Здарожаны, найперш спяшаю
За клямку узяцца —
насцеж дзверы.
Спакой знянацку аглушае,
Ён пахне хлебам і аерам.
На сэрцы і цяпло,
i вусціш,
Але мне гэтага замала —
І слова радаснае:
«Ма-ма!» —
Злятае ластаўкаю з вуснаў.
Сяргей Законнікаў
Сяргей Законнікаў
Сяргей Іванавіч Законнікаў - беларускі паэт, публіцыст, журналіст, грамадскі дзеяч.
Нарадзіўся 16 верасня 1946 года ў вёсцы Слабада Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У Слабадзе сям’я Законнікавых не пражыла і года, пераехаўшы на Ушаччыну ў в. Глыбачка.
Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1969). Працаваў настаўнікам у Барысаўскім раёне, карэспандэнтам раённай газеты «Патрыёт» (г.п. Ушачы), сакратаром Ушацкага райкома камсамола, загадчыкам аддзела сельскай моладзі ў «Чырвонай змене», карэспандэнтам аддзела літаратуры і мастацтва газеты «Звязда». З 1978 года інструктар, а з 1979 — загадчык сектара мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. Доўгі час узначальваў рэдакцыйны калектыў часопіса «Полымя» (1986–2002).
Узначальваў Беларускае аддзяленне фонду славянскага пісьменства. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1977). Член Беларускага ПЭН-цэнтра (1989). З 1990 года сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.
З вершамі выступае з 1963 года. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі і публіцыстыкі. На словы С. Законнікава напісалі песні Э. Зарыцкі, Ю. Семяняка, Г. Смаляк. Перакладаў на беларускую асобныя творы рускіх, украінскіх, грузінскіх і літоўскіх паэтаў.
Творы С. Законнікава перакладзены на венгерскую, в'етнамскую, іспанскую, кіргізскую, літоўскую, нямецкую, рускую, украінскую і чувашскую мовы.
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалём, ордэнам Украіны «За заслугі» III ступені (2006), ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. За кнігу лірыкі «Пакуль жыве мая бяроза» ўдастоены звання лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова (1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1992) за кнігу «Заклінанне». У Польшчы уганараваны Міжнароднай літаратурнай прэміяй імя Вітольда Гулевіча (1996) за кнігу «Чорны конь Апакаліпсісу». На Украіне С. Законнікаву прысуджана Міжнародная літаратурная прэмія імя Рыгора Скаварады за цыкл вершаў «Жыві, Украіна!» (1997).
• Законнікаў, С. І. Беларускае сэрца : публіцыстычны роздум, эсэ / С. І. Законнікаў. — Мн. : Беларусь, 1993. – 110 с.
• Законнiкаў, С. I. Бяседа : вершы / С. І. Законнікаў. — Мн. : Маст. лiт., 1973. – 80с.
• Законнікаў, С. І. Вера, надзея, любоў : кніга лірыкі / Сяргей Законнікаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. – 95 с.
• Законнікаў, С. Вершы / С. Законнікаў // Полымя. — 2001. - №1. - с. 55
• Законнiкаў, С. I. Вечная далеч : вершы / С. І. Законнікаў. — Мн : Юнацтва, 1987. – 157с.
• Законнікаў, С. І. Вечны пароль : кніга пяці паэм / Сяргей Законнікаў. – Мінск : Зміцер Колас, 2021. – 95, [2] с.
• Законников, С. И. Встань раньше солнца : стихи: пер. с белорус. / Сергей Законников ; худож. Б. Малахов. — Москва : Советский писатель, 1985. – 88 с. : ил. ; 17 см
• Законнікаў, С. І. Вячэра пад райскім дрэвам : падарожныя нарысы, дзённікі / С. І. Законнікаў. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1996. – 301 с.
• Законнікаў, С. І. Дол : Вершы і паэмы / Сяргей Законнікаў ; прадмовы В.Быкава, Б.Кіта. — Мн. : Галіяфы, 2008. – 496с.
• Законнікаў, С. І. Заклінанне : кніга паэзіі / С. Законнікаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 150, [1] с. : іл.
• Законнікаў, С. І. Лістам дарога запала... : Выбранае : Вершы і паэмы / Сяргей Законнікаў ; Прадм. П.Панчанкі. – Мн. : Выд. рэсп. унітар. прадпрыемства "Маст. літ.", 2000. – 277, [1] с.
