Экскурсіі

План правядзення экскурсій

у школьным этнаграфічным музеі “Сялянская хатка”

на 2021/ 2022 навучальны год

Экскурсія “Таямніцы школьнага музея”, верасень 2021, для бацькоў і навучэнцаў 1 класа

Занятак “Прывітанне, музей”, кастрычнік 2021, для бацькоў і навучэнцаў 1 класа

Аглядная экскурсія для наведвальнікаў дзіцячага сада “Музей – што гэта?”, лістапад 2021, для дашкольнікаў

Экскурсія “Мінулае і сучаснае Лідскага льнозавода”, лістапад 2019, для вучняў 10 класа

Экскурсія “Наша святыня”, снежань 2021, для вучняў 7-8 класаў

Экскурсія ”Бабін кут”, студзень 2022, для вучняў 5-6 класаў

“Нашы землякі – воіны-інтэрнацыяналісты: Мацюта Л., Курчэйка С., Бубноўскі І.”, люты 2022, для вучняў 8-11 класаў

Экскурсія для работнікаў ДУА “Невядомае аб вядомым”, люты 20202, для работнікаў установы

Экскурсія “Без чаго хата не хата”, люты 2022, для вучняў 8 класаў

Экскурсія “Што раскажуць пра сябе старыя рэчы”, сакавік 2022, для вучняў 2-4 класаў

Экскурсія “Дарогамі вайны” , май 2022, для вучняў 2-11 класаў.

ЭКСПАЗІЦЫЯ “СЯЛЯНСКАЯ ХАТКА”

Добры дзень! Я запрашаю вас наведаць сялянскую хатку. У экспазіцыі знаходзіцца больш 100 экспанатаў.

Звярніце вашу ўвагу на абутак, які насілі нашы продкі: гэта лапці, пастолы, башмак. Тут знаходзяцца калодкі для пляцення лапцей и выразаныя з дрэва падэшвы.

Касцюм жаночы шыла і вышывала Мілюць Ядвіга Іванаўна, якая пражывала на хутары каля вескі Сіманы ў даваенны час.

Надоўга наведвальнікі музея затрымліваюцца каля выставы вышываных карцін, ручнікоў і дарожак майстрыц нашай мясцовасці. Вышыванкі з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва, яскравым сведчаннем прыроднага таленту і майстэрства беларускіх вясковых жанчын.

Здаўна людзі карысталіся гліняным посудам. Выраблялі яго майстры — ганчары. Збаны, куўшыны,гарлачы,глякі, міскі доўга служылі людзям.

Калі ласка, гладышы

Выбірайце для душы.

Малако ў іх налівайце —

Ганчароў успамінайце.

Як нальеце квасу ў гляк —

Незвычайны будзе смак.

На стале знаходзяцца рэчы, без якіх жыцце сялянскай жанчыны было б больш складаным. Тут вы бачыце сальніцу, ступку, прэс для сыру, драўляныя лыжкі, чыгунны прас, маслабойку, розныя віды керасінавых лямпаў, кірагаз.

У вясковай хаце ёсць кут, дзе пасядзець лічыцца за вялікі гонар. Покуць — так называецца гэта пачэснае месца. Тут, на покуці, пад столлю вісіць абраз. Ён маўкліваю малітваю асвяшчае хату і жыццё людзей у гэтай хаце.

Яшчэ ён не пусты,

Наш куфар старажытны.

Цвіце ў ім лён густы

І каласіцца жыта.

У куфры тым ляжаць

3 ільну і кветак скарбы.

Лясы і сенажаць

Далі свае ім фарбы.

Абрусы, ручнікі

І посцілкі - надзіва.

Любоў, жыццё, вякі

І ўся мая Радзіма...

Усе мы выйшлі з калыскі… У нашай экспазіцыі знаходзіцца люлька —дзіцячы ложак ,сплецены з лазовых пруцікаў і падвешаны да столі, як і ў ранейшы час.

А вось і печ — ласкавая матуля,

Што кожнага пяшчотаю атуліць,

Сагрэе і прастуду прагоніць.

І смачным супам, духмянай бульбай накорміць.

У нашай экспазіцыі знаходзіцца стылізаваная печ з усім начыненнем: хлебнай лапатай, вілкамі, качаргой, чыгункамі і гаршкамі. На печы сохнуць зёлкі, часнык і цыбуля.

Галоўным экспанатам нашага музея з’яўляецца ручны ткацкі станок, які мае назву “кросны”. На ім ткалі радзюшкі, настольніцы, рушнікі, палавікі, палатно для вырабу бялізны, адзення, мяшкоў, сеннікаў.

Есць ў нас калекцыя тканых дываноў, якая складаецца з 11 радзюшак. Усе яны ткаліся з нітак, зробленых з авечай воўны ці ільнянога валакна.

Вось такая наша хата,

Няхай будзе ў ёй утульна, цёпла і багата!

