Біяграфія Міколы Гамолкі
Біяграфія Міколы Гамолкі
ДЗЯЦІНСТВА і ЮНАЦТВА
Мікалай Іванавіч Гамолка нарадзіўся 11 сакавіка 1922 года ў вёсцы Брынёў Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. Калі яму было 2 гады, памерла маці. Не стала самага блізкага і роднага чалавека. Часова хлопчыка даглядалі бабуля і дзядуля. У 1927 годзе адбыўся пераезд у суседнюю вёску Найда, што знаходзілася на тэрыторыі нашага, Жыткавіцкага раёна. Там бацька прыстаў да ўдавы ў прымы. “Добра помню гэты пераезд,- успамінаў у сваёй аўтабіяграфіі Мікалай Іванавіч. – Падвода, нагружаная сялянскім скарбам, паволі валюхаецца па вузкай і змрочнай дарозе А абапал – лясы, лясы, лясы… Такі наш край, славутае Палессе”. Пазней ён напіша пра гэты край вось такія радкі:
Я люблю цябе, Палессе…
І паклон кладу табе,
Чалавек тут ходзіць з песняй
І не ходзіць у журбе.
Па-над Прыпяццю палеткі
Б’юць прыбоем збажыны.
Як змяніўся і палепшаў
Лес палескай старыны!
Дом, дзе пасялілася сям’я, стаяў на ўскраіне вёскі каля самага лесу. Векавыя дубы і бярозы паважна пакалыхвалі шатрамі над усёй іх сялібай. Вёска была воддаль. Яна вянком нізенькіх старасвецкіх хат атуляла досыць шырокае возера. З аднаго боку возера было балоцістае, зарослае алешнікам і чаротам.
“Добра помню і сваю пачатковую школу,- успамінаў у аўтабіяграфіі Мікалай Іванавіч, - дзе навучаў нас, дзяцей, ветлівы і чулы настаўнік Рыгор Мультан. Там, у чацвёртым класе, я і напісаў сачыненне на вольную тэму, якое настаўніку вельмі спадабалася. І той сказаў, што яно больш, чым сачыненне - гэта сапраўднае мастацкае апавяданне”. Ужо тады, у пачатку 20-га стагоддзя, у будучага пісьменніка узнікла вялікая цікавасці да мастацкага слова. Жыццёвая дарога Мікалая Іванавіча Гамолкі не была ўслана ружамі.
Выпалі на лёс нашага вядомага земляка і дні калектывізацыі, якія былі для ўсёй краіны суровымі і горкімі. Сялян трывожылі, палохалі пагрозамі, турмой, Салаўкамі. Хоць бацька яго і запісаўся ў калгас, на сям’ю наклалі “цвёрдае” заданне. А значыла гэта тое, што адным ранкам у двор заехалі дзве падводы, якія суправаджаў упаўнаважаны сельскага савета. Па яго камандзе панятыя хуценька вынеслі з хаты і клеці пудоў 15 жыта, пудоў 15 проса. І пяць чалавек сям’і засталіся без мяшка зярняці. Жыць давялося на адной бульбе.
Але на гэтым выпрабаванні не скончыліся. У хату прыйшло зноў няшчасце. Па паклёпу мясцовых зласліўцаў быў арыштаваны органамі НКУС бацька. Забіралі яго ноччу, пры вобыску распатрашылі матчын куфар, абшарылі ўсе закуткі. Пазней са смуткам і горкаю крыўдаю Мікола Іванавіч напіша:
“Аднаму энкавэдысту надта спадабаліся бацькавы новенькія, нядаўна купленыя штаны, і ён іх непрыкметна ўпіхнуў у свой ёмісты партфель”. Сям’я надта перажывала за лёс бацькі. Ён быў прышэльцам у гэтай вёсцы, чужаком, не ўсім падабаўся. Мачыха, Агрыпіна Фёдараўна, кожны дзень насіла Ў Жыткавічы перадачы, моцна плакала, гаравала.
