваё жыццё, шмат якіх заморскіх страў паспрабаваў, але такога смакацення ніколі не спытваў, – хваліў тушонку Аляксандр Амвросьевіч.
А ў мяне ледзь з языка не сарвалася, як жонка абуралася, (маўляў, нашто ты прывёз гэтых «варон»?), нават выкінуць іх хацела. А тут вунь як добра ўсё атрымалася! Тут я і сам зразумеў, што значыць дзічына ў кампаніі, ды яшчэ пад каньяк!
У той дзень сярод кніг з аўтографамі беларускіх пісьменнікаў у маёй бібліятэцы з’явілася яшчэ адна – «Лявоніха» Максіма Лужаніна.