Казкі вёскі Юшавічы

За лесам дрэвы (яўрэйскія персанажы і матывы ў гістарычнай памяці аднавяскоўцаў) Я помню вясковы твой сум, Што плыў па начах выццём воўчым, Самоту-жаўтуху, тугу мястэчак гарбатых, кульгавых. Ізі Харык. “На чужым вяселлі” 1936 Што і гаварыць, нячаста ў вясковым краязнаўстве закранаецца такая тэма, як этнічнае, у прыватнасці яўрэйскае пытанне. Такія ўспаміны застаюцца ў аповедах нашых бабуль і дзядоў аб мінулым жыцці і адвольных адгалосках вясковага эпасу. Замалёўкі мінушўшчыныЛейбаў коньПа сённяшні дзень жыхары вёскі, калі добры конь не наровіць у працы, інакш як “Лейбаў конь” на яго не крычаць і пугі яму не шкадуюць. На самай справе, у яўрэя­-Лейбы быў колісь цяжкавоз бельгійскі конь, на зайдрасць усім суседзям, сілы вялікай, але досыць наровісты і павольны. Часта пажылыя людзі , гледзячы на беспародную конскую худніну, успаміналі: “Во ў Лейбы які быў конь!” Таксама “Лейбавага” атрымае каніска з адпаведным норавам. Свайго каня Лейба любіў і вельмі шанаваў. Нават калі той састарыўся.– Лейба, колькі гадоў твайму каню?– Дванаццаць.На наступны год зноў пытаюць у Лейбы:– Лейба, колькі гадоў твайму каню?– Дванаццаць.І так ізноў на наступныя гады. З таго часу і пашло ў юшаўцоў – калі хто ў гадах блытаецца, альбо маладзіцца, пра таго і кажуць: табе гадоў, як Лейбаваму каню. Ёзік–свавольнікНа двары мокрае восеньскае надвор’е. Гаспадар-яўрэй майструе нейкі шалаш на сваім падвор’і.– Памагай бог, - пяты раз на дзень вітае аднавяскоўца-яўрэя малалетні жэўжык Ёзік. Пяты раз на дзень сталы габрэй мусіць раскідаць сваю працу, у яго нашчэнт не хапае цярпення. Ён мусіць бегчы скардзіцца да бацькі свавольніка, Мікалая Гурбана. – Мікола, пяты раз на дзень мушу шалаш на свята будаваць. Уціхамір ты свайго свавольніка. У гэты час, у канцы верасня, яўрэі святкуюць адно са сваіх найвялікшых свят – Суккот ( па-другому – свята збору ўраджаю). Згодна Бібліі, калі яўрэі з правадніком Майсеем шмат часу пасля зыходу з Егіпта ў Ізраіль блукалі па пустыні Сіная, жылі ў шалашах, пакрытых тканінай. У памяць аб гэтым яны будуюць шалашы.“Жыдоўскія кучкі”(еврейские кущи, русск.) – гэта пара года ў канцы верасня, як раз перад “бабіным летам”, калі на працягу многіх дзён ідуць няспорныя, але шмат раз на дзень дажджы (“Ну ўсё, – звычайна кажуць па-пары аднавяскоўцы, – пачаліся “жыдоўскія кучкі”). У гэты час, напрыканцы Суккота, адзначаецца свята Шміні-Ацэрэт (свята дажджу). Гэта пара дажджоў у Ізраілі. Калі не будзе ў засушлівым Ізраілі дажджоў – загіне ўвесь ураджай. Каб дажджы ішлі, трэба прасіць ў бога. Прадпісвалася 8 дзён жыць у шалашы. На святочную вячэру запрашаліся душы памерлых продкаў. “Шалашы гэтыя, – удакладняе цётка Волька, – бы палаткі, нацянутыя палатном”.…А Ёзіку-свавольніку – Іосіфу Гурбану, цяжкі лёс прыгатавала вайна. На фронце з інтарэсу залез у трафейны танк і па несцярозе атрымаўся стрэл у старану вызваленай тэрыторыі. Далей ваяваў ужо ў штрафбаце. Але бог дараваў, вярнуўся дамоў, ды яшчэ з ордэнам Чырвонай Зоркі.Згуба.— Іцка, ты не бачыў, дзе мае порткі падзеліся? — пытаецца Шмойла ў суседа.— Не, не бачыў.— Укралі порткі з плоту.З тых часоў і па сенняшні дзень пайшла мясцовая пагаворка — “Прапасці, як Шмойлавыя порткі з плоту”, у сэнсе — знікнуць бясследна, быць украдзеным.У жыцці кожнай вёскі ёсць свае вясковыя аповеды, якія потым перарастаюць у паданні, пагаворкі. Гісторыя пра пагаворкі і аповеды хаця і носіць жартоўны характар, але само іх існаванне і захаванне гаворыць аб тым, што нешматлікае мясцовае яўрэйскае насельніцтва арганічна ўжывалася ў вясковы менталітэт.Аднак, некаторыя тыя выхадцы з вёскі, якія маюць статут і адукацыю вышэй сярэдняга аднавяскоўца, у сваіх успамінах падаюць:“Вяскоўцы прывозілі на сваіх вазах на кірмаш ў Нясвіж свіней- кормнікаў і падсвінакаў. Скуплялі яўрэі. Пасля недзе перараблялі на каўбасы, каб зноў з тых жа сялян пры панскай Польшчы забіраць апошнія грошы”, – так у адной з навэл-успамін аб мінулым Юшавіч Стадуб А.