Сялянскія рамёствы
Мы рады вітаць вас у этнаграфічным музеі “Беларуская хата”. Дзякуючы нашаму музею вы зможыце на 1 стагоддзе перанесціся назад і паглядзяць як жылі нашы продкі. Пачынаем.
Першая экспазіцыя з якой хацелася вас азнаёміць, гэта ткацтва. Ткацтва на нашай тэрыторыі было пашыранай з’явай. Для вырабу тканіны выкарыстоўвалі кросны, частка якіх прадстаўлена у нашым музеі. Сярод экспанатаў прысвечаным гэтаму рамяству можна ўбачыць у нашым музеі тканыя ручнікі, дываны, ходнікі. Зразумела што працэсу ткацтва папярэднічала немалая падрыхтоўчая праца. Трэба было вырасціць і апрацаваць лён, вырабіць і пафарбаваць ніткі. Выраб тканіны адбываўся ў ручную. На кожным этапе апрацоўкі льну ўжываліся адпавендныя прылады. Усе гэтыя прылады для кожнага этапа ільномялка, церабілка, калаўрот, вы можыце ўбачыць у нашым музеі і нават самі паспрабаваць з неапрацаванага льну вырабіць нітку.
Важнае месца ў хаце займае покуць, дзе знаходзіцца вобраз Божай маці, упрыгожаны тканым ручніком. Ля покуці стаіць стол, упрыгожаны тканым ручніком, засланы белай сурвэткай. Ля яго стаіць разная лава, на якой размяшчаліся госці. На стале стаіць самавар, з якога можна было заварыць гарбаты на 20 чалавек.
Пачэснае месца ў “нашай хаце” займае печ і “бабін кут”. Печ прыкрыта заслонкай, з рознымі гаршкамі, чыгунком. Пад печчу ёсць месца – паўпечак. У куце пад печчу стаяць чапяла, качарга з драўлянымі чаранкамі. Каштоўнымі экспанатамі нашага музея з’яўляюцца рэчы плеценыя з лазы. А вось для чаго прызначалася гэтая плеценая карзіна паспрабуйце адказаць вы. Гэта карзіна для пераноскі дзіцяці, калі жанчыны жалі то бралі з сабой неўмалята ў поле, тут яно спала.
Наступная экспазіцыя нашага музея прысвечана хлебу. У музеі сабраны усе прылады для першапачатковай апрацоўкі зерня: серп, цапы, граблі, частка арфы, лубка, жорны. Мало хто з сучаснай моладзі ўяўляе як выглядалі жорны, і для чаго прызначаны, ці што такое арфа і якое дачыненне мае да хлебаробства, у нашым музеі аб гэтым вам падрабязней раскажуць.
Традыцыйнае народнае мастацтва з’яўляецца падмуркам і арганічнай часткай сучаснай нацыянальнай культуры беларусаў.
Можна вылучыць найбольш перспектыўныя народныя рамёствы і промыслы. Сярод іх: швейнае, ткацтва, вязанне, вышыўка, пляценне, сталярна-мэблевае, разьба па дрэве, такарнае, выраб кухонных рэчываў, выраб кошыкаў.
Сярод асноўных рамёстваў:
· ткацтва
· дрэваапрацоўка
· ганчарная справа
· саломапляценне
Найбольш распаўсюджаным заняткам жыхароў Беларусі было будаўніцтва (цяслярства), паколькі ўвесь час мелася патрэба ў будаўніцтве жылых і гаспадарчых пабудоў. Існавалі таксама прафесійныя цесляры, якія ўзводзілі масты, плаціны, млыны, цэрквы і г.д. Сталяры рабілі наступныя працы: усталёўка дзвярэй, аконных рам, выраб мэблі, хатняга начыння, сельскагаспадарчы інвентар, транспартныя сродкі.
Шырока распаўсюджана было таксама бандарнае рамяство, якое пераважала ў форме саматужнага промыслу. Посуд з дубовай, хваёвай, яловай, асінавай клёпкі шырока ўжываўся ў хатнім побыце беларусаў і вырабляўся пераважна для патрэб мясцовага рынку.
