Зорная, крынічная, лясная…
Я цябе не выдумаў такой,
Я цябе такую спасцігаю
І люблю сыноўняю душой.
Спеўная, былінная, спрадвеку
На крутых настоена вятрах.
Ты была ў вяках не проста сведкай.
Твой адтуль праменіць доўгі шлях.
Сціплая, гасцінная… Я знаю,
Помню і люблю цябе такой.
Будзь маімі песнямі і снамі,
Ды не стань пакутнаю зямлёй.
Алесь Бабаед
Алесь Бабаед
Алесь (Аляксандр Міхайлавіч) Бабаед нарадзіўся 8 кастрычніка 1958 года ў в. Чаўнышкі Бешанковіцкага раёна. У 1973 годзе скончыў Чаўнышкаўскую васьмігодку, у 1975 – СШ № 1 г. п. Бешанковічы. Пасля заканчэння Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута працаваў урачом у Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. З 1980 па 1982 год вучыўся на ваенна-медыцынскім факультэце Куйбышаўскага медінстытута. Працаваў галоўным урачом Дубраўскай участковай бальніцы Ушацкага раёна, урачом агульнай практыкі Бешанковіцкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1999 года.
Творы Алеся Бабаеда друкаваліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Беларусь», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», рэспубліканскіх газетах, калектыўных зборніках. Шмат гадоў супрацоўнічае з газетай «Зара» (Бешанковічы). Выдадзены зборнікі вершаў «Колеры шчасця і болю», «Ля вогнішча», «Цішыня прасторы», «Каля чыстых крыніц», кніга прозы «Свячанка».
Бабаед, А. Каля чыстых крыніц : вершы / Алесь Бабаед. – Мінск: кнігазбор, 2014. – 68с.
Бабаед, А.М. Ля вогнішча : вершы, балады / Алесь Бабаед ; уклад. Б.П. Беляженка. – Віцебск : Віц. абл. друкарня, 1999. – 96с.
Бабаед, А. Свячанка : апавяданні / А. Бабаед. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2001. – 40с.
Бабаед, Алесь. Сторона родная / Алесь Бабаед; фотоснимки и дизайн члена ОО “Белорусский союз журналистов” Л.Н. Акулёнка. – Бешенковичи, 2017. – 72 с.
Бабаед, А.М. Цішыня прасторы : вершы, балады / А.М. Бабаед. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2001. – 112с.
Бабаед, А. Балада пра лёс / А. Бабаед // Ратуша : літаратурны альманах. Віцебск. 2014 / уклад. А. П. Лазебная. – Мінск : Кнігазбор, 2014. – С.4–5.
Бабаед Алесь // Бешанковіцкі прычал. Творы бешанковіцкіх аўтараў. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2001. – С. 15- 37.
Бабаед, А. // Дзвіна : Віцебшчына літаратурная : вып. 3 / уклад. Л.К. Крэскіян, Ф. Сіўко ; рэд. А.Салтук. – Віцебская абласная друкарня, 2000. – С. 87 – 89.
Бабаед, А // Дзвіна : Віцебшчына літаратурная : вып. 4 / уклад. і рэд. Ф.Сіўко.– Віцебская абласная друкарня, 2005. – С. 6 –8.
Бабаед, А. Крыжавыя дарогі / А. Бабаед // Лагодны промень раніцы : зб. вершаў / уклад. Л. Дранько-Майсюк. — Мн. : Маст. лiт., 1988. – С. 43 - 54.
Бабаед Алесь // Шчырая споведзь радка : зборнік вершаў і прозы бешанковіцкіх аўтараў. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2003. – С. 10 - 31.
Бабаед Алесь // Маладосць. – 1986. – №6. – С. 176.
Бабаед Алесь // Пісьменнікі Віцебшчыны : даведнік / рэд. Ф. Сіўко. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2001. – С. 14–15.
Беляжэнка, Б. Выдатны прыклад Алеся Бабаеда : Пра пiсьменнiка/ Б. Беляжэнка // Зара (Бешанковiчы). — 2000. - 7 кастр. - с. 4
Беляжэнка, Б. Цяжка знаходзіць вытокі / Б. Беляжэнка // Віцебскі рабочы. – 1998. – 3 чэрв. – С. 7.
