Наша вёска

Калі ехаць па шашы з Баранавіч на Асіповічы, то кіламетраў дзесяць за Нясвіжам раскінулася наша вёска Юшавічы. Вядома з другой паловы ХІV стагоддзя. У 1587 годзе Крыштаф Радзівіл Сіротка набыў у прыватнага ўласніка І.І.Солтана мясцовасць Юшавічы (1). У 1595 годзе Юшавічы – сяло маёнтка Затур’я (2). І мінулае і існае вёскі цесна звязана з суседняй вёскай Ракавічы, якая зраслася з Юшавічамі, і з засценкам Цагельня, што месціцца ў кіламетры-дзвюх з другога канца. Існуе цікавае паданне аб паходжанні юшаўцоў. Падчас антыфеадальнага паўстання з 1594 па восень 1597 года пад кіраўніцтвам кушняра Севярыніна Налівайкі, сотніка князя Канстанціна Астрожскага, які  сабраў атрады з неерэстравых казакаў, адзін з паўстанскіх атрадаў быў разбіты войскам князя Радзівіла каля Капыля.  Не здолеўшых вырвацца з акружэння казакоў вялі па дарозе ў Нясвіж. Паборца ў Затур’і выкупіў у канваіраў за пяць гарнцоў гарэлкі пяцёра палоннікаў. Дужа спадабаліся яму статныя і чарнабровыя казакі, у якіх ён пабачыў жаніхоў дзеля сваіх дачок. Маўляў, гарадскія кавалеры на вясковых дзевак глядзець не хочуць, а з сялянамі радніцца не хацелася . Пасля паборца ажаніў сваіх дачок на палонных і пабудаваў жытло ў Юшавічах. У пачатку ХVІІ стагоддзя, калі ад казакоў пашлі парасткі, у Юшавічах мелася да паўсотні дымоў. Ад налівайкаўцаў у Юшавічах пайшлі рады Пабокаў, Падамацькаў, Тарчылаў, Лепяцілаў, Хвіцькаў. Самага моцнага казака празвалі Стадуб (3).Адзінства поглядаў ва ўзнікненні назвы вёскі не існуе. Паводле адной легенды, калісьці на месцы засельскага  балота было возера. На адным беразе жылі людзі і лавілі рыбу. З яе варылі юху або юшку. На другім беразе вадзіліся ракі. Адсюль і назва вёсак – Юшавічы і Ракавічы. Яшчэ існуе і такое тлумачэнне паходжанне назваў вёсак:  ў тое ж возера ўпадала рака Віча, а брала свой выток Уша. Іншыя сцвярджаюць, што назва вёскі ўтварылася ад слова “юш”. Першыя пасяленцы на месцы нашых Юшавіч некалі хваліліся, што работа “юш” (ужо зроблена). Трэба памятаць, што некалі ў нашай мясцовасці карысталіся польскай мовай. За тое “юш”, чалавека празвалі юшавец. Магчыма назва ўзнікла і ад Юшкевіча, альбо  Юшковіча –  прозвішча колішняга насельніка (4).Трагічнай зданню ці рокам чорнай былі сталася для былых яўрэйскіх жыхароў наступная легенда. …Шла па балоце жанчына з дзіцем, адныя кажуць, што цыганка, другія кажуць, што яўрэйка. Нагнулася, каб сарваць ягады. Азірнулася, а дзіцяці і след прастыў. Адну толькі ручку з палыні балотнай заўважыла. Як юшка накрыла багна неўмаля (юшка – засланка). Калі пасяліліся яўрэі у Юшавічах невядома, але па ўсім відаць, гэта было даўно. Так, згодна дакументаў радзівілаўскага архіва, яшчэ ў 1879-1893 гадах Янкель Бляхер арандаваў карчму ў князя Антонія Радзівіла (5). Мясцілася карчма акурат паміж Юшавічамі і Ракавічамі на тым месцы дзе жыла Нагорніха. Тая хата, якую нядаўна знеслі – частка забудовы карчмы. Раней па святах карчма была ў вясковых мужчын ўлюблёным месцам гульні ў карты.  Найчасцей гулялі ў “воза” (“тысячу”). Ашалелыя ад азарту падвыпіўшыя мужыкі здаралася маглі прайграць карову, як Герасімаў Міця, а мой прадзед Кандрат Жук нават заклаў сваю гаспадарку. Праўда хутка яе вярнуў, бо меў нядрэнныя заробкі: кіраваў арцелю будаўнікоў  і меў няблагія падрады на панскіх і княсцкіх падвор’ях.Быў у нашых мясцінах і нават свой яўрэйскі пан Руштын, які меў маёнтак паміж Цагельняй і Ракавічамі. На самай справе, хутчэй за ўсё, Руштын быў аканомам радзівілаўскага маёнтка у Цагельні, бо згодна царскіх законаў яўрэі не мелі права быць землеўласнікамі. Калі ў 1921 годзе згодна Рыжскага дагавора “вялі” граніцу паміж Савецкай і Заходняй Беларуссю, яе лінія  “.. между Несвижем и Тимковичи на запад составляет д. Сверинино, Кутец, Лунино, Язвина Северная, Белики, Язвин, Римаши и Куковичи на стороне Белоруссии, а на стороне Польши д.