Праўда, усё абышлося шчасліва. Праз чатыры месяцы бацьку адпусцілі, але жыць у Найдзе ён болей не мог і паехаў на заробкі ў Бабруйск. Там працаваў на дрэваапрацоўчым камбінаце, а потым на гідролізным заводзе. Тым часам хлопчык Міколка вучыўся ў вёсцы Брынёў, дзе закончыў 5,6,7 класы. У 8-мы клас хлопчык пайшоў у Бабруйску. Цяжка было пражыць у горадзе, У магазінах амаль не было прадуктаў. Каб купіць бохан хлеба, даводзілася станавіцца ў чаргу ў 3 гадзіны ночы.
У гэты час у свеце было неспакойна. На захадзе шалеў фашызм, у Іспаніі ішла вайна, у сваёй краіне свірапеў НКУС, вёў барацьбу з так называемымі “ворагамі” народа. Пабыўшы адзін раз у турме, бацька не мог адчуваць сябе спакойна.
Завяршаць вучобу Міколе давялося ў г.п. Жыткавічы. Вучыўся добра, паэтычнай працы не пакідаў. Усё часцей і часцей юнака друкавалі абласная і рэспубліканскія газеты. У 1938годзе ў Мазыры прайшоў творчы семінар маладых пісьменнікаў, куды таксама быў запрошаны Мікола. Тут ён пазнаёміўся з Ус.Краўчанкам і Іванам Мележам. На семінары гаварылі і пра вершы Міколы Гамолкі.
ПАЧАТАК ТВОРЧАСЦІ
Яшчэ жывучы ў Брынёве, Мікола пачаў пісаць вершы. У друку яны з’явіліся ў 1937 годзе. Адзін з яго вершаў “Вясёлы сад” быў надрукаваны ў газеце “Піянер Беларусі”. Жывучы ў Бабруйску, ён супрацоўнічаў з акружной газетай “Камуніст”, якая надрукавала 2 вершы. У гэты ж час малады паэт прабіўся на старонкі рэспубліканскай газеты “Чырвоная змена”, у якой з’явіўся верш “Любімаму Кліму”. Мікола Гамолка быў сынам свайго часу і, зразумела, многае бачыў такім, якім хацелася. Адсюль у яго вершах рамантычная ўзнёсласць, акрыленасць, пафаснасць.
Не абмінуў пісьменнік і нашу раённую газету. У сваіх допісах расказваў пра школу, падзеі ў роднай вёсцы. Усе матэрыялы газета ахвотна друкавала, а вось вершы, колькі ні дасылаў, на старонках не з’яўляліся. Надта крыўдаваў пачынаючы паэт з гэтай нагоды.
“Ну, думаю, - успамінаў пісьменнік, - пашлю ў раёнку цэлы цыкл вершаў. Не можа таго быць, каб цяпер яны не спадабаліся рэдактару. Але адказу не было. Вершы як скрозь зямлю праваліліся. Ды месяцы праз два ў вёску на маё імя нечакана прыходзіць важкі пакет. Калі распячатаў, нямала здзівіўся. Гэта былі мае вершы, што былі дасланы ў нашу райгазету”.
Загадка раскрылася Міколе тады, калі знайшоў ліст-суправаджэнне. “Я аж сцяўся ад нечаканасці, - згадваў пісьменнік. – Калі адгарнуў другую старонку ліста, вочы асляпіў подпіс: “З прывітаннем Якуб Колас”. Ого, аказваецца, рэдакцыя маімі вершамі патрывожыла народнага паэта Беларусі, паслала іх як бы на экспертызу”.
Якуб Колас кожнаму вершу паэта даў сваю ацэнку. Сёе-тое яму спадабалася. Але больш было заўваг і бацькоўская парада не спяшацца, старацца шліфаваць кожны радок паэтычнага твора.
Пісьмо было напісана ад рукі, чырвоным алоўкам. Як прыемна было юнакутады і да болю шкада пасля, што ліст вялікага пісьменніка, у якім выразна і хораша праявіўся клопат майстра слова аб маладой літаратурнай змене, згубіўся ў час Вялікай Айчыннай вайны.
