СУСТРАКАЛІ, ЯК НІДЗЕ
Імклівая, парывістая, гаваркая, добразычлівая, з уважлівымі пранізлівымі вачамі... Такой мне запомнілася Валянціна Аколава – зямлячка з вёскі Мазуршчына.
Валя часцяком бывала ў нашым гарняцкім горадзе, бо тут жыла яе сястра. Таму і ў школах Салігорска выступала нярэдка. Асабліва ў трэцяй, дзе сябравала з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Таццянай Навіцкай. Памятаю і наша сумеснае выступленне ў гэтай вучэбнай установе. На тую пару Валянціна Валянцінаўна выдала паэтычны зборнік «За тым лугам зеляненькім». Дзве кніжкі паэзіі было на маім рахунку, трэцяя чакала свайго часу ў выдавецтве.
Чытала Валя нараспеў, бо, пэўна, таго вымагалі фальклорныя матывы, якія яна часта выкарыстоўвала ў сваіх вершах.
Наступным разам выступілі і ў маіх Крывічах. У Валінай паэзіі, асабліва на пачатку творчасці, і на самай справе пераважалі народныя матывы, што прыйшлі ад маці. Памятаю, як яна пасля гэтай сустрэчы прызналася па сакрэту, што ўмее чараваць, навучыўшыся таму ад цыганкі. Ужо тады яна загарэлася ідэяй перакласці пушкінскага Анегіна, і сёе-тое паспела зрабіць за сваё нядоўгае жыццё.
Самай запамінальнай сталася наша сумесная сустрэча ў Чырвонаслабодскай школе. Разам з намі выступаў і Мікалай Чадовіч, што пісаў фантастычныя апавяданні на рускай мове. Пасля школы гасцей павезлі на рыбгас, дзе тагачасны дырэктар гэтай гаспадаркі Фёдар Епіфанавіч (прозвішча не памятаю) вырашыў здзівіць нас трайной юшкай. А «ўзначальваў» чырвонаслабодскую літаратурную гасцёўню старшыня мясцовага сельскага савета. Толькі селі на рассцеленыя на траве посцілкі, набеглі цёмна-сінія аблачыны, зверху закапала за каўняры. І тады фантаст устаў і ці то жартам, ці то сур’ёзна аб’явіў, што зараз запыніць дождж. Ён стаў размахваць рукамі,
шаптаць нешта таямнічае сабе пад нос, і хмаркі і на самай справе абышлі нас бокам.
Пасля такой цудоўнай юшкі ды засмажаных у смятане карпаў размова ў прысутных пайшла, як па маслу. Былі вершы, песні, нават анекдоты.
А ў мяне нарадзілася два радкі: «У Чырвонай Слабадзе нас страчалі, як нідзе».