Пачатак наш – ад роднае зямлі,
Ад дзьмухаўца, што песціцца
пад сонцам,
Руплівых рук, спазнаўшых мазалі,
І цеплыні матулінай бясконцай.
Н.Галавач
Наталля
Галавач
Наталля Эдуардаўна Галавач (Бондар) нарадзілася 7 жніўня 1961 года ў вёсцы Русілкі Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Скончыла Віцебскае музычнае вучылішча і Беларускі універсітэт культуры. Працавала выкладчыкам Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў па класе фартэпіяна. 15 гадоў была нязменным кіраўніком ансамбля фольк-стыль «Званіца». Пад яе кіраўніцтвам ансамбль атрымаў званне «Узорны». З’яўляецца аўтарам зборнікаў вершаў «На возеры Белым» і «Вальс пра котку». Друкавалася ў выданнях «Алеся», «Маладосць», «Верасень», «Літаратура і мастацтва», «Віцебскі рабочы», «Народнае слова», «Зара»(Бешанковічы), у альманаху «Ратуша», у калектыўных зборніках вершаў «Бешанковіцкі прычал», «Шчырая споведзь радка». Акрамя вершаў Наталля Эдуардаўна піша музыку. Ёю напісана нямала музычных твораў для дзяцей і дарослых. Мае шмат вучняў, якія звязалі сваё прафесійнае жыццё з музыкай.
Жыве і працуе ў Мінску.
Галавач, Н. Э. Вальс пра котку : вершы / Наталля Галавач ; мастакі: К. Цывіньскі, К. Павліца. – : Мінск : Кнігазбор, 2022. – 175 с. : каляр. іл.
Галавач, Н. Э. На возеры Белым : вершы / Наталля Галавач. – Мінск : Кнігазбор, 2011. – 107 с.
Галавач Наталля // Бешанковіцкі прычал. Творы бешанковіцкіх аўтараў. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2001. – С. 50 - 59.
Галавач, Н. Душа за радок зачапілася... / Н. Галавач // Алеся. – 2010. – № 9. – С. 32 – 33.
Галавач, Н. З Бродскім ў Венецыі ; Калі... ; Летнім вечарам ; «Лякрымоза» / Н. Галавач // Літаратура і мастацтва. – 2015. – 17 ліп. – С. 4.
Галавач Наталля // Шчырая споведзь радка : зборнік вершаў і прозы бешанковіцкіх аўтараў. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2003. – С. 32 - 45.
Галавач, Н. Як мне з табою лёгка быць паэтам... / Н. Галавач // Маладосць. — 2013. – № 3. – С. 53 – 55.
Бабаед, А. Слова пра паэта / Алесь Бабаед // Зара (Бешанковічы). – 2001. – 22 мая.
Пра паэтку Наталлю Галавач.
Дубко, Ю. «Хочацца бачыць у людзях дабрыню» / Юлія Дубко // Зара (Бешанковічы). – 2010. – 24 верас. – С.7.
Пра творчасць Наталлі Бондар (Галавач).
Сімановіч, Д. Гады служэння музыцы не прайшлі бясследна... / Д. Сімановіч // Зара (Бешанковічы). — 2010. - 10 жн. - С. 3.
Пра дырэктара Бешанковіцкай дзіцячай школы мастацтваў Наталлю Эдуардаўну Бондар.
Чакушка, В. Пад спевы чароўных «Звонаў» / В. Чакушка // Витебские вести. — 2019. - 23 апр. - С. 8.
Пра ансамбль беларускай песні «Звоны» пад кіраўніцтвам Наталлі Бондар, які дзейнічае на базе Бешанковіцкага раённага Цэнтра дзяцей і моладзі.
Прэзентацыя кнігі Наталлі Галавач «Вальс пра котку» у ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна». 2023 год.
Прэзентацыя кнігі Наталлі Галавач «Вальс пра котку» у ДУ «Віцебская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна». 2023 год.
Прэзентацыя альманаха «Ратуша» у Лепельскай раённай бібліятэцы. 2018 год.
Прэзентацыя альманаха «Ратуша» у Лепельскай раённай бібліятэцы. 2018 год.
Прэзентацыя кнігі Наталлі Галавач «На возеры Белым» у Бешанковіцкім РЦК. 2012 год
Прэзентацыя кнігі Наталлі Галавач «На возеры Белым» у Бешанковіцкім РЦК. 2012 год.
На возеры Белым
І ціха стала ў цішы белай,
Калі уранку неўпрыкмет
Вось тут, на возеры на Белым,
З’явіўся ты на гэты свет.
Няспешнай хваляй калыхала
Цябе азёрная вада.