Галкоўскi, Р. Алесь запрашае да «вогнiшча» : Пра паэта з Бешанковiч А.Бабаеда / Р. Галкоўскі // Зара(Бешанковiчы). — 1999. - 13 лiп.
Гук, С. «Свячанка» – выток Алеся Бабаеда / С. Гук // Народнае слова. – 2001. – 20 сак. – С. 5.
Салтук, А. Калі Айчына глядзіць у вочы : Пра зб. вершаў Алеся Бабаеда «Цішыня прасторы»:Бешанковічы / А. Салтук // Віцеб. рабочы. — 2001. - 17 лістап. - с.4
Салтук, А. Паміж сабой і словам / А. Салтук // Віцебскі рабочы. – 2002. – 15 студз. – С. 4.
Чекушко, В. Залог успеха - душевный подход / В. Чекушко // Витебские вести. — 2018. - 13 нояб. - С. 6.
О враче общей практики и УЗИ-специалисте Бешенковичской центральной районной больницы Александре Михайловиче Бабаеде, его профессиональной деятельности и литературном творчестве.
Алесь Бабаед // ВикипедиЯ: Свободная энциклопедия. – URL: https://be.wikipedia.org/wiki/Алесь_Бабаед (дата обращения: 10. 04. 2025)
З бацькам ветэранам Вялікай
Айчыннай вайны
Міхаілам Ігнатавічам Бабаедам
Сустрэча з чытачамі Бешанковіцкай ЦРБ, 2001 год
Літаратурная сустрэча ў Бешанковіцкай ЦРБ “Тут край мой, выток мой, дарога мая”, 2020 год
Мама
Прачнуся рана-раненька, да сонца,
Ледзь-ледзь заружавее у акне.
Прынесла мама малако ў даёнцы
І ў кубак налівае яго мне.
А я з начы, такі яшчэ санлівы,
Хінуся да матулі плечуком.
О, Божа мой, якім я быў шчаслівым
Вясёлым і наіўным хлапчуком!
А сёння я стаю на перавале
Гадоў сваіх, а мудрым - не, не стаў.
Мяне за грош купілі і прадалі,
Ды ўсё я людзям, мама, дараваў.
Зашмат чаго пражыта й перажыта.
Мне вецер, мама, выстудзіў душу.
Прысніся мне, прыдзі ка мне з нябыту,
Я у цябе спагады папрашу.
Матулі
Я надзену чыстую кашулю,
Тую,што мне мама вышывала.
Да сябе няхай мяне прытуліць
Так,як колісь мама прытуляла.
Я нарву у росным лузе кветак,
Аднясу на маміну магілу.
Хай яны гамоняць ёй пра лета.
Мама тыя кветкі так любіла.
Праспяваю: "Родны кут мой мілы",
Як пісаў калісь вялікі Колас.
Мама гэту песню так любіла.
Праз гады я чую мамін голас.
Я надзену чыстую кашулю,
Тую,што мне мама вышывала.
Да сябе няхай мяне прытуліць
Так, як колісь мама прытуляла.
Святое возера
Стаяла возера Святое
З празрыстай, чыстаю вадою,
Смуга над возерам плыла,
І рыба ў возеры жыла.
Гулі над возерам завеі,
Цвілі у возеры лілеі,
Ды йшла па возеры бяда -
Знікала ў возеры вада.
І трыснягом, і асакою
Ўзялося возера Святое.
Наўкола лес і хмызнякі,
Што сняць мінулыя дзянькі.
Часцей за ўсё ім сніцца тое,
Як шэпча возера Святое,
Бы з небам гутарку вядзе,
І рыба плешчацца ў вадзе.
Ці як уранку над зямлёю
Ўзыходзіць сонца маладое.
І адступаюць туманы,
І прачынаюцца званы,
Што за гарою на званіцы.
Яшчэ званар ім часам сніцца,
Які прыходзіў да вады...
Ляцелі кумільгам гады.
І трыснягом, і асакою
Ўзялося возера Святое.
Маўчаць забытыя званы,
Пра што, аб чым маўчаць яны?
Святая вера
Жыве ў душы святая вера
Яшчэ ад маладых гадоў,
Што беларускі родны бераг -
Аснова ўсіх маіх асноў.