Куль, Бучное, Двянополь, Журавы, Посеки, Юшевичи, Лисуны, Солтановщина и Плешевичи…”(6). Калі верыць старажылам, нежадаючы, каб частка маёнтка адышла да бальшавікоў, Руштын выставіў на гарышча дома кулямёт і пачаў страляць. У Круглай, самым буйным хутарскім масіве, бліжэй да Маркаўскай гары, раней быў хутар Шабесаў. Аднак затым яўрэйская сям’я перасялілася ў вёску і асноўным заняткам сталася кавальская справа, хаця і мела на новым месцы невялікі кавалак зямлі. Адбылося гэта дзесьці ў самым канцы ХІХ стагоддзя. У гэты перыяд на Міншчыне колькасць яўрэяў-земляробаў зменшылася амаль утрая (7). Вясковая абшчына раскрамсала ў цераспалосіцу надзелы зямлі, прычым існаваў не адзін надзел, а некалькі ў розных месцах. Перыядычна праводзіліся перадзелы ўчасткаў. “Цянулі цэтлікі”, - такая назва працэдуры захавалася да сённяшняга дня ў народнай памяці. Вузкія палоскі зямлі, спрэчкі і нават бойкі паміж суседзямі за прыараную мяжу – такі малюнак тагачаснай вёскі. Хутчэй за ўсё гэта сталася падставай для ўзнікнення тапонімаў з такімі назвамі, як Шнуры, Рубяжы, Назады.  У такіх умовах яўрэі-земляробы не маглі выстаяць перад  вясковай абшчынай, страчвалі свае хутары, перасяляліся ў горад. У вёсцы заставаліся нешматлікія яўрэйскія сем’і, асноўным заняткам якіх была рамесніцкая ці прадпрымальніцкая дзейнасць. У 20-30-я гады польскім урадам была праведзена так званая камасацыя – зямельная рэформа, калі сялян перасялялі на хутары. Не кожнай сялянскай гаспадарцы была пад сілу гэта справа. Яўрэйскія ж сем’і засталіся ў ваколіцах вёскі,  хаця ім і прадастаўлялася зямля на хутарах. Складаны ланшафт маёй малой Радзімы - міжрэччаў Тур’і і Вынні вельмі моцна забалочаны і перасечаны тальвегамі, якія чаргуюцца са шмалікімі пагоркамі (марэнныя ўзгоркі Капыльскага ўзвышша). Вышынныя перапады вагаюцца ў межах ад 180 да 226 метраў над узроўнем мора (у Балтыйскай сістэме вышынь).Параўнайце, як спрыяльна выглядалі для жыццядзейнасці ўмовы на захад ад Юшавіч. Там ландшафт перасечаны шматлікімі рэкамі і ручаямі: Ушою, Сноўкаю, Шаулкай, Цекрай, Гаццю, Ланню, Гарадзейкай. Забалочанасць назіралася ў мінулым на тэрыторыях толькі рачных паплавоў. Заселенасць ландшафтаў умераная і ўвогуле тэрыторыя спрыяльная для актыўнага ворыўнага земляробства.Магчыма прыродныя ўмовы, характар насельнікаў  і спарадзілі наступнае прозвішча жыхароў вёскі Юшавічы ў акрузе – ваўкі. Жыхары вёскі Ракавічы, у якіх і мінулае з юшаўцамі адзінае, адны і тыя ж заняткі, адны і тыя ж легенды аб паходжанні і як добрыя суседзі носяць прозвішча – зайцы.  Затур’янцы, з якімі, калі верыць паданню, адны карані паходжання, празваны лісамі. Жыхароў суседняй вёскі Лясуны празвалі кадукамі, бо вядома ж, у лесе чэрці водзяцца, а насельнікаў Грыбаўшчыны, зразумела – грыбнікамі. Нашы продкі ў літаральным сэнсе “вылузаліся з балота” і падпарадкавалі яго сабе. Прыроднае асяроддзе ваколіц Юшавіч на Нясвіжчыне мае сваю нейкую асаблівую характэрнасць, скажам, як нейкую сваю асаблівую характэрнасць мае Палессе на Беларусі. Гэта і нясе адбітак на тып насельнікаў. Калі ў паляшукоў ён увасабляўся ў спосабе жыцця і характары заняткаў, то ў юшаўцоў у адносінах да працы. Дарэчы юшавец – гэта асобы тып беларускага сялянскага працаўніка. Мой зямляк – чалавек руплівы, беражлівы, спагадлівы, прадпрымальны і бясконца працавіты. У канцы трыццатых гадоў мінулага стагоддзя Юшавічы – не абыякая вёска. Скрозь брукаваная вуліца, усе хаты знадворку пабелены вапнай (і не толькі хаты, але і для прыгажосці камні і валуны на прызбе і дварах). На сто дваццаць двароў чатыры ветраныя млыны, пяць кузняў, восем краўцоў, чатыры шаўцы, адзін гарбар і адзін майстар па апрацоўцы пліт з каменю.  У пераліку гэтых майстроў умельствам і павагай землякоў вызначаліся і яўрэйскія насельнікі. Да таго ж палова жыхароў, найбольш заможных мясцілася на хутарах. Самы буйны хутарскі масіў – Круглая. Мірна суіснавалі беларусы, дробная шляхта і яўрэі. Пры адной умове, што у складаных умовах сялянскага быту і своеасаблівым неспрыяльным прыродным асяроддзі, яны вытрымлівалі гэтыя патрабаванні. Не стаўлю мэтай ідэалізацыі стану ранейшага сялянскага жыцця. Дыспрапорцыя паміж сельскагаспадарчымі цэнамі і прамысловай прадукцыяй, высокія падаткі польскіх улад ледзь дазвалялі многім сялянскім сям’ям зводзіць канцы з канцамі. Некаторыя, самыя бедныя сяляне, спрабавалі знайсці шчасце ў Васточнай – Усходняй Беларусі, дзе станавіліся ахвярамі сталінскіх рэпрэсій. 
                                                                                                                                                                              (Са слоў настаўніка і мясцовага жыхара Кухты С.М.)