Краінай сваёй ганаруся:
Як маці, затуліць у бядзе.
Няма прыгажэй Беларусі
На нашай планеце нідзе!
Люстэркі блакітных азёраў,
Зялёных лясоў аксаміт,
Палеткаў жытнёвае мора,
Высокіх нябёсаў блакіт!
Анатоль Белавус
Анатоль Белавус
Белавус Анатоль Мікалаевіч нарадзіўся ў вёсцы Макаравічы ў 1928 годзе.
З 1944 па 1948 гады працаваў рахункаводам у калгасе. Пасля службы ў арміі ў 1951 – 1957 гадах узначальваў арганізацыйны аддзел Бешанковіцкага РК ЛКСМБ. Затым быў першым сакратаром Суражскага РК ЛКСМБ. Вучыўся ў Мінскай ВПШ, педінстытуце імя М.Горкага. У 1961 годзе накіраваны ў органы МУС. Быў намеснікам рэдактара газеты «На страже Октября», начальнікам аддзела крымінальнага вышуку МУС, намеснікам начальніка па палітыка-выхаваўчай рабоце, начальнікам службы прафілактыкі УУС г. Мінска, галоўным рэдактарам і намеснікам начальніка навукова-даследчага і рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Мінскай ВПШ.
Аўтар вершаў на самую разнастайную тэматыку. Выдадзены зборнік вершаў «Радасць». Шмат гадоў супрацоўнічаў з газетай «Зара» (Бешанковічы).
Памёр у 2005 годзе, пахаваны ў Мінску.
Белавус, А. М. Радасць / Анатоль Белавус. — (Першая кнiга паэта). – Мн. : Маст. лiт., 1976. – 86 с.
Белавус, А. М. Супрацоўнік міліцыі / А.Н. Белавус. – Мінск : Беларусь, 1983. – 95 с.
Белавус, А. Бешанковічы / А. Белавус // Зара (Бешанковічы). – 2005. – 19 крас. – С. 3.
Белавус, А. Вясковая лазня / А. Белавус // Зара (Бешанковічы). – 2005. – 16 жніўня. – С. 3.
Белавус, А. За горадам. Чабаровы чай. / А. Белавус // Зара (Бешанковічы). – 2003. – 14 кастрыч. – С. 3.
Белавус, А. «І я з табой, мая Радзіма» / А. Белавус // Зара (Бешанковічы). – 2003. – 1 крас. – С. 3.
Белавус, А. Секунды. Не пашкадую! / А. Белавус // Зара (Бешанковічы). – 2003. – 12 жніўня. – С. 3.
Белавус, А. Словы: вершы / А. Белавус // Зара (Бешанковічы). – 2003. – 1 ліп. – С. 3.
Белавус, А. Што ж рабіць?: вершы / А. Белавус // Зара (Бешанковічы). – 2003. – 18 ліст. – С. 3.
За горадам
За горад ранкам павяла
Мяне пранізлівая скруха,
Туды, дзе снегам замяла
Усе сцяжынкі завіруха.
Там, у закутніку лясным,
Знаёма кожнае мне дрэва…
А можа я ўсё прысніў
У летні час на сонцагрэве?
А можа не было цябе ?
З табою не ішоў я поруч,
Па той няскошанай траве,
Што калыхалася, як мора?
А можа не было бяроз,
Што шапацелі нам часамі?
А на паляне дуб не рос,
Каб нас абсыпаць жалудамі?
Ці не прыснілася мне ты?..
Але ж звіняць у сэрцы струны…
Яшчэ на вуснах не астыў
Твой палымяны пацалунак!..
Вясковая лазня
Калі зрэдку выпадковым госцем
Быць даводзіцца ў роднай вёсцы,
Закругляю справы, што былі,
Каб пад вечар лазню напаліць!
У цабэрак набяру з крыніцы
Крышталёвай, як сляза, вадзіцы.