Паўсюдна на тэрыторыі Беларусі быў развіты мукамольны промысел. Асабліва шырока ён стаў распаўсюджвацца ў XV-XVI стст., што было звязана з пранікненнем на беларускія землі заходнееўрапейскага вынаходства ветракоў галандскага і нямецкага тыпаў. Акрамя гэтага, у Беларусі выкарыстоўваліся традыцыйныя вадзяныя млыны і млыны з конскай (валовай) цягай. Існавалі падобныя млыны ў асноўным пры буйных гаспадарках і былі практычна недаступныя асноўнай масе сялянства. Беларускія сяляне для памолу збожжа выкарыстоўвалі жорны ручной працы ці ручныя і нажныя ступы.
Ганчарства
Ганчарства - агульная назва аднаго з найважнейшых заняткаў - вытворчасці ганчарных вырабаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога прызначэння з гліны. Назва паходзіць ад слова "горн".
У эпоху Кіеўскай Русі асноўнымі цэнтрамі, дзе займаліся гэтай справай, былі гарады Полацкай, Тураўскай і Смаленскай зямель, Панямоння. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі былі створаныя ганчарныя арцелі. Выраб глінянага посуду ў якасці дапаможнага промыслу існаваў нават у некаторых калгасах. У 1930-я гг. саматужная ганчарная вытворчасць прыкметна скарацілася, а ў многіх месцах зусім спынілася. У Заходняй Беларусі ў перадваенны перыяд шмат ганчароў займаліся промыслам індывідуальна. У Гродне, Ракаве, Івянцы і іншых гарадах, працавалі нават майстэрні, дзе выкарыстоўвалася наёмная праца.
Ганчарства - адно са старажытнейшых рамёстваў, таксама як пляценне з лазы, каранёў дрэў, саломы. Гліна, сыравіна для ганчарных спраў, знаходзілася ў наваколлі амаль што кожнай вёскі, прылады працы былі ў кожнай сялянскай гаспадарцы. Рыдлёўкамі капалі гліну, косамі стругалі, перапалены свінец, волава, кавальскую дзындру пераціралі на жорнах (з перацёртага парашку рабілася каляровая паліва). Спачатку вырабы проста ляпілі з гліны, пазней карысталіся ганчарным кругам. Для абпальвання керамікі будавалі невялікую печ-горан з камянёў. Калі вырабаў было не многа, толькі для сваёй гаспадаркі, абпальвалі ў хатняй печы.
У сялянскай сядзібе вырабляліся толькі самыя простыя і неабходныя ў гаспадарцы рэчы, больш складаныя ў вырабе, куплялі на кірмашы ў местачковых рамеснікаў. Гэта вазоны, букетніцы, кубкі, друшлякі. На кірмашы керамічныя вырабы былі прыгажэйшыя і ў больш багатым асартыменце, былі і фабрычныя вырабы.
Апрача ганчарства сялянскія сем'і займаліся пляценнем. З каранёў маладой сасны плялі кошыкі для бульбы і збору грыбоў, калыскі - люлькі для немаўлят. З лыка, кары маладой ліпы, рабілі лапці - найлепшы абутак для сенакосу, розныя корабы і каробкі. Спадручным матэрыялам была і салома, лён. З льнянога валакна плялі вяроўкі. Апрацоўвалі і скуру, воўну.
Побач з дарослымі заўсёды знаходзіліся дзеці. Малодшыя з цікавасцю назіралі, большыя дапамагалі ў рабоце. Такім чынам майстэрства і традыцыі рамёстваў перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Многае захавалася да нашага часу, бо матэрыялы для рамёстваў прыродныя, лёгкадаступныя, растуць у лесе, на полі, на берагах рачулак і то і пад плотам. Дзеці ведаюць, што зробленае сваімі рукамі самае лепшае і прыгажэйшае.
Кавальства
Кавальства – адзін з відаў сялянскіх рамёстваў, без якога некалі ні ў якім разе нельга было пражыць у вёсцы. Бо хто, калі ні каваль, навострыць сякеру, адновіць насечку на сярпах, адрамантуе плуг і падкуе каня.
Кажуць, што кавальства ў свой час адносілася да ліку рамёстваў спадчынных. І майстэрства ўпраўляцца з молатам перадавалася з пакалення ў пакаленне. Ад бацькі да сына, ад сына да ўнука.
А ў некаторых вёсках, мястэчках былі такія кавалі, да якіх нават выстройваліся чэргі. Мець плуг альбо серп ад добрага майстра было не толькі прэстыжна, але і зручна. Тэхнікі ж тады не было ніякай, людзі ўсё рабілі ўручную і ў час сяўбы альбо жніва спадзяваліся толькі на верных памочнікаў - каня, добрыя плуг, барану, серп ды свае рукі.
