Панядзелак
Серада
Чацвер
Пятніца
(8:30-15:30)
Субота
(8:30-12:00)
Музей у ДУА “Граўжышкоўскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі – сад – базавая школа” пачаў сваю працу як этнаграфічны пакой з 1995 г., але работа па яго адкрыцці пачалася яшчэ ў 1993 г. настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Т.Б. Булкевіч, калі быў прыняты загад № 54 ад 02.09.1993 г. аб стварэнні этнаграфічнага пакоя. У гэты час ішоў збор экспанатаў і падрыхтоўка памяшкання будучага музейнага пакоя, а пазней школьнага музея.
У этнаграфічным пакоі налічвалася спачатку ўсяго толькі 15 экспанатаў, найбольш каштоўнымі з іх былі – кросны, калаўрот, драўляны ложак. Усе экспанаты былі прадстаўлены ў трох экспазіцыях: ткацтва, сінявокі даўгунец, хлеб. Музейны пакой з 1995 г. узначаліла настаўніца рускай мовы і літаратуры І.Э. Сідаровіч. З 1995 па 2006 гг. дапамогу ў арганізацыі работы і падрыхтоўцы экспазіцый музея аказвала настаўніца гісторыі Л.А. Ларыёнава. У 1996 г. колькасць экспанатаў павялічылася да 27, 1997 г. – 40, 1998 г. – 49, 1999 г. – 57, 2000 г. – 64, 2001 г. – 69, 2002 г. – 73, 2003 г. – 76, 2004 г. – 76, 2005 г. – 78, 2006 г. – 106, 2007 г. – 107, 2010 – 110, цяпер – 119.
З 2006 г. музей перададзены ў кіраванне настаўніцы гісторыі Л.А. Ларыёнавай. Крыху пазней у гэтым ж самым годзе музей узначаліла Т.І. Кляшчонак, настаўніца гісторыі. У 2008/2009 гг. музейны пакой не працаваў з-за адсутнасці памяшкання. Ізноў аднавіў працу ў студзені 2010 г. З 2010 г. работу музея ўзначаліў настаўнік гісторыі Я.С. Навіцкі.
У склад экспазіцый музея ўваходзяць калекцыі і асобныя музейныя рэчы, якія звязаны з важнымі з’явамі і падзеямі ў жыцці беларускага народа, з развіццём культуры, быту і мастацтва, творы манументальнага выяўленчага, дыкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З 2010 г. у музеі прадстаўлены наступныя экспазіцыі: праца хлебароба (у музеі сабраны ўсе прылады для першапачатковай апрацоўкі зерня: серп, цапы, граблі, частка арфы, жорны і г.д.); ткацтва (для вырабу тканіны выкарыстоўвалі кросны, частка якіх прадстаўлена ў нашым музеі, сярод экспанатаў прысвечаных гэтаму рамяству можна ўбачыць тканыя ручнікі, дываны, ёсць і ільномялкі, церабілкі, калаўроты і г.д.); гліняны посуд (гэта экспазіцыя ўключае розныя вырабы з гліны – міскі, кубкі, збаны); сельскія рамёствы (каштоўнымі экспанатамі музея з’яўляюцца рэчы плеценыя з лазы, гэта куфар, шматлікія кашы і карзіны); убранства сялянскай хаты (адна з цэнтральных экспазіцый музея, дзе можна ўбачыць як прыкладна выглядала хата селяніна ў пачатку ХХ ст.: чырвоны кут, бабін кут, печ, ложка, канапа і інш.).
Трэба адзначыць, што вялікі ўклад у развіццё музея ўнеслі настаўнікі школы, дырэктары, многія вучні і іх бацькі, асабліва тут трэба адзначыць Т.Б. Булкевіч, І.Э. Сідаровіч, Л.А. Ларыёнаву, Т.І. Кляшчонак, Я.Ч. Васілько.
На працягу свайго існавання работа музея была цесна звязана з вучэбна-выхаваўчым працэсам установы адукацыі. Музей садзейнічаў і працягвае садзейнічаць фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці вучняў, беражлівых адносін да помнікаў гісторыі, культуры, прыроды.
У 2015 г. дзейнасцю музея пачаў кіраваць А.Ф. Акінча, настаўнік гісторыі. У цяперашні час асноўныя задачы, якія стаяць перад кіраўніцтвам школы і музея, гэта захаванне і папаўненне экспазіцый, распрацоўка новых мерапрыемстваў і экскурсій на базе музея, падрыхтоўка экскурсаводаў-вучняў, навукова-даследчая і пошукавая работа кіраўніка музея разам з вучнямі, выхаванне ў вучняў нацыянальнай самасвядомасці, далучэнне іх да нацыянальнай і агульначалавечай культуры і інш.