СТУДЭНЦКАЕ ЖЫЦЦЁ
У 1939 годзе Мікалай Іванавіч паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. У Мінску пазнаёміўся з паэтамі Міколам Аўрамчыкам, Аляксеем Коршакам. Часта, сабраўшыся разам, юнакі чыталі свае вершы, дэкламавалі забароненыя творы Сяргея Ясеніна і Уладзіміра Дубоўкі. Ва ўніверсітэце арганізавалі выпуск рукапіснага часопіса “Першыя крокі”. Выйшла два нумары часопіса, а потым Міколу прызвалі ў армію. Вучобу прыйшлося спыніць. Восенню 1940 года ён апрануў армейскі шынель. Трапіў у войскі хімабароны, дзе праслужыў аж да 1946 года. Напачатку быў салдатам, потым атрымаў лейтэнанцкае званне і стаў камандзірам.
Заканчваў вучобу ва ўніверсітэце завочна ў 1948-1952-м гадах.
ВАЕННЫЯ ГАДЫ
У час вайны Мікола напісаў нямала вершаў. Друкаваў іх у часопісе “Беларусь” і аднаіменным альманаху, які выдаваўся ў Маскве пад рэдакцыяй Пятра Глебкі.
Служачы у арміі, юнаку ўдалося некалькі разоў прыехаць у Маскву. Там адшукаў свайго земляка Усевалада Краўчанку, які ў той час знаходзіўся ў гасцініцы “Якар”. У Маскве ўпершыню сустрэў вядомых паэтаў: Максіма Танка, Пятра Глебку, Васіля Вітку, празаіка Кузьму Чорнага. Пры сустрэчах дзяліліся думкамі і меркаваннямі наконт літаратуры, але найболей горача жадалі хутчэйшага вызвалення роднай Беларусі ад ворагаў. У час вайны Мікалай Іванавіч вёў перапіску з франтавіком Кастусём Кірэенкам, крытыкамі Іванам Кудраўцавым, Рыгорам Шкрабам.
ПАСЛЯВАЕННАЯ ТВОРЧАСЦЬ
Пасля вызвалення Беларусі Мікалай Іванавіч наведаў Мінск, прывёз у выдавецтва сваю першую кнігу вершаў. Яе рэдагаваў Максім Лужанін і выйшла яна ў свет у 1946 годзе пад назвай “Зварот шчасця”.
Дэмабілізаваўся ў 1946 годзе, вярнуўся да бацькоў у вёску Найда. Яе ў сваіх думках ён пранёс праз ліхалецце, пра яе так шчыра напісаў:
На свеце белым ёсць крыніца
У ёй крышталь-вада.
Майго дзяцінства ты сталіца-
Далёкая Найда.
Яна пры возеры чароўным
На берагах яго стаіць.
Тут звоняць ланцугамі чоўны
Пад крыллем зараніц.
Цяжкае і складанае было тут жыццё. Аднаўляўся калгас, абжываліся людзі. Вярталіся дадому з вайны дэмабілізаваныя. Вёска Найда досыць невялікая, але і тут людзі мужна змагаліся з ворагамі. Адзін з іх, Васіль Кот, вярнуўся з вайны з вялікай узнагародай - званнем Героя Савецкага Саюза. Пра яго пазней Мікола напіша нарыс у абласную газету “Бальшавік Палесся”.
Каля сямі месяцаў Мікола Гамолка пражыў у вёсцы. Прыехаў у Мінск у 1947 годзе. . Паступіў на працу ў Дзяржаўнае выдавецтва, дзе прызначаны рэдактарам рэдакцыі, што выпускала кнігі для дзяцей. Шмат пісаў, друкаваўся. Другая паэтычная кніга “Б’юць куранты” выйшла ў свет у 1950 годзе.