• Законнікаў, С.І. Насустрач : публіцыстыка, эсэ / Сяргей Законнікаў ; прадмова Р. Гарэцкага . – Мінск : З. Колас, 2008. – 329, [1] с., [4] л. іл.
• Законнікаў, С.І. Пакуль жыве мая бяроза : вершы і паэма / Сяргей Законнікаў ; мастак В. А. Губараў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1981. – 142, [1] с. : іл., партр.
• Законнікаў, С. І. Першы пацалунак : (сто вершаў пра каханне) / Сяргей Законннікаў. – Мінск : Кнігазбор, 2007. – 127 с.
• Законнікаў, С. Піке : паэма / Сяргей Законнікаў // Дзеяслоў. — 2020. — № 4. — С. 5—21.
• Законнікаў, С. І. Прысак часу : Вершы, паэмы / С. І Законнікаў; Прадм. Р.І. Барадуліна. – Мінск : Маст.літ., 1986. – 238 с.,партр.
• Законнікаў, С. І. Святая воля : выбраная лірыка / Сяргей Законнікаў ; рэдкалегія: Р. Барадулін і інш.– Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. – 173, [1] с. : партр.
• Законнікаў, С. Смеласць і страх : вершы / С. Законнікаў // Дзеяслоў. — 2016. – № 5. – С. 5 – 12.
• Законнікаў, С. І. Сутнасць : кніга паэзіі / Сяргей Законнікаў ; мастак У. С. Басалыга. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. – 93, [2] с. : іл.
• Законнікаў, С. І. Сэрцам табе прысягаю : вершы пра камсамол, яго вернасць слаўным традыцыям савецкага народа / складальнік С. Законнікаў. – Мінск : Народная асвета, 1978. – 156 с. : 6 л. іл.
• Законнікаў, С. І. Устань да сонца : Вершы і паэма / С. І. Законнікаў. – Мінск : Маст.літ., 1976. – 127 с. : іл.
• Законнікаў, С. І. Шалёная куля : (паэзія пяці гадоў) / Сяргей Законнікаў. – Мінск : Зміцер Колас, 2010. – 102, [1] с.
• Рабіна над вірам : зборнік вершаў / С. Законнікаў, М. Мятліцкі, А. Пісьмянкоў. — (Школьная бiблiятэка .). — Мн. : Беларусь, 2001. – 349,[1] с.
• Рунь : зборнік маладых паэтаў / Губернатараў,М ; рэд. П. Прыходзька ; маст. В. Жыженка. — (Першая кнiга паэта). — Мн. : Беларусь, 1970. – 136с.
• Бельскі, А. Радасць быцця і страчаны рай : Паэтычны свет Сяргея Законнікава да і пасля Чарнобыля / А.Бельскі // Род. слова. — 2004. - №3. - с.50
• Драздова, З. У. Законнікаў Сяргей / З. У. Драздова // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – Т. 2 : Верабей–Іваноў – С. 482–487.
• Жук, А. Адвечная радасць - праца [Тэкст] : Сяброўскае слова пра Сяргея Законнікава / А. Жук // Род. слова. — 2006. - №9. - С.92-94.
• Заяц, Н. Шчымлівая споведзь збалелай душы: Паэтычны эпас Сяргея Законнікава / Наталля Заяц // Роднае слова. — 2016. - № 9. - С. 20-22.
• Ісаенка, В. Дон Кіхоты беларускага пісьменства / В. Ісаенка // Телеком-экспресс (Орша). — 2009. - 24 сент. - С. 5.
Сустрэча ў музеі У.С. Караткевіча з пісьменнікам С.І. Законнікавым і паэтам-бардам Э.А. Акуліным.
• Канапелька, А. Два лёсы : Верш прысв.Сяргею Законнікаву / А. Канапелька // Нар.слова. — 2001. - 20 лют. - с.5
• Крачкоўскі, А. Славуты зямляк са Слабады / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2006. – 21 лістап.
Да 60-годдзя Сяргея Іванавіча Законнікава.
• Русецкі, А. У. Ісці да чалавека : літ. партрэты / А. У. Русецкі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1987. – 287 с.
• Сяргей Іванавіч Законнікаў // Памяць: гіст.- дакум. хроніка Бешанковіцкага р-на / Беларус. Сав. Энцыкл. ; рэдкал.: І.П. Шамякін (гал.рэд.) [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелСэ, 1991. – с. 411 – 414.