У жмуркі сонейка гуляла,
Каб брала моц твая хада.
А ты хаваў яго на ночку
У залатыя чараты…
Цяпер куды ні глянуць вочы –
Усюды ты, усюды ты.
Блакітам лёгкай аблачынкі
Плывеш няспынна нада мной.
Пагоркі, раўчукі, лагчынкі –
Як могуць помняць вобраз твой.
А я русалкаю знямелай
Зашмат начэй, зашмат і дзён
Вось тут, на возеры на Белым,
Цябе чакаю, маладзён.
----------------------------------
Восень
Вось і зноўку восень завітала,
А тады вясна, вясна была.
Нам на крыўду часу не хапала,
І ў садзе яблыня цвіла.
Беглі дні – і скруха, і турботы
Праглынулі свет найлепшых дзён…
Круціць вецер лісцяў пазалоту,
З рук ірве старэнькі парасон.
-----------------------------------
Я з самотай сваёй “на ты”
Распачну надвячоркам размову:
“Мы ж сяброўкі з табой назаўжды –
Падкажы мне патрэбныя словы”.
У скарбонку я іх сабяру,
Зберагу ў пяшчоце вясновай,
І адной табе падару
Трапяткія, ды марныя словы.
-----------------------------------
Я сягодня хачу разам з Вамі
Памаўчаць, памаўчаць, памаўчаць…
Несуцешнай нядолі слязамі
Затуліць. І тугою абняць.
У вачах Вашых – зорак дыханне,
Што таемнай сінечай гараць.
Зноўку будзем маўчаць пра каханне,
Зноўку будзем мы моўчкі кахаць.
-----------------------------------
Ачнуцца ад доўгае стомы
палі,
Заморыцца снег-завіруха.
На досвітку пройдзе вясна
па зямлі –
І згіне зімовая скруха.
Заўецца ласкавы вясновы
прамень,
І ўраз прападае маркота.
Гарыць зараніцай разбуджаны
дзень,
Чаруе адценнем лістота.
І як у дзяцінстве павее
цяплом
Ад ветрыку лёгкага спеваў.
Здаволяцца нівы пяшчотным
дажджом,
Аздобяцца руні пасеваў.
Блакітных вышынь нада мной
чысціня –
Душа ажывае нанова.
Якая ж у вуснах тваіх
глыбіня –
Матуля. Айчына. І мова.
------------------------------
Адзінота
Я захварэла Вамі,
Вы захварэлі мной.
Не ведаем мы самі,
Як справіцца з бядой.
Перакладу на ноты
Самотны свой расказ.
Напэўна, адзінота
Так парадніла нас.
На тэлефон з надзеяй
Гляджу я дзень за днём.
І раяць дабрадзеі:
“Ты не жартуй з агнём”.
Ды голасу дрыжанне
Вярэдзіць мне душу.
Я не прашу прызнання,
Я памаўчаць прашу.
Зноў да цябе прыходжу,
Здымаю паліто.
Пра наш раман прыгожы
Не ведае ніхто.
Пачатак наш – ад роднае зямлі,
Ад дзьмухаўца, што песціцца
пад сонцам,
Руплівых рук, спазнаўшых мазалі,
І цеплыні матулінай бясконцай.
Пачатак наш – ад бацькавай раллі,
Ад поля, што ўлетку пахне хлебам,
Ад вёскі той, дзе мы с табой раслі,
І ад хмурынкі між зямлёй і небам.
Пачатак і ад скрушных курганоў,
Што стогнуць пад сцюдзёнымі
вятрамі,
З духмяных траў, перадсвітальных
сноў,
Са скроняў, прыцярушаных снягамі.
Пачатак наш – ад роднае зямлі,
Мнагапакутнай, пужанай адвеку.
Куды б шляхі зямныя ні вялі –
Ўсё ж на зямлі, спагадлівай зямлі
Цярпець і жыць, і верыць
чалавеку.
-------------------------------
Восеньская элегія
Нязгаслы свет вачэй тваіх
У восеньскім паглядзе…
І зноўку бачу я дваіх
У белым-белым садзе.
З трывожных і няўдалых слоў
Раптоўныя растанні,
Спадае вэлюм ціхіх сноў
На сцішаным світанні.
Дажджы – к дажджам, журба –
к журбе,
Я з чарацінкай мрою,
Вяшчугай-птушкай да цябе –
Зацішша нада мною.
Чужую сцежку замяце
Самотным лісцем вецер,
І неспадзеўкі прывядзе
Найлепшую ў свеце.
Спаліла восень свой раманс
Нясцерпнымі слязамі,
“ Мне часта не хапае Вас” –
Успомню маразамі.