У Мінску Мікола Гамолка спаткаў сваё шчасце – жонку Ніну Іосіфаўну. Вяселля не было. Толькі вечарына ў Найдзе. Прыехалі ў вёску. Сабраліся са сваякамі за сталом, пасядзелі, выпілі – вось і ўсё было вяселле. Потым на свет з’явілася дачка Наталля, за ёю- сын Васіль, а потым і трэцяе дзіцятка – дачушка Святлана. Жыццё ішло сваім шляхам.
Тут Мікалай Іванавіч цалкам аддаўся пісьменніцкай працы.
У Мінску побач з ім працавалі Янка Маўр, Алесь Якімовіч. Янка Маўр быў вядомы Міколу сваімі захапляльнымі творамі і падабаўся за прастату і мудрасць. У сваёй аўтабіяграфіі “Мой шлях” Мікола Гамолка напіша: “ Пад уплывам Янкі Маўра, відаць, тады ў мяне зарадзілася жаданне пайсці следам за ім, пісаць для дзяцей.”
І сапраўды, першыя апавяданні з’явіліся на старонках дзіцячай газеты ”Зорка”. А хутка Мікалай Іванавіч адважыўся і на аповесць “Лета ў Калінаўцы”. Аповесць атрымалася дужа ўдалым творам, у многім яна была пабудавана на рэалістычных падзеях. Галоўная гераіня аповесці – Ніна Воранава - яго жонка. Кніга выйшла ў Маскве ў 1956 годзе.
Так ён стаў, як скажа сам, “ на сцяжыну ўзмоцненага штурму прозы”. Вершы засталіся неяк самі сабой збоку.
Неўзабаве ён паспрабаваў напісаць твор аб школьным жыцці. Гэта была аповесць “Добры дзень, школа!” У беларускай літаратуры на той час такіх твораў наогул не было. У 1952 годзе аповесць была завершана. Мікалай Іванавіч вырашыў звярнуцца да Янкі Маўра, каб той даў ёй ацэнку. Праз два тыдні Янка Маўр пазваніў пісьменніку з прапановаю сустрэцца для гутаркі і запрасіў пачынаючага празаіка дадому.
На аркушах рукапісу былі шматлікія паметкі, была і заключная рэцэнзія. Янка Маўр твор ухваліў, а пра памылкі заспакоіў, што гэта “бародаўкі”, якія лёгка можна выправіць. Выйшла аповесць з друку ў 1953 годзе.
У хуткім часе Мікалай Іванавіч перайшоў працаваць у дзіцячы часопіс “Бярозка”, там атрымаў пасаду адказнага сакратара аддзела. Аднойчы нехта з вучоных, што часта наведвалі выдавецва, прапанаваў надрукаваць што-небудзь з фантастыкі. Падхапіў гэтую думку для сябе пісьменнік. “Няўжо толькі багі гаршкі лепяць?”
А праз паўгода твор быў гатовы. Ён быў пра палёты ў космас, пра нашых савецкіх касманаўтаў. Гэта былі 1953 -1954-я гады. Не было яшчэ аніякіх звестак аб касмічных праграмах – ні нашых, ні амерыканскіх – усё было засакрэчана.
Аповесць пад назвай “За вялікую трасу” была надрукавана ў газеце “Сталінская молодёжь” ў 1954 годзе. Тут жа яе перадрукавалі “Советская молодёжь” (г.Рыга), “Советский патриот” (г. Петрозаводск), “Комсомольское племя” (г.Кіраў).
Праз год друкуецца другая частка аповесці “Цытадэль неба!” У 1959 годзе адразу дзве аповесці выйшлі пад назвай “Шосты акіян” асобным томам. Цікава, што ўсе падзеі новай касмічнай эры, якая пачалася 4 кастрычніка 1957 года, развіваліся так, як было паказана ў навукова-фантастычным рамане Міколы Гамолкі.
Наступнай тэмай, якая зацікавіла аўтара, была тэма Вялікай Айчыннай вайны. У сваёй аўтабіяграфіі Мікалай Іванавіч шісаў: “ Амаль цалкам заснаваную на рэальных фактах, пішу аповесць “Дзяўчына ішла па вайне”. Выйшаўшы з друку, яна прыцягнула ўвагу масавага чытача, гэта мяне ўзрадавала і падахвоціла ў далейшай распрацоўцы ваеннай тэматыкі”.