На палок пастаўлю пад рукою,
Каб сцюдзёнай аблівацца тою.
Дастаю з жардзінак, што ў сенях,
З леташніх запасаў пульхны венік,
Завару яго кіпячым варам,
Каб бярозавым запахла парам.
Ад бярозавага пару п’яны
Сцёбаюся венікам духмяным.
Выскачу аддыхацца ў прылазнік:
Сэрца быццам бы з грудзей вылазіць!
Вось прыйшлі суседзі: «Добры вечар!»
Жар лютуе ў каменнай печы!
Церпім дух, каму хапае сілы.
Ён вісіць пад столлю бела-сіні…
А на сценах аж кіпіць жывіца.
Халадзёнкаю спяшым абліцца…
Гутарка заводзіцца з суседам –
Аб мінулым шчырая бяседа…
Робім самакруткі з самасаду…
Безліч вёсен засталося ззаду.
Дастае сусед з вядра сцюдзёнкі
Слоік мутнаватай самагонкі.
І па крузе ўсё з бляшанай кварты
Дэгустуем: што «пяршак» той варты?
Кажа нехта: «Ёсць у ёй патрэба!»
«Ну вядома, выраблена з хлеба!»
«Крамнаму дплёка «каленвалу».
І ўсё ж не такая, як бывала!..»
«Памятую, на тваім вяселлі
Усе сваты ад шклянкі акаселі…»
Зноў – за самасад! «Пяршысты вельмі!..»
Мы раслі, сталелі і … сівелі
Ішлі ад роднага парога
У свае нялёгкія дарогі…
Чарада гадоў сплялася вяззю…
Але ж не забылі вёску, лазню!..
Апранаемся… Ніякай стомы!
Паціскаем рукі, і – дадому!
Крочым вуліцай… Па добрай звычцы
«З лёгкім парам!» – шчыра людзі зычуць
Расінкі
Я іду, дзе вузкія сцяжынкі.
Да лясных прабіліся палян.
Набрынялі на траве расінкі,
Распляскаўся малаком туман.
Жаўранкі ў блакітным паднябессі,
Калі толькі занялося днець,
Звонка разлілі над нівай песню,
Каб натхнёна новы дзень сустрэць.
Крочу мурагамі да сцяжынкі.
Сэрцам песню жаўранка лаўлю…
З радасці расінкі, як слязінкі,
Падаюць на золкую зямлю.
Мне нічога лепшага не трэба
Мне нічога лепшага не трэба,
Я б нічога болей не хацеў:
Коўш сцюдзёнкі і акраец хлеба,
Мурагу бярэма на пасцель.
Толькі, каб мурог той быў не мулкі,
Каб мяне да раніцы п’яніў
Подыхам сенажацей гулкіх
Церпкім водарам квяцістых ніў.
Каб была крынічнаю сцюдзёнка,
Смагу каб знімала, як рукой.
Піў бы я, як хлапчуком з даёнкі
Піў калісь салодкі сырадой.
Хлеб каб быў той на аеры спечаны,
І каб кмен у ім замешан быў…
У гады галодныя хлапечыя.
Хлеб такі ў снах я толькі сніў.
А яшчэ каб усю ноч гарэлі
Самародкі зорак залатых,
Гушкалася, быццам на арэлях,
Поўня на аблоках пухавых.
Мне нічога лепшага не трэба,
Я б нічога болей не хацеў:
Коўш сцюдзёнкі і акраец хлеба,
Мурагу бярэма на пасцель…
Не пашкадую!
Я не верыў, што каханне пройдзе
Прэч, нібы ад станцыі цягнік,
Што скажу табе аднойчы:«Годзе!»
І не пашкадую ані-ні!
Можа, дзе на іншым паустанку
Прыцягальны зноў натрапіш кут.
Стрэнеш шчасце новае на ранку,
Як калісь яго сустрэла тут.
Мы ж тады не ведалі з табою,
Што каханне горкае , як дым,
І па кроплі з кожнаю вясною
Мы яго гублялі назаўжды.