І поціск Вашае рукі,
І Вашае дыханне.
…Ляцелі небам жаўрукі
Аднойчы ў сінім ранні.
Агнём халодным верасы
Тут лашчацца журбою,
І стынуць ціхія лясы
У хмарах над табою.
І зноў святло вачэй тваіх
У восеньскім паглядзе…
Дарэмна бачу я дваіх
У белым-белым садзе.
-------------------------------
Забытая мелодыя з юнацтва
Яна узнікла быццам бы знянацку
Аднойчы сінім ранкам лістапада…
Забытая мелодыя з юнацтва
Кружыла лісцем восеньскага сада.
Яе матыў – святое азарэнне,
Засмаглым вуснам – радасная споведзь,
Шляхоў маіх адвечнае гарэнне,
Жыцця майго сапраўдная аповесць.
Мне з тых гадоў шчаслівых,
бесклапотных
Парой зусім не хочацца вяртацца.
Чаму ж прыходзіць рэдка і самотна
Забытая мелодыя з юнацтва?..
----------------------------------
Восені
Распаліла кастрышча восень,
Растрывожыла мне душу.
Ні аб чым ты мяне не просіш,
Гэта я цябе папрашу.
Можа б, яшчэ пачакала,
Не скідала б лістоту ўраз,
Ну, а я б яшчэ пакахала
Моцна так, як у першы раз.
Серабро тваё аплятае
Цёмныя валасы мае.
Я й прыгожая, й маладая,
І душа яшчэ так пяе.
Не спяшалася б, жаўтаброўка,
Прыбліжаць зладзейку-зіму.
Не сястра ты мне, не сяброўка,
Толькі дай цябе абдыму.
Маме
Цябе не пахавалі, не.
Ты толькі выйшла на хвілінку.
Ты не пакінула мяне.
Сваю маленькую дзяўчынку
Ты сустракаеш зноў у сне.
Дык затрымай мяне, імгненне,
Хачу сказаць, што не паспела,
Што не змагла і што б хацела.
Маўчыць нямое сутарэнне –
Страшэнных мук тваіх збавенне.
Цябе не пахавалі,не…
--------------------------------
Мама
Са сваімі нажытымі пыхамі
Аж да рання да самага
Перамерваю, перадыхваю
Я усё сваёй мамаю.
Пераходжваю кіламетрамі
Я кватэру у два пакоі.
У вітальні берэцік фетравы
Прытаміўся ад супакою.
Плямай сціплай светла-ліловаю,
Нібы лямпаю, сцены асвечвае.
Назапашваю яе словы я,
Як на нітку каралі навешваю.
Я іх чую праз дні і праз месяцы,
Праз гады, што сякуць без джала.
Мама, мама, тваёй равесніцай
Неўпрыкмет я сягоння стала.
--------------------------------
Музыка
Зноў прыходзіш, як дыханне,
Не знянацку, не знячэўку.
Ціхай ноччу, ясным раннем
Ты са мною неадчэпна.
І мілуеш лёгкім пухам,
Ні аб чым мяне не просіш.
Белым светам, светлым духам
Да вяршынь душу узносіш.
Як спасцігнуць подых гэты,
Той, што рэхам адзавецца?
Як спасцігнуць фарбы свету,
Свет, што музыкай завецца?
-----------------------------
Зоры
Калі вечар запальвае зоры.
Каб уночы мне з вышы свяціць.
Нехта велічны з лёгкім дакорам
На мяне невымоўна глядзіць.
Галаву апускаю з пакорай,
Ды вышыняў мне тых не стае.
Бо здаецца, што зоры – не зоры,
А узнёслыя вочы твае.
-----------------------------
Калыханка
Ілью Бондару
Веяў ветрык-ветравей,
А затым спыніўся.
Цінькаў шэры верабей,
Ды і той стаміўся.
Ноч прыйшла у госцейкі,
Запаліла зорачкі.
Паснулі да досвітку
Ў гушчары вавёрачкі.
Залюляю хлопчыка
З вочкамі-валошкамі.
Будзе ясны месячык
Пазіраць на хлопчыка.
У лагчыне у лясной
На старых арэлях
Забаўляецца зімой
Белая завея.
Люлі-люлі-люлі,
Спяць усе казулі,
А зіма-завея,
Вее, вее, вее.
Яна песеньку пяе
Пра цябе і пра мяне,
На дудачцы грае,
Дзіцятка люляе.
Спі, мой хлопчык гаманкі,
Як ветрык-гарэза,
Праплываюць зорачкі
Ў залатой запрэжцы.
Люлі-люлі-люлі,
Дзеткі ўсе заснулі,
Ды зіма-завея,
Вее, вее, вее.