Кавальская справа патрабавала мноства ўсялякіх спецыфічных прылад і інструментаў, вялікага майстэрства. Таму даўней кузня будавалася адна на вёску, а то і на некалькі навакольных. У ёй можна было зрабіць і адрамантаваць усё, што звязана з жалезам.
Пасярэдзіне кузні стаяла адкрытая печ-гарно з паддувалам і мехам для раздзімання агню. Мех прыводзіўся ў дзеянне кавалём з дапамогай палкі, зачэпленай за бэльку. Побач стаяла вялікая дубовая калода з прымацаваным да яе кавадлам. Каля калоды - цэбар з вадой для ахалоджвання і гартавання каваных вырабаў.
Пад сцяной стаяў варштат з ціскамі, каля варот - вялікае тачыла на ножках з паддонам, запоўненым вадой. На сценах віселі падковы і мноства незвычайных інструментаў.
Да каваля прыходзілі вяскоўцы, каб за кавалачак сала ці яшчэ што адрамантаваць альбо навастрыць прылады працы.
ГІСТОРЫЯ ШКОЛЫ
У 1889 г. у Ашмянскім павеце дзейнічалі 32 народныя вучылішчы, сярод іх і вучылішча ў Граўжышках. Настаўнікам працаваў Іван Папоў. Вучылішча размяшчалася ў панскім маёнтку каля возера. Вучаніцай гэтай навучальнай установы была заслужаны работнік культуры БССР, ураджэнка в. Граўжышкі, вядомая актрыса Скачкоўская З. К.
У 1927-1934 гг. у Граўжышках працавала пачатковая школа, якая знаходзілася ў наёмных сялянскіх хатах, размешчаных у цэнтры вёскі.
У 1936 г. адкрыта школа-сямігодка імя Пілсудскага. Будынак гэтай школы быў спецыяльна пабудаваны па індывідуальным праекце, распрацаваным для навучальных устаноў. Ён неаднаразова дапаўняўся, мяняўся да сучаснага выгляду, зараз тут Граўжышкоўская базавая школа.
У 1937-1938 гг. дырэктарам быў Юзаф Свёнтак, працавалі 3 настаўнікі (Мядзейка, Мядзейкава, Кандэрская). У 1939-1941 гг. — няпоўная сярэдняя школа, у гады вайны не працавала. 31 жніўня 1944 г. адноўлена сямігодка, але з-за недастатковай колькасці вучняў для камплектавання 5 класаў засталася пачатковай. Першы дырэктар Яблонская Л.А.
3 лістапада 1948 г. зноў стала сямігадовай, з 1950-х гг. — сярэдняя адукацыйная школа.
Менавіта ў гэты час значна павялічылася колькасць вучняў. Было іх больш за 300. Не хапала памяшканняў для навучання. Таму дабудоўвалі новыя класы. Такім чынам, школа прадстаўляла сабой міні-гарадок (будынкі пад класы, галоўны корпус школы, сталовая, бібліятэка). У канцы 50-х гг. быў узведзены будынак школьнага інтэрната, таму што шмат дзяцей было з далёкіх вёсак (пражывала там да 30 дзяцей). У гэты час дырэктарам школы быў Шылько І.І.
З 1959 г. быў назначаны на пасаду дырэктара школы Іўчык І.А. У 1959 г. закладваецца школьны стадыён, разбіваецца сад, дзе пасадзілі 60 пладовых дрэў. Таксама ў 1959 г. адбылася электрафікацыя школы.
У тыя часы школа вяла шэфства над фермай па вырошчванню трусоў. У 1960 г. была створана брыгада, якая падзялілася на 3 звяны: 1 – паляводы, яны вырошчвалі для саўгаса 0.5 га кукурузы, 2 – трусаводы – вырасцілі каля 100 трусоў, 3 брыгада – будаўнікі – выканалі рамонт школы на суму 2000 руб. У наступныя гады дзейнасць іх працягвалася.
У 1950-1960-х гг. экзамены за 7 клас здаваліся восенню, у верасні. Выкладанне па некаторых прадметах вялося адным настаўнікам у некалькі класах адначасова, складана было з падручнікамі, канцтаварамі. Адначасова дзейнічала вячэрняя школа. На курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых класаў накіроўвалі былых выпускнікоў школы. Напрыклад, у 1962 г. былі накіраваны Ястрэмскі У. І. і Уланоўская Т. В., якія пазней сталі выкладаць у Граўжышкоўскай школе.