Доўга працавалася над аповесцю “Лясная крэпасць”. Сюжэт для яе падказаў настаўнік з г. Старыя Дарогі. Ён партызаніў у час вайны каля возера Чырвонае Жыткавіцкага раёна. Праўда, назва гэтага возера зменена. У творы яно з рамантычна-загадкавым імем Буян-возера. А сюжэт грунтуецца на прататыпах, якія спісаны з землякоў-жыткаўчан. Друкаваць новую аповесць аўтара не прынялі.
Пазней Мікола Гамолка паскардзіўся:
“Кожны твор мой, не ведаю чаму, у выдавецтве трапляў у рукі рэцэнзентаў, якія ці то не мелі добрага густу, ці знарок гэта рабілі, бо часта атрымліваў не надта зычлівую ацэнку. Так сталася і з “Лясной крэпасцю”. Каб прабіцца ў друк, прыйшлося звярнуцца да народнага пісьменніка Васіля Быкава, які аповесць прачытаў надта ўважліва і ацаніў высока”. Неўзабаве кніга выдадзена для рускіх і ўкраінскіх чытачоў.
Новай, вышэйшай ступенню ў асваенні ваеннай тэматыкі была аповесць “Сокалы-сакаляты”. Праца над ёю заняла не адзін год. Сюжэт аповесці атрымаўся востры, драматычны. І ўся яна заснавана на сімвалічнай разгорнутай метафары. І зноў рэцэнзенты сустрэлі яе ў штыкі. На гэты раз за твор заступіўся Віктар Казько. Яна выйшла на старонках маскоўскага часопіса “Детская литература” ,была высока ацэнена крытыкам Гурэвіч Эсфір Саламонаўнай.
У тыя гады многія чытачы прасілі Міколу Іванавіча ў сваіх пісьмах расказаць аб далейшым лёсе мужнай партызанкі Ніны Воранавай з аповесці “Дзяўчына ішла па вайне”, аповед пра якую абрываецца на часе, калі яе вязуць у Германію. Ды смелая дзяўчына з эшалона робіць удалыя ўцёкі.
Роўна праз 17 гадоў просьба чытачоў была выканана – у 1989 годзе выйшла другая частка кнігі пад назвай “Партызанскія сёстры”.
З 1964 года па 1972 год Мікалай Іванавіч пісаў раман “Люблю і ненавіджу”. Болей тысячы друкаваных старонак. Адразу пасля заканчэння работы раман аддаў у часопіс “Полымя”. Яго прачыталі Янка Брыль і Лідзія Верабей. У асноўным раман імі ўхвалены. Але пусціць у друк твор адмовіўся Іван Пташнікаў, тады загадчык аддзела прозы, па той прычыне, што ў творы прысутнічае крытыка Сталіна, паказ незаконных арыштаў бязвінных людзей (гэта былі гады застою, гады Брэжнева). Аўтару прапанавалі перапрацаваць раман, апусціць некаторыя моманты. Правіць твор Мікола Гамолка адмовіўся, і пакладзены быў раман у стол да лепшай пары.
У 1978 годзе аўтар перагледзеў раман, удакладніў і паслаў у часопіс”Дружба народаў”. Водгук, атрыманы адтуль, вельмі ўзрадаваў. Аказваецца, раман прачытаў вядомы маскоўскі пісьменнік Уладзімір Дудзінцаў. Вось урывак з рэцэнзіі: “ Автор решил по-новому осветить уже хорошо отработанный в литературе предмет… “ “ Это – роман о больших нравственных силах, действующих в человеке, об их тонких проявлениях, о чуткости души, о мудрости простого крестьянина…”. “… Роман насыщен яркими эпизодами – в них–то и секрет того, что книжка читается с большим, иногда даже захватывающим интересом…”
Пазней да аўтара звярнулася вядомая беларуская пісьменніца Вольга Іпатава з просьбай даць прачытаць раман. Вось яе кароткі, але лаканічны водгук: “ З цікавасцю і добрым пачуццём чытаеш раман М.Гамолкі. І не толькі таму, што напісаны ён ярка, жыва, што адлюстраваны ў ім падзеі Вялікай Айчыннай вайны, але і таму, што зроблены ён на добрым мастацкім узроўні, ахоплівае мноства падзей і фактаў па-свойму, не перапяваючы таго, што ўжо вядома чытачу”.
