Іду па роднай дзедаўскай зямлі,
Ступаю, дзе дзяды мае ступалі,
Яны такія, як і мы, былі,
Дзяцей расцілі, сонца сустракалі.
Зямля дзядоў, у чым жа твая сіла,
Што гэтак моцна да сябе ты цягнеш?
Усё ты помніш, як спявала, галасіла,
І скрозь гады мяне ты бачыць прагнеш.
Г.Ханяк
Ханяк Галіна Мікалаеўна нарадзілася ў 1966 годзе ў вёсцы Катоўшчына на Лепельшчыне. Скончыла Каменскую сярэднюю школу, затым вучылася ў Віцебскім педагагічным інстытуце на мастацка-графічным факультэце.
Працавала ў Бешанковіцкім цэнтры пазашкольнага выхавання. Зараз Галіна Мікалаеўна - гонар раёна, майстар-метадыст філіяла «Бешанковіцкі дом рамёстваў», член клуба народных майстроў «Скарбонка».
Творчасцю пачала займацца яшчэ ў юнацтве. Вершы Галіны Мікалаеўны можна сустрэць на старонках «Зары» (Бешанковічы), у калектыўных зборніках бешанковіцкіх аўтараў.
Ханяк Галіна // Бешанковіцкі прычал. Творы бешанковіцкіх аўтараў. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2001. – С. 105 - 110.
Ханяк Галіна // Шчырая споведзь радка : зборнік вершаў і прозы бешанковіцкіх аўтараў. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2003. – С. 105 - 106.
Кожнай птушцы – свой размах крыла.
Песні кожнай птушцы – па заслугах,
І куды б дарога не вяла –
Сцежкай роснай ці квяцістым лугам,
Як заве блакіт і далячынь,
І ляціць у сінь душа–страла.
Тое пачуццё як зберагчы! –
Кожнай птушцы – свой размах крыла.
--------------------------
Калі бывае вельмі цяжка на душы.
Я прыязджаю ў гэты родны дом,
Каб зберагчы сваю душу, дапамагчы,
Каб наталіць яе цудоўным дзіўным сном.
Сваё дзяцінства ўспомніць, бы знарок,
Пагрэцца на шырокай цёплай печы,
Каб правільна зрабіць наступны крок
І лішнім каб не абцяжарваць плечы.
Паветра гэтае дае мне свае сілы,
І лашчыць ветрык, лёгкі, нібы цень.
Тут узрастаюць мае думкі-крылы,
Тут з радасцю страчаю новы дзень.
У гэтай хаце мне лягчэй жывецца,
Лягчэй сумуецца, і плачацца лягчэй,
І весялей, бывае, усміхнецца.
Тут робіцца душа мая мацней.
----------------------------
Якое шчасце на зямлі галоўнае?
Што не падманіць золатам слядоў?
Сапраўднае, іскрыстае, чароўнае
З табой застанецца праз непагадзь гадоў.
Як добра праз гады, згубіўшы веру,
Вярнуцца зноў да маці, на на парог,
І прытуліцца да яе каленяў
І не зблудзіць між тысячы дарог.
Сэрца просіцца дужа дадому,
Каб на родны прастор паглядзець,
Каб пасля паўсядзённае стомы
На каменні старым пасядзець.
Сэрца хоча маё дахаты,
Што стаіць на ўскрайку сяла,
Той старэнькай і небагатай,
Дзе матуля жыве адна.
Сэрца просіцца на радзіму,
Каб успомніць усё дарагое,
Тое месца адно-адзінае,
Сэрца тут свае раны загоіць.
----------------------------------
Мне не трэба другога неба
І зямлі не трэба другой,
Мне не трэба другога хлеба,
Толькі б верыць, што хлеб гэты – мой.
Мне не трэба другога шчасця,
І паветра не трэба другога.
Нітку лёсу хачу танчэй спрасці,
Знаць хачу, што мая – дарога.
Мне не трэба другога раю
Ды і пекла другога не трэба,
Дзе ад слёз і ад песень згараю,
Дзе душа мая просіцца ў неба.
-----------------------------------
Што паробіш з гэтым прывідным жыццём,
Сустракаемся з табой, як дзень і ноч.
Вобраз твой мяне пячэ агнём,
А душа тваіх шукае воч.
Сярод тысяч гэтакіх, як ты,
Ні ў адным прытулку не знаходзіць.
За плячыма вёрсты і масты,
Хай жыццё згарае і праходзіць.
Хай праходзіць, не шкада яго,
Дзякуй Богу, што цябе спазнала.
Я цябе чакала аднаго,
Аднаго цябе душа жадала.
Не хапае мне твайго цяпла,
Што мне стаў напоем для душы,
Позірку і чыстага святла,
Музыкі, што льецца ў цішы.
Іду па роднай дзедаўскай зямлі,
Ступаю, дзе дзяды мае ступалі,
Яны такія, як і мы, былі,
Дзяцей расцілі, сонца сустракалі.
Зямля дзядоў, у чым жа твая сіла,
Што гэтак моцна да сябе ты цягнеш?
Усё ты помніш, як спявала, галасіла,
І скрозь гады мяне ты бачыць прагнеш.
А сіла твая ў тым, што скрозь вякі
Ты захавала маіх продкаў веру.
Ты помніш млын, стаяў каля ракі,
І ў заўтра мне свае адчынеш дзверы.
Мой родны дзед, цябе не бачыла жывога…
І толькі ў хаце на сцяне вісяць партрэты.
Але ж вось яны – сцены, столь, падлога–
Тваёй пяшчотаю і ласкаю сагрэты.
---------------------------------------
Як добра быць самім сабой
І не ад кога не залежыць,
Сябе саму ад болю лечыць,
За праўду смела йсці ў бой.
Як цяжка быць самім сабой:
Душу грахі ў турме трымаюць.
Яны узняцца не пускаюць
Над тлумам і над мітуснёй.
Як цяжка быць самім сабой:
Душа ў прастор блакіту рвецца,
На покліч мігам адгукнецца,
І боль той страшны больш не боль…
Як трэба быць самім сабой.
-----------------------------------
Пажаданне
Я хачу, каб вочы вашы ніколі
не бачылі сёз, але ж слёзы
ачышчаюць душу чалавечую.
Дык, можа, трэба сказаць так:
«Я хачу, каб, прайшоўшы ўсе
перапетыі жыцця, вы
змаглі застацца з чыстай душой».