На працягу наступных гадоў матэрыяльная і тэхнічная база школы ўдасканальвалася. Школу наведвалі вучні з шматлікіх вёсак: Побалеўшчына, Вельбутова, Павілойці, Лойці, Габрыялаўшчына, Сенкаўшчына, Ралаўшчына. У 1975 г. ў школе рабілася спроба перайсці да новаўвядзення – пісаць шарыкавымі ручкамі, але ў поўнай меры гэта не ўдалося зрабіць у той час. У 1976 г. было 267 вучняў, таксама працягвала існаваць вячэрняя школа.
У 2008 г. у школе адбыліся вялікія змены, будынак школы быў поўнасцю рэканструіраваны, праведзена цэнтральнае ацяпленне, усе асноўныя школьныя будынкі размясціліся пад адным дахам. Школа стала базавай.
У 2009 г. пабудавана спартыўная пляцоўка, на якой зараз вельмі часта праходзяць спартыўныя спаборніцтвы.
У розны час педагагічны калектыў узначальвалі Волкава В. І., Шылько І. І., Іўчык І. А., Нарэйка Н. Д., Гаўрош М. Н., Дубянец А. Н., Дзямідава Г. А., Васілько Я. Ч. Зараз дырэктарам школы з’яўляецца настаўнік хіміі і біялогіі – Чаплінскі П. В. Ветэранамі працы з'ўляюцца настаўнікі Пратасевіч К. І., Тарасюкова Н. Г., Іўчык І. А., Нарэйка Н. Д., Дзямідава Г. А.
Настаўнікі школы – выдатнікі асветы
Нарэйка Ніна Дзмітрыеўна
Нарадзілася ў 1926 г. ў в. Мятла Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння школы ў 1946 г. паступіла ў Ашмянскае педагагічнае вучылішча, якое скончыла ў 1949 г. і была накіравана на працу ў Палянскую сямігадовую школу Ашмянскага раёна, настаўніцай пачатковых класаў. У гэтым жа годзе паступіла ў Маладзечанскі настаўніцкі інстытут на геаграфічны факультэт, на завочнае навучанне, які паспяхова закончыла ў 1953 г. З 1954 г. па 1958 г. працавала дырэктарам Палянскай сямігадовай школы. З 1959 г. яе жыццё звязана з Граўжышкоўскай сярэдняй школай. Ніна Дзмітрыеўна, працуючы настаўніцай геаграфіі, прывівала любоў дзецям да роднага краю, да пазнання навакольнага свету, праводзіла вопыты і займалася даследчай працай навучэнцаў. У 1966 г. паступіла ў Магілёўскі педагагічны інстытут на геаграфічны факультэт. У Граўжышкоўскай СШ працавала да 1988 г. Некалькі гадоў займала адміністрацыйныя пасады – намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце і дырэктара. Педагагічны стаж – 39 год. Узнагароджана за поспехі ў педагагічнай працы ў 1955 г. – значком "Выдатнiк народнай асветы", у 1970 г. – юбілейным медалём "За доблесную працу", у 1982 г. – медалём "Ветэран працы", шматлікімі граматамі. Памерла ў 2007 г.
Дзямідава Галіна Аляксееўна
У Працоўнай кніжцы Галіны Аляксееўны ўсяго адзін запіс: "1965 г. – настаўніца хіміі Граўжышкоўскай СШ". Сюды яна прыйшла пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага інстытута. Прыйшла па размеркаванні і засталася назаўжды.
У бліжэйшы час кіраўніцтва РАНА ацаніла энергію і ініцыятыўнасць настаўніцы. Яе прызначылі арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай працы, затым – намеснікам дырэктара па вучэбнай працы, а ў 1980 г. – дырэктарам Граўжышкоўскай сярэдняй школы. На гэтай пасадзе Галіна Аляксееўна працавала 20 гадоў, вывела школу ў лік лепшых у раёне.
Усе гады свайго дырэктарства Галіна Аляксееўна выкладала хімію. Нястомны творчы пошук аптымальных шляхоў арганізацыі работы з навучэнцамі дазволіў педагогу дамагчыся станоўчай дынамікі ў падрыхтоўцы знаўцаў хіміі абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Настаўніца не толькі выкарыстоўвала на ўроках самыя прагрэсіўныя метады, не толькі не шкадавала асабістага часу на дадатковыя заняткі з вучнямі, але і праводзіла з вучнямі вопыты па вырошчванню памідораў ў адкрытым грунце. Матэрыялы даследчай дзейнасці былі прадстаўлены на ВДНХ СССР.