• «Сваю Беларусь берагу, як сумленне...» / падрыхт. У. Адзімір // Краязнаўчая газета. — 2016. - № 36 (верас.). - С. 7
Да 70-гадовага юбілею паэта, публіцыста і грамадскага дзеяча Сяргея Іванавіча Законнікава, ураджэнца в. Слабада Бешанковіцкага раёна. Змешчаны некалькі вершаў паэта са зборніка "Дол".
БАЦЬКАЎШЧЬІНА
Мой любы край,
не дакарай,
Што славіць зноў бяруся...
Калі і ёсць на свеце рай,
Дык ён —
на Беларусі!
Прайдзі па ёй
і ўсё збяры,
Пачуй душой адкрытай...
Тут голас вечнасці
бары
Нясуць зямлі з блакіту.
Тут чорныя вайны сляды
Рукой рабочай сцёрты,
Каб маладыя гарады
Стаялі вольна, цвёрда.
Тут загучаў на новы лад
Паэта заклік вешчы —
Гушкае космас арлянят,
Купалы чуе вершы...
Відаць,
няма бальчэй пакут,
Чым шкадаваць да скону,
Што не вярнуцца ў матчын кут,
Хоць позна,
ды з паклонам...
І я павандраваць люблю,
Каб потым
днём спаткання
Абняць наўсцяж
сваю зямлю,
Як крыламі,
рукамі.
У РОДНАЙ ХАЦЕ
Здарожаны, найперш спяшаю
За клямку узяцца —
насцеж дзверы.
Спакой знянацку аглушае,
Ён пахне хлебам і аерам.
На сэрцы і цяпло,
i вусціш,
Але мне гэтага замала —
І слова радаснае:
«Ма-ма!» —
Злятае ластаўкаю з вуснаў.
УДЗЯЧНАСЦЬ
Да скону ўдзячны светлай долі,
Гадам,
што ўпрочкі адышлі,—
Не быў я пасынкам ніколі
Для тых людзей,
для той зямлі,
Дзе годнасць
вымяраюць працай,
Што зліта з клопатам людскім,
Дзе гонар чалавекам звацца
Апраўдваюць жыццём усім,
Дзе матчын спеў не замірае,
Не гасне знічкаю ў імгле,
Дзе чорны аржаны акраец
Мне сонцам
свеціць на стале...
У новы дзень
шукаю броду,
І ў час нялёгкіх перапраў
Паклон мой — спадчыне народа,
Дзе сплаў трывалы
слоў і спраў.
На партызанскім аэрадроме
Прыйду сюды адзін маўклівай ноччу,
Калі раскіне цемень свой шацёр.
Нібыта мой сігнал чакае лётчык,
Запальваю аж да нябёс касцёр.
Вакол пасталі сосны ў дазоры...
Мне полымя вышэй узняць карціць,
Хоць ведаю, што ён, чырваназоры,
З гадоў грымотных зноў не прыляціць.
Падкладваю ў агонь сушняк старанна,
З травой, з сівым туманам гавару,
Пакуль касцёр, што ўзняўся над палянай,
Не перальецца раптам у зару.
САЛДАТ
Ішоў у бой, а думаў не аб смерці,
Бо трэба сеяць,
ваяваць — не век.
А куля ўджаліла асой у сэрца —
Як крыж, раскінуў рукі чалавек.
Пад ім скапаны мінамі палетак,
Дзе хутка рунню зоймецца ралля...
Ніхто не скажа за салдата лепей,
Як дорага
Бацькоўская зямля.
ПАЛЫН
У полымі вайны згарэлі хаты,
На попеле зацвіў журбой палын.
У вочы заглядае вінавата,
Нібы ва ўсім ён вінават адзін.
Яго лісты трывожныя не кратай
Маёй зямлі яшчэ дасюль баліць...
А веры,
што вяла у сорак пяты,
Ніколі і нікому не спаліць.
Свабодна і лёгка ліюцца ў душу
Мядовыя пахі лугоў і дубровы...
З маленства
пад сэрцам цябе я нашу,
Зямлі маёй сціплай гаючае слова.
Не прагну ніякіх ласункаў,
шчадрот,
Выгод камунальнага раю...
Айчыны б паветра ўзахлёб,
на ўвесь рот,
І матчынай мовы акраец.
-----------------------
ЛЮДЗІ З АГНЮ
Людзі,
што выйшлі жывымі з агню...
Праз далячынь,
дзе крывавяцца хмары,
Пільна ўглядаюся ў простыя твары,
Горды,
бо маю такую радню!
Сны каляровыя,
дзіўныя сню,
Вашыя ж ночы —
як міннае поле.