Дз. (1) спрошчвае погляд на беларускіх яўрэяў толькі як на нягоднікаў-эксплуататараў сялянскае масы. У гэты момант хочацца ўступіць у палеміку з няўрымслівымі прыхільнікамі “карэнізацыі”, якія дзеляць народ на “сваіх” і “прышлых”, не задумваючыся, колькі часу “чужынцы” жылі побач з імі. Адкажам ім словамі з рамана Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. На рэпліку губернатара Магілёўшчыны “у беднасці вінавата пасіўнасць тутэйшых людзей, якія … аддалі гандаль стараверам і жыдам” Алесь Загорскі кажа: “Пры чым тут яны? У гэтым вінаваты мы з вамі… І тых і другіх гоняць за веру… зрабілі ім зямлю гэтую – чужой”(2). Асобныя абвінавачванні, якія прад’яўлялі яўрэям, — такія як масавая эксплуатацыя, — былі смехатворныя. Сапраўды, цяжка аднесці да эксплуататараў тыж жа шаўца Шмойлу Сраговіча і каваля Залмана Шабеса, якія і наёмных работнікаў не трымалі і тады ў Юшавічах на сто сорак двароў мелася пяць кузняў, чатыры шаўцы. Далей аўтар (Стадуб А.Дз.) апавядае, як на кірмашы ў Нясвіжы дзед Ясь прадаў яўрэю япрука, а той уцёк ад яго. — Рухава і спрытна ўцякаў ён ад жыда. Добра, што грошы ў тваёй кішэні, — усміхаецца Дзямян.На антыгістарычнасць і аднабаковасць поглядаў асобных адукаваных людзей (Стадуб Алесь – член Саюза журналістаў Беларусі і Саюза беларускіх пісьменнікаў) насуперак узгадаем наступную вяско-вую юшаўскую быль. Гандаль-піндаль.Жонка выпраўляе на кірмаш неграматнага селяніна:— Ты глядзі, не прадзешаві хаця! Прадай барана, як я табе сказала – за шэсць злотых.На кірмашы селянін таргуецца з купцом. Купец яму:— Даю сем злотых.Селянін, помнячы жончын наказ, адказвае на шэсць.Прыняўшы гаспадара за жартаўніка, купец усур’ёз прапаноўвае восем грошай. Той, на дзіва, упёрся на шасці і ўсё тут. На тым і зышліся.— Кацярына, ты ведаеш, мне давалі сем, восем злотых за барана, але я ўсё роўна зтаргаваўся на шасці, — задаволена паведамляе гандляр дома жонцы. — Ну ты баран і ёсць, пасля гэтага, — вынесла яна свой “вердыкт” мужу. У людскіх ўспамінах адсутнічаюць звесткі аб канфліктах з яўрэйскімі насельнікамі на рэлігійнай ці бытавой глебе. Ну, хіба праяўляліся на ўзроўні жэўжыка-Ёзіка. Тое немногае, што занатавана аб абрадавым баку і светапоглядах (аб гэтым гаворка пойдзе крыху пазней), талерантна ўспрымалася раней, як нацыянальная прыкметнасць.Недавер, які меў месца існаваць, быў прадыктаваны рэлігійнымі матывамі. Цікава, але толькі з прыходам савецкай улады (так мовіць – пачаткам “атэістычнай рэвалюцыі”), сталі больш адкрытыя зносіны паміж сабою беларускіх і яўрэйскіх насельнікаў на тэму трактоўкі ў разыходжанні вераванняў. З гэтае нагоды, не-не, а недзе сярод аднавяскоўцаў і праслізвала вясковая “крамола” кшталту, калі мовіць вуснамі героя ўспамін Г.Рэлеса “ Бог адзін, шляхі да яго розныя”, ці “Болей сходнага, чым разыходжанняў (у рэлігіі)” (3).Аднак у большасці сваёй, звычаёвае вясковае ўспрыманне іўдаізму прасякнута забабонамі, што густа пладзяцца на ніве трактоўцы хрысціянскага вучэння простым людам. Накшлат забабона аб тым, што “яўрэі дзялілі хітон Хрыста” і г.д. “Антысемітызм не быў адрознай рысай якой-небудзь аддзельнай часткай грамадства. Ён бытаваў сярод сялян і арыстакратаў, сярод прадстаўнікоў сярэдняга класа і нават інтэлігенцыі”(4).Яўрэскія матывы у нашых мясцінах і вобраз, што склаўся у масавай свядомасці – трагічнае, камічнае, іранічнае і гераічнае ідуць тут поруч. Насуперак некаторым матывам, наш аднавясковец - гуманіст. Этнічная або канфесійная прыналежнасць яўрэйскіх насельнікаў вёскі ў пасланні народнай памяці далёка не асноўнае: галоўнай з'яўляецца мера чалавечнасці і годнасці гаспадара. Параўнайце з вызначэннем “вобраза яўрэя” ў Льва Пінскера: “Для жывога чалавека – яўрэй мяртвец; для карэннага насельніцтва – чужак і бадзяга; для ўладальнікаў маёмасці – жабрак; для бедняка – эксплуататар і мільянер; для патрыёта – чалавек без радзімы; для усіх класаў – ненавісны сапернік”(5). (Са слоў настаўніка і мясцовага жыхара Кухты С.М.)