І не толькі ад розных рэчаў,

А і ад добрых сяброў, песняў, вершаў

ЭКСПАЗІЦЫЯ СЯЛЯНСКІХ ПРЫЛАДАЎ ПРАЦЫ

Прывітанне! Я пазнаёмлю вас з сялянскім падвор’ем. У экспазіцыі змешчаны розныя прылады працы. Выраблены яны з дрэва і металу, пераважае канешне ж дрэва. Металічныя часткі выкаваны вясковымі кавалямі з жалеза. Здаўна кавалі шматлікія гаспадарчыя прылады працы, бытавыя прадметы, зброю, рыштунак конніка і каня (страмёны, шпоры, цуглі, падковы). Кавалём вырабляліся прылады працы, інструменты для апрацоўкі дрэва, прадметы бытавога і гаспадарчага прызначэння.У нашай экспазіцыі вы бачыце розныя МАЛАТКІ, СКОБЛЮ, ПІЛУ, КІРКУ, СЯРПЫ, БЯЗМЕНЫ, ПРЫЛАДУ ДЛЯ АДКАЛВАННЯ МЕЛУ

Вырабы гаспадарчага прызначэння ўключаюць самы розны посуд — ад маленькіх СЯВЕНЬКАЎ (з дапамогай якіх сеялі зерне, проса, грэчку) да вялікіх, у рост чалавека, КУБЛОЎ, куды можна было насыпаць з паўтоны зерня ці мукі. Плялі такі посуд з саламяных жгутоў, якія ўкладвалі па спіралі і перапляталі лазовымі дубцамі. Таксама вы бачыце гаспадарчы посуд: карыта, кошык, дзежка, а таксама прылады працы: цэп, граблі, вілы, рэзгіны,барана, воз.

Апрацоўка дрэва ў экспазіцыі прадстаўлена рознымі прыладамі працы, прадметамі хатняга ўжытку. БАРАНА – земляробчая прылада для рыхлення (баранавання) глебы. Большасць традыцыйных драўляных вырабаў рабілася пераважна ў даўбана-разьбяной тэхніцы. Такія вырабы прысутнічаюць у экспазіцыі: КАРЫТА, АПАЛУШКІ, ПРАНІК, ПАДБІВАЛКА, КРУК, ЧАРПАК

Перад вамі бандарныя вырабы: ДЗЕЖКА, РАЖКА, МАСЛАБОЙКА. Яны зроблены з нешырокіх крыху выгнутых планак (клёпак) і злучаных жалезнымі абручамі. У дзежцы салілі на зіму агуркі, памідоры, марынавалі яблыкі. Ражка – пасудзіна, з якой кармілі жывёлу.

Экспазіцыя “Наша святыня” прысвечана аднаму са старэйшых помнікаў драўлянага дойлідства на Лідчыне Ганчарскай Свята-Пакроўскай царкве, якой у 2019 годзе споўнілася 245 год. Царква была пабудавана ў 1774 годзе падскрабіем Вялікага княства Літоўскага Салагубам. Тут вы можаце пазнаеміцца з гісторыяй царквы, са святарамі, якія ўнеслі неацанімы ўклад у яе гісторыю.

Да сенняшняга дня пажылыя жыхары вескі Ганчары памятаюць святара Мікалая Канстанцінавіча Усціновіча, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны не толькі словам і прыкладам дабрадзейнасці ўсяляў веру ў сэрцы прыхажан, але і заступаўся за бацькоў партызан перад немцамі, дапамагаў вяртаць адабраныя пры аблавах дакументы, падтрымліваў сувязь з партызанамі, дапамагаў простым людзям пазбегнуць турмы ці растрэлу да самага вызвалення Лідчыны савецкімі войскамі. У 1943 годзе выратаваў жыхароў вескі ад расстрэлу.

Вялікі ўклад у праваслаўную гісторыю Лідчыны ўнёс мітрафорны пратаіерэй Іаан Васільевіч Мяндзіла. Ён служыў царкве і людзям з 1972 года 32 гады. Намаганнямі святара храм у Ганчарах быў поўнасцю адрэстаўрыраваны. Пад яго кіраўніцтвам у рэкордныя срокі былі ўзведзены цудоўныя храмы ў Бярозаўцы і Мінойтах. У нашай экспазіцыі знаходзіцца царкоўнае аблачэнне.

Экспазіцыя “Мінулае і сучаснае Лідскага льнозавода” расказвае нам аб гісторыі адкрытага акцыянернага таварыства “Лідлён”, цяпер “Карэлічы-лён”.

Льнозавод быў пабудаваны ў вёсцы Даржы ў 1972 годзе для пярвічнай перапрацоўкі льнотрасты. На фотаздымках паказаны ўсе прамысловыя памяшканні і працэс перапрацоўкі ільну. У экспазіцыі вы бачыце льняную саломку, трасту, доўгае валокно, кароткае валакно, кудзелю. 8 год назад быў адчынены цэх вырабу льнянога масла.

У экспазіцыі знаходзяцца ручныя прылады апрацоўкі ільну ў хатніх умовах: прасніца, калаўрот, трапач, грэбень, шчотка.

Дзякуй за ўвагу!

Экспазіцыя “Дарогамі вайны” складаецца з двух стэндаў. На стэндзе “Імёны на абелісках” размешчаны спіскі загінуўшых землякоў, а таксама фотаздымкі помнікаў загінуўшым падпольшчыкам, партызанам, мірным жыхарам, якія пражывалі на тэрыторыі Ганчарскага сельскага савета. Помнікі знаходзяцца ў весцы Дроздава, Сялец, Агароднікі, Ганчары.

Другі стэнд прысвечаны ветэранам, якія пражываюць у нашай мясцовасці. А таксама ў нас сабраны матэрыял аб дзецях вайны Гайдуку Сяргею Пракоф’евічу і Грос Ядвізе Канстанцінаўне.

Аформлена дошка памяці воіна-інтэрнацыяналіста Рахманава Івана, вучня нашай школы, які загінуў, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Аформлены матэрыял аб воінах-інтэрнацыяналістах, пражываючых у нашай мясцовасці: Мацюта, Курчэйка, Бубноўскім. Вы бачыце аформленую ў альбомах і папках пошукавую работу.

























"Музей у чамадане"