Экспазіцыя "Жыццё і побыт сялян канца XIX пачатку ХХ стагоддзя

Галоўная разгорнутая экспазіцыя музея “Жыццё і побыт сялян канца XIX пачатку XX стагоддзя” займае плошчу 37 м.кв. і падзяляецца на наступныя раздзелы:

  • “Сялянская хатка”;

  • “Сялянскае падвор’е”;

  • Выстава вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Вочы свецяцца зацікаўленнасцю, калі дзеці пераступаюць парог музея. Вельмі цікава зазірнуць у мінулае, даведацца, як жылі нашы продкі, душой і сэрцам адчуць спадчыну свайго народа.

Музей уяўляе сабой хатку з усімі прадметамі сялянскага побыту. Тут можна пасядзець за кроснамі, пакруціць кола калаўрота, патрымаць у руках верацяно ці серп, даведацца аб прызначэнні жорнаў, церніцы і кораба, бойкі і бязмена, вілак і лапаты, паспрабаваць пакачаць ільняны ручнік, зазірнуць у бабулін куфар.

Экспазіцыя знаеміць з прадметамі, якія сяляне выкарыстоўвалі ў сваей паўсядзённай працы і якімі штодзень карысталіся ў побыце. Яна паказвае, з чаго складаўся інтэр’ер традыцыйнага жылля, як нашы продкі апраналіся, чым займаліся доўгімі зімовымі вечарамі.

У музеі “Сялянская хатка” можна ўбачыць шмат вышытых карцін, заглядзецца на белыя ручнікі з яркімі вышытымі арнаментамі.

Да вясковай печы хочацца дакрануцца рукой: здаецца, яна яшчэ дыхае цяплом, пачаставаўшы гасцей дранікамі і блінамі . Гаршкі, чыгуны, трыножка знаходзяцца на прыпечку. Каля печы размяшчаецца качарэжнік, дзе стаяць вілкі, качарга, хлебная лапата. Каля печы адпачываюць прасніца і калаўрот, падрыхтаваныя для кроснаў маткі нітак. Куфар разаслаў разнакаляровыя посцілкі, дзяружкі, карункі.

Ніхто не застаецца абыякавым да выставы вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, якія шырока прадстаўлены ў музеі вырабамі з саломкі: пано, саламянымі скульптурамі, падвеснымі канструкцыямі, карцінамі, створанымі як рукамі майстроў так і ўдзельнікамі школьнага аб’яднання па інтарэсах “Ачумелыя ручкі”.