Тэма. Змест навучання. Праграмы па беларускай мове, іх патрабаванні
Тэма. Змест навучання. Праграмы па беларускай мове, іх патрабаванні
План
1. Змест навучання ў стандарце і канцэпцыі моўнай адукацыі
2. Праграмы па беларускай мове, іх структура
1. Змест навучання ў стандарце і канцэпцыі моўнай адукацыі
Змест моўнай адукацыі ў сучаснай школе разгледжаны ў стандартах, канцэпцыі, праграмах вучэбных прадметаў адукацыйнай галіны “Беларуская мова”.
Канцэпцыя моўнай адукацыі ў адносінах да ведаў беларускай мовы ўключае звесткі аб ужыванні ў моўных зносінах аспектных адзінак мовы (гукаў, марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў), аб адрозненні іх з мэтай правільнага ўжывання. Гэта тыя веды, якія даюцца ў форме правілаў, прыёмаў адрознення і ўжывання адзінак мовы, розных канструкцый і рэкамендацый па функцыянаванні мовы ў моўных зносінах.
Навучанне беларускай літаратурнай мове малодшых школьнікаў мае на мэце зберагчы мову і культуру народа, засцерагчы ад усяго таго, што можа пашкодзіць нацыянальным традыцыям. Вучыць роднай мове нашых дзетак – клапаціцца аб іх будучыні, аб будучыні беларускага народа. У розныя часы самым надзейным і эфектыўным спосабам захавання і развіцця культурных традыцый і мовы была моўная адукацыя падрастаючага пакалення, якое ў сваю чаргу будзе вучыць і перадаваць назапашаны культурны вопыт сваім нашчадкам.
Мэтавыя ўстаноўкі працэсу навучання малодшых школьнікаў беларускай (роднай) мове дастаткова абумоўлены агульнаадукацыйнымі і выхаваўчымі мэтамі, скіраванымі на фарміраванне высокакультурнай асобы. Беларуская мова – прадмет вывучэння ў пачатковых класах, якая становіцца для вучняў мовай беларускай і сусветнай культуры, мовай культурных людзей. Сучасная беларуская мова выконвае гэтыя назначэнні, з'яўляючыся мовай пісьмовай культуры, жывой мовай культурных людзей, сродкам паўсядзённых зносін. На беларускай мове ствараюцца мастацкія творы і навуковыя працы, гэта мова тэатра, школы, газет і часопісаў, радыё і тэлебачання, гэта мова навучання і выхавання, мова фарміравання культурнага чалавека. Тое, што гэтыя функцыі выконвае не толькі беларуская, але і руская мова як другая дзяржаўная мова ў Беларусі, узбагачае культуру беларусаў: яна фарміруецца з дапамогай дынамічнага сродку зносін людзей, здольнага перадаваць самыя новыя думкі, якія ўзнікаюць з дапамогай мовы і развіваюцца. І беларуская мова ад узаемадзеяння з рускай мовай выйграе: само навучанне і ўжыванне беларускай мовы становіцца з'явай агульнанароднай і нацыянальнай культуры.
Такім чынам, фарміраванне моўна-камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў звязваецца з фарміраваннем вуснай і пісьмовай мовы на аснове норм беларускай літаратурнай мовы. Гэта адбываецца ў спецыфічных умовах, калі моўны вопыт дзяцей карэкціруецца пры вывучэнні заканамернасцей роднай мовы і пераходам на ўжыванне нармаваных форм.
Адукацыйны стандарт – нарматыўны прававы акт МАРБ, які вызначае змест адукацыйнай праграмы пачатковай адукацыі праз устанаўленне патрабаванняў да адукацыйнага працэсу і вынікаў яго зместу.
2. Праграмы па беларускай мове, іх структура
Аб’ём ведаў, уменняў і навыкаў па беларускай мове ў 1-4 класах выкладзены ў праграме для школ з беларускай і рускай мовамі навучання.
Вучэбная праграма – нарматыўны дакумент МАРБ, які вызначае змест прадмета ў адпаведнасці з вучэбным планам па асобных раздзелах і тэмах, асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці.
Структура праграмы:
1)тлумачальная запіска
2)уласна праграма (змест вучэбных прадметаў)
3)асноўныя патрабаванні да вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў.
Напрыклад, выпускнік пачатковай школы павінен ведаць:
асаблівасці тэксту-апавядання, тэксту-апісання;
якія члены сказа з’яўляюцца аднароднымі;
калі трэба ставіць коску паміж аднароднымі членамі;
назвы і асноўныя прыметы часцін мовы: назоўнікаў, займеннікаў, прыметнікаў, дзеясловаў;
назвы склонаў і склонавыя пытанні і г.д.
вучні павінны ўмець:
дзяліць тэкст на часткі, складаць план;
адрозніваць тэкст-апавяданне і тэкст-апісанне;
вылучаць сказы з аднароднымі членамі і ставіць у іх знакі прыпынку;
вызначаць галоўныя і даданыя члены сказа;
вызначаць у словах выразнай будовы канчатак, аснову, корань, прыстаўку, суфікс;
распазнаваць у тэксце назоўнікі, асабовыя займеннікі, прыметнікі, дзеясловы;
пісаць пад дыктоўку з захаваннем вывучаных нормаў беларускага правапісу.
Пытанні:
У якіх дакументах ахарактарызаваны змест моўнай адукацыі?
Што такое канцэпцыя моўнай адукацыі?
Якую інфармацыю змяшчае адукацыйны стандарт?
У чым заключаецца сутнасць структуры вучэбнай праграмы па мове?
Спіс выкарыстаных крыніц
Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Беларуская мова» для II-IV класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання і выхавання. - Мінск, 2018.
Методыка выкладання беларускай мовы і літаратурнага чытання ў пачатковых класах: вуч. дапаможнік / пад.рэд. М.Г.Яленскага. – Мінск: Выш. шк., 2019. – 263 с.