Не, мы не змаглі кахаць бясконца,
І ў гарэнні тым юначым жыць…
Некаму ж успыхне зырка сонца
На вясновым раннім рубяжы!
І не я, а іншы хтось, прыгожа
На тваім прыцішыцца плячы…
Хай не верыць, што каханне можа
Ад яго як-небудзь уцячы!
Хай не верыць, як і я калісьці!..
…Але ж вось ад’ехаў мой цягнік…
Адарваўся з клёну жоўты лісцік,
Да зямлі, як залаты, прынік…
Краіна мая – Беларусь
Краінай сваёй ганаруся:
Як маці, затуліць у бядзе.
Няма прыгажэй Беларусі
На нашай планеце нідзе!
Люстэркі блакітных азёраў,
Зялёных лясоў аксаміт,
Палеткаў жытнёвае мора,
Высокіх нябёсаў блакіт!
Нас родная армія радуе:
Гартуе дастойных сыноў,
Што помняць і дзедаў, і прадзедаў,
І бітвы славянскіх палкоў!
Мы самыя мірныя людзі,
Не трэба зямель нам чужых!
Вайной пагражаць мы не будзем,
У сяброўстве нам лепш будзе жыць!
Доўг
З бярозак лісце ападае,
Ляціць, віруе над травой.
Клін жураўліны адлятае…
І я, нібыта сам не свой,
Сачу за птушак чарадой,
Рукою ёй услед махаю!..
А краявід пачаў чарнець,
Імжа павісла над кустамі…
…А мне ў жыцці, што б там ні стала,
Патрэбна шмат яшчэ паспець.
Зрабіць. Паправіць. Зразумець…
Задум наперадзе нямала!
Паспець! Мой доўг мяне заве:
Не прыпыняцца на дарозе!
Не малады я чалавек…
Калі ж прыцішуся ў знямозе,
Прыткнуся сэрцам да бярозы,
Да белага камля навек…
Паўтарэнні
Паўтарэнні ў жыцці складаныя,
Нібы хвалі шпаркія ракі:
Глянеш на дзяўчынак – рысы маміны,
На бацькоў падобны хлапчукі…
У дзяўчыны вочы, як у маці,
З той іскрынкай, яснаю такой,
Ад якой успыхнуць, загарацца
Зоркі над вячэрняю ракой.
Зачаруе хлопца – не схавацца!
Песня на вяселлі загучыць!
Выйдзе замуж, вырасціць дзіцяці
І сябе ў дачушцы паўтарыць!
Бегае гарэзніца па хаце,
Заглушае смехам галасы,
Вочы свецяцца так, як у маці
У маладыя даўнія часы…
Сын – у бацьку, падабраў манеры,
Гэтак жа, як бацька, зухават,
Ведае забавам час і меру,
І гуляе толькі ў салдат!
Шаблю сабе з палкі вырабляе,
Скача на бярозавым кані.
І нічога, што пакуль купляюць
Да кален кароткія штаны.
Хлопец падрасце і падужэе,
І расправіць грудзі, як барэц,
Сэнс жыцця і працы зразумее,
Поплаў скосіць, паласу ўзарэ.
А калі сваю сям’ю набудзе,
Хлопчыка сабе папросіць ён.
І на бацьку сын падобным будзе –
Паўтарэння збудзецца закон!
Дабрыня
Я б душы дабрыню зрасходваў,
Калі б людзям яе не раздаў!
Але скептыкаў з ціхаю згодаю
Блізка к сэрцу не дапускаў.
Я душы дабрыню нязгасную
Для сябе аднаго не бярог,
Надзяляў ёю з шчырай ласкаю
Тых, хто ішоў да мяне на парог.
А яны праз гады мне, як брату,
Той набытак вярталі з ліхвой.