Тое,
чаго не спазнаць мне ніколі,
Ведаюць людзі,
што выйшлі з агню.
Час не стрыножыш,
ды я не зманю:
Старасці вас не кранула завея,
Бо,
як звычайны метал,
не ржавеюць
Людзі,
што выйшлі з такога агню.
Родныя,
чым жа я вас засланю
Ад сумятні,
ад хваробы,
ад смерці?..
Мне пакідаюць святло сваіх сэрцаў
Людзі,
што выйшлі жывымі з агню.
Можа,
я ў нечым вас абганю—
Род чалавечы сягае наперад.
З намі заўсёды
і праўда і вера
Будуць
нязменнымі,
людзі з агню.
Гора палын пракаўтну,
праганю...
Свет застаецца,
вясна застаецца.
Шчыра за ўсё,
што жыве і смяецца,
Дзякуй вам, людзі,
што выйшлі з агню.
СПАЛЕНЫЯ ВЁСКІ
Сама прырода так дзяліла
Да нас, людзей,
сваю любоў,
Што тут заўжды буйней маліны,
Гусцей трава і больш грыбоў.
Яна не верыла прыкметам,
Але ўсталёўвала правы,
Упэўненая, што за гэта
Не будзе ў крыўдзе,
хто жывы.
Буяе ўсё пад шчодрым сонцам —
Бяры з сабой хутчэй кашы,
І неруш паляціць на донца...
А ў наваколлі — ні душы.
Рамонкаў белыя пялёсткі,
І галавешак стойкі чад.
Вайною спаленыя вёскі
Маўчаць,
нямыя ад прыгад.
Трывожным клёкатам бусліным
Іх да жыцця не абудзіць...
І нават спелыя маліны
Не могуць боль пасаладзіць.
БАЦЬКАВА ПОЛЕ
Уладзіміру Машчонку—дэлегату XXVIII
з'езда КПБ, механізатару калгаса «XXI
партз'езд» Ушацкага раёна
Свеціцца белая роўнядзь пісьмом,
Тым, што не прыйдзе ніколі.
Смутак у горле сухім камяком —
Бацькава поле.
Рупіўся з ранку да самай начы,
Верыў у добрую долю.
Ты раскажы пра яго, не маўчы,
Бацькава поле.
Сыну адказу яно не дае,
Ціха ў марозным раздоллі.
Думы хавае цяжкія свае
Бацькава поле.
Толькі з атрада кароткі радок:
«Мужна загінуў за волю...»
Побач ралля і ўтравелы грудок —
Бацькава поле.
Тут, дзе вайна правяла баразну,
Працы спазнаў сын спатолю.
Кліча хлапца не адну ўжо вясну
Бацькава поле.
Звыклая шыр, дзе няма берагоў,—
З ёй можа ўсё ён адолець.
Сілай напоіць, як жыта, яго
Бацькава поле.
Хай у жыцці, поўным светлых надзей,
Месца не знойдзецца болю.
З сынам падзеліць свой радасны дзень
Бацькава поле.
Хатынь
Дваццаць шэсць каміноў,
Дваццаць шэсць каміноў,
Дваццаць шэсць
і далёкіх,
і блізкіх мне сноў.
Ды плывуць і крычаць
нада мной груганы,
Што не сны — каміны.
О, не сны — каміны!
На халодным граніце
ляжыць цішыня,
Толькі крык груганоў
аніяк не суняць.
I ў вачах загараюцца раптам кастры,
А з кастроў — невыносныя стогны і крык.
Дваццаць шэсць тых кастроў,
Дваццаць шэсць тых кастроў,
А ў кастрах мы,
жывыя,
заместа дроў.
Па-над Белаю Руссю
палаюць кастры,
Над усёю зялёнай планетай —
кастры.
Нада мною — кастры,
Пада мною — кастры,—
Я не бачыў такое злавеснай
зары...
Дым і попел.
Не ўгледзіш нідзе сінявы.
Вы, хатынцы, згарэлі,
Я — хатынец жывы!
Нашу памяць жалобныя будзяць званы.
Цішыню мне пачуць дапамогуць яны.
Сэрца,
слухай званы,
помні ўсё,
не астынь,
Як дагэтуль не стыне
На лясной лугавіне
Мая рана, мой боль,
Мая памяць — Хатынь.
--------------------------
Над Ушаччынай
хмары нізкія
Гром грукоча,
дасюль не аціх.
Стрэлы строгія
абеліскаў —
Стрэлкі компаса
для жывых!