За плённую працу на ніве адукацыі Галіна Аляксееўна ўзнагароджана шматлікімі Ганаровымі граматамі раённага аддзела адукацыі, упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Міністэрства адукацыі РБ. Ёй прысвоена званне "Выдатнік асветы СССР" (1984 г.).
Іўчык Іван Арцёмавіч
2 снежня 1925 г. ў вёсцы Міраслаўка Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці нарадзіўся Іўчык Іван Арцёмавіч. Летам 1944 г. ён у радах Чырвонай Арміі пайшоў на фронт.
Іван Арцёмавіч ганарыўся тым, што прымаў удзел у Беларускай наступальнай аперацыі. Быў цяжка паранены. У 1948 г. Іўчык І. А. быў звольнены з радоў Савецкай Арміі і паступіў на гістарычны факультэт Маладзечанскага настаўніцкага інстытута.
Пасля заканчэння вучобы ў 1950 г. быў накіраваны ў Ашмянскі раённы аддзел народнай адукацыі. У 1951 г. Іван Арцёмавіч завочна паступае на гістарычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута.
Летам 1959 г. Іўчык І. А. быў назначаны дырэктарам школы ў Граўжышкі. Дзякуючы намаганням новага дырэктара ў хуткім часе ля галоўнага будынка школы выраслі тры новыя пабудовы: пачатковая школа, бібліятэка і сталовая. Побач са школай вырас двухкватэрны жылы дом, дзе пасяліліся маладыя спецыялісты. Адначасова вялася перапланіроўка прышкольнай тэрыторыі: закладвалася футбольнае поле, саджаліся яблыні. Перад фасадам школы былі разбіты клумбы. За паспяхова праведзеную работу па разбудове школы, праяўленую ініцыятыву Іўчыку Івану Арцёмавічу было прысвоена званне “Выдатнік народнай асветы”.
У 1968 г. па прапанове Івана Арцёмавіча ля школы быў закладзены парк, які садзілі вучні старэйшых класаў. Ініцыятывай Івана Арцёмавіча было і стварэнне ў вёсцы ўласнага Кургана Славы ў гонар загінуўшых землякоў. У хатнім архіве Івана Арцёмавіча мноства пахвальных грамат за добрую працу на давераным участку. У чэрвені 2010 г. Івана Арцёмавіча не стала. Пахаваны на могілках ў вёсцы Граўжышкі.
Вучаніцай нашай школы была Скачкоўская Зінаіда Канстанцінаўна – беларуская культурная дзяячка, артыстка тэатра, заслужаны работнік культуры Беларусі (1983 г.). Нарадзілася 7 лістапада 1912 г. ў в. Граўжышкі Ашмянскага раёна. З сям’і лесніка. Вучылася ў пачатковай школе ў Граўжышках. У 1920-я гг. жыла ў в. Самахвалавічы, тут закончыла ў 1927 г. сямігодку. У 1927 – 1929 гг. вучылася ў Мінску на агульнаадукацыйных курсах, 1930 – 1932 гг. на драматычных курсах. Пасля сканчэння драматычных курсаў у Мінску працавала ў Беларускім тэатры імя Я. Купалы (у 1932 – 1945 гг. актрыса, з 1946 г. памочнік рэжысёра). У гады Вялікай Айчыннай вайны ў складзе франтавой брыгады. Яе багаты вопыт работы з рэжысёрамі розных школ і кірункаў садзейнічаў дасканаламу арганізацыйна-тэхнічнаму і творчаму працэсу выпуску спектакляў (больш як 100). Працавала да 1993 г. Сыграла вядучыя ролі (пераважна камічныя) у спектаклях “Велікадушнасць” В. Галаўчынера, “Партызаны” К. Крапівы, “Бацькаўшчына” К. Чорнага, “Машачка” А. Афінагенава, “Жакерыя” П. Мерыме, “Маладая гвардыя” паводле А. Фадзеева і інш. Здымалася ў кіно “Час выбраў нас” (1979 г.), “Усе грошы з кашальком” (1981 г.), “Плач перапёлкі” (1990 г.). Памерла 24 верасня 1994 г.