Уладзімір Дудзінцаў прапанаваў часопісу “Дружба народаў” надрукаваць раман ў двух нумарах. Рэдакцыя часопіса дарогу ў друк на гэты раз не дала. Зноў лёг раман у пісьменніцкі стол. Зноў аўтару трэба нешта правіць, перапісваць.
Літаратурная біяграфія Міколы Гамолкі будзе няпоўнай, калі не сказаць аб яго працы ў жанры драматургіі. Па просьбе дырэкцыі рэспубліканскага тэатра юнага гледача Мікола Гамолка напісаў п’есу “Бітва ў космасе”, якая была пастаўлена на сцэне ў 1963 годзе. Нідзе не публікаваліся яго п’есы “Сын”, “Прысуд жыцця”.
У 1982 годзе адзначалася 60-годдзе Міколы Гамолкі. У гонар гэтага юбілею выдавецтва “Юнацтва” выдала двухтомнік выбраных твораў Міколы Гамолкі.
Ужо ў свае 70 гадоў аўтар напісаў першую частку рамана “Голуб у акне”. Ён аб жыцці старшакласнікаў, аб першым каханні і аб подзвігах на вайне. Твор так і застаўся незакончаным.
На творчым рахунку нашага земляка – вершы, песні, аповесці, раманы, п’есы, апавяданні, казкі, пераклады. Кнігі яго выдаваліся не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Выдатна адзываліся пра яго творчасць вядомыя пісьменнікі – У. Дудзінцаў, Віктар Казько, Васіль Быкаў. Але галоўнае – любяць яго кнігі чытачы. Бо ў іх усё хвалююча, запамінальна расказваецца пра нас, беларусаў. Іх хочацца перачытваць. Як сапраўдны аналітык і філосаф, Мікалай Іванавіч імкнецца глядзець у сутнасць з’явы, у яе карані. Яго ўсё хвалюе, пра гэта яму хочацца пісаць, дзяліцца з чытачом сваімі думкамі.На жаль, няма больш з намі Міколы Гамолкі. Але імя яго ўвекавечана ў творах. Мы ганарымся, што ён увайшоў у кагорту вялікіх людзей беларускай зямлі.
Памёр Гамолка Мікалай Іванавіч у 1992 годзе.
ЛІТАРАТУРНАЕ КРЭДА ПІСЬМЕННІКА
У сваёй аўтабіяграфіі Мікалай Іванавіч Гамолка піша: “ Кожны твор я імкнуўся напісаць старанна і дасканала, для чаго
строга адбіраў з плыні жыцця яркія і пераканаўчыя факты, падзеі. Вывяраў іх на вагах душы і сэрца. Бачыў заўсёды перад сабой
чытача, клапоцячыся, каб мая проза не аказалася для яго раўнадушнай. Каб, калі ён узяў у свае рукі маю кнігу, не мог адарвацца, атрымаў ад яе асалоду і эстэтычнае ўзбагачэнне. Адным важным фактарам па стварэнні цікавага твора лічу сюжэт. Я імкнуўся, каб ён быў напружаны, старанна прадуманы і распрацаваны, а сэжэт будзе якраз такім, калі твор насычаны барацьбой добрых і злых сіл, калі кожная падзея падаецца ў непаўторным арыгінальным гучанні. А яшчэ поспех твора вызначаецца паводзінамі герояў.
Як бачна, архітэктура твора надта складаная, вымагае шмат працы, вялікага роздуму. Ці не таму я свае творы пісаў не надта паспешліва, затрачваў на некаторыя з іх аж па дзесятку гадоў.”