Тэма. Сучасны гукавы аналітыка-сінтэтычны метад навучання грамаце
Тэма. Сучасны гукавы аналітыка-сінтэтычны метад навучання грамаце
План
1.Сутнасць паняцця "метад навучання грамаце", гісторыя яго ўзнікнення.
2. Пераемныя рысы метаду навучання грамаце.
3. Сучасныя рысы метаду гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду.
1.Сутнасць паняцця "метад навучання грамаце", гісторыя яго ўзнікнення.
Метад (ад грэч. methodos - шлях) – способ пазнання з’яў прыроды і грамадскага жыцця.
Метад навучання грамаце – сукупнасць разнастайных відаў моўнай дзейнасці вучняў: слухання, гаварэння, чытання і пісьма, - якая выконваецца імі пад кіраўніцтвам настаўніка з мэтаю авалодання элементарным чытаннем і пісьмом.
Ідэя гукавога метаду належыць нямецкаму педагогу Валянціну Ікельзамеру. У ХІХ ст. Г. Стэфані паклаў пачатак укараненню яго ў школьную практыку, таму лічыцца заснавальнікам метаду.
У Расіі ўпершыню быў уведзены К.Д.Ушынскім як метад “пісьма-чытання”. У школе ён выкарыстоўваецца з сяр. 1860-гг. З часоў Ушынскага гукавы аналітыка-сінтэтычны метад навучання грамаце прайшоў складаны шлях развіцця. Правільней сучасны метад кваліфікаваць як комплексны:
1) пры прачытанні і запісе слова вучань зыходзіць з графічнай формы слова, але побач з гэтым гукавая абалонка супастаўляецца з літарным саставам слова (ён літарна-гукавы і гука-літарны);
2) у аснову навучаня кладзецца склад, таму ён з’яўляецца складовым;
3) навучанне грунтуецца на ўменні ажыццяўляць склада-гукавы і склада-літарны аналіз слова.
2. Пераемныя рысы метаду навучання грамаце.
Пераемныя рысы сучаснага метаду:
1. Агульны ход навучання
У аснову навучання грамаце кладзецца найменшая адзінка мовы – гук. Спачатку вучняў знаёмяць з гукам, а потым з літарай, таму і назва – гукавы. Да гука вучні падводзяцца шляхам аналізу мовы – паступовага расчлянення звязнай мовы на састаўныя часткі, а заканчваецца паступовым аб’яднаннем элементаў, вычлененых у ходзе аналізу, у цэлае:
2. За асноўную адзінку чытання і пісьма бярэцца склад.
Чытаючы па складах, дзеці практычна засвойваюць складовы прынцып графікі, які ў агульнай форме можна ахарактарызаваць як пазіцыйны прынцып чытання і пісьма.
3. Устаноўка на сістэматычнае развіццё мыслення і мовы вучняў у сувязі з работай над зместам тэкстаў, над матэрыяламі пропісі, у час выканання спецыяльных практыкаванняў над словам, сказам, звязнай мовай.
4. Фарміраванне асобы: навучанне грамаце мае выхаваўчы і развіццёвы характар, забяспечвае разумовае развіццё дзяцей праз сістэму аналітыка-сінтэтычных практыкаванняў, якія абапіраюцца на сістэму назіранняў за прыродай і жыццём.
3. Сучасныя рысы метаду гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду.
Сучаснымі рысамі гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду, якія сфарміраваліся нядаўна і знаходзяцца ў працэсе станаўлення з’яўляюцца:
Арганізацыя вучэбнага працэсу: дыферэнцыраваны і індывідуальны падыход да вучняў; спалучэнне калектыўнай, групавой і індывідуальнай работы з улікам псіхалагічных асаблівасцей і ўзроўнем падрыхтаванасці вучняў.
Перспектыва навучання: сістэматычнае ўвядзенне прапедэўтычных элементаў граматыкі, словаўтварэння, арфаграфіі, лексікалогіі (дзеці засвойваюць шэраг арфаграм, не ведаючы правіл, на практычнай аснове).
Паглыбленая і рознабаковая работа над гукамі.
Сучасная методыка мае разнастайныя метады: агульныя (слова настаўніка, гутарка, экскурсія і г.д.) і спецыфічныя (моўны аналіз, назіранне, канструяванне).
Многія з іх могуць знайсці прымяненне на ўроках навучання грамаце.
Пытанні:
1.Што такое метад навучання грамаце?
2.Хто з'яўляецца заснавальнікам гуквога метаду?
3.Што з'яўляецца асноўнай адзінкай навучання чытанню і чаму?
4.Назавіце пераемныя рысы метаду навучання грамаце?
5.У чым заключаецца сутнасць новых рыс сучаснага гукавога аналітыка-сінтэтычнага метаду?
Спіс выкарыстаных крыніц
1.Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Навучанне грамаце» для I класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання і выхавання. - Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2021.
2. Методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання ў пачатковых класах: вуч. дапаможнік / пад.рэд. М.Г.Яленскага. – Мінск: Выш. шк., 2019. – 263 с.