Тут у лясах і у дубровах
Крынічыць з глыбіні вякоў
Званчэйшая у свеце мова
Маіх бацькоў, маіх дзядоў.
Тут, на пагорку утравелым,
Што добра бачыцца здалёк,
Аднойчы сціпла і нясмела
Я напісаў такі радок :
"Сваёй зямлі не адракуся".
Зашмат прайшло з тае пары.
Снуюць вятры над Белай Руссю,
Алені трубяць у бары.
А за дарогай жыта спее,
Вячысты бор стаіць сцяной,
І, нібы ветразі надзеі,
Буслы у небе нада мной.
Жыве ў душы святая вера
Яшчэ ад маладых гадоў,
Што беларускі родны бераг -
Аснова ўсіх маіх асноў.
Роднае
Зарыпяць вароты за ракою,
Азавецца певень у двары.
І няма ранейшага спакою:
Гавары, імгненне, гавары.
Роднае, балючае, адметнае...
Тут вакол, куды ты ні зірні,
Ўсё такое чыстае і светлае.
Тут маіх вытокаў карані.
Тут калісьці ўслед шляхам птушыным
Я, усхваляваны, пазіраў,
Тут аднойчы восеньскай рабіне
Я ў каханні шчыра прысягаў.
Роднае, балючае, адметнае...
Блізкае да болю і да слёз...
Тут мая планета запаветная,
Тут мая трывога і мой лёс.
І сягоння сніцца мне пра тое
З даўняй, незабыўнае пары,
Як рыпяць вароты за ракою,
Як азваўся певень у двары.
Пасля зімы
Пасля доўгай і нуднай зімы,
Пасля лютаўскіх белых завеяў
Бы наноў нараджаемся мы,
Хоць з гадамі старэем, старэем.
Але як гэта хораша - зноў
Абуджэнне зямное убачыць
І пад клёкат вясёлы буслоў
Што-небудзь ў жыцці перайначыць.
Перайначыць зімовы спакой
На вясновы настрой апантаны.
І чаромхавы пах над ракой
Вам асветліць душу нечакана.
Перайначу самоту й тугу.
Буду верыць нязбыўнаму цуду.
Перайначыць свой лёс не змагу,
А любоў да Радзімы - не буду.
-----------------
Дзе ж вы, ночы зорныя
і сябры найшчырыя?
Адляцела лета
у маркотны час.
Па-над лугам скошаным
жураўліным выраем
Сумна пракурлыкала
у апошні раз.
Дзе ж вы, сцежкі росныя
і дзянькі прыгожыя?
Верасень над вёскаю
дожджыкам імжыць.
Павуцінкай срэбнаю
валасы ўпрыгожыла
Восень мая грэшная,
з ёй цяпер мне жыць.
Што было-не вернецца
і наўрад ці збудзецца.
Ліставей гуляе
у маіх садах..
Толькі не адпрэчыцца,
толькі не забудзецца
Тое, што ідзе за мной
па маіх слядах.
Землякі
Дзень наўкол такі гаманкі,
Пах чаромхі плыве шыкоўны.
А ў Чаўнышках маіх шпакі
Абжываюць свае шпакоўні.
А на могілках, ля ракі,
Між ялін і разгатых хвояў
Скрозь і побач ляжаць землякі -
Маіх вершаў героі.
І калі мяне памяць заве
У гады маёй маладосці,
Па высокай, здзічэлай траве
Я прыходжу да іх у госці.
І стаю ля высокіх ялін,
І маўчу ля разгатых хвояў:
Тут Іван, тут Антон, тут Усцін -
Маіх вершаў героі.
І на вейках сляза заімжыць,
І самота душу спавівае...
Будзем жыць землякі, будзем жыць,
Пакуль памяць наша жывая.
Жонцы
Усё жыццё - адна хвіліна,
Адзін уздых - усё жыццё.
Мая каханая жанчына -
І пачуццё, і адкрыццё.
Мне не забыць і не адрынуць
Ні строгіх дум, ні светлых мар.
Мая каханая жанчына -
І божы дзень, і божы дар.
Ці матыльком, ці аблачынай
За ёй і ў вір, і ў забыццё.
Мая каханая жанчыны -
Мая надзея і жыццё.
І да апошняга спачыну,
І да прасветленых нябёс
Мая каханая жанчына -
Мая трывога і мой лёс.