ЮШКА З «ЯРША»
Многа, ой многа сустрэч было ў мяне з Казімірам Камейшам! – на паляванні, на рыбалцы, на кніжных ярмарках, на пісьменніцкіх з’ездах... Так многа, што сталіся мы з ім сябрамі. На сваіх «Жыгулях» прыязджаў да мяне Казімір і з Валодзем Саламахай, і з Алесем Камароўскім, і з Уладзімірам Паўлавым... Ён – заядлы рыбак і грыбнік, я – не менш захоплены грыбамі і паляваннем. Вось і цяпер тыдня не праходзіць, каб мы не перазвоньваліся.
Нямала кастроў спалілі, нямала ранішніх і вячэрніх зор правялі на рэчцы ды ў лесе. Казімір Вікенцьевіч уключыў у сваю празаічную кнігу «Паміж кубкам і вуснамі» апавяданне «На юшку да Гурыновіча», што было надрукавана ў літаратурным часопісе «Полымя».
А мне ўспамінаецца самы пачатак мая месяца сумна знакамітага 1986 года.
Мусіць, у чатыры раніцы ўсталі хлопцы, бо ў сем былі ў Салігорску. Я ўжо іх чакаў, і мы адразу рушылі на Марачанку. Дзень быў незвычайна спякотны. Дазвалялася паляванне, і па дарозе я здабыў качара ў маляўнічым шлюбным адзенні.
Праўда, рыба не бралася. І ўсё-такі аднаго ладнага ярша Казімір падчапіў. Мае госці працягвалі шпурляць у рэчку чарвяка, а я ўзяўся за юшку. На вялізным камені, што ляжаў на беразе, абадраў з рыбіны луску, пачысціў бульбу. У кацялок нырнуў аскублены і апалены качар, кавалак бужаніны, бульба, крупа, цыбуля, а ў самым канцы – адзіны ёрш, ну і, вядома ж, спецыі. Трэба сказаць, што юшка ўдалася на славу, і ў нас ажно трашчала за вушамі.
– Вось што значыць ёрш! – на правах караля рыбалкі нахвальваў варыва Камейша.
А надвячоркам, калі я пайшоў да ракі, каб памыць кацялок і згатаваць у ім гарбату, убачыў ярша, прысохлага ўжо да каменя. Нічога не сказаўшы лаўцам, я шпурлянуў рыбіну ў Марачанку. А недзе праз тыдзень верш напісаўся.
ТОЙ ГОД
Той год у нябыт адышоў.
Я ў рэчцы, халоднай шчэ, плаваў.
Азартна лавілі яршоў
На вуды Камейша і Паўлаў.
Быў поўдзень гарачага дня,
Пачатак спякотнага мая.
І разам з кручком цішыня
Пад бераг нырала, нямая.
– Ну й белы ж ты пасля зімы,
Як плотка якая, дый годзе. –
Смяяўся з мяне Казімір.
– Клюе ў цябе! – клікаў Валодзя.
Нагрэлася, быццам кампот,
У душным салоне гарэлка.
Разгон браў чарнобыльскі год
На старце гарэтным з гарэтных.
Камейша нажыўку ўcчапляў,
Бы нітку ў ігольчына вушка.
І атамны пыл асядаў
Нам прама ў рыбацкую юшку.
Не зналі, не ведалі мы,
А й зналі дык вельмі ўжо мала,
Што з поўдня страшней ад чумы
Да нас завітала навала.
Таму й жартавалі тады,
І весела чарку прымалі:
Дзень нацыянальнай жуды
Тады яшчэ ў тайне трымалі.
Той дзень у нябыт адышоў?
Не – з поплава, з рэчкі, з канавы,
З балота, з хваенкі, з лаўжоў
Дагэтуль ён сочыць за намі!