Я таму дабрынёй і багаты,
Што з усімі дзяліўся ёй…
Падмурак
Падышоў да бацькоўскай хаты,
Ля падмурка старога стаю…
Тут я зведаў і першую радасць,
І няўдачу сустрэў сваю.
Прастаяў не адну хвіліну…
Нібы трапіў мне ў вочы дым…
Тут я кожную помню шчыліну,
На сцяжынках – свае сляды.
Тут «малечай» пачаў хадзіць я.
У каляіны валіўся ніц.
Тут вучыўся сваю Радзіму –
Галубіны свой кут – любіць.
Завывалі зімой вірухі,
Час наперад імкліва цёк…
Сэрцу стаў дарагі падмурак,
Які вывеў мяне ў жыццё…
Бешанковічы
Дзе Дзвіна Заходняя падковай
Агінае крутаверхі бор,
Родны мой пасёлак Бешанковічы
Выйшаў мне насустрач, на прастор.
Выстраены ў шэрагі будынкі…
І шашу бярозкі сцерагуць…
Ад аўтамабільнага прыпынку
Цераз парк Храптовічаў бягу.
Час каштоўны я не трачу дарам:
Мур стары шчырую павітаць,
Дзе калісь раённая друкарня
Першы верш мой мусіла набраць!
Школу павітаю, дзе вучыўся,
Сцежку тую, па якой хадзіў,
Дуб каржакаваты і плячысты,
Што Напалеон тут пасадзіў.
Тут мундзіры набрынялі кроўю,
Напірала чужаземцаў раць!
Чуецца здалёку, з-пад Астроўна,
Залпы канаўніцынцаў гучаць!
А вось тут, на гэтым полі чыстым,
У адзін з цяпер далёкіх дзён
Правялі парад свой дзекабрысты –
Планавалі скінуць царскі трон?
Тут пад прыкрыццём
густых туманаў,
Па лясах, ля Віцебскай шашы,
Партызан вадзіў
камбрыг Раманаў,
Шмат фашыстаў кулямі прашыў!
Тут грымела не адна баталія,
Пала не адна чужынцаў раць!
Нездарма да краявіда даляў
Зоркі на магільніках гараць!
І здалёк яны гараць, і зблізку,
Ля магілак брацкіх, ля Дзвіны,
Між старых крыжоў на абелісках,
Дзе ляжаць бацькі і іх сыны!
Часта мне магілкі сняцца тыя!
Не забыць мне абеліскаў тых:
Зорак пяцікутнікі літыя
Ззяюць пасярод крыжоў старых!..
І мяне сюды прыводзіць сэрца
Ад чужых і родных гарадоў,
Цераз спраў жыццёвых
крутаверце,
Цераз плыню хуткаю гадоў.
Вось іду цяпер і ўспамінаю
Даўнія суровыя часы,
Калі цень вайны над гэтым краем
Сонца засланяў крылом касым.
Ля старой траншэі пад бярозкай
Памяць зноў у сэрцы аднаўлю…
Тут расінкі з кветак, нібы слёзы,
Падаюць на вольную зямлю…
Не патушыць доўгі час ніколі
Захапленне і любоў маю!
Край майго маленства –
Бешанковічы,
Нізкі вам паклон перадаю!
Песня дывізіі
Пяхота песню кроўю напісала,
У баях пранесла на сваіх штыхах.
Цераз Чынгар, ад сініх хваль Урала,
Вяла салдат у пераможны шлях!
Мяняліся з гадамі пакаленні,
Бацькі служылі, а цяпер – сыны.
І песня грэла іх сваім гарэннем
І ў мірны час, і ў гозны час вайны.
З ёй білі белякоў і інтэрвентаў.
А потым і фашысты смерць знайшлі.
З баямі шмат цяжкіх дарог ваенных
Гвардзейцы з песняй баявой прайшлі.
Сцяг у атаках кулі праціналі,
Краі агонь няшчадна апаліў.
А запявалы раны бінтавалі
І з песняю байцоў у бой вялі!..